nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Што сёньня кажа “Захад” пра Беларусь і наш народ

24 верасня, 2020 | 5 каментарыяў

Рэдакцыя.

Падзеі, якія пачаліся ў Беларусі ў першай дэкадзе жніўня і працягваюцца сёньня, сталі настолькі нечаканым і яркім грамадска-палітычным фактам (і ўжо нават гістарычным), што не маглі не справакаваць, як мы яго называем, “эфект крука ў лесе”. То бок, многія з тых міжнародных структур і адказных асоб, якія іх прадстаўляюць – людзей на вялікіх дзяржаўных пасадах, хто ў іншых абставінах мог бы моўчкі адседзецца ў сваіх офісах, замках, бунгала, сёньня мусяць (!) рабіць адваротнае – публічна выказвацца, даючы свае ацэнкі таму, што адбываецца ў нашай Бацькаўшчыне. За 26 гадоў яны, магчыма, не прысьвяцілі Беларусі й 26 хвілін сваёй увагі, затое ў апошнія дні мусяць аддаваць значна больш. І ў гэты самы момант мы можам пабачыць-пачуць ня толькі сам тэкст іх заяў, а і на грунце таго, што імі было абнародавана, ацаніць тое, чым напраўду “жывуць і дыхаюць” гэтыя людзі, які іх грамадска-палітычны сьветагляд. У гэтым заключаецца істотная дадатковая карысьць (у дадатак да факта саміх выказваньняў) ад пралёта беларускага “крука” над заходнім “лесам”.

 

На наш погляд, каб эфект ад прэзентацыі на нашым сайце заяваў адказных “заходнікаў” што да актуальных падзей у Беларусі быў большым, варта ня проста выставіць калекцыю адпаведных тэкстаў, а і стварыць аптымальныя ўмовы для аналізу іх зьместу. Такое магчыма, калі мы параўнаем нашы ацэнкі сітуацыі ў Беларусі зь іхнымі ацэнкамі.

Таму давайце спачатку складзем кароткі сьпіс (з паўдзюжыны) тых найбольш актуальных, прынцыповых і маштабных праблем, створаных нашаму народу 26-гадовым панаваньнем у Беларусі прарасейскага беларусафобскага этнацыднага рэжыму на чале з Лу-кам. Але пры гэтым зробім гэтак: уявім сабе, што існуе нейкая магутная міжнародная структура зь ідэальнай маральнай рэпутацыяй, якая з вышыні свайго статусу выказвае трывогу пра тое, што творыцца ў Беларусі, і з гэтай нагоды зьвяртаецца да цяперскіх уладаў і ўсяго беларускага народу. Як мог бы выглядаць сьпіс выказаваньняў клопату гэтай структуры ды патрабаваньняў зь яе боку?

На наш погляд, у такой Ідэальнай заяве абавязкова прысутнічалі б наступныя заўвагі:

Пункт 1-ы напэўна ўключаў бы патрабаваньні тэрмінова спыніць усе рэпрэсіі, скіраваныя супраць мірных грамадзян Беларусі, вызваліць усіх палітычных зьняволеных, пачаць рассьледаваньне “перавышэньняў паўнамоцтваў”, зьдзейсьненых прадстаўнікамі сілавых структур.

Пункт 2-і выказваў бы трывогу аб пагрозе канчатковай страты беларускай незалежнай дзяржаўнасьці ў сувязі з тым, што расейская імперыя і яе кіраўнікі плануюць завяршыць паўзучы аншлюс Беларусі; дадаткова тут мусіла б быць  патрабаваньне вывесьці з тэрыторыі Беларусі ўсе расейскія вайсковыя базы, усіх вайскоўцаў, супрацоўнікаў сьпецслужб Расеі, яе “дарадцаў”.

3-і пункт прысьвячаўся бы клопату пра адсутнасьць нармальных сапраўды дэмакратычных выбараў і, у якасьці асобнага падпункту, актуалізаваў бы праблему недапушчэньня прадстаўнікоў беларускай нацыянальна-патрыятычнай эліты да СМІ і да рычагоў палітычнай улады ў Беларусі, выказваў пратэст супраць гэтага.

4-ы падзяляў бы трывогу ў сувязі з пагрозай прысабечваньня ў будучыні беларускай зямлі, яе нетраў, а таксама прамысловых ды іншых прадпрыемстваў нейкімі прайдзісьветамі ды чужынцамі, магчымасьцю ператварэньня прадстаўнікоў тытульнай нацыі – этнічных беларусаў-вялікалітвінаў – у, фактычна, рабоў на ўласнай зямлі.

5-ы заклікаў бы тэрмінова спыніць этнацыд беларускага народу – вынішчэньне нацыянальнай культуры, мовы, гістарычнай памяці (з дапамогай прарасейскі арганізаванай інфармацыйнай прасторы і адукацыі) – усяго таго, што фармуе ў беларусаў-вялікалітвінаў пачуцьцё адзінага законнага гаспадара на ўласнай зямлі.

6-ы выказваў бы трывогу з нагоды дэмаграфічна-генетычнага абяскроўліваньня беларускай нацыі, абумоўленага ў першую чаргу вымушанай эміграцыяй значнай часткі адукаванай моладзі на Захад.

(канец сьпіса з 6 пунктаў)

Атрымалася значная частка пераліку тых праблем, створаных цяперскім рэжымам нашаму народу, якія мы сфармулявалі яшчэ 13 гадоў таму ў якасьці аднаго з прынцыпаў Беларускай дактрыны – гл. тут – https://nashaziamlia.org/3%d0%b1-%d0%91%d0%b5%d0%bb%d0%b0%d1%80%d1%83%d1%81%d0%ba%d0%b0%d1%8f-%d0%b4%d0%b0%d0%ba%d1%82%d1%80%d1%8b%d0%bd%d0%b0-%d0%94-%d0%bf%d1%80-%d0%bf%d1%8b-51-52/ – пункт 80.

У такой сітуацыі аказалася б, што наш грамадска-палітычны сьветагляд цалкам адпавядаў бы ўсім пунктам Ідэальнай заявы.

А цяпер давайце паглядзім, як нашы праблемы бачаць “адказныя людзі заходняга сьвету”, што яны патрабуюць, пра што выказваюць клопат. Прычым, думкі, якія адпавядаюць пунктам паданай вышэй Ідэальнай заявы, у іх тэкстах для нагляднасьці будзем падкрэсьліваць.

=

1.

На першае месца ставім…

Заяву Дзяржсакратара ЗША Майка Пампэа ў падтрымку народу Беларусі, які апублікаваў яе яшчэ 20 жніўня 2020 г. (гл. тут: https://www.golos-ameriki.ru/a/supporting-of-aspirations-of-belorussian-people/5551532.html).

У сваёй заяве сп. Пампэа адзначыў наступнае:

«Злучаныя Штаты натхнёныя тым, як беларускі народ мірна дэманструе імкненьне вызначыць сваю будучыню. Мы прытрымліваемся нашага доўгатэрміновага абавязацельства падтрымліваць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі, а таксама імкненьне беларускага народу выбіраць сваіх лідараў і ўласны шлях, свабодны ад зьнешняга ўмяшаньня», – заявіў Пампэа.

«Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур’ёзнымі недахопамі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія прайшлі 9 жніўня, і рашуча асуджаем гвалт супраць мірных дэманстрантаў і журналістаў, арышты апазіцыйных кандыдатаў і мірных дэманстрантаў, блакаваньне інтэрнэту і жорсткае абыходжаньне з затрыманымі. Мы заклікаем да неадкладнага вызваленьня несправядліва затрыманых і прадастаўленьня інфармацыі аб тых, хто лічыцца зьніклымі бяз вестак».

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць свабодныя і справядлівыя выбары, якія адлюстроўваюць волю беларускага народу. Выбары, якія адбыліся 9 жніўня, не адпавядалі гэтаму стандарту. Беларусь, як і ЗША, зьяўляецца сябрам АБСЭ, якая прытрымліваецца гэтых стандартаў. Мы заклікаем урад Беларусі прыняць прапанову АБСЭ выступіць у якасьці пасярэдніка ў арганізацыі дыялогу і ўцягваньні ў яго ўсіх зацікаўленых бакоў. Мы падтрымліваем міжнародныя намаганьні па незалежным рассьледаваньні парушэньняў падчас выбараў у Беларусі, зьвязаных з выбарамі парушэньняў правоў чалавека, а таксама рэпрэсій, якія адбыліся за выбарамі», – падкрэсьліў дзяржсакратар ЗША.

«Мы заклікаем урад Беларусі актыўна ўзаемадзейнічаць зь беларускім грамадствам, у тым ліку празь нядаўна створаны Нацыянальны каардынацыйны савет, адлюстроўваючы патрабаваньні беларускага народу, дзеля пасьпяховай будучыні Беларусі», – рэзюмаваў Майк Пампэа.

(канец цытаваньня заявы Дзяржсакратара ЗША)

Калі параўнаць даную заяву зь Ідэальнай, можна заўважыць, што сп. Пампэа адлюстраваў наступныя пункты апошняй: 1-ы (у поўным аб’ёме), 2-гі (у поўным аб’ёме), 3-і (часткова).

На пачатак – някепска…

2.

На другое месца ставім…

Сумесную заяву місіяў ЗША, Вялікабрытаніі, Швайцарыі ды Еўразьвязу, ад імя дзяржаў-чальцоў ЕЗ, прадстаўленых у Менску, што да выкарыстаньня гвалту і рэпрэсій у Беларусі

(Заява была зроблена яшчэ 28.08.2020 г., у Менску; узята адсюль: https://eeas.europa.eu/delegations/belarus/84524/%D1%81%D0%BE%D0%B2%D0%BC%D0%B5%D1%81%D1%82%D0%BD%D0%BE%D0%B5-%D0%B7%D0%B0%D1%8F%D0%B2%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D0%B8%D0%B5-%D0%BC%D0%B8%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%B9-%D1%81%D1%88%D0%B0-%D0%B2%D0%B5%D0%BB%D0%B8%D0%BA%D0%BE%D0%B1%D1%80%D0%B8%D1%82%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D0%B8-%D1%88%D0%B2%D0%B5%D0%B9%D1%86%D0%B0%D1%80%D0%B8%D0%B8-%D0%B8-%D0%B5%D0%B2%D1%80%D0%BE%D0%BF%D0%B5%D0%B9%D1%81%D0%BA%D0%BE%D0%B3%D0%BE-c%D0%BE%D1%8E%D0%B7%D0%B0-%D0%BE%D1%82-%D0%B8%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%B8_ru )

Вось яе тэкст.

“Мы неаднаразова заяўлялі аб сваёй салідарнасьці з народам Беларусі, які патрабуе захаваньня асноўных правоў і свабод чалавека з дапамогай правядзеньня свабодных і сумленных выбараў. Мы ўражаныя мірнымі дэманстрацыямі, якія працягваюцца па ўсёй Беларусі. Яны сьведчаць аб рашучасьці і мужнасьці народу Беларусі ў імкненьні да дэмакратычных пераменаў.

З часу выбараў мы сталі сьведкамі нялюдскага і непрапарцыйнага прымяненьня праваахоўнымі органамі сілы супраць мірных дэманстрантаў і простых грамадзян. Мы бачым мноства сьведчаньняў сур’ёзных траўмаў, атрыманых у выніку такога прымяненьня сілы. Нам таксама становіцца вядома аб незьлічоных выпадках жорсткага абыходжаньня і прыніжэньня годнасьці ў дачыненьні да затрыманых. Мы выказваем салідарнасьць з усімі ахвярамі гвалту і жорсткага абыходжаньня. Мы спачуваем сем’ям загінулых. Цяжка паверыць у тое, што, на вялікі жаль, мы сталі сьведкамі гібелі і пакутаў людзей, зьнявагі чалавечай годнасьці і правасуддзя ў Беларусі.

Мы асуджаем непрапарцыйнае прымяненьне сілы і заклікаем улады Беларусі спыніць гвалт і пагрозы прымяненьня вайсковай сілы супраць уласных грамадзян, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць усіх несправядліва затрыманых. Неабходна спыніць запалохваньне і перасьлед па палітычных матывах. Мы заклікаем улады Беларусі выконваць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы па выкананьні асноўных дэмакратычных свабодаў і правоў чалавека. Мы чакаем паўнавартаснага і празрыстага рассьледаваньня ўсіх меркаваных злачынстваў і злоўжываньняў з мэтай прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. Толькі гэта створыць магчымасьць для мірнага ўрэгуляваньня крызісу на аснове адкрытага нацыянальнага дыялогу”.

(канец цытаваньня сумеснай заявы прадстаўнікоў 4 заходніх палітычных суб’ектаў)

У данай заяве падкрэсьленыя часткі тэксту адпавядаюць толькі двум пунктам: 1-му (у поўным аб’ёме) і 3-му (часткова). Праблемы ж, паданыя намі ў 4 іншых пунктах, нават не ўзгадваюцца, а значыць, і адсутнічаюць ва ўяўленьнях менскіх прадстаўнікоў місіяў ЗША, Вялікабрытаніі, Швайцарыі ды Еўразьвязу.

3.

Трэцім дакументам у чарзе мы прапануем разгледзець Рэзалюцыю Еўрапарламенту што да сітуацыі ў Беларусі, прынятую 17 верасьня 2020 г. (за яе прыняцьце прагаласавала 574 дэпутата, 37 былі супраць і 82 устрымаліся).

Мы знайшлі шмат апісаньняў гэтай рэзалюцыі рознымі крыніцамі.

Напрыклад:  – https://censor.net/ru/news/3219871/evroparlament_ne_priznal_lukashenko_prezidentom_potreboval_vvesti_sanktsii_i_osudil_gibridnoe_vmeshatelstvo (Цэнзар.нет);

https://myfin.by/stati/view/blokirovka-kreditov-nepriznanie-prezidenta-zestkie-finansovye-sankcii-rezolucia-evroparlamenta (Мыфін.бай);

https://www.dw.com/ru/evroparlament-prizval-k-sankcijam-protiv-minska/a-54956329 (Нямецкая хваля);

https://news.tut.by/economics/700779.html (Тут. бай);

https://sputnik.by/politics/20200917/1045702687/Evroparlament-prinyal-rezolyutsiyu-po-Belarusi-i-potreboval-vvesti-sanktsii.html (Срутнік.бай).

Паколькі розныя журналісты адвольна выбіралі з рэзалюцыі розныя палажэньні, заставалася небясьпека, што нешта важнае яны могуць упусьціць. Таму мы пераклалі тэкст цалкам і выставілі яго тутhttps://nashaziamlia.org/2020/09/20/9992/#more-9992

Кожны сам можа пераканацца, што з 6 пунктаў Ідэальнай заявы ў ім прысутнічаюць тры першыя. Аднак усё гэта істотна дыскрэдытуе адзін факт: прынятая рэзалюцыя належыць да “незаканадаўчых”, г. зн., што яна неабавязковая да выкананьня і носіць рэкамендацыйны характар для інстытутаў ЕЗ і ўрадаў дзяржаў-членаў; яе прызначэньне – служыць палітычным арыентырам…

4.

18 верасьня 2020 г. сваё меркаваньне пра “перад- і пасьлявыбарчыя” падзеі ў Беларусі выказала Рада па правах чалавека пры ААН (на яе паседжаньні па скайпе выступала С.Ціханоўская – гл. фота).

Адпаведная Рэзалюцыя (A/HRC/45/L.1) была прынята 23 галасамі “за”, 2 чальца Рады былі “супраць” і 22 “ўстрымаліся”.

Тэкст Рэзалюцыі ўзяты адсюль – http://undocs.org/A/HRC/45/L.1 ; перакладзена з англійскай мовы сіламі рэдакцыі.

 

 

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасьля іх

Рада па правах чалавека,

Кіруючыся мэтамі і прынцыпамі Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, палажэньнямі Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародных пактаў аб правах чалавека і іншымі прыдатнымі дакументамі па правах чалавека,

Правёўшы на бягучай сесіі тэрміновыя дэбаты, зьвязаныя з абмеркаваньнем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасьля іх,

Спасылаючыся на ўсе рэзалюцыі, прынятыя Камісіяй па правах чалавека, Генеральнай Асамблеяй і Радай па правах чалавека па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы рэзалюцыю Рады 44/19 ад 17 ліпеня 2020 г.,

Нагадваючы таксама пра заяву Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека 12 жніўня 2020 года, заяву Генеральнага сакратара 13 жніўня 2020 года і сумесныя заявы ўладальнікаў мандатаў па сьпецыяльнай працэдуры пасьля правядзеньня прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 9 жніўня 2020 г.,

  1. выказвае глыбокую занепакоенасьць агульнай сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і яе пагаршэньнем напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, і наступствамі пасьля іх;
  2. шкадуе, што ўрад Беларусі не выканаў сваіх абавязацельстваў што да права кожнага грамадзяніна галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія праводзяцца на ўсеагульных і роўных выбарчых правах і пры тайным галасаваньні, гарантуючы свабоднае выказваньне меркаваньня і волі выбаршчыкаў, у адпаведнасьці, у прыватнасьці, са сваімі абавязацельствамі, прадугледжанымі артыкулам 25 (b) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, і таксама шкадуе аб невыкананьні Беларусьсю папярэдніх рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Еўропе што да правядзеньня вартых даверу выбараў, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, і не супрацоўнічае па своечасовым разьмяшчэньні запрашэньняў, што выключае разгортваньне місіі, якая мусіла весьці службу па назіраньні за апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі;
  3. выказвае сур’ёзную занепакоенасьць вартымі даверу заявамі аб парушэньні правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасьля іх, уключаючы шматлікія акты катаваньняў; гвалтоўныя знікненьні; выкраданьне і адвольную высылку; адвольнае затрыманьне, у тым ліку непаўналетніх; сэксуальны гвалт; адвольнае пазбаўленьне жыцьця; напады ды перасьлед, запалохваньні і ўтрыманьні пад вартай прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, у тым ліку членаў Каардынацыйнай рады, а таксама палітычна матываваную самавольную высылку з тэрыторыі Беларусі членаў Каардынацыйнай рады, праваабаронцаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў й іншых супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацы, а таксама людзей, якія імкнуцца мірна ажыцьцяўляць свае грамадзянскія і палітычныя правы; адмаўленьне права на свабоду мірных сходаў; адмаўленьне права на свабоду меркаваньняў і выказваньняў у Інтэрнэце і па-за сеткай, у тым ліку шляхам нападаў на СМІ, адмены акрэдытацыі замежных работнікаў СМІ, блакаваньня незалежных сайтаў і выключэньня Інтэрнэту;
  4. выказвае асаблівую занепакоенасьць вартымі даверу заявамі пра шматлікія акты катаваньняў й іншых жорсткіх, нялюдскіх ці такіх, якія зьневажаюць годнасьць, абыходжаньняў і пакараньняў супрацоўнікамі праваахоўных органаў, у тым ліку ў турмах і ізалятарах, якія тэрмінова патрабуюць незалежнага рассьледаваньня, і шкадуе, што, нягледзячы на ​​тое, што Беларусь, як Дзяржава-ўдзельніца Канвенцыі супраць катаваньняў й іншых жорсткіх, нялюдскіх ці такіх, што зьневажаюць годнасьць, абыходжаньняў і пакараньняў, ня выканала сваіх абавязацельстваў па гэтай дамове;

  1. заклікае беларускія ўлады спыніць выкарыстаньне празмернай сілы супраць мірных дэманстрантаў, уключаючы катаваньні й іншыя жорсткія, нялюдскія і прыніжаючыя годнасць абыходжаньні альбо пакараньні ды гвалтоўныя зьнікненьні, а таксама спыніць адвольныя арышты і затрыманьні па палітычных матывах і заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, журналістаў, праваабаронцаў, членаў страйкавых камітэтаў, студэнтаў і тых, хто быў затрыманы напярэдадні, падчас і пасьля прэзідэнцкіх выбараў за ажыцьцяўленьне іх правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. таксама заклікае беларускія ўлады ўступіць у дыялог з палітычнай апазіцыяй, уключаючы Каардынацыйную раду і грамадзянскую супольнасьць, каб гарантаваць павагу да заканадаўства аб правах чалавека, уключаючы грамадзянскія і палітычныя правы;
  3. прызнае важную ролю, якую адыгрывае грамадзянская супольнасьць, уключаючы праваабаронцаў, якія працягваюць выконваць важную праваабарончую дзейнасьць, у тым ліку шляхам дакументаваньня і маніторынгу ў складаных абставінах заяў аб парушэньні правоў чалавека да, падчас і пасьля выбараў;
  4. заклікае беларускія ўлады выконваць свае абавязацельствы ў адпаведнасьці зь міжнародным заканадаўствам аб правах чалавека, у прыватнасьці ў дачыненьні да свабоды мірных сходаў і асацыяцый, забароны катаваньняў і іншых формаў жорсткага абыходжаньня, а таксама свабоды меркаваньняў і выказваньня меркаваньняў як у Інтэрнэце, так і за яго межамі, уключаючы абавязкі, зьвязаныя са свабодай медыя і свабодай інфармацыі;
  5. таксама настойліва заклікае беларускія ўлады даць магчымасьць для незалежных, празрыстых і бесстаронных рассьледаваньняў усіх парушэньняў правоў чалавека, якія верагодна былі ўчынены ў кантэксце выбараў, у тым ліку заяў аб катаваньнях й іншых жорсткіх, нялюдскіх ці такіх, якія прыніжаюць годнасьць, абыходжаньнях і пакараньнях затрыманых і ўдзельнікаў гвалтоўных зьнікненьняў, і гарантаваць, што ахвяры будуць мець доступ да правасуддзя і кампенсацыі, а таксама, што вінаватыя панясуць адказнасьць;
  6. настойліва заклікае Беларусь да поўнага супрацоўніцтва са Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, у прыватнасьці, шляхам прадастаўленьня ёй бясплатнага, поўнага і бесьперашкоднага доступу на тэрыторыю краіны, уключаючы бесьперашкодны доступ да ўсіх месцаў пазбаўленьня волі, і пашырыць супрацоўніцтва з тэматычнымі сьпецыяльнымі працэдурамі Рады па правах чалавека;
  7. просіць Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ўважліва сачыць за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, падаць Радзе па правах чалавека да канца 2020 года прамежкавую вусную інфармацыю пра гэту сітуацыі з рэкамендацыямі, пасьля чаго правесьці інтэрактыўны дыялог і падаць вычарпальную пісьмовую справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі напярэдадні, падчас і пасьля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. падчас узмоцненага інтэрактыўнага дыялогу на 46-й сесіі Рады.

(канец цытаваньня рэзалюцыі)

Дадаткова варта адзначыць, што за гэтую рэзалюцыю галасавалі наступныя ўдзельнікі Рады: Аўганістан, Аргентына, Аўстралія, Аўстрыя, Бразілія, Балгарыя, Чылі, Чэшская рэспубліка, Данія, Фіджы, Нямеччына, Італія, Японія, Маршалавы выспы, Мексіка, Нідэрланды, Перу, Польшча, Рэспубліка Карэя, Славакія, Гішпанія, Україна, Уругвай. Супраць былі Венесуэла да Эрытрэя. Устрымаліся: Ангола, Арменія, Багамы, Бахрэйн, Бангладэш, Буркіна Фасо, Камерун, Дэмакратычная рэспубліка Конга,  Індыя, Інданэзія, Лібія, Маўрытанія, Намібія, Непал, Нігерыя, Пакістан, Філіпіны, Катар, Сенегал, Самалі, Судан, Тога.

Вяртаючыся да нашага падыходу, зьвязанага з параўнаньнем Ідэальнай заявы з усімі рэальнымі заявамі ды рэзалюцыямі, мусім сказаць, што ў Рэзалюцыі Рады па правах чалавека пры ААН узгаданы 1-ы пункт і часткова 3-і.

5.

У заключэньні выстаўлям асноўныя тэзісы Заявы прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, якую ён зрабіў 28 жніўня пасьля сустрэчы “зь беларускай апазіцыяй”, і якая адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю Польшчы (узята – https://www.youtube.com/watch?v=a5CQ2_hKJG8&fbclid=IwAR0Cvxbz-dDNiu5Htsc9UGXqzsuFr4HBNmWIZsMgoR40tF-kLj85c8rjzdk).

У сваёй заяве сп. Маравецкі сярод іншага сказаў, што:

– пару гадзін таму закончылася сустрэча з прадстаўнкамі апазіцыі зь Беларусі; “мы казалі пра тое, што Беларусь мусіць быць сувярэнным, незалежным, вольным  краем; гэта ключавая думка, якая вызначае кірункі нашых дзеяньняў у многіх сьферах” (0:10);

– магчыма, што дасягненьне гэтай мэты будзе патрабаваць шмат часу; таму мы ў гэтай сітуацыі мусім дбаць пра польскія інтарэсы, у якія ўваходзіць тое, каб за нашай усходняй мяжой была сувярэнная дзяржава; але нашы інтарэсы – гэта таксама бясьпека нашай дзяржавы, у т.л. у пытаньнях энэргетыкі  (1:30);

– прадстаўнікі беларускай апазіцыі не былі задаволены тым, як адбываецца падзел сродкаў, прызначаныз ад ЕЗ для Беларусі, калі толькі тры мільёны еўра ідзе на падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі й рэпрэсаваных асоб, а 50 мільёнаў еўра ідзе (ураду РБ) на дапамогу па барацьбе з COVID-19; з гэтага часу ўсе 50 мільёнаў злотых (каля 10.000.000 даляраў) – частка Польшчы – пойдзе на падтрымку рэпрэсаваным, катаваным, незалежных СМІ (4:00);

– 10 верасьня я ініцыяваў паседжаньне ў рамкам Рады Еўропы па праблемах Беларусі, дзе казаў, што трэба зрабіць, каб дапамагчы беларускаму грамадству;  сёньня гэта ж запрапанаваў прадстаўнікам беларускай апазіцыі (6:00);

будзем дапамагаць рэпрэсаваным, а таксама студэнтам зь Беларусі, якія хацелі бы вучыцца ў Польшчы, будзем паскараць візавыя і ўяздныя  працэдуры (7:00);

– наш прафсаюз “Салідарнасьць” будзе зьвязвацца з працаўнікамі прадпрыемстваў у Беларусі, дзе адбываюцца страйкі, каб ім дапамагаць (8:30);

заклікаем да вызваленьне палітычных вязьняў, у т.л. чальцоў Каардынацыйнай рады (10:00);

– будзем падтрымліваць з нашага бюджэту фонд “Беларускі дом” й ініцыятыву “Вольная Беларусь” (11:00);

– Польшча ня можа быць абыякавай да таго, што адбываецца ў Беларусі; мы павінны быць амбасадарамі вольнай, незалежнай Беларусі (12:30);

– мы размаўлялі з паннамі Ціханоўскай і Анжалікай Борыс пра польскую меншасьць, пра палякаў, якія жывуць у Беларусі; мы павінны адпавядаць іх чаканьням і патрэбам; мы падтрымліваем імкненьне палякаў у Беларусі да польскай мовы, культуры, традыцый – гэта вельмі важнае заданьне для нашай дзяржавы (13:00);

– штодзённа імкнуся прыцягваць увагу прадстаўнікоў ЕЗ да праблем Беларусі (14:00).

(канец цытаваня сп. Маравецкага)

Калі да ўліку пунктаў падысьці фармальна, то атрымаецца, што прэм’ер-міністар Польшчы ўзгадаў зь Ідэальнай заявы аж тры зь іх: 1-ы, 2-і, 6-ы. Аднак мы да гэтай заявы будзем падыходзіць ня толькі фармальна, а яшчэ і па сутнасьці.

Так, калі ў жаданьне палякаў быць аддзеленымі ад расейскай імперыі буфернай дзяржавай (нашай Беларусьсю) можна паверыць, як і ў шчырасьць закліку да вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі, то ў тое, што палякі сапраўды шчыра жадаюць дапамагчы рэпрэсаванай беларускай моладзі атрымаць вышэйшую адукацыю – не. Прычым, катэгарычна не! Пра гэта сьведчыць уся польская палітыка ў дачыненьні да нашага народу як у апошнія стагоддзі, так і ў апошніх гады-дзесяцігоддзі. Пачынаючы ад татальнага этнацыду беларусаў беласточчыны, “Крэсаў всходніх”, непрыемных чутак што да “праграмы імя Каліноўскага” (асобная тэма, якая патрабуе дакладнага дасьледваньня!) і заканчваючы дэмаграфічным марадзёнствам пад назвай “Карта паляка”, якая, гнюсна выкарыстоўваючы этнацыдную палітыку, праводзімую ў нас  прарасейскай дыктатурай, актыўна дзейнічае на нашай зямлі вось ўжо 12 гадоў! (гл., матэрыялы пра “Карту” на нашым сайце). Таму ў выніковай табліцы (будзе далей) за такую “дапамогу” нашай моладзі мы за 6-ы пункт Ідэальнай заявы паставілі ня +1, а -1.

Некаторыя іншыя выказваньні ў заяве Маравецкага былі на справе ня менш езуіцкімі.

Такім зьяўляецца выказваньне аб клопаце пра палякаў “на Бялорусі”, асабліва ў спалучэньні з узгадваньнем польскай актывісткі А.Борыс, якая, як бачым, і сёньня ў фаворы ў вядучых польскіх палітыкаў. Параўнайце два факты:

– польскі ўрад працягвае актыўна падтрымліваць “імкненьне” апалячаных праз “косьцюл польскі” вялікалітвінаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, “да польскай мовы, культуры, традыцый” (факт першы);

– пасьля Другой сусьветнай на тэрыторыі Беласточчыны і блізкіх землях жыло каля мільёна беларусаў-вялікалітвінаў(!), цяпер іх там менш за 50 тысяч – вынік этнацыднай польскай палітыкі на нашай этнічнай тэрыторыі (факт другі).

Скажыце, ці вам ня стала, як мінімум, няёмка ці гідка ад такога “польскага клопату” пра нас?…

Ня менш цікавым ёсьць пытаньне, а хто быў у якасьці прадстаўнікоў “беларускай дэмакратычнай апазіцыі”, якія размаўлялі аж з самім прэм’ер-міністрам Польшчы. Паколькі асобы названы не былі, паспрабуем здагадацца: Ціханоўская з Цэпкалам? Канапацкая з Латушкам? А, можа, гэта былі Зарэмбюк зь Сіўчыкам ды Нехтам? Ці Вячорка з Раманчуком ды Міхалевічам? Альбо Саньнікаў з Бандарэнкам, Халезіным ды Радзінай? А, мо, самі Мілінкевіч з Пазьняком?!

Магчыма, калі-небудзь і даведаемся персанальны склад дэлегацыі “беларускай дэмакратычнай апазіцыі”, падабранай сабе самімі палякамі. Але што адкрылася ўжо цяпер, дык гэта тое, што размова была пра… грошы. “Дайце больш грошай!” – яўна з надрывам прасілі неназваныя беларускія апазіцыянеры. І сп. Маравецкі, нібы школьнік перад завучам, апраўдваўся, што “Польшча кожны год і так дае вам 3.000.000 даляраў. Гэта, вядома, мала. Разумеем. Цяпер будзем даваць па 10.000.000! А яшчэ, мамай клянуся, буду прасіць іншыя краіны Еўразьвязу таксама даваць больш…”.

Мы, хто ніколі не атрымліваў ніякіх польскіх грошай (а, калі б і давалі, ня бралі б), можам дазволіць сабе адкрыта наперад сказаць, што дадатковае ўзмоцненае фінансаваньне “беларускай апазіцыі” (у дадатак да ўжо асвоеных ёй за дзесяцігоддзі “барацьбы з рэжымам” дзясяткаў мільёнаў даляраў; і гэта толькі польскіх даляраў) не дадасьць для вырашэньня беларускіх праблем нічога. Усё, як было бессэнсоўна і безвынікова ў асьпекце пагрозы беларускаму суверэнітэту, так ў гэтым стане і застанецца. У адрозьненьне ад стану банкаўскіх рахункаў… “беларускіх дэмакратычных апазіцыянераў”.

Вядома, апошняе зноў вяртае нас да пытаньня пра шчырасьць заяваў палякаў пра іх жаданьне бачыць Беларусь “сувярэнным, незалежным, вольным краем”. А, мо, усё павернецца паводле выраза: сквапнасьць фраера згубіла. У даным выпадку сквапнасьць імперская, польская…

6.

А цяпер давайце абагулім сабраныя і прааналізаваныя матэрыялы. Для лепшага ўспрыняцьця зробім гэта ў форме табліцы (гл. ніжэй), у якой сімвал “+1” азначае поўную адпаведнасьць думкі, адлюстраванай у чыёйсьці заяве, адпаведнаму пункту Ідэальнай заявы; сімвал  “0,  што праблема не ўзгадваецца, “-1” сімбалізуе поўную супрацьлегласьць пункту ў выказваньнях ці дзеяньнях (гэты сімвал атрымала Польшча за “дапамогу” беларусам у выглядзе Карты паляка ды за іншае аналагічнае). “0,5” пастаўлена там, дзе пункт Ідэальнай заявы ўзгаданы часткова, ці калі, як у выпадку з Рэзалюцыяй ЕП, уся заява абвяшчаецца “рэкамендацыйнай”.

Атрымліваецца, што аб’ектыўныя колькасныя паказчыкі розных міжнародных структур у сваіх ацэнках падзей у Беларусі адрозьніваюцца ў разы – ад 1 да 2,5 (найбольшы паказчык аказаўся ў цяперашняга Дзяржсакратара ЗША, найгоршы – у кіраўніка ўраду Польшчы). Пры гэтым ніводная міжнародная структура (у адрозьненьне ад нашай рэдакцыі) нават на палову не адпавядае па сваёй адэкватнасьці бачаньня праблем беларускага народу ўяўнай міжнароднай арганізацыі зь ідэальна маральнай рэпутацыяй.

Калі складваць балы па гарызанталі, то становіцца бачным, што найбольш заходнікі любяць узгадваць “парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”, менш – небясьпеку для захаваньня незалежнасьці й права нашага народу на сапраўдныя выбары.

Аднак найбольш уражвае тое, што ніводная “ўплывовая міжнародная структура”, з тых, якія ёсьць на захад ад Беларусі, сёньня ва ўпор ня хоча бачыць такіх стратэгічных праблем беларускай найцыі, як этнацыд (пункт 5); патэнцыйную небясьпекі захопу нашай зямлі ды прадпрыемстваў злачынцамі-чужынцамі (пункт 4); дэмаграфічна-генетычных механізмаў нацыянальнай дэградацыі (пункт 6); патрэбы, каб у выніку выбараў вышэйшыя дзяржаўныя пасады займалі менавіта найлепшыя беларусы-вялікалітвіны, а ня розныя гарлапаны-прайдзісьветы (пункт 3). Дарэчы, само паняцьце “беларускі народ” было выкарыстана толькі Пампэа, ЕП і ў сумеснай заяве чатырох краін.

Чаму так, адкуль такая сьлепата? А таму, што гэтыя пункты Ідэальнай заявы адлюстроўваюць сапраўдны клопат пра лёс нашага народу, выкрываюць сам зьмест злачынстваў, якія робяцца на нашай зямлі беларусафобскай этнацыднай прарасейскай дыктатурай. Пакуль вядомы “Маўр” робіць сваю чорную справу па ачыстцы беларускай зямлі ад сьвядомых беларусаў (сьветагляды нашых людзей вось ужо чвэрць стагоддзя старанна стэрылізуюцца ад нацыянальна-патрыятычнай сьвядомасьці), зграі ня толькі ўсходніх, але і заходніх злачынцаў пускаюць сьліну ды ў нецярплівасьці паціраюць рукі – маўляў, вось-вось адкрыюцца магчымасьці, каб пажывіцца новай “зямлёй абетаванай” – на гэты раз ня хецкай, а беларускай.

З іншага боку, а куды ім сьпяшацца? – ручайкі таленавітай, працавітай, дысцыплінаванай беларускай моладзі, адукавай, дарэчы, за кошт беларускага народу, і так цякуць у іх заходнія краіны ды ў іх заходнія карпарацыі… Тым больш, што ў бліжэйшыя гады гэтыя “ручайкі”, па прагнозах многіх, могуць толькі павялічыцца. А ёсьць яшчэ і розныя “блакітныя плыні” з усходу… Карацей, у заходнікаў усё добра – цёпла і з даху ня капае…

Што ў такой сітуацыі можна казаць пра спадзевы шчырых беларусаў на сапраўдную дапамогу з боку Захаду?… Толькі тое, што такія спадзевы для юных ды наіўных.

Таму давайце скарэктуем нашы ўяўленьні  аб “уплывовых міжнародных заходніх структурах” у кірунку адэкватнасьці сапраўднасьці, якая ў чарговы раз адкрылася, дзякуючы “пралёту беларускага крука над заходнім лесам”…

Усяго лепшага, сябры.

 

 

5 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    Я бы трошкі інакш сфармуляваў ІДЭАЛЬНЫЯ патрабаванні.
    1. цалкам згодны
    2. заўвага: незалежнасць абавязкова; на то яны і спецслужбы каб дзейнічаць нелегальна і патрабаваць іх вывад наіўна; базам можна не прадляваць дамову
    3. заўвага: свабодныя выбары абавязкова; свабода СМІ абавязкова, але ўладу для БНПС ад знешніх сіл патрабаваць наіўна
    4. гэта пытанне карупцыі якое залежыць ад парламенту Беларусі
    5. і 6. вырашае беларуская ўлада
    То бок 4, 5, 6 унутраныя нашы праблемы на якя знешнія ўплывы непажаданыя, хіба толькі ўплыў дыяспары

    • Рэдакцыя кажа:

      “хіба толькі ўплыў дыяспары”

      А чаму няма ўплыву дыяспары? Таго, які патрэбны народу ад гэтай дыяспары…

  2. Andrei кажа:

    Наконт Пампэа. У сакавіку 2020 падчас выступу ў штаце Техас ён сказаў наступнае: “Калі я быў дырэктарам ЦРУ то мы хлусілі, займаліся ашуканствам, круцельствам, крадзяжом”. Увогуле, даверу словам супрацоўнікоў КДБ ці ЦРУ (былых не бывае) не павінна быць. Чыя б карова мычала як той казаў. У Амэрыцы так званай дэмакратыі застаўся нуль пасля тэрарыстычнай апэрацыі пад назвай “ковід 19”. Таму ўсе парады і заклапочанасць выглядаюць недарэчна.

  3. ВАЛЯНЦИН кажа:

    выдатны грунтоуны палитычна-навуковы аутарски артыкул. шкада, што замест прафесара Астроускага на псеудабеларуским дзяржтэлебачанни “сьвецицца палитычнае сьмецце” … и нават псеудаапазицыйныя недзяржауныя инфармканалы “не зауважаюць” сайт Nasha ziamlia

  4. Павел Бич кажа:

    Для меня таксама цалкам не зразумела чаму недзяржаўныя інфармканалы не зауважаюць сайт “Наша земля” Можа таму што гэты сайт больш -меньш прыхільна ставіцца да літвінства, якое на дух не пераносят беларусісты якія апанавалі увесь недзяржаўны друк?. Тым больш што яны ставяца прыхільна да польскасці якая далей ад белай рускасці чым літвінства.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы