nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Літварусь і польскае пытанне

20 лістапада, 2011 | 21 каментарый

Павал Біч


Рэдакцыя падзяляе далёка ня ўсе меркаваньні, выказаныя аўтарам у артыкуле (напрыклад, мы ня згодныя зь яго спадзевам на “беларускіх палякаў”, зусім інакш бачым прыярытэтную вагу тых ці іншых механізмаў нацыянальнага беспамяцтва ва ўмовах расейскага каланіялізму, а вось над прапановай магчымай назвы нашай краіны “Літварусь” лічым вартым падумаць), але выстаўляем матэрыял на сайце, каб прадэманстраваць узор мысьленьня беларуска-літвінскага інтэлігента пачатку ХХІ стагоддзя.

Рэдакцыя.

«Белорус ложное название литвина,

придуманное врагом-захватчиком

для хитрющей оккупации

с предварительным усыплением бдительности».

Алег Гаеўскі

Гэты артыкул ёсць працягам майго артыкула на сайце “Мы – нацыя” (гл. тут: http://belarus.kulichki.net/index.php?option=com_content&task=view&id=990&Itemid=1). Не буду паўтараць сваю ацэнку памылак нашай апазіцыі, а таксама разваг пра тое, што раскол нашага народа добра ілюструецца трыма канфесіямі хрысціянства, якія цягнуць народ у розныя бакі. Зрэшты, аб апошнім шмат гаворана і раней.

Размова пойдзе аб назве “Беларусь”. Нагадаю, што да 1840 году нашыя землі цэтральнай і заходняй цяперашняй Беларусі называлася Літвой, землі ўсходняй цяперашняй Беларусі расейцы пасля іх захопу называлі Беларуссю.

В.Булгакавым і шмат кім яшчэ прааналізаваны прычыны нашай адсталасці ў нацыянальным будаўніцтве (названыя апалячванне вярхоў нашага грамадства, адсутнасць прамысловасці, нашы непралазныя лясы і балоты і шмат чаго іншага). Назву “Беларусь” В. Булгакаў назваў ноў-хаў царызма. Нагадаю, што “ноў-хаў” – гэта нейкая сакрэтная дробязь, без ведання якой працэс, механізм, прылада не можа дзейнічаць, рухацца (у нашым выпадку не мог адбывацца працэс русіфікацыі). Але да самага апошняга часу ўсе чыннікі, апроч назвы “Беларусь”, выглядалі  пераканаўчымі.

Тое, што ў Расеі русіфікацыі падвяргаліся ўсе народы амаль ў роўнай ступені, што многія з іх на пачатку нацыянальнага будаўніцтва былі на больш нізкім культурным узроўні, чымся мы, тое, што ў іх замест балот былі скалы, пяскі ці мох і да т.п.,  нашымі даследчыкамі неяк не бралася пад увагу. Але на момант развала Саюза  нашая рэспубліка пазбавілася апалячанай шляхты, стала адной з самых прамыслова развітых, балоты былі асушаны, праз непраходныя лясы правялі першакласныя дарогі. І, здавалася, мы можам быць першымі ў нацыянальным будаўніцтве.

Але здарылася ўсё наадварот. За час праўлення А.Лукашэнкі русіфікацыя набыла небывалыя памеры.

Я не з’яўляюся прыхільнікам тэорыі змоў, таму адкідаю тлумачэнні аб сучасных “руках” нашых ворагаў як на Захадзе, так і на Ўсходе [а дарма… – Рэд.]. Усе гэтыя “рукі”, калі яны былі і ёсць, чымусьці аказаліся бяссільнымі для іншых народаў [у іншых народаў былі іншыя гістарычныя абставіны. – Рэд.]. Чаму? У якасці недарэчнага выпадка называюць яшчэ паталагічную нянавісць А.Лукашенкі да ўсяго беларускага. Але ж народ на выбарах у 1994 г бачыў яе і, няглядзячы на гэта, прагаласаваў за яго [у 1994 годзе супраць беларускага грамадства была выкарыстана PR-тэхналогія, новая на тыя часы; “народ” заканамерна клюнуў на яе, “прагаласаваўшы” за агента расейскага імперыялізму. – Рэд.]. А адкуль узялася гэтая нянавісць у яго і ва ўсіх тых людзей, што сабраліся вакол яго і правяць намі вось ужо 17 гадоў? Адкуль гэтая абыякавасць да свайго нацыянальнага ў нашага народа? [у кожнага “народа”, які б перажыў такую гісторыю, як беларусы, было б такое ж стаўленьне да свайго, нацыянальнага. – Рэд.]

Цяпер грымнуў крызіс, народ імкліва бяднее, але ён баіцца пратэставаць. Адкуль у людзей такое нявере ў свае сілы, у тое, што яны могуць самі нешта змяніць? Адкуль такі комплекс сваёй непаўнавартасці?  Я сцвярджаю, што вытокі яго ў нашай цяперашняй назве – то бок, у царскім “ноў-хаў”.

Па першае. Гэтая назва пазбавіла наш народ яго слаўнай гістарычнай спадчыны, бо ў гісторыі мы да нашага перайменавання ў сярэдзіне ХІХ ст. ва ўсіх гістарычных дакументах зваліся Літвой і ліцьвінамі. Гістарычная спадчына – гэта тое, на чым выхоўваюцца нацыянальная годнасць і гонар. Гісторыя, дзякуючы намаганням у першую чаргу расейскіх гісторыкаў, у нас скрадзена і перадана або палякам, або жамойтам (цяперашнім летувісам). Натуральна, што і сучасныя палякі і сучасныя летувісы не жадаюць з гэтым дармавым багаццем расставацца таму, што яно працуе на выхаванне польскіх і летувіскіх патрыётаў, яно надае гэтым нацыям жыццяздольнасць і аптымізм. Для прыкладу, параўнаем сучасных летувісаў і латышоў – народы вельмі блізкія па колькасці насельніцтва і па ўсіх астатніх параметрах.

Латышы з-за іх малалікасці не захоплівалі чужыя тэрыторыі, не ўдзельнічалі ў вялікіх бітвах. Праўда, яны нарабілі шмат “шуму” падчас грамадзянскай вайны, стаўшы жалезнай гвардыяй расейскіх бальшавікоў, але потым самі ж выгналі іх з Латвіі. Цяпер для ўзняцця самапавагі яны ў дзень Свабоды ладзяць шэсці былых легіянераў СС, “забыўшыся”, што каланізацыя іх немцамі пачалася з заснавання тымі крэпасці Рыга. Ясна, што такі народ не можа быць занадта пыхлівым і гэта прывяло да таго, што рускамоўныя нелатышы ў Латвіі бунтуюць, не хочуць ведаць ані гісторыі, ані мовы народа, сярод якога жывуць. Зусім іншая справа летувісы (у мінулым жамойты). Захапіўшы нашу назву “Літва”, наш герб “Пагоню”, атрымаўшы ад Масквы ў падарунак нашую Вільню, яны прыхапілі з дапамогай рускіх і польскіх гісторыкаў яшчэ і ўсю нашую гістарычную спадчыну. Яны, нібыта скарыўшы нас і ўкраінцаў, стварылі ВКЛ ад мора да мора (палякі лічаць, што дзяржаву “ад можа да можа” стварылі яны, хоць пры стварэнні ВКЛ ім было не да Чорнага мора, яны адбіваліся ад немцаў); яны, нібыта, вызвалілі Кіеў ад манголаў; яны, нібыта, нароўні з палякамі ўдзельнічалі ў Грунвальдскай бітве і разграмілі тэўтонцаў (насамрэч жамойтаў там было менш за тры адсоткі); яны, нібыта, акупавалі Маскву ў 1612 годзе, і г.д. і да т.п.

Нашыя ж гісторыкі – М.Ермаловіч, У.Арлоў, В.Дзеружынскі ды іншыя – пераканаўча даказалі, што ўсё ў гісторыі, дзе згадваюцца літоўцы ці ліцьвіны, датычыцца ў асноўным нас, як вядучага народа ВКЛ, а назва “Беларусь” –  гэта выдумка маскаля.

Рускамоўныя ў Літве, чуючы аб “вялікай” (ілжывай) гісторыі прыняўшага іх народа, сядзяць у Літве ціха, вывучаюць летувіскую гісторыю і не думаюць бунтаваць. Хлуслівая гісторыя паміж тым сфармавала годных людзей, якім няма патрэбы нагадваць Расеі, што яны змагаліся сумесна з немцамі супраць яе ў апошняй вайне; яны выходзяць на вуліцы са “сваёй”, г.зн. з нашай, “Пагоняй”, за якой стаяць стагоддзі слаўнай гісторыі. Маладыя летувісы, пагледзеўшы на Захад, амаль усе вяртаюцца дадому ў супрацьлегласць беларусам, якія не любяць Радзіму (якую, нібыта, няма за што любіць) і таму дадому не вяртаюцца [ня ўсё на справе так. – Рэд.]. Нехта можа сказаць, што нашыя людзі такія з-за палітыкі цяперашняга кіраўніцтва. А я адкажу, што ў нас такое кіраўніцтва менавіта з-за назвы “Беларусь”.

Інтэлігентны чалавек і тым больш гісторык можа, сустрэўшы ў кніжках па гісторыі назвы “Літва” і “ліцьвіны”, разумець што гэта – мы. Але просты челавек гэта рабіць не можа і не будзе. Яму ў гісторыі патрэбна казачная прастата. Прапановы некаторых нашых гісторыкаў выкарыстоўваць замест “Беларусі” складаныя двухіменные назвы тыпу Літва-Беларусь, ВКЛ-Беларусь не выратоўваюць становішча, бо як тады называць наш народ?

Так назва Беларусь хавае ад нас нашую гісторыю. Калі дадаць сюды тое, што вось ужо шмат пакаленняў нашым людзям закладаюць у галаву, што мы праз усю гісторыю былі прыгнечанымі, былі  рабамі, то комплекс непаўнавартасці ў нашых простых людзей робіцца непазбежным.

Па другое. Назва “Беларусь” сваёй блізкасцью да назвы “Расея”, сумесна з фактарам агромістай терыторыі  Расеі, нараджае комплекс непаўнавартасці яшчэ больш непрыкметна і неадваротна. Ну, на самой справе, што адчувае наш дзіцёнак, калі ён упершыню даведваецца, што ён нейкі “белы рускі” і пры гэтым ўпершыню бачыць мапу, на якой яго Радзіма побач з Расеяй выглядае маленькім лапікам і даведваецца, што там жыве “рускі народ” і да таго яшчэ чуе хлусню, што Расея спрадвеку была Руссю? У ягоных мазгох замацоўваецца, што ўсё яму роднае ёсць маленькае, слабое, другаснае. Але калі паглядзець, напрыклад, Энцыклапедычны слоўнік за 1983 г., то  можна даведацца, што 2/3 народаў Свету па колькасці насельніцтва і па плошчы сваіх краінаў менш за нас. Але ж такога плачу, што мы маленькія, што у нас нічога няма, што нам трэба кудысці (або ў Расею, або ў Еўрасаюз) прыяднацца, што мы нічога самі не можам, што ад мяне асабіста нічога не залежыць і да т.п., нідзе не чуваць. У нас жа гэта набыло форму нейкай шызы. Нават Лукашэнка пакутуе ад гэтага комплексу і падсвядома з ім змагаецца – выказваючы сваю “сілу і незалежнасць”, абражае Захад і ўсіх сваіх суседзяў, у тым ліку Расею, ад якой атрымлівае мільярдную дапамогу. Ён адкрыта здзекуецца з прынятых ў цівілізваным Свеце нормаў міжнародных паводзін і г.д. Яго лічаць дыктатарам. Але ж дыктатары не знішчаюць культуру свайго народа, яны яе песцяць.

Як можна пазбавіцца гэтага комплекса? Мяркую, ёсць два спосабы. Або адсяліцца ад Расеі кудысці пад Аўстралію, або адкінуць назву, якую нам расейцы прыляпілі. Могуць гаварыць аб сваёй вялікасці нават народы меншыя за нас – сербы, албанцы і г.д. Але ў нашым выпадку (з назвай Белая Русь і з вялікасцю Расеі)  гэта не спрацоўвае. Называць беларусаў вялікім народам спрабаваў З.Пазьняк. Але Беларусь і беларусы – гэта каланіяльныя назвы і па азначэнні не могуць быць вялікімі.

Праблема з назвай нашай краіны і з самаідэнтыфікацыяй нашага народа ў тым, што па адных аспектах мы ў гісторыі былі Літвой, а па іншых – Руссю. Не буду паглыбляцца ў гістарычныя тонкасці. Нашыя гісторыкі (не савецкія) ўжо паглыбіліся дастаткова. Іхныя ацэнкі адрозніваюцца ў прапорцыі літвінства (балцкасці) і рускасці (славянства). Адныя шукаюць і знаходзяць пацверджанне сваім ацэнкам ў генафондзе нашага народа, у каталіцтве ды пратэстантызме нашых вярхоў, у дзяржаўным і палітычным ладзе ВКЛ, іншыя – у праваслаўі і мове прасталюдзінаў у той жа перыяд. Для апісання сітуацыі, якая склалася ў нашай гісторыяграфіі лепшай метафары, чым «балота», не знайсці. У такіх умовах апошняе слова павінны сказаць палітыкі.

Прапаную замест назвы “Беларусь” пачаць называцца Літваруссю, мужчыны пры гэтым будуць называцца літварусамі або ліцьвінамі, жанчыны – ліцьвінкамі.  Натуральна, што спачатку гэта павінна зрабіць нашая апазіцыйная інтэлігенцыя і, магчыма, адна нашая нацыянальная меншасць. Новая назва падкрэслівае пераважны ўклад нашага народа ў ваенна-палітычнае і культурнае жыццё ВКЛ (скарочана, Літву). “Руссю” мы падкрэсліваем праваслаўны і славянскі кампанент нашай культуры.

“Літвой” і “Руссю” мы з годнасцью (адкідаючы зневажальнае польскае “бялорусіны”) баронімся ад культурнай паланізацыі, якая, здаецца, пачалася. “Літвой” раз і назаўсёды адбіваемся ад расейцаў (з іх не менш зневажальным “беларусы”).

Мяркую, што нашымі літаратарамі, мастакамі, гісторыяграфамі, мовазнаўцамі, іншымі гэты наватвор можа выкарыстоўвацца ўжо цяпер, бо ён лёгка замяняе “Беларусь”. Увядзенне ва ўжытак “Літварусі” не губіць нават нашую вершаваную спадчыну са словам “Беларусь”, таму што як  у першым, так і ў другім выпадку колькасць складоў і мілагучнасць назвы захоўваецца. Напрыклад, “Невясёлая старонка наша Літварусь…”; або “Літварусь, мо яны панясліся за тваімі дзецьмі наўздагон …”; або – “Літварусь, твой народ дачакаецца залацістага яснага дня…” Знішчаецца недарэчнасць Багдановічскай “Пагоні” ў якой прысутнічаюць і “Літва” і “Беларусь”. Шмат каму гэта рэзала слых і яны прапанавалі адмовіцца ад “Літвы” на карысць “Крывіі”. У заўвагах да ўсіх вершаў можна адзначыць, што ў арыгінале ў часы панавання ў нас Расеі выкарыстоўвалася назва Беларусь.

Баявы кліч нашых продкаў: “Гэй, ліцвіны – Бог нам радзіць!“, думаю, можа ўзяць на ўзбраенне нашая патрыятычная моладзь і асабліва БХД. Можа ўжывацца і “Жыве Літварусь!”

Збаўленне ад прыметніка “белы”, якое рабіла нашу Краіну нейкім атожылкам Расеі, дае магчымасць па-іншаму ўспрыняць тэрмін “Русь”. Скажоны маскоўскімі гісторыкамі пад патрэбы сваёй імперскай ідэалогіі і палітыкі, ён цяпер нагадвае аб агульнай назве раннефеадальных з еўрапейскім талерантным менталітэтам дзяржаўных утварэннях – Наўгародскай і Пскоўскай рэспублік, Галіцка-Валынскага, Смаленскага, Полацкага княстваў, Літоўскай, Кіеўскай, Закарпацкай Русі. Усё гэта ў супрацьлегласць былому ўлусу Залатой Арды – Масковіі, якая не набыла якасцяў еўрапейскасці і стала потым (застаецца дагэтуль) варожай  Еўропе.

Як я пісаў вышэй, некаторыя недаацэньваюць сілу назвы краіны. Гэтая недаацэнка – праява павярхоўнага мыслення. Прапаную паглядзець, што адбываецца ў падсвядомасці звычайнага чалавека. Расейцы зусім не выпадкова спрабавалі прыляпіць да ўкраінцаў назву маларосы (нам прыляпілі – «беларусы»); палякі не выпадкова ў Заходняй Беларусі давалі ход у кар’ерным росце толькі тым, хто запісваўся палякам.

З назвай краіны «Беларусь» пагроза паглынання нас Расеяй з часам не змяншаецца, а павялічваецца, бо роля культуры і эканамічныя сувязі паміж краінамі будуць павялічвацца. Назва «Беларусь» робіць нас псіхалагічна безабароннымі перад расейцамі. Змадэлюем сітуацыю: на вялікай плошчы сабраўся натоўп з прыхільнікаў і праціўнікаў нашай Незалежнасці. Перад натоўпам выступаюць праціўнік і прыхільнік. Прыхільнік крычыць: «не лезьце да нас, мы асаблівая нацыя, адрозная ад рускіх». Супернік пытаецца: «а скажите, как называется ваша страна и ваш народ?». Патрыёт прызнаецца, што «краіна наша – Беларусь, а мы – беларусы» (так пішуць у лямантарах). Вораг нашай Незалежнасці, звяртаючыся да натоўпу, кідае забойную рэпліку: «ну, какие вы нерусские, мы все русские по своим корням, а вы отличаетесь от нас так мало, што даже перешли на русский язык». Нашыя ворагі пачынаюць рагатаць, і ніхто не чуе слоў патрыёта пра ВКЛ, Літву, пра нашыя войны з Масковіяй і да т.п. Натоўп прыхільнікаў Незалежнасці пасаромлены.

Хіба псіхалагічна падобнае не адбываецца ў галовах нашых людзей і на ўсіх дыспутах «За» і «Супраць» нашай Незалежнасці, асабліва з расейцамі? Нядаўна на дыспуце паміж белым рускім (беларусам) С.Шушкевічам і У.Жыріноўскім усе спробы першага паказаць нашую адрознасць ад рускіх, абгрунтаваць нашую незалежнасць ад Расеі нічога ў расейскай аудіторыі акрамя смеху і здзекаў не выклікалі. Мяркую, тут і З.Пазьняк са сваім беларускім імпэтам не змог бы нічога змяніць.

Малалікасць “Народнага сходу” 8-га кастрычніка і іншых пратэстных акцый апошніх месяцаў не даюць спадзеву на масавыя выступленні народа, здольныя  змяніць рэжым [і цяперашняя назва нашай дзяржавы мае ў гэтым апошняя месца. – Рэд.]. Я тлумачу пасіўнасць нашых людзей нашай назвай Беларусь, якая адчыніла дзверы панаванню ў нас рускай культуры ва ўсіх яе абліччах – мастацтва, літаратуры, мовы, тапамінікі, помнікаў, царквы, нормаў нееўрапейскіх паводзін…. Руская Культура, як чужародная нашаму народу, спарадзіла комплекс непаўнавартасці (паралюш волі і розуму) у нашых людзей. Нацыянальнага Адраджэння ў нас не адбылося. Перамога ў нас рускай культуры была забяспечана назвай Беларусь [ціск рускай мовы і культуры ў нас не спыніўся таму, што гэта сродкі расейскай імперскай палітыкі. – Рэд.]. Спроба нашай інтэлігенцыі праз ўсё ХХ ст. давесці нашаму народу, што нашая культура не горшая за рускую, скончылася паразай, не дзякуючы палітыцы ўладаў (якая і пры царах і камуністах была аднолькавай для ўсіх нярускіх народаў, працягнулася ў нас пры Лукашэнку), а блізкасцю тэрмінаў “рускі” і “беларускі”, якая па законах семантыкі сведчыла аб фундаментальнасці першага і вытворнасці і другаснасці другога [нацыянальная інтэлігенцыя не змагла давесьці вышэй адзначанага таму, што ні воднага дня за апошнія 400 гадоў не была пры ўладзе! – Рэд.]. Народ зразумеў гэта як доказ і тлумачэнне сваёй непаўнавартасці. Усе былыя калоніі адмовіліся ад назваў, дадзеных ім каланізатарамі, і вярнуліся да сваіх спрадвечных. Ці не пара і нам зрабіць тое ж самае? [справа ў тым, што Беларусь – усё яшчэ калонія расейскай імперыі… – Рэд.]

Сама сучасная палітычная і культурная сітуацыя нас штурхае да гэтага. Калі лукашысты ствараюць прыўладную партыю пад назвай “Белая Русь”, і БРСМ-цы на будучых выбарах будуць прымушаны крычаць “галасуй за Белую Русь”, а нашы апазіцыянеры звычайнае – “жыве Беларусь”, то ці ня будзе гэта смешна для нашага народу і ўсяго Свету? А ці не ёсць лукашысты сапраўднымі нашчадкамі тых, хто прыдумаў і наляпіў на нас назву “Белая Русь”? Ці не выканалі лукашысты  запавет тых,  хто скараў нас для таго, каб наш народ не гаварыў на сваёй мове, не спяваў свае песні, не ведаў сваёй гісторыі, па-халуйску пераймаў іхныя азіяцкія нормы жыцця ды паводзін і моўчкі працаваў, не ўздымаючы галавы? Так пакінем жа лукашыстам іхную “Белую Русь”!

Нацыянальная меньшасць, якая можа першай узяць на ўжыванне назву Літварусь, гэта нашыя палякі [Хто гэта такія? У абсалютнай большасьці гэта апалячаныя беларусы-літвіны. Аўтару і ўсім нармальным беларусам-літвінам гэта варта ўсьведамляць. – Рэд.]. Яны, спадзяюся, больш уважліва за польскіх палякаў чыталі “Пана Тадэвуша” і ведаюць, што падзеі ў гэтым творы адбываюцца недалека ад Менска, што ніякіх беларусаў у 1812 г. не было; што Рэч Паспалітая гэта ўтварэнне двух народаў – іх [яны не палякі! – Рэд.] і нас – ліцьвінаў (а не сучасных летувісаў); што наша зямля, пакуль мы былі ліцьвінамі, нараджала альгердаў, хадкевічаў, сапегаў, астрожскіх, касцюшкаў, міцкевічаў, агінскіх, каліноўскіх, пілсудскіх; а калі мы сталі беларусамі, – камуністаў Заходняй Беларусі, якія стралялі ў сьпіны адыходзячым польскім жаўнерам у 1939 г. Яны напэўна ведаюць, што кожны раз пры заключэнні дамоваў палякаў з намі, палякі гарантавалі нам, што адносіны ў нас будуць “як роўныя з роўнымі і вольныя з вольнымі”, і кожны раз гэтага не адбывалася [а вось гэта так! – Рэд.];  яны напэўна ведаюць, што наш-іхны Пілсудскі пасмейваўся над кароннымі палякамі за недахопы іхнага нацыянальнага характару, а Польшчу называў “абаранкам”, які пусты ў центры і жывіцца толькі свамі Ўсходнімі Крэсамі –  г.зн. намі – ліцьвінамі. Яны напэўна здагадваюцца, што салодкае адчуванне іхнай ”вышэйшасці” ў якасці валанцёраў заходняй цывілізацыі, калечыць іхныя душы (якое “на Крэсах” набрыняла настолькі, што вылілася ў ганебныя ўчынкі АК на нашай зямлі). Нарэшце, яны як “крэсавые палякі”, напэўна, не хочуць быць пятай калонай Расеі  і, спадзяюся, раней ці пазней зразумеюць, што, называючы нас “бялорусінамі”, яны гэтай пятай калонай несвядома насамрэч з’яўляюцца.

Адзінае выйсце пазбегнуць гэтага зачараванага кола (без сваркі з сучаснымі летувісамі, захапіўшымі назву Літва) – гэта пачаць называць нашу Радзіму Літваруссю.

Калі б нашы “палякі” здолелі пераканаць палякаў Польшчы ў тым, што гістарычная справядлівасць патрабуе ад іх адмовіцца ад назвы Беларусь на карысць Літварусі, гэта паспрыяла б хутчэйшаму нашаму Адраджэнню, геапалітычнаму зруху ва ўсім нашым рэгіёне [на жаль, гэта – усяго толькі мары аўтара; сьцьвярджаем гэта як людзі, якія ведаюць сітуацыю знутры… – Рэд.].

Павал Біч, лістапад  2011 г.



21 каментарый

  1. Абсалютна згодна з тым, што назва краіны адыгрывае вялікую ролю і назву патрэбна меняць. Але ні ў якім разе нельга прапаноўваць нейкую штучную новую назву, напрыклад, Літварусь. Чаму нельга? Такі назоў не мае гістарычных каранёў. Калі б Беларусь была нейкай новай краінай без гістарычнага падмурку, то новую назву можна прыменяць. А мы вельмі старажытная нацыя, якая мае вельмі багатую і слаўную гістрорыю, вядомую ў свеце, зафіксаваную ў шматлікіх гістарычных крыніцах. Гісторыя наша народа ёсць наша духоўнае багацце і для любога народа мець такую гісторыю вялікі гонар.
    Ўзяць напрыклад ВКЛ ці Вялікая Літва: аб гэтай краіне ведае практычна увесь цывілізаваны, адукаваны свет, бо гісторыю гэтай краіны вывучаюць ў універсітэтах Еўропы, ЗША, а ў архівах замежных краінаў захоўваюцца тысячы гістарычных дакументаў. Да мала ці там хто хоча прысябечыць гісторыю нашай краіны, нашага народа. Прыдумалі нейкую ерунду, што тут жылі балты, а потым прыйшлі славяне. Тут жылі нашы продкі, а цяпер жывём мы – іх нашчадкі.
    Яшчэ існуе адна вельмі гістарычная назва – Гудзія. Назва Гудзія дае яшчэ шырэйшы гістарычны падмурак. Гуды – гэта ёсць готы ў Еўропе, і арыі ў Азіі. Аб готах і арыях ведае увесь свет. Аднаго свет не ведае, што беларусы і ёсць готы і арыі, і ліцьвіны і г.д., а Амалы і Балты – гоцкія конунгі, ніхто іншы, як нашы драўлянскія правадыры, палешукі. І плеваць на тое, што летувісы негатыўна і абражальна, словам гуды, называюць беларусаў. Зато немцы з гонарам лічаць сябе готамі, а індыйцы гуд-жарамі, гуд-жарцамі і г.д.
    Мы не з пальмы злезлі, каб шукаць сабе новы, нікому невядомы назоў, толькі па той прычыне што нехта хоча называцца назовам з нашай гісторыі і “пажынаць лаўры” гісторыі нашых продкаў. Гэта наша краіна, нашы продкі і наша годнасць.
    Са мной на курсах вучылася дзяўчына летувіска, то выкладчыка толькі учула слова “Летува” і адразу ж загаварыла пра ВКЛ, а учула слова “Вайсрусланд” загаварыла пра Расею і рускіх. Зразумелі разніцу? А самае горшае стаўленне ў Еўропе – гэта да рускіх і не за вайну, а за сёняшнія паводзіны (бандыты, прастытуткі, алкаголікі – гэта не я так кажу, гэта так кажуць еўрапейцы).

    • айцец Леванід Акаловіч кажа:

      Падзяляю і ўхваляю цалкам пафас, настойлівасць і праўду публічнага артыкула спадара Паўла Біча, з якім знаёмы ўжо даўнавата! Ён добра бічуе заганы расейскай назвы-прыблуды Беларусь!
      Ды нам патрэбна тэрмінова і рашуча адмовіцца ад навязанай нам назвы Беларусь і вярнуцца на свой гістарычны і старажытны назоў ЛІТВА! Тым больш, што сучасная Летува=Жамойць сама сябе заве Летува! А гэтаж іншая назва! Ёсць жа краіны, якія адрозніваюцца толькі адной літарай, як Іран і Ірак… Назвы Літва і Летува размяжоўваюцца дзвюма літарамі!..
      Летувісы ж нам, суседнім і іншым народам навязваюць не сваё цяперашняе найменне Летува, а наша Літва. То ж гэта –нонсас! А некаторым краінам навязалі інават старажытнае лацінскае найменне ВКЛ=Літвы=Беларусі — Lithvania, замест свайго Letuva, якое ніяк не раўняецца лацінскай назве ВКЛ.
      Па-другое, мы, ліцвіны, ці г.зв. беларусы, давайце з гэтага дня зваць сябе толькі ЛІЦВІНАМІ і ЛІЦВІНКАМІ, байкатуючы ўжыванне для сябе слова беларус, бо нашая саманазва ліцвін паўстала ад старажытнай краіны-дзяржавы Вялікая Літва ці проста Літва (поўная ж назва Вялікае Літоўскае Княства) на ўзор з суфіксам -ін-, як ад Русь маем русін (украінец),
      Мардва — мардзвін, Балгарыя — балгарын, Арменія — армянін, Грузія — грузін, палачане — палачанін, сяляне — селянін, дваране — дваранін …
      Па-трэцяе, сваю мову, культуру, гісторыю, літаратуру і г.д. мы, ліцвіны, некалі называлі і будзем на далей называць ЛІТОЎСКАЮ, як яе звалі да маскоўскага захопу нас і самі маскавіты. і палякі і іншыя народы. І не ЛІЦ(ь)ВІНСКАЮ ці ЛІТВІНСКАЮ моваю, бо гэтае ўтварэнне штучнае, няправільнае, раней неўжыванае. Наэва мовы паўстае не ад назвы
      народа-нацыі (ліцвін), а наўпрост ад краіны-дзяржавы. Нашай дзяржавай было Вялікае Літоўскае Княства!!! Нашыя дзржаўныя Канстытуцыі называліся Літоўскімі (не ліцвінскімі!) Статутамі!!! Наша Літоўская ( а не ліцвінская) Метрыка напісана, як і Літоўскія Статуты, як Літоўскія Летапісы, як і большасць дзяржаўных актаў-дакументаў і іншых твораў ВКЛ на літоўскай (г. зв. беларускай, а не летувіскай-жамойцкай) мове!!!
      Мы, сведамыя ліцвіны, ужо даўнавата карыстаемся ў дачыненні да сябе і сваёй гісторыя і культуры саманазвамі Літва, ліцвін, ліцвінка і літоўскі! Але ж змаскалізаваныя дзяржаўныя ўрадоўцы, чыноўнікі-пасаднікі ніяк ня хочуць вярнуцца на сваё спрадвечнае старажытнае і гістарычнае! Бо ў зманкуртаваныхчыноўнікаў ад улады гісторыя Беларусі-Літвы пачынаецца не з У — !Х ст.і не з 1009 г., 1919 г. –з БССР… Яны ўсё тылдычаць пра маладую дзяржаву Беларусь! Калі нашай дзяржаве больш за тысячу гадоў!!!
      Магчыма, на перыяд да атрымання ПОЎНАЙ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ І САМАСТОЙНАСЦІ нашай Дзяржавы можна на пераходны перыяд і пакарыстацца паралельна назовамі Беларусь-Літва, Літва-Беларусь і Літварусь. Праўда, яшчэ ў час Расейскай імперыі існавала назва для нас Літоўская Русь. Ды ў словах Беларусь і Літварусь ёсць няшчаснае для нас назва Русь! Тут заўважу, што расейскія імперыялісты не адразу былі ўвялі ва ўжытак найменне беларусы. Быў час пераходны на ўжыванне складанай назвы литвины-белорусцы і белорусы-литвины. Варта ўзгадаць хоць бы нашу пісьменніцу Марыю Косіч.
      То шаноўныя ЛІЦВІНЫ! Запісваймася ў ліцвіны Вялікай Літвы на гэтым сайце пана Алеся Астроўскага!!! Гуртуймася і дзейнічайма адпаведна нашай ліцвінскасці!!!! Гэй, ліцвіны — Няхай Бог нам дапаможа! Хай Бог нам паспрыяе! Бог нам радзіць!
      Айцец Леанід Акаловіч, 1939 г. н.. гор. Менск Літоўскі. +375 29 335 24 94.

  2. айцец Леванід Акаловіч кажа:

    Сёння ноччу перад дзвюма гадзінамі ночы адаслаў свой камянтар да добрага публістычнага артыкула спадара Паўла Біча. Але яго чамусьці няма на гэтай старонцы? Хоць во другі камянтар да новай Катынскай трагедыі 21 веку адразу размясціўся на сваім месцы!

    • Рэдакцыя кажа:

      Паважаны айцец Леанід.
      1. Некаторыя каментары незалежна ад рэдакцыі спачатку трапляюць у раздзел “спам” ці “пэндзін”. Так “вырашае” сама праграма, у якой мы працуем. Гэта такі спосаб абароны сайта ад шкодных сецеўных вірусаў. Рэдакцыя раз у суткі вымае адтуль такія каментары, калі яны на самай справе аказваюцца ня спамам, а нармальнымі меркаваньнямі, і выстаўляе пад адпаведным матэрыялам. Так было зроблена і сёньня (вы бачыце, ваш каментар ужо вытаўлены). Калі затрымка здарыцца яшчэ раз, можаце самі пачакаць суткі й пераканацца.
      2. Іншая справа, калі каментар увогуле ня трапіць на сайт. Тады праз суткі трэба яго даслаць зноў. І так паўтараць, пакуль ваш каментар не зьявіцца пад артыкулам.
      3. На сайце ня будуць выстаўляцца толькі “каментары” розных дугласаў і панаў-ўлодэкаў. Чаму, патлумачана ў каментарах да аднаго з папярэдніх артыкулаў.

  3. Verschnik кажа:

    На сёнішнім этапе патрэбна пераходная назва ВКЛ Беларусь. Потым, калі дзяржава ўмацуецца — Вялікая Літва. Народ будзе называцца ліцвінскі: ліцвіны і ліцвінкі. Наогул чытайце ”Канцэпцыю Беларускай нацыянальнай ідэі” Алега Краўцова, дзе чалавек ясна і трапна выклаў стратэгію Нацыянальнай Ідэі. Няма ўжо часу аб гэтым спрачацца. Сёння засталося толькі два шляхі: альбо загінуць у абдымках ”старэйшых братоў” разам з імі, альбо будаваць уласную дзяржаву, як выклаў яе Алег Краўцоў. Калі мы страцім сваю тэрыторыю, то пакінем сваіх дзяцей і ўнукаў жабракамі. Гэта датычыць нават тых, хто мае мільёны даляраў.
    Чытайце ”Імперскі сіндром” з кніжкі ”Брыгадны генерал” на сайце http//iuzhyk.ucos.ru Таксама чытайце Статут ВКЛ.

    • Рэдакцыя кажа:

      Паважаны “Вершнік”.
      Мы працуем адкрыта. Гэта наш прынцып. Таму, што нічога дрэннага рабіць не зьбіраемся нікаму, хто сам дрэнем (злачынцам-паразітам) не зьяўляецца. Наша задача – працаваць над уладкаваньнем узаемааадносін паміж людзьмі ў межах людскай цывілізацыі (г.зн. спрыяць гуманістычнаму прагрэсу). Гэта задача несумніўна станоўчая, стваральная, канструктыўная, добрая.
      Пералічаныя прынцыпы тым больш датычаць нашага беларускага народа.
      Таму просім вас падаць канкрэтныя сецеўныя Е-адрасы ўзгаданых вамі матэрыялаў спадара Алега Краўцова (Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы – гэта тое, чым мы займаемся вось ўжо 6-ы год; гл. Дактрынальныя прынцыпы). Пра яго мы ня ведалі. Цяпер ведаем. Акрамя таго, мы выставім яго працы на нашым сайце, калі яны сапраўды будуць каштоўнымі, каб усе нашы чытачы маглі пазнаёміцца зь імі, абмеркаваць.
      Заранёў удзячныя.
      Сябры рэдакцыі

  4. Самуіл кажа:

    – – – тут быў каментар нейкага “Самуіла” (выдалены) зь недапушчальнымі выказваньнямі ў адрас сьвятароў, у т.л. Беларускай Аўтакефальнай Правалаўснай Царквы – – –

  5. Verschnik кажа:

    ”Канцэпцыя Беларускай нацыянальнай ідэі” Алега Краўцова, надрукавана ў кніжцы ”Беларусь превыше всего” пад рэдакцыяй А.Е.Тараса. Шукаць у ”Акадэмкнізе”, у кнігарне ”Літара Ў”, у прыватных гандляроў. Кніжка выдана накладам 300 асобнікаў.

  6. Самуіл кажа:

    Апошні час куды на які сход ні прыйдзеш, то абавязкова нехта спрабуе прадаць нейкія кніжкі-пуцявадзіцелі па нацыянальнай ідэі. Некаторыя аўтары-прадаўцы качыюць са схода на сход. Аж агіда часам бярэ ад такіх пішучых патрыётаў.

  7. Woloh кажа:

    Никаких Литварусей. Будем недолитвинами и недорусскими одновременно. Вместо одной беды получим две.

    Или Беларусь, или уж тогда Литва / Великолитва / Литвания – как хотите. Только не надо из нас очередных младших братьев лепить.

    Если белорусы и будут делать “Великую Литву”, то уж литовцы тут будут ни при делах. Зачем они нам? Сами не в состоянии? Нынешний литовский (летувисский) проект обречен на провинциальность и забвение. Заудилить Беларусь – его единственный шанс. Они себе выбрали дорогу калбы, вот пусть ей и идут. Самостоятельно.

    А белорусы со своим литвинским прошлым дожны разобраться сами по себе.

    Кстати, тема ребрендинга обсуждалась и здесь:

    https://www.bramaby.com/analiz/1-latest-news/120-rebrend

  8. Verschnik кажа:

    ”І выдадзена, відаць, на рускай мове – адным са сродкаў расейскай імперскай агрэсіі?!” Нажаль гэта так! Але Алег Краўцоў выклаў свае думкі жорстка, трапна, сцісла і аргументавана. У кніжцы ёсьць і іншыя артыкулы, якую маюць дваістую і нават шкодныя для нас меркаванні, але ”Канцэпцыя Беларускай Нацыянальнай Ідэі” выкладзена вельмі ўдала. Тое што не здолялі зрабіць нашы апазіцыянеры за 20 год сваёй дзейнасьці, здоляў зрабіць ліцьвін з Масквы. Купляў я кніжку за 20 000.

    • Самуіл кажа:

      У людзей часам на хлеб няма, а тут 20 000 за кніжку аддаваць. Вось калі б, для прыкладу, сайт Наша зямля знайшоў бы спонсараў (Мурашка ж у Германіі!), каб закупіць кніжкі для некаторых наведвальнікаў сайта, то гэта была б сапраўды рэальная дамамога беларускасці.

  9. лекс кажа:

    Рад бачыць Вас ўсіх тут панове!!!!!

    Маё прывітанне!!!!

    Давайце спасылку на гэты сайт ўсім знаёмым і сябрам.

    А што датычыцца рэдактара сайту то ёсць прапанова зрабіць яго прывабным для моладзі. Можна зрабіць сайт сатэліт з рознымі суб сэксуальнымі цацкамі, цікавымі артыкуламі ды фота-відэа і патроху даваць спасылку сюды, за глытком свежага паветра.

  10. лекс кажа:

    Паспрабуйце набраць запытанне vincent працягваю жыць , vincent наша слова ў небяспецы і запампуйце.

    Талентавіты выканавец. Раю.

  11. Darafej кажа:

    Куды больш дакладна Вялікая Літва (існаваў польскі “пражэкт” у пачатку мінулага стагодзя Сярэдняя Літва, каб адарваць Віленшчыну ад Летувіскай рэспублікі, што яны дарэчы і здзейснілі, таму магчыма небяспека з польскага боку ў гэтым жа напрамку). Назва Вялікая Літва ці нават ВКЛ, куды больш падыходзяць чым Літварусь, падкрэслівая тэрытарыяльную прыналежнасць Віленшчыны, Беласточыны і Смаленшчыны да сёнешняй Беларусі. А летувісы завуць сваю краіну Летува, вось хай і існуе Вялікая Літва і Летува.
    Акрамя таго, хацеласяб больш спыніцца на чарговым абвастрэнні маскавітскага імперыялізму, тлумачыцца, усё, на маё разуменне 2-а складаючыма: 1) эканамічна-сацыяльная(дэмаграфічная)- колькасць насельніцтва са “славянскай знешнасцю” (назавем гэта так, бо тэрмін “русскій нород” штучнаствораны, прадукт імперскай ідэалогіі) і носьбітаў хрысціянскай культуры (у варыацыі маскоўскага праваслаўя) змяншаецца, а менавіта гэта частка грамадскасці РФ з’яўляецца дзяржаваутваральнай і асноўным працоўным рэсурсам. Паўстае пытанне дзе ўзяць працоўны рэсурс, якіб культурна быў бы блізкі, каб не будаваў мінарэтаў і не рэзаў баранаў на вуліцах? Адказ ляжыць побач – постсавецкая прастора і найперш Беларусь і Україна (з апошняй складаней). 2) палітычная – РФ уступае ў чарговы выбары і таму трэба паліць алей на алтар расейскага імперыялізму, а намечаны аншлюз ды прывязка суседзяў на кароткія шворкі, як не налепей гэта ілюструюць .
    Акрамя таго, вельмі трапная заўвага айца Леваніда Акаловіча, наконт выкарытсння вытворных прыметнікаў ад назвы Літва.
    P.S.: Літва-літвін, літвінка (дакладней чым ліцвін ці ліцвінка)

    • айцец Леванід Акаловіч кажа:

      Якраз найдакладней па-нашаму па-ЛІТОЎСКУ і ёсьць ліцьвін і ліцьвінка, а не літвін і літвінка, бо напісаньні з -тв- парушаюць адзін з законаў нашай літоўскай мовы — закон асіміляцыі па мяккасьці сьвісьцячых зычных С–З, Ц –Дз перад мяккімі зычнымі. Мы з вамі кажам чаТыры, чаТырнаццаць,чаТырыста, але чаЦьвёрты,чаЦьвёра, чаЦьвёрка, чаЦьвярык, чаЦьвяртак; жарства — жарсьцьвяк; мёртвы — мярцьвяк; ліст, лістота, лістоўка — лісьце, лісьцьвяны; бацьвіньне ( расейскае ботва), Бацьвіньнік, вёска Боцьвіны; вёскі Рацьміравічы і Ацьмінава; Мардва — мардзьвін; Дзьвіна, вёска Задзьвея на Нясьвіжчыне і сам Нясьвіж, нясьвіжскі маюць гэтую ж асіміляцыйную мяккасьць, таксама як і ў слове мяккасьць; здор — зьдзерці ці зьдзіраць; два, удвух, удваіх, двухсот — дзьве, удзьвюх, дзьвесьце; дзьверы, Адзьвернік; цьвёрды. зацьвярдзелы; дзьмуць, дзьмухавец; цьма, цьмяны; студзень– сьцюдзёны… Таму пад гэтае правіла і закон падпадае і найменьне Літва і ад яго вытворныя словы: Літва, У Літву, зь Літвы, зь Літвою, але Ліцьве і ў Ліцьве жывём мы — ліцьвіны і ліцьвінкі, таму і ліцьвінізм — наш шлях зь мінулага ў будучае!
      Падмацаваньнем Ліцьве і ліцьвінам служаць і нашыя літоўскія народныя назвы вёсак Ліцьвіны, Ліцьвяны, Ліцьвінавічы і іншыя, як і прозьвішчы Ліцьвіновіч, Ліцьвін. Ліцьвінка, Ліцьвінаў і да т.п., дзе чуецца і пішацца мяккае -цьвь-. а ня цьвёрдае -тв-!
      пратаярэй Леванід Акаловіч з Брукліна (Новы Ёрк), саборная царква Кірылы Тураўскага БАПЦ

  12. Кожная нацыя разьвіваецца на пэўным цывілізацыйным грунце. Існуюць монацывілізацыйныя нацыі (польская, харвацкая, славенская,баўгарская), біцывілізацыйныя (латышская, беларуская, украінская) і поліцывілізацыйныя (звычайна перасяленскія нацыі па-за цывілізацыяй Эўропы).
    Нацыёнім (назва нацыі) павінна адпавядаць як этноніму, так і цывілізацыёніму. Часам канфэсіёніму. А калі цывілізацыёнімаў два? Яшчэ Алег Латышонак зь Беластоку пісаў, што беларусы сфарміраваліся на аснове дзьвух народаў: ліцьвінаў і русінаў. Чытаем дзьвюх цывілізацый Русі і Літвы.
    Частка Русі што не папала пад алтайскую інвазію (традыцыйна мангола-татарскае іга), адносілася спачатку да славяна-язычніцкай, а пасьля хрысьціянізацыі (трансфармацыйны працэс)– да славяна-праваслаўнае цывілізацыі). Балта-язычнікі хрысьціянізаваліся (трансфармаваліся)як у балта-каталікоў, так і балта-праваслаўных, аднак балта праваслаўныя асіміляваліся (славяна-праваславінізаваліся). Аб чым сьведчаць апошнія выспы балта-праваслаўных у Дзятлаўскім раёне, што зьніклі ў 50-60 ыя гады.
    Найвялікшыя цывілізацыі Русі і Літвы ляжаць у аснове Беларусі або Літварусі.
    Этнічная асімілацыя ў Беларусі праходзіла ў бок славянізацыі балтаў, бо маладыя этнасы асімілююць больш старэйшыя.

  13. gervasij кажа:

    Я лічу,што назовам больш пасуючым, ніж Літварусь, з’яўляецца Вялікалітва.
    Магчымым “бацькам” гэтай версіі з’яўляецца Ян Станкевіч.
    http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D1%8F%D0%BB%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D1%96%D1%82%D0%BE%D1%9E%D1%81%D0%BA%D1%96_%D1%84%D0%BE%D0%BD%D0%B4_%D1%96%D0%BC%D1%8F_%D0%9B%D1%8C%D0%B2%D0%B0_%D0%A1%D0%B0%D0%BF%D0%B5%D0%B3%D1%96
    http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%AF%D0%BD_%D0%A1%D1%82%D0%B0%D0%BD%D0%BA%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87
    Гудзію нашыя суседзі могуць пакінуць сабе, бо няма неаспрэчных доказаў, што гэта “традыцыйны” назоў беларусаў. Я даўно зьбіраю ўсе магчымыя згадкі на гэты конт і бачу ў гэтым накідваньні летувісамі “гудства” на нас, і вялікае жаданьне пакінуць “ліцьвінства” за сабой.
    Тэма “ГУДЫ”… (распачынаў ,як расейскамоўны беларус))
    http://secret-r.net/forum/viewtopic.php?t=1342

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы