nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

У Польшчы ўшанавалі памяць ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам

12 красавіка, 2020 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

 

У выніку авіякатастрофы, якая адбылася 10 гадоў таму пад старабеларускім Смаленскам, загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, яго жонка і яшчэ 94 чалавекі. Яны накіроўваліся ў Смаленск на цырымонію з нагоды 70-й гадавіны масавага забойства некалькіх тысяч польскіх афіцэраў у Катыньскім лесе супрацоўнікамі савецкага НКВД. У Польшчы 10 красавіка ў вузкім коле і без прамоваў (заяўлена, што з-за пандэміі каронавіруса) прайшла афіцыйная жалобная цырымонія з нагоды 10-й гадавіны з дня гэтай трагедыі. Старшыня кіруючай партыі “Закон і справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі – брат-блізьнюк загінулага ў авіякатастрофе прэзідэнта Леха Качыньскага, а таксама прэм’ер-міністр Польшчы Тадэвуш Маравецкі і невялікая група палітыкаў усклалі кветкі да манумента ў Варшаве, пастаўленага ў памяць пра ахвяр авіякатастрофы.

 

Цырымонія пачалася ў 8.41 – роўна ў той момант, калі адбылася аварыя. Завяршылася яна кароткай малітвай. “Гэта быў момант, калі час спыніўся. Мы перажылі гэтую трагедыю як супольнасьць. Сёньня ўжо пры іншых абставінах нам таксама трэба адзінства”, – напісаў прэм’ер-міністр Маравецкі ў Twitter, маючы на ўвазе барацьбу Польшчы супраць пандэміі каронавіруса, ад якой памерлі ўжо 175 палякаў.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўсклаў кветкі да магілы Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі ў Кракаве.

1.

Галоўныя факты на цяперашні час.

Аднак справу вакол той трагедыі і праз 10 гадоў наўрад ці варта лічыць завершанай. Больш за тое, значэньне каронавіруснай пандэміі й неабходнае для змаганьня зь ёй нацыянальнае адзінства маюць наўрад большае значэньне, чым адзінства нацыі ў разуменьні й ацэнцы таго, што напраўду тады адбылося. Справа ў тым, што і сёньня многія ў Польшчы ўспрымаюць у якасьці вернай версію падзей, распаўсюджаную яшчэ ў 2010 годзе тагачасным ліберальным урадам на чале з Дональдам Тускам.

Тым часам той жа Яраслаў Качыньскі мяркуе, што самалёт зь яго братам разьбіўся ў выніку выбуху на борце.

Рассьледаваньне, праведзенае пад кіраўніцтвам экс-міністра абарона Польшчы Антона Мацэрэвіча (сябры ПіСу – партыі, якой і сёньня кіруе спадар Яраслаў), пацьвердзіла гэтую версію (нагадаем, Мацэрэвіч з 2010 году кіраваў адмысловай парламенцкай камісіяй, а затым, з 2016-га, і ўрадавай падкамісіяй, якія доўга і дакладна, з прыцягненьнем шматлікіх польскіх і замежных эксьпертаў, дасьледавалі пытаньне).

На карысьць наўмысна праведзенага тэракту як прычыны авіякатастрофы сьведчаць шматлікія факты, назапашаныя Мацэрэвічам і яго паплечнікамі за гады. Многія зь іх апублікаваны і на нашым сайце. Таму дадзім толькі пару новых.

Так, у верасьні 2018 года група эксьпертаў з Польшчы зрабіла паўторны агляд абломкаў самалёта Качыньскага непасрэдна ў Смаленску (https://112.ua/mir/rassledovanie-smolenskoy-katastrofy-v-polshe-utverzhdayut-chto-passazhiry-pogibli-v-rezultate-vzryva-samoleta-467442.html). Былі выяўлены прыкметы выбуху на борце самалёта. Пазьней, у 2019 годзе, ужо брытанскія эксьперты з Forensic Explosives Laboratory (лабараторыі судова-выбуховых рэчываў) пры Міністэрстве абароны Брытаніі, у якіх апынуліся больш за 200 частак з разьбітага самалёта, апублікавалі свае вынікі дасьледаваньняў. Яны… пацьвердзілі выснову польскай урадавай падкамісіі па рассьледаваньні прычын катастрофы – самалёт прэзідэнта Качыньскага быў узарваны (https://112.ua/mir/smolenskaya-tragediya-britanskaya-laboratoriya-podtverdila-chto-prichinoy-unichtozheniya-samoleta-byl-vzryv-487419.html).

У сувязі з гэтым Антон Мацэрэвіч яшчэ раз афіцыйна заявіў, што крушэньне Ту-154М ў красавіку 2010 года было выклікана не памылкамі пілотаў або дзеяньнямі іншых асоб. Па яго словах, у Брытаніі высьветлілі, што пры выбуху выкарыстоўваўся траціл, сляды якога знайшлі на абломках. “Не пілоты, не нейкія дзеяньні асоб, якія знаходзіліся на борце, прывялі да той трагедыі, а выбух. Сёньня ўжо, дзякуючы брытанцам, мы гэта ведаем”, – цытуе яго «Польскае радыё».

Мацэрэвіч дадаў, што падкамісія накіравала ў пракуратуру хадайніцтва аб верагодным здьзяйсьненьні злачынства (яшчэ ў 2010 годзе) экс-кіраўніком урадавай Камісіі па рассьледаваньні авіякатастроф Ежы Мілерам і членамі той камісіі перыяду высьвятленьня прычын смаленскай катастрофы лібераламі з ураду Туска. Ён патлумачыў, што “… гэта датычыцца самога спадара Мілера, які ў падпісаным з рускімі мемарандуме, пацьвярджаючы праўдзівасьць чорных скрынь і згаджаючыся аддаць іх расеянам, якія могуць вярнуць іх, калі захочуць, зьдзейсьніў злачынства па артыкуле 129”.

Пераканаўчым фактам, які сьведчыць на карысьць версіі тэракта, зьяўляецца тое, што абломкі самалёта ўсё яшчэ застаюцца ў Расеі (гл. фоты ніжэй, а таксама відэа адсюль: https://www.rosbalt.ru/russia/2020/04/10/1837646.html). Прычым, праз 10 гадоў аргументацыя расейцаў што да прычын такіх паводзін выглядае ўжо зусім недарэчнай (гатая аргументацыя будзе пададзена далей), бо расейская камісія – так званая МАК на чале з Анодзінай – яшчэ ў 2010-11 гадах вынесла заключны вердыкт пра асноўную прычыну авіякатастрофы.

Нагадаем, першыя рассьледаваньні, праведзеныя тагачасным польскім урадам Туска адначасова з рассьледаваньнем расейскага МАК, завяршыліся “высновамі”, што самалёт разьбіўся “з-за няўдалай спробы пілотаў зьдзейсьніць пасадку ва ўмовах густога туману”. Гэта яшчэ і сёньня дазваляе палітыкам і СМДІ, напрыклад, таго ж Еўразьвязу заяўляць, што цяперашняе кіраўніцтва Польшчы (Дуда, Маравецкі, Качыньскі) у гэтым пытаньні прытрымліваецца “тэорыі змовы” (https://www.dw.com/ru/%D0%B2-%D0%BF%D0%BE%D0%BB%D1%8C%D1%88%D0%B5-%D0%BF%D0%BE%D1%87%D1%82%D0%B8%D0%BB%D0%B8-%D0%BF%D0%B0%D0%BC%D1%8F%D1%82%D1%8C-%D0%B6%D0%B5%D1%80%D1%82%D0%B2-%D0%B0%D0%B2%D0%B8%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D1%82%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%80%D0%BE%D1%84%D1%8B-%D0%BF%D0%BE%D0%B4-%D1%81%D0%BC%D0%BE%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%BC/a-53089024). Хаця даная пазіцыя становіцца ўсё больш хісткай (https://www.dw.com/ru/%D0%BF%D0%BE%D1%87%D0%B5%D0%BC%D1%83-%D0%BF%D0%BE%D0%BB%D1%8F%D0%BA%D0%BE%D0%B2-%D0%B8%D0%BD%D1%82%D0%B5%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%83%D1%8E%D1%82-%D0%BE%D0%B1%D0%BB%D0%BE%D0%BC%D0%BA%D0%B8-%D1%82%D1%83-154-%D0%BB%D0%B5%D1%85%D0%B0-%D0%BA%D0%B0%D1%87%D0%B8%D0%BD%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE/a-45329630).

Тым часам, Варшава адмяніла візіт сваёй дэлегацыі ў Расею. Чакалася, што 10.04.2020 г. кіраўнік ураду і дэпутаты прыбудуць у Смаленск, каб ушанаваць памяць загінулых у катастрофе Ту-154. Аднак гэтыя планы, па заявах Масквы, “адмяніў каронавірус” (https://www.rosbalt.ru/russia/2020/04/10/1837646.html).

2.

У рамках разглядаемай тэмы таксама істотным зьяўляецца пытаньне пра тое, ЯК ГІБЕЛЬ ЛЕХА КАЧЫНЬСКАГА І ІНШЫХ ПРАДСТАЎНІКОЎ ПОЛЬСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЙ ЭЛІТЫ ПАЎПЛЫВАЛА НА ДАЧЫНЕНЬНІ РАСЕІ Й ПОЛЬШЧЫ.

У сувязі з гэтым прапануем пазнаёміцца зь нязначна скарочаным намі артыкулам Аляксея Плаўскага з блізкай назвай, які мы ўзялі адсюль: https://www.gazeta.ru/politics/2020/04/10_a_13044199.shtml. Заклікаем пры гэтым мець на ўвазе, што аўтар прадстаўляе пазіцыю расейскага боку. А гэта значыць, што тэкст трэба чытаць у т.л. і паміж радкоў…

“Дзесяць гадоў таму прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі загінуў у авіякатастрофе пад Смаленскам, што стала адпраўной кропкай для зьмены дачыненьняў Масквы і Варшавы ў горшы бок. Дыялог бакоў атручвае тэорыя змовы аб гібелі кіраўніка дзяржавы, пад уплывам якой знаходзіцца яго брат-блізьнюк і лідар кіруючай партыі «Права і справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі – «шэры кардынал» Польшчы.

Трэці прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі 10 красавіка 2010 года разам са сваёй жонкай Марыяй і шэрагам высокапастаўленых палітыкаў накіраваўся ў Смаленск для ўдзелу ў цырымоніі памяці забітых у Катыні польскіх афіцэраў. Усяго на борце прэзідэнцкага самалёта знаходзіліся 96 чалавек, у тым ліку члены экіпажу.

Пры падлёце да аэрапорта «Смаленск-Паўночны» самалёт сутыкнуўся з праблемай у выглядзе дрэнных умоў надвор’я, пра што папярэдзіў дысьпетчар. Тым ня менш прэзідэнцкі борт усё ж пайшоў на пасадку і на фоне моцнага туману на аддаленьні 1,5 км ад узлётна-пасадкаваяй паласы праляцеў ніжэй глісады. Не дабраўшыся да паласы, самалёт сутыкнуўся з дрэвамі і разбурыўся. Усе, хто знаходзіўся на борце, загінулі.

Авіякатастрофа стала сапраўднай нацыянальнай трагедыяй для Польшчы і асабістай стратай для блізьнюка прэзідэнта Яраслава Качыньскага – лідара правай партыі “Права і справядлівасьць”.

Смерць брата стала для яго шокам і паўплывала на стаўленьне палітыка да Расеі.

Праблемныя дачыненьні

Нават 10 гадоў таму адносіны Масквы і Варшавы знаходзіліся ня ў самым лепшым стане. Пэўная напружанасьць была зьвязана з падзеямі 2008 года, а менавіта грузіна-асяцінскім канфліктам. Тады Грузія пачала актыўныя баявыя дзеяньні супраць Паўднёвай Асеціі, якая заявіла пра сваю незалежнасьць. Расея асяцін падтрымала і дапамагла ім спыніць наступ грузінскіх салдат. Польшча ж сімпатызавала Грузіі, а дзеяньні расейскага боку называла «агрэсіяй». Лех Качыньскі нават прылятаў у Тбілісі, каб падтрымаць свайго калегу Міхаіла Саакашвілі.

Праз амаль два гады стасункі бакоў пачалі часткова наладжвацца, пра што сьведчыў візіт (трагічны. – Рэд.) лідара Польшчы ў Смаленск. Гэтая тэндэнцыя захоўвалася некаторы час і пасьля сьмерці Качыньскага. Нават яго брат Яраслаў у сваіх зваротах называў расейцаў «сябрамі».

Пасьля сьмерці яго брата пост прэзідэнта Польшчы заняў кандыдат ад партыі «Грамадзянская платформа» Браніслаў Камароўскі. Яго курс быў накіраваны на зьбліжэньне з ЗША і Заходняй Еўропай, а не з Расеяй.

Яшчэ мацней Масква і Варшава аддаліліся пасьля дзяржаўнага перавароту ва Украіне ў 2014 годзе і пачатку ўзброенага канфлікту на Данбасе. Польскія ўлады занялі праўкраінскую пазіцыю, абвінаваціўшы Расею ў нібыта распальваньні супрацьстаяньня. А далучэньне Крыма яшчэ мацней пагоршыла ўзаемадзеяньне бакоў – у 2015 годзе былі адменены візіты Камароўскага у Маскву, у тым ліку на сьвяткаваньне 70-годдзя Перамогі ў Другой сусьветнай вайне.

Тэорыя змовы

У тым жа годзе партыя Качыньскага «Права і справядлівасьць” выйграла парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Новым кіраўніком дзяржавы стаў Анджэй Дуда, які паабяцаў працягваць палітыку загінулага пад Смаленскам прэзідэнта. Але ніякай надзеі на паляпшэньня дачыненьняў з Расеяй гэта не давала.

На той час брат прэзідэнта Качыньскага кардынальна зьмяніў сваё меркаваньне пра Расею, стаўшы прыхільнікам тэорыі змовы аб смаленскай катастрофе. Ён часта паўтараў, што крушэньне самалёта, на борце якога знаходзіўся прэзідэнт Польшчы, не было выпадковым. Як сьледства, прыйшоўшы да ўлады, “Права і справядлівасьць” толькі працягнула тэндэнцыю на пагаршэньне ўзаемадзеяньня з Масквой.

У прыватнасьці, у апошнія пяць гадоў у Польшчы зьявіўся закон аб дэкамунізацыі, з-за якога многія помнікі савецкім воінам былі зьнесены або зьнішчаны. Афіцыйныя сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў былі замарожаныя, ды і сумесных запрашэньняў больш не паступае.

Яшчэ адным з камянёў сутыкненьня паміж краінамі стала гістарычная праўда пра Другую сусьветную вайну. Польшча актыўна прасоўвае сваю версію падзей, фактычна прыраўноўваючы СССР да нацысцкай Нямеччыны. Варшава лічыць, што Масква і Берлін нясуць роўную адказнасьць за пачатак той вайны. Расея ж пасьлядоўна абвяргае высновы польскага боку, заклікаючы калегаў спыніць скажэньне гістарычных падзей.

Тым ня менш, пакуль Польшчы ўдаецца навязваць свой пункт гледжаньня Еўропе. У прыватнасьці, рэзалюцыю аб адказнасьці СССР ужо прыняў Еўрапарламент. На гэта, несумненна, уплывае наратыў пра «расейскую пагрозу», які стаў папулярным.

Чыньнік ​​Качыньскага

Разьлічваць на якія-небудзь зьмены ва ўзаемадзеяньні Расеі ды Польшчы пакуль не даводзіцца, што ў чарговы раз пацьвердзілася напярэдадні гадавіны гібелі Леха Качыньскага.

Польская дэлегацыя на чале з братам нябожчыка-прэзідэнта зьбіралася прыехаць у Смаленск, але ў апошні момант візіт быў адменены. Асноўнай прычынай для адмены паслужыла пандэмія новага каронавіруса, аднак польскі бок таксама абвінаваціў Маскву ў недастатковым узаемадзеяньні па падрыхтоўцы паездкі. У МЗС Расеі падобныя папрокі назвалі правакацыяй. «Намі праведзена значная падрыхтоўчая праца з удзелам цэлага шэрагу расейскіх ведамстваў. Былі прынятыя няпростыя рашэньні аб адкрыцьці для польскай дэлегацыі зьнешніх межаў Расіі … Замест удзячнасьці маем цяпер справу з выключнай няўдзячнасьцю, якая застаецца на сумленьні польскіх палітыканаў, якія працягваюць сьпекуляваць на сьвятой тэме загінулых у катастрофе іх грамадзян», – падкрэсьлілі ў ведамстве.

Галоўнай зьменнай у пытаньні паляпшэньня стасункаў Расеі і Польшчы зьяўляецца Яраслаў Качыньскі. Як пісала The New York Times, менавіта ён фактычна кіруе краінай, паступова адводзячы яе ад дэмакратыі да аўтарытарызму.

Некаторыя аналітыкі зьвязваюць пагаршэньне адносін Польшчы і Расеі з тэорыямі змовы аб сьмерці Качыньскага. Аднак на самай справе дыялогу бакоў перашкаджаюць зусім іншыя чыньнікі.

Рэальныя прычыны знаходзяцца ў шырокім міжнародным кантэксьце, адзначыў у размове з «Газетой.Ru» дацэнт сацыяльна-гуманітарнага факультэта НДУ ВШЭ ў Пермі Дзьмітрый Афіцэраў-Бельскі. «Гэта амерыкана-польскія адносіны і ўзаемадзеяньне Варшавы зь іншымі краінамі ЕЗ. Кансьпіралагічныя тэорыі выкарыстоўваюцца толькі ў антырасейскай прапагандзе. Да прыкладу, у Варшаве на ўрадавых будынках разьмешчаны таблічкі зь імёнамі загінулых палітыкаў – іх паказваюць як забітых пад Смаленскам», – растлумачыў эксперт.

У кантэксьце катастрофы для Варшавы хутчэй важным зьяўляецца факт перадачы абломкаў самалёта Качыньскага, пра што напярэдадні гадавіны гібелі прэзідэнта нагадаў дзейны лідэр Польшчы Дуда. Акрамя таго, польскі МЗС накіраваў Расеі адпаведную ноту. «Ні адна норма міжнароднага права не дае падстаў для ўтрыманьня Расеяй польскай уласнасьці», – заявілі ў ведамстве.

Зрэшты, пакуль расейскі бок не сьпяшаецца перадаваць дэталі самалёта Варшаве, паколькі польскія эксьперты і так маюць поўны доступ да ўсіх знойдзеных фрагментаў.

Як удакладніла афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава, абломкі самалёта зьяўляюцца рэчыўным доказам і павінны захоўвацца пры крымінальнай справе да ўступленьня прысуду ў законную сілу або да заканчэньня тэрміну абскарджаньня пастановы або вызначэньня аб спыненьні крымінальнай справы”.

(канец цытаваньня артыкула)

3.

Ад рэдакцыі.

Мы чакалі наступленьня гэтага чáсавага рубікону  – 10-й гадавіны трагедыі пад Смаленскам. Вядома, разьлічвалі на большую сенсацыйнайсьць матэрыялаў у сувязі зь “юбілейнасьцю” даты (над чым, вядома,  павінны былі папрацаваць палякі). Але ёсьць тое, што ёсьць…

Таму з нагоды 10-й гадавіны хочам зьвярнуць увагу на некаторыя дадатковыя факты, бачныя з нашага ракурсу аналізу сітуацыі, бо веды пра іх могуць аказацца карыснымі многім беларусам.

Справа ў тым, што мы ­– адна зь нямногіх крыніц інфармацыі ў глабальным Сеціве (і гэта сьціпла кажучы), тэрытарыяльна разьмешчаных на ўсход ад Польшчы, якая ўсе апошнія гады сачыла за ходам рассьледаваньня, зьбіраючы сапраўдныя факты і адкідаючы хлусьню. Кожны, хто жадае, можа зь лёгкасьцю ў гэтым пераканацца – дастаткова запісаць у акенцы зьлева “Пошук” слова “Смаленск” і вам насыплецца дзясяткі артыкулаў, у якіх адлюстравана ўся 10-гадовая гісторыя разгляду азначанага пытаньня на нашым сайце. Натуральна, ня мы знаходзілі асноўныя факты, якія пацьвярджалі “тэорыязмоўную версію” падзеі. Але наша заслуга найперш у тым, што мы ўвесь гэты час былі на баку праўды, шукалі яе і паведамлялі! Яна – наша каштоўнасьць, і была нашай мэтай у гэтай тэме…

Між тым, менавіта гэтага большасьць так званых СМІ не рабіла, ня робіць і, па ўсім відаць, не зьбіраецца рабіць (не зьвяртайце ўвагі на тое, што паўсюль СМДІ рэкламуюць сябе, як крыніцы “праўдзівай інфармацыі”; яскравы прыклад – той жа Еўраньюс; пра многія іншыя СМДІ і ўвогуле ня варта ўзгадваць…).

Але ёсьць яшчэ і такое, пра што не пісаў ніхто. Напрыклад, смаленская авіякатастрофа высьвеціла існаваньне шчыльнай сістэмнай сувязі паміж расейскай імперыякратыяй і еўразьвязаўскай бюракратыяй. Гэтая сувязь маніфестацыйна праявіла сябе ў двух фактах: спачатку ва ўзаемадзеяньні Туска і Пуціна ў першыя дні пасьля трагедыі, а затым у выглядзе імклівай еўразьвязаўскай “кар’еры” Туска пасьля таго, як яму давялося сысьці з пасады прэм’ер-міністра Польшчы (гл. ніжэй сімбалічныя фоты для лепшага ўспрыняцьця адзначанага).

Былі ў нас і невялікія праколы. Напрыклад, у першыя дні пасьля авіякатастрофы на адным сайце мы сутыкнуліся з падрабязнай інфармацыяй (уключна са сьхемамі-малюнкамі), як распадаўся польскі самалёт на часткі… яшчэ да сукненьня зь зямлёй. Інфармацыя падавалася на рускай мове. Але мы былі тады пад такім уплывам афіцыйнай версіі, што не зафіксавалі гэтую інфармацыю, палічыўшы яе недарэчнай. Потым, колькі мы ня рылі Сеціва, мы не змаглі зноў напаткаць на даную інфу. Найверагодна, яна была выдалена. З-за сваёй небясьпечнасьці… Дасёньня дакараем сябе, што былі ў той час такім ж наіўнымі, як некаторыя застаюцца і цяпер…

Вядома, з-за акцэнтаваньня ўвагі на такія і аналагічныя факты мы моцна падстаўлялілся перад тымі, каму падобная дзейнасьць не падабалася… Аднак, калі з апошнімі ўсё зразумела – на абуджэньне іх сумленьня ды прыстойнасьці наўрад ці варта разьлічваць, то ўвесь гэты час нявысьветленай заставалася справа з палякамі. І вось прайшло 10 гадоў. Час задаць пытаньне: як вы, нашы чытачы, думаеце, ці хоць хто-небудзь з 40.000.000 палякаў аб’явіўся, зьвярнуўся да нас і выказаў падзяку? (бо тое, што многія палякі пра нас ведаюць, мы ведаем…)

Адказ гучыць забойча: не!!!

Нам на справе ад палякаў ніякай падзякі і ня трэба (асабліва на фоне, калі мы рэгулярна працягваем чуць пра “Крэсы всходне”, “Каталік? – значыць паляк”, “Гродно – то польске място”, на фоне зьвестак аб уціску нашых супляменьнікаў-беларусаў на спрадвечна беларскай Беластоцкай зямлі й у сувязі з нахабным дзеяньнем – вось ужо 12 гадоў! – “Карты апалячана”, што ацэньваем не інакш, як зьявай дэмаграфічнага марадзёрства). А пішам мы пра гэта для таго, каб папярэдзіць тых беларусаў-вялікалітвінаў, якія ўсё яшчэ разьлічваць на магчымасьць падтрымкі з боку “братоў-палякаў”. Ня трэба, кіньце дурное, спыніцеся быць наіўнымі! Лепш засвойце той гістарычны досьвед, які назапашаны цяжкай, небясьпечнай, шматгадовай працай і такім жа змаганьнем вашых супляменьнікаў.

У тым ліку і намі…

Усяго вам лепшага, сябры!

 

Каментары (1)

  1. валянцин кажа:

    Дзякуй, што нагадали пра бязпакаранае забойства ЭЛИТЫ польскай нацыи – и яшчэ раз дзякуй за праудзивую крытыку дзеянняу многих прауладных и прыуладных палякау на працягу 10! гадоу! а монстр расейскай имперыякратыи, сапраудны спадкаемца крывавага бальшавицкага монстра, – хутка будзе канаць у крывавых сутаргах …

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы