nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Адкрыты ліст у Раду ЕўраЗьвязу ад Зянона Пазьняка

25 студзеня, 2011 | 22 каментарыя

Сталыя чытачы нашага сайта ведаюць, што рэдакцыя даволі крытычна ставіцца да дзейнасьці Зянона Пазьняка, пачынаючы ад 1992 году. Навырабляў пан Зянон і ў час апошняй выбарчай кампаніі, пра што абавязкова будзе на сайце пазьней. Але бываюць выпадкі, калі Пазьняк робіць учынкі, якія мы ацэньваем станоўча, бо яны цалкам упісваюцца ў Беларускую дактрыну, якая фармуецца на нашым сайце. Да такіх выпадкаў належыць яго ўчорашні адкрыты зварот, тэкст якога мы паўтараем ніжэй (узята з http://www.narodnaja-partyja.org/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–fr–pg/00–Naviny-c_hyphenminus-Galownac_ja–bk–an–01/00–20110124–01; папраўлена ў адпаведнасьці з нармальнай беларускай лексікай).

Рэдакцыя.

Паважаныя спадары міністры.

Цяпер у Беларусі ўжо другі месяц працягваецца хваля рэпрэсіяў супраць насельніцтва, распачатая рэжымам Лукашэнкі ў дзень выбараў прэзідэнта 19-га сьнежня 2010 года.

План рэпрэсіяў рыхтаваўся задоўга да выбараў. Лукашэнка заручыўся ў гэтым падтрымкай пэўных колаў Расеі і адначасна вёў перамовы пра “прагрэс” дэмакратыі зь міністрамі замежных справаў Еўразьвязу, пагаджаючыся на дэмакратызацыю некаторых бакоў выбарчага працэсу. Кандыдатам ад апазіцыі прадставілі радыё і тэлеэфір, але адначасна, за пяць дзён да выбараў, пачаўся жорсткі і рэпрэсіўны загон выбаршчыкаў на так званае “папярэдняе галасаваньне”. Выбарчыя камісіі былі складзеныя выключна з прадстаўнікоў рэжыму, і ў дзень галасаваньня адбыліся масавыя фальсіфікацыі выбараў. У рэальнасьці Лукашэнка не набраў патрэбную колькасьць галасоў і не перамог на выбарах.

15-га сьнежня 2010 г. у Лукашэнкі адбылася зачыненая нарада аб выбарах, на якой прысутнічалі: кіраўнік выбарчага штабу Лукашэнкі генерал Шэйман, міністар абароны генерал Жадобін, старшыня КГБ генерал Зайцаў, начальнік аховы Лукашэнкі генерал Вцюрын, міністар МУС генерал Куляшоў, сын Лукашэнкі Віктар, кіраўнік Рады бясьпекі генерал Мальцаў. Фактычна, засядаў штаб правакацыі і сілавой расправы з народам. Абмяркоўваўся план дзеяньняў сілавых структураў на плошчы ў дзень выбараў 19-га сьнежня і далейшыя дзеяньні па разгортваньні рэпрэсіяў. Павінны былі быць створаныя групы КГБ, кожная зь 5-7 функцыянераў, якія мусілі б праводзіць арышты, допыты, ператрусы, запалохваньні, ужываньне сілы пасьля 19-га сьнежня.

Рэпрэсіі 19-га сьнежня пачаліся яшчэ ў час галасаваньня. Баевікі рэжымнага сьпецаддзелу “Алмаз” па загаду Лукашэнкі напалі на кандыдата ў прэзідэнты паэта Ўладзімера Някляева. Някляеў быў зьбіты да страты прытомнасьці, а потым гвалтоўна выкрадзены сьпецслужбамі з рэанімацыйнай палаты шпіталю і кінуты ў засьценкі КГБ. Усе гэтыя дзеяньні цалкам не стасаваліся з Законам, мелі прыкметы пакушэньня на забойства, тэрарызму і захопу закладніка.

У гэты ж дзень галасаваньня рэжым Лукашэнкі задзейнічаў рэпрэсіўныя аддзелы міліцыі, войска і КГБ супраць мірнай дэманстрацыі насельніцтва, папярэдне арганізаваўшы правакацыйнае пабіцьцё шыбаў у Доме ўраду завербаванымі крымінальнікамі і агентурай КГБ.

Карныя і вайсковыя аддзелы міліцыі жорстка пабілі і скалечылі сотні мірных людзей, якія не выяўлялі ніякай агрэсіі і не аказвалі супраціўленьня нападнікам. У засьценкі кінулі каля 700 чалавек, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты. Да ўсіх зьняволеных да гэтага часу не дапускаюць адвакатаў і сваякоў.

Хваля рэпрэсіяў, арыштаў, ператрусаў, допытаў і хапаньня людзей па ўсёй Беларусі разьлічана рэжымам на доўгі час і ставіць на мэце ліквідаваць нацыянальныя сілы грамадзянскай супольнасьці. Пастаўлена задача зьнізіць сацыяльную актыўнасьць і разьвіцьцё інтэлектуальных нацыянальна сьвядомых групаў насельніцтва Беларусі, штурхнуць гэтых людзей у стан сацыяльнай дэградацыі, прымусіць займацца выключна выжываньнем і клопатамі аб фізічным існаваньні.

Ва ўсіх людзей, у якіх робяць ператрусы, незаконна канфіскуюць прадметы інтэлектуальнай і інфармацыйнай маёмасьці, кампутары, друкаркі, сканеры, тэлефоны, кінакамеры, фотаапараты, кнігі, рукапісы, фатаграфіі, носьбіты інфармацыі (флэшкі, дыскі CD-DVD, цьвёрдыя дыскі ды інш). Рэквізіцыі і ператрусы робяць па некалькі разоў у адной асобы; кожнага могуць схапіць на вуліцы, адвесьці на допыт у КГБ альбо кінуць за краты, потым пазбавіць працы альбо магчымасьці вучыцца.

Зьмест і методыка гэтай хвалі перасьледу людзей у Беларусі вынікае з сутнасьці палітыкі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі, накіраванай на павольнае этнічнае вынішчэньне беларускай нацыі шляхам стварэньня ўмоваў для сацыяльнай дэградацыі і выміраньня пэўных групаў насельніцтва, ліквідацыі асобаў метадам рэпрэсіяў і тэрору.

Антыдэмакратычная антыбеларуская палітыка, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі, пачалася з 1994 года, адразу пасьля прыходу яго да ўлады пры садзеяньні савецкага КГБ. За гэты час былі спаленыя беларускія падручнікі для школ, практычна ліквідаваная нацыянальная беларуская школа і адукацыя. Беларусы цяпер адлучаныя ад атрыманьня адукацыі на роднай мове на ўзроўні школы і ўнівэрсітэту. Вернута камуністычная палітыка русіфікацыі. Пратэсты супраць такой палітыкі разглядаюцца рэжымам як антыдзяржаўная дзейнасьць. Поўнасьцю ліквідаванае нацыянальнае беларускае тэлебачаньне і радыё, разбураныя беларускія нацыянальныя грамадскія і ўрадавыя інстытуты, творчыя саюзы, беларускія выдавецтвы, беларускі друк, паралізаваная беларуская грамадская дзейнасьць, фундаментальная і гуманітарная навука. Адбылося рэзкае зьніжэньне якасьці адукацыі і адукацыйнага ўзроўню насельніцтва.

Практычна ліквідаваная ўнутраная і зьнешняя дапамога пацярпеламу ад радыяцыі насельніцтву Чарнобыльскай зоны, спынены ільготы і выплаты людзям за страту здароўя, занячышчаныя землі ўведзены рэжымам у сельскагаспадарчае выкарыстаньне, забруджаная радыёнуклідамі прадукцыя ідзе на ўнутраны рынак, а чыстая прадукцыя — на экспарт у Расею. Беларускую моладзь пасьля вучобы разьмяркоўваюць на працу ў радыяцыйныя зоны Чарнобыльскай катастрофы.

У выніку — рэзка пагоршылася здароўе нацыі (асабліва дзяцей), беларусы сталі выміраць. За часы рэжыму Лукашэнкі насельніцтва Беларусі зьменшылася больш чым на паўмільёна чалавек (5%) [толькі па афіцыйных зьвестках і толькі за апошнія 10 гадоў – на 550.000 чалавек. – Рэд.].

Працяг савецкай русіфікацыі, вынарадавеньне і выключэньне з сацыяльнага і грамадскага жыцьця інтэлігентных і актыўных групаў насельніцтва Беларусі ёсьць цалкам усьвядомленая дзейнасьць Лукашэнкі. Яе асэнсаванасьці ён не хавае. Напрыклад, на так званым перадвыбарчым “усебеларускім сходзе” ў 2006 годзе ён сказаў, што сэнс гэтай ягонай русіфікацыйнай палітыкі ў Беларусізрабіць так, “каб нічога ўжо нельга было вярнуць назад”.

У рэчышчы такой вынішчальнай задачы старшыня КГБ генерал Жадобін тры гады таму склаў сьпіс з 1767 актыўных беларусаў і інтэлектуалаў, якія ў выпадку пэўных абставінаў мусяць быць рэпрэсаваныя ў першую чаргу. Пра сьпіс генерал аб’явіў публічна.

Пачатак цяперашняй хвалі рэпрэсіяў прадугледжвае ператрусы, допыты, арышты і пакараньні ня менш 50 тысячаў людзей, што былі на плошчы 19-га сьнежня ў Менску. Адначасна робяць таксама рэпрэсіі і па “жадобінскім сьпісе” — хапаюць актаўных асобаў, беларускіх інтэлектуалістаў, якія непасрэдна ня маюць датычнасьці да Плошчы, да выбараў і грамадскіх пратэстаў.

Дзеяньні антыдэмакратычнага, антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, апісаныя мной у гэтым лісьце, падпадаюць пад ацэнку і юрысдыкцыю артыкула №127 (Генацыд) Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама адпавядаюць міжнародным азначэньням генацыду ў дачыненьні да палітыкі і дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі.

Улічваючы аўтарытарны і абсалютны характар улады Лукашэнкі, у Беларусі практычна немагчыма ўзбудзіць супраць яго справу па артыкуле 127 (Генацыд), паколькі прызначэньне і дымісія Генэральнага пракурора, усіх кіраўнікоў юстыцыі і судоў — залежаць ад самога Лукашэнкі.

Фармальна ня можа ўзбудзіць справу і Міжнародны Крымінальны Суд (МКС) у Гаазе, паколькі Рэспубліка Беларусь не падпісала Рымскі Статут і дзяржавай-удзельнікам МКС не зьяўляецца. Вядома, аднак, што хоць МКС не ўваходзіць у афіцыйныя структуры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, але, тым ня менш, па прадстаўленьні Рады Бясьпекі ААН можна ўзбуджаць справы і супраць асобаў тых краін, што не зьяўляюцца дзяржавамі-удзельніцамі МКС. Прэцэдэнт такі ўжо быў. Механізм існуе.

У сувязі з гэтым, паважаныя спадары міністры, прашу разглядзець на паседжаньні Рады Еўрапейскага Зьвязу 31 студзеня гэтага году магчымасьць прыняцьця рашэньня аб звароце ў Раду Бясьпекі ААН на прадмет прадстаўленьня ў Міжнародны Крымінальны Суд прапановы (рэзалюцыі) аб узбуджэньні справы супраць грамадзяніна Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча па абвінавачваньні — “генацыд”, стварэньне ўмоў для дэградацыі і выміраньня групаў насельніцтва беларусаў і асобных грамадзян.

Зьвяртаю ўвагу, што ў сітуацыі, якая існуе, рэальнай магчымасьцю ліквідаваць антынародны рэжым у Беларусі ёсьць арышт узурпатара. У выпадку ўзбуджэньня справы Міжнародным Крымінальным Судом, дні рэжыму будуць палічаныя. Беларусы самы арыштуюць яго і прывязуць у Гаагу.

Гэтая мая просьба і прапанова аб узбуджэньні справы адлюстроўвае пазіцыю ўсіх сумленных грамадзянаў Беларусі, якіх нішчыць і зьневажае рэжым Лукашэнкі.

Гэтая людзі падтрымліваюць рэзалюцыю Еўрапарламенту ад 20 студзеня бягучага года адносна сітуацыі ў Беларусі, але зьвяртаюць увагу на некалькі момантаў, якія я прасіў бы удакладніць.

Лукашэнка ня меў права балатавацца трэці і чацьверты разы на прэзідэнта Беларусі (рэферэндум 2004 года пра трэці тэрмін Лукашэнкі быў незаконны, сфальшаваны і не прызнаны Міжнароднай супольнасьцю). Таму заклік Еўрапарламенту да новых выбараў у Беларусі мусіў бы быць удакладнены тым, што Лукашэнка не валодае больш законным правам балатавацца на выбарах, выбары мусяць быць без Лукашэнкі.

Лукашэнка ня ёсьць легітымным і законна абраным прэзідэнтам. Гэта захопнік прэзідэнцкай пасады. Ён сфальшаваў выбары, узурпаваў уладу і ваюе зь беларускім народам. Наша просьба і прапанова — не называць яго афіцыйна прэзідэнтам Беларусі.

Рэжым Лукашэнкі праводзіць антыдэмакратычную, тыпова акупацыйную антыбеларускую палітыку паўзучага генацыду, сьвядома накіраваную супраць культурнага існаваньня беларускай нацыі.

Зважаючы на гэта, мы прасілі б не карыстацца тэрмінамі “беларускі рэжым”, “беларуская палітыка”, “беларуская ўлада”, “беларускі лідар” у дачыненьні да Лукашэнкі, тэрмінам “санкцыі супраць Беларусі” і т.п., бо гэта зьневажае пачуцьці дэмакратычных беларусаў і вольных людзей. Гэты рэжым, палітыка, улада і “лідар” — антыбеларускія, гэбоўскія, антынародныя. Вольныя беларусы не называюць гэты чужы рэжым “беларускім”.

Мы спадзяемся на дзейныя рашэньні Рады Еўрапейскага Зьвязу ў пытаньні дачыненьняў з антыбеларускім рэжымам і з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

21 студзеня 2011 г.

Зянон Пазьняк – старшыня парламенцкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі.

22 каментарыя

  1. Мікола кажа:

    Правільны зварот – пісьменны, па сутнасьці. Дзякуй Вам, спадар Зянон!

  2. moon кажа:

    Усё як ёсць!

  3. Гэта правільны ліст, які адлюстроўвае фактычны стан рэчаў і наша становішча. Чым далей ўсё гэта будзе працягвацца, тым больш мы будзем адставаць ад свету і ператварацца ў адсталых людзей і адсталую краіну. Нам пагражае вечнае рабства і вечная каланіяльная залежнасць. Напомню, што такое рабства:
    1. Гэта вечнае жабрацтва: колькі б ты не працаваў і як бы не працаваў. У жабрака нічога няма перадаць сваім дзецям ў спадчыну.
    2. Раб не мае ніякіх правоў, пры тым ні на працы, ні ў быту.
    3. Жыццё раба нічога не каштуе. Людзей забіваюць на прадпрыемствах (успомніце: у якіх умовах працавалі людзі на “Пінскадрэў”?), падвяргаюць катаванням і забіваюць проста так (успомніце: за што забіў міліцыянер Ніну Карасёву?).
    4. Рабы не маюць права ні на сваю культуру, ні мову, ні ўспамінаць пра сваіх дзядоў, бо яны не людзі.
    5. Рабы не могуць кіраваць сваёй краінай. Імі кіруюць людзі іншых народаў.
    6. Рабы нідзе не маюць сваіх прадстаўніцтваў, бо іх наогул, як бы і няма.
    7. У рабоў няма маёмасці, зямлі, тэрыторыі і г.д.
    Гэта павінен усвядоміць кожны беларус. Мы павінны змагацца супраць каланіялізма і рабства усімі даступнымі метадамі і паўсюдна. Змаганнем будзе і то, калі вы будзеце размаўляць на беларускай мове, перакладзеце кніжку на беларускую мову, адкрыеце сайт на беларускай мове, арганізуеце вечарыну на беларускай мове, проста даведаецеся пра свой род і г.д. Сёння у нас стаіць адна задача – аб’яднанне супраць рабства і каланіялізму. І гэта будзе нацыянальна-патрыятычная сіла, бо пазбаўленне ад рабства і каланіялізму ёсць наш нацыянальны інтарэс. Рабства і каланіялізм – гэта тая калода, якая ляжыць у нас на шляху да цывілізаванага развіцця народа.

  4. Ал-др кажа:

    Паважаныя стваральнікі сайту, дазвольце паведаміць вам пад выглядам каментавання наступнае:

    1) Дзякуй за тое, што вы робіце. Колькасць беларускіх інтэлектуалаў, што маюць мужнасць абраць “аўтарытэт праўды, замест праўды аўтарытэтаў” – тым больш зрабіць гэта публічна – мізэрная. Мяркуючы па вашых публікацыях, вы належыце да гэтага кола.
    2) Я пагаджаюся з агульным бачаннем становішча ў Беларусі і Свеце, зафіксаваным у “дактрынальных прынцыпах”. Разам з тым дазволю сабе зрабіць крытычную заўвагу наконт вашай рэдакцыйнай палітыкі. Актыўнасць спецслужбаў, падтрыманне кіраваных рэжымаў, крывадушнае асвятленне падзей у СМІ, разнастайныя формы ліквідацыі іншадумства і г.д. – усё гэта ў пэўным сэнсе “НАДзвычайныя аперацыі” з боку “соцыяпаразітычных структур”. Пра гэтыя аспекты сацыяльнай рэчаіснасці вы пішаце шмат і робіце гэта досыць якасна. Пры гэтым застаецца амаль неасветленымі іншы аспект іх уплыву – “звычайныя аперацыі” на ўзроўні штодзённасці. Яны звязаныя з функцыянаваннем такіх з вонкавага выгляду бяскрыўдных інстытутаў як інстытут “цэнтральнага банку”, “крэдытных грошай”, “падатковай палітыкі” і г.д. Баюся, татальнасць іх ўплыву на грамадскія працэсы на ўсіх ўзроўнях вамі недаацэненая. На мой погляд, без увагі да “эканамічнага” боку рэчаіснасці немагчыма не тое што прачытаць агульную гульню, немагчыма нават разабрацца дзе скончыўся паразіт, а дзе пачаўся арганізм-гаспадар …
    3) Каб падмацаваць канструктыўнасць крытыкі з п.(2), дазволю сабе параіць наступныя тэксты для разгляду і, маю надзею, абмеркавання: (а) http://ctrl-f-ekanomika.info/post.php?postId=1 – спроба ўводзінаў у лакалізаваную эканамічную праблематыку; (б) http://ctrl-f-ekanomika.info/post.php?postId=11 – артыкул у трох частках, акрэслівае выклікі, што паўстануць перад рэжымам у бліжэйшыя гады

    • Рэдакцыя кажа:

      Дзякуй, спадар Ал-др, за ацэнку нашай сьціплай ідэалагічнай працы.
      У дачыненьні да вашых заўваг, у сваё апраўданьне можам сказаць, што не ва ўсіх пытаньнях мы – сябры рэдакцыі – сьпецыялісты (што аб’ектыўна), не да ўсяго па аб’ектыўных прычынах можам дадумацца, не да ўсёй інфармацыі дабрацца. Таму ад пачатку закладаньня сайта мы і разьлічвалі, што да нашай інфармацыйна-ідэалагічнай пляцоўкі паступова будуць далучацца людзі, неабыякавыя да будучага лёсу нашага беларуска-літвінскага народу, да лёсаў іншых народаў сьвету і ўсяго чалавецтва. Гэта і адбываецца…
      Таму, дзякуй вам за прапановы. Гэта тое, што нам трэба.
      Пададзеныя вамі матэрыялы мы абавязкова прааналізуем і, калі высьветліца іх адпаведнасьць стратэгічным задачам сайта, абавязкова выставім (а каму ня церпіцца, можа іх прачытаць ужо сёньня…).

  5. Уладзімер кажа:

    Вы, панове, даруйце, але ж дзейнасьць пана Пазьняка па за вашай кампэтэнцыяй. Мы, седзючы ў Беларусі перад кампутарам, нават не ў’яўляем чым займаецца Зянон Станіслававіч, якую працу, жмудную ды й няўдзячную ён робіць у Эўропе. Мець такога чалавека жывым ды здаровым ( меўся быць забітым яшчэ ў 95-м) – вялікая справа ды шанец для нас беларусаў – ліцьвінаў мець прынамсі інфармацыю пра сапраўдны стан рэчаў, што да Масковіі ды Эўропы. Колькі бруду выліта на Пазьняка, колькі яшчэ выльюць. Калісьці , падчас адной сустрэчы , ён давёў нам свой погляд наконт гэтых абвінавачваньняў : “не спрачайцеся”, – ён сказаў. Я завшэ прыгадваю гэтыя ягоныя словы, калі чую лаянку ў ягоны бок. Ён ніколі не спрачаецца ды не ўлязае ў сулаянку.
    Глядзіце, ягоныя артыкулы, ягоныя погляды заўсёды трапныя, жорсткія, безкампрамісныя. Ды завшэ як лакмусавая паперка на праімперскіх пацукоў-манкрутаў ды прыхаваных шпегаў. Яму закідваюць, што палітыку трэ быць больш гнуткім ды гатовым да кампрамісу з сумленьнем, што ён нібыта вінаваты ва ў прыходзе да ўлады Лукашэнка, – сьмеху варта. Пазьняк адзіны, хто мае сапраўдны ўплыў на думкі людзей ў Беларусі.
    Таму , панове, не ўпадабайце напаўадукаваных наведнікаў старонкі Саўбеліі.

  6. Рэдакцыя кажа:

    Спадар “Уладзімір, дзякуй за ўзор прапазьнякоўскага тролінгу.
    Мы пра гэта, прыйдзе час, як раз будзем пісаць…

  7. Siarhiej кажа:

    Зварот абгрунтаваны і лагічны. Сапраўды, этнацыд ператвараецца ў генацыд.

  8. Цімох кажа:

    “Сталыя чытачы нашага сайта ведаюць, што рэдакцыя даволі крытычна ставіцца да дзейнасьці Зянона Пазьняка, пачынаючы ад 1992 году.”
    Пра яго дзейнасьць хацелася б паспрачацца з вамі. Усе што робіць рэдакцыя, як я заўважыў, – толькі піша. Піша, піша і піша. Таму хачу вам прапанаваць адкрытыя інтэрнэт-дэбаты. (Тэхнічныя моманты варта абмяркаваць праз е-мэйл пошту).

    Гатовыя?

    “Навырабляў пан Зянон і ў час апошняй выбарчай кампаніі, пра што абавязкова будзе на сайце пазьней.”

    Спадар, а не пан.

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар “Цімох”, за тое, што мы “толькі пішам, пішам і пішам”, мы вас прабачаем…

      Па пададзеным вамі адрасе знаходзім “Толькі аб’яднаўшыся разам дзеля агульнай мэты, мы пераможам!”.
      1. Дакладна так.
      Але ёсьць два пытаньні:
      – хто павінен аб’яднацца?
      – дзеля якой канкрэтна мэты?
      Адкажыце, калі ласка.
      З усё павагай.

    • dzjadulja кажа:

      Гм-м… Беларускія нацыяналісты для кантактаваньня карыстаюцца расейскім рэсурсам http://vkontakte.ru ?
      Мяне там прынцыпова няма. Што мне рабіць?

  9. Уладзімер кажа:

    Я ня ведаю , што такое троллінг, таму растлумачце калі -ласка , што Вы маеце наўвазе, кажучы “прапазьнякоўскі троллінг”.
    Па-другое, Пазьняк заусёды слушна ацэньваў ды ацэньвае сітуацыю ў Беларусі , у Эўропе, Масковіі ды Расеі. Яшчэ раз адзначу, мы ня ведаем дакладна глыбіні той працы, якую ладзіць Зянон Станіслававіч у Эўропе. Таму нам няма чаго “ацэньваць” яе з Беларусі.
    Па-трэцяе, Вы кажаце тое самае , што і Пазняк, толькі іншымі словамі, дадаючы толькі назву Літва ды ліцьвіны.Але ж яшчэ колькі год таму Пазьняк прапанаваў быў нашу краіну назваць у прышласьці “Вялікае Княства Літоўскае – Беларусь”, каб была навідавоку еднасьць ды пераймальнасьць гістарычнага развіцьця нашага гаспадарства. То бок Пазьняк адчувае сябе ліцьвінам.
    У чым грунтоўным Вы ня згодны з Пазьняком?

    А мо Вы лічыце сябе найшчырэйшымі патрыётамі Беларусі, чым хто-кольвек іншы?

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадар Уладзімер. Толькі што, як вы бачыце, тут нейкі чалавек пад нікам “Цімох” быў запрапанаваў нам дыскусію.
      Вы – гэта і ёсьць Цімох?
      Калі – не, дык зь кім з вас весьці дыскусію?
      Калі – так, дык падайце сябе належным чынам (прозьвішча, імя, месца жыхарства, партыйная прыналежнасьць і г.д.) і адкажыце спачатку на нашы пытаньні.
      З павагай.

  10. Bielarus кажа:

    Pazniak padonak. Stolki prablem i bed narabiu, chto pas’lja jaho razhrabac’ i razhrabac’.

  11. bambuk кажа:

    калі б меў кавалак зямлі – першае, што б зрабіў на ёй, гэта паставіў бы помнік спадару Зянону пры жыцьці!

  12. Цімох кажа:

    – хто павінен аб’яднацца?
    – беларускі народ.

    – дзеля якой канкрэтна мэты?
    – мэта выразна заключана ў самой назве.

    Цяпер вы адкажыце на мае пытаньне, таму што вы яго проста праігнаравалі.
    Паўтаруся.

    Ці гатовыя вы да інтэрнэт дэбатаў?
    Ці гатовыя вы адказаць за словы “Навырабляў пан Зянон і ў час апошняй выбарчай кампаніі” ?

    Яшчэ хацелася б дадаць свае асабістае меркаваньне. Вы, спадар Астроўскі, як і Высоцкі, нявартыя нават сьвечку трымаць для Зянона Станіслававіча.
    Сорамна за вас перад беларускім народам.

    http://vkontakte.ru/club21030638

  13. Цімох кажа:

    Можа яшчэ вам хатні тэлефон пакінуць? Ці вы супрацоўнікі кдб, каб вам распісваць тут, хто і адкуль. Лічу гэта няважным. Дастаткова таго, што з’яўляюсь прыхільнікам Зянона Пазьняка і гэтага руху.

    Гэта будуць звычайная размова, спрэчка. А людзі хай прагаласуюць, дзе праўда..

  14. Вершнік кажа:

    Зрабіць так, “каб нічога ўжо нельга было вярнуць назад”. Моцна прамоўлена. Дае вялікае поле для аналізу будучыні. Зараз, як мне здаецца, увесь зямны сусьвет знаходзіцца ў нестабільным стане. Расея таксама нестабільна. Мы, пакольку прывязаны да Расеі, можам патануць разам з расейскім дрендоўтам. У Расеі ўжо двацаць год няма агульнанароднай ідэі. У складаных лёсавызначальных варунках на першае месца выходзіць патрыятызм грамадзян. Калі такога патрыятызма няма, альбо ён выхалашчыны, надыходзіць час хаоса, дзікі час, час знешняй акупацыі, уцягванне тэрыторыі ў чужыя разборкі. У такія моманты улада імгненна страчвае легітымнасьць у вачах сваіх грамадзян і вайскоўцаў таксама. Таму барацьба супраць патрыятызма — гэта выкапванне для будучыні ўласнай магілы. Пад час інфармацыйнай вайны Расеі супраць АГЛ усё чынавенства сядзела ў сваіх акопах і думала толькі пра сваю ўласную скуру. Мову дае кожнаму народу Бог. Таму змагацца супраць мовы — гэта змагацца супраць Бога. Расея даўным даўна магла б прыйсьці да стану Еўрасаюза, каб ўзяла прынцыпы закладзеныя ў яшчэ ў Статутах ВКЛ. аЛЕ Расея хоча каб усе былі пад адной коўдрай… Дарэмныя намаганні, таму эліты якія не хочуць вучыцца ў гісторы, вымушаны рана ці позна сыйсьці з гістарычных абшараў разам з сваімі імперыямі і народамі.
    Наша інтэлігенцыя і моладзь павінна чытаць, купляць, вывучаць сваё беларускае. Інакш іхні лёс — гэта лёс госарбайтараў у Заходнім Свеце і нават на некалі ўласнай зямле.
    Што мяне здзіўляе, што як небыло плёных глуздоў у чынавенства часоў Брэжнева і Гарбачова, так іх і зараз няма ні ў той жа Расеі, ні ў нас.

  15. bhajravi кажа:

    А дзе, паважаная рэдакцыя, можна азнаёміцца з вашым меркаваннем наконт дзейнасці З.Пазняка?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы