nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Калекцыя меркаваньняў пра новы каронавірус і выкліканую ім пандэмію: Пажывем – пабачым… (частка 6)

14 красавіка, 2020 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

 

Паколькі Лукашэнка ўжо даволі выразна прадэманстраваў нам свой узровень кампетэнтнасьці па праблеме каронавіруснай эпідэміі, мы вырашылі зьвярнуць увагу на меркаваньні па медыцынскіх і міжнародных асьпектах данай праблемы іншых афіцыйных асоб Беларусі. Сёньня выстаўляем інтэрвю міністра замежных спраў нашай дзяржавы сп. Уладзіміра Макея (на фота зьлева), а таксама некалькі нядаўніх выказваньняў міністра аховы здароўя Беларусі сп. Уладзіміра Караніка. Робім гэта ў т.л. і для таго, каб зафіксаваць іх пазіцыі й на нашым сайце, а таксама для яшчэ лепшай падсьветкі фактаў, прысутных у папярэдняй, 5-й, частцы нашых “каронавірусных” матэрыялаў.

 

 

1.

Першым слова Ўладзіміру Макею. 10 красавіка г.г.  вось тут – https://news.tut.by/economics/680253.html – было выстаўлена яго інтэрвю Алёне Талкачовай. Падаем яго на адзіна нармальнай для Беларусі беларускай мове.

“Талкачова: Уладзімір Уладзіміравіч, учора ўжо нават расейскі «Першы канал» выпусьціў рэпартаж, у якім заявіў, што «ў Беларусі толькі за суткі ў 400 чалавек дыягнаставаны COVID-19, а яшчэ нядаўна адзін вядомы палітык гэтай брацкай краіны казаў карэспандэнту: “Вы бачыце тут вірус? Вось і я ня бачу”».

Макей: Я, напэўна, разумею, якія за гэтым стаяць прычыны, але, з майго пункту гледжаньня, абсалютна недапушчальна, калі льецца бруд на краіну. Ніхто ня ведае, што правільна, што не. Час усё расставіць па сваіх месцах. Але ў такім зьедлівым ключы, як учора расейскі тэлеканал заявіў пра Беларусь (а што ўжо робіцца ў расейскіх телеграм-каналах – я наогул маўчу), казаць пра краіну нельга.

 

– Так што вам не спадабалася? Вы лічыце, што расейскія тэлеканалы няправыя на конт таго, што Беларусь прымае недастаткова мер у барацьбе з каронавірусам?

– Я думаю, што час пакажа, хто мае рацыю, а хто ня мае. Для мяне гэта абсалютна непрымальна ў дадзенай сітуацыі, хоць я ня думаю, што гэта пазіцыя ўсіх расейскіх каналаў або ўсяго расейскага істэблішмэнту. Але лепш было б паглядзець, што робіцца ў сябе ў краіне. Там, у Расеі, часьцяком таксама незразумела, што адбываецца: то ўводзіцца татальны карантын, то аслабляецца, рэгіёны па-свойму трактуюць дзеяньне рэжыму карантына, прадпрыемствы то на карантыне, то не зачыняліся, як «Ростсельмаш», то адкрываюцца, як “КамАЗ”.
І потым, трэба паглядзець на рэальныя лічбы: у Ніжнім Тагіле, па афіцыйных дадзеных, нуль выпадкаў заражэньня COVID-19, а да нас зь Ніжняга Тагіла на будаўніцтва АЭС прыязджаюць 15 заражаных каронавірусам. Таму лепш бы кожнаму глядзець на тое, што адбываецца ў сябе пад носам, а не спрабаваць дадаць пэўнай атрутнай вадкасьці для распальваньня ў суседняе вогнішча.

 

– Можа быць, суседзі так робяць, у тым ліку ў Літвы былі такія заявы, з-за страху? Магчыма, яны не да канца разумеюць, якія меры Беларусь прадпрымае для барацьбы з распаўсюджваньнем пандэміі?

– Сітуацыя ў нас нашмат адрозьніваецца ў лепшы бок у параўнаньні з шэрагам еўрапейскіх краін, нават калі браць у працэнтных суадносінах. І мы ідзем практычна па той жа траекторыі, як і суседнія краіны, і па колькасьці інфікаваных у нас не такія вялікія лічбы.

 

– Але ў нас толькі за апошнія суткі плюс амаль 500 заражаных. І ў нас, у адрозьненьне ад многіх краін, была фора ў выглядзе двух месяцаў (калі ў Еўропе пачаўся сур’ёзны рост захворваньняў), за якія мы маглі прыняць больш жорсткія меры адразу, каб не пайсьці па шляху Еўропы.

– Я не зьбіраюся дыскутаваць з вамі па медыцынскіх асьпектах – гэта справа Міністэрства аховы здароўя – тлумачыць, чаму яны паступаюць так, а не інакш. Але з майго пункту гледжаньня, мы дзейнічалі даволі разумна і слушна у данай сітуацыі: ўводзілі жорсткія карантынныя і кантралюючыя меры на межах і ў аэрапорце, у выпадках выяўленьня тых, хто захварэў, усіх ізалявалі і не дапускалі кантактаў са зьнешнім сьветам. Таму логіка росту крывой [захворваньняў] адпавядае навуковым графікам, якія распаўсюджвала ў сваіх брашурах СААЗ. Я ня думаю, што мы тут неяк адрозьніваемся ад сітуацыі ў іншых краінах. Сітуацыя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем, і я не думаю, што калі б быў уведзены татальны карантын, то тут усё было б паважна і высакародна.

 

– У якім сэнсе?

– У сэнсе, што ў нас не было б хворых ці іх было б менш. Пра гэта, яшчэ раз паўтаруся, павінны спрачацца эксьперты, я не сьпецыяліст у гэтай сьферы. Мне здаецца, што тыя дзеяньні, якія мы робім, абсалютна правільныя.

 

– Але ж сутнасьць карантына якраз у тым, каб расьцягнуць рост захворваньняў, каб у шпіталях адначасна не апынуліся тысячы чалавек і сістэма аховы здароўя справілася. Учора прадстаўнік СААЗ заявіў у беларускім парламенце, што Беларусі важна прыняць больш жорсткія меры, у тым ліку аж да ўвядзеньня карантына.

– Гэта яго меркаваньне. А чаму іншыя краіны кажуць, што трэба адмяніць карантын?

 

– Таму што эканамічнага запасу трываласьці на некалькі месяцаў карантыну няма ні ў адной краіны.

– Можна вельмі доўга спрачацца на гэтую тэму, ёсьць прыхільнікі розных пунктаў гледжаньня. Але я, бачачы, як разьвіваецца сітуацыя ў нас у краіне, ня думаю, што ўвядзеньне татальнага карантына змагло б зьберагчы нас ад росту гэтай крывой, які ў любым выпадку быў бы. Напэўна, магу пагадзіцца з тым, што на першапачатковым этапе трэба было больш транспарэнтнасьці, аператыўнасьці ў давядзеньні інфармацыі [ад уладаў], каб у выніку недамовак ня ўзьнікала падазрэньняў, і тады было б менш пытаньняў.

 

– Вы кажаце, што ўлада правільна падышла да барацьбы з пандэміяй. Але вы ж напэўна ведаеце, што амаль тысяча валанцёраў па ўсёй Беларусі зьбіраюць грошы і сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, таму што медыкі самі просяць аб дапамозе. Пры гэтым афіцыйна Міністэрства аховы здароўя заяўляе, што лекарам усяго хапае. Гэта значыць, сёньня мы жывем у двух розных краінах: ёсьць Беларусь, якая зьбірае лекарам касьцюмы ды маскі, і ёсць Беларусь Мінздароўя, у якой усё добра. Як так атрымліваецца?

– Я ня ведаю. Вядома, калі ў сацсетках чытаеш нейкія асобныя заявы [медыкаў], складваецца негатыўная карціна. Але зь іншага боку, міністр аховы здароўя валодае інфармацыяй, у тым ліку аб наяўнасьці касьцюмаў ды масак. Таму я думаю, што трэба давяраць тым заявам, якія робяцца па лініі Мінздароўя. Наколькі мне вядома, праблем з набыцьцём гэтых масак няма. Хоць бачыў, што ў аптэках зь імі пытаньні. Але ў таварах для дома я асабіста бачыў шматразовыя, баваўняныя, яны прадаюцца за 1,65 рубля.

 

– Падсумоўваючы: вы лічыце, што афіцыйны Мінск прыняў дастаткова мер для барацьбы з распаўсюдам каронавіруса?

– Лічу, што прымаюцца меры, адэкватныя разьвіцьцю сітуацыі. І вось нехта крытыкуе Беларусь, але тое, што прэзідэнт запрасіў у краіну СААЗ, кажа пра тое, што мы – адкрытая краіна. Заўтра ў дэлегацыі СААЗ прэс-канферэнцыя ў Менску. І я ня думаю, што там будуць казаць толькі пра пазітыўнае, напэўна будуць выказаны і крытычныя заўвагі. Інакш ніяк, таму што Беларусь выбіваецца з агульнага строю. Як Трамп крытыкуе СААЗ, так і СААЗ будзе крытыкаваць тых, хто, на яе думку, не да канца выконвае рэкамендацыі. Таму зразумела, што і заўтра прагучаць нейкія рэкамендацыі ў адрас Беларусі, але сам факт запрашэньня місіі СААЗ кажа пра тое, што нам няма чаго баяцца і што мы зацікаўленыя ў тым, каб была дана адэкватная ацэнка дзеяньням нашых лекараў, і мы гатовыя выслухаць любыя рэкамендацыі. Калі яны будуць разумнымі, мы да іх прыслухаемся.

 

– А што наконт масавых мерапрыемстваў? У Менску іх афіцыйна забаранілі толькі пазаўчора, у рэгіёнах мясцовыя ўлады самі прымаюць рашэньні. Але парад дагэтуль рэпетуецца, хоць зразумела, што ветэраны сёньня ўваходзяць у самую ўразьлівую групу людзей.

– Давайце ня будзем забягаць так далёка. Я перакананы, што ўлады, кіраўніцтва краіны добра разумеюць што да таго, трэба ці ня трэба праводзіць гэтыя мерапрыемствы. Рашэньні будуць прымацца, як я разумею, бліжэй да даты ў залежнасьці ад разьвіцьця сітуацыі.

 

– То бок  канчатковага рашэньня, што парад будзе, пакуль няма?

– Наколькі мне вядома, і ў Расеі рэпетуюць парад.

 

– Але Крэмль ужо заявіў, што ветэранаў клікаць на яго немэтазгодна: яны ў групе рызыкі.

– Я чытаў у вас, што ветэраны выступаюць за парад. Ёсьць розныя пункты гледжаньня, але рашэньне будзе прымацца на больш позьнім этапе ў залежнасьці ад таго, як будзе складацца сітуацыя з пандэміяй.

 

– З 19 сакавіка, калі краіны пачалі закрываць межы, МЗС актыўна працуе над тым, каб усе беларусы вярнуліся дадому. 6 красавіка Мінспорту заявіла, што ўсе арганізаваныя турысты вярнуліся ў Беларусь. Колькі неарганізаваных беларускіх турыстаў засталося за мяжой?

– Мы аказалі садзеяньне ў вяртаньні на радзіму 6527 грамадзянам. За мінулыя суткі ў Беларусь вярнуліся больш за 100 чалавек. Сёньня, паводле нашых ацэнак, больш за тысячу грамадзян знаходзяцца ў 80 краінах. Гэта ўсё неарганізаваныя турысты: хтосьці паехаў на лячэньне, хтосьці на вучобу, нехта (аказваецца, у нас такіх шмат) ездзіць у Індыю на зімоўку. Цяпер у нас засталіся чатыры гарачыя кропкі: каля 200 грамадзян у Індыі (50 у паўночных штатах, каля 150 – у Гоа), 170 – у Тайландзе, 120 – у В’етнаме і каля 50 у Шры-Ланцы. Мы працуем над пытаньнем вяртаньня гэтых грамадзян. Ёсьць ужо ўзгоднены алгарытм дзеяньняў. Думаю, на працягу бліжэйшых пары тыдняў мы зможам завяршыць гэты працэс. Але павінен адразу сказаць, што грамадзяне трапілі туды самастойна, таму выдаткі па іх вяртаньні ім, можа, і не адразу, але прыйдзецца пакрыць. Вядома, дзяржава павінна клапаціцца аб грамадзянах, і мы пастараемся зрабіць усё, каб вярнуць нашых людзей дадому. Паверце, гэта вельмі складана, асабліва ў краінах, дзе ўведзены карантын. У Індыі, каб людзей вывезьці, трэба сабраць паўтоны дакументаў, прайсьці ўсе кардоны і гэтак далей.

 

– Кітай нядаўна перадаў Беларусі гуманітарную дапамогу. Ішла гаворка аб яшчэ некалькіх пастаўках. Калі яны будуць і ў якім выглядзе?

– Так, мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем зь Кітаем. Мы ў свой час адправілі туды два барты з медыцынскімі таварамі. Кітай адразу ж, як толькі ў нас пачала разьвівацца сітуацыя з пандэміяй, накіраваў да нас борт з тэстамі й медабсталяваньнем. На наступным тыдні чакаюцца яшчэ гуманітарныя грузы з медабсталяваньнем зь Кітая. Гэта ўсё гуманітарная дапамога, мы за яе не плацілі.

Тут яшчэ вельмі важна, што кітайскія правінцыі і прадпрыемствы самі выходзяць на вобласці-пабрацімы і прадпрыемствы-партнёры ў Беларусі і прапануюць сваю дапамогу. Спачатку гэта ўсё было стыхійна, але зараз мы, акумулюючы ўсё ў пасольстве, складаем сьпіс таго, што нам хочуць перадаць з Кітая, і адпраўляем яго ў Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагаваньня. Яны і зьяўляюцца атрымальнікамі гэтых грузаў.

Мы, вядома ж, удзячныя нашым кітайскім партнёрам за жаданьне актыўна ўзаемадзейнічаць і дапамагчы Беларусі ў гэтых умовах.

 

– Расея ж таксама даслала ў Беларусь 10 тысяч тэст-сістэм.

– Так, Расея перадала нам такі груз. Мы перадалі гэтыя тэсты ў рэгіёны, на памежныя пераходы, каб правяраць транзітных пасажыраў з Расеіі, дальнабойшчыкаў з Расеі й на АЭС. Мы, вядома, удзячныя, але 10 тысяч тэстаў – гэта на 2,5 дні працы: у нас кожны дзень па краіне расходуецца каля 4 тысяч тэстаў.

 

– Гэтыя тэсты мы ў Расіі купілі ці гэта было бясплатна?

– Гэтыя 10 тысяч былі бясплатнымі. У нас вяліся перамовы з двума расейскімі кампаніямі па набыцьці яшчэ 30 тысяч тэстаў, але гэтыя перамовы застапарыліся. Але нам цяпер гэтыя тэсты і не патрэбныя: мы самі вырабляем тэсты, а яшчэ каля 50 тысяч тэстаў мы атрымалі зь іншых краін. Тым больш галоўны ўрач інфекцыйнага шпіталю ў Камунарцы Дзяніс Працэнка сказаў, што расейскія тэсты ненадзейныя, яны даюць верагоднасьць выяўленьня каронавіруса каля 60%. Так што нам цяпер гэтыя тэсты не патрэбныя.

 

– А пра якую, акрамя тэстаў, дапамогу Беларусь папрасіла Расею? Учора Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея дапамагае Беларусі ў барацьбе з каронавірусам.

– Нам бы самім хацелася зразумець, пра якую дапамогу ідзе гаворка. Можа, дапамога ў тым, што нечакана зачынілі межы, паставіўшы нас у такое становішча? Я да гэтага часу ўспамінаю з уздрыгам, калі на першапачатковым этапе мы атрымлівалі інфармацыю пра тое, што нашых грамадзян, у якіх былі білеты на самалёты па лініі расейскіх тураператараў, проста выкідалі з самалёта. Нават сем’і падзялялі: калі муж беларус, а жонка – расеянка, на рэйс саджалі толькі жонку. Былі выпадкі, калі спрабавалі падзяліць 5-гадовага беларуса з бацькам-расейцам. Але гэта было, вядома, на першапачатковым этапе. Пасьля нашых настойлівых зваротаў да расейскіх калегаў сітуацыя больш-менш наладзілася.

Ці ж вось гэтыя 15 заражаных чалавек прыехалі зь Ніжняга Тагіла – гэта таксама дапамога Расеі? Дзеля Бога, мы ўсіх вылечым, усім дапаможам, справімся з усім. Але хацелася б, каб, калі робяцца заявы, яны мелі пад сабой падставы.

 

– Вы ўжо двойчы здавалі тэсты на каронавірус. Што вы яшчэ асабіста робіце, каб не заразіцца?

– Вядома, кантакты значна абмежаваныя. Мы рэгулярна праводзім нарады па пэўных пытаньнях у Адміністрацыі прэзідэнта, а ў міністэрстве я імкнуся выклікаць сваіх падначаленых радзей і гаварыць зь імі па тэлефоне. Я забараніў зьяўляцца ў міністэрстве тым, хто чхае ці адчувае сябе хворым, каб ён не заразіў іншых. Пры найменшай праяве прастуды чалавека адпраўляем да ўрача. У значнай меры мы стараемся засьцерагчыся ад магчымага заражэньня. Але шчыра хачу сказаць, мне неяк сорамна апранаць маску, калі іду ў краму.

 

– Чаму? Гэта ж ваша здароўе і здароўе навакольных. Дый вы маглі б паказаць прыклад беларусам.

– Ня ведаю. Але ўсё, абяцаю, з заўтрашняга дня пры паходзе ў краму буду апранаць маску”.

(канец цытаваньня інтэрвю)

 

2.

За апошнія некалькі сутак міністар аховы здароў Беларусі Уладзімір Каранік некалькі разоў выказаўся  па розных пытаньнях, зьвязаных з эпідэміяй, наступным чынам:

– пік эпідэміі COVID-19 у Беларусі прагназуецца ў канцы красавіка — пачатку траўня (https://nn.by/?c=ar&i=249652);

– 11 красавіка ў час брыфінга эксьпертнай місіі СААЗ сп. Каранік сказаў (https://news.tut.by/society/680301.html), што  аналізуецца кожны выпадак заражэньня медыкаў; у большасьці зь іх захворваньне працякае бессімптомна – ніхто не знаходзіцца на ШВЛ (па інфармацыі на раніцу 11 красавіка); што айчынная вытворчасьць стала нарошчвае аб’ёмы вытворчасьці сродкаў індывідуальнай абароны, запасы ў шпіталях папаяўняюцца.

Пра сітуацыяю ў медыцынскіх установах РБ сп. Міністр сказаў, што ў цэлым на час правядзеньня прэс-канферэнцыі пацьверджана заражэньне 301 працаўніка сістэмы здравааховы – больш за ўсё ў Менску, затым у Віцебскай ды Менскай абласьцях. У іншыў рэгіёнах гэта адзінкавыя выпадкі. “Выяўлена тэнтэнцыя, што менш выпадкаў у тых установах, якія былі падрыхтаваны да аказаньня медыцынскай дапамогі інфекаваным пацыентам”, –  сказаў сп. міністар.

– 12 красавіка ў эфіры перадачы «Контуры» на тэлеканале АНТ міністар здравааховы Беларусі сказаў (https://naviny.by/new/20200413/1586754612-karanik-voz-budet-rekomendovat-belorusskiy-opyt-borby-s-covid-19-drugim), што эксьперты СААЗ пасьля абмеркаваньня сказалі, што пратакол дыягностыкі й лекаваньня пацыяентаў з пацьверджанай каронавіруснай інфекцыяй не патрабуе якой-кольвек карэкцыі. Акрамя таго, яны будуць рэкамендаваць яго сумежным краінам для ўкараненьня тых падыходаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі для лячэньня гэтых пацыентаў.

 

3.

На фоне адзначанага вышэй, варта пазнаёміцца з ацэнкай дзеяньняў беларускіх уладаў у адказ на “каронавірусны выклік” іншымі незалежнымі эксьпертамі. Пакуль адзінымі, хто больш-менш падыходзіць на гэтую ролю, зьяўляюцца афіцыйныя прадстаўнікі  СААЗ.

Місія СААЗ прыбыла ў Беларусь па запрашэньні нашых уладаў. З 8 па 10 красавіка сьпецыялісты СААЗ мелі доступ да ўсёй неабходнай інфармацыі, мелі зносіны з медыкамі, прадстаўнікамі МУС, мінпрацы і сацабароны. Яны наведалі медустановы Менска, Менскай і Віцебскай абласьцей, вывучылі даныя, у т.л. па эпідэмічным наглядзе (https://news.tut.by/society/680154.html?utm_source=news.tut.by&utm_medium=floating-news-right-block&utm_campaign=popular-news).

Затым быў брыфінг для СМІ. Па меркаваньні старшыні місіі СААЗ Патрыка О’Конара (гл. фота зьлева), цяпер у Беларусі новая фаза разьвіцьця эпідэмічнай успышкі – выпадкі перадачы інфекцыі на ўзроўні суграмадзянства. Патрэбны комплексны падыход для стрымліваньня распаўсюду віруса: фізічнае дыстанцыянаваньне людзей, добрае тэставаньне, ізаляцыя тых, хто кантактаваў з хворымі. Адмысловец падкрэсьліў, што фізічнае дыстанцыянаваньне – гэта не самаізаляцыя. Гэта – адмова ад правядзеньня ўсіх спартовых і культурных мерапрыемстваў, пераход на аддаленае навучаньне і памяншэньне неабавязковага перамяшчэньня для груп высокай рызыкі – людзей сталага веку і з хранічнымі захворваньнямі.

Па меркаваньні прадстаўнікоў СААЗ, крытычна важна, каб людзі адказна аднесьліся да рэкамендацый Мінздрава. А міністэрства, у сваю чаргу, мусіць стала інфармаваць насельніцтва пра разьвіцьцё сітуацыі й тых мерах, якія робяцца ўладамі. “Час рыхтавацца да горшых сцэнароў. Гэта забег на доўгую дыстанцыю”, –  патлумачыў Патрык О’Конар.

На пытаньне, ці трэба Беларусі адмовіцца ад правядзеньня вайсковага параду 9 траўня (бо пік захворваемасьці прагназуецца на канец красавіка – пачатак траўня), глава місіі СААЗ канкрэтнага адказу ня даў. Толькі паўтарыў, што Беларусь уступае ў “цяжкія часы”, у сувязі з новай дынамікай росту (захворваемасьці) трэба адмовіцца ад правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Сярод станоўчых момантаў СААЗ адзначае:

– сістэмны падыход эпіднагляду ў Беларусі;

– наяўнасьць лабараторый для апрацоўкі тэстаў;

– разьмежаваньне пацыентаў у паліклініках і шпіталях, каб папярэдзіць перадачу віруса;

– аператыўную арганізацыю вытворчасьці сродкаў абароны для медыкаў унутры краіны,  паколькі пастаўкі на глабальным рынку скарачаюцца.

 

 

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    А вось як можа выкарыстаць пандэмію “глабальная алігархія”. Прапановы былі зроблены ў Давосе, студзень 2020 г. да пандэміі. Добры артыкул Я. Раманчука.
    https://liberty-belarus.info/uroki-mirovoj-ekonomiki/item/3975-globalnoe-pereformatirovanie-i-perezagruzka-leviafana

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы