nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларуская трагедыя 19 сьнежня 2010 года і палітычны фарс 2013 года

23 снежня, 2013 | 2 каментарыя

Сяргей Высоцкі

 Высоцкі 3

 

 

 

У Кіеве на Майдане на 4-м тыдні Еўрарэвалюцыі зьявіліся чарговыя апазіцыянеры зь Беларусі. Так яны вырашылі адзначаць гадавіну разгону беларускай апазіцыі тры гады таму, калі садызм рэжыму спалучыўся зь бяздарнасьцю афіцыйнай апазіцыі.

 

Сумна, што людзі нават не разумеюць меру непрыстойнасьці сваіх паводзінаў!… Іх не было на Майдане напачатку. Іх не было, калі пачаліся жорсткія падзеі. Яны нават не прысьвяцілі колькі сутак свайго каштоўнага жыцьця ГЭТАЙ БАРАЦЬБЕ. Сумняюся, што нехта зь іх хоць раз начаваў у намёце…

На Майдане можа піярыцца хто заўгодна. І хоць палітычныя турысты раздражняюць, але гэта неяк ня так дратуе, як такі “цырк Шапіто” з надрыўнымі прамовамі пасьля бойкі ды вялізнымі сьцягамі ў руках бадзёрых дзецюкоў… Бо на гэты час, напрыклад, дзясяткі байцоў Самаабароны ў шпіталях – цяжкія бранхіты, запаленьні лёгкіх, шмат параненых.

Уражвае гераізм аднаго з камандзіраў Самаабароны ды кіраўніка МНК Сяргея Кузана, які ўсе гэтыя больш за 20 начэй кіраваў рэйдамі 14-й легендарнай сотні Самаабароны. Гэты аддзел пільнаваў найбольш небясьпечныя кропкі супрацьстаяньня. Выстаяўшы апошнюю ноч у цяжкім стане, Сяргей пазьней згубіў прытомнасьць.

Калі кіраўнікі КУНу, РУХу, МНК запрасілі мяне падтрымаць Майдан, я на другі дзень быў ва Ўкраіне. На фоне тых грандыёзных падзей, якія тут творацца, для мяне стаяла толькі адно пытаньне: чым я магу дапамагчы сваім сябрам ды саюзьнікам?! Зьвярнуўся да балтыйскіх калег – нацыяналістаў ды кансерватараў – каб прыехалі, падтрымалі. Разам зь імі выступіў. Яны, у сваю чаргу, уздымаюць грамадскую думку ў сваіх ды ў скандынаўскіх краінах. Але намагаўся не ствараць дадатковых праблемаў украінцам, быў адным з многіх людзей Майдану.

Зьяўленьне праз тры тыдні рэвалюцыі цэлай каманды піяршчыкаў, якія адзначаюць на Майдане “пераможныя падзеі 2010 г. у Менску”, вядома, справа не такая танная. Але дадаткова яшчэ і не зразумела: пра якую перамогу ідзе гаворка? Над кім? Над уласнай Бацькаўшчынай? Бо падзеі 3-гадовай даўніны – гэта была вялікая параза Беларусі як дзяржавы і нацыі.

Беларусь патрапіла ў “таёжны саюз”, у кандовую Еўразійскую прастору. На нашай зямлі разьмяшчаюцца вайсковыя базы Расеі. У краіне пануе страх, а тыранія ўчыняе чарговыя вар’яцтвы. Дачыненьні з Захадам замарожаныя. Беларусь адкінутая яшчэ далей у каланіяльную залежнасьць.

Таму па ўсёй тэме тых прыснапамятных выбараў існуюць пытаньні грамадства, на якія яшчэ не было адказаў:

ЯКІ БЫЎ ПЛАН ДЗЕЯНЬНЯЎ?

ЧАМУ ТАК ЗВАНЫЯ “ПРАЗАХОДНІЯ” КАНДЫДАТЫ Ў ВЫРАШАЛЬНЫ ЧАС ПЕРАЙШЛІ Ў ЛАГЕР РАСЕІ?

ЯК БЫЛІ ПАТРАЧАНЫ ВЯЛІЗНЫЯ СРОДКІ? (польскае МЗС кажа пра 4,5 млн. даляраў)

ЧАМУ ПАШКАДАВАЛІ ГРОШАЙ НАВАТ НА ПАДРЫХТОЎКУ ДРУЖЫНЫ, ЯКАЯ Б НЕ ДАПУСЬЦІЛА БОЙНІ?

ЧАМУ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ПАЙШЛІ НА СУПРАЦОЎНІЦТВА З КДБ – ДЗЬМІТРЫЕЎ, МІХАЛЕВІЧ, РАМАНЧУК – ПА-РАНЕЙШАМУ НА ПЯРЭДНІМ ПЛАНЕ У ПУБЛІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ ды яшчэ АТРЫМОЎВАЮЦЬ ПРЭМІІ “МУЖНАСЬЦІ”?

ХТО АДКАЗНЫ ЗА СТРАТЭГІЧНЫ ПРАВАЛ?!

Тры гады таму была такая пастанова: маўляў, “пакуль людзі сядзяць па турмах – разборкі будуць некарэктныя”. Цяпер іншая сітуацыя. Сёньня многія ўжо на волі. Дый Мікола Статкевіч, які і цяпер у вязьніцы – дарэчы, адзіны кандыдат, які выявіў сапраўдную мужнасьць, не пайшоў ні на якія кампрамісы з рэжымам – таксама падтрымоўвае ачышчэньне ў апазіцыі…

Аднак за чарговымі “суперперсьпектывамі” ды запланаванымі кангрэсамі, за дэмагогіяй адкрытая і прынцыповая размова пакуль не распачалася. Замест гэтага бачна жаданьне прыкрыць бутафорскімі піяр-акцыямі ў Кіеве сваю хранічную недзеяздатнасьць нешта рэалізаваць у Беларусі.

Украінцы звычайна зьедліва жартуюць над такімі дзеячамі, здатнымі толькі “апазіцыянаваць” перад камерамі… Беларусы ж у сваю чаргу чакаюць сёньня ад палітыкаў такой мужнасьці ды волі, якія дэманструюць украінцы на Майдане, без палітычных піяршчыкаў, падлоты ды хітрапопасьці.

 

2 каментарыя

  1. Літварус кажа:

    Гэта трэба ж так пастарацца – на змястойны матэрыял С. Высоцкага ані аднаго каментара! Відаць, антызаходні (прамаскальскі) характер сайта распужаў усіх патэнцыйных чытачоў і каментатараў.

  2. з...лы беларус кажа:

    На сапраўды змястоўны матэрыял сп. Высоцкага – толькі адзін каментар Літваруса і той толькі для таго, каб аб’ектыўны характар сайта абазваць так, як патрэбна Літварусу… Няўжо ня ясна, што так ясна, што і каментаваць, і спрачацца няма чаго.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы