nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ЭЛІТА І БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ. Частка І (кБНІ)

17 чэрвеня, 2007 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі

��.GIF

Гэты артыкул быў пададзены ня толькі ў матэрыялах канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя”, але і пад назвай “Эліта і маса” быў надрукаваны ў №№58-61 газеты “Пагоня” за 1999 год.

Рэдакцыя.

На Беларусі склалася выразна анамальная сітуацыя. Беларускае грамадзтва жыве ў шызафрэнічным стане: падзеленымі зьяўляюцца мова, сымбалі, Канстытуцыя, заканадаўчая ўлада, кірункі інтэграцыі і грамадзкага разьвіцьця… Улада грамадзяніна А.Лукашэнкі трымаецца на сіле і не мае міжнародна прызнаных прыкмет легітымнасьці. Але галоўная праява анамальнага стану ў тым, што парушаны асноўны прынцып сацыяльнай справядлівасьці: у грамадзтве адсутнічае сувязь паміж дабрабытам асобнага чалавека і яго рэальным укладам у разьвіцьцё грамадзтва. Нізкі матэрыяльны, культурны і духоўны ўзровень, страта сэнсу жыцьця, страх і іншыя негатыўныя сацыяльныя зьявы – сьледства парушэньня ў першую чаргу гэтага прынцыпу.

Да нашага гонару, на Беларусі аказалася шмат людзей, якія ўзяліся лячыць наш сацыяльны арганізм. Першапачаткова здавалася, што гэта не складана, што пасьля прымяненьня таго ці іншага “леку” вось-вось пачнецца ачуньваньне. Але гэтае меркаваньне аказалася памылковым. Стала відавочным, што “выпадак” складаны, што зь ім трэба спецыяльна разьбірацца, што патрэбныя сапраўдныя веды пра соцыюм, якія “савецкая” адукацыя не давала. Значна лепшае разуменьне таго, што адбываецца, даюць працы такіх філёзафаў і псыхолягаў, як Фром, Фрэйд, Ле Бон, Артэга і Гасэт, Масковічы, Райх, Сарокін, Юнг, Дольнік, зь беларускіх – Падгол.

Мэта гэтага артыкула – прадэманстраваць, што сацыяльнай групай, якая здольная зрабіць найбольшы ўнёсак у нармалізацыю жыцьця беларускага грамадзтва, зьяўляецца арганізаваная беларуская нацыянальная эліта.

1. Аб’ектыўнасьць вылучэньня масы

1.1. “Класічная” ці альтэрнатыўная сацыялёгія?

У “класічнай” (вядомай нам) сацыялёгіі прынята дзяліць грамадзтва на класы. Калі разьвіць гэты падыход, дык у беларускім грамадзтве можна вылучыць ня толькі рабочых, сялян, інтэлігенцыю, а і прадпрымальнікаў, дзяржаўных службоўцаў, пэнсыянераў, студэнцтва, крыміналітэт, сацыяльную групу з псыхалёгіяй хатняй гаспадыні…

Але ж альтэрнатыўная сацыялёгія сьцьвярджае, што, калі мы адыходзім ад сваёй прафесійнай дзейнасьці (нават на перапынак для абеду) і апынаемся ў чэргах, на лавачцы перад пад’ездам, у натоўпе, сям’і, мы ў значнай ступені перастаем быць прадстаўнікамі адпаведнай сацыяльнай групы, перастаем выяўляць яе інтарэсы і стаем элемэнтам таго, у што мы аказаліся ўключаны – часьцінкай чаргі, натоўпу, сям’і, тых, хто сабраўся пасядзець на лавачцы.

Аказваецца, у пэўных сітуацыях эфэктыўней разглядаць соцыюм як спалучнасьць менавіта такіх сістэм, якія ўсе разам многія аўтары завуць масай. Ва ўмовах масы чалавек – як яе часьцінка – паводзіць сябе (“разважае”, рэагуе) зусім інакш у параўнаньні з тым, як ён паводзіць сябе, калі аказваецца адзін, у спакойнай абстаноўцы, калі ён вымушаны нешта самастойна рабіць ці калі аказваецца сярод прадстаўнікоў сваёй “класы”, сваёй сацыяльнай групы. Таму, каб разабрацца ў прычынах паводзін людзей у сітуацыях, якія маюць лёсавызначальнае значэньне, большасьць зь пералічаных вышэй аўтараў прапануе вывучаць псыхіку не асобнага, “спакойнага” чалавека, а псыхалёгію людзкіх масаў.

У гэтым месцы лічу неабходным удакладніць. На мой погляд, для практычна-палітычных мэтаў яшчэ больш карысна разьвіваць псыхалёгію соцыюму ня як псыхалёгію масаў, а як псіхалёгію індывіда ў масе, а яшчэ дакладней, як псыхалёгію індывіда ў асяродзьдзі соцыюму ў стане напружаньня, узбуджэньня, няпэўнасьці, трывогі. Асноўнай прычынай такога стану грамадзтва зьяўляецца прадчуваньне-чаканьне перамен да магчымага горшага. Гэты стан можа быць кароткатэрміновым (напрыклад, на час выбараў) і доўгатэрміновым (напрыклад, хранічнае напружаньне, няпэўнасьць, узбуджэньне – іначай, своеасаблівы хранічны сацыяльны стрэс, у якім знаходзіцца наша беларускае грамадзтва сёньня). “Масавасьць” соцыюму зьяўляецца, на маю думку, сьледствам такога яго “псыхічнага стану”, а не прычынай.

Праўда, ня варта адкідаць і той факт, што, калі зьбіраецца натоўп, ён аўтаматычна пачынае паводзіць сябе, як устрывожана-застрэсаваны соцыюм.

1.2. Асноўная мяжа падзелу.

Для таго, каб зафіксаваць асноўны прынцып анатамаваньня соцыюму, прапаную ў сваім уяўленьні зрабіць наступнае “дасьледаваньне”.

Уявім, што на выпадкова абранага прадстаўніка напружана-ўзбуджана-няпэўнага масавага соцыюму паўзьдзейнічала 100 выдатных прамоўцаў. Тэма іх звароту – “Колькі будзе двойчы два?”. 99 прамоўцаў даводзілі, што двойчы два – гэта 5, а адзін – што 4. Калі пасьля такога ўзьдзеяньня ў гэтага прадстаўніка соцыюму запытацца: “Колькі ж будзе двойчы два?”, можаце быць упэўненымі ў найбольшай верагоднасьці яго адказу, што – 5.

Калі гэты прыклад здаецца вам нерэалістычным, нагадаю некалькі фактаў з нашай рэчаіснасьці.

“Великий русский полководец” Сувораў з дапамогай прафэсыйнага, вымуштраванага войска, заснаванага на палачнай дысцыпліне, за сваё жыцьцё ня раз надзвычай жорстка душыў народныя паўстаньні г.зн. выступы людзей, у якіх скончылася цярпеньне, але якія мелі слабае ўзбраеньне і былі абсалютнымі аматарамі ў вайсковай справе. Дарэчы будзе ўзгадаць, што сярод паўстанцаў былі і нашыя не такія ўжо далёкія продкі. Акрамя таго, нашыя землі і продкі потым, пасьля здушэньня паўстаньняў служылі “падарункам” Сувораву ад Кацярыны ІІ “за добрую службу”. Толькі аднойчы “вялікаму палкаводцу” давялося ўсур’ёз сутыкнуцца зь іншым прафэсыйным войскам. У выніку, каб ратаваць сваю скуру, ён вымушаны быў драпаць аж праз Альпійскія горы. Нягледзячы на гэтыя ўсім вядомыя ганебныя факты, шмат хто ў Беларусі да гэтай пары лічыць Суворава не крывавым паслугачом каля царскага трону, а “действительно великим полководцем”. На Беларусі яму пастаўлены помнікі, дзейнічае музэй і вайсковая вучэльня яго імя (?!).

Другі прыклад. 1994-96 гады. Чачня-Ічкерыя. Ідзе масаванае бамбардаваньне мірных кварталаў Грознага. Ушчэнт разбураецца жыльлё і вынік шматгадовай працы тысячаў людзей. Але самае галоўнае – гінуць і калечацца тысячы мірных людзей, адзіная віна якіх у тым, што яны хацелі быць самастойнымі і свабоднымі, хацелі жыць так, як і павінны жыць нармальныя людзі. Уявіце. Горы трупаў мірных грамадзян – старых, жанчын, дзяцей… Сотні людзей з адарванымі рукамі і нагамі. А далей уявіце тое, што і павінна было адбыцца. Тысячы гордых горцаў клянуцца адпомсьціць імпэрыі і яе кіраўнікам за Пекла, сьвядома зробленае “людзкімі” істотамі. Затым былі гады эканамічнай, палітычнай і інфармацыйнай ізаляцыі Ічкерыі, разьлічанай на тое, што чачэнскі народ скарыцца. І вось сёньняшні 1999 год. Масква, Валгадонск. Невядома кім (!) зроблены падрывы жылых будынкаў. Загінулі людзі. Пад гэтым прэтэкстам расейскае кіраўніцтва зноў з паветра загадвае зьнішчаць нафтаперапрацоўчы комплекс Ічкерыі (?), яе інфармацыйную інфраструктуру (?), дамы мірных грамадзян. І вось на фоне гэтых усім вядомых фактаў (!), пераважная большасьць жыхароў Расеі і значная частка жыхароў Беларусі вінаватымі ў ахапіўшым іх страху лічаць не кіраўнікоў сваіх краін, не рэалізатараў і паслугачоў імпэрска-каланіяльнай ідэалёгіі, а чачэнскі народ (?!).

А вось яшчэ адзін факт. Сёньняшні дзень. У Расеі развал, тэрарызм, разгул злачыннасьці і карупцыі, ня плоцяць заробкаў і пэнсый, жыцьцёвы ўзровень набліжаецца да мяжы выжываньня, а грамадзтва – калі не да грамадзянскай вайны, дык да надзвычайнага становішча. На Захадзе стабільнасьць, высокі ўзровень жыцьця, індывідуальнай свабоды і годнасьці. Аднак значная доля грамадзян Беларусі сьвядома абірае інтэграцыю з Расеяй і разрыў з Захадам як сродак паляпшэньня свайго жыцьця (?!).

Такіх прыкладаў, на падстве кожнага зь якіх можна было б зрабіць асобны фільм жахаў, прыкладаў, якія дэманструюць сюррэалістычную і жудасную скажонасьць нашага жыцьця, можна было б прыводзіць дзясяткі…

Але вернемся да існасьці.

Доўгі час было незразумелым: чаму ў масу можна так лёгка ўводзіць ілюзіі, чаму яе так лёгка “гіпнатызаваць”? Мала таго: чаму часта пасьля пазбаўленьня ад адных ілюзій людзі самі адразу ж імкнуцца набыць новыя? У чым прычыны іх такіх дзіўных паводзін?

Аказваецца, што большасьць людзей у ахарактарызаваных вышэй абставінах узбуджэньня, напружаньня, няпэўнасьці розумам (іначай – рацыянальнай часткай сваёй псыхікі) не карыстаецца, паводзячы сябе ірацыянальна. Большасьць людзей не думае, а верыць (!), тым больш у крытычных умовах. Звычайна людзі проста пільна прыслухоўваюцца да свайго асяродзьдзя і некрытычна прымаюць тое, што таксама некрытычна “лічыць” большасьць. Тым лягчэй прымаюць, чым колькасна большая акаляючая іх людзкая маса. Часьцей за ўсё людзі думаюць, гавораць, паводзяць сябе так, “як трэба думаць, гаварыць, паводзіць”, г.зн. як думае і паводзіць сябе асяродзьдзе. У іх падсьвядомасьці толькі адна задача – высьветліць пазыцыю большасьці і прыстасавацца да яе. Праўда іх не цікавіць. Даводзіць ім што-небудзь рацыянальна, з дапамогай фактаў бессэнсоўна.

Вось гэты падзел на тых, хто і ў крытычных сітуацыях здольны карыстацца розумам (такіх меншасьць), і тых, хто карыстаецца “меркаваньнем асяродзьдзя” (большасьць), на маю думку, зьяўляецца асновай анатоміі соцыюму. Грамадзтва аб’ектыўна падзяляецца на тых, хто, ведаючы, што большасьць бывае бяз рацыі, схільныя паводзіць сябе пераважна рацыянальна ў розных сытуацыях (з кібэрнэтычных пазіцый – гэта суб’екты, кіраўнікі, здольныя кіраваць хаця б самі сабой), і на тых, хто настроеныя паводзіць сябе, як кіраваныя (іначай – аб’екты, якія падпарадкоўваюцца).

Гэты падзел на суб’ектаў-рацыяналістаў ды кіраваных аб’ектаў-ірацыяналістаў распаўсюджваецца на ўсё жыцьцё. “Савецкія людзі” з-за неразьвітасьці рацыянальнага ня здольныя адрозьніць існасьці людзкога жыцьця (іначай – жыцьцёвага прызначэньня чалавека, сэнсу яго жыцьця) ад формы (іначай – матэрыяльнага забесьпячэньня жыцьця), ня здольныя зразумець, што правільна жыць – гэта значыць жыць у адпаведнасьці са сваім жыцьцёвым прызначэньнем. Успрымаючы сэнс жыцьця чалавека як жыцьцезабесьпячэньне, яны звычайна зацягваюцца ў вір побыту, жывуць жыцьцямі іншых людзей, чым выразна абмяжоўваюць свае патэнцыйныя людзкія магчымасьці. Яны так робяць, хочуць рабіць, ня могуць не рабіць. Здаецца, іх можна толькі пашкадаваць…

З другога боку, быць суб’ектам жыцьця і цяжка, і адказна. Таму, абіраючы лёс “аб’екта”, “савецкія людзі”, магчыма, проста вырашаюць уцячы ад адказнасьці, імкнуцца быць “хітрэйшымі за іншых”. Але ж, знаходзячыся ў гэтай ролі, яны праз “дэмакратычныя” выбарчыя працэдуры часта вырашальна ўплываюць на лёс іншых людзей (у тым ліку суб’ектаў-рацыяналістаў) і на ўсё грамадзтва. Тады выходзіць, што за такую “хітрасьць” іх трэба дакараць. Таму стаўленьне да “саўковай псыхалёгіі” і саміх “саўкоў” лепш вызначаць дыялектыкай шкадаваньня-дакараньня.

Як бы там ні было, быць суб’ектам – гэта значыць абраць стратэгію свабоды, адказнасьці ды пераўтварэньня жыцьця. Быць аб’ектам – гэта абраць стратэгію прыстасаваньня да жыцьця ды “ўцёкаў” ад адказнасьці за жыцьцё.

Тут, дарэчы, варта супакоіць тых, хто думае, што наш беларускі народ зусім “саўковы”, неразумны. Па зьвестках сацыёлагаў, ва ўсіх (!) краінах, нават самых цывілізаваных, тых, хто гатовы паводзіць сябе ірацыянальна, – пераважная большасьць. Галоўная прычына большай ці меншай “рацыянальнасьці” жыцьця сучасных грамадзтваў знаходзіцца не ў біялягічных асаблівасьцях іх індывідуумаў, а ў ступені цывілізаванасьці ўмоваў жыцьця. Такое меркаваньне лічыцца агульнапрынятай ісьцінай практычна ўсімі сучаснымі сацыёлагамі, псыхолагамі, філосафамі, мысьлярамі.

1.3. Структура псіхікі чалавека.

Каб больш дакладна зразумець прычыны тых ці іншых паводзін людзей, трэба ўважлівей прыглядзецца да таго, як арганізаваная псыхіка чалавека.

Прапаную прынцыповую схему псіхікі ў выглядзе класіфікацыі прычын рэакцый і паводзін людзей. Гэтая схема зьяўляецца мадыфікацыяй сьхемы П.Сарокіна (істотна ўдакладненай У.Падголам) і структуруе псыхіку чалавека на падставе наступных прынцыпаў:

– генетычна абумоўленага антафілягенэтычнага (фармаваньне псыхікі ў адпаведнасьці з гэтым прынцыпам ідзе зьнізу ўверх і дэманструе, у якой пасьлядоўнасьці адбываўся гэты працэс у антрапагенэзе і як ён адбываецца ў індывідуальным разьвіцьці);

– інфармацыйна-культурнага (у адпаведнасьці з гэтым прынцыпам інфармацыйнае запаўненьне псіхікі адбываецца нібы зьверху ўніз, “інстынктыўны каркас” псыхікі чалавека запаўняецца культурай адпаведнага сацыяльнага асяродзьдзя, якое, у сваю чаргу, увесь час эвалюцыянавала разам з эвалюцыяй псыхічных здольнасьцяў чалавека).

У псыхіцы чалавека варта вылучыць 4 узроўні, на якіх аб’ядноўваюцца 4 групы прычын тых ці іншых рэакцый і паводзін людзей (гл. малюнак 1).

�ал1.GIF

Першы, найбольш глыбінны ўзровень псыхікі, – гэта ўзровень біялагічна неўсьведамляльнага. На ім знаходзяцца “чыстыя” рэфлексы, інстынкты (комплексы ланцугова зьвязаных рэфлексаў), псіхічныя арыентацыі.

Паводзіны чалавека на падставе імпульсаў, якія паступаюць з гэтага ўзроўню, могуць быць ахарактарызаваныя выразамі: “ён так адрэагаваў”, “ёй так хочацца”, “яго цягне”. Так гавораць пра паводзіны чалавека, які атрымлівае пэўныя імпульсы знутры і пры гэтым ня здольны нават сказаць, што яму хочацца, не ўсьведамляе, што і чаму ён робіць.

Першы ўзровень псіхікі – гэта ўзровень рэфлекторна-інстынктыўнага жыцьця.

Калі псіхіка чалавека выяўленая толькі гэтым узроўнем, тады ён выступае як жывёліна ці як дзіця ва ўзросьце да 1 года, калі рэалізацыя яго жаданьняў адбываецца з дапамогай маці (калі ён яшчэ ня можа нават сказаць: “Я хачу”). У пэўных, найбольш экстрэмальных сітуацыях і дарослы нармальны чалавек можа невялікі час паводзіць сябе за кошт праяў функцыянаваньня гэтага ўзроўню. Так можа быць ацэнена рэакцыя чалавека, напрыклад, у момант спалоху.

Другі, больш высокі, – гэта ўзровень усьведамленьня свайго індывідуальнага біялягічнага існаваньня. На гэтым узроўні адбываецца ўсьведамленьне, асэнсаваньне і артыкуляваньне (вымаўленьне, прагаворваньне – унутранае і ўголас) тых пачуццяў і жаданняў, якія зьвязаныя з забесьпячэньнем свайго біялягічнага існаваньня ў гэты момант і ў будучыні (ежа, жыльлё, адпачынак, пакіданьне нашчадкаў). Характарызуецца словамі “я хачу”, “мне хочацца, мяне цягне” ці “я баюся” і г.д.

Прычыны паводзін чалавека, якія адпавядаюць гэтаму ўзроўню, аб’яднаныя каштоўнасьцямі яго ўласнага жыцьця і тымі каштоўнасьцямі сям’і, якія зьвязаныя са зьяўленьнем і гадаваньнем яго дзяцей. Страх, які існуе на гэтым узроўні, – гэта “жывёльны”страх страціць, ня здолець забясьпечыць, пагоршыць жыцьцё ўласнае і сваіх нашчадкаў.

Біялягічны сэнс усьведамленьня і прагаворваньня тых пачуцьцяў, якія зьвязаныя з гэтым узроўнем і выкліканыя інстынктамі першага ўзроўню, заключаецца ў тым, што павялічваецца ўстойлівасьць імкненьня да рэалізацыі адаведных пачуцьцяў і, у выніку, падвышаецца верагоднасьць іх рэалізацыі. Адсюль другі ўзровень псіхікі можна назваць аўтагіпнатычным.

Такім чынам, другі ўзровень псыхікі – гэта ўзровень індывідуальнага біялягічнага самавыжываньня.

Калі чалавек паводзіць сябе на падставе “парадаў” пераважна гэтага ўзроўню, ён адпавядае разьвіцьцю “гаворачай жывёліны” ці дзіцяці да 3-5 гадоў. У сям’і яго могуць характарызаваць як эгаіста, а ў калектыве – як індывідуаліста. Тое, што нармальны чалавек ва ўмовах пагрозы ў свой бок ці ў бок яго дзяцей будзе думаць у першую чаргу пра абарону жыцьця ды здароўя свайго і сваіх дзяцей, – абсалютна нармальна. Гэтую рэакцыю якраз і забясьпечвае гэты ўзровень псыхікі.

Трэці – гэта сацыяльна-гіпнатычны ўзровень. Гэта ўзровень тых каштоўнасьцяў, якія зьяўляюцца агульнымі для суседзяў, працоўнага калектыву, іншай “сваёй” сацыяльнай групы. Галоўнае імкненьне чалавека на гэтым узроўні – знайсьці “сваіх” і быць разам зь імі. Тут адчуваньне ўтульнасьці ад знаходжаньня “сярод сваіх”. Каштоўнасьці характарызуюцца праз словы “мы”, “наш”. Галоўны страх, які існуе на гэтым узроўні, – гэта страх ня быць прызнаным “сваёй” сацыяльнай групай за свайго (страх астракізму). На гэтым узроўні пужаюць іншыя “страхі”, абнадзейваюць і натхняюць веры, дзейнічаюць богі і паўбогі, грамадзкія ідалы і функцыянальна-сымбалічныя фігуры, гучаць ідэалягемы (формулы намаўленьня) і нават “лётаюць” цэлыя іх зграі – ідэалягемныя палі…

На трэцім узроўні адбываецца голасная артыкуляцыя пачуцьцяў, прычынай якіх зьяўляюцца інстынкты зноў жа першага ўзроўню, што ня толькі падвышае ўстойлівасьць фіксацыі таго ці іншага пачуцьця, але і мае інфармацыйнае значэньне для сацыяльнага асяродзьдзя, “настройвае” яго адпаведным чынам, фармуе яго. Гэта падвышае верагоднасьць рэалізацыі адпаведнага запатрабаваньня, пачуцьця і інстынкту, які яго выклікаў, ва ўмовах калектыўнага існаваньня чалавека. У гэтым біялягічны сэнс разгляданага ўзроўню псыхікі.

Чалавек зь пераважным у яго псыхіцы трэцім слоем увесь час пільна прыслухоўваецца да свайго асяродзьдзя, імкнучыся засвоіць тое, што ў адпаведнасьці з “модай масы” прынята казаць, і тое, як прынята сябе паводзіць. Маса для чалавека з развітым трэцім узроўнем псыхікі зьяўляецца гіпнатызёрам у літаральным значэньні гэтага тэрміна.

Прычына наяўнасьці гэтага ўзроўню – у статкавым, супольным, калектыўным існаваньні чалавека на працягу вельмі доўгага часу. Такім чынам, гэты ўзровень – узровень калектыўнага самавыжываньня.

Чалавек, выяўлены пераважна гэтым узроўнем псыхікі – “грамадзкая, здольная мысьліць напаўжывёліна”. Істотны паказчык зьяўленьня гэтага ўзроўню ў псіхіцы дзіцяці – фармаваньне ў яго ўсьведамленьня, што ёсьць нешта, чаго сярод іншых людзей рабіць нельга, г.зн. дзіця пачынае ўсьведамляць сябе часткай сацыяльнай групы. Зварот чалавека па дапамогу да іншых, імкненьне людзей аб’яднацца, каб разам вырашаць агульныя праблемы, – гэта нармальная рэакцыя людзей у складаны час. Для гэтага і прызначаны трэці ўзровень псіхікі.

Чацьверты ўзровень – гэта рацыянальны ўзровень. Тут прысутнічае галоўная каштоўнасьць – аб’ектыўная ісьціна, каштоўнасьць праўдзівых ведаў, імкненьне чалавека авалодаць імі, адэкватна зразумець аб’ектыўную рэчаіснасьць Сусьвету. Гэта ўзровень навуковых ведаў, пошуку аб’ектыўных ісьцін (як абстрактных, так і канкрэтных). Тут суб’ектыўныя ісьціны – не каштоўнасьць. Чалавек на гэтым узроўні выступае, як здольная мысьліць, творчая, валявая і, нярэдка, духоўная істота.

Калі мы характарызуем існасьць чалавека такога, які ён ёсьць, мы якраз указваем на наяўнасьць у яго менавіта гэтага, найвышэйшага ўзроўню псыхікі.

Гэты ўзровень псыхікі дазваляе вырвацца за межы рэалізацыі індывідуалісцкіх і калектывісцкіх біялягічных інстынктаў на прастор вонкавага (у дачыненьні да сябе і сваёй групы) асяродзьдзя, што дазваляе рэалізоўваць аддаленыя, стратэгічныя інтарэсы. Неабходнасьць іх рэалізацыі непасрэдна з інстынктаў не ўзьнікае, мала таго, нярэдка патрабуе пэўнага часовага пераадоленьня апошніх. Перарабіць асяродзьдзе (у тым ліку сацыяльнае), а не прыстасавацца да яго, быць суб’ектам свайго жыцьця, а не аб’ектам жыцьця чужога – вось тое, чым чалавек адрозьніваецца ад жывёліны і як здольная мысьліць, і як творчая, і як годная істота.

Нягледзячы на тое, што наша сёньняшняе штодзённае жыцьцё ў адпаведнасьці з 4-м узроўнем псыхікі часта патрабуе ня толькі мужнасьці, але і ахвяр (адзін з сымбаляў гэтай супярэчнасьці – Джардана Бруна), “быць разумным” на аддаленую пэрспэктыву стратэгічна выгадна.

Такім чынам, чацьверты ўзровень псыхікі – узровень розуму і жыцьця ў адпаведнасьці з сапраўдным прызначэньнем чалавека! [тут варта дадаць, што пададзеная сістэма псіхікі чалавека пазьней была аўтарам удасканалена і калі-небудзь будзе прадстаўлена на сайце. – Рэд.]

1.4. Псіхіка “звычайнага” чалавека ў трывожна-стрэсавым грамадзтве.

Пададзеная прынцыповая сьхема псыхікі чалавека адпавядае гісторыі эвалюцыйнага станаўленьня сучаснага чалавецтва. У біялёгіі ж вядомая заканамернасьць: чым структура ці функцыя эвалюцыйна маладзейшая, тым яна менш устойлівая да вонкавых узьдзеяньняў. Так, ва ўмовах асьфіксіі першай клеткавай тканкай арганізму чалавека, якая гіне, зьяўляецца кара галаўнога мозгу – самая “маладая” тканкавая структура. Яна часта незваротна гіне праз 5-10 хвілін пасьля спыненьня паступленьня кіслароду, тады як іншыя клеткавыя тканкі застаюцца жыцьцяздольнымі праз 2 і больш гадзін.

Так аказваецца і з псыхікай. Чацьверты ўзровень псіхікі чалавека зьяўляецца параўнальна “новым” і таму найменш устойлівым. У людзей ва ўмовах трывожна-стрэсавага стану грамадзтва “псыхіка” мае тэндэнцыю апускацца на больш надзейныя, ніжэйшыя слаі. У выніку ўзровень рэакцый “звычайных” людзей будзе набліжацца да 3-га ўзроўню ў параўнаньні з тым, як гэта было ў дастрэсавы, стабільны час. У выніку ўвесь соцыюм будзе станавіцца ўсё больш “калектывісцкім”, масавым, усё менш рацыянальным, усё больш залежным ад чутак, настрояў, ідэалягемных палёў, страхаў (якія адразу пачынаюць цыркуляваць у грамадзтве). Масавы мэнталітэт у застрэсаваным грамадзтве паводзіць сябе, нібы пясочная горка, якую, мадэлюючы землятрус, пачалі трэсьці: вяршыня абсыпаецца першай (гл. малюнак 1, эфект паказаны пункцірнай лініяй).

З усіх пачуцьцяў, якія ўзьнікаюць у звычайнага чалавека ў час сацыяльнага стрэсу, палітычна найбольш істотным зьяўляецца чаканьне зьяўленьня “выратавальніка-правадыра”. Такая рэакцыя выпрацавалася за доўгі час рода-пляменнага існаваньня чалавецтва. І, як усё натуральнае, яна безумоўна мае станоўчы сэнс, але… для тых старажытных умоваў. Калі соцыюм аб’ектыўна аб’яднаны не на ўзроўні роду-племені, а на ўзроўні нацыі-дзяржавы, узьнікненьне такога чаканьня зьяўляецца відавочным і недарэчным анахранізмам.

Але нічога ня зробіш. Супярэчнасьць паміж аб’ектыўнай неабходнасьцю сучаснага чалавецтва быць падзеленым на нацыі-дзяржавы і архаічнай формай рэакцый масы ў час узрушэньняў ёсьць аб’ектыўная нутраная супярэчнасьць сучаснага соцыюму [якая мае істотнае практычна-палітычнае значэньне. – Рэд.]. Прычына апошняй – псіхіка чалавека масы, якая адстае ад патрабаваньняў часу...

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы