nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Алег Алкаеў: “Трэба пераходзіць у наступ і патрабаваць прыцягненьня вінаватых, а не прасіць літасьці”

27 снежня, 2010 | 3 каментарыя

Яшчэ адзін падыход да справы, альтэрнатыўны прадэманстраванаму групай “праваслаўных прыхаджан” (гл. перадпапярэдні матэрыял), падае былы начальнік мінскага сьледчага ізалятара Алег Алкаеў (гл. фота). На сайце “Нашай Нівы” ў адаптаванай форме выкладзены яго ліст (гл. http://nn.by/?c=ar&i=48207), у якім спадар Алкаеў зьвяртаецца да праваабаронцаў і сваякоў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Падаем зьмест ліста так, як ён быў пададзены на сайце НН.

Рэдакцыя.


«Можа быць, гэта дапаможа Някляеву і прымусіць пракуратуру таксама ўзяць удзел у вырашэнні лёсу беларускага паэта і палітыка, як і іншых сотняў рэпрэсаваных», — піша былы міліцыянт.

На яго думку, улады самі здзейснілі шэраг злачынстваў падчас нападу і наступнага арышту кандыдата ў прэзідэнты. Таму і трымаюць яго ў ізаляцыйным вакууме, не даючы сустрэч з адвакатамі і сваякамі. «Робіцца гэта для таго, каб ён не ведаў, што да яго прыкаваная ўвага сусветнай грамадскасці. Каб ён сам прызнаў сябе вінаватым. Для гэтага і было вырванае «прызнанне» Раманчука. Я не выключаю таксама і таго, што фізічны стан У. Някляева вельмі цяжкі. У любым выпадку, ёсць безліч падставаў перайсці ў наступ».

Алег Алкаеў раіць не пісаць скаргі, а рыхтаваць заявы, у якіх трэба ставіць канкрэтныя пытанні:

1. Калі напад на У.Някляева быў элементам яго сілавога затрымання, то чаму не затрымалі? Чаму не выканалі нават мінімум фармальнасцяў, прадугледжаных КПК і ведамаснымі інструкцыямі?

2. Хто былі людзі, якія збілі У.Някляева?

3. Менавіта паўза паміж збіццём кандыдата ў прэзідэнты і яго фактычным арыштам з’яўляецца асноўным доказам здзяйснення ўладамі цяжкага злачынства. Важным доказам з’яўляюцца таксама і каментары А. Лукашэнкі. Збіццё У.Някляева трэба кваліфікаваць па максімуме — як замах на забойства. Бо нанясенне ўдараў у жыццёва важныя органы, калі гэта не звязана з рабаваннем або хуліганствам, па-іншаму кваліфікаваць нельга.

4. Неабходна ўважліва вывучыць усе дакументы па затрыманні У.Някляева. Асабліва трэба звярнуць увагу на дату і час вынясення пастановы, а таксама на час і месца фактычнага затрымання. Ёсць падставы меркаваць, што ўсё гэта можа быць зроблена заднім чыслом, а значыць, у наяўнасці будзе фальсіфікацыя і службовае злачынства.

5. Трэба пераканаўча даказаць, што ў момант яго збіцця ён не з’яўляўся суб’ектам крымінальна-прававых адносін. Гэта значыць, ні падазраваным, ні нават сведкам. Крымінальная справа па масавых беспарадках не магла быць распачатая да пачатку іх фактычнага ажыццяўлення.

6. Усе гэтыя пытанні павінныя быць адлюстраваныя ў заяве на імя генеральнага пракурора Беларусі. І чым хутчэй, тым лепш.

– – –


Нагадаем, што ўвечары 19 снежня па дарозе да Кастрычніцкай плошчы невядомымі асобамі ў цывільным была атакаваная калона прыхільнікаў кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Сам кандыдат быў жорстка збіты, у выніку чаго некалькі хвілін знаходзіўся ў непрытомнасці. Яго шпіталізавалі ў Бальніцу хуткай дапамогі.

Аднак у ноч на 20 снежня сем чалавек у цывільным уварваліся ў палату і звезлі палітыка ў невядомым кірунку. Адбывалася гэта пры фактычным бяздзеянні медычнага персаналу шпіталя. Пазней з’явілася інфармацыя, што Някляева даставілі ў СІЗА КДБ, дзе цяпер знаходзяцца іншыя кандыдаты ў прэзідэнты — Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, а таксама іх давераныя асобы і паплечнікі.

Ні жонка Някляева Вольга, ні яго адвакат пакуль не здолелі пабачыцца з ім.

Сёння Вольга Някляева аднесла заявы з патрабаваннем прадстаўлення інфармацыі пра мужа ў КДБ і Генпракуратуру.

3 каментарыя

  1. Franciszak кажа:

    Дакладная парада разумнага і шчырага чылывека, да якой варта прыслухацца. Злачынцаў трэба выяўляць і паведамляць іх родзічаў усіх без выключэння, што іх сваяк, сусед, сын, брат – злачынца!!!, які па ўласнай волі, хаця, часом, можа выконваючы Злачынны Загад здзейсніў злачынства супраць свайго народу.

  2. Siarhiej кажа:

    Сапраўды, чаму не распачата крымінальная справа па факту замаху на жыццё кандыдата ў прэзідэнты?

    • pan grot кажа:

      І хто ж распачне гэтую справу?Дзмітрыеў,можа??Сьмешны вы нейкі…і наіўны.
      Ды паплечні Пракопавіча “засцалі” так бы мовіць…за ЎСЁ трэба нечым сплачваць.Ўлада вельмі крымінальная.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы