nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Яшчэ раз пра БЕЛАРУСКІХ ДОБРААХВОТНІКАЎ ВА ЎКРАІНЕ і пра тое, куды ляціць атрад-здань “Пагоня”

6 кастрычніка, 2015 | 6 каментарыяў

Ап - 1

 

Пасьля публікацыі на нашым сайце артыкула «Атрад “Пагоня” і тактычная група “Беларусь”» на электронную скрыню АК БПС прыйшоў важны ды грунтоўны ліст ад беларускага добраахвотніка з батальёна “Данбас” Андрэя Паўловіча, у якім працягваецца тэма, закранутая ва ўзгаданым вышэй артыкуле. Публікуем атрыманы матэрыял (яго падрыхтаваў Зьміцер Захарэвіч).

 

Вось ужо некалькі месяцаў на старонках розных беларускіх незалежных выданьняў ды сацыяльных сетках ідзе гарачая дыскусія што да беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне наогул ды загадкавага “атрада Пагоня” ў прыватнасьці. На жаль, практычна ўсе крыніцы не даюць поўнай інфармацыі пра сапраўднае становішча добраахвотнага руху ва Ўкраіне ды месца беларусаў у ім. Яшчэ большую цікавасьць, калі не казаць абурэньне, выклікаюць заклікі пэўных суполак у сацсетках аб далучэньні беларусаў да іх “вайсковых фармацыяў”. Таму, будучы “беларускім добраахвотнікам” ужо больш чым паўтара года, вырашыў праліць сьвятло на сапраўдны стан рэчаў.

Як паказвае практыка, беларусы не ўяўляюць сабе таго факту, што на сёньня добраахвотніцкія аддзелы й іхны афіцыйны статус моцна адрозьніваюцца ад стану, у якім знаходзіліся апошнія ўлетку 2014 года. Практычна ўсе аддзелы, за выключэньнем Добраахвотніцкага ўкраінскага корпуса “Правы Сектар” і Батальёна АУН, цалкам інкарпараваныя ў адпаведныя структуры Ўзброеных сілаў, Міністэрства ўнутраных спраў або Службы бясьпекі Украіны. У іх зьмяніўся ня толькі камандны склад, а і структура, уключна з прынцыпам набору добраахвотнікаў.

Што гэта азначае насамрэч для беларусаў (грамадзянаў Рэспублікі Беларусь)?

Фармаваньне асабовага складу ў былых добраахвотніцкіх частках адбываецца праз адпаведныя кадравыя структуры МА, МУС або СБУ. Ніхто ня можа ўзяць чалавека “з вуліцы”, а тым больш замежнага грамадзяніна, бо заканадаўства Ўкраіны забараняе службу замежных грамадзян у сілавых структурах. Прызначаныя сілавымі структурамі камандзіры наўпрост ня будуць парушаць закон, каб прыняць да сябе беларусаў.

Наогул легалізацыя добраахвотніцкіх батальёнаў прывяла да масавага зыходу зь іх замежных грамадзянаў. Тыя, хто застаўся – гэта асабліва каштоўныя сьпецыялісты, якім камандаваньне зрабіла пэўную легалізацыю ва Ўкраіне праз афармленьне “часовага дазволу на жыхарства”. Такі статус дазваляе аформіць гэтых людзей на рабочыя (а не баявыя) пасады (інструктар у трэніровачным лагеры, кіроўца небаявых машын, электрык і г.д.). Але для падобных працаўнікоў яшчэ патрэбны асобны дазвол на знаходжаньне ў зоне АТА.

Паколькі афіцыйнае афармленьне “дазволу на жыхарства ва Ўкраіне”, дазволу на ўладкаваньне працаўніком у батальён, дазволу на знаходжаньне ў зоне АТА патрабуе вялікай працы і папяровай цяганіны, камандаваньне афармляе выключна высокакласных сьпецыялістаў ды асабліва патрэбных ім людзей. Ніхто ня будзе займацца афармленьнем неабучанага беларускага добраахвотніка, ягоным навучаньнем. Ніхто ня будзе, бо значна прасьцей знайсьці ўкраінца.

Пры гэтым закон, які надае пэўныя магчымасьці для службы замежных грамадзянаў у сілавых структурах Украіны, ужо амаль год ляжыць “на разглядзе” ў Вярхоўнай Радзе і, паводле сьведчаньня шэрагу народных дэпутатаў, можа праляжаць там яшчэ невядома колькі часу.

Такім чынам, шлях беларускім добраахвотнікам у афіцыйныя аддзелы практычна закрыты.

Адзінымі структурамі, якія на сёньня яшчэ прымаюць замежных добраахвотнікаў, зьяўляюцца ДУК “Правы Сектар” і Батальён АУН.

Але ўступленьне ў нефармальныя аддзелы нясе пэўныя праблемы.

Па-першае. ДУК “Правы Сектар” і Батальён АУН нелегалізаваныя і не ўваходзяць у сілавыя структуры Ўкраіны. Практычна ім проста дазваляюць знаходзіцца ў зоне АТА ды прымаць удзел у баявых дзеях (чаму і як – тэма асобнага артыкула). Праз такі статус байцы гэтых фармацыяў ня маюць ніякіх сацыяльных гарантый. Гэтае датычыць ня толькі статусу ўдзельніка АТА, а і грашовага забесьпячэньня, медычнай дзяржаўнай страхоўкі, дапамогі сем’ям (і ў выпадку сьмерці таксама) ды іншага. Вядома, параненага адвязуць у шпіталь і будуць пэўны час лекаваць, але рэабілітацыю прыйдзецца праходзіць за ўласны рахунак. Ну, і практычна ўсё забесьпячэньне ДУК “Правы Сектар” і Батальёна АУН адбываецца за кошт валанцёраў, што таксама не надае ўпэўненасьці з-за складанага эканамічнага становішча ва Ўкраіне ды моцнага зьбядненьня асноўнай масы насельніцтва.

Па-другое. За 1,5 гады, якія прайшлі з часу фармавання ДУК “Правы Сектар” ды Батальёна АУН, яны ня здолелі “выбіць” афіцыйны статус знаходжаньня ва Ўкраіне ніводнаму замежнаму добраахвотніку. Пры гэтым нарматыўна-прававыя акты Ўкраіны дазваляюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь знаходзіцца на яе тэрыторыі без афармленьня дазволу ня больш за 90 дзён. Пасьля сканчэньня гэтага тэрміну беларусы робяцца “незаконнымі мігрантамі” й мусяць быць арыштаваныя ды дэпартаваныя. Гэта прывяло да таго, што беларускія добраахвотнікі практычна ня могуць легальна паехаць на ратацыю з зоны АТА. Менавіта таму яны дамагаюцца атрыманьня ўкраінскага грамадзянства, статусу ўцекача або іншага легальнага статусу, але, як бачна з паведамленьняў нават украінскіх СМІ, пакуль ім гэта не ўдаецца.

Пікантнасьць сітуацыі заключаецца яшчэ і ў тым, што калі ты пратэрмінаваў свой час знаходжаньня ва Ўкраіне, украінскія памежнікі будуць вымушаныя цябе аштрафаваць і забараніць уезд ва Ўкраіну на пяць гадоў.

Такім чынам, мусім выразна ўсьвядоміць, што беларускі добраахвотнік, які пайшоў служыць у ДУК “Правы Сектар” альбо Батальён АУН, паступова робіцца “чалавекам вайны”. Нават прабыўшы на вайне менш за 90 дзён, ён ня можа часова вярнуцца ў Беларусь праз магчымыя рэпрэсіі. Адзіны выхад – наяўнасьць шматразовай візы ЕЗ, але і яе атрымаць ва Ўкраіне грамадзянін Рэспублікі Беларусь можа толькі пры наяўнасьці легальнага статусу.

Мяне таксама вельмі непакоіць факт поўнага маўчаньня тых, хто заклікае беларусаў запісвацца добраахвотнікамі ў ДУК “Правы Сектар” ці Батальён АУН, на конт таго, што будзе з тым, хто, барані Божа, атрымае цяжкае раненьне. Як будзе вырашацца ягоны лёс без легальнага статусу ва Ўкраіне, без магчымасьці вярнуцца дадому (а калі нават вернецца – існаваньне на жабрацкую інвалідную пенсію)? Гэты чалавек апынецца (ужо, на жаль, ёсьць прыклады з расейскімі ды казахскімі добраахвотнікамі) у нелегальным або паўлегальным статусе ва Ўкраіне: без жытла, сацыяльных гарантыяў, у поўнай залежнасьці ад ласкі валанцёраў.

Таксама вялікія сумневы выклікае тэзіс пра тое, што “гэтыя хлопцы багата чаму навучацца і будуць карысныя Беларусі ў абароне ад расейскага аншлюсу” альбо “вярнуцца ды зробяцца новымі лідарамі беларускай апазіцыі”. Трэба быць рэалістамі – ніхто з тых, хто сёньня ваюе за Ўкраіну, у Беларусь ня вернецца да часу падзеньня рэжыму Лукашэнкі альбо да актыўнай фазы вайны цывілізаванага сьвету з Расеяй (куды сёньняшняя ўлада ўцягне і Беларусь). Ужо летась было ясна, што служба беларусаў у добраахвотніцкіх батальёнах – гэта “білет у адзін канец”. Толькі наіўны рамантык можа лічыць, што беларускія (і расейскія) сьпецслужбы не вылічваюць і ня сочаць за замежнымі добраахвотнікамі ва Ўкраіне. Неабходна звышкансьпірацыя, каб не выдаць сябе. Чалавека можна адсачыць праз тэлефанаваньні, праз допісы ў сацыяльных сетках ды нават праз IP адрасы лістоў (пры адкрыцьці іх адрасатам у Беларусі). Таму кожны добраахвотнік мае ўсе шансы быць затрыманым ужо на мяжы або па прыездзе дадому.

 Ап - 2

 

Беларускія добраахвотнікі прыехалі й змагаюцца ва Украіне супраць агрэсіі Расеі, бо РФ [расейская імперыякратыя. – Рэд.] ёсьць і ворагам Беларусі. Але нават перамога Ўкраіны можа аніяк не адбіцца на становішча ў Беларусі. На падобны ход падзеяў указваюць шэраг чыньнікаў, якія мы мусім бачыць.

Напрыклад, рэальны вектар палітыкі Ўкраіны (і жаданьне большасьці ейных грамадзянаў) – гэта інтэграцыя ў Еўрапейскі Зьвяз. Заканчэньне вайны і ўсталяваньне ўкраінскага кантролю над Данбасам (і Крымам, хоць гэта ня так крытычна) адчыніць для яе дзьверы для ўступленьня ў ЕЗ ды NATO, што фактычна зробіць закладнікам палітыкі гэтых структураў, у тым ліку – у стаўленьні да Беларусі. Пры гэтым варта адзначыць: Перамога, ва ўкраінскам разуменьні, гэта выключна выхад на свае межы. Ніхто рэальна не плануе “браць Маскву” альбо “дайсьці да Ўралу”. На такі паход Украіна ня мае ані рэсурсаў, ані падтрымкі Захаду. Найбольш верагодны сцэнар – закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю (візавы рэжым, тэхнічнае абсталяваньня паводле стандартаў ЕЗ) ды выкананьне ў дачыненьнях зь ёй рашэньняў міжнародных інстытуцыяў.

Можна ўпэўнена сцьвярджаць, што ськіраваная на Захад Украіна не дапусьціць стварэньня на сваёй тэрыторыі якіх-кольвек парамілітарных беларускіх арганізацыяў, дзейнасьць якіх будзе скіраваная да сілавой зьмены ўлады ў Беларусі. Адзінае, на што можна разьлічваць, гэта стварэньне нейкіх дзейных асяродкаў беларускай дыяспары, якія будуць падтрымліваць Беларускі вызваленчы рух. Але – выключна маральна ды інфармацыйна.

Магчыма, што гэтыя празаічныя рэчы непрыемна чытаць, але іх мусіць ведаць той, хто заклікае або сам зьбіраецца ехаць абараняць Украіну.

У святле вышэйсказанага, мне цяпер асабліва хочацца спыніцца на сапраўднай здані – гэтак званым «атрадзе “Пагоня”».

Новае “ўваскрэшаньне” атрада “Пагоня” адбылося пасьля шэрагу матэрыялаў пра сапраўдных беларускіх добраахвотніках у беларускіх незалежных СМІ. Гэтаму спрыяў той факт, што беларускія добраахвотнікі насамрэч неаб’яднаныя ва Ўкраіне ў нейкую адзіную структуру ды ня маюць адзінага, хай нават інфармацыйнага, цэнтру. Менавіта месца гэтага “цэнтру”, нават віртуальнага ды фэйкавага, вырашылі заняць стваральнікі гэтай здані.

Я ня буду тут паўтараць тую ісьціну, што нехта зноў спрабуе арганізаваць збор фінансавых сродкаў на міфічны «атрад “Пагоня”», якія невядома ў чыёй кішэні апынуцца. Але я хачу пасьлядоўна выкласьці некаторыя факты, якія выкрываюць ня толькі правакацыйны ды антыбеларускі, а нават антычалавечны характар гэтай гульні.

Па-першае. Стварэньне нейкай вайсковай структуры з замежных грамадзянаў або вярбоўка іх для ўдзелу ў вайсковых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны – гэта наўпростае парушэньне заканадаўства Ўкраіны. І кожны чалавек, які паддаўся на такі заклік, аўтаматычна робіцца злачынцам.

Па-другое. Нейкая нефармальная і незразумелая структура, якая ня мае афіцыйнага статусу ва Ўкраіне, аніяк ня можа нават рэкамендаваць замежных грамадзянаў для атрыманьня афіцыйнага статусу ды службы ў сілавых структурах. Нават ДУК “Правы Сектар” і Батальён АУН працуюць з добраахвотнікамі самі. Пацьверджаньнем гэтага ёсьць інфармацыя той жа Тактычнай групы “Беларусь” ДУК “Правы Сектар”.

Паўстае заканамернае пытаньне: «Куды і для каго зьбірае людзей тая “Пагоня”?»

Па-трэцяе. Заклікаючы беларусаў у свае шэрагі, здань “Пагоня” не дае ім ня толькі ніякіх сацыяльных гарантыяў, але нават не называе, у якім падразьдзяленьні яны будуць служыць надалей. На жаль, яшчэ ўвосень 2014 года, будучы на ратацыі ў Кіеве, я сустрэў аднаго з абдураных «байцоў атрада “Пагоня”» у офісе адной валанцёрскай арганізацыі. Паводле словаў юнака, найбольшае з таго, што яму прапанавалі – гэта “вишкіл у патріотичному таборі для молоді”. Потым больш за два тыдні “яму шукалі батальён”. У выніку ён сам, праз сваіх знаёмых, прыстаў да валанцёрскае арганізацыі. Натуральна, ніякім «байцом атрада “Пагоня”» ён сябе ня лічыць.

Наогул, варта зьвярнуць увагу на наступны факт: за апошні год у розных СМІ, як беларускіх незалежных, так і замежных, выйшла больш за два дзясяткі інтэрвю з рэальнымі беларускімі добраахвотнікамі з розных батальёнаў. Пры гэтым, як мінімум, адзін беларус-добраахвотнік з кожнага батальёну адкрыў свой твар і (або) назваў свае прозвішча. Але ніводны зь іх нават не згадаў пра «атрад “Пагоня”».

Што праўда, сярод інтэрвю, асабліва на ўкраінскім тэлебачаньні, было некалькі сюжэтаў з чальцамі той “Пагоні”. Але ўсе яны мелі некалькі вельмі дзіўных асаблівасьцяў:

а) інтэрвю браліся па-за зонаю АТА і нават ня ў месцы дыслакацыі вучэбнай базы якога-небудзь з добраахвотніцкіх батальёнаў;

б) практычна ніхто не называў добраахвотніцкі батальён, у якім ён рэальна служыць. Адзіная спроба адбылася ў мінулым годзе, але “баец атраду” яўна заблытаўся ў месцах і датах;

в) факты, якія прыводзілі «байцы “Пагоні”» у сваіх інтэрвю, незадоўга да гэтага былі агучаныя іншымі людзьмі альбо надрукаваныя ў сацыяльных сетках (таксама не сябрамі «здані “Пагоня”».

 Ап - 3

 

Асабліва непрафесійна былі зробленыя два апошніх інфармацыйных выкіды «атрада “Пагоня”»: аб дамове з палком “Днепр-1” ды “інтэрвю зь іх сябрам, што служыць у палку “Азоў”. Спынімся на іх больш падрабязна.

У выпадку з “Дняпром-1” адзіным доказам ёсьць фота двух чалавек з закрытымі тварамі, які стаяць побач з дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны, камандзірам палка “Днепр-1” Юрыям Бярозай. Усе апранутыя ў футболкі з сімволікай «атрада “Пагоня”». Але, як мне паведамілі памочнікі дэпутата (тэлефоны ёсьць на сайце Вярхоўнай Рады), фота зробленае “на підтримку білорусів, що сьогодні воюють за Україну”. Як бачым, аніякага абяцаньня «арганізаваць беларускі аддзел у “Дняпры-1”» не было. Ды яго і не магло быць, бо гэтага не дазваляе заканадаўства Ўкраіны. Больш за тое, Юры Бяроза ня мог даць падобнага абяцаньня, бо дзейны дэпутат Вярхоўнай Рады ня можа займацца іншай работай альбо служыць у сілавых структурах. Таму ў яго проста няма паўнамоцтваў для стварэньня падобнага аддзелу ў “Дняпры-1”.

Разам з тым, правяраючы сябе, я запытаўся ў “Дняпры-1”: “Ці можаце вы ўзяць на службу грамадзяніна Беларусі?”

Мне адказалі літаральна наступнае:

“Так, пра тое можа ісьці гаворка, калі прафесійная падрыхтоўка грамадзяніна Беларусі нас зацікавіць, але, у гэтым выпадку, мусіць быць наступная працэдура:

1. Кандыдат дасылае нам свае дакументы і атрымлівае ад нас выклік.

2. Бярэ ў адпаведных службах Рэспублікі Беларусь дазвол на эміграцыю ва Ўкраіну.

3. Бярэ даведку пра адсутнасьць судзімасьці ды крымінальнага перасьледу ў Беларусі.

4. Праходзіць 2-тыднёвы трэніравальны курс на нашай базе. Калі здае ўсе нарматывы і ён нам падыходзіць, ідзём далей.

5. Здаюцца дакументы ў міграцыйную службу Ўкраіны на “дазвол на часовае жыхарства ва Ўкраіне”. Тут жа адбываюцца праверкі па лініі СБУ і МУС. Калі ўсё нармальна, яго пераводзяць на двух-трохмесячны курс падрыхтоўкі. Толькі калі ён яго закончыць і мы пераканаемся, што гэты чалавек нам патрэбны, яму афармляюць грамадзянства Ўкраіны ды бяруць на службу. На сёньня ў палку служыць могуць толькі грамадзяне Ўкраіны.”

Як бачым, працэс залічэньня ў “Днепр-1” для замежных грамадзянаў вельмі складаны і, ведаючы ўкраінскую бюракратыю, практычна немагчымы.

Таксама цікавым ды правакацыйным ёсьць выступы нейкіх «сяброў атрада “Пагоня”», якія, быццам бы, служаць у палку “Азоў”. Першае падобнае інтэрвю выйшла год таму, але “баец” дапусьціў столькі ляпаў, што пра яго арганізатары “Пагоні” вырашылі ціха забыцца. І вось цяпер мы зноў бачым нейкага «байца з пазыўным “Кім”», што служыць ў “Азове” ды ёсьць «сябрам атраду “Пагоня”».

Насамрэч хочацца растлумачыць, чаму для фэйкавых інтэрвю акторы з “Пагоні” выбіраюць менавіта назву “Азоў”.

На маю думку, гэта пайшло праз тое, што яшчэ ў канцы вясны – пачатку лета 2014 г., камандзір палку (тады батальёну) “Азоў” даў шэраг інтэрвю, у якіх заявіў аб “беларусах ў сваім батальёне”. Пры гэтым, у адрозьненьні ад беларускіх добраахвотніках у іншых батальёнах, ніхто з беларусаў “Азова” інтэрвю не даваў. Менавіта гэта дало магчымасьць віртуальнаму “байцу” прадстаўляцца «беларусам з “Азова”» у 2014 г.

Але восеньню гэтага году арганізатары «праекту “П”» яўна пралічыліся. Бо яшчэ ў чэрвені 2015 года ўсе беларусы з “Азова” ня толькі далі інтэрвю карэспандэнту спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”, а і назвалі свае імёны ды адкрылі твары (http://azov.org.ua/…/belarusy-na-trenavalnaj-baze-palku-azo…). Пры гэтым, нават кажучы пра беларусаў, якія жадаюць патрапіць у полк, ніхто зь іх не сказаў аніводнага слова пра прыналежнасьць да “Пагоні” альбо пра нейкую сувязь з гэтым “атрадам”. І, што асабліва цікава, менавіта ў гэтым інтэрвю прагучала фраза “адзін беларус атрымаў раненьне ў грудзі, але пасьля шпіталю зноў пайшоў на фронт”, якую потым паўтарыў фэйкавы “добраахвотнік”.

Фактычна, калі параўноўваць інтэрвю “добраахвотніка” з “Пагоні” ды інтэрвю сапраўдных беларускіх ваяроў, лёгка заўважыць, што яно зробленае як адвольная кампіляцыя фактаў, якія ўжо прагучалі ад іншых людзей. Аніводнага ўласнага (новага) слова «баец “Пагоні”» не сказаў, што выразна адрозьнівае ягоныя адказы ад адказаў рэальных прадстаўнікоў таго ж “Азову” або ДУК “Правы Сектар”.

А як жа фота ў форме і з аўтаматам, якім ілюстраваны тэкст фэйкавага інтэрвю на Радыё Свабода?

Усё вельмі проста. Полк “Азоў” праводзіць для цывільнага насельніцтва вайсковыя курсы. У часе гэтых курсаў людзей апранаюць у вайсковую форму ды даюць поўную экіпіроўку з шаўронамі палка, уключна з вучэбнаю зброяю, для шкаленьня пад наглядам інструктараў. Заклікі на такія курсы лёгка знайсьці ў сацыяльных сетках ды ўкраінскіх СМІ. Менавіта на гэтых курсах і зроблена фота. Калі прыгледзецца, дык за правым плячом “добраахвотніка” добра відаць шэраг мішэняў і людзей каля іх. Такім чынам, фота зроблена на палігоне, дзе праходзіць шкаленьне цывільнае насельніцтва па запрашэньні трэнераў “Азова”. Дый наогул, сёньня ва Ўкраіне існуе вельмі шмат розных арганізацыяў, якія прадастаўляюць цывільным асобам магчымасьць вайсковага навучаньня (такія структуры ёсьць, напрыклад, у “Правым Сектары”). Таму зрабіць фота ў вайсковай экіпіроўцы са зброяю магчыма і за… тысячу кіламетраў ад фронту.

Усе гэтыя факты адносна «атрада “Пагоня”» выклікаюць вялікае падазрэньне аб добрапрыхаванай правакацыі сьпецслужбаў Беларусі альбо (і) Расеі, мэтай якой ёсьць выяўленьне патэнцыйных добраахвотнікаў й іх далейшая дыскрэдытацыя альбо нават нейтралізацыя

 

6 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    Ну вось мае падазрэнні што карысці для Беларусі ад беларусаў якія пайшлі ваяваць ва Украіну не будзе – пацверджаюцца.Я іх зрабіў абсалютна не ведаючы канкрэтных фактаў. Толькі сыходзячы ад памылковасці ідэалізма і метафізічнага мыслення у некаторых арганізатароў і прыхільнікаў гэтага сайта. Так што і ліберасты могуць працаваць на карысць нашай Радзімы.

  2. Siarhiej кажа:

    Здаецца, у гэтым артыкуле, як кажуць, пастаўлены ўсе кропкі над “і”.

  3. Андрій кажа:

    Хочу трошки додати.
    Днями ВР України дозволила закордонним громадянам служити в ЗСУ по контракту. Саме по такой схеме, яка тут описана для Д-1. Тільки громадянство їм будуть давати через 3 роки. Нічого для добровольців, які вже є в Україні це не дає, бо вони не можуть заочно зібрати всі довидки та 99% вже є порушниками законодавства України.

  4. Алесь кажа:

    Цікавы пост з ФБ аб новым законе Украіны
    Рустам Док
    6 Кастрычнiк а 13:33 · Рэдагавана
    ВР приняла закон, по которому иностранцы могут получить гражданство после трех лет службы в ВСУ с заключением контракта. Этот закон не решает наши проблемы НИКАК, даже частично.
    1.Мы уже воевали.
    2.Некоторые потеряли здоровье и не пройдут медкомиссию
    3.У некоторых уже нет документов.
    4.Многие уже находятся нелегально с просроченным сроком пребывания.
    5.Закон не отменяет необходимости поездки в Беларусь для получения нового паспорта серии РР, что необходимо для получения украинского гражданства.
    6.А если у людей паспорт за три года ЗАКОНЧИТСЯ или в бою сгорит? Им в Россию или в Беларусь в тюрьму ехать, а потом к вам обратно?

    Если хотите принять законопроект, то принимайте 1901: он наши проблемы решит хотя бы частично. И это не говоря о том, что нам президент ГОД назад обещал гражданство без всяких “отслужите еще двадцать лет а потом мы может быть что-то там где-то там вам дадим”. Многие ребята уже не дожили, а законопроект еще не приняли и обещание президент не выполнил…

    P.S. уточнение небольшое: насколько я понял, голосование было вообще только за закон, РАЗРЕШАЮЩИЙ служить иностранцам в ВСУ. а другие законы даже не обсуждались, цитата:
    “Les Nik: Док, этот закон даже и не приняли.
    Они приняли ТОЛЬКО 2389 О разрешении службы в ВСУ.
    2847 Проголосован “за основу”.
    А “в целом” – не голосовали даже.
    В первой вкладке “Проходження” должно стоять – ЗАКОН ПРИНЯТ.”

  5. Павел Біч кажа:

    Шаноўная Рэдакцыя, ну што жа вы спіце? Маўчыце пра Алексеевіч.

  6. МАРНИЧ кажа:

    ЗЫ-МАГАРЫЧ

    За дискуссией, которую инициировал Сергей Дубовец своим «многоэтажным» эссе (уже сага) «Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў», я слежу почти с самого начала.

    Вернее будет сказать, участвую в ней односторонне. Поскольку ряд моих комментариев на сайте «Свабоды» отсеивают из потока, а на опубликованные публика не обращает внимания, то отвечать участникам дискуссии приходится все новыми и новыми дополнениями к исходному тексту моего обращения к ним – и к «Свабодзе», и к принимающим из её рук «пищу ума».

    Таким образом, в процессе полу-воображаемого одностороннего общения – толи как часовой с вышки кричит вниз, толи как сни3У к нему взывают из-за колючей проволоки (—х—х—х—), я написал уже неслабую брошюру, а если с учётом переходов по ссылкам, то уже и монография сверсталась. Пока без названия.

    Собственно за этим и обращаюсь к ВАМ, размещая этот комментарий поближе к тем, «кто в курсе», чтобы получить подсказку – какого названия заслуживает эта моя «монография» и какой продукт на её основе можно создать, чтобы заработать на кусок хлеба?

    А то абстрактно зависшее над страной «пророчество» аналитиков «будзе яшчэ горы», отсвечивает (тенью…) в мое окно все более конкретно.

    На каких сайтах искать поддержку, оценку и платежеспособный спрос для этой “монографии”– на политических, научных (богословских), мистических, медицинских или ещё каких?

    Если кого осенит, то свой ответ (совет, подсказку) оставьте пожалуйста на стене Замка Стерегущего периметр (по ссылке) – слишком накладно мне бегать туда-сюда порожняком, интернет в Сено никакой, а мой компьютер вообще отдельная глава биографии.

    Начало просмотра тут – не «ночь музеев», но и не день для ротозеев
    http://bit.ly/1W0Se82

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы