nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРА БЕЛАРУСЬ НАШАЙ МАРЫ (3)

Лістапад 22, 2021 | 10 каментарыяў

2. АСНОЎНЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА ПЛАНАВАНЬНЯ БУДУЧЫНІ

2.1. ПАПЯРЭДНІЯ ЗАЎВАГІ

2.1.1. З нагоды глабальнага крызісу, які носіць сістэмны шматузроўневы характар (т.б., праяўляецца ў існаваньні канфліктнай напружанасьці паміж дзяржавамі, рознымі сацыяльнымі групамі ўнутры асобных грамадстваў, у выглядзе дэградацыі біясьферы) і працягвае нарастаць, натуральным будзе задаць найперш наступнае пытаньне: ці ёсьць у нас альтэрнатыва? Ці ўвогуле магчымыя бяскрызіснае існаваньне і неабмежаванае разьвіцьцё нашай цывілізацыі? А можа, заняпад і пагібель – гэта ўсё, што нас, людзей, можа чакаць у будучыні, і таму нават ставіць пытаньне пра нейкі іншы шлях ды іншы лёс бессэнсоўна?…

На першы погляд, данае пытаньне выглядае складаным (па прычыне адмыслова арганізаванай неадукаванасьці і наўмысна малой увагі да яго). На справе, падумайце хаця б пра свой уласны арганізм. У ім дзясяткі органаў (сэрца, лёгкія, страўнік, вантроба, ныркі, селязёнка, косткі, нервы, розныя залозы, іншыя) і сотні тыпаў сьпецыялізаваных клетак (агульная колькасьць апошніх вымяраецца дзясяткамі трыльёнаў). І ўсе яны ў норме (калі арганізм здаровы) знаходзяца ў поўнай гармоніі – не нападаюць адзін на аднаго, каб захапіць чужую тэрыторыю, не спрабуюць паразітычна выкарыстаць. Карацей, жывуць бяскрызісна… Атрымліваецца, што кожны орган, тканка, клетка нібы “разумеюць” тое, што не ўсьведамляюць многія, здавалася б, разумныя людзі: разбуральная “альтэрнатыва” ня мае сэнсу – яна заўсёды выкліча ўнутраную дысгармонію-хваробу, якая шкодна ўсім, у т.л. і “агрэсару”.

Калі ў жывую прыроду нішто ня ўмешваецца, яна таксама жыве бяскрызісна. Пры гэтым за 4 мільярды гадоў свайго існаваньня біясьфера на паверхні Зямлі “вырасла” і разьвілася ад самых простых аднаклеткавых арганізмаў да таго грандыёзнага стану, які мы – людзі – бачым сёньня і дзякуючы якому толькі і можам жыць. Так, “крызісы”, у якіх вымірала шмат біялагічных відаў, былі, але ўсе яны былі абумоўлены астранамічнымі ці геалагічнымі прычынамі (раптоўным пахаладаньнем, падзеньнем гіганцкіх метэарытаў, выбухам вялікіх вулканаў). Крызіс, які адбываецца зь біясьферай сёньня, выкліканы ня гэтымі прычынамі, а неразумнай дзейнасьцю людзей. Гэта – штучна створаны крызіс, абумоўлены парушэньнем людзьмі натуральных законаў бяскрызіснага разьвіцьця прыроды.

А вось яшчэ адзін факт. Уся медыцынская і біялагічная адукацыя заснавана на першапачатковым засваеньні паняцьцяў “норма”, “здаровы арганізм”, “багатая, здаровая экасістэма” і аналагічных, бо толькі на гэтым грунце далей можна вывучаць праявы розных ненармальных станаў – зьбядненьняў, пагаршэньняў, анамалій, паталогій, хвароб. Аднак гэты відавочна карысны падыход чамусьці не пераносіцца на людскія сістэмы. Чамусьці мы ня чуем паняцьцяў “грамадская нарма”, “здаровая людская цывілізацыя”?

Дзіўна ўсё гэта…

Яшчэ. Калі і сам чалавек стварае нешта, прычым, такое, у нармальным, устойлівым функцыянаваньні чаго зацікаўлены ўсе людзі, тады і такія рукатворныя аб’екты таксама могуць існаваць і разьвівацца бяскрызісна. Уявіце сабе, што ў старадаўнія часы недзе перасякаліся дьзве пешыя сьцежкі. Праз пэўны час там з-за інтэнсіфікацыі руху зьявілася перасячэньне дзьвюх дарог. Пазьней, каб пазьбегчы аварый, пачало дзейнічаць правіла “перашкода справа”, а, калі трэба, то зьяўляўся рэгуліроўшчык. Калі адна з дарог стала важнейшай за другую, былі пастаўлены адпаведныя знакі. Яшчэ пазьней зьявіліся сьветлафоры, былі пазначаны месцы для пераходу пешаходаў.  Далей маглі быць зроблены кальцавыя аб’езды і г.д. Карацей, таксама бачым, што бяскрызіснае разьвіцьцё штучнай сістэмы аказваецца магчымым.

Вядома, мы ня першыя, хто задумваецца пра адзначанае. Былі людзі і да нас, якія голасна казалі: “ня могуць доўга існаваць народы, дзяржавы, усё чалавецтва, грунтуючыся на механізмах, якія вядуць іх да заняпаду і зьнішчэньня!” Так, на гэтым пасыле яшчэ у канцы 1970-х перыядычна агучвалася ідэя аб неабходнасьці арганізацыі жыцьця грамадстваў і ўсяго чалавецтва на прынцыпах ўстойлівага бяскрызіснага разьвіцьця. Многія эколагі білі ў званы яшчэ раней, зьвяртаючы ўвагу на негатыўны ўплыў людскай цывілізацыі на зямную біясьферу. Пратэсты ж супраць розных форм сацыяльнай несправядлівасьці вядомыя на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Сёньняшняя сітуацыя адрозьніваецца толькі тым, што раней крызісны стан ня меў такой глыбіні і маштабу – напрыклад, не даходзіў аж да кліматычнага крызісу.

Здавалася б, калі людзі – разумныя істоты, чаму б ім не сабрацца разам (напрыклад, на нейкім міжнародным форуме) і ў адкрытым эфіры (з трансляцыяй па тэле- і інтэрнэт-каналах) не абмеркаваць цяперашнюю сітуацыю, не распрацаваць пэўныя прынцыпы суіснаваньня людзей, народаў і ўсяго жывога на Зямлі, якія б разьвярнулі рух людскай цывілізацыі ў супрацьлеглым ад заняпаду кірунку? Чаму б не пастанавіць, што непадпарадкаваньне гэтым прынцыпам ёсьць самае страшнае злачынства супраць чалавецтва – “злачынства супраць будучыні людскай цывілізацыі і ўсяго жывога на Зямлі”. Не, гэтага не адбываецца, нягледзячы на ўсю актуальнасьць і маштаб праблемы.

Гаворка пра магчымасьць устойлівага бяскрызіснага разьвіцьця заглохла яшчэ у пачатку 1980-х. Сходкі з абмеркаваньнем, напрыклад, сучасных кліматычных праблем, калі і адбываюцца, то толькі кулуарна (тысячы пратэстоўцаў пры гэтым застаюцца на вуліцы і нават разганяюцца паліцыяй “дэмакратычных краін”). Абмеркаваньне глабальных сацыяльна-эканамічных праблем адбываецца яшчэ больш закрыта (напрыклад, на паседжаньні Більдэрбергскага клубу). Пры гэтым маўчыць ААН, кудысьці падзелася ЮНЭСКА… А дзе глабальныя СМІ, чым яны займаюцца? А яны, наадварот, занятыя адуважваньнем людзей ад важнейшых праблем людскай цывілізацыі – паказваюць і абмяркоўваюць значна менш інстотнае,  крадуць час праз пустыя забавы (ня грэбуюць дзеля адуважваньня нават разбэшчваньнем моладзі…) ці ўвогуле займаюцца інфармацыйным маніпуляваньнем. На гэтым фоне штучна арганізаванаму заняпаду людскай цывілізацыі кантэкстуальна надаецца выгляд натуральнай зьявы – маўляў, усё робіцца само сабой… Тым жа, хто занадта голасна абураецца, затыкаюць раты ці дэманстратыўна ігнаруюць, а іх месцы ў СМІ запаўняюць падстаўнымі асобамі.

Сярод “разумных людзей” такое магчыма толькі з-за дзьвюх прычын: калі нейкія закулісныя сілы зацікаўлены ў глабальным крызісе, бо нешта атрымліваюць ад яго (першая); калі яны ж баяцца быць выкрытымі ў якасьці галоўных вінаватых у разьвіцьці крызісных зьяў (другая). Але нам – звычайным людзям – у нашай сёньняшняй сітуацыі выбіраць не даводзіцца. Таму мы будзем казаць і пра крызісны, хворы стан нашага грамадства, усёй цывілізацыі,  і пра магчымасьць ды неабходнасьць выхаду на адзіна сэнсоўную альтэрантыву – грамадскае здароўе, цывілізацыйную норму… 

Заклікаем усіх іншых прыстойных людзей прыняць такую ж пазіцыю і рабіць тое самае…

2.1.2. Адразу мусім папярэдзіць: на азначаным шляху наперадзе нас чакае ня толькі неразуменьне, ігнараваньне, замоўчваньне, адуважваньне, прысутнасьць і правакатыўная дзейнасьць падстаўных асоб, а і цэлы набор расстаўленых пастак для… розуму. Фактычна, кожны чалавек жыве сёньня ў аблудна-зманлівым інфармацыйным тумане, сабраным з маніпуляваньня, хлусьні, піяру, прапаганды.

Таму мы вымушаны ў нашым тэксьце ахарактарызаваць некаторыя з аблудных інфармацыйных пастак, каб кожны чытач быў папярэджаны. Сярод даных “пастак” найбольш распаўсюджанымі, на наш погляд, зьяўляюцца: збыткавыя абстрагаваньні, эўфемізмы, падмены тэзісу, штучна створаныя сітуацыі выбару бяз выбару, іншыя.

Так, замест таго, каб паказваць асаблівасьці паводзін асобных людзей і грамадскіх груп, аналізаваць прычыны іх рэакцыі на выклікі рэчаіснасьці, часта заяўляецца, напрыклад, так: “у наш час чалавек дэградуе”, “ён становіцца пасіўным, абыякавым”, “адзінокім, дэпрэсіўным, агрэсіўным” і г.д. Пры такім абстрагаваньні на фоне нібы вывядзеньня нейкіх агульных рыс “новага чалавека ўвогуле” (зьвярніце ўвагу, такога абстрактнага чалавека… не існуе) “віна” за названыя негатыўныя зьмены кантэкстна пераносіцца на існуючых людзей. Акрамя таго, застаецца незразумелым, пра якую канкрэтна групу ідзе гаворка (бо ў той жа час і ў тым жа месцы могуць знаходзіцца людзі з супрацьлеглымі адносна названых уласьцівасьцямі).

Вельмі часта замест таго, каб назваць канкрэтных людзей, іх “імёны, паролі, яўкі”, выкарыстоўваюцца эўфемізмы. Напрыклад, гаворыцца: “улада робіць нешта ня тое”, “адбываецца змаганьне дабра са злом”, “бензін падаражаў”, “вінаватая вайна”, “грошы шукаюць месцы, дзе ім лепш”, “Расея заявіла, а Беларусь – адказала”, “змаганьне з тэрарызмам”, “вінаватыя эгаістычныя памкненьні ў душы чалавека” і г.д. (найбольш агідлівыя эўфемізмы, якія даводзіцца чуць: “беларускі народ сам ва ўсім вінаваты”, “мы вам, дарослыя, гэтага ніколі не прабачым” – таму што ў іх дадаткова выкарыстоўваецца яшчэ і злачынная тэхналогія “пераносу ценю”, ці па-простаму, пераносу віны “з хворай галавы на здаровую”). Многія людзі ня толькі не заўважаюць падмены, а і з ахвотай падтрымліваюць такі дыскурс па інэрцыі ці з-за страху называць імёны канкрэтных людзей. На самай справе бензін сам сабой не даражэе, і такіх суб’ектаў, як “улада”, “тэрарызм”, “вайна”, “грошы” ды аналагічных таксама не існуе… Бо ніякая зьява не існуе ў адрыве ад носьбіта гэтай зьявы – у даным выпадку канкрэтнага чалавека ці групы канкрэтных людзей (добрых людзей ці злачынцаў, дзяржаўных уладароў і палітыкаў, якія разьвязалі вайну, кіраўнікоў Беларусі і Расеі, багацеяў і тэрарыстаў, і г.д.).

Ня менш часта ў адказах на пытаньні можна заўважыць такую тэхніку маніпуляваньня, як падмена тэзісу. Калі чалавек незаўважальна пачынае казаць не пра тое, пра што яго пытаюцца, ці чаму прысьвечана размова, а пра іншы аб’ект ці зьяву. Напрыклад, кажаш чалавеку: “Карта паляка – гэта дэмаграфічна-этнічнае марадзёрства нашага народу”, – той: “А я не лічу, што для мяне яна шкодная”. Чалавек, табе кажуць пра негатыўнае значэньне “карты паляка” для беларускага народу, а ты кажаш пра сябе… Ты, што, не бачыш розніцы?

Часта людзі не заўважаюць, як іх падводзяць да сітуацыі выбару бяз выбару, накшталт: “вы жадаеце павесіцца ці ўтапіцца?” Здаецца, адэкватны адказ знайсьці лёгка – напрыклад: “я жадаю, каб спачатку ты застрэліўся…”. Аднак многім людзям ня так проста выбрацца з аналагічных пастак (прыклады: “камунізм ці капіталізм?” “матэрыялізм ці ідэалізм?” “лібералізм ці дыктатура?” “ты веруючы ці атэіст?”).

Для прывучэньня людзей да жыцьця ва ўсё больш амаральных умовах, якія ў здаровай народнай традыцыі яшчэ адносна нядаўна лічыліся непрымальнымі, існуе тэхналогія вокнаў Авертона. Выкарыстоўваючы яе, грамадства паступова, крок за крокам можна давесьці літаральна да жывёльнага стану. Чамусьці і гэта аказваецца патрэбным нейкім закулісным маніпулятарам.

2.1.3. На сёньня распрацаваны ўжо цэлы шэраг тэхналогій, прызначаных кіраваць псіхікай масы – НЛП, PR, прапаганда. Непадрыхтаванаму чалавеку як у спрэчках, так і ў звычайным жыцьці цяжка прабіцца скрозь аблокі апісаных вышэй ды іншых інтэлектуальных пастак. Таму да аргументаў, якія мы ўжо падалі вышэй, дададзім яшчэ некалькі сьветаглядных прынцыпаў, якія, нібы ліхтары, могуць дапамагчы прабіцца да праўды праз туман дэзінфармацыі.

Так, аналізуючы рэчаіснасьць, трэба ўлічваць, што ўсё, што належыць да нашай цывілізацыі, залежыць толькі ад людзей, зроблена і адбываецца толькі дзякуючы ім. Дзе б мы ні бачылі прыклады нейкай грамадскай арганізаванасьці, уладкаванасьці, чысьціні, прыгажосьці, грандыёзны маштаб створанага, так і, наадварот, прыклады бязладдзя, неахайнасьці, несправядлівасьці, засьмечанасьці, разбурэньня і г.д. – усё гэта людзі, вынік іх разумовай і фізічнай актыўнасьці. Гэта іх заслуга і іх віна. Толькі іх. Таму тым, хто зьбіраецца змагацца за лепшую будучыню свайго народу і ўсяго чалавецтва, давядзеца настроіцца на тое, што трэба будзе мець справу найперш з людзьмі – спадзявацца на іх, падтрымліваць іх, шанаваць, захапляцца імі ж ці, наадварот, асуджаць, аказваць супраціў, спыняць.

У якасьці асновы для выбару таго ці іншага стаўленьня да канкрэтнага чалавека мы прапануем абраць спосаб, якім той забясьпечвае ўласнае існаваньне – за кошт уласнай стваральнай працы (якая можа быць у трох формах: дзейнасьці, накіраванай на падтрыманьне дасягнутага людзьмі ўзроўню матэрыяльных і культурных стандартаў; дзейнасьці, зьвязанай з забесьпячэньнем далейшага грамадскага прагрэсу; і дзейнасьці, накіраванай на абарону нацыі ці ўсёй людскай цывілізацыі ад дэструктыўных уплываў пэўных людзей ды іх груп) ці за кошт паразітаваньня на працы іншых. Апошнія – сацыяльныя паразіты, зьяўляюцца аналагам  біялагічных паразітаў (вірусаў, бактэрый, грыбоў, жывёл), толькі выглядаюць, як мы – звычайныя людзі.

Пры гэтым варта ведаць, што большасьць людзей у грамадствах належыць да той ці іншай стваральнай групы. Сацыяльныя паразіты заўсёды будуць у меншасьці.

Нармальнае жыцьцё чалавека ў большай ці меншай ступені зьяўляецца грамадскім. Аб’ектыўна. Гэта абумоўлена тым, што многія задачы, якія паўстаюць перад намі, могуць быць вырашаны толькі за кошт аб’яднаньня высілкаў многіх людзей ці шляхам больш вузкай сьпецыялізацыі з наступным абменам вынікамі сваёй працы паміж людзьмі.

На жаль, той жа феномен датычыць і сацыяльных паразітаў. Таму сёньня гэта ня толькі (і ня столькі) адзіночкі – кішэнны злодзей на транспарце, вулічны бомж-папрашайка ці прывакзальная цыганка – колькі тая ці іншая колькасьць асоб, якія знаходзяцца паблізу ад рычагоў дзяржаўнай ці глабальнай улады. Таму набор і сіла іх узьдзеяньня на сітуацыю ў дзяржаве можа быць рознай. Але агульная заканамернасьць будзе адной: там, дзе больш сацыяльнай справядлівасьці, з-за чаго людзі жывуць у значна лепшых матэрыяльных і маральных умовах, там менш паразітаў каля ўлады і ў асяроддзі жыцьця звычайных грамадзян.

У нашай Беларусі ў дадатак да часткова соцыяпаразітнай “вертыкалі” прысутнічаюць і дзейнічаюць агентурныя арміі найперш дзьвюх соцыяпаразітных груп з глабальнымі мэтамі – тая, якая служыць расейскай імперыякратыі, і тая, якая служыць глабалісцкай фінансавай алігархіі (гл. раздзелы 1.2 і 1.5). Пэўны ўплыў аказваюць і польскія імперыялісты (раздзел 1.4). Таму наш беларускі народ усе апошнія дзесяцігоддзі (калі падумаць, то і апошнія стагоддзі) знаходзіцца пад сталым інфармацыйным, эканамічным і палітычным прэсінгам менавіта гэтых сіл. Паколькі зьмест іх узьдзеяньня на нас накіраваны на забесьпячэньне іх паразітных інтарэсаў, нам жывецца горш у параўнані з тым, што магло бы быць.

Як і ў дачыненьні да біялагічных паразітаў, якія выклікаюць у чалавека адпаведныя хваробы, так і ў дачыненьні да паразітаў сацыяльных, якія выклікаюць хворы стан грамадскага арганізму, мусіць выкарыстоўвацца аднолькавы падыход – іх дзейнасьць павінна максімальна хутка і эфектыўна спыняцца. Гэта цалкам адпавядае і логіцы, і натуральнаму праву, якое аб’ектыўна належыць стваральнікам. Іншых варыянтаў, як кажуць, няма…  Калі ў Беларусі толькі гэта будзе зьдзейсьнена, нашаму народу адразу стане жыць значна лепш. Калі ж аналагічныя працэсы ахопяць хаця б большасьць краін сьвету, на “семафоры” людскай цывілізацыі згасьне “чырвонае сьвятло” і запаліцца… мінімум, “жоўтае”.

 

2.2. ПРЫНЦЫПОВЫЯ ТЭАРЭТЫЧНЫЯ ПАЛАЖЭНЬНІ

2.2.1. Аднак акрамя “жоўтага сьвятла” ў дачыненьні да нашай будучай беларускай дзяржавы і ўсяго чалавецтва нас таксама цікавіць, каб пасьля жоўтага запалілася “зялёнае сьвятло” – сімвал прагрэсіўнага разьвіцьця. Навошта нам яно? Можа, дастаткова нейтралізаваць небясьпеку нашаму існаваньню і спакойна працягваць жыць, карыстаючыся тым, што ўжо дасягнута?

Справа ў тым, што толькі арыентацыя на прагрэс – т.б. палепшаньне, удасканаленьне, больш высокае, культурнае, прыгожае, захапляльнае і г.д. – дае магчымасьць чалавеку ў максімальнай ступені рэалізаваць сябе ў жыцьці і звычайна робіць апошняе калі не матэрыяльна багатым (хаця і гэта не выключаецца), то напаўняе яго сэнсам.

Але пры спробах зьдзейсьніць такое жаданьне большасьць з нас сутыкнуцца ўжо зь… цемрай няведаньня. Справа ў тым, што як у школьнай, так і ўніверсітэцкай адукацыі сёньня адсутнічае навучаньне, датычнае асноўных прынцыпаў арганізацыі нашай цывілізацыі, арганізацыі дзяржаў, людскіх калектываў, псіхікі асобных людзей – прыцыпаў, якія забясьпечваюць прагрэсіўнае разьвіцьцё названых сістэм. Той жа дэфект маюць і цяперашнія СМДІ. Таму трэба аддаць пэўнае месца ў даным тэксьце яшчэ і на кароткае асьвятленьне “цемры няведаньня”, хаця б па пэўных прынцыповых пытаньнях.

Вось некалькі прынцыпаў, веды пра якія мусяць прысутнічаць у сьветаглядзе кожнага шчырага стваральніка.

2.2.2. На пачатак заўважым, што ўсе пытаньні, зь якімі мы зьвяртаемся да рэчаіснасьці, варта падзяліць на дзве групы. Да першай належаць, напрыклад, такія пытаньні як: што? дзе? калі? як? колькі? Яны датычаць збольшага фармальных праблем людскага побыту, скіраваны ў мінулае ці наш час. У большасьці выпадкаў даныя пытаньні зьяўляюцца сацыяльна і асабіста бяскрыўднымі (напрыклад, перадача “Што? Дзе? Калі?” існавала яшчэ ў савецкі час).

Іншую якасьць дэманструе пытаньне: чаму? Гэтае пытаньне значна больш зьмястоўнае, бо датычыць прычынаў ды механізмаў нечага. Калі чалавек задае гэтае пытаньне ў дачыненьні да грамадскай рэчаіснасьці, ён часта можа “адкрыць” для сябе, што “наступіў на чыйсьці мазоль”… (напрыклад: “чаму вы плаціце яму значна больш, чым мне за такую ж працу?”,  “чаму ФРС ЗША, якая друкуе даляры, зьяўляецца не дзяржаўным, а прыватным банкам?”).

Самым жа высокаўзроўневым зьяўляецца пытаньне: навошта? Адказ на яго зьвязаны са знаходжаньнем вышэйшых сэнсаў існаваньня чаго заўгодна – ад жыцьця чалавека (“навошта я жыву?”) да зьместу і сэнсу існаваньня дзяржавы, людскай цывілізацыі, усяго Сусьвету (“навошта ўсё гэта?”). Справа ў тым, што імкненьне да сапраўды прагрэсіўнага разьвіцьця (ці хаця б наяўнасьць такой магчымасьці) – гэта тое адзінае, што надае сэнс існаваньню любога з названых аб’ектаў.

Таму давайце падумаем і пра “зялёнае сьвятло”.

2.2.3. Пачнем з пытаньня: Як адрозьніць прагрэсіўнае разьвіцьцё ад любых іншых кірункаў зьмены сістэмы? (бо, напрыклад, лібералы кажуць пра зьмены, а не пра прагрэс) Якія арыентыры можна ўзяць, каб пры гэтым не нарабіць памылак пад час рэалізацыі нашага такога жаданьня? Ці ёсьць для гэтага хаця б нейкія прыклады-арыентыры?

Такімі прыкладамі-падказчыкамі могуць быць любыя складаныя шматузроўневыя сістэмы, якія маюць за сабой вялікі досьвед ў вырашэньні данага пытаньня і таму ўжо даўным даўно “знайшлі” набор прынцыпаў, падпарадкаваньне якім забясьпечвае іх устойлівае прагрэсіўнае разьвіцьцё.

Возьмем для прыкладу тую ж біясьферу, якая, як сцьвярджаюць навукоўцы, увесь час разьвіваецца, дзякуючы найперш таму, што перадавыя віды сярод набору з чатырох магчымых кірункаў зьмен (прагрэсіўнага разьвіцьця, кансерватыўнага шляху, дэградацыйнага і сьпецыялізацыі) заўсёды “абіраюць” (так у выніку аказваецца)… прагрэсіўны кірунак. Так, калісьці жывыя арганізмы былі толькі аднаклеткавымі – пазьней зьявіліся шматклеткавыя; ня ўмелі арганізмы жыць на сушы – “навучыліся”; не маглі жыць у холадзе – таксама “навучыліся”; не маглі лятаць – “сталі” лятаць; маглі жыць толькі каля вады – “навучыліся” жыць на сушы, нават у пустынях (прычым, бывае так, што за ўсё жыцьцё ні разу ня бачаць і кроплі вады); і г.д. У выніку адзначанага ў біясьферы Зямлі ўвесь час зьяўляюцца такія біялагічныя віды, якія маюць усё большыя і большыя функцыянальныя магчымасьці, якія да таго не існавалі… У выніку біясьфера і пашыраецца, і ўзровень яе арганізацыі падвышаецца. Так выяўляе сябе яе прагрэсіўнае разьвіцьцё.

Яшчэ жывая прырода падказвае нам, што ва ўмовах выбару “паміж рознымі кірункамі разьвіцьця” да прагрэсу вядзе… як правіла, адзін.

У нашай прыродзе гэты прынцып добра назіраць на прыкладзе росту сасны (гл. фоты ў пачатку). Калі яна маленькая, на яе макушцы бачныя адросткі, якія вырасьлі за апошняе лета (іх звычайна ад 4 да 20). Некаторыя зь іх накіраваны строга ўверх ці амаль уверх. Калі да таго самага дрэва падысьці праз шмат гадоў, лёгка заўважыць, што толькі адзін з адросткаў, якія раней былі на макушцы, ператварыўся ў фрагмент ствала, а іншыя, пасьля таго, як парасьлі яшчэ некалькі гадоў, засохлі і… адваліліся. Фрагментам жа ствала стаў толькі цэнтральны адростак, які быў накіраваны строга ўверх. Аказалася, што толькі ён ператварыўся ў “аснову будучыні”, а іншыя, як высьветлілася, выконвалі “ў гісторыі” ў асноўным ролю “антуражу”…

Адзначаная сітуацыя метафарычна сьведчыць: шанцы трапіць у будучыню маюць толькі тыя, хто імкнецца ў максімальнай ступені адпавядаць аб’ектыўна існуючаму прагрэсіўнаму кірунку разьвіцьця сістэмы.

Таму прапануем узяць мадэль росту сасны ў якасьці ўзора і адначасна сімвала для праектаваньня нашай будучыні.

2.2.4. У выніку таго, што продкі чалавека пасьлядоўна “ішлі” бліжэй за іншых да прагрэсіўнага кірунку разьвіцьця біясьферы (так аб’ектыўна сталася), зьявіўся і сам чалавек. Ён, у адрозьненьне ад любога іншага біялагічнага віду, пачаў ствараць сваю ўласную штучную “біясьферу” (людскую цывілізацыю з яе тэхнасьферай) за кошт унікальнай здольнасьці – забясьпечваць тэхналагічны прагрэс. На гэтым шляху мы – людзі – ужо дасягнулі грандыёзных посьпехаў (ад вырабу першых завостраных камянёў, якімі завастралі драўляныя кіі, ды ўменьня падтрымліваць агонь – да стварэньня Інтэрнэту, штучнага інтэлекту і будучага адкрыцьця жывых бактэрый на Марсе ды іншых целах Сонечнай сістэмы). Аднак, мы ж пацярпелі і многія паразы – напрыклад, зьнішчэньне лясоў, забруджанасьць Зямлі (пра што было вышэй).

Для чалавецтва таксама характэрны і гуманістычны прагрэс. Гэта –падвышэньне ступені ўладкаванасьці ва ўзаемадачыненьнях паміж асобнымі людзьмі, паміж іх сацыяльнымі групамі (у т.л. народамі), паміж усёй людскай цывілізацыяй і біясьферай.

Аднак гуманістычнаму прагрэсу, у адрозьненьне ад тэхналагічнага, перашкаджаюць самыя розныя соцыяпаразітныя сілы. Так адбываецца таму, што апошнія жыруюць на несправядлівасьці, на сквапным прысабечваньні прыродных рэсурсаў, іншых варыянтах неўладкаванасьці міжлюдскіх дачыненьняў. З-за гэтага гуманістычны прагрэс адстае ад тэхналагічнага (напрыклад, бяспашпартнае калгаснае рабства было ў СССР яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму – у час, калі ў касьмічную прастору паляцелі першыя касманаўты). Між тым, разрыву паміж двума варыянтамі прагрэсу не павінна быць, бо ўзьнікае эфект “малпы з ядзернай бомбай”, які зьяўляецца адной з самых галоўных пагроз людскай цывілізацыі! Даны перакос трэба неадкладна выпраўляць. Мы, людзі, мусім тэрмінова “падцягнуць” у прагрэсіўным кірунку ўзровень нашай гуманістычнай уладкаванасьці

2.2.5. Прагрэсіўнае самаразьвіцьцё любой сістэмы – гэта ня столькі ўскладненьне яе арганізацыі (так спачатку можа ўяўляцца, бо дэградацыя – гэта заўсёды спрашчэньне), колькі яе ўдасканаленьне, якое можа быць дасягнута нават праз пэўнае спрашчэньне. Яно адбываецца за кошт множаньня элементаў сістэмы, іх дыферэнцыяцыі (сьпецыялізацыі) ды наступнай інтэграцыі (зьвернем увагу, сапраўднай інтэграцыі без папярэдняй дыферэнцыяцыі ня можа быць у прынцыпе; калі пра такую “інтэграцыю” ідзе гаворка – як, напрыклад, пра “інтэграцыю” Беларусі й Расеі – гэта будзе не інтэграцыя, здольная забясьпечыць інтэнсіўны працэс разьвіцьця, скіраваны ўверх, а ўсяго толькі банальнае гарызантальнае, экстэнсіўна-экспансіўнае павелічэньне памераў, распаўзаньне. Апошняе будзе суправаджацца складаньнем недахопаў, што ня будзе мець ніякага дачыненьня да сапраўднага прагрэсу).

Роля розных аб’ектаў у ходзе інтэграваньня ў адзіную сістэму можа адрозьнівацца.  Больш дасканалыя аб’екты, паўсталыя ў выніку структурна-функцыянальнага прагрэсу, калі яны пачынаюць аб’ядноўвацца з ранейшымі элементамі ў адзіную сістэму, выконваюць у ёй кіруючую ролю (на малюнку злева апошняя пазначана стрэлкай зь лічбай 2). Іх задача – вызначаць далейшы кірунак руху ўсёй гэтай сістэмы. Старыя, менш дасканалыя, выконваюць ролю, якую можна назваць базавай (пазначана стрэлкай зь лічбай 1). Без базавага кампанента ўся сістэма, у т.л. яе кіруючы кампанент, існаваць ня могуць.

Так, людзі ў даступным ім аб’ёме кіруюць біялагічным, хімічным, фізічным, а не наадварот; жывая клетка вызначае, якія хімічныя працэсы ў ёй павінны ісьці, а якія не; ваенначальнікі вызначаюць, калі войску наступаць і калі бараніцца, а не шэрагоўцы. У той жа час не было б людзей, калі б не існавала Зямлі й усіх аб’ектаў і зьяў на ёй; не было б клеткі, калі б не маглі адбывацца хімічныя ператварэньні ўнутры яе; не бывае войска (і камандзіраў у ім) без шэрагоўцаў…

З паданага вынікае, што існаваньне любой сістэмы, яе лёс залежыць ад абодвух кампанентаў – і ад базавага, і ад кіруючага. Яны аднолькава важныя (таму часта пытаньне: хто важней? – зьяўляецца недарэчным).

На іншым прыкладзе зьвернем увагу на яшчэ адзін асьпект узаемадзеньня вышэйшага і базавага. Уявіце сабе, што вы апынуліся ў ратаўнічай лодцы, але бяз вёслаў, недзе ў моры-акіяне. У вас ёсьць толькі невялікі запас вады і ежы. Што вы маглі б жадаць, каб у вас было яшчэ? Вядома, найперш вёслы (ці матор), каб мець магчымасьць актыўна рухацца. А затым? Компас, каб мець магчымасьць устойліва рухацца ў абраным кірунку. А яшчэ? Прыборы і мапу, якія б дазволілі вам вызначыць вашае месца знаходжаньня і месца, куды лепш за ўсё плыць – мэту вашага самастойнага руху. Калі ж у вас зьявіцца толькі мапа з компасам (без матора), то гэта ня будзе мець сэнсу. Такім чынам, вышэйшы ўзровень арганізацыі, які зьвязаны з магчымасьцю плыць у кірунку лепшай мэты, уключае ў сябе ўсе папярэднія, больш базавыя ўзроўні арганізацыі – і магчымасьць устойліва рухацца ў абраным кірунку, і магчымасьць проста самастойна рухацца, і ўвогуле сваё біялагічнае існаваньне.

Таксама, калі мы гаворым пра тое, што мы выступаем за гуманістычны прагрэс беларускага народу і ўсёй людскай цывілізацыі, гэта адначасна азначае, што мы выступаем і за паляпшэньне матэрыяльных умоў жыцьця людзей, і за захаваньне ўсяго лепшага, што назапасіла чалавецтва і наш народ за гісторыю сваёй культурнай эвалюцыі, і проста за нашу прысутнасьць у будучыні.

Такім чынам, калі прысутнічае больш высокі ўзровень арганізацыі, ён па змаўчаньні ўжо аўтаматычна ўключае ўсе папярэднія, больш базавыя ўзроўні і сьпецыялізуецца на вызначэньні кірунку рэалізацыі іх прызначэньня.

Апошняе істотна павялічвае сэнс існаваньня базавых элементаў.

2.2.6. У сучаснай фізіцы навукоўцы ў якасьці адной з галоўных задач вылучаюць неабходнасьць тэарэтычна зьвязаць асноўныя ўласьцівасьці элементарных часьцінак з галоўнымі ўласьцівасьцямі Сусьвету. Так і ў нашым выпадку вырашэньне праблемы гуманістычнага разьвіцьця людскай цывілізацыі мусіць нацэльвацца на гарманізацыю суадносін яе вышэйшых мэт з інтарэсамі кожнага стваральна арыентаванага чалавека (што надае апошняму, як адзначана вышэй, дадатковы сэнс яго існаваньня). Як можа выглядаць такая гарманізацыя?

Прынцып падпарадкаванасьці нашай цывілізацыі прагрэсіўнаму кірунку разьвіцьця (зь якім, нагадаем яшчэ раз, зьвязаны сэнс яе існаваньня) патрабуе, каб яе існаваньне нацэльвалася на мэту: станавіцца з часам усё больш “экалагічнай”, справядлівай, культурнай, разнастайнай, багатай, прыгожай і г.д. – такой, якую было б ня сорамна паказваць нават пасланцам іншых цывілізацый (уявім, што такія ёсьць). У той ступені, у якой апісанае відавочна, у такой ступені гэта той варыянт удзелу ў разьвіцьці людскай цывілізацыі, які мы абіраем і прапануем абіраць іншым.

Чалавек – частка больш маштабных і высокаўзроўневых сістэм, такіх, напрыклад, як яго сям’я, яго народ, дзяржава. У сваю чаргу, апошнія зьяўляюцца часткай агульналюдскай цывілізацыі, а тая – часткай усяго жывога на Зямлі, а далей – сама Зямля (зь яе біясьферай і тэхнасьферай) – часткай Сусьвету. У межах названых аб’ектаў ёсьць адзін найістотны закон: мэты існаваньня сістэм большага маштабу зьяўляюцца больш важкімі, высокаўзроўневымі, чым мэты існаваньня сістэм меншага маштабу, якія зьяўляюцца часткамі першых. Адсюль і вынікае канкрэтная парада, датычная чалавека: яго вышэйшыя каштоўнасьці, каб быць рэалізаванымі ў якасьці такіх, мусяць арыентавацца на мэты сістэм большага ўзроўню, да якіх ён належыць – мэты яго народу, нацыянальнай дзяржавы, усёй людскай цывілізацыі.

Для ўсіх прыстойных людзей паданае – рэч зразумелая. І звычайна адразу прымаецца…

Дадаткова названы прынцып дапамагае разабрацца з наўмысна заблытанай сітуацыяй вакол вышэйшых каштоўнасьцяў чалавека. Так, у якасьці “вышэйшых цывілізацыйных каштоўнасьцяў” сёньня нярэдка называюцца… “свабода і правы чалавека”. Аднак, калі даводзіцца непасрэдна сустракацца з прапагандыстамі падобных поглядаў, высьвятляецца, што яны ня могуць адказаць (!) на, напрыклад, наступныя пытаньні: як суадносяцца правы чалавека і правы народу, да якога ён належыць? як суадносяцца паміж сабой “свабода чалавека для стварэньня” і “свабода ад маралі, этыкі, праўды”? ці ўключае паняцьце “свабода СМІ” свабоду маніпуляваць людзьмі, хлусіць і г.д.? ці бывае свабода свабоднай ад адказнасьці? як ставіцца да тых, хто імкнецца расшчапіць свабоду, каб узяць сабе толькі свабоду, а адказнасьць зваліць на іншых? І г.д.

Адказаць на падобныя пытаньні на самай справе проста, калі арыентавацца на сфармуляваны вышэй прынцып. Мы ня будзем цяпер закранаць дэталі, адразу скажам вынік: вышэйшая каштоўнасьць чалавека – гэта самарэалізацыя сябе ў стваральнай дзейнасьці (базавае), нацэленая на ўдзел у прагрэсіўным разьвіцьці людскай цывілізацыі (вышэйшае). Толькі так можа адбыцца гарманічнае спалучэньне аб’ектыўных інтарэсаў кожнага чалавека, яго вышэйшых каштоўнасьцяў з вышэйшай мэтай людскай цывілізацыі – практычна бясконцае існаваньне, бяскрызіснае, прагрэсіўнае разьвіцьцё.

Людская “свабода для…” ёсьць умова, неабходная для зьдзяйсьненьня адзначанага. Мы за такую свабоду.

2.2.7. Многія могуць заявіць, што паданае вышэй ёсьць ня больш, чым утапічныя прыцыпы, якія мала што значаць для рэальнага жыцьця. Таму далей “кладзем на стол наступны пазл”: канкрэтную працу па гарманізацыі вышэйшых каштоўнасьцяў чалавека з мэтай існаваньня людскай цывілізацыі магчыма выканаць толькі праз яе выкананьне на ўзроўні асобных дзяржаў.

Нацыянальная дзяржава – вось тое вязьмо, якое здольна забясьпечыць практычнае вырашэньне праблемы сувязі паміж інтарэсамі асобнага чалавека і ўсёй людскай цывілізацыі. Магчыма, у гэтым і заключаецца яе – нацыянальнай дзяржавы – вышэйшае прызначэньне…

2.2.8. Такім чынам, падсумоўваючы, прапануем улічваць наступныя ўніверсальныя палажэньні:

– разьвіцьцё любой сістэмы (чалавек, дзяржава, цывілізацыя) – гэта рух у кірунку падвышэньня ўзроўню яе арганізацыі, рух, нацэлены на больш высокую мэту;

– існаваньне ўсёй сістэмы ў цэлым (а таксама яе мэты, правы, інтарэсы) вышэй, важней за існаваньне любой яе часткі;

– любая сістэма разьвіваецца, дзякуючы ўзаемадзеяньню дзьвюх зьяў – нарастаньню ўнутранай дыферэнцыяцыі (сьпецыялізацыі) і ўдасканаленьню інтэграцыі паміж імі;

– сілай, якая забясьпечвае аб’яднаньне частак ў адзіную сістэму, зьяўляецца іх падпарадкаваньне той вышэйшай мэце, для якой прызначаецца існаваньне ўсёй сістэмы. Ад гэтай мэты будуецца ўся сукупнасьць законаў існаваньня і разьвіцьця адпаведнай сістэмы.

 

 

10 каментарыяў

  1. Рэдакцыя кажа:

    А вось і прывітаньне Сярхею – https://www.youtube.com/watch?v=uqwO-1_PIGU

  2. Павел Біч кажа:

    Ганьба сп.Астроўскі!

    • Рэдакцыя кажа:

      Спадару Вялікаму Бічу, Слава! Слава! Слава!

    • Andrei кажа:

      Відэа хоць трохі паказвае пра стан “дэмакратыі” ці Эўропе. Гэтая фэйкпапя пандэмія выявіла крымінальны характар усіх так званых эліт па ўсім свеце (няма вынятку). Насамрэч гэта толькі дробінка інфармацый наконт таго што адбываецца вакол так званай пандэміі па ўсім свеце. Так у чым тут ганьба?

  3. Павел Біч кажа:

    Сп. Андрей. “ганьба” “вылезла” з таго што я крышачку пакрытыкаваў сп. Астроўскага (не сутнасці яго матэрыяла. а па яго паводзінам як рэдактара). а ён гэтага не вытрымаў і мой камент з крытыкай выдаліў. А што значыць вашая фраза “…пра стан дэмакратыі ці Эўропе”?. Няўжо депрессія пасля паразы дайшла да таго ўзроўня што блогеры ужо не могуць ясна выкласці свае думкі?. А наконт пандэміі я прасіў медікаў і Шчагельскага і Астроўскага выказацца што яны думаюць аб вызначэнні пандэміі якую даюць ёй містыкі… Абодва уйшлі ад адказу. Праўда. да Першага мае патанне магло і не дайсці. якшто ён мае каменты (як лібераст-рацыяналіст) прынцыпова не чытае. Баюся, што нарцыцызм ёсць агідная частка беларускага менталітета..

    • валянцин кажа:

      вашамосьць у “крытыцы” рэдакцыи гэтага сайту и асабиста сп. Астроускага дауно пераплюнула верхнюю мяжу нарцысизму и здаровага сэнсу ….

  4. Siarhiej кажа:

    1. Для агульнага разумення што адбываецца: https://www.forbes.com/billionaires/
    Большасць гэтых міл’ярдэраў свае грошы зарабілі з выплатай падаткаў (РФ – выключэнне, з Кітаем не ўсё зразумела). Яны выпусцілі акцыі, людзі іх купілі, то бок інвеставалі свае грошы ў карпарацыі. Так працуе ліберальна-дэмакратычны капіталізм.
    Здзіўляе, што форбс не мае (ці не дае) інфы пра Абнулёнага, 3%-га і ім падобных, якія не зарабілі, а скралі. Абнулёны “важыць” 200 міл’ярдаў і мусіць займаць 1-е месца ў спісе.
    2. Што да тэксту артыкула: нажаль, прагрэс/рэгрэс у прыроде і соцыюме адбываецца праз крызісы, а не толькі праз лінейную эвалюцыю, магчыма 50/50.

  5. Siarhiej кажа:

    3. Ідэю стварэння Агульнай глабальнай базавай ідэалогіі (светапогляда) падтрымліваю.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы