nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРА БЕЛАРУСЬ НАШАЙ МАРЫ (2)

Лістапад 17, 2021 | 14 каментарыяў

1.5. КРЫЗІСНЫ СТАН СЁНЬНЯШНЯЙ ЛЮДСКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ і БЕЛАРУСЬ

Небясьпека з боку Расейскай імперыі, адсутнасьць спадзеваў на ЕЗ, эгаістычная шавіністычна-імперская палітыка Польшчы прымушаюць нас паглядзець значна шырэй у сьвет, каб пашукаць там прыклады для перайманьня. Аднак і гэтая задача не такая простая, бо ўся наша людская цывілізацыя на планеце Зямля – нашым адзіным доме ў бясконца вялікім Сусьвете, дзе могуць жыць людзі – знаходзіцца ў крызісным стане (гл. фота Зямлі, зробленае з паверхні Месяца).

Калі сімвалічна пазначаць сітуацыю на Зямлі колерамі сьветлафора, дзе зялёны колер азначае адсутнасьць небясьпекі і адначасна прысутнасьць праяў прагрэсіўнага разьвіцьця людскай цывілізацыі і ўсяго жывога на нашай планеце, жоўты – адсутнасьць разьвіцьця (застой), але адначасна і адсутнасьць небясьпекі для існаваньня ўсяго жывога і людзей, то сёньня ўсяму чалавецтву “сьвеціць” чырвонае святло, якое сімвалізуе небясьпеку самому жыцьцю.

Па-першае, праз тры чвэрці стагоддзя пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны зноў чутны пагрозы распачаць чарговую глабальную вайну і выкарыстаць у ёй… ядзерную зброю (прычым апошнія пагрозы гучаць ня з вуснаў якіх-небудзь тэрарыстаў-адзіночак, а ад самых высокіх кіраўнікоў цяперашняй Расеі…). Па-другое, паступова разьвіваецца кліматычны крызіс з яго ўраганамі, залевамі і засухамі, зьнікненьнем арктычнага лёду, уздымам узроўню акіянаў. Але гэта толькі адзін з бакоў больш шырокага экалагічнага крызісу. Дадатковымі праявамі апошняга зьяўляецца жахлівае забруджаньне адкідамі людскай дзейнасьці і рознымі атрутамі зямных водаў, глебы, паветра. З кожным годам усё менш застаецца лясоў, зьбядняецца глеба, пашыраюцца пустыні. Надзвычай балюча даведвацца пра канчатковае зьнікненьне ўсё новых і новых відаў жывых істот…

Іншыя дасьледчыкі, якія вывучаюць сітуацыю ўжо непасрэдна ў людскіх грамадствах, прызнаюць, што ў апошнія дзесяцігоддзі ў цэлым назіраецца паніжэньне ўзроўню агульнай культуры, заціраюцца каштоўныя рысы нацыянальных культур, зьнікаюць мовы, назіраецца далейшы рост матэрыяльнай няроўнасьці (працягвае павялічвацца разрыў паміж беднымі і багатымі), сацыяльнай несправядлівасьці (г.зн., што матэрыяльны і маральны дабрабыт асобных людзей і іх груп усё менш адпавядае іх унёску і прагрэсіўнае разьвіцьцё грамадства). Пікавай адзнакай крызіснага стану людскай цывілізацыі зьяўляюцца шматлікія войны (як грамадзянскія, так і паміж народамі і цэлымі дзяржавамі), якія былі яшчэ нядаўна, адбываюцца ў нашы дні ці могуць выбухнуць у будучыні.

Пры гэтым кожны чалавек, які задумаецца пра прычыны адзначанага (ад поўнага выміраньня чарговага біялагічнага віду да пагроз спаліць у ядзерным армагедоне само чалавецтва, ад дробных прыкмет сацыяльнай несправядлівасьці да павелічэньня разрыву паміж беднымі і багатымі ў глабальным маштабе), ня можа не прызнаць, што ўсё гэта вынік дзейнасьці… людзей. І толькі іх!

Што прымушае людзей, якія самі пра сябе заяўляюць, што яны “разумныя”, паводзіць сябе так, што іх дзейнасьць бумерангам вяртаецца ў выглядзе адзначаных праблем? Дзе ж тут розум? Што прымушае людзей, якія самі пра сябе ведаюць, што яны “дальнабачныя”, паводзіць сябе так, што іх дзейнасьць больш ніколі не дазволіць усім наступным пакаленьням іх жа будучых нашчадкаў паўнавартасна радавацца жыцьцю, бачыць багацьце яго разнастайнасьці і прыгажосьці хаця б так, як гэта магчыма яшчэ сёньня? Чаму ня чутна голасу ААН? Няўжо яна сапраўды ператварылася з Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыю карумпаваных бюракратый?

Чамусьці рэальная сітуацыя выглядае так, што прыстойным людзям не даюць праявіць разумнасьць і клопат пра будучыню, не даюць доступу да СМІ. Чамусьці заўсёды не да іх, чамусьці ім весь час кажуць пра “больш важныя справы”.

Не, усё ня так. Па-першае, няма больш важных спраў, чым недапушчэньне ядзернай вайны, захаваньне ў чысьціні асяроддзя жыцьця людзей і іншых жывых істот, недапушчэньне зьнішчэньня жывой прыроды, падзеньня агульнай культуры,  дэградацыі і зьнікненьня народаў. Па-другое, на паверку аказваецца, што “больш важнымі і актуальнымі справамі” для большасьці тых, хто мае ўладу, чамусьці зьяўляюцца: захоп усё большай улады, прысабечваньне ўсё большай маёмасьці і капіталаў, вядзеньне захопніцкіх войнаў (з выкарыстаньнем канвенцыйнай і неканвенцыйнай зброі). Па-трэцяе, паколькі ўсё пералічанае зьяўляецца злачынствам, бачна, як яно найчасьцей прыкрываецца нейкай ідэалогіяй ці верай, якія лічацца адзіна вернымі.

Так, тыя, каму за 50, могуць памятаць, што яны ўжо жылі ў час “халоднай вайны” на мяжы галабальнай ядзернай вайны (прычым, як мінімум, двойчы былі літаральна на валасок ад пагібелі – “Карыбскі крызіс” і інцыдэнт з памылковай спрацоўкай савецкай сістэмы, якая павінна была папярэджваць аб ядзерным нападзе на СС). Тады гэтае супрацьстаяньне ідэолагамі камунізму апраўдвалася “спаборніцтвам двух сацыяльных сістэм”, адна зь якіх, зь іх слоў, уяўляла з сябе “загніваючы капіталізм”, а другая – “сьветлую камуністычную будучыню ўсяго чалавецтва”. Як вядома, у гэтым супрацьстаяньні перамог “загніваючы”, але тут жа… зьявіліся новыя супрацьстаяньні. Паміж “лібералізмам” і “кансерватызмам”, паміж “новым еўрапейскім імперыялізмам” і “нацыяналізмам еўрапейскіх нацый, які пагражае ЕЗ”, паміж “ісламам” і іншымі рэлігійнымі сьветаглядамі.

На справе, усе гэтыя “ізмы” ды “веры” зьяўляюцца ўсяго толькі прыкрыцьцямі і адначасна ідэалагічнымі прыладамі ў руках цалкам канкрэтных людзей, якія вядуць канкурэнтнае змаганьне паміж сабой за пашырэньне і ўзмацненьне свайго панаваньня над людскай цывілізацыяй. Усіх гэтых уладароў падштурхоўвае паталагічная сквапнасьць, а яшчэ больш – іх нястрымнае жаданьне панаваць над як мага большай колькасьцю людзей і тэрыторыяй.

Якія ж з пытаньняў, зьвязаных з уладкаваньнем жыцьця людзей і іншых жывых істот на Зямлі, могуць па-сапраўднаму цікавіць такіх кіраўнікоў? Вядома ж, ніякія (як гаворыцца, што і трэба было давесьці…).

Сярод тых сацыяльных груп (дарэчы, на фоне шматмільярднага насельніцтва на планеце – колькасна вельмі абмежаваных), якія вядуць змаганьне за глабальнае панаваньне сёньня, у першую чаргу можна назваць: расейскіх імперыякратаў (вось яны – сапраўдныя ўладары Расеі і галоўныя выгадаатрымальнікі ад яе імперскага статусу), якія абапіраюцца найперш на гіганцкую тэрыторыю сваёй імперыі, яе прыродныя рэсурсы, гістарычную традыцыю вядзеньня захопніцкіх войнаў і прапаганду “Вялікай Расеі” ды “Рускага сьвету”; глабалісцкую фінансавую алігархію (яны ж – “гаспадары грошай”, “уласьнікі ФРС”), якая хаваецца за гіганцкай фінансавай і ваеннай магутнасьцю ЗША, схаванымі, у сваю чаргу, за двума акіянамі, і якая прапагандуе т.зв. “лібералізм”; частку правадыроў ісламскага сьвету, якія абапіраюцца на нафта-даляры, ісламісцкую ідэалогію і на значны дэмаграфічны чыньнік; кіраўніцтва сёньняшняга Кітаю (у яго руках вялікая дэмаграфічная, эканамічная і ваенная моц).

Аднак змаганьне гэтых ды іншых сіл за глабальнае панаваньне азначае, што людскай цывілізацыі накінуты ў якасьці стратэгічнага такі зьмест яе існаваньня, які вобразна можна апісаць праз “мадэль гадаваньня крысаеда” (нагадаем, са старажытнасьці людзям вядомы “рэцэпт”: каб вывесьці пацукоў у доме ці на караблі, трэба злапаць некалькі пацукоў, пасадзіць іх у бочку і кепска карміць; пацукі пачынаюць есьці адзін аднаго, пакуль не застанецца апошні пацук, які завецца “каралём” ці крысаедам; навучаны забіваць і зьядаць сваіх субратоў, гэты “кароль”, будучы выпушчаным, выганяе ці забівае-зьядае ўсіх іншых пацукоў). Гэта азначае, што, калі людская цывілізацыя і далей будзе разьвівацца па гэтай мадэлі, то яе абавязкова чакае пабель. Апошняя можа адбыцца альбо з-за таго, што “змагары за глабальнае панаваньне”, канчаткова рассварыўшыся, “падораць” нашай цывілізацыі… ядзерны армагедон, альбо з-за таго, што ўся людская цывілізацыя будзе ператворана ў найжахлівы глабальны канцлагер з адзіным “каралём”, які будзе аб’яўлены “Богам”.

Застаецца толькі дадаць, што ніякія сталіны, гітлеры, пол-поты ды любыя іншыя дыктатары, якія зьдзейсьнілі грандыёзныя злачынствы супраць мільёнаў людзей, ня здольны і блізка параўнацца маштабамі сваіх злачынстваў з тым, якое патэнцыйна можа адбыцца ці з-за сумеснай дзейнасьці “пацукоў” ці выканана па загадах іх будучага “караля”.

З паданага аналізу вынікае некалькі высноў:

– нам – беларусам-вялікалітвінам – бесперсьпектыўна шукаць “дарогу ў будучыню” шляхам выбару магчымасьці далучэньня да любой з пералічаных сіл (а таксама да ЕЗ ці Польшчы), бо такая стратэгія ў канчатковым выніку гарантавана вядзе да… гібелі;

– нам трэба нацэльвацца на вывядзеньне нашай дзяржавы з поля змаганьня названых сіл паміж сабой, каб забясьпечыць умовы для выжываньня нашага народу; хопіць нам і тых войнаў, якія мы – беларусы-вялікалітвіны – ужо перажылі!;

– нам ня варта шукаць адказаў на нашы праблемы сярод вынікаў грамадска-палітычнай дзейнасьці названых сіл, бо апошнія накіраваны на зусім іншыя, у канчатковым выніку злачынныя мэты, а нашы праблемы іх не цікавяць і цікавіць ня будуць;

– нам, разам зь іншымі людзьмі добрай волі, варта накіраваць усе свае высілкі на спыненьне разьвіцьця цывілізацыі ў дэгенератыўным і тым больш сьмяротным кірунку, маючы пры гэтым на ўвазе, што даная мэта апраўдвае… любыя сродкі (ня кажучы ўжо пра тое, што карэнны народ, які жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі, мае поўнае права на актыўны супраціў любой соцыяпаразітнай, злачыннай, імперскай сіле).

Сёньня, на шчасце, мы пакуль жывем не ў глабальным канцлагеры. З-за вялікага памеру і ўсё яшчэ вялікай разнастайнасьці нашага сьвету мы можам знайсьці прыклады, калі ня толькі асобныя героі, а і цэлыя нацыі прымаюць рашэньні і жывуць захавальна-прагрэсўна, вынікова супраціўляючыся агульнай тэндэнцыі да спаўзаньня нашай цывілізацыі ў дэгенератыўна-сьмяротную бездань.

Так, прыкладамі значна лепшага стаўленьня да прыроды, чым у цэлым, могуць быць некаторыя краіны Афрыкі і Цэнтральнай Амерыкі, якія стварылі запаведнікі, сумарная плошча якіх у некалькі разоў большая за нашу Беларусь. Нават у лясах блізкай да нас Эстоніі, якая ў разы менш за нашу краіну, жыве ў разы большая колькасьць мядзьведзяў і рысяў…

Пасьпяхова ахоўваюць сёньня свае народы ад разбуральнага ўзьдзеяньня занадта “ліберальных павеваў”, якія падпарадкоўваюць многія краіны, кіраўнікі Японіі,  Паўднёвай Карэі. У Еўропе тое самае пасьпяхова робяць кіраўнікі Вугоршчыны ды Польшчы.

Сёньня многія ведаюць, што працягваюць змаганьне за сваё далейшае вызваленьне з-пад паракаланіяльнага панаваньня каталонцы, баскі, шатландцы, ірландцы Паўночнай Ірландыі, тыбетцы, уйгуры, чачэнцы, татары, башкіры, курды, палестынцы, індэйскія народы абедзвюх Амерык, аўстралійскія абарыгены ды шматлікія іншыя народы.

Вядомы прыклады прагрэсіўных рашэньняў у сьферах эканомікі і сацыяльнай справядлівасьці. Так, вельмі пасьпяховая кітайская фірма Хуавэй (толькі ў 2019 годзе гэтая фірма аддала ў бюджэты краін, дзе яна працуе, і найперш у бюджэт Кітаю, больш за 20 мільярдаў даляраў падаткаў) зьяўляецца і не тыпова капіталістычнай, і не бюракратычна-сацыялістычнай, паколькі зьдзяйсьняе прынцып, што ўсе яе супрацоўнікі… мусяць быць яе ж акцыянерамі.

Усё адзначанае, як і многае неадзначанае, гэта ня проста прыклады для нас  – беларусаў-вялікалітвінаў, гэта важкія аргументы на карысьць веры ў тое, што людзі добрай волі здолеюць не дапусьціць падзеньня людскай цывілізацыі  ў бездань небыцьця і павернуць яе на кірунак прагрэсіўнага разьвіцьця.

Давайце і мы падумаем, як пайсьці па гэтым шляху.

 

1.6.   ПСЕЎДАБЕЛАРУСКАЯ  АПАЗІЦЫЙНАЯ  НЕАЛЬТЭРНАТЫВА

Відавочна, што пры такім кадравым складзе сёньняшняга кіраўніцтва РБ на чале з Лукашэнкам не даводзіцца разьлічваць на такія зрухі ў палітыцы, якія б прывялі да істотнага ўмацаваньня бясьпекі Беларусі і нашага народу, падвышэньня эфектыўнасьці эканомікі, узроўню агульнай і нацыянальнай культуры, іншага пазітыўнага. У такой сітуацыі кожны больш-менш адукаваны чалавек пачынае прыглядацца да існуючай апазіцыі. У сувязі з гэтым мусім апісаць яе стан. На жаль, заранёў папярэджваем: радавацца будзе мала чаму…

Слабасьць беларускай апазіцыі найперш абумоўлена разнастайным дэструктыўным ціскам на яе з боку Лукашэнкі і яго “вертыкалі”. Найпершым доказам апошняга зьяўляецца адсутнасьць апазіцыі ў “Палатцы”, што ў паліталагічных тэрмінах гучыць так: “уся апазіцыя ў Беларусі зьяўляецца пазасістэмнай”. Вядома, што палітыка лукашэнкаўскага рэжыму, накіраваная на здушэньне любой апазіцыі, падтрымліваецца ўладарамі Крамля, якія, маючы шматсотгадовы імперскі досьвед, зьяўляюцца больш дальнабачнымі ў дасягненьні сваіх злачынных мэт. Яны ведаюць: дыктатура спарахнее, замены няма (бо была зьнішчана дыктатарам) і… “Беларусь сама ўпадзе да нашых ног”.

У такіх варунках, як вядома зь гістарычнага досьведу ўсёй нашай цывілізацыі, апазіцыя можа існаваць і разьвівацца толькі дзякуючы падтрымцы вонкавых сіл. І такая падтрымка пачала зьяўляцца з сярэдзіны 1990-х пераважна з Захаду. Здавалася б, добра, трэба толькі падзякаваць… Аднак справа ў тым, што набор апазіцыйных партый, штучна створаных па ўзоры “ліберальнай дэмакратыі” заходніх краін, апынуўся абсалютна неадэкватным рэальнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, патрэбам нашага народу. Акрамя таго, большасьць заходніх “добразычліўцаў”, заяўляючы на словах пра жаданьне падтрымаць “беларускую дэмакратыю”, на справе нічога падобнага рабіць не зьбіраліся. Стратэгічным зьместам іх “дапамогі” было стварэньне ў Беларусі… агентуры для прасоўваньня інтарэсаў іх уласных дзяржаў. Па меры таго, як гэта паступова высьвятлялася, прыстойныя беларусы пакідалі шэрагі апазіцыі, тыя, хто першапачаткова зьбіраўся далучыцца да яе, адмаўляліся ад сваіх намераў, і толькі тыя, хто прымалі рашэньне пагадзіцца на ўмовы, якія выстаўлялі заходнікі, заставаліся (некаторыя з радасьцю). Пры гэтым палякі патрабавалі служыць ім, а прадстаўнікі больш аддаленага Захаду – служыць “ліберальным прынцыпам”, што на справе азначае (і гэта даволі проста вылічваецца ў наш інфармацыйны век) служыць інтарэсам “гаспадароў грошай”…

Прысутнічае ў “беларускай апазіцыі” яшчэ адна гнюсная рыса. Перад часткай яе кіраўнікоў, асабліва правераных “заходнікамі”, пастаўлена задача не дапусьціць зьяўленьня ў Беларусі  сапраўднай беларускай патрыятычна-дэмакратычнай апазіцыі. Узгаданыя апазіцыйныя дзеячы пагаджаюцца і на гэта (часта зь лёгкасьцю, бо многія не зьяўляюцца нават этнічнымі беларусамі).

І дзе ва ўсім адзначаным вышэй ёсьць адэкватнасьць рэальнай сітуацыі ў Беларусі, дзе тут аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу?!

У выніку дзеяньня сукупнасьці пералічаных чыньнікаў за 25 гадоў (паўторым, за чвэрць стагоддзя!) т.зв. “беларуская апазіцыя” так і не стала рэальнай альтэрнатывай прамаскоўскаму рэжыму. Па факце сталася наадварот – псеўдаапазіцыя стала спарынг-партнёрам, спойлерам “апошняга дыктатара Еўропы” і яго “вертыкалі”.  Гэта асабліва істотны момант, таму ўдакладнім: “гаспадарам грошай” трэба, каб у Беларусі як мага даўжэй працягваўся этнацыд, карэнны народ (беларусы-вялікалітвіны) заставаўся ў галечы, быў задураным расейскай імперскай прапагандай, быў ідэалагічна і палітычна неадукаваным, а арганізаванай беларускай нацыянальна-патрыятычнай сілы, сапраўды альтэрнатыўнай рэжыму, не было. І лепш, каб уся гэтая гнюсная праца была выканана рукамі прамаскоўскага дыктатара. Для гэтага яму трэба нібы апаніраваць, але, па вялікім рахунку… не перашкаджаць. Вось ужо чвэрць стагоддзя ўся псеўдабеларуская апазіцыйная неальтэрнатыва і працуе на выкананьне данага патрабаваньня сваіх гаспадароў.

Вядома, у Беларусі сярод усёй апазіцыйнай плыні ёсьць групы зь істотнымі станоўчымі рысамі – зародкі будучай сапраўднай беларускай партыі, ёсьць шчырыя патрыятычныя асобы, якія і далей спрабуюць ахвярна дзейнічаць у асяроддзі амаль здыскрэдытаванай апазіцыі, не здраджваючы ні свайму сумленьню, ні свайму народу. Многія простыя беларусы, якія не знаходзяцца ў апазіцыйных партыях ці незарэгістраваных суполках, самастойна вядуць агітацыю сярод нашых грамадзян, па клічу сэрца выходзяць на акцыі “апазіцыі”. Але, на жаль, такая дзейнасьць не ідзе на карысьць нашаму народу (пра гэта сьведчыць гісторыя) – толькі псеўдаапазіцыйнай неальтэрнатыве…

Тут нельга не сказаць, што яшчэ 30 гадоў таму сітуацыя ў апазіцыйным руху ў Беларусі выглядала зусім інакш. Тады, у канцы 1980-х, кіраўнікі КПСС (найперш Гарбачоў, Якаўлеў) далі трохі свабоды (а Лукашэнкі і грашовай “дапамогі” з Захаду яшчэ не было…). Быў створаны Беларускі Народны Фронт (БНФ), які хутка вырас у сапраўдную патрыятычна-дэмакратычную сілу, стаўшы сьветлым спадзевам для беларускага народу (дастаткова ведаць толькі адзін факт: у канцы “камуністычных” часоў каля 10% дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР складала апазіцыя БНФ).

Аднак у Беларусі працягвала дзейнічаць гнюсная прапагандысцкая машына кансерватыўнай часткі КПСС, у руках якой па-ранейшаму захоўваліся ўсе важнейшыя сродкі масавай інфармацыі (найперш тэлебачаньне) і якая абзывала прадстаўнікоў Фронту і… “фашыстамі”, і “нацыстамі”, і “нашчадкамі паліцаеў”, малявала простым грамадзянам жахлівыя сцэны страшнай будучыні, “калі до власті дорвуться БНФ-аўцы”. І гэта ў час, калі тагачасны БНФ некрытычна прыняў нават шэраг “рэцэптаў” заходніх лібералаў: падтрымаў адмену графы “нацыянальнасьць” у пашпартах, паблажліва ставіўся да самых розных меншасьцяў (нацыянальных, рэлігійных) і нават падтрымліваў іх, і г.д.

Затым у 1994 годзе да ўлады прыходзіць Лукашэнка, забараняе нацыянальныя сімвалы, фактычна зьнішчае дзяржаўны статус беларускай мовы, разганяе Парламент, а новы робіць абсалютна ручным, стварае “вертыкаль”, сам сядае на яе і адтуль перастае бачыць беларускі народ. Затое добра бачыць… Крэмль.

У сярэдзіне 1990-х у Беларусь прыходзяць заходнія “добразычліўцы” і з дапамогай грошай пачынаюць “калоць” Фронт. З БНФ ўтвараюцца многія партыйкі – лібералы (АГП), сацыял-дэмакраты, хрысьціянскія дэмакраты, зялёныя, іншыя. Затым заходнікі ствараюць “Хартыю”, “Зубра”. У 1996 г. у эміграцыю падаецца Пазьняк. у 1999-м на зьездзе БНФ кіраўніком Фронта абіраецца В.Вячорка. Пазьняк дзеліць Фронт, адшчапляючы ад яго КХП. З таго часу і партыя БНФ, і КХП толькі аслаблі. Іншыя партыі – таксама.

Прайшло два дзесяцігоддзі апазіцыйнай валтузні – і абіралі “адзінага” (2001, 2006 гг.), і ішлі ўсе разам (2010 г.), і ўвогуле нічога не рабілі (2015 г.) – вынік  нулявы. Здавалася б, самы час сабрацца дзе-небудзь усім разам, запрасіць да сябе прыстойных разумных беларусаў і шчыра запытацца: “што мы, паважаныя людзі, робім ня так?  Падкажыце нам, калі ласка”. Аднак, не, ніякіх падбных памкненьняў з боку псеўдаапазіцыі мы ня бачым. Чаму? Прычыны вядомыя: ім альбо пляваць на інтарэсы беларускага народу (АГП), альбо не дазваляе пераадолець сябе эгацэнтрызм (Пазьняк), альбо ўсе думкі пра заходнія “гранты” і ўласны дабрабыт (розныя іншыя і ўсе патроху).

Сітуацыя, аналагічная апазіцыйным партыям, паўтараецца і ў апазіцыйных СМІ (радыё “Свабода”, газеты “Наша Ніва”, “Народная воля”, спадарожнікавы тэлеканат “Белсат”, некаторыя іншыя). Ёсьць зьвесткі, што ў іх рэдакцыях знаходзяцца чорныя сьпісы на дзясяткі вядомых сумленных беларусаў, маючых у душы патрыятычна-дэмакратычныя арыентыры. У іх ня толькі нельга браць інтэрвю, іх нават нельга ўзгадваць… Чаму? Прычына тая ж – усе названыя псеўдаапазіцыйныя СМІ існуюць на грошы Захаду і вымушаны прапагандаваць толькі “ліберальныя прынцыпы”, а дакладней – інтарэсы ўсё тых жа “гаспадароў грошай”.

Аналагічная сітуацыя з грамадскімі арганізацыямі. Узяць тое ж Таварыства беларускай мовы (ТБМ). Колькі зваротаў ні было, каб у сьпіс прапаноў, адрасаваных ад імя ТБМ у бок сёньняшніх уладаў, было ўключана патрабаваньне забясьпечыць магчымасьць беларусам вучыцца на роднай мове і ў беларускіх універсітэтах, а кіраўніцтва ТБМ так і не зрабіла гэтага. У той жа час гродзенскае Таварыства беларурускай вышэйшай школы (ТБВШ), дзе гэтае патрабаваньне прысутнічала ў якасьці прынцыповага, было прымусова (праз суд) ліквідавана яшчэ ў 2005 годзе.

Блізкая сітуацыя і з Радай БНР. Здавалася б, яе галоўная функцыя – арганізаваць беларусаў, якія з-за розных прычын вымушаны былі ўцячы ў замежжа. Беларусаў там шмат – каля мільёна. Многім цяжка забыцца на Бацькаўшчыну. Дый мець магчымасьць вярнуцца ў любы момант у свабодную цывілізавую Беларусь таксама дорага каштуе. Дый не, Рада гэтыя пытаньні не вырашае… Дайшло да таго, што кіраўніцтва Рады ўхілілася ад папярэдне запланаванай сустрэчы з суайчыньнікамі 23.12.2019 г. у Вільні, у дні мерапрыемстваў, зьвязаных з пахаваньнем паўстанцаў 1863-64 гг. на чале з Кастусём Каліноўскім.

Аднолькава абыякавае стаўленьне да вырашэньня беларускіх праблем, якія дэманструе псеўдабеларуская апазіцыйная неальтэрнатыва, псеўдаапазіцыйныя СМІ, грамадскія арганізацыі і Рада БНР, яшчэ раз сьведчыць пра тое, што ва ўсіх іх ёсьць адзіны кіраўнік. Але гэта не аб’ектыўныя інтарэсы беларусаў-вялікалітвінаў – нешта іншае, дакладней, нехта іншы…

У цэлым зьмест сёньняшняй грамадска-палітычнай сітуацыі ў РБ варта апісаць праз існаваньне двух “лагераў”, якія супрацьстаяць адзін аднаму. З аднаго боку – гэта тыя, хто жадае абараніць Незалежнасьць Беларусі, спыніць этнацыд, выміраньне, дыскрымінацыю і эканамічнае рабаваньне беларусаў, спыніць іх дэзінфармаваньне і маральнае абыдленьне, забясьпечыць дабрабыт і ўсебаковы росквіт беларускага народу. А зь іншага боку – гэта тыя, хто імкнецца падмяніць ідэю дэмакратыі яе псеўда-ліберальным сурагатам, працягнуць  татальны этнацыд беларусаў, забясьпечыць поўную дэмаграфічную, культурную, маральную касмапалітызацыю і дэградацыю беларускага народу, прысабечыць нашу зямлю, іншыя фінансава-эканамічныя каштоўнасьці, захапіць уладу над намі, каб панаваць-паразітаваць. Галоўнымі суб’ектамі ў апошнім лагеры выступае кангламерат рознамаштабных соцыяпаразітных сіл, які ўключае лукашэнкаўскую “вертыкаль”, расейскую імперыякратыю, глабалісцкую фінансавую алігархію і… большую частку цяперашняй псеўдаапазіцыі.

Таму сёньня трэба тэрмінова ствараць сапраўды Беларускую нацыянальна-патрыятычную дэмакратычную сілу, дзе будуць знаходзіцца найперш беларусы-патрыёты, кіраваць якой будуць толькі беларусы-патрыёты, а пуцяводнай зоркай будуць аб’ектыўныя інтарэсы беларускага народу на яго ўласнай зямлі, упісаныя ў аб’ектыўныя інтарэсы ўсёй людскай цывілізацыі і ўсяго жывога на Зямлі.

 

1.7. РАЗЬЛІЧВАЦЬ НА ЎЛАСНЫЯ СІЛЫ

Калі абагуліць усё, што падана вышэй, варта канстатаваць наступнае:

– супраць аб’ектыўных інтарэсаў беларуска-літвінскага народу дзейнічаюць, як мінімум, 4 сілы: прарасейская лукашэнкаўская “вертыкаль”, расейская імперыякратыя, а праз псеўдабеларускую апазіцыю – глабалісцкая фінансавая алігархія і польскія шавіністы-імперыялісты;

– за чвэрць стагоддзя этнацыднай палітыкі не знайшлося ніякай істотнай сілы (за выключэньнем асобных людзей з розных краін сьвету), якая б паспрыяла  сапраўдым беларускім патрыётам у змаганьні за захаваньне беларускай дзяржаўнасьці, спыненьне этнацыдна-рабаўнічай рэчаіснасьці.

Гэта азначае, што ўсім, каго хвалюе лёс нашай дзяржавы і нашага народу, варта разьлічваць найперш на ўласныя сілы і на ўласную самаарганізацыю. Толькі пасьля таго, як станем значнай сілай, мае сэнс шукаць партнёраў з блізкімі праблемамі і задачамі за межамі Беларусі. Аднак ва ўсіх народаў дастаткова сваіх праблем, каб кідацца вырашаць яшчэ і нашы… Таму разьлічваць можна толькі на ўзаемакарыснае супрацоўніцтва ў вырашэньні агульных праблем і дасягненьні агульных мэт.

Іншыя ўяўленьні, якія нярэдка сустракаюцца (маўляў, “нам, беларусам-вялікалітвінам, усе спачуваюць і гатовыя дапамагчы”), зьяўляюцца, мінімум, нерэалістычнымі, інфантыльна-утапічнымі, а максімум – агентурнымі (за якімі стаяць інтарэсы тых ці іншых соцыяпаразітных сіл).

 

 

14 каментарыяў

  1. Павел Біч кажа:

    Грунтоўный аналіз зрабіла Рэдакцыя. Можа праз некалькі дзён ўстаўлю і свае пяць капеек. Недаўна паслухаў онлайн канференцыю, (пакуль две часткі. а, здаецца будзе яшчэ адна) на якой выступалі прыхільнікі філосафа У Мацкевічаі. Ані ад наго выступоўца я не пачуў словаў Нацыя.. Нацыянальнае. Абмеркоўвывалі Субьектнасць ў апазіцыйным лагеры і чым адрозніваецца ревалюцыя ад пратэста. Адмаўляць нацыянальный фактар у нас, калі народ памірае нацыянальна гэта або суцельная дурь. або шкодніцтва і здрада. Мы не прайшлі этап нацыянальнага адраджэння.а яны паводзяць сабе так быццам б жывем ў нейкай там Бельгіі. ці Галандыі. Што мне рабіць? Здаецца нападаць на Мацкевіча які сядзіць за кратамі неэтычна, а з ругога бооку ён узначальвае усю гэтую ліберастскую частку апазіцыі якая пануе і вядзе нас ад паразы да паразы.

  2. Siarhirj кажа:

    1. Сумная навіна: Мінак памёр ад віруса.
    2. Разважанні пра “Захад” у часы 3-яй прамысловай лічбавай рэвалюцыі/эвалюцыі, калі трыл’ённыя карпарацыі ахапілі/апанавалі/звязалі Свет, выглядаюць наіўнымі.
    3. Хантингтон С. Столкновение цивилизаций, трошкі састарэлая праца. Урывак тут: https://gtmarket.ru/library/basis/3893/3902

    • Рэдакцыя кажа:

      Выказваем свае шчырыя спачуваньні ўсім блізкім спадара “Мінака”.
      На наша меркаваньне чалавек увесь час шукаў праўду, а таксама нацыянальную ды сацыяльную справядлівасьць. Думаў пра тое, як іх дасягнуць. Такое ў наш час характэрна далёка не для многіх – толькі для лепшых… Хай родная беларуская зямля будзе яму пухам…

  3. Павел Біч кажа:

    Хаця я і Мінак мелі розные палітычныя погляды мы былі сябрамі і перапісвалііся ў апошніе гада праз дадзеный сайт. Ён быў вельмі ранімый і чуллівы чалавек. Відаць такіх перш-наперш з’едае Кавід. Мне яго адназначна будзе не хапаць. Сяргей. глядзі на палітыку вачыма вайны.Спадзевацца што прамысловая рэвалюцыя усталюе дэмакратыю ў Свеце трошкі наіўна. Гэта усе роўна як казаць што ў вайне пераможа той у каго лепшая зброя. Расея будучы адсталай краінай між тым мае някепскую зброю. Ці можа гэта іхній блеф?

    • Siarhiej кажа:

      3-я ПР спрыяе ДЭЦЭНТРАЛІЗАЦЫІ, усталяванню гарызантальных сувязей паміж людзьмі і групамі, лёгкі доступ да інфы, якую НЯ здольна перабіць прапаганда. Спроба скінуць дыктатуру ў 2020 абапіралася на сац-сеткі і гэты трэнд дыктатура не задушыць. Напрыклад tut.by стаў zerkalo.io, даступны праз psiphon3.

      • Рэдакцыя кажа:

        Прыйдзе час, і ты, Сярхей, сам зразумееш, што праблема існаваньня дыктатур у найцыянальных дзяржавах была дробязьзю ў параўнаньні з праблемай зьяўленьня Глабальнай дыктатуры глабалістаў. Нам, беларускім нацыянальным патрыётам – тым, хто ўнесены ў “чорныя сьпісы” ва ўсіх т.зв. “беларускіх” “апазіцыйных СМІ” – гэта ўжо вядорма. А твае разважаньні, што “лёгкі доступ да інфы” зрыне ўсе дыктатуры, выглядаюць не па ўзросьце наіўнымі. Хто цябе індукаваў такой фігнёй?

        • Siarhiej кажа:

          Такой фігнёй мяне індукаваў Ф. Скарына, Дж. Оруэл, wikipedia.org, Facebook, … 50 гадоў працы інжынерам ІТ, … Сустрэчнае пытанне: чаму таталітарныя рэжымы так зацята змагаюцца з Інтэрнэтам? Чаму ў часы СС глушылі замежнае радыё?

          • Рэдакцыя кажа:

            Чаму ў рэдакцыях “самых свабодных” “апазіцыйных” “беларускіх” СМІ – такіх, напрыклад, як Радыё “Свабода”, Белсат, “НН”, “Беларускі партызан”, “НВ”, а цяпер ужо і “Радыё рацыя” – існуюць “Чорныя сьпісы”, у адпаведнасьці зь якімі забаронена ня толькі браць інтэрвю ў беларускіх нац-патрыётаў, а і ўвогуле ўзгадваць іх імёны?…

        • Siarhiej кажа:

          “лёгкі доступ да інфы” зрыне ўсе дыктатуры

          https://www.kasparov.ru/material.php?id=6197E6D65AF21
          “К утру новость о разгоне студентов и невиданной милицейской жестокости быстро распространились, чрезвычайно рассердив людей.”

  4. Павел Біч кажа:

    « Религия – часть процесса развития человеческого сознания, того развития, которое должно вести человека к верховному осознанию.
    Почему люди цепляются за религию? Религии основаны на вероучениях, которые являются спиритуальными переживаниями, спущенными до уровня, где их легче воспринять, но за счет утраты их всецельной чистоты и истины. Времена религий прошли. Мы вступили в век всеобъемлющей спиритуальности, спиритуальных откровений в их изначальной чистоте.
    Религия – это всегда ограничение для духа. Если человек имеет спиритуальную жизнь независимо от умственных конструкций и окружения, в которых он живет, тогда эта спиритуальная жизнь заставляет его пройти через религии и войти во что-то более высокое. Но его посвящение должно придти изнутри, а не быть формальным. Есть люди, которые должны обязательно выйти из религии, если они не хотят быть остановленными в своем развитии.
    Не следует смешивать религиозные учения со спиритуальными. Религиозные учения принадлежат прошлому и останавливают развитие. Спиритуальное учения есть учение будущего, оно освещает сознание и подготавливает его к будущему осознанию.. Спиритуальное учение выше религий и стремится ко всеобщей правде. Оно учит нас, как войти в прямой контакт со Всевышним» – Шри Ауробиндо
    Гэтая цітата ёсць мой камент на першую частку матэрыяла які падала Рэдакцыя. З усім я згодзен і асабліва з тым што людьзі самі ствараюць прычыны магчымай катастрфы.Каб яе пазбегнуць трэба змяніць свядомасць людьзей. Але яна рацыянальнымі сродкамі не зменяецца. Тут працуе тое што уздейнічае на падсвядомасць. Здаецца гэта релігіі. Трэба каб узнікла адзіная рэлігія. Але спробы такія пакуль церпяць паразу..Нават тры хрысцыянскіе канфесіі не могуць знайсці агульную “мову”..Лягчэй гэта зрабіць звяртаючыся для містычных вучэнняў і аб гэтым кажа цітата Шрі Аурабінда.
    Сяргей, вялікі табе дзякуй за твой матэрыял аб цывілізацыях. Сам бы я яго не адшукаў. .Праўда, скажу шчыра,. ён такі вялікі, я так стаміўся, што канцоўку яго я дачытаў праз строчку. (аб Юго-Васточнай Азіі). Напішыце, чаму палякі не прапускаюць мігрантаў ў Нямеччыну? Аб гэтым збіраліся сказаць на Перадачы “Время пакажет” расеец Сытін і паляк Карэйба,. але іх развагі нагла вырезалі (аб’явілі іх выступы. а пасля перапынку паставілі іншую тэму.
    Куды падзеваліся сталые чытачы сайта?. Сп.Астрўск,разберіцеся з прычынай.і

  5. Павел Біч кажа:

    Атмосфера, в которой мы живем, наполнена огромным числом малых виталических существ, которые произведены неудовлетворенными желаниями, виталическими движениями полностью низшего порядка, а также являются продуктами разрушения более важных существ виталического мира. Все это образует целый рой и это действительная защита, что большинство не видят что происходит в их виталическоой атмосфере, поскольку это не особенно приятно.
    В земной атмосфере огромное число мелких виталических созданий могут вступать в столкновение друг с другом, они сражаются, разрушают, ломают друг друга. И это есть источник микробов и бактерий. Они силы распада на части, но они продолжают быть живыми даже в их разделенных формах, в разорванных кусках. Поэтому большинство микробов имеют за собой злую волю и это делает их такими опасными.
    Вирусы – просто материализацыя вибраций и воли другого мира».
    Шри Ауробиндо.
    Гэта высказванне крыху устарела, таму што была зроблена гадоў 80 таму. Але яно вернае і атражае напрамак куды рухаецца челавецтва – менавіта на мяжу паблізу якой адбываецца пераход ад матэріяльнага да ідэальнага і наадварот. Гэта фундаментальный напрымак сучаснай навуцы (для філасофіі гэта праблема вечная). Аурабінда кажа што эпоха рэлігій канчаецца і пачынаецца эпоха спірітуальных містычных вучэнняў. Каранавірус гэта першая ластаўка новых хвароб, змагацца з якімі прыйдзецца цалкам па новаму.
    Шаноўный сп. Астроўскі, не маглі б вы пракаментаваць гэтую цытату? Я некалькі разоў спрабаваў высказацца сп. Шчагельскага які як і Вы мае медыцынскую адукацыю. Але ён мне не адказаў. Меня канешне можна ігнараваць (я ужо прызвычаяўся да гэтага). але аб тым што праблема пераходу матэрыяльнага ў ідэальнае і наадварот гэта праблема №1 кажуць шмат якія філосафы і вучоные. напрыклад, вельмі даходліва расейскій фізік Чернігаўская.

  6. Павел Біч кажа:

    Сяргей. а чаму калі не было інтернета сажалі ізабівалі за паперавые улёткі? Сродкі перадачы інфармацыі выконваюць вельмі малую ролю ва узнікненні і распаўсюду новых ідэй. Больш за усіх тут іграюць ролю паэты..

    • Siarhiej кажа:

      “Сродкі перадачы інфармацыі выконваюць вельмі малую ролю ва узнікненні і распаўсюду новых ідэй.”
      – Павел, чаму ты не бачыш відавочнае? Ф. Скарына – вялікі чалавек, таму што выкарыстаў друкаркі, … Марконі – радыё, потым у ЗША прыдумалі тэлевізар, потым кампутары, сматфоны … Гэта тэхналогіі – каналы для распаўсюду інфы амаль задарам. Internet, wikipedia, messengers, … Новыя ідэі засталіся б для вузкага кола, калі б не гэта.

  7. Павел Біч кажа:

    Я наконт існавання чорных спіскаў ў “незалежных” СМІ ніколі не думаў..Мяркаваў што ідэя літвінства шмат каму здаецца такой нереальнай што яны нават не узгадапюць яе. Інакш кажучы кагнітыўна яны яе баяліся..

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы