nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як у гестапа

14 студзеня, 2011 | 15 каментарыяў

Аляксандр Астаф’еў

Карэспандэнт расейскай «Новай газеты», вярнуўшыся зь Менску, упершыню апавёў пра падзеі на плошчы Незалежнасьці ў «дзень перамогі» Лукашэнкі і пра норавы, якія пануюць у лукашэнкаўскіх вязьніцах (падаецца паводле http://www.novayagazeta.ru/data/2011/002/06.html).

Рэдакцыя.


Чорнае начное неба над плошчай, чорныя шэрагі чорных фігур у чорных бліскучых шлемах, чорныя глянцавыя дубінкі, якімі загоншчыкі б’юць па шчытах – гоняць нас у чорныя вантробы аўтазакаў. Выключаю камеру, хаваю ў бот флэш-карту, іду за астатнімі да закратаваных дзьвярэй фургона. Перад тым, як загнаць палоннага дубінкамі ў аўтазак, байцы спецназу – трое-чацьвёра на аднаго – незалежна ад полу і ўзросту ахьвяры з заўзятасьцю футбаліста-пачаткоўца б’юць начышчанымі да бляску «берцамі» па нагах, імкнучыся патрапіць па костцы. Яны б радыя ўдарыць вышэй, але замінаюць шчыты ў руках.

Фургон спыняецца. Сусед выглядае ў люк вентыляцыі: «Акрэсьціна, 36, новы корпус! Гэта лепш, чым стары! У новым – цёпла». Усе пачынаюць тэлефанаваць і адсылаць SMS, паведамляючы пра сваё месцазнаходжаньне.

Мы ў аўтазаку. Гадзіну? Дзьве? Тры? Хтосьці складае сьпіс затрыманых, паколькі родных пра тое, што здарылася, апавяшчаць ня стануць, а карыстацца мабільнікамі ў СІЗА забароняць. Больш за тое, сам факт арышту і ўтрыманьня дэманстрантаў у СІЗА будзе аспрэчвацца супрацоўнікамі МУС да таго часу, пакуль улады ня вырашаць, што зь імі рабіць. У гэтых умовах любы чалавек можа ў нейкі момант проста зьнікнуць.

Сядзім і стаім па чарзе. Дзелімся ежай і пітвом. Перакідваемся жартамі, пералічваемся: 67 душ. Душна…

«Па пяць чалавек на выхад!» Пражэктар ў вочы, стаптаны сьнег, жалезная брама, «калючка» на чорных платах, чорныя фігуры – папярэдні ператрус. Для паўнаты вобразу не хапае толькі сабак.

Чорныя цені, прыступкі, чорная дзьверы, ляск завалы, нежывое, як патухлыя вочы, сьвятло турэмнага калідора: “Рукі за сьпіну! Тварам да сьцяны! Маўчаць! Не азірацца!»

Дазволена сесьці на каменную падлогу. Хтосьці спаўзае па сьцяне і засынае. Але ў тую ж секунду: «Устаць! Тварам да сьцяны! Рукі за сьпіну!»

Персона ў цывільным: скураная чорная куртка з дарагім футравым каўняром, злы дзіцячы тварык, манера гаворкі й замашкі дваравой шпаны… У СІЗА – як дома. Міліцыя ў яго прысутнасьці бянтэжыцца. Вялікая шышка? Задае анкетныя пытаньні. Журналісцкія «корачкі» і грамадзянства РФ яго ні кроплі не бянтэжаць: «А не х ..!!!»

За парогам СІЗА чалавек сьледам за пазбаўленьнем грамадзянскіх правоў пазбаўляецца і права быць чалавекам. Нават наведваньне сарціра – з ласкі «наглядчыка». Але «наглядчык» мае ласку ў залежнасьці ад яго, «наглядчыка», настрою. Вокнаў няма – час сутак вызначаецца ступеньню ажыўленьня ў калідоры. Пераводзяць на трэці паверх: дагляд, вопіс асабістых рэчаў, складаньне пратаколаў, відэа- і фотаздымка анфас, профіль і са сьпіны, дактыласкапія, выманьне шнуркоў і рамянёў. Да вечара ты падрыхтаваны для адпраўкі ў суд.

Чорнае нутро аўтазака. Сінія квадраты сутоньняў у закратаваных вокнах. «Выключыць, мля, тэлефон! Каму сказаў?!»

Палац правасудзьдзя: дзьверы, прыступкі, калідоры, дзьверы, прыступкі, бетонны «стакан». Камера для падсудных. Глухія жалезныя дзьверы. Нас дзевяць чалавек. Зьмяшчаемся толькі стоячы. Бугрыстыя сьцены запэцканыя крэйдай. Цяжкое паветра, цьмяная лямпа закрытая пэрфараваным лістом бляхі. Сусед па камеры распавядае: «Мы былі з бацькам на плошчы. Сабраліся дадому, пайшлі да метро. Нас там, ля ўваходу, і ўзялі… павалілі на сьнег… білі… Затым аўтазак… СІЗА… З інстытута мяне цяпер дакладна выключаць… а я ж спецыяльна па бацькавым профілі вучыцца пайшоў – у яго бізнэс свой. Бацька спадзяваўся, што я дапамагаць яму буду. Як вы думаеце, ці могуць яны цяпер забраць у яго бізнэс? Могуць… А калі ўсё і забяруць – я ні пра што не шкадую! Мы правільна зрабілі. Я рады, што мы з бацькам разам выйшлі на плошчу. Гэта правільна было… Правільна…»

Выклікаюць па адным. Адгукацца даводзіцца штурхалём ў дзьверы, інакш ня чуюць.

Судзьдзя, сумуючы, глядзіць міма – яна ўжо зачытала абвінавачаньне: «удзельнічаў», «выкрыкваў», «не падпарадкоўваўся». Сакратар з пакрыўджаным выглядам склала ручкі й нічога ня піша. Ім ня важна, што ты кажаш, яны прафесіяналы, іх не цікавіць самадзейнасьць.

Справа адпраўленая на дапрацоўку. Сьвеціць ад 10 да 15 сутак. На судзейскім бланку пішу: “Абвяшчаю галадоўку! Копію пратакола атрымаў». Заўтра я даведваюся з «дапрацаванага» пратакола, што менавіта я крычаў на плошчы «Далоў!».

Пажылая спадарожніца ў аўтазаку – па дарозе з суду ў СІЗА: «Выпусьціце мяне неадкладна! Мне ўжо прысудзілі штраф! Вы ня маеце права мяне даўжэй трымаць пад замком!» «Бабка! Говори по-человечески! Я не понімаю, что ты там говоришь!» – «Не! Гэта ты кажы, як сьлед! Я па-твойму не разумею! Выпусьці! Гэта я табе кажу! Паразіт гэткі!»

У адсек, разьлічаны на адзінаццаць чалавек, пад жарцікі нас запіхваюць дваццаць шэсьць. На тых, хто ўнізе, ляжаць і сядзяць па двое, па трое. Кісларод праз хвіліну-другую канчаецца. Мы задыхаемся. У некага пачынаецца прыступ клаўстрафобіі.

Колькі гэта доўжылася: дзесяць хвілін, дваццаць, паўгадзіны? Ня ведаю, што іх прымусіла адчыніць дзьверы і выпусьціць нас на паветра – што заўгодна, але толькі ня нашы крыкі.

Вада скончылася. З чыстай міласэрнасьці нам дазваляюць есьці сьнег. Калі няма пластыкавай бутэлькі, піць давядзецца не часьцей, чым наведваць прыбіральню – два-тры разы за суткі. Выгадней абвясьціць галадоўку. Адзіная складанасьць – растлумачыць людзям у пагонах, якія сьмяюцца ў адказ, што ты сур’ёзна. Камічнасьць сітуацыі ў тым, што ніхто нікога карміць і не зьбіраецца. Мы яшчэ не на балансе – «пасадачных» месцаў няма.

У рэдзенькай пляме сьвятла ля зачыненых дзьвярэй СІЗА два куртатыя шэрагі палонных пахістваюцца ад наскокаў ветру. Здаецца, гэта арыштанткі, дакладна  не разглядзець – цёмна і завея. Побач прасторны аўтобус сьпецназу – мяккае сьвятло салёна выпраменьвае цяпло і ўтульнасьць. Пасярод гэтай раскошы, разваліўшыся ў мяккім крэсьле, з апетытам перакусвае баец. Мы тоўпімся каля дзьвярэй аўтазака, наш канваір, радавы МУС Рэспублікі Беларусь, з ціхай зайздрасьцю і некаторай асьцярогай пазірае ў бок спецназаўскага Эдэма і бурчыць у тэлефон: “Не. Нічога разаграваць ня трэба. Сёньня ўжо не прыйду. <…> Ды ўсё з ворагамі народу мучымся, з-за іх другія суткі ні пажраць, ні паспаць … »

Пад раніцу «засяляюць» у СІЗА. Спальных месцаў і коўдраў менш, чым пастаяльцаў. Разьмяшчаемся хто як: на лавах, на сталах, па чацьвёра на здвоеныя ложкі. Але ні гэта, ні назойлівае сьвятло не перашкодзяць доўгачаканаму сну…

Доўга спаць не давядзецца: некалькі разоў за ноч пад бразгат клямкі й засавак нас будуць падымаць на ногі то для перапісу, то для пераклічкі. Твары турэмшчыкаў сур’ёзныя і поўныя ўсьведамленьня ўсёй важнасьці гэтых дзеяньняў.

А шостай раніцы – гімн Беларусі (ён жа – гімн БССР). Спаць больш не дадуць. З крана – хлараваная вада, з рэпрадуктара – пераможная прамова Лукашэнкі. Калі заканчваецца перадавіца аб дасягненьнях рэспублікі, са скрыгатам і вухканьнем расчыняюцца дзьверы: «Устаць! На выхад па адным!»

Наступны дзень падобны да папярэдняга: «Тварам да сьцяны!”, “З рэчамі на выхад!» Дарога ў суд. Другое слуханьне заканчваецца гэтак сама, як першае: «Справа вяртаецца ў Савецкае УУС на дапрацоўку». З той толькі розьніцай, што цяпер я адзін. Усіх маіх сукамернікаў «засудзілі» зь першай спробы – ад 6 да 15 сутак арышту.

Дзень завяршаецца ў УУС. Людзі ў цывільным. Допыт. Назад у СІЗА. Ноч у адзіночнай камеры. Раніцай – зноў “Палац правасуддзя”. Там замест трэцяга слуханьня мне раптам вяртаюць асабістыя рэчы і пашпарт, завозяць на чыгуначны вакзал і паведамляюць, што я вольны …

Свабода. Вакзал. Фотакамера і флэшка з рэпартажам пры мне.

Здавалася б, кропка! Але я стаўлю ў гэтай гісторыі коску, таму што сьвечкі – дзясяткі, сотні запаленых сьвечак – каля жалезнай брамы СІЗА дораць надзею, што хутка нашы таварышы – беларусы і рускія – выйдуць на волю, і я буду здымаць гэты выхад.

Мне якраз не хапае фінальнага фатаздымка…


Аляксандр Астаф’еў


15 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Як у гестапа? Хуччэй як у часы сталіна. Немцы з немцаў, напэўна, так не здзекваліся, а вось савецкія з савецкімі якраз так і абыходзіліся. Прыўладнае быдла прасуе людзей.

  2. рыгор кажа:

    У шчырасьці “клопатаў” расіян пра лёс беларусаў вельмі цяжка паверыць, сумніўны іх салідарызм з апазіцыяй – людзей, каторыя сапраўды хочуць змен і дэмакратызацыі Беларусі. Няхай лепей напісалі б, чаму, а правільней кажучы, па чыім скіраваньню яны прыехалі рабіць правакацыі. Пацярпелі ні яны, а беларускі вызвольны рух. Турма нікому ні дадала здароў”я, хаця нікаторых загартоўвае.
    Адно налоўнае пытанне да ўсіх расіян так ганебна клянуць луку і яго атрапаў, вялікая частка якіх глядзіць з мольбамі на Расею, хто выхаваў і ўсяляк падтрымлівае гэты рэжым?
    З дакладных крыніц вядома, што мафійны пуцінскі рэжым нічым ні лепшы за беларускі, даўно шукае замену “лідэра”, чытай халуя, каб бездакорна выконваў усе патрабаванні, якімі нілюдзкімі яны ні былі.
    Таму вельмі ўважліва трэба ставіцца да ўсіх “паведамленнях” сыходзячых ад расіян. Ні ў якім разе ні стаўлю ўсіх у адзін шэраг. Безумоўна, сярод расіян ёсьць добpазычліўцы, таму і кажу што трэба ўважліва падыходзіць да зместу і матываў падання інфармацыі.

  3. Яўген Мурашка кажа:

    Што ж тут казаць. Сумна, вельмі сумна і не ад гэтага сюжэта, да такіх падзей ужо неяк, прызвычаіліся.
    Сумна ад таго, што заклікаючы на плошчу, не падумалі аб наступствах і не папярэдзілі людзей, не прадумалі абарону людзей ад узброенных псоў, хаця да гэтага казалі аб розных варыянтах.
    Не прадугледзілі неўтралізацыю магчымых правакатараў.
    Выбачайце, можа і цынічна гэта гучыць сёньня, але тыя (праўда не усе) хто знаходзіцца у КДБ, сталі закладнікамі сваіх, не прадуманных дзеяньняў.
    Не думаю, што жадаючых зноў прыйсьці на плошчу павялічыцца, можа і прыйдуць, але другія. Пратэстны патэнцыял у грамадстве, зьніжаецца. Не раз было сказана – выходзіць на плошчу, трэба толькі адзін раз, каб узяць уладу. Іншыя выпадкі – гэта прафанацыя, на мяжы правакацыі. Аб’яднаць грамадства для барацьбы магчыма калі усе аб’яднаны адной ідэяй, адной на усіх – беларускай нацыянальнай ідэяй.
    Змагацца патрэбна не за “новыя выбары” з Лукашэнкам ці без яго, а за жыцьцёвыя інтарэсы беларускай нацыі. За волю, за землю, за маёмасьць, супраць расейскай акупацыіі, супраць кантрактнай сістэмы, каб разняволіць працоўны люд, МЗ, АЭП, АДКБ.
    І самае галоўнае, дыскрыдытаваўшыя сябе “лідары” павінны сыйсьці з палітычнай прасторы. Сёньня яны зноў аб’ядноўваюцца у нейкія “нацыянальныя”, зноў ідзе тусоўка змусоленных карт, зноў пацягнуліся “беларускія абозы” да Эўропы, маршрут вядомы – Вільня – Варшава – Прага – Берлін – Брусель. Пачакалі на ганку Эўрапарлямента “выратавальніка” народа сп. Мілінкевіча каб, ня дай Бог, фінансавыя плыні не пайшлі міма іх кішэні. Бессаромным выглядае той факт, што у іх няма нічога сьвятога. Спекулюя на пачуцьцях дачкі сп. Някляева, Эвы, якой баліць за лёс бацькі, гэтыя бессаромныя функцыянеры, прысуседзіліся да яе і пачалі выкарыстоўваць яе, як візітную картку
    Канешне, із ветлівасьці, разам з ёй, запрасілі і іх. І што? Аб чым яны там распавядалі? Аб лёсе беларускай нацыі? Аб генацыде, этнацыде, аб дысрымінацыі беларускай нацыі?
    Канешне не , чырвонай ніткай прайшоў лейкматыў – “дапамажыце НГА, ужо потым, мы гэтаму рэжыму пакажам, як Бацькаўшчыну любіць”.
    На мой погляд, галоўнай перашкодай, на шляху пераўтварэньняў у Беларусі, з’яўляюцца, менавіта, яны. Рэжым абараняе сваі інтарэсы але робіць гэта груба, цынічна. Гэтыя ж, ляжаць на шляху пераўтварэньняў, як гнілыя бярвеньні і іх патрэбна прыбіраць з дарогі. Няхай мяне абвінавацяць у цынізме і ў чым заугодна, але Лукашэнка робіць гэта за нас. Безсэнсоўна спадзявацца, што яны добраахвотна адыйдуць у бок.
    Так далей нельга, на іх месца павінны прыйсьці новыя, непадкупныя, сумленныя, з новым мысленьнем людзі, здольныя усьведамляць, што абпірацца патрэбна – на свой народ, змагацца – за яго інтарэсы, існаваць – толькі на сваі грошы а не грошы розных там “добразычліўцаў”
    Толькі пры такім раскладзе мы зможам перамагчы.
    А пакуль што зноў гучыць – “за выбары без Лукашэнкі!”
    Зноў па колу?
    Я.Мурашка.
    14.01.11г.

  4. з...лы беларус кажа:

    Сп.Мурашка! Вашы прапановы???? – “за выбары з Лукашэнкам” ці “без выбараў і без НГА”, што роўназначна… І мне гэныя НГА – што сабаку пятая нага! Але калі тры перабітыя, а чацвёртая за граніцай зямлю дзярэ, то і пятая спатрэбіцца. А сп. Мілінкевіч робіць і сваю справу і нашу настолькі, наколькі мы яму дапаможам рабіць нашу беларускую. Калі б’юць сваіх, то чужыя баяцца, калі ганьбяць сваіх – чужыя пацяшаюцца…

  5. Яўген Мурашка кажа:

    з…лы беларус
    Паважаны, спадар.
    Якую гэта “нашу” справу робіць Мілінкевіч? Тое, што гандлюе нашымі інтарэсамі?
    І з якіх часоў ён стаў сваім?
    Толькі па прыкметам грамадзянства.
    А па дзеяньням, ён натуральны прыстасаванец, мякка кажучы.
    Прачытайце уважлівей мой каментар.
    З павагай

  6. Siarhiej кажа:

    Сярод расейцаў таксама сустракаюцца нармальныя людзі, напрыклад паглядзіце артыкулы ў “Новая газета”: http://www.novgaz.ru/data/2011/001/15.html, http://www.novgaz.ru/data/2011/001/13.html.
    І я не падзяляю папрокі Сп. Мурашкі тым, хто за кратамі, хто пацярпеў.

  7. Яўген Мурашка кажа:

    Siarhiej піша:
    Спадар.
    Колькі можна пасыпаць галаву залою?
    Нагадаю зноў – мне іх шкада як Людзей, мне шкада іх Сем’яў.
    Але ж і прышоў час, рабіць Высновы, правесьці Аналіз, улічыць Памылкі, выкарыстаць Пазітыўнае.
    Таму тут няма месца для папрокаў. – тут засталіся шкадаваньні за іх недальнабачнасьць і асабістыя амбіцыі, а можа і наяўнасьць іншых складовых.
    З павагай

  8. Siarhiej кажа:

    Калі даць палітычную, а не крымінальную ацэнку, дык гэта можа выглядаць так:
    Лука – эўрапейскі варыянт Пол-пота, а ОМОН варыянт чырвоных кхмераў. Пол-пот праводзіў генацыд – фізічнае вынішчэнне народа, а Лука – этнацыд – духоўнае вынішччэнне (калі не ўлічваць некалькі забойстваў). У абодвух выпадках наступства для народа катастрафічныя: краіна ў сваім развіцці адстае ад суседзяў на некалькі дзесяцігоддзяў.

  9. Сапраўды так сп. Siarhiej. Сапраўды, пры такой палітыцы да народа, народ адстае ў сваім развіцці і дэградуе. Ні адзін чалавек не павінен быць раўнадушным да гэтага. Сёння наша задача палягае ў тым каб кансалідавацца і быць салідарнымі, не гледзячы на погляды. Хто ўносіць падзел паміж беларусамі ды штучна гоніць іх да раз’яднання, той проста ужо вораг беларускага народа. Мы адна нацыя і абараніцца ад ворагаў мы можам толькі разам. Сёння наш лозунг: мы разам, мы салідарны, мы адзіны.

  10. Margarita кажа:

    Па-першае, лiчу што абагульняць усiх расейцау некарэктна. Вось адзiн з прыкладаў камэнтароў The New Times ru:

    27.12.10 17:29 Iri
    Отвращение к Лукашенко и его подхихикивающему окружению, омерзение по отношению к исполнителям его преступных распоряжений, стыд за Медведева и российский МИД, боль за пострадавших и униженных белорусов, недоумение по поводу нечеткой позиции западных стран.

    Трэба асэнсоуваць рознiцу памиж Крамлём i народам, а менавiта дэмакратычнымi прадстаўнiкамi.

    Па-другое, зараз мы маем вельмi абмежаваную колькасць прадстаўнiкоў якiя рэальна могуць данесцi голас нацыi да Эўразвязу, таму трэба выпрацаваць мэтад каб гэты голас гучаў мацней. я цалкам згодная з выказваннямi спадарынi Галiны пра ўзъяднанне.

  11. vitaut кажа:

    Шаноўныя сябры!!
    Звяртаюся да Вас з такім залікам.
    У жывым журнале ў супольцы бел-палітыка зараз сышлося вельмі шмат людей (да 1500 удзельнікаў) і да 5000 чытачоў.
    Там некаторыя хлопцы спрабуюць пакрытыкаваць Польшчу (карэктна і па заслугам) – і на іх накінуліся грантасосы з Белсату разам з тролямі, якія жывуць у Польшчы і там амаль асіміляваліся. Заклікаю дапамагчы ў дыскусіі гэтым людзям, бо такіх якія не куплены грантамі і адначасова патрыёты Радзімы няшмат.
    Жыве Беларусь!

  12. Вершнік кажа:

    Шаноўныя сябры. У сучаснасьці заўсёды існуюць парасткі таго, што вырасце ў будычыні ў поўнавартасныя з’явы. Маладая расейская буржуазія стварае сёння тыя сілы, што будуць абараняць іх заваёвы ад варожых памкненняў знішчыць гэтыя заваёвы.
    ”Чорнае начное неба над плошчай, чорныя шэрагі чорных фігур у чорных бліскучых шлемах, чорныя глянцавыя дубінкі, якімі загоншчыкі б’юць па шчытах – гоняць нас у чорныя вантробы аўтазакаў” — расейскі журналіст паказаў парасткі будачага, сам неразумеючы нават гэтага. Прыватнае грамадства стварае паліцыю, якая бароніць і вартуе багатых ад бедных, ад крыміналу. У будучыні ўжо праглядаюцца яшчэ туманая постаць рускага фашызма. Зараз мы бачым гэтыя парасткі ў нас. Класічная таталітарная сыстэма ў прыватным грамадстве — гэта фашызм. У калектыўным грамадстве з агульнанароднай маёмасцю — гэта камунізм. Некалі Бердзяеў зазначыў, што Расія можа існаваць толькі як таталітарная дзяржава, дэмакратыя разбурае Расейскую дзяржаву.
    Мы ўвесь час звяртаем увагу на драбноты і не бачым агульнага галоўнага, тэндэнцыі руху.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы