nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Чарговыя трызьнёвыя мроі расейскай імперыякратыі (частка 2: першыя рэакцыі)

жнівень 9, 2021 | 9 каментарыяў

Рэдакцыя.

Пасьля выхаду ў сьвет праграмнага артыкула Ул.Пуціна (напісанага, відавочна, ня ім, але ім прысвоенага – гл. папярэдні матэрыял), у якім “абгрунтоўваецца” права расейскай імперыякратыі на захоп дзяржаў беларускага ды украінскага народаў, амаль прайшоў месяц. Таму мы, як сайт ідэалагічны, працягваем чакаць вялікіх сур’ёзных рэцэнзій-адказаў на пуцінскі опус ад нашых беларусаў-вялікалітвінаў (у т.л., напрыклад і найперш, ад Зянона Пазьняка, Паўла Біча, Сяргея Высоцкага), а таксама ад суседзяў украінцаў, каб выставіць іх на нашым сайце. Між тым, часу хапіла, каб многія маглі выказацца коратка. Падаем ніжэй нізку такіх меркаваньняў, якія можна было сустрэць у Сеціве. У канцы пададзім свае меркаваньні, рэдакцыйныя. На выказваньне Фрыдрыха Ніцшэ, думаем, вы ўжо ўвагу зьвярнулі…

 

Адным зь першых на “пуцінскі” твор свой адказ даў вядомы расейскі журналіст і палітолаг Ігар Якавенка (гл. фота 1 унізе). Ён сказаў так (гл. тут:  https://www.youtube.com/watch?v=zOi8t2xILfs): “Гэты артыкул – пуцінская версія “Майн кампф” у чыстым выглядзе, абгрунтаваньне мэтаў “рускага рэйху”. Гэта праграма на будучыню, абгрунтаваньне аншлюсу … Уся гэтая праца пабудавана на хлусьні й скажэньнях … Там ёсьць два галоўных лозунгі, якія даюць патрабаваньне вайны. Першы, што рускія і украінцы – адзін народ. Другі, што Расея ды рускія абрабаваныя … Між тым, украінцы сябе адзіным народам з рускімі ня лічаць. Рускія адчуваюць аналагічна. Такое трызьненьне жыве толькі ў галаве Пуціна” (час – першыя 7,5 хвілін).

Вядомы многім Андрэй Іларыёнаў (гл. фота 2 уверсе) пра артыкул Пуціна за прайшоўшы час выказваўся неаднаразова.

Так тут – https://www.youtube.com/watch?v=swEDcLTRJrw – ён сказаў, што Пуцін у адным з апошніх абзацаў даў зразумець, што тыя кіраўнікі (ва Украіне і Беларусі), якія будуць праводзіць самастойную як вонкавую, так і ўнутраную палітыку, “прывядуць да ліквідацыі краіны”; што Пуцін заявіў свае прэтэнзіі на Украіну ў выглядзе “праграмнага дакумента, пабудаванага па ўсіх канонах” – спачатку выкладаюцца тры адпаведныя канцэпцыі (“гістарычнай Расеі”, “адзінага народу”, “адзінай нацыі”), затым прад’яўляюцца тры групы прэтэнзій Украіне (быццам Україна скрала нейкія расейскія землі; Україна не адбылася як дзяржава; ва Украіне зьдзяйсьняецца праект анты-Расеі); а затым Пуцін абвяшчае права на выкарыстаньне ўсіх сродкаў, каб апошняга не дапусьціць. Артыкул Пуціна, мяркуе сп. Андрэй, нацэлены на ліквідацыю украінскай дзяржаўнасьці. Усё гэта адбылося менш чым праз месяц пасьля сустрэчы з Байдэнам…

Тут – https://www.youtube.com/watch?v=pChzgUEmbYc – сп. Іларыёнаў дадаў, што опус Пуціна “па форме  артыкул, а па жанры – ультыматум, заява на зьнішчэньне украінскай дзяржаўнасьці, украінскага суверэнітэту”, у гэтым заключалася яго мэта. Тэкст зьмяшчае не патрабаваньне фінляндызацыі Украіны (пра што кажуць некаторыя), а ўльтыматумы, якія выкарыстоўвалі кіраўнікі СС ў 1939 годзе ў дачыненьні да Польшчы і ў 1940-м у дачыненьні да Прыбалтыйскіх краін (час – ад 18:00). Прычым, адзначанае адбываецца ў сітуацыі, калі паміж Пуціным і Байдэнам фактычна заключаны “пакт”, падобны на пакт, заключаны ў 1939 годзе ў Маскве (пра гэта было раней).

Тут – https://www.youtube.com/watch?v=-Xh4KsCCiPo – Іларыёнаў паўтарае, што артыкул Пуціна – гэта ультыматум Пуціна Украіне. Пуцін у артыкуле “кажа голасам Молатава 1939-40 гг., ён хоча ўсталяваньня поўнага кантроля над Украінай” (час – ад 15:40).

Ня менш вядомы нашым чытачам Андрэй Піянткоўскі (гл. фота 3 уверсе) таксама шмат разоў выказваўся што да опуса Пуціна. Так тут – https://www.youtube.com/watch?v=KtFnHX9yz34; дубль тут: https://www.youtube.com/watch?v=6KZ9_79sYwk – ён заявіў: “Гэты тэкст горш, чым аб’яўленьне вайны. Пуцін адмаўляе права на існаваньне украінскай дзяржавы і украінскага народу … Гэта ультыматум, прад’яўлены суседняй дзяржаве”. Таксама дадаў, што ў Пуціна атрымалася зацягнуць у сваю “гульню” Меркель, Макрона і… Байдэна.

Тут – https://www.youtube.com/watch?v=2jY-xokOFrQ – сп. Піянткоўскі сказаў, што артыкул Пуціна – гэта не артыкул, а афіцыйная заява прэзідэнта РФ. “Гэта беспрэцэдэнтны дакумент у сусьветнай практыцы – кіраўнік дзяржавы аб’яўляе неіснуючымі ня толькі суседнюю дзяржаву, але яе народ, прад’яўляе тэрытарыяльныя прэтэнзіі што да “скрадзеных” земляў … Пры гэтым расейскія прапагандысты заяўляюць, што гэта апошняе папярэджаньне Украіне, а Меркель знаходзіцца на “падтанцоўцы” ў Пуціна”.

У сваю чаргу Марк Фейгін (фота 4 уверсе) падмеціў – https://www.youtube.com/watch?v=RfmPM6Gk9zs – што вайна з Украінай – гэта спосаб стабілізаваць унутраную сітуацыю ў Расеі. Пуцін перасьледуе мэту заваёвы Беларусі і Украіны ў якасьці той палітычнай “спадчыны”, якая застанецца пасьля яго Опус Пуціна – гэта ультыматум, які прызначаны не дапусьціць інтэграцыю Украіны ў Еўразьвяз ды НАТА і адрасаваны… ЗША. Для Пуціна гэта прынцыпова. Калі Пуцін “дацісьне” Байдэна, сітуацыя сапраўды можа стаць вельмі небясьпечнай.

Максім Шаўчэнка (фота 5 уверсе) пра артыкул Пуціна сказаў, што яго “ўразілі абсалютна дзікунскія ўяўленьні ўлады пра тое, як утвараюцца этнасы і нацыянальнасьці”, што Пуцін адмаўляе права украінцаў лічыць сябе украінцамі (https://www.youtube.com/watch?v=I_Xl21zeD34). Разам з тым, у выказваньнях Шаўчэнкі мы знаходзім шмат пярэчаньняў нашым ведам, таму пра гэта і папярэджваем нашых чытачоў.

У заключэньне кароткай атэкстоўкі меркаванняў што да артыкула Пуціна з боку цяперашніх і нядаўніх жыхароў РФ хочам праілюстраваць заўвагу Піянткоўскага пра тое, як расейскія прапагандысты на ўсе лады ўзяліся рэкламаваць пуцінскі опус. У якасьці апошняга прапануем паслухаць, калі атрымаецца сьцярпець пачуцьцё агідцва, небезьвядомага пана Васермана (гл. тут – https://www.youtube.com/watch?v=Agw4bW1Yq4s), які даўно спакусіўся зарабляць на той жа гнюснай ніве, што і ўсялякія жырыноўскія-салаўёвы. Праслухалі? А на такое выказваньне Васермана: калі Беларусь будзе паводзіць сябе, як Україна, яе таксама трэба “выключаць” (час –  3:30-6:00)”, – зьвярнулі ўвагу?! Праўда, вярнулася адчуваньне рэчаіснасьці?

Цяпер давайце дадзім слова жыхарам Украіны.

Першай хай будзе Яніна Сакалова (гл. фота 6 унізе).  Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=LpanR7pi4FE – яна паказала прыклад, як трэба змагацца з актываванымі артыкулам Пуціна агентамі  расейскай імперыі ва Украіне (напрыклад, такімі, як Ківа), выкарыстоўваючы сучасныя сродкі PR-прапаганды.

Гардон (фота 7) заявіў (https://www.youtube.com/watch?v=MI_-fq3h1lY), спасылаючыся на Альфрэда Коха, што “артыкул Пуціна – гэта маніфест перад нападзеньнем … У верасьні, чакайце. Пуцін будзе нападаць з поўначы, з боку Беларусі. Праз Чарнігаў і наўпрост на Кіеў… Калі армію перакінуць на поўнач, адбудзецца ўдар з боку ДНР-ЛНР”.

Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=cGVWnF4BSFYТарас Беразавец (фота 8 уверсе) выказаў меркаваньне, што артыкул Пуціна быў адрасаваны найперш “вонкавым кіраўнікам Украіны”. Але яго абавязалі прачытаць і ўсіх сілавікоў у Расеі. Зьвярнуў увагу Беразавец і на тое, што ў артыкуле Пуцін выступае супраць Леніна (і бальшавікоў) і на баку Сталіна.

Галоўны вядоўца ўкраінскага канала OmTV UA (гл. фота ўнізе) паказаў, якую мапу будучай Украіны “ў адпаведнасьці з артыкулам Пуціна” вывалілі на ўвесь экран прапагандысты 1-га расейскага (гл. тут – https://www.youtube.com/watch?v=eP7g_pwMGFk – час 5:10).  Далей ён дакладна патлумачыў, чаму такая мапа – гэта “поўны фэйк”, як прынята цяпер казаць.

Шмат цікавага і важнага з нагоды артыкула Пуціна выказаў колішні міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін (гл. фота 9 уверсе). На Радыё НВ ён сярод іншага адзначыў (https://www.youtube.com/watch?v=F-FS_mPYnr0), што лічыць артыкул Пуціна новым імперскім маніфестам (час – 6:20), што Зяленскі павінен падрыхтаваць уласны артыкул, прысьвечаны украінскай гісторыі й бачаньню будучыні Украіны. Пуцін жадае накінуць людзям сваё бачаньне гісторыі, паказаць сваё сховішча скрэп [зразумела, чаму; гл. выказваньне Ніцшэ ў пачатку гэтага матэрыяла. – Рэд.]. Зь ім ня трэба спрачацца ці дыскутаваць. Яму трэба супрацьпаставіць (і распаўсюдзіць) бачаньне, што, у адрозьненьне ад тэрыторыі сучаснай Расеі (дзе панавалі законы Арды), на тэрыторыях сучасных Украіны і Беларусі ў свой час меў месца еўрапейскі рэнесанс. Таму ў адказ на артыкул Пуціна і наступную імперскую прапагандовую кампанію “давайце апавядзем уласную гісторыю” – заклікаў сп. Павал. Ён паабяцаў, што сам таксама абавязкова напіша адпаведны артыкул…

Клімкін таксама з трывогай зьвярнуў увагу, што Пуцін у дзярждуму Расеі падаў праект што да пашпартызацыі украінцаў і беларусаў на падставе “самаідэнтыфікацыі”

Нарэшце найбольш поўны аналіз пуцінскага імперскага трызьненьня з гістарычных пазіцый, як на даны момант, мы знайшлі ў Алега Крыштопы (фота 10 уверсе), выступ якога кожны можа самастойна пабачыць тут – https://www.youtube.com/watch?v=E2f7VreiQjU. Сп. Алег спачатку заявіў, што Пуцін усё перабрахаў, а затым апавёў шмат ключавых гістарычных фактаў, зь якіх вынікае, што сапраўды так – перабрахаў…

У заключэньне адзначым, што ў артыкуле пагроза ў бок нас – беларусаў-вялікалітвінаў – прысутнічае ня ў меншай ступені, чым у дачыненьні да украінцаў. Аднак пра небясьпеку для беларускага народу ўжо традыцыйна кажуць нямногія… (з пададзеных каментатараў Беларусь у адзначаным сэнсе ўзгадалі толькі Клімкін ды Фейгін). Будзем выпраўляць гэты дэфект. У іншых, відаць, ёсьць больш важныя справы…

На нашым сайце ўжо шмат гадоў выстаўлена шмат матэрыялаў, якія сёньня з-за артыкула Пуціна “Аб гістарычным адзінстве…” набылі дадатковую актуальнасьць. Напрыклад, у адным зь першых нашых матэрыялаў (https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14/#more-14) пра т.зв. “адзінства” рускіх і беларусаў вось ужо 15 гадоў напісана наступнае:

“Некаторыя грамадскія дзеячы, відавочна апярэджваючы падзеі, дайшлі ўжо да таго, што лічаць беларусаў і рускіх аднолькавымі (адзіным этнасам, адной нацыяй). Так, вядомая пісьменьніца Алексіевіч заяўляе, што беларускі народ у асноўным ужо “рускай свядомасьці”.

Можа, яна не ведае, што ў такім разе знаходзіцца ў адным шэрагу не з беларускімі пісьменьнікамі і паэтамі, а са сп-ром Лукашэнкам (які кажа, што “беларусы – гэта тыя ж рускія”), з прэзідэнтам Пуціным – аўтарам генацыду чачэнскага народу і адначасна аўтарам выразу “беларусы і рускія – адна нацыя”, а таксама з усімі рускімі шавіністамі і фашыстамі, якія імкнуцца навязаць нам гэтую абсурдную думку яшчэ з часоў царызму?

Думаю, ведае. Як і мы: пана пазнаем па халявах, а агента ўплыву – па ідэалагемах, якія ён імкнецца нам навязаць…

Адмыслова для прадстаўнікоў “беларускай грамадскасці”, такіх, як Алексіевіч, а таксама для тых, хто некрытычна можа праглынуць гэтую і падобныя да гэтай заявы, магу наўскідку нагадаць некалькі прыцыповых адрозьненьняў паміж двума ўзгаданымі славянскімі народамі, якія іх істотна размяжоўваюць.

Па-першае, у беларусаў адрозны генафонд. Больш за тое, мы па сваіх генетычных асаблівасьцях бліжэй да ўкраінцаў, палякаў і нават да летувісаў, чым да рускіх. Усё гэта абумоўлена асаблівасьцямі гісторыі фармаваньня нашага этнасу. Таму, калі нас прыпісваюць да рускіх, гэта выглядае, як быццам бы нас прымушаюць здрадзіць тром родным братам на карысьць аднаго стрыечнага, аргументуючы гэта тым, што ён большага памеру і больш нахабны… Акрамя таго, наш генафонд вельмі багаты і каштоўны. Доказам гэтага з’яўляюцца асобы агульнацывілізацыйнага маштабу, якія з яго выйшлі – Ефрасіня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Леў Сапега, Андрэй-Тадэвуш Касцюшка, Міхал Агінскі, Адам Міцкевіч, Фёдар Дастаеўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і многія іншыя…

Па-другое, зьмест нашай беларускай культуры (у прыватнасьці фальклор) настройвае “сьвядомасьць” беларусаў, што асновай іх дабрабыту і шчасьця ёсьць сумленная праца. Маўляў, стварай, працуй – і, у выніку, будзеш шчаслівым. У фальклоры рускіх да працы стаўленьне адваротнае – грэблівае. Затое актыўна прапагандуецца… антыпраца – халява. Калі мы адмовімся ад зьместу нашай культурны (што, натуральна, немагчыма, але зробім высілак і ўявім такое) на карысьць ідэі халявы ў вобразе залатой рыбкі, жар-птушкі, чароўнага шчупака, канька-гарбунка, чароўнага жорава і г.д., мы зробім неверагоднае глупства, бо ўсе народы, якія дасягнулі найбольшых посьпехаў у эканамічным і культурным разьвіцьці (немцы, японцы, шведы, англа-саксы), маюць той самы зьмест нацыянальнай “сьвядомасьці”, што і мы – беларусы (помніце агульнаеўрапейскую казку пра Папялушку?). І, як бачым, нездарма…

Па-трэцяе, у нас прыняты больш складаныя і тонкія адносіны паміж людзьмі. Гэта бачна хаця б па тым, што рускае слова “отношения” ў беларускай мове мае некалькі адпаведнікаў, кожны зь якіх мае свае адценьні – адносіны, стаўленьне, дачыненьні, стасункі, зносіны… Дадзеныя моўныя адлюстраваньні беларускай “сьведамасці” па-руску нават цяжка патлумачыць, выказаць. Прычына ў тым, што беларусы стагоддзямі жылі ў значна больш вольнай дзяржаве, дзе шляхта абірала свайго караля ці вялікага князя і магла быць зь ім на роўных, “на ты” (пан-брат). Для быцьця на роўных людзям патрэбны больш складаныя, тонкія, адрэгуляваныя адносіны, якія і адлюстроўвае мова. У імперыі рускіх дамінавалі вертыкальныя, сада-мазахісцкія адносіны, дзе цар-імператар быў “намесьнікам Бога на зямлі”, баяры-дваране былі яго рабамі, а ўсе іншыя – рабамі рабоў. Відавочна, што пры дадзенай прымітыўнай форме адносін, узятай з далёкага мінулага (па дадзеных этолагаў, прадстаўленай зараз таксама ў іерархічнай арганізацыі грамадскіх жывёл), ніякія тонкасьці ў “адносінах” не патрэбныя… Лёгка заўважыць, што руская масавая “сьведамасьць” працягвае захоўваць дадзеныя прымітыўныя, сада-мазахісцкія рысы і цяпер, а адносіны на роўных успрымаць ня здольна і заве “панібрацтвам”. Тым часам вертыкальныя, сада-мазахісцкія ўзаемаадносіны патрэбны толькі ў час вайны (як для нападу, агрэсіі, так і для абароны), для стваральнай дзейнасьці патрэбна праца людзей і іх супраца. А супрацоўніцтва магчыма толькі на роўных (г.зн., па гарызанталі).

Па-чацвёртае, беларусы былі стваральнікамі і стагоддзямі гаспадарамі знакамітай і магутнай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Усе ведаюць, як нашы продкі кіравалі ёй і як сябе паводзілі. Ведаюць, што на фоне іншых краін тых часоў гэта была найбольш дэмакратычная і мірная краіна – прыхільніца еўрапейскіх форм кіраваньня грамадствам. Беларусы стварылі ўнікальны на той час дакумент – Статут ВКЛ – фактычна першую ў сьвеце канстытуцыю! А чым могуць ганарыцца рускія? Стварэньнем адной з самых крыважэрных імперый за ўсю гісторыю чалавецтва? Такім чынам, нас падзяляюць правераныя гістарычнай практыкай дэмакратызм і імперскасьць “сьвядомасьці”, свабоды чалавека і ўсяўладдзе манарха, мір і вайна…

Пятае, нас істотна падзяляе і сама гісторыя. Ці маем права мы забываць, пра тую шкоду, якую нашаму народу зрабілі маскавіты ў 16, 17, 18, 19, 20-м стагоддзях, уключаючы найперш гіганцкія людскія і матэрыяльныя страты? Пра паўстаньні нашых продкаў супраць расейскага рабства ў 1796, 1830, 1863, 1920 гг.? Ці маем мы права ігнараваць факт, што для сучасных рускіх Іван ІІІ, Сувораў, Мураў’ёў, Сталін і т.п. – гэта героі і малойцы, якія спрыялі “расширению и укреплению их великой России”, а ў нашай беларускай “сьвядомасьці” гэта ўсё спрэс адмоўныя, крывавыя персанажы нашай уласнай гісторыі? Ці маем права мы забываць, што нашы вялікія ўсходнія тэрыторыі да гэтага часу знаходзяцца ў складзе расейскай імперыі, што толькі на працягу 20-га стагодзя Расея шмат разоў гандлявала нашымі заходнімі землямі, перадаючы іх каму папала? Ці маем права рабіць выгляд, што нам быццам бы ўсё роўна, калі бачым, як рускія радуюцца зьнішчэньню нашай мовы, а ўсе нармальныя беларусы – пакутуюць? У такой ступені, у якой мы не “Иваны, не помнящие родства”, а сапраўды беларусы, мы і далей ня толькі маем намер ведаць, памятаць і паважаць сваіх продкаў і сваю гісторыю, а і абавязаны так рабіць.

Шостае. Рускаму народу, які стагоддзямі выкарыстоўваўся як непасрэдная прылада імперскай палітыкі ў дачыненьні да іншых народаў, цяпер жадаюць усяго благога дзясяткі мільёнаў людзей – усё яшчэ жывыя прадстаўнікі гэтых народаў. Такое стаўленьне захаваецца на ўвесь час, пакуль побач з рускімі будуць жыць іншыя этнасы. Да беларусаў, наадварот, стаўленьне добразычлівае, і гэты капітал зьяўляецца неацэнна каштоўным. Яго ні пры якіх абставінах нельга згубіць. Больш за тое, як толькі здарыцца нагода, варта папрасіць прабачэння ў тых народаў, у спробы закабаленьня якіх мы – беларусы – былі ўцягнуты суседняй імперыяй (пачынаючы з тых жа аўганцаў, якіх у час вайны 1979-1989 гг. загінула каля 1 мільёна чалавек!). Акрамя таго, у гэтай запрацаванай усёй нашай шматпакутнай гісторыяй каштоўнасьці ў дадатак да маральнага, ёсьць яшчэ істотны практычна-палітычны бок. Расейская імперыя, пабудаваная на гвалце і крыві шматлікіх народаў, якая давала пачуцьцё ўяўнай “велічы” рускаму народу («державообразующий народ»), зараз знаходзіцца пад пагрозай развалу. Наступае час расплаты за ўсё зло, зробленае на працягу стагоддзяў. Прадстаўнікі “вялікага” народу, інтуітыўна прадчуваючы гэта, упадаюць у комплекс імперскай непаўнавартасьці. Таму, акрамя ўзмацненьня агрэсіі (што нагадвае перадсьмяротныя сутаргі), ім хочацца ўцягнуць у гістарычную адказнасьць яшчэ каго-небудзь, каб хоць неяк разбавіць сваю віну. Не, даражэнькія. Вы – “вялікія”, вы – “магутныя”, вось і будзьце імі бяз нас. Адказвайце самі за ўсе свае грахі.

Сёмае. У нашай культуры ня толькі глыбокі і персьпектыўны зьмест, а і цудоўная форма. Так, напрыклад, беларускія народныя танцы вельмі разнастайныя і высокамастацкія. Яны заўсёды ў парах, прызначаны для гарманізацыі адносін паміж хлопцам і дзяўчынай. У беларускіх народных танцах няма скамарошыных выкрунтасаў, яны не бываюць строем… А ўзяць нашу мову. Яна і больш распрацаваная, і больш мілагучная, і больш старажытная, і правапіс у ёй у значна большай ступені супадае з вымаўленьнем. Апошняе мае прынцыповае значэнне для фармавання цьвярозага сьветагляду, адэкватнага рэчаісьнасці (гаворым “малако” і пішам “малако”, а не так, як у рускай ці некаторых іншых мовах – гаворым “малако”, а пішам “молоко”. Чаму? Навошта? Разумна патлумачыць немагчыма). Прыйдзе час і мы вернем некаторыя правілы тарашкевіцы (напрыклад, “ня”, “бяз”, мяккі знак, адмененыя ў пачатку 1930-х), каб гэтыя асаблівасьці беларускай мовы былі і заставаліся яшчэ больш выразнымі. Скажэньні (гаворым адно, пішам другое) пярэчаць беларускай “сьвядомасьці”, затое істотна спрыяюць разьвіцьцю знакамітага “думаем адно, гаворым другое, а робім – трэцяе”. Таму вы клапаціцеся самі пра свой “великий и могучий”, а мы будзем берагчы нашыя ўласныя каштоўнасьці, у тым ліку і такія, як наша мова, якія дазваляюць нам успрымаць сьвет больш непасрэдна, рэалістычна, адэкватна…

Восьмае. Беларускі менталітэт мае іншы (у параўнаньні з рускім) кірунак погляду ў будучыню. Пасля таго, як беларускі этнас умацуецца ў межах сваёй этнічнай тэрыторыі, беларусы будуць думаць толькі пра далейшае інтэнсіўнае разьвіцьцё сваёй дзяржавы і пра ўзаемадачыненьні на роўных з усімі суседнімі народамі. Проста таму, што такія мы ёсьць. Руская “свядомасьць” найперш ўключае экстэнсіўны кірунак разьвіцьця, накіраваны на захоп, на экспансію на чужыя тэрыторыі (бо для рускіх зямля – гэта не сродак працы, як для беларусаў, а тэрыторыя), дзе далей рускія здольны практыкаваць толькі адзін вядомы ім сада-мазахіцкі варыянт узаемадачыненьняў з іншымі народамі. Гэта азначае, што ў будучым сьвеце, які наступіць праз некалькі дзесяцігоддзяў ці стагоддзяў, і дзе будуць магчымы ўзаемадачыненьні паміж народамі толькі ў выглядзе супрацоўніцтва на роўных, рускім проста няма месца, а беларусам – ёсьць. Бо па ўсіх параметрах мы ў самы раз падыходзім для будучай агульналюдскай цывілізацыі…

Калі ж рускія пажадаюць застацца ў будучыні, ім давядзецца зьмяніць сваю “сьвядомасьць” кардынальным чынам і менавіта ў беларускім кірунку.

(канец цытаты)

Хто жадае асьвяжыць свае ўяўленьні пра расейскі імперыялізм на грунце матэрыялаў нашага сайта, можа пачытаць, напрыклад, тут:

https://nashaziamlia.org/2006/04/16/50/#more-50

https://nashaziamlia.org/2006/04/16/51/#more-51

На сёньня, здаецца, усё.

Усяго лепшага, сябры.

 

9 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    Дзякуй Рэдакцыі за смястоўный матэрыял. Аднаго не магу зразумець з якіх гэта пор З.Пазьняк і С. Высоцкій сталі беларусамі-літвінамі. Абодва свае артыкулы і опусы заканчываюць клічам “Жыве Беларусь” чым паказваюць што яны не разумеюць сілаў кодаў-назваў. Першый нават назваў літвінства маскоўскім праектам. Каб зразумець ў чым разыходжанне Сяргея з цяперашней апазіцыяй. я шмат разоў яго запытваў чым яго ідэалогія адрозніваецца ад ідэалогіі існуючай апазіцыяй. Адказу не атрымаў, і гэта можа сведчыць што тут замешана нешта асабістае.

  2. мінак кажа:

    Цытата 15-гадовай даўнасьці вельмі змястоўная і сёння.
    Таксама думка Марка Фейгіна ”вайна з Украінай – гэта спосаб стабілізаваць унутраную сітуацыю ў Расеі”, мае рацыю!
    Але давайце не будзем эмацыянальна абурацца, а спытаемся: — Чаму так? Якую палітыку можа весьці сёння Расея? Адпусціць Украйну, а затым Беларусь?

    У свой час калі Украйна падчас прэзідэнцтва Парашэнка рэзка павярнула на Захад, я міжволі скрывіў гімору на твары і быў моцна незадаволены. Бо лічыў, што Украйне трэба было весьці памяркоўную палітыку з Расеяй накштал той якую вяла і вядзе РБ. Таксама трымацца вельмі сяброўскія адносіны з РБ. Расея па шмат якіх паказчыках не можа змагацца з Захадам, але з Украінай і РБ яна можа элементарна проста схаваць гэтыя дзяржавы, у крайнім выпадку ізноў паўтарыць 1772 год і падзяліць тэрыторыі з Захадам.

    Таксама трэба ўвесь час помніць словы Бердзяева, што Расея можа захавацца толькі як таталітарная дзяржава. Дэмакратыя для Расеі разбуральна.
    Вось такая даннасьць! У Расеі сёння ёсьць дэструктыўныя сілы, якія ставяць палкі ў калёсы і Пуціну, і Беларусі і Украіны. Пуцін на сённішні момант трымае мір на постсавецкай прасторы. А што будзе далей? Ніхто не ведае, але палітычных прыдуркаў хапае ўсюды. Мне адзін дэмакрат-бізнесовец (вельмі памяркоўны чалавек) неяк у жніўні 2020 года ляпнуў, што ”някепска былі б ахвяры падчас жнівеньскіх падзей. Тады ён не ўтрымаецца.”
    Я яго з абурэннем абсёк, ”ты што хочаш грамадзянскай вайны?”
    Мы, старые дзяды баімся вайны, у нас гэты страх заклаўся з малаком маці. Не за сябе баімся, а за дзяцей і ўнукаў, за нашу краіну!
    Таму трэба дамаўляцца!

  3. Павел Біч кажа:

    Калі я думаю аб нацыянальным пытанні. то сыходжу з двух прынцыпаў. Першае, у рускім характеры няма анічога такога каб не было у ва іншых народаў. Справа ў прапорцыях. Напрыклад. хлусяць усе нацыі (нават ангельцы і французы самые прадвінутые). але рускіе хлусяць на усіх ўзроўнях ад самых нізкіх на пабытовым ўзроўне (іх пагаворка “прастата хуже воравства) і да самага верхняга калі іскажаюць свае і чужое мінулае (зафіксаваные факты) ва угоду сваім часовым інтэресам. Другое, Са зменай умоў жыцця характар нацыі можа змяняцца. Напрыклад, для рускіх гэта можа быць страта часткі або ўсей Сібіры і культурнае наступленне кітайцаў;. тады яны магчыма страцяць сваю ненавісць да Захаду. Але цяпер самай выпуклай рысаў рускага характара ёсць яго ненавісць да свабоды. Адкуль яна???
    Вось характэрный урывак з “Однаго Дня І..Д.” Салжэніціна.
    Но крикнул что-то Волковой искать – и надзиратели быстро перчатки поснимали. телогрейки вялят распустить. рубахи растегнуть – и лезут перещупывать. не поддето ли чего в обход устава. Положено зэку две рубахи – низшая да верхняя. остальное снять! Вот как передали зэки из ряда в ряд приказ Волковога. Какие бригады раньше прошли – ихнее счастье, уж и некаторые за воротами, . а эти открывайся! У кого что поддето – скидай тут же на морозе.. Так и начали, да неувязка у них вышла: в воротах уже прочистилось. конвой с вахты орет: давай,. давай и Волковой на 104-й сменил гнев на милость: записывать, на ком что лишнее. вечером сами пусть в коптерку сдадут и объясниткльную записку напишут: как и почему скрыли..
    Буйновский – в горло (на миноносцах своих привык. а в лагере трёх месяцев нет): – Вы права не имеете людей на морозе раздевать! – Вы девятую статью уголовного кодекса не знаете!…
    Имеют. Знают. Это ты брат. ещё не знаешь.- Вы не советские люди – долбает их капитан. – Вы не коммунисты…”
    Так Иван Денисович каментирует действия начальства, становясь как-бы на их бок и выставляя дурачком капитана который хотел заступицца за зэков. Чым не типичное руске холпство?

  4. мінак кажа:

    ”Чым не типичное руске холпство?”
    Прайшло толькі 167 год ад адмены рабаўладання (прыгонага права), то што вы хочаце Павел! Таму культ сілы ў характары расейскага народа, дарэчы як і ў англасаксаў.

  5. Siarhiej кажа:

    Найбольш коратка і проста пра опус Пу выказаўся Максім Шаўчэнка: “дзікунскія ўяўленьні ўлады”. Прагляд гісторыі людства за апошнія 2 -3 тысячагоддзі сведчыць, што фараоны, цары, імператары … і сёняшнія дыктатары маюць прыкладна аднолькавую псіхіку (шызу) адносна іншых хомо сапіенс. У Рымскай імпэрыі жыло каля 60 мільёнаў людзей, здаецца прыродных рэсурсаў на ўсіх хапала, але імператары імкнуліся пашырыць сваі ўладанні і вытрачалі на гэта вялікія сродкі. Тады гэта ўспрымалася ўсімі хомо як звычайная і натуральная практыка.
    З тых часоў, як быццам бы не было, для многіх хомо, навуковых адкрыццяў, тэхналагічныж дасягненняў, дэмаграфічнага выбуху, трох прамысловых рэвалюцый, … сацыяльных і эканамічных даследаванняў, стварэння адукацыйных сістэм, вынаходніцтва дэмакратычных працэдур (арганізацыйных тэхналогій) ды іншых цывілізацыйных зрухаў. Дыктатары маюць псіхіку хомо старажытных часоў, сёння іх можна параўнаць з сексуальнымі маньякамі ці бандытамі-“безпредельшчыкамі”.
    Спыніць іх можа толькі сіла, калі гэтага не зрабіць, дык маем тупік цывілізацыі.
    Варта прыглядзецца да атачэння дыктатараў – “прыкарытнікаў”. Што гэта за хомо? Ці ёсць у іх адукацыя і інстынкты? Ці з’яўляюцца яны такімі ж дзікунамі? Мне здаецца, што ўвагу трэба накіраваць персанальна на іх, бо з дыктатарамі ўсё ясна. Думаю, што інфармацыйныя тэхналогіі не даюць ніякі шансаў на выжыванне дыктатур.
    Іншая праблема “тут і цяпер”. Што рабіць беларусам-ліцвінам у нашым канкрэтным выпадку. Шавелім мазгамі!

  6. Павел Біч кажа:

    Сяргей вызначыў цікавую праблему – за што звычайные людьзі любяць уладу і пагатоў сільную. Толькі хто з нас яе “пацяне”?

  7. Siarhiej кажа:

    У доўгатэрміновай канкурэнцыі (гібрыднай вайне) вырашальнае значэнне будуць мець такія паказчыкі, як навуковы Nature Index: https://www.natureindex.com/annual-tables/2021/institution/all/all
    Пра імпэрскаю “веліч” і планы Пу можна жартаваць, але ў бліжэйшыя пару гадоў яна вельмі небяспечная.

  8. мінак кажа:

    Напачатку ХХІ стагодзя Пуцін выказаўся на тэлебачанні аб тым, што расейскія навукоўцы робяць 4 адкрыцці ў галіне нанатэхналогій, а японцы і амерыканцы па трыста і дзьвесьце вынаходстваў. Праблема ў тым, што Расея і большасьць краін сьвету не маюць ні навукова-лабараторнай базы, ні навуковага сучаснага ўзроўня ведаў у некаторых навуковых галінах.

    Будучыя вайсковыя канфлікты будуць весьці робаты, беспілотнікі, нанашпіёны, нанамухі, нанапчолы і ваяваць супраць іх з аўтаматам АК ці танкам будзе бесэнсоўна. Сёння дарэчы вайна вядзецца праз інтэрнэт і смяротныя штамы ковіда.

    • валянцин кажа:

      не праьлема, а шчасьце, што Расея и большасьць краинау сьвету не маюць навейшых тэхналгияу для вядзення вайны !

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы