nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ва Ўкраіне народу супрацьстаіць… “сістэма”

28 ліпеня, 2015 | 2 каментарыя

Рэдакцыя

Арэстовіч 1Многія, хто знаёміцца з нашымі “ўкраінскімі” матэрыяламі, могуць ўспрымаць іх з засьцярогай. Маўляў, мы паказваем украінскую сітуацыю пераважна вачыма “правых”.  Добра, тады давайце дадзім слова вядомаму эксьперту Аляксею Арэстовічу (гл. фота). Ён – грамадзянін Украіны, але этнічны беларус, арганізацыйна ніяк не зьвязаны з Правым сектарам ці любымі іншымі аналагічнымі структурамі ды яшчэ рускамоўны. Карацей, абсалютна бесстаронная асоба. Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=TEHc588HIZ8 ці тут  https://www.facebook.com/100005328857054/videos/454964421357849/?hc_location=ufi – можна паглядзець фрагмент аднаго зь яго інтэрвю. Тэкст гэтага інтэрвю таксама пададзены ніжэй у перакладзе на нашу мову.

 

“Тыдзень таму я праехаўся ўздоўж лініі фронту [з украінскага боку. – Рэд.] – Марыюпаль, раёны вакол Данецка, Арцёмаўска, Сьветлагорска, Дэбальцава, Дзяржанска.  

Дык вось, што адбываецца… Былі чыноўнікі – пракуратура, суды, мянты, СБУшнікі, былыя “рэгіяналы” й г.д. – якія шмат гадоў актыўна працавалі з расейскімі сьпецслужбамі [ў часы Януковіча. – Рэд.]. Яны былі трымальнікамі края – бязь іх там баяліся тралейбусны білет закампасьціраваць, бо гэтыя “бацькі” ўсё вызначалі. Як правіла, яны яшчэ былі дырэктарамі ці ўласьцікамі горадаўтваральных прадпрыемстваў на Данбасе.

Усе яны супрацоўнічалі вельмі актыўна з расейскімі сьпецслужбамі – яны прыводзілі туды гэты “рускі мір”.  Калі той прыйшоў і захапіў усё гэта – Краматорск, Канстанцінаўка і г.д. – яны ў адкрытую выйшлі, заматаліся ў рускія сьцягі й сказалі: “Нарэшце нашы…”.

Тым нешматлікім патрыётам (а былі аддзелы, дзе да 70-90% [асабовага складу] перайшло на бок ДНР) – афіцэрам міліцыі [якія засталіся верныя Ўкраіне], ламалі хрыбты, успарвалі жываты, расстрэльвалі, перасьледавалі сем’і. Тыя [патрыёты] – хто хаваўся, хто як – але сумленна выконвалі свой доўг.  

А цяпер што адбываецца? Гэтыя казлы [гаворка пра здраднікаў. – Рэд.] служылі ДНР – тыповы краматорскі мент, калі прыйшлі баевікі, станавіўся на блок-пост, каб здымаць даніну, і пастрэльваў у бок Краматорскага аэрадрома. А вечарам ён ішоў у супермаркет са сваёй… авакаўскай карткай [! – Рэд.] зь вялікім заробкам, таму што “ён міліцыянер у зоне АТА”… І сёньня ён застаецца тым жа мянтом у тым жа Краматорску…

Усе гэтыя [былыя прыхільнікі ДНР і Расеі – Рэд.] выдатна ведаюць усіх патрыётаў. Патрыёты ж наіўныя… Калі Краматорск вызвалілі, яны выйшлі на вуліцы, сказалі:  мы за Ўкраіну, будзем зноў… А тыя сказалі: ага…

І тыя ж пракуроры, начальнікі, суддзі, якія былі пры ДНР, якія катавалі ўкраінскіх патрыётаў, расстрэльвалі, палілі паяльнымі лампамі ў скляпеньнях, жонкі якіх праводзілі рэферэндум за ДНР і г.д., яны ўсе там цяпер [на сваіх пасадах і працягваюць падтрымліваць “рускі мір”]. Калі я быў у Краматорску, яны раздавалі расейскія трохкаляровыя стужачкі на Дзень канстытуцыі – [у прыватнасьці] адзін з кандыдатаў у дэпутаты, бацькоў горада. Па начах [гучыць] “за Расею!”, “Расея! Расея!”…

І гэта наш Краматорск, які перанасычаны [ўкраінскімі] сьпецслужбамі, вайскоўцамі і г.д. Там штаб АТА…

Яны ўсе [былыя прыхільнікі ДНР – Рэд.] пры пасадах, усе перасьледуюць былых патрыётаў – тых нешматлікіх афіцэраў, якія засталіся верныя прысязе (СБУ, міліцыя; я ўвогуле не ўяўляю, як яны гэта зрабілі…). Іх перасьледуюць – звальняюць, пагражаюць па начах, узламваюць дзьверы, падпальваюць кватэры і г.д. Яны вымушаны ўцякаць і заставацца бяз сродкаў да існаваньня. А гэтыя ўсе [прыхільнікі ДНР і Расеі – Рэд.] праходзяць сістэму судоў і выплачваюць сабе маральныя кампенсацыі за тое, што іх “[несправядліва] абвінавацілі ў супрацоўніцтве з ДНР”.

І гэта павальна ўздоўж усёй лініі фронту. Але ня толькі – тое самае ў Запарожжы, Кіеве, Закарпацьці. Паўсюль па ўсёй краіне!

Што гэта азначае? Адну вельмі важную, прынцыповую рэч: ужо даўно няма супрацьстаяньня дзяржавы і грамадства. Затое ёсьць асобна “сістэма”, асобна дзяржава і асобна грамадства. Пры гэтым ты можаш быць нелаяльным дзяржаве, ты можаш наўпрост парушаць сваю прысягу – сілавіка, дзяржаўнага чыноўніка, ты можаш перайсьці на бок суперніка, але калі ты будзеш лаяльным да “сістэмы”, табе будуць паціскаць руку, плаціць заробак і прэмію, ты пойдзеш на падвышэньне. Абы ты своечасова плаціў [даніну] і праяўляў лаяльнасьць да “сістэмы”.  

“Сістэма” аказваецца нашмат шырэй за дзяржаву. Гэта – ракавая пухліна [ў целе ўкраінскай дзяржавы]. Калі ты адданы гэтай ракавай пухліне, ты можаш быць дзяржаўным чыноўнікам, які ў адкрытую перайшоў на бок ворага… [але захаваеш сваю пасаду і прывілеі].  

Для выяўленьня гэтага ўсяго ня трэба нават рабіць аператыўныя распрацоўкі. Усё ёсьць у Інтэрнэце…  Маса запісаў, мноства сьведак. Але супрацоўнікі цэнтральнага апарату СБУ, ведаючы ўсё гэта, кажуць: “а што мы можам зрабіць зь Кіева?” Пятае, дзясятае…” Дый, у прынцыпе, яны нармальныя хлопцы. Яны дзіцячую пляцоўку паставілі…”.

Я кажу: “Яны твайго ж калегу, такога ж як ты СБУшніка, які захаваў вернасьць украінскай прысязе, катавалі ў скляпеньнях пасьля захопу Краматорска”.

[Адказ:] “Ну так. А шо я, што я зраблю. Гэта ж вайна… А [затое] цяпер ён рэмантуе дзіцячыя пляцоўкі для горада…”  

Вось такая логіка.

І вось гэта ўсё супрацьстаіць сёньня патрыётам і Праваму сектару!

А як [на гэтым фоне] яны спрабуюць падаць канфлікт [у СМІ]? Так, што Правы сектар расхіствае дзяржаву…

Правы сектар нічога не расхіствае – ён змагаецца супраць “сістэмы”!

Магчыма яны ў такіх прыгожых словах ня могуць сфармуляваць, як я [чарговы доказ, што Арэстовіч не зьяўляецца прадстаўніком Правага сектару. – Рэд.],  але нутром адчуваюць, што яны [на верным шляху]… (хаця там дастакова разумных і адукаваных людзей)”.

 

2 каментарыя

  1. Павел Біч кажа:

    З аднаго боку у нас палітычныя і нацыяналістычныя палякі і балты, з іншага – непалітычныя і ненацыяналістычныя украінцы і рускія.. Што будзе у нас? Давайце сп.сп. Астроўскій і Хромаў тлумачце які наш лёс. Вы ж назваліся ідэалагічным майтам.

  2. Павел Біч кажа:

    Перабераючы фактары якія адрозніваюць народы названные ў паперднем каментары. адразу натыкаешься – рускіе і украінцы праваслаўныя, палякі і балты Не. Але фактар релігійнасці не паддаёца ніякім рацыянальным тлумачэнням. У сярэдневеччы людзі разых релігій резалі адзін аднаго з-за таго што спрачаліся аб прыродзе Хрыста і т.п. Цяпер гэта для нас смешна. Было б цікава паслухаць сп. Куплевіча, Арцёменку і іншых. Постмодерністы кажуць релігіі могуць цалкам адмовіцца ад потустаронняга ідэала, іх сутнасць цалкам вызначаецца рітуалам, релігія аб’ядноўвае людзей каб толькі іх аб’ядноўваць. Гэта значыць што релігійныя спрэчкі закончыліся. Цяпер будуць убіваць адзін аднаго толькі за прыналежнасць да іншай веры. Чым не новае сярэдневечча?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы