nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Што трэба зрабіць Маскве, каб прывязанасьць да яе Беларусі не залежыла ад Лукашэнкі”

жнівень 16, 2021 | Каментары (1)

Фёдар Лук’янаў – галоўны рэдактар часопіса «Расея ў глабальнай палітыцы», старшыня Прэзідыюму Рады па зьнешняй і абароннай палітыцы Расеі, дырэктар па навуковай працы Міжнароднага дыскусійнага клубу «Валдай».

У якасьці прадмовы да паданага ніжэй артыкула названага расейскага палітолага (артыкул узяты адсюль: https://globalaffairs.ru/articles/chto-delat-moskve/; перакладзены намі) прапануем скарочаную версію меркаваньня Арсэна Сівіцкага што да яго (https://t.me/forstrategy/124). Сп. Арсэн сярод іншага лічыць, што праз год пасьля пачатку беларускага крызісу Крэмль зрабіў стаўку на “армянскую мадэль” яго вырашэньня, што і ілюструе артыкул Фёдара Лук’янава. У ім аб’яўляецца пра гатоўнасьць Масквы садзейнічаць зьмене рэжыму ў Менску наўзамен за гарантыі захаваньня новага кіраўніцтва Беларусі ў расейскай сьферы ўплыву. У якасьці такіх гарантый выступае… сталая ваенная прысутнасьць Узброеных сіл РФ на тэрыторыі Беларусі. Аднак, паколькі Масква не зьбіраецца падстаўляцца пад новыя заходнія санкцыі, выкарыстаньне “армянскай мадэлі” павінна быць “легітымным” у вачах зьнешніх актораў, – лічыць Сівіцкі. Гэта прадугледжвае заключэньне пэўнай зьдзелкі зь ЕЗ і ЗША, каб не справакаваць увядзеньня новых санкцый супраць Расеі “за падрыў незалежнасьці і суверэнітэту Беларусі” (Акт Кангрэсу ЗША аб правах чалавека, дэмакратыі і суверэнітэце Беларусі 2020 г.). Аднак, ці можам мы быць упэўненымі, што адпаведная зьдзелка паміж Расеяй і Захадам ужо не заключана?..

Рэдакцыя.

 

“Праз год пасьля прэзідэнцкіх выбараў сітуацыя ў Беларусі і вакол гэтай краіны нагадвае ідэальны пат. Расстаноўка фігур такая, што ніхто з гульцоў ня можа зрабіць ход, які перавядзе партыю ў эндшпіль. Беларуская апазіцыя ня здолела зрынуць Аляксандра Лукашэнку, хоць мінулай восеньню здавалася, што гэта амаль непазьбежна. Прычыны ўжо неаднаразова разбіраліся. Па-першае, стаўка афіцыйнага Менска на рэпрэсіі, адсутнасьць бачных ваганьняў у сілавым апараце. Па-другое, падтрымка з боку Масквы, якая выразна дала зразумець: зьмены рэжыму яна не дапусьціць. Па-трэцяе, даволі млявая рэакцыя Захаду – салідарнасьць з пратэстамі ня йшла ні ў якое параўнаньне з той, што аказвалася Украіне…

Але перамога Лукашэнкі азначала не заканчэньне крызісу, а толькі тое, што ён захаваў уладу. Як бы ні намагаўся беларускі лідар вярнуцца ў звыклую каляіну, дзіўна рабіць выгляд, быццам нічога не зьмянілася («Вялікі размова» Лукашэнкі паказала, што ён лічыць непрыемную старонку перагорнутай і гатовы працягваць давыбарную лінію). Да непрызнаньня галасаваньняў Лукашэнку не прывыкаць. Ацэнка выбараў Захадам істотна менш важная, чым раней, але цяперашняя ступень легітымнасьці беларускіх уладаў несупаставіма ніжэй нават у параўнаньні з папярэднімі крызіснымі перыядамі. І праблема тут ня ў Захадзе і не ў палітычных апанентах, якіх эфектыўна нівеляваў, а ў відавочнай няздольнасьці прапанаваць насельніцтву хоць нейкую персьпектыву на будучыню.

Заходні кірунак закрыты, хутчэй за ўсё, канчаткова. Лукашэнка – не Эрдаган, і, хоць яго вынаходлівасьці можна пазайздросьціць (арганізаваць варожай краіне міграцыйны крызіс на пустым месцы ня кожны зможа!), гандлявацца зь ім праз “не хачу” ня будуць. Ня той маштаб. Расія гуляць у бясконцыя перамовы аб інтэграцыі больш не зьбіраецца – ужо патрэбны нейкі вынік. Ну, а рэсурсаў для самастойнага разьвіцьця ў Беларусі не было і раней – цяпер ім тым больш няма адкуль узяцца. Атрымліваецца, што «вобраз будучыні» беларусаў зводзіцца да нязьменнага прэзідэнта, які клянецца ніколі не аддаваць уладу «мярзотнікам».

У заходніх ворагаў Лукашэнкі становішча таксама патавае. Санкцыі толькі замацоўваюць Беларусь у статусе датацыйнага суб’екта Расейскай Федэрацыі, хоць гэтага-та якраз хацелі не дапусьціць. Стварэньне эмігранцкай альтэрнатывы асаблівага ўплыву на сітуацыю ўнутры краіны не аказвае. На якім бы ўзроўні ні прымалі Ціханоўскую ў Еўропе і Амерыцы. Праціўнікі беларускага рэжыму настойваюць, што доўга так працягвацца ня можа, «хутка ірване» і гэтак далей. Аднак досьвед апошняй пары дзесяцігоддзяў паказвае, што «ірве» там, дзе кіраўніцтва няздольнае на вельмі жорсткія меры. Калі ж гэтыя меры прымяняюцца без аглядкі на што-небудзь, пафас, што перамога свабоды непазьбежная, скісае. Найбольш яскравы прыклад – Паўночная Карэя, кіраўнікі якой зрабілі высновы з падзей 1989-91 гг.: самая малая слабіна вядзе да краху, а яе адсутнасьць – да посьпеху. Праўда, ёсьць другая неабходная ўмова – наяўнасьць магутнай зьнешняй апоры, якая дапамагае процідзеіць варожаму ціску звонку. У КНДР гэта быў Кітай, у Беларусі – зразумела, Расея.

Параўнаньне Менска і Пхеньяна ў даным выпадку не ацэначнае. Гаворка менавіта пра палітычны метад і рашучасьць кіраўніцтва. Гэтую рашучасьць Лукашэнка прадэманстраваў на цалкам кімаўскім узроўні – прымусова пасадзіўшы замежны пасажырскі самалёт дзеля арышту апанента і запусьціўшы маштабную аперацыю «Нелегальны мігрант». Так, што на Захадзе могуць паўтараць мантры пра асуджанага на зрынаньне дыктатара і захапляцца тым, як Сьвятлана Ціханоўская за год з хатняй гаспадыні ператварылася ў сапраўднага дзяржаўнага дзеяча пад стаць Байдэну з Джонсанам, але гэта толькі белетрыстыка. Да таго часу, пакуль Масква па нейкіх прычынах не адмовіць Менску ў падтрымцы і ня пусціць усё на самацёк…

Але такі сцэнар цяжка ўявіць, Беларусь занадта важная для Расеі з пункту гледжаньня бясьпекі. Між тым Расея таксама знаходзіцца ў патавай пазіцыі. Лукашэнка захаваў прэзідэнцтва перш за ўсё дзякуючы Пуціну, і многія меркавалі: вось цяпер пытаньні «напаўненьня Саюзнай дзяржавы новым зьместам” будуць вырашацца хутка і пад дыктоўку Масквы. Гэтага не адбылося. Калі ацэньваць па зьнешніх праявах, перамовы ідуць гэтак жа, як і раней – доўга, вязка і без яўнага выніку. Гэта здаецца тым больш дзіўным, што ступень эканамічнай залежнасьці Менску ад Расеі вырасла – на прэс-канферэнцыі Лукашэнка зноў сказаў, што яго краіне патрэбныя грашовыя ўліваньні.

У Расеі ўсё часьцей гучаць раздражнёныя каментары: хопіць, маўляў, цацкацца з вёрткім кліентам, трэба альбо прымусіць яго пайсьці на нашы ўмовы, альбо, карыстаючыся наяўнасьцю шматлікіх рычагоў, забясьпечыць выгадны нам транзіт улады. Лукашэнка, аднак, палітык дасьведчаны і мае тонкі нюх. Ён разумее, што Расея таксама ад яго залежыць, паколькі ў выпадку няштатнай палітычнай сітуацыі ўлада ў Менску (можа) зьмяніцца ня самым удалым для Масквы чынам. Уласна, гэтая асьцярога і прымусіла расейскае кіраўніцтва год таму адназначна падтрымаць Лукашэнку, хоць саму выбарчую кампанію ён вёў, па сутнасьці, пад антырасейскімі лозунгамі. Ну, і тым больш цяпер, калі Масква зрабіла публічную стаўку менавіта на яго, адмовіцца несалідна і рызыкоўна.

За трыццаць постсавецкіх гадоў наўрад ці хоць раз Крэмль здолеў прывесьці да ўлады дзесьці на прасторы былога СССР свайго стаўленіка. Бывалі выпадкі, калі ўлада зьмянялася ў спрыяльным для Расеі напрамку, але адбывалася гэта па ўнутрыпалітычнай логіцы саміх дзяржаў, з-за аб’ектыўных абставінаў. Масква магла неяк садзейнічаць гэтаму, але не яна стварала прыдатную для сябе сітуацыю. Калі ж Расея ўсё ж такі спрабавала наўпрост удзельнічаць ва ўнутраных працэсах суседзяў, вынік атрымліваўся кепскі. Дастаткова ўспомніць Украіну і 2004-га, і 2014 года.

Расея не валодае навыкамі і традыцыяй, якімі валодаюць еўрапейскія краіны ці ЗША (на Захадзе з гэтым таксама цяпер адбываецца істотна горш, чым раней, але тут іншая тэма). Рыхтаваць лаяльныя эліты, пра што мрояць расейскія прыхільнікі «мяккай сілы», нам ніколі не ўдавалася, а спрабаваць дзейнічаць па амерыканскіх лекалах – позна і неарганічна.

Варыянт, пра які часта кажуць, – эканамічны аншлюс, для якога ёсьць добрыя перадумовы. Але, па-першае, Лукашэнка гэта выдатна разумее, таму перамовы аб дарожных картах і цягнуцца бясконца. Па-другое, досьвед іншых краін паказвае, што шчыльная эканамічная сувязь – не гарантыя палітычнай лаяльнасьці, часам нават наадварот.

На гэтай песімістычнай ноце зьвернемся да класікі. Што забясьпечвае гарантыю лаяльнасьці? Выкарыстоўваючы амерыканскі выраз, boots on the ground («боты на зямлі») – непасрэдная ваенная прысутнасьць. Каштоўнаснае, ідэалагічнае, а таксама эканамічнае яднаньне ў рамках НАТО – безумоўна, магутны клей для калектыўнага Захаду. Але яшчэ надзейней – знаходжаньне ў Еўропе і ў іншых саюзных краінах/рэгіёнах вайсковых баз і ўзброеных кантынгентаў ЗША. На сумесную бясьпеку, крытэрыі якой вызначаюць у Вашынгтоне, добра кладзецца ўсё астатняе.

У расейскім выпадку гэта тым больш справядліва. Наяўнасьць дзеяздольных ўзброеных сілаў і гатоўнасьць іх з толкам ўжываць – найважная прылада расейскага пазіцыянаваньня ў сьвеце, будзь то краіны-суседзі ці далей.

Армянскі выпадак асабліва паказальны. Той факт, што Арменія залежыла ад Масквы ў сьферы нацыянальнай бясьпекі, дазваляў Расеі памяркоўна ставіцца да армянскіх унутрыпалітычных кульбітаў. Радыкальная зьмена кіруючай эліты ў 2018-м не прывяла да разрыву або глыбокага крызісу дачыненьняў. А леташняя вайна, прайграная Ерэванам, ператварыла краіну ў фактычны пратэктарат Расеі. І цяперашнія размовы аб разьмяшчэньні расейскіх вайскоўцаў на мяжы з Азербайджанам – замацаваньне такога становішча. Заўважым, што Арменія моцна залежыць ад Расеі і эканамічна, але ня гэта стварыла новую якасьць сувязяў.

У мінулым годзе Беларусь часта параўноўвалі з Арменіяй. Беларуская апазіцыя спрабавала зразумець, як Пашыняну атрымалася пераканаць Маскву, што яго прыход на месца лаяльных Расеі сіл не пагражае яе інтарэсам. І што зрабіць, каб запэўніць Крэмль: Менск без Лукашэнкі не памчыцца прэч ад Масквы, таму што гэта нявыгадна і ня трэба. Год паказаў, што запэўніць не атрымаецца. Няма такіх абавязацельстваў, якія ўспрынялі б як дастаткова пераканаўчыя і незваротныя. І справа не ў канкрэтных людзях і сілах, а ў агульнай міжнароднай атмасьферы, у якой верыць чаму-небудзь скрайне цяжка.

Адрозьненьне Беларусі ад Арменіі менавіта ў тым, што там няма расейскай вайсковай прысутнасьці. Тэма расейскай вайсковай базы падымалася за гады кіраваньня Лукашэнкі ня раз, але далей размоў справа не ішла. Нязьменны прэзідэнт, як ужо сказана, валодае выдатнай інтуіцыяй. Ён ведае, што знаходжаньне на ўласнай тэрыторыі замежных войскаў, нават саюзных, мяняе сітуацыю. Аднак тыдзень таму, кажучы пра чарговыя пагрозы звонку, ён дапусьціў магчымасьць запрашэньня ў краіну расейскіх вайскоўцаў, каб супрацьстаяць разам. Верагодна, гэта была чарговая фігура прамовы, але за яе варта было б зачапіцца, ідэю разьмяшчэньня вайсковай базы ў Беларусі актыўна вітаць – не для абароны ад НАТО, а з мэтай прывесьці дачыненьні зь Менскам у зразумелую і стабільную форму. А тады ўжо тэма транзіту і далейшых адносін паўстала б у іншым сьвятле. І, магчыма, Расеі стала б значна менш справы да таго, хто і як кіруе ў Беларусі, абы кіраўнікі разумелі, што спробы правядзеньня недружалюбнай палітыкі выклічуць рэакцыю у тым ліку сілавога характару. Як правіла, да такога не даходзіць, бо сама наяўнасьць вялікага кантынгенту настройвае на канструктыўны лад…

Трымаць «зьнешні контур», гэта значыць задаваць рамкі для палітыкі краіны важнага суседа, аддаўшы ўсю ўнутраную дзейнасьць на водкуп самім народам і іх разуменьню дэмакратыі – нядрэнная альтэрнатыва інтэграцыі альбо аб’яднаньню. Арменія да гэтага фармату ўжо даволі блізкая. Для Беларусі, магчыма, ён стаў бы выхадам.

Калі апісаная гіпотэза дакладная і прыйшла ў галаву ня толькі аўтару гэтых радкоў, зразумела, чаму кіраўнікі расейскіх сілавых і палітычных структур так ахвотна падтрымліваюць рыторыку Лукашэнкі аб бясконцых зьнешніх ворагах. Чым іх больш, тым больш актуальнай зьяўляецца тэма расейскай вайсковай дапамогі. І тым бліжэй магчымасьць сысьці з патавай пазіцыі, якая ўсіх стаміла”.

(канец артыкула)

 

 

Ад рэдакцыі.

Бачыце вы іх – яны стаміліся чакаць…

А, каб вы, маскалі, ведалі, як мы стаміліся абурацца вашаму нахабству і пагрозам нам тым ці іншым чынам заграбастаць сабе тое, што належыць ня вам, а нашаму беларускаму народу – НАШУ ЗЯМЛЮ І ДЗЯРЖАВУ…

Калі вы забылі пра Будапешцкі мемарандум 1994 года, пад якім стаяць міжнародныя абавязацельствы і подпіс Расеі, у чарговы раз заяўляем: наша зямля не перадаецца і не прадаецца нікому, і на ёй ня можа быць нават адной нагі хоць якога чужынца ў вайсковым боце

 

Каментары (1)

  1. Павел Біч кажа:

    Я дапускаю версію што у меня пачаўся ужо старческій маразм. але я не могу (з налёту) зразумець чый гэта артукул – ці Лукьянава. ці Сівіцкага.. Акрамя таго артыкул “безбожна” расцягнуты.і чытаць яго цяжка, асабліва раніцай толькі праснуўшыся. Пан Савіцкій тыповый белый русец і лібераст. Ён дае датошный аналіз таго што не датычыцца сутнасці праблемы – чаму мы такія слабыя, як змяніць свядомасць людьзей каб перамагаць. інакш кажучы, як павелічыць колькасць пратэстнага элемента, і расколоць сілавікоў. Нашые лібералы смешные ў сваёй упэўненнасці важкасці іх аналізаў.не разумеюць, , беднягі, што іх канстатацыі не каштуюць паперы на якой яна друкуюцца (як сказалі б ў мінулым) яны не апераджваюць падзеі. яны канстатуюць даваючы падзеям банальные трактоўкі. Пасля расколу БНФ ў 1996 гаду ліберасты цалкам захапілі уладу ў апазіцыйнай сферы. а магчымыя сапрадные нацыяналісты сталі педаляваць беларусшчыну (белую рускасць) чым пачалі працаваць на Маскву. Вынік – абсалютная слепата беларусаў . нават, можна сказаць, – дурата..

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы