nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У памяць пра Васіля Якавенку

13 сакавіка, 2018 | 3 каментарыя

22 студзеня 2018 года памёр Васіль Якавенка.

Пра гэтую трагічную падзею паведамілі многія беларускамоўныя СМІ – газеты “Наша Ніва” (https://nn.by/?c=ar&i=203613), “Новы Час” (https://novychas.by/asoba/pajszou-z-zyccja-vasil-jakavenka), “Наша слова” (http://naszaslowa.by/2018/03/nasha-slova-10-1369-7-sakavika-2018-g/), радыё “Свабода” (https://www.svaboda.org/a/28991025.html), Еўрарадыё (https://euroradio.fm/pamyor-pismennik-vasil-yakavenka),  сайты “Будзьма!” (http://budzma.by/news/pamyor-pismyennik-vasil-yakavyenka.html), “Салідарнасьць” (https://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=134763), “Мы – нацыя!” (http://www.nation-sos.org/), іншыя СМІ.

Сёньня і мы, аддаючы даніну гэтаму таленавітаму, разумнаму, няўрымсьліваму і самаахвярнаму беларусу-патрыёту, падаем ніжэй шэраг матэрыялаў у памяць пра яго. У асноўным гэта будуць інтэрвю сп. Васіля розным выданьням, у якіх ён сам выкладае сваю пазіцыю па праблемах нашага агульнанацыянальнага жыцьця. Але пачнем з кароткай інфармацыі, прысутнай сёньня ў Вікіпедыі.

 

1.

(Узята адсюль:  https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%92%D0%B0%D1%81%D1%96%D0%BB%D1%8C_%D0%A6%D1%96%D0%BC%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B5%D0%B2%D1%96%D1%87_%D0%AF%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D0%BD%D0%BA%D0%B0)

Васіль Цімафеевіч Якавенка — беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся 5 траўня 1936 году ў вёсцы Пажыхар Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і.

У 1956 годзе скончыў Беларускі індустрыяльны тэхнікум, па сьпецыяльнасьці геолаг. У 1956-58 гг. служыў у Савецкай Арміі. Працаваў майстрам, тэхнікам, інжынерам у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах рэспублікі, рэдактарам на Беларускім радыё. У 1966 годзе завочна скончыў БДУ. У 1972-77 гг. — рэдактар аддзелаў навукі й мастацтва, нарыса і публіцыстыкі часопісу «Полымя». У 1977-78 гг. — сакратар праўленьня Саюзу кінематаграфістаў БССР. З 1990 года — прэзідэнт Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюзу «Чарнобыль». Сябра СП СССР з 1977 году. У друку выступаў з 1957 году (газета «Гомельская праўда»). Памёр 22 студзеня 2018 г.

Бібліяграфія:

  • Земля, открытая нами : художественные очерки. — Мінск : Маст. літ., 1971.
  • Пробны камень : нарысы. — Мінск : Маст. літ., 1974.
  • Приручение земли. — М. : Политиздат, 1975. (Сер. «Повести о делах и людях партии»).
  • Пакуль сонца ў зеніце : аповесць у нарысах. — Мінск : Маст. літ., 1977.
  • Персона нон грата : п’еса (у сааўтарстве з М. Місюком) пастаўлена ў Магілёўскім абласным тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча (1981) // Гаючая квецень. Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 2004.
  • Через гать : очерки. — М. : Сов. писат., 1982.
  • Дайсці да ладу : нарысы. — Мінск : Маст. літ., 1985.
  • Вясковыя дыспуты : падарожнае эсэ. — Мінск : Маст. літ., 1987.
  • Другой зямлі не будзе : публіцыстычныя аповесці, нарысы. — Мінск : Маст. літ., 1989.
  • На что нам жизнь дана : повести, очерки. — М. : Сов. писат., 1991.
  • Смяльчак Лузь : казкі. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 1995.
  • Чорная ружа : Казкі. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 1996.
  • Чернобыль. Десять лет спустя : эссе. — Минск : БелСоЭС «Чернобыль», 1996.
  • Сказ пра беларусаў : публіцыстыка, вершы / у сааўт. з Л. Эмілітам. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 2000.
  • Крушэнне на ростані : эсэ, артыкулы, гутаркі. — Мінск : Бел. кнігазбор, 2002.
  • Надлом. — Мінск : Бел. кнігазбор, 2003. (Сер. «Беларускі гістарычны раман»).
  • Пакутны век : трылогія. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 2006.
  • Нячывелле : апавяданні, публіцыстыка, дакументы. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 2008.
  • Пакутны век : трылогія. 2-е выд. — Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль», 2009.
  • Прывіды Шанхая над Свіслаччу: эсэ, гутаркі, артыкулы. –– Мінск : БелСаЭС «Чарнобыль». –– 2011.
  • Надлом. Кручина вековая (Пакутны век) : трилогия. –– Санкт-Петербург : Нестор-История. –– 2015.
  • Як знайсці духоўнасць і гармонію ў грамадстве: эсэ, брашура. –– Мінск : Тэхналогія. –– 2015.
  • Абярэг : раман. — Мінск : Медысонт. — 2017.

Асобныя творы ў калектыўных зборніках: «Пройдуць гады» Мн. 1968 г.; «В судьбе природы — наша судьба». Писатели об экологических проблемах. М. 1990 г.; «Птушка шчасьця». Зборнік казак. Мн.1991 г.; «Земля тревоги нашей». Публицистическое издание. Мн. 1991 г.; «Письма к живым». Дайджэст газэты «Набат». Общая редакция и авторство. Мн. 1999 г.; «Гаючая квецень». Творы, напісаныя медыкамі. Мн. 2004 г.

Прызнаньне:

Лаўрэат альтэрнатыўнай Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Ф. Нансена (1994).

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (01.11.2016).

* * *

Дададзім да гэтага ад рэдакцыі (узята адсюль: https://nn.by/?c=ar&i=203613):

У 1980-я гады актыўна выступаў супраць вялікага меліярацыйнага праекта абвалаваньня і выпростваньня рэчышча Прыпяці. У выніку праект меліярацыі яе поймы быў скасаваны.

Менавіта Якавенка ў 1988 годзе быў першым кіраўніком аргкамітэту па стварэньні Беларускага народнага фронту. Але літаральна праз некалькі дзён у аргкамітэце адбыліся перавыбары, і яго ўзначаліў Зянон Пазьняк. Сам Якавенка адышоў ад БНФ…

(Больш падрабязна пра супрацьстаяньне Якавенка-Пазьняк гл., напрыклад, тут – https://nashaziamlia.org/2009/06/25/2349/)

* * *

 

2.

І яшчэ кароткая інфармацыя, узятая адсюль: https://gazetaby.com/cont/art.php?sn_nid=134763

Прачулыя словы ўнука пісьменьніка Яна Мачульскага: “Ён быў тым, хто праз сваю дзейнасьць ратаваў нашу зямлю ад наступстваў радыяцыйнай навалы і тым, хто ўратаваў ад новай экалагічнай катастрофы, спыніўшы высушэньне Палесься яшчэ ў сваёй маладосьці. Ён быў ахоўнікам нашага народу і нацыі. Ягоны эпас «Пакутны век» – гэта праўдзівая грунтоўная праца пра беларусаў, якія мы ёсьць, пра нашу годнасьць і трагедыю, пра ўсё, што мы сьцярпелі і куды рухаемся. І мне ня хопіць словаў, каб усё пералічыць … Нібы прадчуваючы такі раптоўны сыход, ён пасьпеў скончыць і выдаць апошні твор, наказ нам, “Абярэг””.

* * *

 

3.

ВАСІЛЬ ЯКАВЕНКА: «ПАКУТНЫ ВЕК» МОЖА БЫТЬ ВІЗІТНАЙ КАРТКАЙ НАШАГА НАРОДУ…»

Трылогію «Пакутны век» Васіля Якавенкі па моцы ўздзеяньня на чытача крытыкі параўноўваюць з «Духам пушчы» Джэка Лондана і «Апошнім з магікан» Джэймса Купера. Творы амерыканскіх пісьменнікаў прысьвечаны вынішчэньню індзейцаў. У рамане Якавенкі падаецца пакутная гісторыя, якую перажыла беларуская нацыя за сваю гісторыю і асабліва цягам апошняга стагоддзя. Падзеі ў творы пачынаюць разгортвацца ў 1920-я гады, калі былі яшчэ сьвежымі раны ад першай сусьветнай і грамадзянскай, а па геаграфіі яны выходзяць далёка за межы Беларусі. Аб ідэі рамана і яго героях распавёў аўтар трылогіі пісьменьнік Васіль Якавенка. Зь ім гутарыла Яна Шыдлоўская (узята адсюль: http://www.tio.by/info/opinions/3617/; трохі адрэдагавана).

 

– Спадар Васіль, кніга, аб якой пойдзе гаворка, гэта перавыданьне трылогіі «Пакутны век», якая ўпершыню выйшла з друку ў 2006 годзе. Чым было абумоўлена зьяўленьне пашыранага варыянту?

– Пачатак трылогіі быў пакладзены яшчэ ў 2003 годзе раманам «Надлом». Матэрыялу было шмат, таму дастаткова было прыкласьці рукі, як напісанае пераўвасобілася ў трылогію, дзе да першай кнігі далучыліся раманы «Кабала» і «Гульня на згубу». У 2006 годзе трылогія выйшла ўпершыню. Нечакана для мяне твор аказаўся даволі запатрабаваным, складалася ўражаньне, што яго чакалі даўно. Пра яго пачалі казаць і пісаць як пра небывалы ў беларускай эпічнай прозе, маўляў, яго варта разглядаць у кантэксьце ня толькі айчыннай, але і сусьветнай літаратуры. Такія водгукі ня могуць пакінуць абыякавым, таму пачалася праца па ўдасканаленьні трылогіі. Я адчуваў, што над некаторымі разьдзеламі трэба папрацаваць, каб яны выглядалі яшчэ больш па-мастацку – да гэтай пары я меў большы досьвед у напісаньні публіцыстычных твораў, аднак заўсёды цягнула і на гэтыя гоні. Такім чынам, другі выхад трылогіі ў сьвет адбыўся праз тры гады пасьля першага. Новая версія больш пашыраная – тэкст павялічыўся амаль на 150 старонак. У апісаньні гістарычных падзей зьявіліся новыя факты, характары некаторых персанажаў сталі больш глыбокімі. Да таго ж, мне хацелася ўлічыць і некаторыя крытычныя заўвагі, пажаданьні. Напрыклад, адна паважная чытачка са Століншчыны зазначыла: «За польскім часам, сапраўды, было цяжкае жыццё, але ж і тады былі сьвяты і мы сьпявалі, сьмяяліся, езьдзілі ў госьці – вёска да вёскі. Гэтага ў тэксьце няма…» Так, сапраўды, не было, а душа народа няўбіенная, таксама ж і каханьне… У выніку зьявіліся два разьдзелы пра тое, як у палескім мястэчку Моталь, адкуль родам галоўны герой, праводзіліся кірмашы і сьвяткавалі Спас.

 

– Крытыкі вызначаюць жанр твора як гістарычны раман. Што стала перадумовай яго напісаньня?

– Падчас камандзіроўкі ў ЗША мне пашчасьціла пазнаёміцца з Марыяй Дзямковіч, якая паходзіць з мястэчка Моталь. Калі яна расказвала пра сябе, не магла не закрануць і тэму жыцьця свайго дзеда, зь якім у яе была вялікая дружба. Яго без прычыны забілі мясцовыя партызаны, дый ня толькі яго… Пра гэты трагічны выпадак яна дагэтуль ня можа ўспамінаць бяз сьлёз. У яе душы з таго часу адбыўся псіхічны надлом. Вярнуўшыся ў Беларусь, я наведаў Моталь і пачаў цікавіцца родам Марыі. Мне ўдалося сабраць шмат зьвестак, дзякуючы якім адкрывалася цэлая гістарычная эпоха. Галоўным героем майго рамана стаў яе дзед Пётр Рамановіч, які быў чалавекам дасьціпным, шырокіх поглядаў, патрыятычнага складу душы. Гэта тыповы прадстаўнік свайго народу. У 1900-я ён выпісваў «Нашу ніву» – адзін гэты факт ужо сьведчыць аб яго сьвядомасьці.

 

– Якія персанажы, апроч Пятра Рамановіча, прысутнічаюць у творы?

– Персанажаў вельмі шмат, і я дзіўлюся, як чытач не губляецца пры знаёмстве зь імі. На 85 адсоткаў персанажы – гістарычныя асобы, рэальныя постаці. Тут паўстаюць памешчык Раман Скірмунт, Радаслаў Астроўскі, Мікалай Шчорс, Барыс Кіт, Ларыса Геніюш, Усевалад Родзька, Юры Сабалеўскі, Юрка Віцьбіч, сьвятары Гадлеўскі, Раздзялоўскі… Апроч мясцовых герояў дзейнічаюць Гітлер, Сталін, сын Сталіна, які на Віцебшчыне ўдзельнічаў у баях і трапіў у палон. Тут, бадай, упершыню ў мастацкай і гістарычнай літаратуры раскрываецца вялікае танкавае пабоішча 1941 года, калі Чырвоная армія спрабавала нанесьці магутны контрудар нямецкім войскам. З-за праліку камкора Вінаградава контрудар захлынуўся. А потым сярод персанажаў – і старшыня мотальскага калгаса-мільянера Апанас Стрыгуноў, тып рэдкі ў гісторыі савецкай вёскі, і апантаны будаўнік камунізму Хрушчоў, і паважаны наш зямляк Мазураў… Дарэчы, героі ня дзеляцца на «нашых» і «ворагаў» – я імкнуўся паказаць кожнага найперш людзьмі на гэтай грэшнай зямлі, з уласьцівымі ім памкненьнямі душы, сацыяльнымі й ідэалагічнымі парадыгмамі, характарамі. Напрыклад, у рамане найбольш спрэчак выклікае неадыёзная постаць генеральнага камісара Беларусі Кубэ, раскрытая мной на дакументальнай аснове. Гэта чалавек, які сам сябе загнаў у пастку.

Цяпер вядома ня толькі мне, што Кубэ ў сваіх лістах да Гітлера вінаваціў гестапаўцаў у тым, што яны займаюцца злачыннымі карнымі эксьпедыцыямі, выпальваюць вёскі з людзьмі – такія акцыі трэба спыніць, бо гэта ганьба для Германіі! Кубэ дапамагаў беларускім нацыяналістам, у якіх адной з мэтаў было пашырэньне адукацыі. Пад нямецкай уладай усе школы былі беларускамоўнымі. Прычым, як правіла, выкладалі ў іх, абмінаючы і нямецкую, і савецкую прапаганду. Дзяцей вучылі чытаць, пісаць і выхоўвалі ў беларускім патрыятычным духу. Спакваля адкрывалі для іх гімназіі ды вышэйшыя школы… У Маскве ж сьвядомых патрыётаў Беларусі лічылі большымі ворагамі, чым нямецка-фашысцкіх акупантаў. Менавіта таму за вайной, пры адступленьні немцаў, і рушылі дзясяткі й сотні тысяч мірных жыхароў на Захад…

 

– Што пакладзена ў аснову сюжэта?

– Сюжэт у рамане для мяне самога – загадка, паколькі твор ня меў адмыслова распрацаванага плана; наперад у працы мяне вялі літаратарская спрактыкаванасьць, досьвед у раскрыцьці жывых герояў і, безумоўна, інтуіцыя. Я сьмела ішоў за абранымі мной героямі – проста насустрач гістарычным падзеям – і раскрываў іх у водавароце часу, у сутычках, канфліктах між сабой і прышэльцамі.

Мястэчка Моталь упершыню выступае ў часе, калі паводле Рыжскай дамовы Заходняя Беларусь адышла да Польшчы – тут пераважалі беларусы, былі й палякі, вельмі часта паміж імі надараліся сутычкі, ініцыяваныя, як правіла, пракамуністычным падпольлем. Бліжэй да 1939 года мясцовыя патрыёты ўсё часьцей распраўляліся са сваімі ж месьцічамі – забівалі тых, хто супрацоўнічаў з польскімі ўладамі. Гэтакая карціна мела месца і на больш шырокай прасторы, асабліва, калі гітлераўская Германія напала на СССР. Партызанскі рух стымуляваўся з усходу.

Далей у эпасе паказаны пасьляваенны час як у Беларусі, так і на выгнаньні часткі герояў – у далёкім замежжы, а вось апошнія падзеі адбываюцца ўжо на пачатку ХХІ стагоддзя. Такім чынам, раман ахоплівае даволі стракаты, поўны драм і трагедый, навальнічны час, згубны шмат у чым для народа і нацыі.

 

– Калі можна, больш падрабязна пра геаграфію рамана-трылогіі.

– Пералічыць усе месцы дзеяньняў даволі складана, бо іх шмат. Перш за ўсё падзеі адбываюцца ў беларускіх гарадах, сярод якіх Пінск, Драгічын, Баранавічы, Мінск, Гродна, Навагрудак, Карэлічы, Віцебск, Сянно… Мае героі таксама жывуць і дзейнічаюць у Варшаве, Празе, Берліне ды іншых гарадах Нямеччыны, у Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Сан-Францыска, Маскве, Вільні. Часам у поле зроку герояў трапляюць падзеі й на Далёкім Усходзе. Нават у геаграфічным абсягу – гэта раман-эпапея, пра гэта сьведчыць і шырокая панарама гістарычных падзей.

 

– Наватарства рамана і ў тым, што вы паказваеце неаднароднасьць таго ж партызанскага руху…

– Так… Гэтую тэму я вывучаў практычна – жыў, праўда, яшчэ дзіцём, у партызанскай зоне, што ахоплівала Васілевіцкі раён Гомельскай вобласьці, і мой дзядзька Іван Якавенка быў камісарам партызанскага атрада. Сталася так, што мой цесьць Мацьвей Фурман быў камандзірам партызанскага атрада на Любаншчыне. Вось яго атрад быў узорным. Ваяўнічыя і стойкія мсьціўцы ўмелі ладзіць зь мясцовымі жыхарамі, паважліва ставіліся да іх, дапамагалі ім у правядзеньні палявых работ. Удзячныя месьцічы, у сваю чаргу, дапамагалі партызанам харчамі і вопраткай.

 

– Аднак былі й іншыя…

– Так. З тымі «іншымі» я, практычна, сустрэўся на Піншчыне, у Моталі й пад Моталем, дзе партызаны зводзілі рахункі пераважна зь мясцовымі жыхарамі. Іх камандзір Плюнгер (прозвішча зьмененае) – яскравы тыпаж, які выклікае ў чытача і захапленьне сваім спрытам, адвагай, і агіду, абурэньне тым, што пераступае раз-пораз межы маралі. Безумоўна, ні ў якім разе не аспрэчваецца відавочная роля партызанскага руху ў ваенны час – з кнігі ж навідавоку: колькі варожых эшалонаў было падарвана падчас рэйкавай вайны! Аднак паказана ў творы і роля наноснага ідэалагічнага разбою – тое, што вызначаецца словамі грамадзянскай вайны. Зьява пакуль мала дасьледаваная…

 

– Аўтары рэцэнзій адзначаюць, што ў рамане раскрыта габрэйская тэма…

– Сапраўды так. Я ня мог яе абысьці, бо амаль палова насельніцтва Моталя былі габрэямі. Да таго ж, першы прэзідэнт краіны Ізраіль Хаім Вайцман выгадаваны ў Моталі, ён жа ў жніўні 1939 года, выступаючы ў Жэневе на 21-м зьездзе сіяністаў, ад імя ўсіх яўрэяў сьвету абвясьціў вайну Нямеччыне. Тым часам многія яго супляменьнікі зьяўляліся вышэйшымі чынамі, генераламі й афіцэрамі Вермахта, аддана служылі Гітлеру. Мне не выпадала абмінаць гэтую тэму.

Калі пачалася вайна, шмат хто з уцекачоў сьпяшаліся перасяліцца на беларускія землі. Мясцовыя габрэі і ўцекачы сябравалі зь Пятром Рамановічам. Натуральна, яны размаўляюць аб тым, чаму Гітлер абрынуўся на іхны род. І гэтая тэма падаецца ў гістарычна-псіхалагічным плане.

 

– Як вы вызначаеце аўдыторыю рамана?

– Нечакана для мяне пасьля выхаду кнігі пачалі прыходзіць лісты ад маладых людзей. А гэта значыць, што тэма цікавая і для моладзі. Аднак найбольш лістоў і падзяк было ад прадстаўнікоў старэйшых пакаленьняў, якія перажылі ўсё, пра што я пішу і што мучыла іх многія гады. Цяпер для іх дзіва: як глыбока і нават жорстка “іхняя” праўда паказана. У некаторых сем’ях набывалі па два-тры асобнікі кнігі.

 

– Факт, якім вызначаецца і актуальнасьць твора?

– Безумоўна. У трылогіі закранутае вельмі важнае для нашай краіны быцьцё. Гэты твор – перш за ўсё нацыянальны раман, у ім паказана, хто такія беларусы і як фармавалася нацыя. У нейкім сэнсе яго можна назваць і палітычным раманам, бо ў ім асьвятляюцца шматлікія грамадска-палітычныя працэсы. Іх веданьне дапамагае глыбей зразумець нашу гісторыю і саміх герояў.

 

– Ці плануеце пераклад рамана на іншыя мовы?

– Пакуль што далейшага руху для майго твора няма. У Маскве знайшоўся перакладчык, але ня знойдзены сродкі для аплаты ягонай працы…

Алег Лойка ў свой час адзначыў, што «Пакутны век» можа быць візітнай карткай нашага народу. А калі раман – візітная картка народу, яе важна паказаць й іншым. Толькі гэта ўжо інтарэсы не аднаго ўласна аўтара, але і літаратуры, і народа.

* * *

 

ВАСІЛЬ ЯКАВЕНКА: НАБАТАМ Б’Е ІНЕРЦЫЯ ЧАРНОБЫЛЬСКАЙ БЕЗАДКАЗНАСЬЦІ!

(Гутарыў Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя; узята адсюль https://www.racyja.com/hramadstva/vasil-yakavenka-be-nabatam-inertsyya/)

Ён заўжды быў і застаецца чарнобыльцам – ад пачатку нараджэньня Зоны. Дзе ў зоне ж адчужэньня апынуліся яго родныя Васілевічы. Пасьля былі шматлікія падарожжы па забруджаных радыяцыяй раёнах.

У 1991-96 гадах набатам на ўвесь сьвет грымнула заснаваная ім аднайменная ж і адзіная ў сваім родзе газета “Набат”, нязьменным рэдактарам якой зьяўляўся.

Цяпер зьяўляецца рэдактарам сайта “Мы-нацыя!” Заснавальнік і кіраўнік сацыяльна-экалагічнага саюза “Чарнобыль”, днямі ён стаў сябрам створанага грамадска-кансультатыўнага савета па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

А яшчэ – у яго пісьменьніцкім багажы да трох дзясяткаў уласных кніг ды ўдзел у калектыўных зборніках. Зь дня на дзень выйдзе з друку яго апошняя аповесьць “Зямля, даруй…”, дзе ў тым ліку, таксама апавядаецца – пра Чарнобыль.

Наш госьць – грамадскі дзеяч і пісьменьнік Васіль Якавенка:

 

РР: Спадар Васіль, я Вас віншую з тым, што сталі сябрам чарговага чыноўніцкага ўтварэньня. Але мяне, мякка кажучы, бянтэжыць – чаму пра чарнобыльскі генацыд беларусаў зь яго атрутамі ад малых доз радыяцыі, дрэнным і шкодным харчаваньнем з забруджаных тэрыторый – гаворым толькі прынагодна, 26 красавіка?! Хоць ад пералічанага штогод памірае яўна больш, чым ад транспартных здарэньняў?!

Васіль Якавенка: Пры “камунізьме” жыцьцё будавалася такім чынам, каб прыхаваць, калі што дрэннае, замоўчыць, зьнівеліраваць – “а мо абыдзецца”. Таму пералічанае Вамі адбываецца не з-за таго, што бракуе інфармацыі. Я ж таксама прыйшоў да разуменьня Чарнобыля ня ў родных забруджаных Васілевічах, а адразу пасьля аварыі ва ўрадавай бібліятэцы. Знайшоў кніжку, перакладзеную з ангельскай мовы, пра ўплывы радыяцыі на чалавечы арганізм. Празь нейкі час, калі ўжо пачаў займацца “тэмай”, зноў хацеў зьвярнуцца да яе. Аж не – знішчылі, як і ўсё праўдзівае тады. Але я ўжо стаў ездзіць у Зону – Хойніцкі, Рэчыцкі раёны. Пасьля Магілёўшчына, дзе наогул забаранялася гаварыць пра наступствы радыяцыі. І гэта ішло з “вышынь” абкама партыі.

 

РР: Пасьля вашых гэтых вандровак, мабыць, у 1991 і ўзнік “Набат”– унікальная і адзіная “чарнобыльская” газета, што праіснавала 5 наступных год, пра якую Алесь Адамовіч з павагай гаварыў, што цяпер праўда пра Чарнобыль “пастаянна дзеючая”…

Васіль Якавенка: Пісьменьнік Адамовіч проста малайчына! Ён ня толькі першым паведаміў планеце праўду пра Чарнобыль, але і пра тое, што на Магілёўшчыне штучная радыяцыя, якую сьвядома “пасеялі” чыноўнікі з тагачаснага Палітбюро КПСС. Яны з дапамогай летакоў расьсеялі й “асадзілі” радыяцыйныя воблакі, што прамой хадой рушылі на Маскву. Такім чынам, зрабілі з Магілёўшчыны ды Гомельшчыны атамны палігон. Таму, калі першы нумар “Набата” зьявіўся ў друку, я быў гатовы яго расцалаваць! Неўзабаве адкрылася, што апрача Беларусі й Украіны, у нас зьявіліся падпісчыкі ад Піцера да Далёкага Усходу. А на суседняй Браншчыне ўлады нават сталі забараняць газету для публічнага продажу.

РР: Што ж прымусіла перастаць біць у “Набат”?

Васіль Якавенка: У нас быў дзіцячы санаторый “Кюсю-на-Свіслачы”, які трымалі 4 гады дзякуючы гуманітарнай дапамозе 200 сяброў дабрачыннай японскай арганізацыі з аднайменнага вострава па дапамозе дзецям Чарнобыля. Яны прывозілі медыкаменты, абсталяваньне, проста перадавалі грошы, якія таксама выкарыстоўваліся і для выданьня “Набата”. З цягам часу падтрымка па незалежных прычынах перапынілася. Была і другая непрыемная прычына. Акурат у 1996-м Міністэрства па надзвычайных сітуацыях вырашыла ўвесьці ліцэнзіі на аздараўленьне дзяцей. Якую нам… не далі. Прычыну цынічна не выбіралі – маўляў, у вас ў прыбіральні не хапае адной дзіркі, куды дзеці бегаюць па патрэбах. А ня даць ліцэнзіі – перапыніць фінансаваю плынь як для санаторыя, так і для газеты. МЧС жа тады транжырыла грошы абы куды і абы як. І мы паводле моцнай фактуры падрыхтавалі разгромную публікацыю, пасьля якой міністар падаў на “Набат” у суд і, прайграўшы, вымушаны быў забраць заяву…

 

РР: Але з пазіцый дня сёньняшняга мусім зазначыць, што ўжо тады ва ўладзе рыхтаваліся і зьнікненьне статусу чарнобыльскіх ліквідатараў, і каб на забруджаных землях перасталі праводзіцца рэгулярныя медычныя агляды і дапамога жыхарам, каб зьніклі ільготы чарнобыльскай моладзі пры паступленьні ў ВНУ і ўсё тое, што сёньня маем рэальнасьцю. Спадар Васіль, пытаньне наўпрост. Чаму Вы, сумленны грамадскі дзеяч, увайшлі ў чарговае чыноўніцкае ўтварэньне? І галоўнае – у гэтым грамадска-кансультатыўным савеце будуць разглядацца пытаньні, зьвязаныя з будаўніцтвам чарговага атамнага монстра – Астравецкай АЭС?!

Васіль Якавенка: Туды, дарэчы, уваходзяць і кіраўнікі грамадскіх чарнобыльскіх арганізацый. Надзённыя пытаньні будзем зьбірацца і абмяркоўваць, паводле палажэньня, двойчы на год. Што да Астравецкай АЭС, дзейная дзяржава [цяперскія ўлады. – Рэд.] сказала УСЁ самае дрэннае – будаваць. Цяпер найважней, што яшчэ скажуць міжнародныя арганізацыі і як будуць дзейнічаць суседнія дзяржавы.

 

РР: Што ж, у Беларусі пабывалі ўжо тры місіі МАГАТЭ, якая, паводле статуту, не зьяўляецца “рэгулятарам мірнага атама”. Рытарычна спытаю – ці ўвайшлі ў іх справаздачы ацэнкі нашумелага падзеньня корпуса рэактара, іншыя аварыі, што паўтараюцца, інфармацыя пра некваліфікаваных рабочых, што працуюць?!

Васіль Якавенка: Сітуацыя больш чым недарэчная. Бо пра МАГАТЭ яшчэ ў тым жа “Набаце” пісалі, што гэта, нібы, аўтарытэтная міжнародная арганізацыя, калі ўбачыць злачынныя недахопы, тым ня менш, ня можа забараніць будаўніцтва. Больш за тое, як адкрылася, спакойна і маўкліва назірае за няўвязкамі ў Астраўцы, атрымліваючы дывідэнды ў свой бюджэт. Значыць, мае сталую падтрымку ад розных мафіёзных атамных лобі. Нам застаецца чакаць, калі станцыю пабудуюць – і запрацуе пасьля ці не.

Грамадскасьць спрабавала ладзіць пікеты, узвышаць голас супраць будаўніцтва на “чарнобыльскіх шляхах”, але ведаем, што заканчвалася ўсё пасадкамі і штрафамі.

Еўропа таксама чамусьці дзіўнавата-абыякава ставіцца да Астравецкай пагрозы, нібы, калі што, да іх не дакаціцца.

 

РР: Тым больш, Вы, як геолаг па адукацыі, ведаеце, што будаўніцтва вядзецца на так званым геаграфічным разломе і што можа ў часе эксплуатацыі АЭС адбыцца, не скажа ніводзін акадэмік…

Васіль Якавенка: Пэўна ж! Улада ўвогуле ў грош не ставіла меркаваньні вучоных, што давалі эксьпертныя ацэнкі “супраць” злачыннай будоўлі, паказвалі шкоду яе для Беларусі. Што зараз рабіць? Ды нічога – чакаць…

 

РР: Пакуль не ўзарвецца?!

Васіль Якавенка: Хіба так. А тады галаву будзем пасыпаць чарговым чарнобыльскім попелам і некага клясьці. Найперш сябе…

* * *

 

5.

ТРЭБА ВЯРНУЦЬ НАРОДУ САПРАЎДНУЮ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ

Гэтая гутарка Вітаўта Мартыненкі з Васілём Якавенкам адбылася ў траўні 2011 года, калі пісьменіку споўнілася 75 гадоў. Даўно няма Вітаўта Мартыненкі, 22 студзеня пайшоў з жыцьця Васіль Якавенка. Засталіся словы і справы.

 

— Спадар Васіль, пасьля вашай трылогіі «Пакутны век», пра якую дагэтуль не змаўкаюць дыскусіі ў прэсе, вас не назавеш сьціплым літшарагоўцам. Вы недзе ў друку зазначылі, што пачыналі зь вершаў. Дык якое было разьвіцьцё вашай паэтычнай эпапеі?

— Паэтычнай эпапеі ў мяне ня склалася. Паэтыкай, умоўна кажучы, займаўся дзеля пацехі. Я быў дужа начынены савецкім патрыятызмам, не раўнуючы як Паўлік Марозаў. Нешта падказвала мне, студэнту тэхнікума, нават стварыць гурток для паглыбленага вывучэння гісторыі партыі. У выніку такога душэўнага гарту, аднак, і вылезла зь мяне на паперу паэма, прысвечаная… каму б ты думаў?

 

— Радзіме?

— Не… А вось тым… Тым, на каго нас у свой час прывучалі маліцца: Ленин и Сталин — два горных орла, любовь к человеку их вместе свела… Лекі ж ад графаманства мне дала геалагічная прафесія, палявыя ўмовы працы і знаходжаньне ў гушчы народа. Летам 1954 года, знаходзячыся на практыцы ў гідрагеалагічнай эксьпедыцыі на Брэстчыне, напісаў вялікі й сацыяльна востры, як мне цяпер здаецца, нарыс «Аброва». Ён спадабаўся газеце, і цяпер думаю: ці не зьяўляецца опус «Аброва» ўжо «заліковым» на мой мастацка-публіцыстычны гарт?

 

— На творчым шляху ёсьць вехі, калі пісьменьнік адчувае, што яго заўважылі. Для вас гэта, пэўна, было на мяжы 1960–70-х?

— Выключна важным і чынным быў водгук на выхад з друку майго рамана «Надлом». Пераказваю: “Раман-эпапея, падобных якому ў беларускай літаратуры даўно не было… Вобразы дзейных асоб атрымаліся псіхалагічна дакладнымі, праўдзівымі. Раман мае рысы прыгодніцкага і гістарычнага адначасова. Чытаецца цікава. Твор глыбокі і, можна сказаць, нават эпахальны…” (Штотыднёвік «ЛіМ». Сьвятлана Явар).

 

— Часам нам, беларусам, прыпісваюць залішнюю сьціпласьць альбо, наадварот, перабольшваюць нашу палітызацыю: варта загаварыць па-беларуску, і цябе ўжо ў БНФ запісваюць. Папулярны беларускамоўны пісьменнік увогуле разглядаецца як лідар цэлага руху. А ці шмат палітыкі ў вашых раманах і нарысах?

Апошнім часам у нашай краіне шыюць палітыку да ўсяго. І, калі ты сам не ідзеш у палітыку, дык яна да цябе ў акно залезе! Народ запалоханы, і гэта зьніжае ягоны творчы патэнцыял, маральна прыгнечвае. Шараговыя грамадзяне затойваюцца. Мараль хістаецца. Дэмаграфія мінусуе. А як і кім адлюстроўваюцца ў літаратуры гэтыя працэсы? Падумаем… Асобная тэма… І вось калі ты не абыходзіш тэму народа і нацыі, вайны і міру, мінулага і сучаснасьці, тады з усяго гэтага і тчэцца палітычнае палатно як аснова твора. Так здарылася і падчас працы над «Надломам», які дасьледчыкі называюць гістарычным, што і зразумела, а яшчэ і нацыянальным, і палітычным раманам. Палітыкі там дастаткова.

 

— У «Пакутным веку», дзе віруюць моцныя жарсьці польскай, нямецкай і савецкай акупацыі, вы неяк захоўваеце незаангажаванасьць, аб’ектыўнасць, цьвяроза паглядаеце на жыцьцё збоку. Як гэта ўдалося?

— Сам зьдзіўляюся. Я ж навічок у гэтым цяжкавагавым жанры. Мне ўяўлялася, што я выйшаў на небывалы для сябе панарамны твор і, калі так, у маіх руках цяпер аказаліся дзясяткі і сотні гістарычных асоб з розных бакоў палітычных бар’ераў. Усе яны — мае персанажы, усе, так бы мовіць, дзеці майго мастацкага твора і павінны карыстацца аднолькавай ласкай у аб’ектыўнай падачы. Мне, пэўна ж, удалося прыўзьняцца над сваімі героямі й паказваць падзеі, учынкі, характары ўжо з агульначалавечых, з гуманных, варта зазначыць, пазіцый, паказаць таксама ж сьвет праз вочы саміх герояў.

 

— Чуў пра вашу будучую кнігу: Маркс, Энгельс, Ленін, Беларусь… Што гэта будзе?

— Гістарычныя асобы, якіх ты, браце, назваў, згадваюцца ў кнізе, але толькі яны больш не робяць пагоды, і ўжо люд пра іх начытаўся, ад іх напакутаваўся і хацеў бы забыць. Варта, аднак, зразумець іх прынцыповыя пралікі. Духоўная дэградацыя ўсё больш упэўнена правіць баль у Еўропе і ў Беларусі. Адзінае, што здольна адвесьці наш народ ад прорвы (куды ён можа неўзабаве скаціцца разам з усім сьветам альбо асобна, раней ад іншых), гэта вяртаньне яму сапраўднай нацыянальнай ідэі, якую скралі ды падмянілі, даруйце, міліцэйскай дубінкай. А яшчэ нашаму люду пільна патрэбна самаідэнтыфікацыя, праведзеная на спалучэньні гісторыі з сучаснасьцю. Беларусы павінны пачуваць сябе беларусамі.

 

— 75 — сур’ёзны век, а для многіх вы ўсё яшчэ новае імя ў нашай не надта беларускай Беларусі. Назавіце вашы галоўныя мары, памкненні?

— Дажыць да прасьветлай гадзіны на Беларусі, каб сваё было сваім і цанілася як нацыянальны скарб, як падарунак лёсу. Я ў свой час зрабіў адмысловы ўнёсак у абарону прыроды Палесься ад гвалтаваньня і зьнішчэньня яго меліяратарамі, пра што расказана ў кнізе «Крушэньне на ростані». Цяпер гэтага мала. Цяпер наогул цяжка разабрацца, хто ў нас гаспадарыць на зямлі і ў прыродзе. Я тут паўтару пытаньне, якое ставіў у сваім дакладзе на прадстаўнічай канферэнцыі ў Мінску 22 гады таму: «Ці ёсьць у нас канцэпцыя гаспадараньня?» Мае калегі-эколагі тым часам падказваюць: прысьпеў час памяняць філасофскія арыенціры ў ахове прыроды і сцьвярджаць не «Зямля — наш агульны дом», а проста і непасрэдна «Зямля — наша маці!».

Сёньня, як ніколі, важна выпрацаваць у краіне канцэпцыю гаспадараньня не часовых людзей, а народа і нацыі. І яшчэ як мага больш бараніць зямлю, бараніць прыроду, выхоўваць экалагічную сьвядомасьць у чалавеку. Мы павінны зрабіць усё, пакуль зямля не сканала і перад сконам не зьнішчыла нас, недарэк і дурняў з амбіцыямі непамернымі. Адно вось пытаньне: ці хочам мы гэтага?..

Свая зямля, свая гісторыя, культура, мова, нацыя — пакуль жывы народ — рэчы непадзельныя!

* * *

 

6.

У завершаньне падаем словы Яўгена Гучка, сказаныя ім з нагоды адзначэньня 40 дзён пасьля сьмерці знакамітага Беларуса-Вялікалітвіна (узята адсюль: http://belarus.kulichki.net/index.php?option=com_content&task=view&id=2491&Itemid=1):

2 сакавіка споўнілася сорак дзён, як пайшоў у іншы сьвет (няма сумневу, што ў лепшы – у нябесную Беларусь) публіцыст, пісьменьнік, грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч Якавенка – асоба шырокага інтэлектуальнага маштабу, самадастатковая, самаахвярная, старанны і нястомны падзьвіжнік, гарачы патрыёт Беларусі. В. Якавенку сярод многіх іншых вылучалі энцыклапедычнасьць ведаў, падмацаваны практыкай пазнаньня жыцьцёвы досьвед, сумленнасьць, прынцыповасьць, вялікія арганізатарскія здольнасьці. Гэта быў сын Беларусі – дапытлівы, усюдыісны, якому да ўсяго была справа і шырокая зацікаўленасьць.

Маючы дзьве адукацыі – геолага і журналіста, ён добра ведаў прыроду Беларусі і псіхалогію беларусаў. Заўсёды і своечасова адгукаўся на актуальныя пытаньні й праблемы сваёй Радзімы і яе народа. Гэта зь яго ініцыятывы былі прыпынены бяздумныя практычныя планы далейшага асушэньня Палесься, спрамленьня русла Прыпяці. Гэта ім пасьля Чарнобыльскай катастрофы быў створаны “Сацыяльна-экалагічны саюз “Чарнобыль”, заснавана газета “Набат”, арганізавана аздараўленьне дзяцей дома і ў замежжы. Ён стварыў шэраг актуальных публіцыстычных кніг па ўсіх напрамках і праблемах беларускага жыцьця (“Пакуль сонца ў зеніце”, “Другой зямлі ня будзе”, “Крушэньне над ростаньню”, “Прывіды Шанхая над Сьвіслаччу”, “Нечывельле” ды інш.). А яго мастацкі раман-трылогія “Пакутны век” займае годнае месца ня толькі сярод твораў беларускай, але і сусьветнай літаратурнай класікі. Ня меншую цікавасьць выкліча і яго апошні раман “Абярэг”, які выйшаў у сьвет незадоўга да сьмерці аўтара.

Родным, блізкім, аднадумцам, прыхільнікам яго таленту, яго роднай Беларусі цяжка зьмірыцца з нашай агульнай, нацыянальнай стратай…

 

7.

Ад рэдакцыі.

На жаль, нікому з рэдакцыі не давялося быць блізка знаёмым са спадаром Васілём. Але было некалькі падзей, дзе мы зь ім кантактавалі. З нагоды лічым неабходным іх узгадаць.

Першая падзея – яго прапанова выставіць банэр яго сайта “Мы-нацыя” (адрасы: http://www.nation-sos.org   і  http://belarus.kulichki.net/) узамен за выстаўленьне банэра нашага сайта (https://nashaziamlia.org) на яго сайце. Мы з радасьцю пагадзіліся, бо літаральна за некалькі дзён да гэтай прапановы самастойна ўжо выставілі ў сябе банэр сайта Васіля Якавенкі “Мы-нацыя”.

Дадаткова адзначым, з усіх беларускамоўных сайтаў наш банэр прысутнічае толькі на сайце спадара Васіля, хаця на нашым сайце, як можа пераканацца кожны, ужо больш дзесяцігоддзя знаходзяцца банэры дзясяткаў сайтаў…

Другі кантакт адбыўся ў Гародні на адзначэньні “палякамі” горада, здаецца, 70-годдзя неадназначных падзеяў 17 верасьня 1939 года (тады, як шырока вядома, Заходняя Беларусь, гвалтоўна забраная ў 1920-м годзе польскімі імперыялістамі сабе, была іншымі імперыялістамі – на гэты раз расейскімі – таксама гвалтоўна ўзьяднаная з БССР). На гэтую імпрэзу “палякі” Гародні запрасілі й беларусаў-вялікалітвінаў, паабяцаўшы адкрытае і шчырае абмеркаваньне тых падзей.

Аднак ніякага абмеркаваньня, тым больш “шчырага і адкрытага”, не адбылося –вядоўцы давалі выступаць толькі агентам польскіх імперцаў, узбуджаным “картай паляка” ды іншымі праявамі чарговай актывізацыі польскай імперыі. Дайшло да таго, што адзін з такіх удзельнікаў (пазьней ён стаў вядоўцам на… Белсаце) у музычным творы ўсхваляў нават сінія бочкі, які цягалі па вуліцах Гародні “за польскім часам”…

Шэраг беларусаў, абураныя чарговым нахабным падманам-правакацыяй прадстаўнікоў “полькага боку”, выступілі ў час імпрэзы з гучным абурэньнем ды пратэстам і дэманстратыўна пакінулі памяшканеньне. Сярод іх былі як прадстаўнікі рэдакцыі “Нашай зямлі”, так і Васіль Якавенка…

Трэці кантакт.

Васіль Якавенка за некалькі тыдняў да сваёй сьмерці даслаў рэдактару нашага сайта падпісаны ўласнаручна экзэмпляр рамана “Абярэг”…

* * *

 

P.S.

Васіль Якавенка – такая буйная асоба, што пададзеная вышэй інфармацыя пра яго можа быць толькі затраўкай для нашмат большых ушанавальных успамінаў. Таму заклікаем чытачоў сайта пакідаць свае ўспаміны-каментары да гэтага матэрыяла, і каб адлюстраваць сьветагляднае пераўтварэньне спадара Васіля (як чалавека, адданага найперш Праўдзе і Справядлівасьці – ад прыхілька камуністычнай утопіі да сапраўднага Беларуса-Вялікалітвіна), і каб проста аддаць Яму належнае.

 

3 каментарыя

  1. ліцьвін кажа:

    Васіль Цімафеевіч пісьменнік і патрыёт, які нястомна змагаўся за Беларусь. Усе яго кніжкі не проста мастацкая проза, але перш за ўсё перапляценне з дакументалістыкай. Некаторыя абзацы ягоных тэкстаў стукаюць у сэрца як маланка. Шмат зрабіў як грамадскі дзеяч, увесь час тэлефанаваў, тармасіў нашых пасіўных пісьменнікаў–назіральнікаў,зьбіраў імпрэзы і праводзіў абмеркаванні. Шмат сіл прыклаў для ўмацавання памяці еўрапейскага філосафа Крукоўскага Мікалая Ігнатавіча, знайшоў грошы і выдаў пяцітомнік філасофскіх твораў Крукоўскага, які можна набыць і сёння ў Акадэмкнізе на Сурганава.
    Помню з ім выезд на дзень пісьменніка ў Глыбокае, там прадавалі ягоныя кніжкі чытачам з Глыбокага. Бескампрамісны змагар за праўду ён не заўсёды мог адступіць, пайсьці на кампраміс. Шкада, вельмі, думалася што яшчэ доўга і шмат часу для сумеснай працы.
    Вечная памяць дарагому Васілю Цімафеевічу.

  2. Яўген Мурашка кажа:

    Ведаў Пана Васіля з лета 1991 года. Хаця наша знаёмства адбылося, пры вельмі, для мяне, драматычных абставінах.
    Напрыканцы 1990 года Гомельскі страйкам ( дзе я быў сустаршынёй) прапанаваў расейскаму дабрачыннаму Фонду “Чарнобыль-дапамога” дзе кіраўніком быў грасмайстар А.Карпаў, правесьці сумесную акцыю. За мэту мы ставілі, пад час аўтапрабегу па 17 краінах Эўропы, пазнаёміць з трагічнай сітуацыяй, якая склалася у Гомельскай вобласьці, пасьля Чарнобыльскай трагэдыі. Вывезці кіруючых медыкаў Гомеля у Эўропу, каб яны, прафесійна маглі весьці дыялог у Эўропе і мелі магчымасьць завязаць шчыльныя сувязі з Эўрапейскім вопытам і стандартамі лячэньня анкалагічных захворваньняў. Назваць акцыю мы прапанавалі “Чарнобыльскі след”. Быў створаны агульнасаюзны камітэт, старшынёй быў прызначаны пан Тылес. У яго склад быў абраны і я, ад Магілёўскай вобласьці пан А.Фёдараў. Гэта быў, як бы мовіць, прадстаўнікі Беларусі. Потым склад камітэту быў пашыраны і туды трапілі далёкія ад разуменьня трагедыі невядомыя асобы, у асноўным расейцы. Там жа з’явіўся і Пан В.Якавенка. Вось тут мы з ім і “пазнаёміліся”. Не памятаю канкрэтнай тэмы размовы, але размова была жорсткай з абодвух бакоў. Карацей “добра” паразмаўлялі. Але у выніку, мяне і А.Фёдарава увогуле выкінулі з камітэту. Карацей атрымалася ліха, разам з аўтарамі акцыі, вікінулі і нашых медыкаў, як шчанят. Акцыя адбылася без нас Вось вам і “рускі мір”
    Гэта я да чаго. Гэта быў Пан В.Якавенка 90-х.
    Пасьля пачатку 90-х, я і Пані Г.Арцёменка, з Панам В.Якавенкай, не сустракаліся. Але потым нейкім чынам працягвалі знаёмства і нават пасябравалі, праз агульную Чарнобыльскую трагедыю. Як шмат ён зрабіў, ужо агучана у выкладзенным матэрыяле, таму няма сэнсу паўтараць. Скажу адно, В.Якавенка 90-х і В. Якавенка 2000-х, гэта два розных чалавека
    Кім былі мы для яго , а ён для нас , можна судзіць па яго выказваньню у сеціве, (ужо не памятаю дзе)
    Пан Васіль пісаў: ” Я ганаруся сяброўствам з сям’ёй Мурашак”. Для нас, таксама гэта было справай гонару.
    Зямля яму пухам.
    Спі спакойна, сябра.
    Мы запэўніваем цябе, што застанемся вернымі нашай беларускай справе, пакуль ёсьць жыцьцёвы рэсурс.

  3. Васіль кажа:

    паважаная рэдакцыя, калі ласкі, напішыце на пошту, маю матэрыял для сайту

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы