nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АК БПС-САМААБАРОНА Ў МАРЫЎПАЛІ (частка 1)

13 верасня, 2015 | 13 каментарыяў

Сяргей Высоцкі, кіраўнік АК БПС–Самаабарона.

Высоцкі, Захарэвіч 1Пасьля стварэньня Альянсу Балта-Чарнаморскіх Нацый  (АБЧН) дамовіліся з прадстаўнікамі шэрагу палітычных ды грамадскіх арганізацый краінаў-удзельнікаў пра супольную паездку на фронт, каб падтрымаць байцоў – прадстаўнікоў нашых народаў… Мы – беларусы, грузіны, літоўцы, латышы, эстонцы, палякі, іншыя (нават рускія) – мусім сёньня падставіць плячо ўкраінцам. Тым больш, што ад Еўразьвязу дапамогі чакаць не даводзіцца… Але пачалася палітычная руціна, нейкія акцыі, выбары, пікеты. Усё зацягнулася. Таму, атрымаўшы запрашэньне ад байцоў з фронту, вырашыў ехаць. Прапанаваў нашаму паэту і барду Зьміцеру Захарэвічу паехаць разам. Ён адразу пагадзіўся (гл. фота). Мы былі некалькі дзён на фронце, у самым пекле вайны, у зоне баявых дзеяньняў, і за гэты час пабачылі шмат. Там, дзе вайна, і час крочыць па-іншаму, і сьвет бачыцца іншым. Напэўна, больш рэалістычным…

 

Вырашыў напісаць пра свае ўражаньні і думкі, бо там, ва Ўкраіне ў цэлым і пад Марыўпалем у прыватнасьці, бьецца цяпер сэрца свабоды, там вырашаецца будучыня і Ўкраіны, і Беларусі ды ўсёй Еўропы… Таму там – не чужая вайна, гэта наша супольная вайна “за нашу і вашу Свабоду!”

Ты бачыш на ўласныя вочы сьмерць, бачыш ракеты, якія ляцяць на ўкраінцаў з боку расейскіх наймітаў. Пачуўшы гэтае пякельнае гукаценьне, разам з байцамі спадзяешся, што сёньня гэтыя ракеты ды міны не прыляцяць менавіта сюды і цябе абміне…

У часе начоўкі ў перадавым лагеры выведнікаў хлопцы казалі, што за колькі дзён перад нашым прыездам білі па лагеры. Крыху не трапілі. Калі б трапілі, то лагеру ўжо б не было…

Па прыезьдзе дадому выклаў свае короткія нататкі ў Facebook, адразу атрымаў запрашэньне ад літоўскіх журналістаў даць інтэрвю шэрагу іхных выданьняў. “Сваім”, вядома, нецікава…

Праўда, апазіцыйныя СМІ запрасілі майго сябра Захарэвіча, потым акуратна выразаўшы зь яго адказаў усе ўзгадкі пра мяне ды АК БПС… Каму цікава – можа паглядзець поўны варыянт інтэрвю Зьміцера, выкладзены на радыё “Свабода” (http://www.svaboda.org/content/zmicier-zacharevic/27221163.html), ды цэнзурны варыянт на сайтах “Хартыі”, “Нашай Нівы”, “Новага Часу” (http://nn.by/?c=ar&i=155658 ; http://charter97.org/ru/news/2015/9/2/167281/ )…

Высоцкі, Захарэвіч 2Гэта важна, бо гэты прыклад добра паказвае тэхналогію хлусьні ды меру гнільля, якія распаўсюджаны ў цяперашняй апазіцыйнай прэсе… Урэшце, мы разам са Зьміцерам начавалі ў адным бліндажы, аднолькава рызыкавалі жыцьцём, знаходзячыся пад абстрэлам “брацкай” расейскай артылерыі… Гэтыя маніпулятары ад афіцыйнай апазіцыі лічаць сябе самымі хітрымі з-за таго, што маюць магчымасьці манапольна ды нахабна маніпуляваць інфармацыяй. Але не сумняюся, калісьці ўся іхная хлусьня ды выкрутасьніцтва вернуцца ім бумерангам!..

З іншага боку, галоўнае для мяне і як палітыка, і асабіста, што гэты іспыт я вытрымаў. Зроблены і мой невялічкі ўнёсак у нашую супольную справу – у вольную Еўропу вольных нацый, дзе кожны народ – гаспадар на сваёй зямлі!..

 

НАРОДЖАНЫЯ  РЭВАЛЮЦЫЯЙ

Яшчэ ў часе гэтай апошняй Рэвалюцыі, названай ва Ўкраіне “Рэвалюцыяй Годнасьці”, падтрымоўваў украінцаў, чым мог. Інфармацыйна, арганізацыйна (пра гэта тое-сёе было ў папярэдніх матэрыялах). Як вядома, тады на Майдане дзейнічала некалькі беларускіх груп. Адныя абралі шлях тыповага самапіяру – баязьлівага гарлапанства, калі вылазілі толькі ў часы зацішшаў, каб засьвяціцца перад камерамі. Іншыя бралі непасрэдны ўдзел у сутычках зь “Беркутам” і  “цітушкамі”, біліся ў шэрагах украінскай Самаабароны. Збольшага гэтыя хлопцы, наадварот, не жадалі сьвяціцца. Мне як публічнай асобе хавацца не выпадала, ды і ўкраінцы прасілі публічнай падтрымкі ў вырашальны час Рэвалюцыі! І зьбегчы зь Кіева ў вырашальны час Рэвалюцыі, як зрабілі многія дзеячы апазіцыі, я проста ня мог. Як бы потым глядзеў украінцам у вочы?!  

Цяперашняя вайна – прыхаваная, пачварная – з выкраданьнем актывістаў, з адрэзанымі рукамі і нагамі пратэстоўцаў, з распоратымі жыватамі камандзіраў Майданаўскіх сотняў – для мяне пачалася ўжо тады, у часе Рэвалюцыі…

Наглядзеўся…

Сёньня яна больш адкрылася, матэрыялізавалася. Цяпер кожны можа бачыць і аблічча ворага, і адкуль пруць уркі-галаварэзы на ўкраінскую зямлю…

Гэтая гібрыдная вайна – каланіяльная і рэакцыйная з боку Расеі, выдатна ўпісваецца ў бясконцы ланцуг папярэдніх войнаў – вялікіх ды малых – царскай імперыі, СССР ды расейскай імперыі сёньняшняй… Яшчэ адна, чарговая вайна аганізуючай імперыі…

Для Ўкраіны – гэта вайна нацыянальна-вызвольная, вайна за выжываньне народу і дзяржавы. Вайна, ад якой няма куды схавацца.

Рэвалюцыя Годнасьці нарадзіла нешта зусім новае! Сапраўды сталася Рэвалюцыяй духу ўкраінскага народу. Стомленага, падманутага папярэднімі ўрадамі і правіцелямі, але ня зломленага і зноў паўсталага. Гэта была вельмі “танная” рэвалюцыя. Ніхто ў гэты раз не плаціў маніфестоўцам грошы, тым больш шалёныя. Таму ўсё і сталася па-сур’ёзнаму!

Поклічы Рэвалюцыі сталі надзеяй для ўсяго сьвету: “Дзяржава для народу!”, “Украіна па-над усё!”, “Свабоду народам – свабоду асобе!”… Гэта была нацыянальна-дэмакратычная рэвалюцыя ўкраінскага народу, якая пераўзышла на парадак па якасьці, сіле ліберальныя песенкі ды танчыкі 2004 г., рэвалюцыяй не на вузкапалітычным полі, а  на шырокім  сацыяльным і нацыянальным грунце.

Адбыўся вялікі геапалітычны выклік несправядліваму сьветаўладкаваньню ў цэлым і расейскай імперыі ў прыватнасьці!

 

ПРАЗ СТОЛЬКІ ГАДОЎ ІЗНОЎ ЗАГАВАРЫЛІ ПРА ЕЎРОПУ НАЦЫЯЎ!

Украінская Рэвалюцыя напужала ня толькі закасьнелую пуцінскую Расею, вельмі хутка і з Захаду пачуліся  гнеўныя воклічы: “Куды? Прыбраць нацыянальныя лозунгі! Прыбраць сьцягі з крыжамі, хоць бы тое былі хрыстыянскія крыжы!” (Заявы прадстаўнікоў МЗС Нямеччыны.)

Украіна, нібы ледакол, ізноў прабівае сваё месца ў Еўропе і сьвеце. Павязаная па руках і нагах няўкраінскімі алігархамі ды безнацыянальнымі бюракратамі, якія наўмысна культывуюць татальную карупцыю, а таксама расейскімі сьпецслужбамі ды расейскімі бізьнесмэнамі-бандытамі, гэтая краіна і яе народ спрабуе вырвацца з цемры… 

Заяўка нядаўняй рэвалюцыі на новы статус і новую якасьць Украіны – на Украіну неалігархічную, рэальна незалежную, на статус Украіны як новага Цэнтру сілы еўрапейскай цывілізацыі – сапраўды народнай, сапраўды дэмакратычнай – напужаў вельмі многіх – ад розных “лібералаў” ды “вообщедемократов” да прадстаўнікоў імперыякратыі фашызоіднай Расеі. Бо было пастаўлена пытаньне пра патрэбу пераменаў у Еўропе і сьвеце! Падзьмуў сьвежы вецер здаровага нацыянальнага духу, прагучала гучная заяўка пра жаданьне сапраўднай дэмакратыі для народа-гаспадара яго ўласнай зямлі…

Таму на нейкім этапе Рэвалюцыя Годнасьці фактычна пайшла ўразрэз з дамінуючымі сёньня ў Еўразьвязе каштоўнасьцямі. Зьявілася ня толькі новая якасьць супрацоўніцтва паміж народамі, але і ўздым нацыянальнай годнасьці, пашана традыцый, хрыстыянскай веры (без падтрымкі ўкраінскіх Праваслаўных ды Грэка-Каталіцкіх сьвятароў гэтая Рэвалюцыя не адбылася б…).

 

ХМАРЫ НАД БЕЛАРУСЬСЮ

У нас сёньня нібы ўсё наадварот. Нашая краіна, прыціснутая жорсткім таталітарна-этнацыдным рэжымам, за часы тыраніі страшна здэградавала. Атрымаўшы некаторыя эканамічныя дывідэнты ад Расеі, беларуская нацыя была прышыблена гвалтоўнай русіфікацыяй ды саветызацыяй, якія зрабілі сваю чорную справу… Рэжым можа пайсьці і на поўную зраду. Пытаньні: Ці зможа насельніцтва, моцна дэградаванае ды абалваненае 20-ю гадамі этнацыду, зноў у крытычны час пераўтварыцца ў нескароных літвінаў?! У якой ступені беларусы захавалі патэнцыял Вызвольнага Супраціву?!

Краіна вельмі аслабленая. Мы пакуль можам толькі марыць, што ў нас можа быць столькі ж герояў, колькі ва Ўкраіне, што знойдуцца сотні тысяч патрыётаў, гатовых узяць у рукі зброю для абароны Бацькаўшчыны… Беларусы падманутыя і дэзарыентаваныя… Большасьць спадзяецца на правіцеля-дыктатара, а той, прывёўшы Беларусь да краю бездані, цяпер адзін знаходзіцца пад мацнейшым прэсам сваіх крамлёўскіх босаў-катаў ды, як і раней, знаходзіць адно выйсьце – і далей здае матэрыяльныя ды культурныя каштоўнасьці нацыі, здае суверэнітэт… Дамінуючая ў грамадстве хібная псіхалогія “абы не было вайны” ёсьць самападман ды самазьнішчэньне перад абліччам прыступнага і бязьлітаснага ворага. Бо ёсьць рэчы, страшнейшыя за змаганьне на вайне (успомнім, што мінімум мільён беларусаў у 1930-я быў “па-ціхаму” закатаваны “ў мірны час”).

Новая рэдакцыя расейскага імперыялізму – гэта новы рускі фашызм Пуціна, празваны ў народзе “рашызмам” – жудасная зьява. Усе пуцінскія ідэолагі паўтараюць як заклінаньне: “Адродзім Савецкі Саюз за любы кошт!” Калі хто аналізаваў прамовы А.Дугіна (штатнага крамлёўскага ідэолага), С.Кургіняна (які перыядычна наведвае лугандонскіх сепараў), М.Шаўчэнкі (пуцінскага журналіста) ды шматлікіх іншых на гэтых падобных, мог заўважыць – яны ўсе балбочуць адно і тое ж…

(гл. фоты нажэй, на іх: Дугін зь яго формулай «русского мира», Кургінян зь яго рухам «Суть времени», а таксама Калашнікаў, Шаўчэнка, Стралкоў-Гіркін)

Высоцкі, Захарэвіч 3 

Пры гэтым яны выдатна ўсьведамляюць, што на практыцы іх балбатаньне азначае тысячы, можа, мільёны забітых, а ў выніку яны ў лепшым выпадку “збудуюць” усяго толькі чарговую версію турмы народаў!.. Але па-іншаму расейскі імперскі монстар ужо ня можа, справы зайшлі задалёка. Відаць, ён так і сканае з крывёй на іклах…

З розных крыніц вядома (дый расейцы і не надта гэта хаваюць – гл. мапу ніжэй), што ў расейскім Генштабе мяркуюць: “Мы зрабілі памылку. Пачынаць варта было з захопу Беларусі. І дывідэнтаў было б больш, і высілкаў менш, дый Украіну пасьля гэтага ўзяць было б лягчэй. А так цяпер будзе цяжэй…” 

Дакладна вядома, што сцэнар па Беларусі  ёсьць. Выгадваюць толькі час “Ч”, нейкія нюансы, але сумнявацца нельга – Крэмль рыхтуе ўдар па нашай Бацькаўшчыне, рыхтуецца да поўнай анэксіі нашай дзяржавы. Ім гэта патрэбна па цэлым шэрагу прычынаў, але дамінуе “важкі геастратэгічны асьпект”, каб паставіць Захад перад фактам, ды “браць за горла” Ўкраіну, краіны Балтыі, Польшчу!

Высоцкі, Захарэвіч 3аТаму сэрцам лёгка зразумець нашых цудоўных хлопцаў-герояў, якія, пакінуўшы родную хату, каханых, бацькоў, рушылі на падтрымку незалежнай Украіны. Прайграе Ўкраіна, і ліквідацыя нашай дзяржаўнасьці станецца фактычна толькі тэхнічным пытаньнем…

Ня буду абражаць беларускае войска, але колькасьць агентуры ды здраднікаў, асабліва сярод генералітэту, зашкальвае. Пытаньне ня ў колькасьці ракет і танкаў, а ў волі супрацьстаяць расейскім імперскім выблюдкам!

Таму беларусы не павінны загінуць пад снарадамі расейскіх уркаў ва Ўкраіне, а, здабыўшы досьвед, стаць афіцэрамі Нацыянальнай Гвардыі.

Так мусіла б быць, але такое – сьмяротная пагроза для ўсіх ворагаў Беларусі ды для ўсіх іншых сацыяльных паразітаў…

На жаль, на сёньня, па розных зьвестках, ужо загінула ня менш за 30 беларусаў (!!!) у дабравольчых батальёнах. Колькі больш дакладна, сёньня цяжка сказаць…

Што вельмі брыдка, нашыя  хлопцы не атрымалі аніякага статусу ў парашэнкаўскай Украіне. Яны ня маюць аніякай сацыяльнай абароны, ня маюць грамадзянства Ўкраіны, і нават у любы момант могуць быць выдадзеныя беларускім уладам… Гэта – другі бок цяперашняй Украіны, дзе безнацыянальныя алігархі па-ранейшаму ва ўладзе, дзе буксуюць рэформы, дзе палітычнае кіраўніцтва абвінавачваецца байцамі-добраахвотнікамі ў прамой здрадзе, дзе сваіх герояў улады баяцца больш за ворага…

Яраш кажа, што вайна спыніла Ўкраінскую нацыянальную рэвалюцыю, спыніла дэалігархізацыю ды станоўчыя перамены. Гінуць якраз тыя людзі, якія мусілі б генерыраваць гэтыя рэформы, якія мусілі б на дзяржаўным узроўні праводзіць гэтыя перамены!

Таму я хацеў бы трохі скарэктаваць парадыгму нашых хлапцоў, якія кіруюцца ва Ўкраіну. Найчасьцей гэта высакародныя ідэалісты, якія не служылі ў войску, не трымалі раней зброі. Натуральна, украінцы іх трохі вучаць, бо зусім недасьведчаных хлапцоў ніхто на фронт не адправіць. Аднак галоўны бой для кожнага беларуса будзе ўсё ж у Беларусі! Ва Ўкраіне хапае сваіх герояў, а нам трэба рыхтавацца да абароны ўласнай бацькаўшчыны! У гэтым мне бачыцца найпершая задача беларускіх дабраахвотнікаў – вучыцца, арганізоўвацца, рыхтавацца!

Наш галоўны бой наперадзе і трэба будзе перамагчы ў ім! Не загінуць цяпер, не прапасьці недзе пад Марыўпалем, а выжыць ды назапасіць каштоўнага досьведу, каб перамагчы на роднай зямлі!..

 

НЕ ПУСЬЦІЦЬ ВАЙНУ Ў БЕЛАРУСЬ, ЗЬБЕРАГЧЫ ДЗЯРЖАЎНУЮ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ!

Каб гэта зрабіць, патрэбна моцная кагорта нацыянальных дзеячаў, інтэлектуалаў, воінаў!

Касьцяком будучага беларускага войска, ягоным сэрцам можа стаць Беларуская Гвардыя, сфармаваная ды загартаваная ва Ўкраіне. Гэта таксама задача, якую беларускія патрыёты мусяць намагацца дасягнуць ва Ўкраіне.

Падтрымка Ўкраіны ды рост уласнай нацыянальнай сілы – двуадзіная задача!

Вынікі ёсьць, але яны былі б на парадак большыя, калі б ня жорсткае супрацьдзеяньне, калі б ня чорны піяр нейкіх цёмных сілаў, калі б ня розныя правакатары зь вялікімі грашыма, якія круцяцца ва Ўкраіне і вакол яе, падаючы́ сябе за “беларускую апазіцыю”!..

Каб ня быць галаслоўным, прывяду словы аднаго зь беларусаў, які цяпер знаходзіцца ў “зоне АТА”. Ён даў зразумець, што прыязжаюць увесь час розныя людзі, прапануюць грошы, намякаюць на задачы, якія потым трэба будзе зьдзяйсьняць у Беларусі…

У мяне няма сумневу, што многія з гэтых “дзядзькоў з баблом” працуюць на сьпецслужбы. Мяркую, ня толькі на расейскія – многія падвоеныя агенты… Але істотна іншае – усе яны  працуюць на чужыя сілы, на чужыя інтарэсы, па чужым, а ня нашым, беларускім, сцэнары… Яны хочуць і гэтых герояў падкупіць ды падмяць пад сябе, каб потым яшчэ і душыць беларускіх патрыётаў рукамі такіх жа беларускіх хлопцаў!..

А такое ўжо ня раз адбывалася ў нашай трагічнай гісторыі… Прыгадваю хаця б, як “Хартыя” ў свой час наймала байцоў з арганізацыі “Край”, каб тэрарызаваць актыў АК БПС у часе Курапацкага Чыну. Сёньня планы гэтых цёмных сілаў могуць быць у разы страшнейшыя, бо стаўкі вырасьлі! На кану стаіць лёс цэлай дзяржавы і ўсяго беларускага народу!

Менавіта так выглядае гісторыя з псеўдаатрадам “Пагоня”. На гэтую тэму разгонута, дэталёва і аб’ектыўна ўжо было сказана рознымі людзьмі, і на сайце “Наша Зямля”, і байцамі батальёну “Данбас”, і сьвятарамі, якія дапамагаюць украінскаму войску, і “Еўрарадыё”…

Гэта брудная фэйкавая гісторыя з удзелам сьпецслужбаў. Прыдумана была сьхема, каб пабольш выдраць грошай на Захадзе, найперш у ЗША ды Брытаніі,  тымі самымі людзьмі, якія дагэтуль увасаблялі ў нас “дэмакратыю ў Беларусі” за… бязьмежнае заходняе фінансаваньне (зь якога, дарэчы, сапраўдныя беларускія патрыёты ня мелі нічога)…  А зь іншага боку – гэта якраз спроба зрабіць такую арганізацыйную ды інфармацыйную дубіну, каб потым трушчыць голавы  беларускім нацыянальна-дэмакратычным сілам, калі тыя стануць упоперак шляху мафіі да ўлады над Беларусьсю…

Высоцкі, Захарэвіч 3вГ.зв. “атрад Пагоня” – гэта яшчэ і небясьпечная правакацыя, калі чужыя сілы атрымоўваюць карту тваёй зямлі й дыспазіцыю на ёй… І вораг можа пазьней наўпрост скарыстаць раскручаную фішку ў любых, самых авантурных ды крывавых мэтах. Потым хто будзе ведаць, людзі ў банданах, якія могуць пачаць са зброяй захопліваць уладу – гэта “атрад Пагоня”, ці гэта найміты-кілеры, адмыслова прывезеныя з-за бугра!..

 

НАШ ВАЛАНЦЁРСКІ ЎКЛАД

Можна без перабольшваньня сказаць, што стварэньне Альянсу Балта-Чарнаморскіх Нацый (АБЧН) у палітычным плане сталася падзеяй № 1 для палітычнага жыцьця Беларусі ў 2014 годзе. Значэньне гэтага лёсавызначальнага ўтварэньня вельмі хутка ацанілі і сябры, і ворагі. Дастаткова сказаць, што за 2015 год пад рознымі назовамі ўжо створаны і агучаныя 4 клоны (!) нашага Зьвязу…

Прадстаўніку АБЧН ад Грузіі – Паата Давітая – кіраўніку партыі “Еўрапейскія дэмакраты” невядомыя  рэгулярна пагражаюць фізічнай расправай. Сьцяпана Брацюна – кіраўніка партыі Кангрэс Украінскіх Нацыяналістаў (ініцыятар Альянсу з украінскага боку) Расея занесла ў сьпіс ваенных злачынцаў пад нумарам 2 (гэта палітык, які ніколі ня браў у рукі зброю), адразу пасьля Дзьмітра Яраша.

А. Дугін – галоўны ідэолаг Пуціна – які прыдумаў усе гэтыя прапагандовыя штампы пра “кіеўскую хунту”, “украінскіх жыда-бандэраўцаў” ды іншы бруд, лічыць праект “Балта-Чарнаморскага Зьвязу” сьмяротна небясьпечным для Расеі…

Зь іншага боку, прадстаўнікі МЗС Літоўскай Рэспублікі паўдзячылі мяне за ініцыятыву ў стварэньні Альянсу Балта-Чарнаморскіх Нацый, ды заўважылі, што “Літоўская Рэспубліка  будзе на дзяржаўным узроўні рэалізоўваць гэтыя ідэі…”

Тым часам “беларускія” “апазіцыйныя” СМІ, якія кантралююцца з чужых цэнтраў, ізноў сарамліва прамаўчалі, праігнараваўшы буйны палітычны прарыў беларускай нацыі!.. Гэтая магутная ідэя, якая жыла ў марах нашых прашчураў, нарэшце пачала практычна ўвасабляцца.

Мы – сябры АБЧН з АК БПС-Самаабароны і ў Беларусі, і ва Ўкраіне, і ў Балтыйскіх дзяржавах, у Еўразьвязе – намагаемся практычна дапамагаць украінцам. Гэтая дапамога мае розны характар – у асноўным у выглядзе валанцёрскай працы. Напрыклад, некаторыя нашыя сябры актыўна зьбіралі сродкі на падтрымку дабравольчых украінскіх батальёнаў. Ва Ўкраіне разам зь мясцовымі валанцёрамі ды нашымі грузінскімі сябрамі я браў удзел у валанцёрскіх акцыях – наведваньне параненых байцоў у шпіталях, узнагароджаньні пад эгідай Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату воінаў розных народаў. У нашым штабе ў Кіеве мы рабілі розныя захады ды стала праводзілі разнастайныя мерапрыемствы.

Дарэчы, з нагоды магу засьведчыць, што цяперашняя “ўкраінская ўлада” ня надта шануе герояў з дабравольчых батальёнаў…

Нашы шаноўныя сябры ў Нямеччыне разам з украінцамі арганізавалі майстэрню, дзе рамантуюць машыны ды аўтобусы, якія потым перапраўляюць на фронт (https://nashaziamlia.org/2015/07/26/7737/#more-7737).

Але на фронце да жніўня пабываць не давялося. Цяпер вось палічыў для сябе недапушчальным не паехаць туды – палітыку варта адчуць на ўласнай скуры, што такое вайна, неабходна падыхаць цяжкім франтавым паветрам ды пабачыць, як выглядае Сонца скрозь чорны дым…

Калі ехаў цягніком Кіеў-Марыўпаль, гледзячы на маладых хлапцоў з вайсковымі шэўронамі розных фармаваньняў, зьвярнуў увагу, што гэта ў асноўным вельмі маладыя людзі…

Так, многіх маіх сяброў па Майдане ўжо няма. Ва Ўкраіне кажуць, што палова Майдану ўжо закапаная – у наўпроставым сэнсе. Яны палеглі пад Ілавайскам, Славянскам, Дэбальцава, у Прыазоўскім стэпе. Яны першыя – не навучаныя, не падрыхтаваныя – сваімі целамі спынілі наступ расейскіх захопнікаў…

Вось як атрымоўваецца: Пуцін выпраўляе на гэтую вайну расейскія чалавекападобныя істоты, дае амністыю забойцам-бандзюганам, накіроўвае на бойню псоў вайны ды алкашню, а з украінскага боку ваююць і, адпаведна, гінуць  маладыя патрыёты – лепшая будучыня ўкраінскай нацыі… Толькі за адно гэта Пуцін і уся расейская імперыякратыя вакол яго проста абавязаны дачакацца свайго расейскага Нюрнбергу…  

 

ЛЕГЕНДАРНЫ МАРЫЎПАЛЬ ДЫ БЯССТРАШНЫ “АЗОЎ”

У Марыўпалі быў першы раз. Увогуле трэба крыху распавесьці пра гэты вельмі цікавы ўкраінскі горад і рэгіён.

Гэты край раней зваўся “Гуляй – поле”. Менавіта тут гулялі ватагі адчайных казакоў. Гэта тое ж месца, дзе ў свой час атаманіў бацька Махно. Сюжэт папулярнага савецкага фільма “Няўлоўныя мсьціўцы” таксама разгортваўся ў гэтых краях. Тут вельмі цікавая этнічная сітуацыя. Украінцаў ня больш за 25%, затое шмат рускіх, габрэяў, грэкаў.

Горад за апошні час перажыў вельмі вялікія забурэньні, і зь ім адбыліся дзіўныя метамарфозы.

Да вайны горад быў фактычна вотчынай алігарха Рыната Ахметава ды Партыі Рэгіёнаў. У Ахметава там завод, свой порт, нерухомасьць. Праз Марыўпаль ішлі пастаўкі з Данбасу. Натуральна, што дамінаваньне партыі Януковіча наклала свой адбітак. Жахлівая карупцыя, прарасейскія настроі – непасрэдна пасьля Майдану (са слоў мясцовых валанцёраў, да 70% жыхароў гораду першапачаткова падтрымоўвала Расею).

Мае новыя знаёмцы – карэнныя жыхары гораду валанцёры Вераніка ды Валянцін – красамоўна распавялі, як разгортваліся падзеі далей…

Калі на пачатку Расея рэалізоўвала тут данецкі сцэнар, частка жыхароў спачатку падтрымала забурэньні. Аднак прасьвятленьне прыйшло вельмі хутка. Як толькі людзі пабачылі, што ўсе завадатары перавароту ў горадзе прыехалі з Расеі, што гэта жорсткія і дзікунскія чужакі, гатовыя прынесьці горад у ахвяру амбіцыям Крамля, пазіцыя пачала мяняцца. Хутка пачаліся побытавыя праблемы, горад пакаціўся ў багну…

Таму прыход батальёна “Азоў” ужо вітала большасьць марыўпальцаў. Ня буду тут каментаваць асаблівую ўвагу да гэтага фармаваньня з боку пэўных заходніх сілаў, але ў горадзе байцы “Азова” – неаспрэчныя героі!

Батальён “Азоў” камплектуецца ня толькі з украінцаў, а і з прадстаўнікоў розных нацый. Ёсьць тут і людзі скрайне правых перакананьняў. Аднак “Азоў” ніколі не абвінавачваўся ў марадзёрстве альбо зьдзеках над палоннымі, ды ваююць хлопцы адчайна, наводзячы жах на прарасейскіх тэрарыстаў.

Калі 13.06.2014 г. батальён “Азоў” выбіваў з гораду банды сепараў, перадавы атрад батальёна ехаў на звычайным грузавіку, бо БТРаў проста не было. Накрылі кузаў лістом жалеза – вось і самаробны бранявік, які адыграў сваю ролю ў часе штурму барыкадаў прарасейскіх сепаратыстаў.

Пра мужнасьць “Азову” ў горадзе распавядаюць легенды. У батальёне культывуецца пагарда да страху – такая скрайняя адчайнасьць. У “Азоў” ідуць гэткія крутыя сьпецназаўцы. Трэба бачыць, як разьязджаюць байцы батальёна па горадзе ў джыпах з адкрытым верхам, часта без сядушак – наўпрост стаяць. Некаторыя па пояс голыя, барадатыя, у наколках. На жаль, не пасьпеў іх сфоткаць, але заўважыў, як жыхары, асабліва жыхаркі, не адводзяць вачэй ад гэтых карсараў…

“Азоў” згуляў сваю гістарычную ролю і ў другі раз. Пасьля трагедыі пад Ілавайскам ініцыятыва належала расейскім ды сепаратысцкім часткам, якія наступалі. Пуцінцы ірваліся да гораду, прагнучы адрэзаць Украіну ад мора.

Але ў гэты раз, калі ішоў наступ прарасейскіх фармаваньняў, Марыўпаль быў ужо іншым горадам… Раптам вельмі многія гараджане зразумелі, што яны могуць згубіць, і што іх чакае ў панаваньні “рускага міру”…

Горад сапраўды прачнуўся. Паўсюль вывешваліся ўкраінскія сьцягі, хлапчукі запісваліся ў добраахвотнікі. Горад горда абвесьціў на ўвесь сьвет: “Мы-Украіна!”  Гэтага Пуцін не чакаў. Падобна, гэтага не чакаў вогуле ніхто ад “рускага гораду”…

Баец-выведчык з пазыўным “Вікінг” распавёў, што ў час, калі ўкраінскія войскі ўжо выводзіліся з гораду, перад салдатамі ўспыхнуў шматтысячны мітынг патрыётаў Украіны. Мітынгоўцы думалі, што ідзе проста перадыслакацыя войскаў, а некаторыя з воінаў плакалі…

Гэтая сітуацыя ўзрушыла армію. Украінскія байцы зразумелі, што гэта іхны горад, няхай і змучаны алігархамі, дэзарыентаваны.

Батальён “Азоў”, праігнараваўшы загад, на свой страх і рызыку застаўся з людзьмі. Гараджане бралі ў рукі старыя стрэльбы, рыхтавалі бутэлькі з запальнай сумесьсю. Бандыты ўжо ляцелі да гораду, але іх напаткаў сьпякотны прыём –хутка чатыры танкі сепараў былі падбітыя. Наступ быў спынены, а праз суткі вярнулася прысаромленае войска. І Марыўпаль зьбярог сваю свабоду!

Не сумняюся, што гісторыя абароны горада ўвойдзе яскравай старонкай у гісторыю гэтай вайны. Марыўпаль перажыў сваё другое нараджэньне, фактычна стаўшы галоўным паўднёвым фарпостам Украіны – горадам, які прагнаў Пуціна!

                                         

(працяг будзе)

 

                                                                               

13 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    Сярожа, дзякуй за змястоўную інфармацыю. Але адкажы мне шчыра ці ёсць разніца ў дапамоге украінцам з боку паляках, балтаў і іншых, якіе ужо адбудавалі свае краніны і нам беларусамі, якія знаходзяцца ў значна горшым стане чым самі украінцы. Вось па Беларусі пракаціліся расейскіе байкеры. Тыя хто мог бы іх запыніць ў гэта час былі ў Украіне; Адна Нікалайчык працеставала. Так у Расеі і ва усім Свеце ствараецца уражанне што беларусы пагалоўна за уваходжанне ў Расею. Я бачу тут Невырашальнае. Вы цалкам правільна аценьваеце сітуацыю наогул. Але падыходзіць чарга тактыкі і тут паўстаюць пытання – гдзе вы больш патрэбные, дома ці недома?

  2. Валянцін кажа:

    Вельмі трапна аб ролі Польшчы – сп. Сідарэвіч:

    ЯШЧЭ РАЗ АБ БАЛТА-ЧАРНАМОРСКІМ САЮЗЕ ДЗЯРЖАЎ

    Рэфлексіі гісторыка

    Калі Анджэй Дуда, заступаючы на пасаду прэзідэнта Польшчы, выказаўся за стварэнне Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага блоку дзяржаў, я хацеў быў выступіць з рэплікай. У рэпліцы я хацеў ушпіліць аўтара кароценькага каментара, якім суправаджалася інфармацыя пра заяву польскага прэзідэнта на сайце “Нашай Нівы”. Іншыя справы і клопаты не далі мне гэта зрабіць на пачатку жніўня. І вось учора, са спазненнем на тыдзень, я прачытаў у “Народнай Волі” амаль на тую ж тэму каментар Аляксандра Фядуты.
    Пішучы аб намеры польскага прэзідэнта, Аляксандр Фядута зазначае, што той “фактычна агучыў сваю прыхільнасць да старой ідэі Ежы Гедройца аб стварэнні балта-чарнаморскага саюза новых дзяржаў, куды ўвайшлі б Украіна, Беларусь, Літва і Польшча”.
    Вядома, нельга не выказаць павагу да нашага земляка князя Ежы Гедройца, але мушу зазначыць, што ідэя балта-чарнаморскага саюза дзяржаў належыць не шаноўнаму выдаўцу і рэдактару знакамітага часопіса “Культура”.
    Бліжэй да ісціны стаіць аўтар “Нашай Нівы”. Паведамляючы аб намеры прэзідэнта Анджэя Дуды стварыць партнёрскі блок дзяржаў ад Балтыйскага да Чорнага і Адрыятычнага мораў, ён глыбакадумна зацеміў: “Нагадаем, з ідэяй стварэння блока дзяржаў паміж Балтыйскім і Чорным морам яшчэ ў пачатку 90-х гадоў выступалі беларускія нацыянал-дэмакраты”.
    І аўтару “Нашай Нівы” скажу: беларускія нацыянал-дэмакраты таксама не былі арыгінальныя. Ідэю балта-чарнаморскага саюза яны запазычылі ў беларускага сацыял-дэмакрата Антона Луцкевіча.
    Яшчэ ў 1990 г., у 2-м нумары газеты “Свабода”, я апублікаваў пісаны А. Луцкевічам у 1916 г. рэферат пад загалоўкам “Злучаныя Штаты ад Балтыйскага да Чорнага мора”. Рэферат гэты везлі ў Лазану на канферэнцыю народаў Расіі Іван Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Рэферат гэты перадрукаваны ў кнізе А. Луцкевіча “Барацьба за вызваленьне” (2009).
    У 1920 г. прэм’ер-міністр БНР Антон Луцкевіч пад псеўданімам Веслаў Каліноўскі выдаў у Варшаве брашуру “Усходняе пытанне і Беларусь”. Брашура гэтая маецца ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы, а яе пераклад на беларускую змешчаны ў кнізе “Барацьба за вызваленьне”. У варшаўскай брашуры, развіваючы сваю ідэю, пісаў ужо не толькі пра саюз дзяржаў паміж Балтыкай і Чорным морам. У гэтым саюзе – “пры шчаслівых варунках” – ён бачыў Чэхаславакію, Югаславію і іншыя краіны на поўдзень ад Польшчы.
    Нашто ж гэтак шчодра аддаваць набыткі беларускай палітычнай думкі суседзям? Князь Ежы Гедройц, хоць і нарадзіўся ў Менску, усё ж душою паляк. Радуе тое, што наш зямляк, мабыць, не чытаўшы Антона Луцкевіча, паўтарыў яго ідэю. Значыць, у ідэі ёсць рацыянальнае зерне.

    ***
    Такія факты. Такая праўда.
    Калі каму цікавая мая думка наконт выказанай (узноўленай) прэзідэнтам Анджэем Дудам ідэі аб блоку дзяржаў, выкажу і яе. Пры гэтым я буду спасылацца на Антона Луцкевіча, але перш хачу сказаць: я не веру ў тое, што нацыянальная псіхалогія (этнапсіхалогія) можа памяняцца за кароткі, па мерках гісторыі, час. А псіхалогія шмат у чым вызначае палітычныя паводзіны.
    Амаль за год да таго, як ён напісаў сваю брашуру “Усходняе пытанне і Беларусь”, Антон Луцкевіч сустракаўся з прэзідэнтам Чэхаславакіі Томашам Масарыкам. У гутарцы з прэм’ер-міністрам БНР вялікі сябар нашага народа сказаў, што Польшча пасля краху Расійскай імперыі лёгка магла б заняць месца правадыра славянства, але пра гэтую ролю яна не паклапацілася.
    Антон Луцкевіч, развіваючы гэтую думку чэхаславацкага прэзідэнта і сваю ідэю балта-чарнаморскага саюзу, у 1920-м пісаў, што Польшчы варт было б наладзіць добрыя адносіны перш-наперш з суседзямі – Беларуссю, Украінай, Чэхаславакіяй. І з Літвою таксама.
    Як Польская Рэспубліка наладжвала гэтыя адносіны, мы добра ведаем.
    У Польшчы любяць казаць пра свой народ як пра народ-мучанік, які зневажалі і Аўстрыя, і Прусія, і Расія. У Польшчы добра памятаюць валынскую трагедыю палякаў у час ІІ сусветнай вайны. На жаль, палітычны клас у Польшчы не любіць згадваць тыя шматлікія пакуты, якія ўчыніла Польшча беларусам, літоўцам ды ўкраінцам, пра антычэхаславацкі саюз Польшчы і Нямеччыны ў 1938-м.
    Не буду тут пісаць за літоўцаў, украінцаў і чэхаў. Яны самі пра гэта пішуць. Я беларус, і мне перш за ўсё баляць беларускія болькі. Гэта інтэлігент, сусветна вядомы рэжысёр Кшыштаф Занусі можа сказаць беларускім дзяўчатам і хлопцам, што палякі вінаватыя перад беларусамі (гл. “Народную Волю” за 18 жніўня). Афіцыйная ж Польшча яшчэ не папрасіла ў Беларусі прабачэння за ўсе прыкрасці, якія ўчыніла беларусам Польская Рэспубліка ў 1918–1939 гг. А без гэтага давер беларусаў да Польшчы вельмі хісткі і сумнеўны.
    Пішучы, чаму Польшчы варт было б наладзіць добрыя адносіны з суседзямі, Антон Луцкевіч у 1920 г. пісаў пра тое, што цярпець у сябе пад бокам моцную Польшчу, Польшчу, чыя эканоміка не з’яўляецца дадаткам да яе эканомікі, не будзе Нямеччына. У 1920 г. Луцкевіч папярэджваў, што раней ці пазней Польшча будзе расціснута Нямеччынай і Расіяй. Таму ёй патрэбныя саюзнікі. І пажадана, каб гэтымі саюзнікамі былі перш-наперш суседзі. Польскі палітычны клас да голасу Луцкевіча не прыслухаўся.
    Цяпер іншы час, але я больш чым упэўнены, што Нямеччына прыкладзе максімум намаганняў, каб намер прэзідэнта Анджэя Дуды стварыць блок дзяржаў у Міжмор’і не здзейсніўся. Я ж бачу, як Нямеччына і Францыя адціснулі Польшчу ў вырашэнні ўкраінскага пытання. Дзе тая Ваймарская група (Нямеччына, Польшча, Францыя), пра якую было гэтак многа шуму? Няма яе. Нацыянальныя інтарэсы Нямеччыны, інтарэсы нямецкага капіталу вышэй за нейкую там групу з Польшчай.

    Анатоль Сідарэвіч.
    26 жніўня 2015 г.

    • Рэдакцыя кажа:

      Вялікі дзякуй, спадар Валянцін, за вельмі зьмястоўны каментар.
      Мы нават ня ведалі, што пазіцыя шаноўнага Анатоля Сідарэвіча па польскім пытаньні настолькі блізкая да нашай.
      А наша пазіцыя ў некаторых важных частках выказана, напрыклад, тут: https://nashaziamlia.org/2015/07/07/7671/#more-7671

  3. Павел Біч кажа:

    Калі казаць агулам, то за прыклад адносінаў да Нямеччыны і Польшчы я бяру сённяшнюю Літву і Літвію. А яны адназначна выберуць Нямеччыну Пасля з’яўлення 45 млн Украіны, Польшча не пацягне на ролю лідера ва усходняй Еўропы. Але мне хацелася б ведаць мненне сп. Сідарэвіча – ці трэба нашым хлопцам ваяваць ў Украіне ў той час калі усялякіе расейскіе байкеры, і казачкі паводзяць у нас так як быццам мы ужо Расея.і ніхто з апазіцыянераў не ставіць пытанне аб падвышэнні Нацыянальнага ў нашым народзе, якое толькі і можа пакончыць з гэтым шабашом рускасці ў нашай краіне. Цікава таксама што думае аб гэтым сп. С.Высоцкі і Рэдакцыя сайта.

  4. Павел Біч кажа:

    Вось так заўжды. Я запытаў Рэдакцыю сайта. сп.сп Мурашку. Высоцкага, Сідарэвіча і усіх чытачоў – ці правільна што нашы хлопцы пакінулі Беларусь і гінуць за Украіну? Ніхто не адказаў. Высоцкі кажа, што ў Украіне ужо загінула каля 30 нашых хлопцаў. Гэта раўнасільна 30 множым на 4,5 = 135. Гэта увесь украінскі “правы сектар”. Ці можна уявіць Украіну без гэтых хлопцаў? Тое што нашым хлопцам не нашлося працы у сябе на радзіме есть сведчанне поўнага краху нашай апазіцыі , страты даверья між апазіцыяй і молодзью. Баюся, што для пералічаных асоб такое становішчэ вызывае радасць. Лёс Беларусі не решаецца ў Украіне. І з кожным месяцам гэта будзе усё відавочнее.

    • Пан Біч.
      Што тут адказваць. Кожны мае права выбіраць свой жыцьцёвы шлях, сваё месца.
      Можна было б і асудзіць, калі б яны ваявалі на баку агрэсара (Расеі)
      Але яны бароняць тое, што і для нас з’яўляецца сьвятым.
      Гэта права быць гаспадаром на сваім асобным кавалку зямлі.
      І маё асабістае меркаваньне: мы павінны пажадаць ім жывымі вярнуцца ў сваю Бацькаўшчыну.
      І таму мы павінны ім дапамагаць усімі магчымымі сродкамі.
      Я.Мурашка

  5. Павел Біч кажа:

    Ніяк не чакаў, што сп. Мурашка такі ідэаліст. Ён кажа, што хлопцы гінуць за тое, што і нам дорага – Свабоду. Так паезжайце да папуасаў. Яны, мяркую, змагаюцца за тое што і мы – за культурнае адраджэнне, каб падняць рабацягаў з каленяў. А украінцы ужо здейснілі яго і таму нам бліжей папуасы. Калі б нашая апазіцыя не хварэла той жа хваробай што і сп. Мурашка, яна б ужо гадоў 15 таму павінна была б зразумець што у нас не дыктатура а мы хітразамаскі-раваная калоніяІ і тым хлопцам што хочуць паваяваць сказала б нешта накшталт таго – спачатку знішчыце усе помнікі Леніну і іншым акупантам ў Беларусі, а потым мы вам дадзім яшчэ працу. З усіх бакоў сыпяцца паведамлення, што ў бліжэйшыя месяцы Расея можа пачаць канчатковы захоп Беларусі. Ох як нам тады не будзе хапапць тых хто з’ехаў ваяваць за мяжу!

  6. Павел Біч кажа:

    Не, пан Мурашка, прайздісветам быць лепей чым ідэалістам. Першы можа на нейкі час дзейнічаць правільна, ідэаліст ніколі не дзейнічае правільна, таму што свае фантазіі лічыць реальнасцью.
    Пытанне да Рэдакцыі – чаму мігранты бягуць з Сіріі замест таго каб або абараняць рэжым Асада, або змагацца супраць яго? Можа вайна для іх гэта толькі нагода каб збегчы з краіны? Тады правые тыя, хто лічыць што Асада трэба убіраць.

  7. Licvin кажа:

    “Тут узьнікае пытаньне ў іншым: што з рэгіёнам будзе далей? Узяць як тэрыторыю? А якая карысьць? Ну пакрычым „ура’’. Палітолагі, імітатары, розныя пустазвоны і балбатуны, дэпутаты і лабісты пап’юць гарэлкі, нехта атрымае чарговую зорку ці лычку на пагоны…
    – Потым узвалім на свае плечы адказнасьць за новую тэрыторыю. Калідор у Эўропу? За калідор лягчэй заплаціць і больш ня мець
    аніякага клопату.
    – У Расеі дастаткова тэрыторый. Няма сяброў, хаўрусьнікаў. Няма дзяржаў-сатэлітаў, шасьцёрак, васьмёрак, вальтоў, што па нашаму
    знаку пачалі б гаўкаць на гэтых МВФ, на НАТА, Заходні Сьвет і АБСЕ…”. “ІМПЕРСКІ СІНДРОМ”http//iuzhyk.ucos.ru http://kamunikat.org/Travien Kastus.html

  8. Павел Біч кажа:

    Сп. Licvin, ну я к можна так лёгка пераўтварацца ў ахвяру асабістага краснабайства? Вы напісалі што у Расеі няма сателітаў.шесцёрак, васьмёрак, вальтоў. А як жа нашая сіневокая?

  9. С.Высоцкі кажа:

    З вялікай павагай стаўлюся да А.Сідарэвіча, які не баіцца адстойваць нацыянальныя інтарэсы беларусаў, ідучы ў супрацьстаяньне з мярзотнікамі ў структурах афіцыйнай апазіцыі ды прадажнымі апазіцыйнымі (той жа Белсат) і афіцыйнымі СМІ…
    Але ўклад сацыял-дэмакратаў у Балта-Чарнаморскі Альянс не стаў бы перабольшваць.
    На аўтарства гэтай канцэпцыі прэтэндуюць цэлы шэраг выбітных дзеячаў Украіны, Беларусі, Літоўскай Рэспублікі…
    Напэўна першымі хто практычна ажыцьцяўляў гэты праект можна лічыць Альгерда ды Вітаўта Вялікага.
    Падтрымоўваў гэтую ідэю і Януш Радзівіл, які вёў актыўную дыпламатыю з еўрапейскімі лідэрамі свайго часу, перапіску ды нават пасылаў паслоў да гетмана Б.Хмяльніцкага.Але абмежаваны казацкі гетман не дарос да такога разуменьня, ды гуляўся з маскоўскім царом.Будзем спадзявацца, што цяперашнія эліты нашых краінаў будуць больш мудрымі…

  10. Павел Біч кажа:

    Самахвальства беларусаў зашкальвае. Цяпер яна гатовыя спрачацца хто першы прапанаваў ідэю Балта-Чырнаморскага хайруса – ці Альгерд. ці нейкі там сацыял-дэмакрат са спіска сп. Сідарэвіча. (тут у Біча было абразьлівае слова, якое рэдакцыя выдаліла)

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы