nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Доблесная міліцыя нас беражэ?

29 лютага, 2008 | Няма каментараў

Андрэй Якушонак

ЯкÑ�Ñ�онок.JPG 

Каму патрэбная такая міліцыя, як у нас, ведае, напэўна, толькі наш прэзідэнт і яго набліжаныя. А шараговы беларус толькі здагадваецца. Таму і не разлічвае на міліцыю, калі ў яго скрадуць мабільнік, паб’юць у падваротні п’яныя дэбашыры, альбо проста патрэбная будзе дапамога. Не дачакаецца ён гэтай дапамогі… У нашых службаў правапарадку добра атрымоўваецца разганяць дэманстрацыі і акцыі пратэсту апазіцыі, прадпрымальнікаў, штрафаваць начных пешаходаў, што ходзяць без флікераў. А калі справа тычыцца больш сур’ёзных намаганняў, тады міліцыя проста ўмывае рукі. Я вам гэта пакажу на сваім асабістым прыкладзе.

 

А вось за сваімі рэчамі грамадзянам “слаўнай” краіны наглядаць прыйдзецца самім, каб хто не скраў. Ды і разлічваць даводзіцца ім толькі на сябе, калі цябе сустракае банда ў падваротні.

Каб пераканацца, наколькі наша міліцыя нас не беражэ, дастаткова прайсці па мядзельскіх дрэнна асветленых вулачках увечары, па дарозе ад вакзалу, уздоўж мясцовага кірмашу і далей каля школы №1. Тое, што на міліцыю разлічваць ня трэба, я і раней чуў ад многіх мядзельцаў. Але паверыў гэтаму, толькі калі сам стаў сведкам наступнага здарэння ў студзені гэтага года.

Дарога, што ідзе ад мясцовага рынку да школы №1, у вечаровы час не багатая на святло. Ня дзіўна, што зімой пазней за сем вечара тут асабліва і не сустрэнеш мінака, які б няспешна гуляў. Толькі бегам, на хуткасці, кожны стараецца пераадолець гэты ўчастак. А я, купіўшы сястры на вакзале папярэдні білет да Мінску, вяртаўся гэтай дарогай дадому, у цемры трапляючы нагой то ў адну лужыну, то ў другую – зіма выдалася на дзіва цеплая, дый свежая дарога з тратуарам была пакладзеная да надзвычай нязграбна і нядбайна.

Не адразу я зразумеў, чаму тры мужыкі наперадзе стаять пасярод праезджай часткі. Калі наблізіўся, да мяне дайшло, што яны добра падвыпітыя.

У такія хвіліны ты разумееш, што можаш быць уцягнуты ў непрыемную гісторыю. Я не памыліўся. Толькі гісторыя гэтая аказалася больш забаўнай і павучальнай, чым непрыемнай. Сапраўдны твар нашай “добрай” міліцыі адкрыўся тут жа.

Раптам з цемры з’явілася міліцэйская машына – нешматлікія мінакі ўздыхнулі, была, з палёгкай: маўляў, зараз міліцыя разбярэцца з гэтымі падбухторшчыкамі, якія груба парушаюць правілы дарожнага руху. Як бы не так. Замедліўшы ход, міліцэйская машына спынілася перад той групай, на што тыя адрэагавалі вельмі агрэсіўна, усім выглядам далі зразумець, хто тут гаспадар. П’яныя нават і не падумалі сысці з праезджай часткі дарогі.

Міліцэйская машына, пастаяўшы так сякунд 10, працягнула свой мірны шлях, вырашыўшы не высоўвацца, і, відаць, скеміўшы, хто на гэтай дарозе гаспадар, і неўзабаве была праглынутая цемрай. З перамогай кампанія падвыпітых мужычкоў так і засталася пасярод дарогі, гледзячы ўслед знікаючай у цемры машыне вартаўнікоў парадку, і пужаючы сваім лямантам рэдкіх мінакоў: жанчыну і дзіця. Міліцыя, напэўна, чула, як ёй услед кампанія крычала: “Мянты к…лы!”, – але, відаць, людзі ў форме і пры выкананні былі поўнасцю згодныя з гэтымі выкрыкамі, а таму сарамліва ўкацілі з месца здарэння.

Мінаючы ўвесь гэты мясцовы спяктакль міліцэйскай слабасці і бездапаможнасці, я паспеў заўважыць, што дэбашыры мелі на сваіх рукавах флікеры. Неадчэпная пакутлівая думка не давала мне спакою па дарозе дамоў: няўжо толькі наяўнасць у гэтых выпівох флікераў давала ім права беспакарана ісці пасярод дарогі, паддаючы сваё жыццё і жыццё рэдкіх напужаных мінакоў небяспецы?! “Вось што флікер жыватворны робіць!” – усклікнуў бы Іван Васільевіч з фільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, будзь ён на маім месцы. Смешна і сумна, а галоўнае, брыдка.

Флікераваць сябе ці не – вырашаць кожнаму самастойна. У некаторых момантах ён сапраўды карысны, у другіх жа – міліцыя проста пераходзіць мяжу сэнсоўнага і штрафуе зусім бяскрыўдных грамадзян. Гэта здарылася і са мной 31 студзеня гэтага года.

Пасля напружанага працоўнага дню, захацелася мне прайсціся па бязлюдным вячэрнім марозным Мядзелі. Для мяне такая прагулка – гэта надзейны антыдэпрэсант: прыродная прыгажосць заўсёды дапамагае чалавеку вярнуць яго страчаную за дзень энергію, аднавіць сілы, асвяжыць думкі, робіць яго больш добрым і чулым.

Але гэтым вечарам нічога такога не павінна было здзейсніцца.

Дзякуй флікеру і нашай “добрай” і “бясстрашнай” міліцыі, якая нас нібыта беражэ… ад ДТП. Але беражэ яна нас неяк сваеасабліва, надакучліва, на манер нашага прэзідэнта, які таксама нібыта клапоціцца аб усеагульным народным дабрабыце – урэзвае ільготы, пераднавагоднія зарплаты, надбаўкі, прэміі ўсім і нават міліцыі. Многія мядзельцы гэтым незадаволеныя, але працягваюць зладжана і самаахвярна выконваць свой грамадзянскі абавязак – хадзіць на працу за мізерную плату. У той час як па краінах Еўропы коціцца хваля забастовак, праз якія грамадзяне ЕЗ патрабуюць ад свайго ўрада павелічэння заробкаў. А нам грошы “не патрэбныя”, галоўнае, “каб стабільнасць была”, нават калі гэта стабільнасць беднасці і адсталасці.

З гэтымі флікерамі тое ж самае: многія незадаволеныя, што іх трэба купляць за свой кошт, неўпэўненыя, што хаця б адзін флікер здолее каго-небудзь абараніць ад п’янага кіроўцы, хіба што толькі папоўніць кішэню якога-небудзь набліжанага да ўлады чыноўніка, “крышуючага” рэалізацыю дадзенай прадукцыі. А многім няўцям, чаму ўвогуле ў такой дабрабытнай і паспяховай краіне, як наша, ўсё яшчэ ёсць неасветленыя і неабсталяваныя тратуарамі дарогі, бо тады амаль і не патрэбныя былі б флікеры. З іншага боку, улада, паменшыўшы ільготы міліцыянерам, дала ім цудоўную магчымасць падзарабіць, палюючы ў цёмным завулку на нас з вамі, калі мы ходзім без флікераў.

Так здарылася і са мной. Ціха, мірна ішоў я па даволі шырокай, але неасветленай дарогі, якая яшчэ з савецкіх часоў не рэмантавалася. Ішоў скраю – гэта і было залогам бяспекі. Рэдкая машына асмелівалася па ёй праехаць на вялікай хуткасці – глыбокія і шматлікія ямы спынялі і дысцыплінавалі любога ліхача выніковей усялякага гаішніка. Я часта хадзіў па гэтай дарозе яшчэ задоўга да таго, як увялі гэтыя флікеры, а таму  добра ведаў, што кожная машына праязжае гэты неасветлены ўчастак асцярожна і акуратна, стараючыся аб’ехать кожную яміну.

Так нечакана з цемры можа з’яўляцца толькі машына ДПС. Фары ў яе яркія, а вочы ДПСнікаў зоркія. Са з’едлівай усмешкай на твары паклікалі яны мяне да сябе, пераканаўшыся, што ў мяне няма флікера, запрасілі сесці ў машыну. А там запрапанавалі альбо заплаціць штраф на месцы ў памеры 3500 рублёў, альбо выпісаць штраф на дом у памеры 17000 рублёў, яны цярпліва чакалі майго рашэння. З двух зол я выбраў найменьшае – заплаціў штраф на месцы. У выданым мне штрафным талоне меўся надпіс: “парушальнік ПДР”, – але я сябе такім не адчуваў, прыпамінаючы нядаўні выпадак з тройцай п’яных, што стаялі пасярод праезжай часткі дарогі, і праехаўшай каля іх міліцейскай машыны. Выбарачны падыход у нашых работнікаў ДПС: мяне аштрафавалі, а на гэтых агрэсіўных алкашоў нават не звярнулі ўвагу. А яшчэ я прыпомніў, што ў маіх сяброў за пару месяцаў былі скрадзеныя пяць мабільных телефонаў. Звярталіся яны ў міліцыю, але як заўсёды – безвынікова. У стражы нашага спакою ёсць справы і паважней…

А яшчэ я прыпомніў, як у Чехіі паліцейскія вучаць кіроўцаў спыняцца і саступаць дарогу пешаходу, які пераходзіць праз пешаходны пераход.

Чешскі паліцэйскі стаіць каля пешаходнага пераходу, які размяшчаецца на самым інтэнсіўным участку дарогі пры ўездзе ў горад. Як толькі да пераходу падыходзіць пешаход, паліцэйскі тут жа ўзмахам свайго жэзла спыняе рух, выходзіць на сярэдзіну “зебры”, і пешаход спакойна і ўпэўненна пераходзіць дарогу. І толькі калі ён поўнасцю перайшоў на другі бок дарогі, толькі тады паліцэйскі дазваляе рух. Я сам не раз так пераходзіў дарогу ў чэшскім горадзе. Акрамя штрафаў, іхнія паліцэйскія прывучаюць кіроўцаў да павагі да пешаходаў.

У нас да такога яшчэ далёка, хаця ёсць і станоўчыя зрухі. Калі яшчэ ня кожная наша машына спыняецца перад “зебрай”, прапускаючы пешахода, то такое відовішча я назіраю ў нас усё часцей і часцей. Адзінае, нашыя кіроўцы яшчэ не навучыліся чакаць, пакуль пешаход поўнасцю не перайдзе дарогу па пешаходным пераходзе – яны зрываюцца з месца адразу, як толькі той прайшоў палову шляху, а гэта парушэнне правілаў і небяспека дзеля самога пешахода. Каб такое ліквідаваць, ня дрэнна было б пераняць досвед чэшскіх паліцэйскіх. У Еўропе ёсць чаму павучыцца!

Не застаўся раўнадушным і мой добры сябра, які таксама быў абураны маім штрафам і ўсёй гэтай бязграматнай “флікерызацыяй”. Вось што ён мне напісаў: “Да ты, Андрэй, проста ўспомні, колькі выпадкаў адбылося ў нашым раёне, дзе вінаватыя не проста кіроўцы, а кіроўцы-міліцыянеры. Адзін з міліцыі у п’яным стане збіў дваіх: з іх аднаго насмерць; другі, старшы інспектар ДАІ, збіў менавіта днём веласіпедыста! У ментоў, якія калечаць жыццё людзей сваімі п’янымі наездамі і кіраваньнем у такім стане, усё добра. Усё добра і ў тых, у каго ёсць грошы, а простыя людзі, якія не маюць свайго аўтамабіля, чамусьці павінны пакутаваць і яшчэ плаціць за тое, што, маўляй, яны не свецяцца ноччу, знаходзячыся скраю праезжай часткі дарогі”.

Я не супраць флікераў, але я супраць непаважлівых адносін нашай міліцыі да нас, яе грамадзян. Не ворагам яна павінная быць для нас, не баяцца яе мы павінныя, а паважаць. А для гэтага павінна быць зробленая вялікая праца як самой міліцыі, так і нашых грамадзян. А пакуль міліцыя проста застаецца надзейнай зброяй у руках улады, стрымлівальным і застрашальным фактарам, а не развівальным, абараняльным і прававым.     

Ні для каго не сакрэт, які тып людзей у першую чаргу ідзе працаваць у нашу міліцыю. Адсюль безкультур’е, хамства і нахабнасць, якой вее за мілю ад любога міліцэйскага ўчастка. Ніякай упэўненнасці, што цябе абароняць, затое поўная перакананасць, што табе нахамяць.

Вось чаму толькі нямногія паважаюць нашу міліцыю, большая ж частка грамадства па-ранейшаму называе іх то “ментамі”, то “смеццем”. Я ж не хачу быць настолькі катэгарычным да гэтай прафесіі, разумеючы, што ёсць сярод міліціянераў як і сумленныя, талковыя і прыстойныя людзі, так і распусты, нахабнікі, якія, не паспеўшы закончыць школу на здавальняючым узроўні, адслужыўшы ў арміі, дзе яўна на выдатна прайшлі курс “дзедаўшчыны”, спяшаюцца прымерыць на сябе міліцейскую форму. Але самая вялікая небяспека, што ў беларускай міліцыі такім людзям заўсёды радыя, адкідаючы тых, хто душой і сэрцам улюблёны ў гэтую ў прынцыпе ганаровую прафесію. А таму нашых міліцыянераў не паважае і баіцца любы беларус, таму што кіруецца такі страж парадку менавіта здавальняючай школьнай падрыхтоўкай і армейскімі “дзедаўскімі” метадамі.

Заканамерна толькі адно ва ўсёй гэтай заблытанай сітуацыі: цяперашняя ўлада яшчэ большы парушальнік ПДР, – таму як ня можа абсталяваць нашыя дарогі неабходнымі тратуарамі і паставіць пару-тройку ліхтароў там, дзе гэта патрэбна. Для яе прасцей перакласці гэтую адказнасць ізноў на сваіх грамадзян, дакучліва прымушаючы “флікерызавацца” ўсю краіну.

Раней жартам казалі: “Цемра – сябра моладзі”. Сёння з упэўненасцю можна сказаць: “Цемра – падзаробка для ДПС”.

 

Андрэй Якушонак,

Мядзельскі рэгіён

 

 

Рэдакцыя:

Нядаўна ў сеціве былі пададзены зьвесткі пра вынікі аб’ектыўнага вывучэньня праблемы гібелі пешаходаў на дарогах. Статыстычныя даныя паказалі, што ў Беларусі больш загінула людзей, якія былі… памечаны флікерамі.

Сітуацыя аналізуецца, але і так зразумела, што ў дадзенай праблеме сапраўды галоўнае – далёка ня флікеры…

 

 

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы