nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРА БЕЛАРУСЬ НАШАЙ МАРЫ (1)

Лістапад 14, 2021 | Каментары (1)

Рэдакцыя.

Трагічныя падзеі, якія сёньня адбываюцца ў Беларусі і вакол яе, наслойваюцца адна на адну нібы сьнежны ком, выклікаючы хаос у галовах людзей і абгрунтаваную трывогу ў іх душах. Некаторыя кажуць нават пра магчымасьць “прыходу” чарговай вайны ў наш беларускі Дом. З-за складанасьці сітуацыі людзі часта ня могуць зразумець, адкуль ідзе бяда, хто яе ініцыюе… У гэтай сітуацыі мусім адкрыць, што больш за паўтара гады таму ў Менску некалькі разоў кантактавала група беларусаў (зь Менску, Гродна, па скайпе зь Нямеччыны), якія аналізавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі й вакол яе і планавалі скласьці Праграмны вобраз будучай Беларускай Дзяржавы. З-за пэўных прычын гэтая праца была спынена яшчэ ў сакавіку 20-га. Але вынікі папярэдняга аналізу сітуацыі засталіся. Сёньня яны запатрабаваны, як ніколі, бо могуць істотна дапамагчы разабрацца ў тым, што адбываецца… Пачынаючы ад сёньня, будзем у частках выстаўляць тэкст, які на 90% быў узгоднены ўдзельнікамі згаданых вышэй сустрэч.

– – – – –

Мы – прадстаўнікі часткі беларускага народу – тыя, каго шчыра клапоціць лёс нашай Бацькаўшчыны – склалі гэты тэкст, каб даць магчымасьць усім беларусам разабрацца ў сёньняшняй грамадскай рэчаіснасьці ў Беларусі і вакол яе, набыць уяўленьне што да магчымай лепшай будучыні нашай дзяржавы і нашага народу. Гэтае ўяўленьне павінна стаць ідэйнай альтэрнатывай той сітуацыі, у якой усе мы цяпер вымушаны жыць, а таксама стаць стратэгічным арыентырам  для стваральнай дзейнасьці любога прыстойнага беларуса і ўсяго нашага народу на бліжэйшую і больш аддаленую будчыню.

Пры складаньні вобразу будучай Беларусі як нашай мары мы зыходзілі з прынцыпаў грамадскай і цывілізацыйнай нормы, без падпарадкаваньня якім немагчыма забясьпечыць існаваньне людскай цывілізацыі на Зямлі, накіраванае ў практычна бясконцую будучыню, яе мірнае жыцьцё і прагрэсіўнае развіцьцё (дзейнасьць сілаў, якія вядуць нашу цывілізацыю да стагнацыі, культурнай дэградацыі, а тым больш ставяць на мяжу пагібелі чалавечы род, мы, натуральна, адмаўляем і асуджаем). Сярод гэтых прынцыпаў галоўнымі з’яўляюцца наступныя:

– людская цывілізацыя павінна пазбавіцца імперый і стаць сістэмай нацыянальных дзяржаў, дзе галоўная ўвага канцэнтруецца ня столькі на тэхналагічным, колькі гуманістычным прагрэсе – на падвышэньні ўзроўню ўладкаванасьці дачыненьняў паміж людзьмі і народамі на прынцыпах высокай культуры, сацыяльнай і гістарычнай справядлівасьці, а ўсе соцыяпаразітныя сілы і з’явы, да якіх вядзе іх дзейнасьць, павінны быць асуджаны і спынены;

– людская цывілізацыя павінна істотна палепшыць сваё стаўленьне да ўсяго жывога на Зямлі, пакінуць іншым відам жывых арганізмаў значныя водныя і сухапутныя тэрыторыі для спакойнага, абсалютна свабоднага жыцця;

– усе карэнныя народы-этнасы, дастаткова вялікія для самастойнага існаваньня, ці аб’яднаньні меншых блізкіх этнасаў, у межах сваіх этнічных тэрыторый мусяць мець свае нацыянальна-дэмакратычныя дзяржавы, у якіх ва ўладзе павінны быць толькі лепшыя прадстаўнікі адпаведных этнасаў; здзяйсьненьне гэтага прыцыпу і ёсць сапраўднай дэмакратыяй;

– усе нацыі-дзяржавы могуць свабодна канкураваць паміж сабой у дэманстрацыі прыкладаў лепшага ўладкаваньня жыцьця на сваёй тэрыторыі; напад адной дзяржавы на іншую з мэтай яе захопу і падпарадкаваньня (з дапамогай вайсковай сілы, грошай, інфармацыйнага ўздзеяньня, эканамічнага ці дэмаграфічнага ціску) катэгарычна асуджаецца і тэрмінова спыняецца ўсімі нацыямі-дзяржавамі, якія прынялі даныя прынцыпы.

Ніжэй мы разьвіваем і абгрунтоўваем сістэму даных прынцыпаў на прыкладзе найперш нашай Беларусі. Пачнем з крытычнага аналізу нашай сёньняшняй грамадска-палітычнай рэчаіснасьці, бо нашы мары пра будучую Беларусь мусяць быць не пустымі, а рэалістычнымі, здзяйсьняльнымі.

 

 

  1. СТАН СПРАЎ У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ СЁНЬНЯ

1.1. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў ЦЯПЕРАШНЯЙ РБ

Сёньня, у пачатку 2020-га года, Рэспубліка Беларусь (РБ) фармальна з’яўляецца незалежнай дзяржавай. Яна прадстаўлена ў ААН – больш за тое, належыць да дзяржаў-заснавальніц гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі. Між тым, на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе ў нашай краіне вось ужо больш за чвэрць стагоддзя знаходзіцца прамаскоўскі дыктатар А.Лукашэнка, які праз сваю “вертыкаль” увесь гэты час праводзіць палітыку ў інтарэсах Расеі, а дакладней, такога соцыя-паразітнага монстра, які хаваецца ўнутры яе, як расійская імперыякратыя.

У выніку грамадска-палітычная, эканамічная, інфармацыйна-культурная, моўная ды экалагічная сітуацыя ў Беларусі істотна адрозьніваецца ад аптымальнай ці проста нармальнай наступнымі прынцыповымі рысамі:

–  усе апошнія дзесяцігоддзі мы жывем пад магутным псіхічным прэсінгам, літаральна ва ўмовах шантажу, абумоўленым небясьпекай страты нашай дзяржавы. Між тым, дзяржаўная незалежнасьць Беларусі, яе суверэнітэт – гэта наша стратэгічная беларуская каштоўнасьць, з дапамогай якой наш народ толькі і можа захаваць сябе ў часе, рэалізоўваць сваю гістарычную місію;

– толькі ў ХХ стагоддзі ад бальшавіцкага тэрору ленінска-сталінскіх часоў беларускі народ страціў каля 1,5-2 мільёнаў чалавек, якія былі фізічна зьнішчаны. Гітлераўскі нацыянал-сацыялізм прывёў да аналагічных наступстваў. Дэмаграфічныя страты беларускага народу ад уладараньня Лукашэнкі і яго “вертыкалі” на працягу больш за чвэрць стагоддзя могуць быць блізкімі! Гэта абумоўлена істотным перавышэньнем сьмяротнасьці ў Беларусі над нараджальнасьцю, а таксама тым, што беларусы, асабліва найбольш таленавітая моладзь, з-за бесперсьпектыўнасьці жыцьця “пры Лукашэнку” масава з’язджаюць у іншыя краіны сьвету. На гэтым фоне супраць беларусаў пачынае выкарыстоўвацца ксенаэтнічная дэмаграфічная зброя – у нашу “сінявокую” са сваіх этнічных тэрыторый пачынаюць ўсё больш масава перасяляцца прадстаўнікі чужародных этнасаў;

– матэрыяльныя рэсурсы Беларусі, якія аб’ектыўна з’яўляюцца ўласнасьцю беларускага народу, паціху прыхватызуюцца, часта – невядома кім. Раптам у прыватнай уласнасьці нейкага незразумелага суб’екта аказваецца тое ці іншае прадпрыемства, шахты, трубаправоды, крамы і нават абшары нашай зямлі;

– у Беларусі ўсе апошнія дзесяцігоддзі шырокім фронтам праводзіцца татальная этнацыдная палітыка, накіраваная на зьнішчэньне культурных каштоўнасьцяў беларускага народу – таго, на чым трымаецца яго адзінства, пачуцьцё адзінага законнага гаспадара на ўласнай зямлі. Вынішчэньню падвяргаюцца наша мова, гістарычная праўда і гістарычная памяць, нацыянальныя сімвалы, беларуская культура, традыцыі, фальклор, пачуцьцё нацыянальнай годнасьці, беларускі сьветагляд, асновай якога з’яўляецца  стваральная, працоўная этыка і неад’емнае ад яе пачуцьцё справядлівасьці. У якасьці ілюстрацыі адзначанага варта нагадаць, што ні ў адным з універсітэтаў Беларусі няма выкладаньня на нашай беларускай мове, у абласных гарадах няма ніводнай беларускай школы, па шыльдах і надпісах, якія знаходзяцца на гмахах у Менску, практычна немагчыма здагадацца, што гэта сталіца Беларусі, і г.д.(хаця па Канстытуцыі РБ беларуская мова з’яўляецца… першай дзяржаўнай);

– інфармацыйная прастора ў Беларусі ўжо дзесяцігоддзі амаль цалкам “зачышчана” ад беларускай мовы, нашай гісторыі, культуры. Сёньня яна практычна цалкам захоплена інфармацыйнай прасторай расейскай імперыі, у межах якой не толькі прапагандуецца чужая імперская мова, а і скажона апісваецца сьвет. Пры гэтым інфармацыя пра жыцьцё іншых народаў – у т.л. нашых суседзяў – у Беларусь амаль не пранікае. Так, у сьпісах кабельных тэлеканалаў (“Зала”, “Ясна”, “….”) няма ніводнага папулярнага канала Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны. У выніку сьветагляд абсалютнай большасьці жыхароў РБ аказваецца істотна дэфармаваным. Прычым, настолькі, што іх уяўленьні аб рэчаіснасьці часта аказваюцца накіраванымі на шкоду самім сабе, пра што яны могуць і не здагадвацца;

– у цяперашняй РБ здушваюцца спробы аднавіць функцыянаваньне Беларускай аўтакефальнай хрысьціянскай царквы (яна працягвае існаваць пераважна ў замежжы; дарэчы, нагадаем: сёньня ў сьвеце існуе паўтара дзясяткі незалежных праваслаўных цэркваў). Таму ў асяроддзе беларусаў-хрысьціян, а затым і ва ўсё беларускае грамадства праз Рускую праваслаўную царкву (а таксама праз Каталіцкую царкву, якая ў нас часта працягвае архаічна і недарэчна звацца “польскай”) пранікаюць ідэі, шкодныя для беларускага народу і нашай дзяржавы;

– у Беларусі разбураны нават фармальныя прынцыпы дэмакратычнага ладу – незалежная судовая сістэма і СМІ, выбарчыя працэдуры, правы чалавека (найперш права на рэалізацыю свайго жыцьцёвага патэнцыялу), т.зв. “апазіцыя” кіруецца рознымі сьпецслужбамі й г.д. Усе палітычныя інстытуты, характэрныя для высокаразьвітых заможных краін, у нас заменены лукашэнкаўскай “вертыкальлю” (дакладней, “пірамідай”), якая пераўтварылася ў вузкую групу, ізаляваную ад народу і занятую найперш праблемамі захваньня ўласнай улады і ўзбагачэньня. Пры гэтым беларусы, якія любяць свой народ і краіну, шчыра жадаюць ахвярна служыць ім, не дапускаюцца на кіраўнічыя пасады (“ты павінен служыць Лукашэнку і яго вертыкалі”). Больш за тое, для “сьвядомых” беларусаў мэтанакіравана ствараюцца ўмовы жыцьця са сталым недахопам матэрыяльных сродкаў на існаваньне, псіхічным прэсінгам (існуюць абгрунтаваныя падазрэньні, што “зьніклыя” апазіцыянеры – такія, як Захаранка, Ганчар, іншыя – усё ж зьніклі назаўсёды…);

– не дзіва, што ў такой сітуацыі адбываецца стагнацыя эканомікі, застаецца на нізкім узроўні матэрыяльны дабрабыт людзей, а такія сьферы як адукацыя, навука – і ўвогуле дэградуюць;

– усе апошнія дзесяцігоддзі “чарнобыльская праблема” не вырашалася, з-за чаго заўчасна памерлі тысячы людзей. Працягваецца забруджваньне нашай зямлі, вады, паветра самымі рознымі адкідамі. Пагрозу стварае будаўніцтва Астравецкай АЭС як для Беларусі, так і суседніх краін.

Вядома, калі ўмовы жыцьця ў РБ будуць і далей заставацца такімі ж, наш народ у будучыні нічога добрага не чакае. Толькі бессэнсоўныя страты (часу, рэсурсаў, блізкіх), пакуты і ціхая пагібель…

 

1.2. ПАГРОЗА РАСЕЙСКАГА ІМПЕРЫЯЛІЗМУ

На працягу апошніх стагоддзяў станаўленьню паўнавартаснай беларускай дзяржаўнасьці перашкаджаў і працягвае перашкаджаць найперш расейскі імперыялізм.

Кожны, хто хаця б збольшага ведае расейскую гісторыю, пагодзіцца, што Расея – гэта імперыя, створаная за кошт захопу тэрыторый суседніх народаў, скіравана на экстэнсіўнае пашырэньне і на паразітаваньне на расейскім ды іншых народах. Для ўсіх тых, хто жыве ў Расеі, адзначанае вядзе да страты жыцьцёвай персьпектывы і сэнсу жыцьця, да беднасьці, бескультур’я, страты блізкіх, да пакутаў і крыві…

Нават павярхоўнае знаёмства з гісторыяй Расеі прымушае зьвярнуць увагу на адметны факт: пасьля чарговага ўнутранага катаклізму Расея, кожны раз мяняючы сваю форму і кіроўную эліту, вярталася да імперскасьці. Так, пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 г. царская Расея была пераўтворана ў бальшавіцкую імперыю – СССР; пасьля 1991 г. – у псеўда-дэмакратычную, (“ліберальную імперыю” па Чубайсу). Сёньня РФ перастала быць нават такой, набыўшы новую агрэсіўную гібрыдна-імперскую форму. Усё гэта абумоўлена тым, што імперскасьць – сутнасная рыса Расеі, якая для многіх яе жыхароў суб’ектыўна з’яўляецца настолькі вялікай каштоўнасьцю, што дзеля яе захаваньня яны гатовыя многім ахвяраваць…

На справе, у імперскасьці Расеі найперш зацікаўлена расейскай імперская бюракратыя (імперыякратыя). Апошняя складаецца: з крамлёўскіх начальнікаў і прызначаемых адтуль намесьнікаў каланіяльных тэрыторыяў – губернатараў; з большасьці прадстаўнікоў вышэйшага каманднага складу ў войску, паліцыі, сьпецслужбах (царская ахранка-ГПУ-НКВД-КГБ-ФСБ); са значнай часткі прадстаўнікоў ураду; з дэпутатаў кіроўнай і калякіроўных партый у Думе; з вышэйшага кліру РПЦ, расейскіх алігархаў. Вось хто на справе з’яўляецца галоўным выгадаатрымальнікам ад існаваньня расейскай імперыі.

Каб надзейна забясьпечыць свой карэнны інтарэс, расейская імперыякратыя клапоціцца ў першую чаргу пра тое, каб намовіць жыхарам Расеі зманлівае  пачуцьцё, што, маўляў, “Вялікая Расія” – гэта і іх, жыхароў Расеі, найвялікшая каштоўнасьць. Маўляў, яна забясьпечвае ім выключнасьць і вялікасьць. У выніку пачуцьцё “вялікасьці Расеі” выконвае функцыю своеасаблівай псіхічнай аддухі для большасьці грамадзян расейскай імперыі ва ўмовах, калі яны вымушаны жыць прыніжана, бедна, цяжка, малакультурна і… бессэнсоўна. Так дзейнічае падман…

Апісаныя вышэй з’явы, як псіхалагічныя, так і сацыяльна-эканамічныя, маглі бы быць толькі ўласнымі праблемамі расейцаў, калі б не вельмі непрыемныя наступствы ад іх імперскай ментальнасьці для іншых. Рэч у тым, што з-за адзначанага вышэй падману большасьць расейскіх грамадзян успрымае карэнных жыхароў расейскіх калоній людзьмі другога гатунку, якія павінны знаходзіцца ў падпарадкаваным стане, а тэрыяторыі многіх суседніх народаў – як прызначаныя для захопу. Тое, што гэта не нармальна – бо і несправядліва, і злачынна – большасьць грамадзян Расіі не хвалюе (адзначанае яскрава дэманструе, напрыклад, мізэрнасьць пратэстаў у Расіі супраць варварскіх паводзін расейскіх вайскоўцаў у Чачні, супраць нападу на Грузію і Украіну…).

Беларусь мае стратэгічнае значэньне для Расеі. Бо наша дзяржава найбліжэй знаходзіцца да сталіцы Расеі – Масквы, і пры гэтым клінам уваходзіць у цэнтральную (“Усходнюю”) Еўропу. Таму кантроль Беларусі даваў бы магчымасьць расейскай імперыі непасрэдна ўплываць на краіны Балтыі, Польшчу, Украіну, а далей на Славакію, Венгрыю, Румынію, Баўгарыю, Сербію… Мае значэньне жаданьне расейскай імперыякратыі таксама кантраляваць выгадныя транзітныя шляхі (нафта-газавыя, іншыя транспартныя), якія ідуць праз Беларусь у Заходнюю Еўропу. І нарэшце, “далучэньне” Беларусі да Расеі дала б магчымасьць апошняй істотна наблізіцца да калінінградскага анклаву зь яго вайсковымі базамі… Усё гэта абумоўлівае тое, што Беларусь з’яўляецца “найцікавейшым аб’ектам” для расейскай імперыякратыі.

Каб практычна рэалізаваць свае інтарэсы што да Беларусі, расейская імперыякратыя нацэльваецца ў нас, нібы на мішэнь у ціры, найперш на наступнае – на ўсьведамленьне, якое ў норме павінна быць у кожнага беларуса, што менавіта ён з’яўляецца адказным гаспадаром на сваёй зямлі, імкнецца замяніць гэтае разуменьне-усьведамленьне комплексам “беларускай непаўнавартасьці”. Для гэтага і прызначаецца “адключэньне” нашага народу ад роднай мовы, культуры, для гэтага замоўчваецца наша вялікая гісторыя, хаваюцца веды пра ўнёсак нашага народу ў прагрэс людскай цывілізацыі, веды пра нашых славутых дзеячаў – ваяроў, асьветнiкаў, генiяльных  пiсьменьнiкаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, вынаходнiкаў, вучоных. Замест гэтага “ўключаецца” надакучлівая замяшчальная праімперская прапаганда, якая ўслаўляе “дасягненьні Расеі” і яе “вялікасьць”.

Лёгка заўважыць, што ўсе негатыўныя факты, адзначаныя ў папярэднім раздзеле, цалкам кладуцца ў канву адзначанай расейскай палітыкі. Адсюль паўстае пытаньне: чаму ў Беларусі ўся гэтая злачынная палітыка здзяйсьняецца?!

Справа ў тым, што ў нас, негледзячы на падзеі канца 80-х – пачатку 90-х гадоў ХХ ст., практычна некранутай засталася старая савецкая бюракратыя. Самая галоўная рыса апошняй заключалася ў тым, што яна не была беларускай. Пасьля Другой сусьветнай вайны пад прэтэкстам таго, што наша краіна “была пад акупацыяй”, большасьць начальнікаў самых розных узроўняў (уключаючы раённы) была прывезена з Расеі (т.зв. “засланцы”). Пазьней галоўнай умовай атрыманьня кіраўнічай пасады мясцовым жыхаром была наяўнасьць доказаў адданасьці Маскве і поўнага адмаўленьня ад пачуцьця беларускага патрыятызму. З гэтага асяродку з’явіўся Лукашэнка і яго “вертыкаль”, з усімі вынікаючымі і апісанымі вышэй наступствамі для беларускай эканомікі, палітыкі, мовы, культуры, экалогіі, маралі…

Сітуацыя з “інтэграцыяй Беларусі ў Расею” (на справе анэксіі-аншлюсу Беларусі расейскай імперыяй) за апошнія чвэць стагоддзя зайшла настолькі далёка, што наша найвялікшая каштоўнасьць – незалежнасьць нашай дзяржавы – літаральна “вісіць на валаску”…

Расейская імперыя нясе небясьпекі ня нам адным. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі  цяжкія выпрабаваньні былі накінуты ёй чачэнскаму, грузінскаму, украінскаму народам. Крамлёўскае кіраўніцтва правакуе нестабільнасьць на Блізкім Усходзе, на поўначы Афрыкі, у Лацінскай Амерыцы. Існуюць прыкметы яго ўмяшальніцтва ў грамадска-палітычнае жыцьцё еўрапейскіх краін і нават ЗША.

Як сьвет рэагуе на гэта? Ці можам мы разьлічваць на яго падтрымку ў вырашэньні нашых праблем?

 

1.3. ЕЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ (ЕЗ)

ЕЗ – гэта на сёньня, пасьля Брэксіту, аб’яднаньне 27 “незалежных” дзяржаў, якое спалучае ў сабе прыкметы міжнароднай арганізацыі і адзінай дзяржвы. Гэта амаль паўмільярда чалавек, якія ў сваёй большасьці жывуць у значна лепшых матэрыяльных і культурных умовах, чым большасьць нашых ці расейскіх грамадзян (узровень гадавога дахода на аднаго сярэднестатыстычнага працоўнага чалавека вар’іруе ў ЕЗ, у залежнасьці ад краіны, ад 7.000 да 78.000 даляраў у год). Пры гэтым ЕЗ акружае нашу Беларусь з двух бакоў – з Поўначы і з Захаду. А ў хуткім часе можа аказацца, што на ¾ даўжыні нашай мяжы мы будзем кантактаваць непасрэдна з ЕЗ, бо Україна прыняла рашэньне “рухацца на Захад”.

У гэтых умовах адмаўляцца ад разгляду магчымасьці набліжэньня да гэтага аб’яднаньня і агітаваць толькі за “інтэграцыю Беларусі ў Расею” (на фоне прапагандысцкага пасылу: “трэба ж Беларусі ўступаць хоць у што-небудзь…”) значыць ужо выкрываць сябе як агента расейскай імперыякратыі.

На першы погляд, перавага на карысьць “інтэграцыі Беларусі ў ЕЗ” замест уступленьня ў “таёжны саюз” відавочная. Але ня будзем сьпяшацца, таму што сёньня і з ЕЗ адбываецца нешта ня тое…

Найбольшы росквіт краін Заходняй Еўропы за ўсю іх гісторыю адбываўся ў першыя дзесяцігоддзі пасьля Другой сусьветнай вайны. Тады гэтыя краіны былі зьвязаны сеткай міжурадавых пагадненьняў і выдатна разьвіваліся. Пазьней, у 1992 годзе, быў створаны ЕЗ, які пашыраўся да 2013 году.

Аднак, ужо дзесяцігоддзе таму пачалі заўважацца крызісныя сімптомы і многія ўбачылі, што з ЕЗ робіцца нешта ня тое.

Так, напрыклад, кідаецца ў вочы грувасткая, незразумелая кіраўнічая структура, у якой розныя органы маюць і блізкую назву, і дублююць аднолькавыя функцыі (так, напрыклад, у сістэме кіраўнічых органаў ЕЗ трэба адрозьніваць такія адзінкі, як Еўрапейскі савет, Савет ЕЗ і Савет Еўропы; заканадаўчыя функцыі адначасна належаць Савету ЕЗ, Еўрапейскай камісіі і Еўрапарламенту, а выканаўчыя – Савету ЕЗ і Камісіі ЕЗ).

З усіх краін ЕЗ перайсьці на еўра, як адзіную валюту ЕЗ, пагадзілся толькі 19 краін.

Некаторыя еўрапейскія краіны, якія, здавалася б, па ўсіх рысах сваёй грамадскай і эканамічнай арганізацыі маглі б даўно ўступіць у ЕЗ, не сьпяшаюцца гэта рабіць (Нарвегія, Швейцарыя). Больш за тое, сёньня напэўна ўсе ведаюць пра выхад з ЕЗ Вялікабрытаніі – не пажадалі брытанцы падпарадкоўвацца ЕЗ-аўскай бюракратыі…

Ідуць спрэчкі ў ЕЗ пра будучыню гэтага аб’яднаньня паміж тымі, хто жадае захаваць у ім самастойную ролю нацыянальных дзяржаў (дарэчы, пра тое ж ратавалі Эмануіл Кант, Шарль дэ Голь, Уладзімір Букоўскі, іншыя аўтарытэтныя палітыкі і мысьляры) і тымі, хто жадае хутчэй ператварыць ЕЗ у новую імперыю (хто глядзіць тэлеканал Еўраньюс, напэўна, заўважылі, як гэтая ідэя рэгулярна рэкламуецца пад выглядам гульні “Кузьня імперый (Forge of Empires)”). Ня цяжка здагадацца, што за сьпінамі тых, хто штурхае ЕЗ да ператварэньня ў яшчэ адну імперыю (а гэта робяць найперш вышэйшыя ЕЗ-аўскія бюракраты), нібы за марыянеткамі, хаваецца глабалісцкая фінансавая алігархія.

ЕЗ загнаны сёньня ў крызісны стан найперш у пытаньні чужароднай іміграцыі. Фактычна, на Еўропу цяпер ідзе другая маўрытанская навала (першая мела месца ў 711-1502 гг.).

Дакладней, цёмныя сілы, якія кіруюць ЕЗ-аўскімі бюракратамі, зьдзейсьнілі наступны сцэнар: спачатку некалькі дзесяцігоддзяў на жыхароў Заходняй Еўропы адбывалася дэмаралізуючае інфармацыйнае ўзьдзеяньне (яно ж – ліберальнае), накіраванае на разбурэньне сям’і, ролі жанчыны як маці, адказнасьці бацькі. Гэтым быў створаны дэмаграфічны крызіс. А сёньня пад апраўданьнем, маўляў, “не хавае працоўных рук” (і гэта ў эру масавай рабатызацыі!) на Еўропу адмыслова і арганізавана накіроўваюцца плыні ксенаэтнічных імігрантаў з Афрыкі і Азіі.

Галоўная мэта данай злачыннай палітыкі – зьнішчыць карэнныя еўрапейскія народы. Аднак еўрапейскія “свабодныя, дэмакратычныя” СМІ сёньня не асуджаюць такіх “лібералаў”, а накідваюцца на тых патрыятычных грамадзян і палітыкаў, якія выступаюць супраць іх…

Мы, вядома ж, шчыра спачуваем жыхарам краін Афрыкі ды Азіі, якія імкнуцца ўцячы адтуль, дзе голад ці вайна. Але такія ўцёкі не вядуць да вырашэньня праблем у адпаведных краінах і адначасна пагаршаюць умовы жыцьця ў Еўропе. Замест вырашэньня адной праблемы – маем дзьве! Такую “палітыку” нельга лічыць інакш як злачыннай. Гэта – новы лібераліны нацызм!

Таму мы заклікаем беларускіх патрыётаў не сьпяшацца хавацца пад парасон сёньняшняга ЕЗ (дый слабы гэты “парасон”). Давайце лепш арыентавацца на паводзіны Швайцарыі ды Нарвегіі, а цяпер ужо і Брытаніі…

 

1.4. ПОЛЬШЧА – НАШ НЯЎДАЛЫ СУСЕД НА ЗАХАДЗЕ

У папярэднім раздзеле пра Польшчу – сябра ЕЗ і нашага бліжэйшага суседа на Захадзе – не ўзгадана адмыслова, каб асобна асьвятліць ролю гэтай дзяржавы і яе кіраўнікоў у былой і сёньняшняй гісторыі Беларусі.

Як кажуць, суседзяў не выбіраюць… Але сусед, гэта не нябожчык, пра якога прынята казаць альбо добрае, альбо маўчаць. Таму будзем казаць, не замоўчваючы, як ёсьць, зыходзячы з адзіна вернага – праўды гісторыі, фактаў сёньняшняй рэчаіснасьці і нашага поўнага права быць гаспадарамі на ўласнай зямлі.

У XV-м стагоддзі наша дзяржава Вялікае княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (скарочана, ВКЛ – Вялікае княства Літоўскае) была магутнай дзяржавай сярэднявечнае Еўропы…

Паміж ВКЛ і Польшчай, каб разам бараніцца ад агульных ворагаў, быў утвораны саюз – Рэч Паспалітая (у перакладзе на сучасную мову – “Справа Агульная, Грамадская” ці проста “Рэспубліка”). Гэта была дзяржава двух раўнапраўных дзяржаў і народаў, якія жылі: адзін пад Пагоняй, другі – пад Белым арлом. За стагоддзі ў гэтым саюзе і пасьля яго прадстаўнікамі беларуска-літвінскага народу для “Справы Агульнай” было зроблена вельмі шмат – ад удзелу ў агульных абарончых войнах (пачынаючы з Грунвальду і заканчваючы службай беларусаў у арміі Андэрса), да вялікіх унёскаў у польскую гісторыю і культуру (Ягайла, Касьцюшка, Міцкевіч, Агінскі, Пілсудскі й многія іншыя). Апошні дэмаграфічны ўнёсак беларусаў у “наруд польскі” адбыўся пасьля Другой сусьветнай вайны, калі тысячы апалячаных беларусаў пераехалі на сталае жыцьцё ў Польшчу.

Аднак імперыям (Расейскай, Прускай, Аўстра-Вугорскай), якія акружалі і нашу старажытную дзяржаву (ВКЛ), і наш саюз (Рэч Паспалітая), увесь час муліла існаваньне побач з імі значна больш свабоднага, дэмакратычнага саюзу дзяржаў. Увесь час адбываліся напады на нас. Сярод усіх войнаў асабліва цяжкі ўдар па нашаму народу адбыўся ў сярэдзіне XVII ст. – тады пасьля працяглых і зацятых баявых дзеяньняў, якія пераважна адбываліся на нашай тэрыторыі, колькасьць жыхароў Вялікалітвы-Беларусі скарацілася ўдвая.

На жаль, перыяд заняпаду ВКЛ быў выкарыстаны і тагачаснымі палякамі. Яны, здрадзіўшы лозунгу “за нашу і вашу свабоду!”, ператварыліся з саюзьнікаў у хіжых канкурэнтаў (імперыялістаў). Праўда, іх метады захопу, у адрозьненьне ад расейскіх, былі менш крывавымі, затое больш схаванымі, падступнымі. Усё пачалося з міжканфесійнай Уніі, за якой з Польшчы на нашу тэрыторыю пачала пранікаць каталіцкая царква, а з ёй пачалі з’яўляцца і мясцовыя “палякі”. Прычым, гэта адбывалася не столькі шляхам перасяленьня прадстаўнікоў польскага этнасу на беларуска-літвінскія тэрыторыі (палякам было забаронена набываць тут зямлю), колькі за кошт акаталічваньня, а затым і апалячваньня мясцовага беларуска-літвінскага насельніцтва (у якасьці прылады выкарыстоўвалася спакуса рознымі прывілеямі, а затым у справу ішла зманлівая формула: “ты каталік, значыць – паляк”; на справе, задайце сабе пытаньне: ці з’яўляюцца гішпанцы, італьянцы, баварскія немцы палякамі з-за таго, што яны каталікі? Не!.. Так і ў нас: абсалютная большасьць “палякаў”, якія жывуць і на тэрыторыі цяперашняй РБ і на Беласточчыне, на справе з’яўляюцца апалячанымі беларусамі-літвінамі – так званымі “касьцельнымі  палякамі”).

Такая дзейнасьць “братоў-палякаў” прывяла да заняпаду Рэчы Паспалітай, а затым, у самым канцы XVIII ст., і да падзелу “дзяржавы абодвух народаў” паміж трыма імперыямі. Наша зямля – Вялікая Літва – трапіла ў склад расейскай імперыі, дзе, па загадзе Кацярыны ІІ, спачатку была пераназвана “Беларусьсю”, а пазьней і ўвогуле “Паўночна-заходнім краем”.

Затым быў доўгі перыяд змаганьня беларускага і польскага народаў за вызваленьне з-пад імперскага прыгнёту, адзначаны паўстаньнямі нашых продкаў літаральна ў кожным чарговым пакаленьні. Нарэшце, у пачатку ХХ стагоддзя, палякі на пару дзесяцігоддзяў вырваліся на адносную свабоду. Нам пашанцавала менш – мы пасьля кароткага перыяду існаваньня ў выглядзе Беларускай Народнай Рэспублікі (скарочана, БНР; у замежжы дасёньня застаецца Рада БНР) былі зноў захоплены расейскай імперыяй, якая набыла новую форму (але не страціла свой імперскі змест), назваўшыся Савецкім Саюзам (скарочана, СС).

Здавалася б, атрымаўшы гістарычны ўрок, палякі мусілі б прыйсьці да высновы, што здрада лозунгу “за нашу і вашу свабоду!” бумерангам вяртаецца ім у выглядзе вялікіх праблем для іх саміх. Аднак не – высновы зроблены не былі.

У ХХ ст. пасьля таго, як расейскія імперцы, цяпер ужо пад бальшавіцкай шыльдай, зноў захапілі нашу зямлю, палякі ў пачатку 1920-х з рук Леніна абсалютна незаконна ўзялі часткі нашай зямлі, а таксама ўкраінскай і летувіскай земляў (Рыжская дамова), зноў стаўшы зародкам імперыі. Амаль 20 гадоў на тэрыторыі заходняй Беларусі яны здзяйсьнялі сапраўдны этнацыд (напрыклад, забаранялі карыстацца нашай мовай, абмяжоўвалі эканамічныя правы беларусаў-вялікалітвінаў), накіраваны на апалячваньне беларускага насельніцтва.

Як вядома, гэтая частка нашай зямлі (уключна з Беласточчынай) была вызвалена ад палякаў у 1939 годзе і зноў… перазахоплена бальшавіцкай імперыяй. Але з таго часу палякі чамусьці лічаць заходнія землі Беларусі, Украіны і поўначы Летувы сваімі “Крэсамі всходнімі”, а напад бальшавіцкай імперыі на зародак польскай імперыі паўсюль прапагандуюць як “напад на дэмакратычную Польшчу”.

Скрайне негатыўнай была дзейнасьць прапольскай Арміі Краёвай (скарочана, АК) на нашых землях у час Другой сусьветнай вайны. Сутнасьць праблемы заключалася ў тым, што савецкія партызаны, дзе пераважна былі беларусы, і АКаўцы, дзе пераважна былі апалячаныя беларусы, у канцы вайны… ваявалі паміж сабой, забіваючы адзін аднаго. Братазабойства паміж беларусамі-вялікалітвінамі стала яшчэ адным вынікам польскай імперскай палітыкі.

У 1945 г. палякі з рук Сталіна (!) зноў атрымалі сабе Беласточчыну (ведалі, што робяць злачынства, але ж узялі!) і зноў… арганізавалі там этнацыд. Тады на гэтай частцы нашай зямлі жыло пад адзін мільён беларусаў, сёньня на тэрыторыі Беласточчыны жыве менш за 50.000 тых, хто лічыць сябе беларусамі…

І вось канец ХХ ст. Развалілася Варшаўская дамова, ад СС аддзяліліся значныя кавалкі. Наша Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Здавалася б, усе гістарычныя ўрокі пройдзены, самы час палякам успомніць “пра нашу і вашу свабоду” і дапамагчы братам-беларусам у змаганьні за поўнае вызваленьне з-пад расейскай імперыі… Як бы ня так – гэты шанц зноўку быў страчаны. Польскія шавіністы, карыстаючыся тым, што Масква насадзіла на прэзідэнцкую пасаду свайго рэзідэнта, які тут жа пачаў аслабляць і беларускі народ, і беларускую дзяржаву, у чарговы раз наважыліся скарыстацца з сітуацыі ў сваіх эгаістычных мэтах.

Вось факты цяперашняга часу (якія, дарэчы, чамусьці старанна замоўчваюцца нават уладамі РБ):

– па-ранейшаму працягваецца этнацыд беларусаў Беласточчыны;

– і сёньня ў каталіцкіх асяродках, асабліва на захадзе Беларусі, чутна зманлівая формула: “ты каталік? Значыць – паляк!”;

– у польскіх СМІ і грамадстве працягваюць рэгулярна ўзгадвацца “Крэсы всходне” ва ўсё тым жа кантэксьце – “страчаныя польскія тэрыторыі, якія мусяць вярнуцца ў склад Польшчы”.

– па-ранейшаму прадпрымаюцца дзеяньні, накіраваныя на фармаваньне прапольскай агентуры ў беларускім грамадстве (“Звёнзак палякаў на Беларусі”), ва ўладных колах, у асяроддзі т.зв. апазіцыі.

Але найбольш абуральным, праімперскім дзеяньнем стала акцыя, якая здзяйсьняецца з 2008 году пад назвай “Карта паляка”, а па сутнасьці – чарговае  нахабнае польскае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі (явачным парадкам, без кансультацый з прадстаўнікамі нашай нацыянальнай эліты). Удар быў нанесены падступна – у час, калі наш народ моцна аслаблены дзеяньнямі расейскага кіраўніцтва і беларусафобскіх сіл у Беларусі. Аб’яўленая і неаб’яўленая мэты “Карты” выглядалі не менш злачынна – для вырашэньня эканамічных праблем на тэрыторыі Польшчы (маўляў, “значная частка працоўных Польшчы з’ехала далей на Захад і іх трэба замяніць працоўнымі з Усходу”) і для пашырэньня прапольскай “пятай калоны” ўнутры РБ. Агідліва выглядае і сама падстава, на грунце якой адбывалася выдача “Карты” – чалавеку трэба знайсьці якога-небудзь з продкаў, які лічыўся палякам ці ўсяго толькі быў грамадзянінам міжваеннай Польшчы, і падаць заяву, што і ён таксама “паляк”. У выніку, адшуквалася нейкая прабабка, якая была касьцельнай “полькай”, і вось табе “Карта”…

З улікам усяго адзначанага, мы прапануем далей называць даную акцыю “картай апалячанага”, а яе саму лічыць, з улікам усіх абставін, не іначай як акцыяй дэмаграфічна-этнічнага марадзёрства.

У канцы адзначым, што мы, як нармальныя людзі, вядома ж, падтрымліваем палітыку сёньняшніх польскіх уладаў у пытаньнях патрыятычнага выхаваньня ўласнага народу, у імкненьні захваць нацыянальную культуру, мову, традыцыі, у жаданьні падвысіць агульную культуру грамадства ў цэлым і яго матэрыяльны стан (дарэчы, сярэднія заробкі ў сёньняшняй Польшчы ўдвая большыя, чым у Беларусі), у высьвятленьні праўды пра падзеі 10.04.10. Таксама мы падтрымліваем Польшчу ў супрацьстаяньні ЕЗ-скай бюракрарыі, якая па загадзе тых, хто за ёй стаіць, імкнецца затапіць мігрантамі з Афрыкі ды Азіі таксама і Польшчу (дарэчы, раздражненьне вышэйшых чыноў ЕЗ па такой жа прычыне выклікаюць і ўлады Венгрыі).

Але, адзначанае не азначае, што мы – беларускія патрыёты – будзем і далей моўчкі цярпець імперскія выхадкі Польшчы, скіраваныя супраць аб’ектыўных інтарэсаў нашай нацыі (дый стратэгічных інтарэсаў той жа Польшчы). Прыйшоў час прызнаць, што свой імперскі зуд польскія імперцы самастойна перамагчы не здольныя. Рубікон пяройдзены і гістарычная клямка запала… Заклікаем усіх беларусаў-вялікалітвінаў зьмяніць сваё паблажлівае стаўленьне да Польшчы на больш крытычнае і патрабавальнае.

 

 

 

 

Каментары (1)

  1. Павел Біч кажа:

    Рэдакцыя сайта “наша зкмля” падняла важкае пытанне аб Нацыянальным. якое рацыянальна не вырашаецца. Нейкі постмодерніст казаў так:”Спадзеванне што прыніжэнне Адных Іншымі толькі за іх непадабенста (непахожасць) калісьці атамрэ. можна успрымаць толькі ў іранічным кантэксте”.. (дарэчы, як і справедлівасць). Што кажуць пра Нацыянальнае сацыёлагі, этнографы і т.п. я не ведаю..Нацыянальнае сваімі карэннямі уходзіць ў падсвядомасць і нават глыбей (па Міндэллу) туды где месцііца Бог. уплыў фізіалогіі/клімата, генаў, сацыя-культурных умоў, псіхалагічна-ментальнае, нават будучыня, недвойственнае (містыкаў) і куды пранікаюць толькі вялікіе містыкі і вялікія шаманы. А на паверхні ў реальнасці кансэнсуса, где мы жывем, сярод беларусаў сустракаюцца і палякафобы і палякафілы.. а сярод палякаў і рускіх сустракаюцца і беларусафілы і беларусафобы.. Крыху дапамагае тэза Дерріды што “іденсіфікацыя магчымая толькі як адрозная ад Іншага” што азначае што мы выглядаем цалкам іншымі з пункту гледжання рускіх. палякаў, ліетувісаў і украінцаў…Тады Іншый для нас гэта той кто нам более пагражае.Хто гэта ў дадзеный час усім вядома. і таму нам цяпер трэба педаляваць нашые адрозненне ад рускіх. а адрзненна ад палякаў можна суцішыць. Нам не пагражаюць толькі ліетувісы. да яшчэ да таго ж ВКЛ было пераважна нашай дзяржавай, мы дзеля выхавання патрыётаў не можам кінуць нашую гістарычную спадчыню і таму трэба педаляваць літвінства/літоўскасць. А прынцып “а як там было на самой справе” трэба выкінуць на сметнік; гэта прыкмета адсталага лада мыслення. Аб тым што нацыянальнае пытанне рацыянальна невырашальнае сведчыцць цяжкасць вызначэння праблемы з беженцамі што цяпер знаходзяцца на польска-беларускай мяжы. Можа звярнуцца да шаманаў (па Міндэллу, дарэчы фізіка-тэарэтыка). Хай чытачы гэтага сайта выскажуцца па гэтай падзеі..

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы