nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Лёсы беларусаў – вымушаных эмігрантаў

1 сакавіка, 2009 | Няма каментараў

d091d0b0d186d18cd0bad0b0d19ed188d187d18bd0bdd0b0Працягнуць тэму Другой сусьветнай вайны і лёсаў беларусаў у ёй мы вырашылі ўспамінамі некаторых нашых людзей, якія вымушаны былі эміграваць за межы бацькаўшчыны, СССР і нават краінаў Варшаўскай дамовы пасьля 1944 г. Для гэтага мы практычна выпадковым чынам узялі некалькі ўспамінаў з сайта Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, дакладна з lib.zbsb.org/node/364, і вырашылі падаць і ў нас. Хто жадае пазнаёміцца з тэмай глыбей, прапануем зазірнуць на сайт ЗБС “Бацькаўшчына”.

Рэдакцыя.


ДА ГЭТАЙ ПАРЫ НЕ МАГУ ПАЗБАВІЦЦА ЖУДАСНЫХ УСПАМІНАЎ ВАЙНЫ

Лявон Шыманец, 1937 г. нар., г. Стоўпцы, Наваградзкае ваяв.; сёньня – Менская вобл. (цяпер жыве ў Сартрувілі, Францыя)

У 1944 г. я, сямігадовы хлапчук, разам з бацькамі Ўладзімерам і Эвелінай ды дзвюма сёстрамі — старэйшай і малодшай, якой не было тады й годзіка, — выехаў з Баранавічаў на Захад.

Бацька ведаў, што, калі б застаўся ў Беларусі, скончыў бы жыцьцё ў Курапатах або Сібіры. Да прыходу немцаў ён дзевяць месяцаў прасядзеў у савецкай турме. Ён быў арыштаваны ў кастрычніку 1940 г. як вораг народу. Да вайны бацька рабіў галоўным інжынэрам на баранавіцкай электрастанцыі. У жніўні 1941 г. арыштанты трапілі на волю, бо адміністрацыя турмы і ўсе вартаўнікі паразьбегліся.

У турме з бацькі хацелі зрабіць даносчыка, але ён адмовіўся. Для яго гэта было непрымальна. За нежаданьне супрацоўнічаць тату вырашылі выслаць у ГУЛАГ. Маці пачала пісаць лісты ў Маскву, што нашую сям’ю й выратавала. Высылку адклалі, а тут — вайна.

Падчас вайны мама працавала настаўніцай у пачатковай школе ў Засульлі, дзе бацька быў войтам. Потым бацька выкладаў у Тэхнічнай школе ў Баранавічах. На другім баку вуліцы, на якой жылі мы, немцы арганізавалі гета, загнаўшы туды тры тысячы габрэяў.

На гарадзкім рынку, куды хадзілі разам з маці, я бачыў павешаных людзей. Усё жыцьцё не магу пазбавіцца жудасных успамінаў вайны.

Аднак такіх, як мы, што не былі зьвязаныя ані зь немцамі, ані з партызанамі, не чапалі. Пазьней стаўленьне немцаў да насельніцтва зьмянілася, калі Нямеччына трапіла пад налёты амэрыканскіх і ангельскіх самалётаў.

У 1944 г. мы пакінулі Беларусь. Транзытам празь Беласток трапілі ва Ўсходнюю Прусію, пад Кёнігсбэрг. Там прускі граф прапанаваў нам працу на зямлі — работнікаў у Нямеччыне надта бракавала, бо амаль усіх працаздольных мужчын кінулі на агнявыя рубяжы, ратаваць Трэці Райх. Забралі капаць супрацьтанкавыя акопы й майго бацьку. На гэтых працах ён моцна захварэў. На шчасьце, «нашаму» немцу ўдалося неяк выратаваць тату.

Аднойчы Кёнігсбэрг трапіў пад ангельска-амэрыкан скую бамбардзіроўку, у выніку якой загінулі 80 тысяч чалавек — за 25—30 кілямэтраў ад гораду, дзе мы знаходзіліся, быў чуваць кожны выбух.

Тым часам Чырвоная Армія ўжо падабралася пад Усходнюю Прусію. Мы мусілі зноў зьбірацца на сустрэчу зь невядомасьцю. Апошнім параплавам за дзесяць дзён да канца вайны пераправіліся ў Данію. Каго толькі на гэтым параплаве не пабачылі — і немцаў, і беларусаў, і параненых савецкіх жаўнераў. Мы нейкім цудам патрапілі ў гэты шпітальны параплаў — мусілі садзіцца ў іншы, якім ехалі жанчыны зь дзецьмі. Як пазьней высьветлілася, яго ўзарвала савецкая падводная лодка.

У Даніі спачатку павезьлі нас у нямецкі лягер для ўцекачоў, дзе я й мая сястра Прадслава моцна захварэлі. Сястра памерла 26 траўня 1945 г. Пахавалі яе каля Капэнгагену. Там і дасюль стаіць камень з надпісам «Прадслава Шыманец — дачка беларускіх уцекачоў». Мяне ж выратавала цудоўная дацкая мэдсястра, калі нас ужо пасялілі ў іншым лягеры. Ужо не нямецкім.

У Даніі мы жылі, як у раі, — чысты, прыгожы, не крануты вайною край пасьля пабачанага агню, дыму, бомбаў, трупаў. Уражваў мясцовы ўзровень жыцьця. Датчане ставіліся да нас надзвычай добра, намагаліся дапамагчы ва ўсіх справах. Пэўны час мы жылі ў шыкоўным гатэлі на беразе мора. Я штодня езьдзіў трамваем у нямецкую школу сьвятога Пятра, а мая сястра Івонка год пражыла ў дацкай сям’і, цудоўна засвоіўшы дацкую мову, хадзіла ў мясцовую школу. Аднак хутка ў Капэнгаген пачалі прыяжджаць «госьці» з СССР, каб лавіць і рэпатрыяваць савецкіх грамадзянаў. Хоць нас гэта не кранала, — мы не былі савецкімі грамадзя намі,— бацька пачаў старацца, каб выратаваць суайчыньнікаў, што паходзілі з Усходняй Беларусі. Таму саветы дабраліся й да нас. На шчасьце, бацька меў добрыя стасункі з дацкім Міністэрствам па іміграцыйных справах. Міністэрства запрапанавала нам некалькі маршрутаў — ЗША, Аўстралія, Аргентына. Бацька згуртаваў у Даніі ўсіх беларусаў, апекаваўся імі. Ён у сваім жыцьці, дарэчы, больш займаўся беларускімі справамі, чым сямейнымі.

У 1947 г. да нас прыехаў прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык, зь якім бацька перапісваўся. Сп. Абрамчык паведаміў дацкім уладам, што ёсьць магчымасьць ехаць у Францыю, дзе патрэбныя работнікі. Былі складзеныя кантракты, і мы разам зь іншымі беларусамі пераехалі ў Францыю. Было гэта ў пачатку красавіка 1948 г.

Пасьля сытай і ўладкаванай Даніі Францыя нагадала нам родную Беларусь. Французы на 20—30 гадоў адставалі ад датчанаў. Мы ўжо мелі добрае адзеньне, з густам апраналіся.

Мы прыехалі на буйную фэрму ў Бургундыю, дзе меркавалася, што будзем працаваць, але гаспадар у працы адмовіў: «Я чакаў чатырох работнікаў, а ў вас двое дзяцей». Паслалі нас у Ліён, а адтуль у Парыж, дзе старшыня Хаўрусу беларускіх работнікаў Лявон Рыдлеўскі памог бацьку знайсьці працу. Мікола Абрамчык таксама прапанаваў бацьку пасаду міністра фінансаў ва Ўрадзе БНР. І вось бацька, з аднаго боку, разам зь Міколам Абрамчыкам, інжынэрам Лявонам Рыдлеўскім, айцом Лявом Гарошкам, мастаком Міхасём Наўмовічам будаваў у Францыі беларускае жыцьцё, на ўласныя грошы друкаваў газэту «За волю», а, з другога боку, працаваў як просты мэханік, бо францускай мовы ня ведаў.

Спачатку ў Францыі было каля пяцідзесяці беларусаў, потым — сорак, трыццаць, дваццаць. А сёньня я, бадай, адзіны застаўся з той паваеннай хвалі. Ёсьць новыя эмігранты, але беларускім жыцьцём яны не цікавяцца [вось яны – відавочныя наступствы вытручваньня беларускасьці саветамі й лукашыстамі… – Рэд.].

Мой бацька, Леў Гарошка й Мікола Абрамчык былі людзьмі, апантанымі нацыянальнай ідэяй, гатовымі для Беларусі на любыя ахвяры. Усе яны бралі ўдзел у міжнародным жыцьці, усюды баранілі інтарэсы Беларусі, аднак вялікіх посьпехаў не дабіліся. Але, прынамсі, хоць бы частка французаў зразумела, што Беларусь — гэта не Расея. Раней пра такую краіну ніхто ня ведаў. Дарэчы, францускія ўлады пабойваліся гарачых беларускіх патрыётаў. Напрыклад, калі ў Парыж зь візытам у 1960 г. прыяжджаў Хрушчоў, бацьку, мяне й поўны самалёт іншых эмігрантаў зь іншых падсавецкіх краін часова перавезьлі на Корсыку…

У 1952 г. бацька знайшоў пад Парыжам зямлю ды пачаў будаваць уласную хату. Паводле ягоных праектаў будавалі хаты іншыя беларусы. Я жыву ў тым самым бацькавым доме, толькі крыху пашыраным. Я дапамагаў бацьку ў будаўніцтве — і фізычна, і грашыма. Скончыўшы францускую школу, у васямнаццаць гадоў пайшоў працаваць у буйную фірму — трэба было фінансава дапамагаць сям’і. Фірма вырабляе электроніку для ваенных самалётаў: і я, чужынец, працаваў на абаронную прамысловасьць Францыі! Без вышэйшай адукацыі даслужыўся ў 1964 г. да інжынэра, а потым і да загадчыка буйнога аддзелу. Было гэта ў 1982 г.

Айцец Леў Гарошка, які выконваў абавязкі сакратара ў арганізацыі «Хаўрус», і мой бацька памерлі амаль адначасова, улетку 1977 г. Я пераняў функцыі Гарошкі ў «Хаўрусе», і ад таго часу пачалося сапраўднае зацікаўленьне Беларусьсю. Да таго часу быў, так сказаць, прысутным.

Пасьля набыцьця Беларусьсю незалежнасьці ня толькі яе адведваў, але й нават працаваў на Радзіме. Тры гады, ад 1992 да 1995 г., быў дырэктарам энэргацэнтру ў Менску. Закладзены ён быў на грошы Эўразьвязу й аказваў дапамогу маладым постсацыялістычным краінам. Мы бясплатна прэзэнтавалі Беларусі сучасныя тэхналёгіі, праводзілі прафэсійныя кансультацыі, курсы для спэцыялістаў. Я меў кантакты амаль з усімі міністрамі. Зь цягам часу зразумеў, што беларусам усё гэта не патрэбна — тэорыя ў іх на эўрапейскім узроўні. Беларусам патрэбныя грошы.

І ў канцы пра асабістае жыцьцё. З жонкай Мары-Франс выхавалі дзяцей — добра вядомую ў беларускім культурным асяродзьдзі Віржынію, якая здабыла ў Сарбоне дактарат у гісторыі беларускага тэатру, ды Міколу — ён інжынэр па адукацыі. Размаўляць па-беларуску яму ўсё цяжэй, але ўсё разумее, цікавіцца ўсім, што адбываецца ў Беларусі. І я думаю, што гэта галоўнае.

[мы думаем, што галоўнае, на пачатак, – нарэшце зрабіць беларуска-літвінскі народ паўнавартасным гаспадаром сваёй зямлі! – Рэд.]

ЗЬМЕНІЦЦА ЎЛАДА — БЯЗ РОЗДУМУ ПАЛЯЧУ Ў БЕЛАРУСЬ

Аляксандар Кулакоўскі, нар. 25 сакавіка 1925 г., в. Тулічава Наваградзкага ваяв.; сёньня Наваградзкі р-н Гарадзенскай вобл. (цяпер жыве ў Мэльбурне, Вікторыя, Аўстралія)

Вёска Тулічава была вялікая, каля 150 хатаў. Бацька Рыгор і маці Сьцефаніда паходзілі з суседняй вёскі, былі звычайнымі земляробамі, адукацыі ня мелі. Старэйшая сястра, адзіная дзяўчына ў сям’і, памерла ў малым узросьце. А хлопцаў у хаце было пяцёра: двое старэйшых за мяне й двое малодшых. Мікалай быў у польскім войску, трапіў у палон, па вайне асеў каля Шчэціну. Сувязь зь ім перарвалася, думаю, што ён ужо памёр. Адам, Валодзя і Грыша, якія пасьля вайны засталіся ў Беларусі, таксама ўжо памерлі.

Наша наваградзкая зямля заўжды была багатая на шчырых і адданых патрыётаў. Былі яны і ў вёсцы, але адкрытай дзейнасьці не вялі — баяліся перасьледу брутальнай польскай улады. У нашай хаце гутаркі вяліся толькі па-беларуску, усе звычаі й традыцыі таксама былі чыста нацыянальнымі. Палякі за гэта нікога не чапалі. Здараліся толькі пару разоў выпадкі, калі падчас праваслаўных сьвятаў па вуліцах хадзіла паліцыя, запісваючы тых, хто адзначае. Але да рэпрэсій справа не даходзіла.

Саветы паспрабавалі ў сьвяточныя дні загнаць людзей на працу, але беларус — чалавек знаходлівы, не губляўся, знаходзіў, што адказаць. То хамут быццам парвецца, то воз зломіцца — усё, маўляў, на працу ісьці аніяк не магу.

У Тулічаве толькі той, хто падаўся ў камуністычную партыю ці атрымаў «хлебную» пасаду, быў задаволены прыходам саветаў. Бальшыня толькі пакутвала: ад рэпрэсіяў, запалохваньняў, вар’яцкіх падаткаў, калгасаў — усяго таго, што запаўняла чалавечую душу страхам. Мой бацька, напрыклад, так баяўся арышту, што не начаваў дома, а спаў у сястры.

Калгасы ў нашых мясьцінах зарганізаваць так і не ўдалося — пры кожным галасаваньні людзі крайне адмоўна ставіліся да гэтай прапановы. Аднак, застаўшыся нібы гаспадарамі, яны былі прыдушаныя велізарнымі падаткамі, сплаціць якія было амаль немагчыма. Здаецца, усё да капейкі заплаціў, як кажуць, сабака на падворак ня сунецца, а яны зноў у вакно грукаюць: давай яшчэ! Усё ім мала. Нядзіўна, што ў немцах, якія захапілі Беларусь, людзі бачылі выратоўцаў, ускладаючы на іх надзеі на лепшае жыцьцё.

Але, як і саветы, Гітлер прынёс у Беларусь няволю, пакуты й сьмерць. На пару з чырвонымі партызанамі немцы паставілі беларуса на мяжу поўнага выміраньня. Я нават дакладна не скажу, каго людзі больш ненавідзелі й каго больш баяліся, — і тыя, і другія сеялі на шматпакутнай беларускай зямлі выключна няшчасьце. Прамаўчыш перад партызанамі, не аддасі ім апошні кавалак хлеба — заб’юць, не паведаміш немцам, што ў хаце былі партызаны, — таксама заб’юць…

Нашая вёска разам з большай часткай яе жыхароў была спалена нямецкім карным атрадам праз партызанскую правакацыю. Гісторыя звычайная для тых часоў. Партызаны забілі ў нашых мясьцінах некалькіх немцаў, на што тыя жыўцом спалілі ні ў чым невінаватых людзей. А партызаны? А яны селі на коней і ўцяклі ў лес… Ані беларуская адміністрацыя, ані паліцыя, ані Самаахова, нягледзячы на ўсе высілкі, сапраўднай аховы насельніцтва забясьпечыць не маглі, хоць у гарадох ці мястэчках жылося бясьпечней, чым у безабаронных вёсках.

У пачатку вайны я трапіў у Менск, адкуль выехаў у 1944 г. разам зь нямецкімі войскамі. Праз Варшаву й Бэрлін нашую групу, якую пераважна складалі выхадцы з усходняй Беларусі, даставілі на францускую мяжу, дзе нам давялося выконваць розныя цяжкія работы — будаваць бункеры, разьбіраць дарогі, валіць лес… Пасьля вызваленьня з амэрыканскімі войскамі апынуўся ў Ляйпцыгу, але доўга не пратрымаўся — уцёк ад п’янага савецкага войска ў Баварыю, пасяліўся ў беларускім лягеры ў Остэргофэне, дзе вучыўся ў школе. У наступныя гады давялося паезьдзіць па Нямеччыне: жыў у Пасаў, вучыўся ў прафэсійнай школе ў Нюрнбэргу, на «выдатна» скончыўшы кравецкі курс. У 1949 г. перабраўся ў Аўстралію. Здабытая ў Нямеччыне адукацыя дапамагла здабыць больш прывабную працу. Людзям, якія ня мелі за плячыма нічога, прыходзілася значна цяжэй. Тут, у Аўстраліі, мне давялося працаваць токарам, зьбіраць заводзкія станкі. На пэнсію выйшаў, працуючы на пошце. Зарабляў нармальна й, што важна, плацілі нам, новым эмігрантам, ня менш, чым аўстралійцам.

Мой удзел у грамадзкім беларускім жыцьці пачаўся ў Нямеччыне, дзе я сьпяваў у царкоўным хоры. У Аўстраліі мая дзейнасьць таксама пераважна не выходзіла за рамкі царкоўных справаў. Ані да «крывічоў», ані да «зарубежнікаў», ані да «цэнтрыстаў» я не належаў — палітыка, усе гэтыя сваркі, спрэчкі, непаразуменьні, мяне ніколі не прываблівалі [усё гэта, як цяпер відавочна, звычайна правакуецца вонкавымі, варожымі сіламі. – Рэд.]. Так, прыйшоў на чарговы сход, паслухаў, зрабіў свае высновы й пайшоў, на гэтым канец. Мая пашана да царквы, праваслаўнай рэлігіі пачалася дома — я вырас у вельмі рэлігійнай сям’і. На дыякана мяне высьвяціў архіяпіскап, украінец Сергій (Ахотэнка). А высьвячацца на сьвятара я езьдзіў у Нью-Ёрк, да Ўладыкі Васіля, у сьвецкім жыцьці — Уладзімера Тамашчыка. Царкоўнай дзейнасьцю я пачаў займацца яшчэ на пачатку 1950-х, больш за 55 гадоў таму!

Як і раней, царкоўныя службы ў Мэльбурне праходзяць кожную нядзелю. Але калі раней народу на іх зьбіралася маса, то цяпер часьцей няшмат. Добрае надвор’е прыйдзе 130—170 чалавек, дрэннае — 50, а то й 25. Моладзь у нашай царкве вельмі рэдка ўбачыш — у яе цяпер іншыя каштоўнасьці.

У 1953-м узяў шлюб з Раісай Борстак, якая паходзіць зь Віцебшчыны. Маем дзьвюх дачок — Ірыну й Веру. Старэйшая працуе настаўніцай, а малодшая займаецца бізнэсам. Я не магу быць незадаволеным сваім жыцьцём, адное баліць, што пасьля вайны так і не адведаў Бацькаўшчыны. Пайшла такая прапаганда, што калі туды паеду, дык больш і не вярнуся. Але калі б зьмянілася ўлада, бяз роздумаў паляцеў бы ў Беларусь.

БЕЛАСТОК—ОСЛА—БРЭМЭН—КЛІЎЛЕНД

Міхась Белямук, нар. 15 сакавіка 1924 г., в. Голя Берасьцейскага пав. Палескага ваяв.; сёньня Камянецкі р-н Берасьцейскай вобл. (цяпер жыве ў Кліўлендзе, Агаё, ЗША)

Адразу зазначу: жыхары нашай вёскі надта нэгатыўна былі настроены супраць польскіх уладаў, што палянізавалі ня толькі адміністрацыю й школы, але пасягнулі й на царкву.

Дзедаў фальварак, зямля матчыных бацькоў, і наш хутар, створаны ў 1928 г., агулам складалі гаспадарку ў 30 гектараў. У параўнаньні зь іншымі гаспадаркамі гэта быў даволі вялікі надзел. Бацька Павал і маці Ганна, акрамя мяне, мелі трох дачок: Маню, Тоню й Ніну. Апошняя памерла ў зусім маленькім узросьце.

А ў 1942 г. амаль не палегла ўся сям’я. Увечары ў хаце сабралася шмат людзей: прыехала цётка зь дзецьмі, прыйшло багата моладзі. Падчас гутаркі хтосьці пастукаў у вакно. Маці пайшла адчыняць. Нейкі чалавек прасіў ежы. Матка працягнула хлеб і кавалак сала, але замест удзячнасьці пачула: «Ну ўсё, цяпер не закрыеш». Да хаты бегла чалавек пяць. Бацька скамандаваў усім хавацца ў камору, але ўратавацца пасьпелі ня ўсе. У вакно ўляцела граната, раздаўся моцны выбух. Больш за ўсіх пацярпела сястра Маня — аскепкі гранаты пасеклі сьпіну. Маню паклалі на пасьцілку й аднесьлі да суседа, Міколы Белямука.

У 1941 г. зь нямецкага лягеру, што месьціўся за Бугам, прарваўшыся цераз калючы дрот, уцяклі некалькі сотняў, а то й тысяч савецкіх ваеннапалонных. Частка гэтых людзей затрымалася ў нашых мясьцінах. Людзі ставіліся да іх лагодна, даваўшы гэтак званым «усходнікам» прытулак. Чалавек трыццаць са згоды немцаў жылі ў Голі. Іван і Барыс у нашай хаце. Іх лячыла бабка Натальля. Пазьней Іван пайшоў жыць да Аляксандры, ейны муж быў змабілізаваны ў польскае войска. Барыс застаўся ў нас. Аднойчы ля Пружанаў зьявіўся аддзел «чэкістаў», які вэрбаваў «усходнікаў» у партызанскія атрады. Але ў партызаны людзі ішлі неахвотна. Можа таму мэтай выбуху ў нашай хаце было запалохаць людзей? Але ці толькі ўсходнікаў, ці ўсіх разам? Ці «чэкісты» разьлічвалі, што немцы паарыштоўваюць усіх незгаворлівых «усходнікаў»? Вэрсіяў у думках дарослых тады было шмат, аднак чаго сапраўды хацелі асягнуць гэтыя бандыты — ніхто дакладна не даведаўся. Маня два месяцы праляжала ў шпіталі. Падлячылася. Аднак у 1944 г. памерла ад сухотаў. Як і мае бацькі, пахаваная ў Польшчы. Там жа зь сям’ёю жыве сястра Тоня.

У Голі я скончыў чатырохклясную пачатковую школу. У 1935 г. на дапамогу старому бацюшку, які на мясцовай гаворцы выкладаў нам Закон Божы, прыслалі маладога сьвятара Пісканоўскага. Той раздаў вучням «Эвангельле»… па-польску й загадаў, каб кожны да нядзелі яго вывучыў і прыйшоў на царкоўную службу. Хоць раней наведваньне царквы справай было цалкам добраахвотнай. Бацька, які быў у царкве скарбнікам, увечары вырашыў паглядзець, чым займаецца сын. Не перадаць ягонага абурэньня пабачаным: «Што, палякі ўжо й да нашай праваслаўнай рэлігіі дабраліся?!»

У нядзелю ўсе вернікі сабраліся ў царкве сьвятога Міхаіла. Пачалася служба на нашай гаворцы, але «Эвангельле» Пісканоўскі пачаў чытаць па-польску. Знаходзячыся пад уражаньнем бацькавай прамовы, я голасна зьвярнуўся да сваіх школьных сяброў: «Мы не палякі! Пайшлі адсюль!» Большасьць дзяцей пакінулі царкву, за імі пацягнуліся старэйшыя людзі, абураныя такой непавагай маладога сьвятара. На наступны дзень каля дзьвярэй школы мяне сустрэў ашалелы ад майго ўчынку настаўнік Козік. Накрычаўшы, ён не стрымаўся й пусьціў у ход рукі — я заліўся крывёю. Бацька адвёз мяне ў Высока-Літоўск, дзе лекарам працаваў знаёмы беларус. Той параіў напісаць заяву ў паліцыю. Праз бацькавага добрага знаёмага Назарука ўдалося выйсьці да самога палескага архіяпіскапа Аляксандра Іназемцава, які праявіў прынцыповасьць і звольніў Пісканоўскага.

Са школы мяне ня выключылі, аднак гадавую адзнаку па паводзінах выставілі «нездавальняючую». За гэта мяне не хацелі прымаць у высокалітоўскую сямігодку, думалі, што нейкі бунтар.

Дапамог Віктар Род, што жыў у маёнтку Караліна. Яго надта не любілі палякі, называлі «мужыком». А ён, між іншага, меў дзьве вышэйшыя адукацыі — агранома й вэтэрынара, — стажыраваўся ў Даніі й Нямеччыне. Гэты чалавек верыў, што найлепшыя ўзоры вядзеньня сельскай гаспадаркі можна прывіць і ў Беларусі. Ён заклаў сельскагаспадарчую арганізацыю, у якую ўступіў і мой бацька. Два разы на год бацька атрымліваў спэцыялізаваныя часопісы, купляў у Рода саджанцы яблыкаў, ігрушаў, сьліваў, вішняў, пародзістых цялят, авечак, курэй. Празь Віктара я й паступіў у сямігодку, якую скончыў на «выдатна». Паўгоду правучыўся ў берасьцейскай гімназіі.

Калі Заходнюю Беларусь акупавалі саветы, Берасьце стала памежным горадам — усіх жыхароў прымушалі атрымліваць пашпарты. У сельсавеце мне выпісалі пасьветку, аднак у пашпартны стол я яе так і не аднёс. Бацька й яго прыяцель Леанюк, параіўшыся, сказалі: «Мішка, калі ты аднясеш гэтую паперу чыноўнікам, то дасі гатовы матэрыял НКВД. Вывезуць нас усіх на Сібір». Што рабіць? Перайшоў у дзесяцігодку ў Высока-Літоўску. Правучыўся год, і пачалася нямецкая акупацыя. Я вярнуўся ў родную вёску, пачаўшы дапамагаць бацьку весьці гаспадарку.

Тым часам у Беластоку Ільляшэвіч, Сяднёў, Тамашчык пачалі стварэньне Беларускага камітэту, наладзілі выпуск газэты «Новая дарога». Быў зарганізаваны хор пад кіраўніцтвам Арлова й Кіслага, што прыяжджаў да нас з гастролямі. Дапамагаў у працы камітэту й згаданы вышэй Мікола Назарук — стары беларускі дзяяч, адвакат. Падчас разгрому палякамі Грамады ён бараніў у судзе яе чальцоў. Грамада дзейнічала і ў нашых мясьцінах. Так, Мікола Лагвінюк на пачатку 1920-х за незаконнае перакрочаньне мяжы й распаўсюд беларускай друкаванай у Менску літаратуры быў асуджаны польскімі ўладамі на пятнаццаць гадоў. Адвакатам Лагвінюка на працэсе якраз і быў Назарук. Палякі ў яго потым забралі адвакацкую ліцэнзію.

Ужо тут, у ЗША, мне распавялі, што за немцамі Назарук кароткі час быў заступнікам бурмістра ў Горадні. Прывозіў бацьку «Новую дарогу», якая распаўсюджвалася сярод мясцовых беларусаў. Бацька й Назарук прыкладалі стараньні, каб зарганізаваць у Высока-Літоўску аддзел камітэту. Аднак усе кіраўнічыя пасты ў горадзе займалі старыя польскія паліцыянты й урадоўцы, што варожа ставіліся да ўсяго беларускага й сьцягвалі маладых хлапцоў у паліцыю.

Пасьля здарэньня з гранатай наша сям’я палічыла за лепшае перабрацца ў Высока-Літоўск. Аднойчы мяне выклікалі ў паліцыю. Абшукалі з ног да галавы й пачалі дапытвацца: дзе хаваю пісталет? Пісталет сапраўды ў мяне быў. На ўсялякі выпадак, каб бараніцца ад партызанаў. У выніку мяне й бацьку арыштавалі. Паводле ваеннага часу за незаконнае захоўваньне зброі нам пагражаў расстрэл. Даведаўшыся пра гэта, Назарук кінуўся ў Беласток. Туды ўжо быў накіраваны былы настаўнік нямецкай мовы ў Вільні Эгер, які атрымаў чын афіцэра гестапа. Эгер паабяцаў заапекавацца намі ды зьвярнуцца да свайго начальства. Празь дзесяць дзён нас выпусьцілі, а церазь месяцаў сем-восем у Высока-Л ітоўску зьявіўся Тамашчык. Кажа: «У Менску арганізуецца афіцэрская школа. Трэба, каб Міша ў яе запісаўся». Бацька пачаў адмаўляцца: замалы яшчэ. На што Тамашчык парыраваў: «А як жа справа зь пісталетам? Яна яшчэ не закрыта! Хто вас будзе далей бараніць? Мы ня будзем. Вырашайце самі». Іншага выйсьця, акрамя як пагадзіцца, не было. Прыехаў у Беласток. Агулам там сабралася чалавек трыццаць — як маладых хлапцоў, так і афіцэраў польскай арміі. Апошнія праз два дні зьніклі, і нас засталося чалавек пятнаццаць. Пасялілі ў двох вялікіх пакоях, выдаўшы харчовыя карткі.

Дні праз тры-чатыры, калі нас пачалі перапаўняць думкі, чаму нас трымаюць у Беластоку, нас прывезьлі на працэдуру рэгістрацыі: сфатаграфавалі, зрабілі адбіткі пальцаў. Тады афіцэр гестапа й кажа: «Нікуды вы не паедзеце. У Беластоку будзе зарганізаваны батальён Самааховы. Калі хто надумае ўцячы, будзе жорстка пакараны». Нас перасялілі на галоўную вуліцу Беластоку, на якой месьціўся галоўны штаб Вэрмахту. Абавязалі ахоўваць будынкі, у якіх жылі гестапаўцы. Прайшоў тыдзень-два: заняткаў няма, зброі таксама, я — просты вартаўнік. Вырашыў вярнуцца дадому. Расказаў усё бацьку. Праз тыдзень яго выклікалі ў жандармэрыю: чаму сын уцёк? Бацька кажа: «Яму ж абяцалі, што накіруюць у афіцэрскую школу, а ён вартаўніком стаў». «Калі за 24 гадзіны ён ня вернецца ў Беласток, будзе высланы ў канцлягер», — пачуў у адказ.

Ізноў няма выйсьця… Ісьці ў лес да партызанаў, што кінулі гранату ў хату? Не, лепш ужо быць вартаўніком у немцаў. Ад Ільляшэвіча я даведаўся, што Кёнігсбэрг даў дазвол на ўтварэньне Беларускага батальёну самааховы. Пачалі зьяжджацца афіцэры й моладзь, пераважна з Гародні. Камэндантам батальёну быў прызначаны стары царскі афіцэр Іван Гелда. Прайшло месяцаў восем, і ў адзін сакавіцк і дзень 1944 г. гестапаўцы арыштавалі Гелду й… Пуніка, які чысьціў бульбу на кухні. Агулам арыштавалі чалавек 25: Асецінскі, [Мікола] Грыцук (ягоны брат працаваў на Беласточчыне школьным інспэктарам), Матус і інш. Ніхто ня меў паняцьця, чаму арыштавалі гэтых людзей. Асабліва Пуніка. У канцы 1943 г. у Беласток прывезьлі ўкраінскі батальён. Пасялілі ў тым жа будынку, дзе жылі мы. Раз-пораз гестапаўцы пераапраналі іх у цывільнае адзеньне й адвозілі ў правінцыю, адкуль украінцы вярталіся з багатым уловам харчоў і самагонкі. Беларусы, даведаўшыся, што ўвесь скарб дастаўся ім ад сялян, пачалі дакараць украінцаў — паміж намі ўзьнік антаганізм. Таму ў хлопцаў былі падазрэньні, што да арыштаў прычыніліся даносы ўкраінцаў. Мой сябра Смактуновіч расказаў пад сакрэтам новым камэндантам батальёну Матысіку й Хоху, што гестапа мае сьведкі аб дзеяньні Беларускай Незалежніцкай Партыі. Канкрэтных доказаў ня мае, але прыпушчае, што асяродзьдзе БНП — Беластоцкі батальён. Дарэчы, ведаеце, якім чынам вызваліўся Смактуновіч? Ён сустракаўся зь вельмі прыгожай дзяўчынай, нават хацеў зь ёй ажаніцца. Да дзяўчыны заляцаўся афіцэр гестапа, што, як высьветліла дзяўчына, вёў допыты ў турме. Дзяўчына ўгаварыла афіцэра, каб той вызваліў з-за кратаў Смактуновіча.

Калі Савецкая армія рухала на захад, нас усіх маглі расстраляць. Аднойчы сабралі ўсіх жаўнераў батальёну й пачалі сартаваць па групах. Той самы афіцэр [гестапа] падказаў Гелду, каб браў сваіх хлопцаў і пераводзіў на правы бок. Тым, хто апынуўся на правым баку, сказалі: «Вы вольныя!» Тых, хто стаяў зьлева, пагрузілі ў машыны й, праўдападобна, расстралялі…

Гелда на кароткі час вярнуўся да жонкі, а потым выехаў у Бэрлін. Матысік сабраў пазасталую частку батальёну, прыкладна палову, дзеля правядзеньня перамоваў. Матус настойліва прапаноўваў ісьці ў Белавескую пушчу, партызаніць. Матысік адказаў: «Хто хоча, ідзіце. Хто застаецца, са мной адступаюць у Прусію». Я вырашыў застацца з Матысікам.

Па дарозе ў Прусію спаткалі Асецінскага й Грыцука, якія таксама пачалі ўгаворваць ісьці партызаніць. Страцілі яшчэ каля дваццаці чалавек. Засталося каля сотні. Даведаліся, што асколкі нашага батальёну хочуць далучыць да 30-й дывізіі СС Зыглінга, што выклікала ў нас абурэньне: дывізія гэтая зборная, не беларуская!

Аднаго дня нам пашчасьціла: Матысік сустрэў немца дзядзю Кубу — заступніка Гелды ў Беластоку. Той падзяліўся інфармацыяй, што частку вайскоўцаў немцы плянуюць накіраваць у Нарвэгію. Гэтая пэрспэктыва падалася нам прывабнай, ва ўсялякім выпадку лепшай, чым трапіць на фронт. Прыйшоў загад ехаць у Нарвэгію цераз дацкі Орхус. Група Матысіка дабіралася цераз Бэрлін, другая — Сяргея Гоха — церазь Любэк. Мы з Матысікам завіталі ў Бэрліне да штаб-кватэры БЦР, гутарылі зь Езавітавым, Кушалем і Васіленем. Тыя далі нам даручэньне, каб навязалі ў Нарвэгіі сувязі з заходняй выведкай.

Пасьля вайны Матысік застаўся ў Нарвэгіі. Атрымаў стыпэндыю на вучобу. Скончыў стакгольмскую палітэхніку. Пасьля працаваў у нарвэскай ваеннай індустрыі. У 1955 г. разам з нарвэскай дэлегацыяй адведваў ваенную базу ў Дэнвэры. Тады й атрымаў ад яго апошні ліст. З Калямбусу я пераехаў у Кліўленд, дзе зьмяніў тры кватэры, і мажліва ягоныя лісты да мяне папросту згубіліся. Які лёс напаткаў Матысіка далей, ня ведаю. Дадам, што паходзіў ён зь Беласточчыны, нарадзіўся прыкладна ў 1910 г. Вучыўся ў Варшаўскай палітэхніцы. Трапіў у польскае войска, быў разьмеркаваны ў школу падхаронжых. Як і іншыя праваслаўныя беларусы, быў звольнены ў рэзэрв. А ў 1943 г. прылучыўся да Беластоцкага батальёну самааховы.

У Нарвэгіі нас пасялілі ў лесе, у бараках. Будавалі бункеры. Перад Калядамі Матысік даў загад: ідзі ў лес, сустрэнь рудабародага нарвэжца й зрубіце зь ім елку да сьвята. Спаткаў я таго нарвэжца. А ён даволі добра гаварыў па-расейску: «Слухай, адпусьці мяне ў хату. Тут непадалёк — жонка прыехала, хачу яе пабачыць. Абяцаю, што вярнуся». Я адпусьціў. Пачало цямнець, а нарвэжца ўсё няма. Мяне ўжо пачынае калаціць пры думцы, што са мной могуць зрабіць немцы за такі праступак. Аднак бачу — вяртаецца нарвэжац: «Няўжо ты падумаў, што я ўцяку? Я ведаю, што цябе за гэта расстралялі б. Такі грэх на душу я ня ўзяў бы».

У нядзелі я стаў наведваць праваслаўную царкву ў Осла. Там пазнаёміўся з расейцам Бяловым — інжынэрам-эмігрантам, які ў канцы 1930-х перабраўся ў Нарвэгію. Аднойчы ён запрасіў мяне да сябе ў госьці, на абед. Мы разгаварыліся й не заўважылі, як сьцямнела. Гаспадар прапанаваў заначаваць у яго. Перад сном я стаў на калені перад іконай і маліўся. Бялоў гэта заўважыў празь дзьверы й раніцай сказаў мне: «Упершыню за 25 гадоў пабачыў маладога праваслаўнага хлопца». Так пачалося нашае сяброўства, амаль кожную нядзелю я быў госьцем у яго прыгожай утульнай хаце. Аднаго дня наш батальён перавезьлі ў Ларвік, а адтуль — у Драмэн. Там мы й жаўнеры Вэрмахту склалі зброю. Частка хлопцаў уцякла ў невядомым кірунку. Каб здабыць ДП-карты, Матысік і Хох разам зь некалькімі хлопцамі паехалі ў Осла, дзе месьціліся польскія лягеры. Засталося нас толькі асоб дзесяць. Прыходзіць загад: усе польскія грамадзяне мусяць пераехаць у Консбэрг. Пад’яжджаем да будынкаў лягеру й бачым: уся тэрыторыя абнесена калючым дротам, узброеныя вартаўнікі. Пачаліся допыты. Я й па сёньня не магу сказаць, чаму назваўся жаўнерам арміі Ўласава. На што паручык Немчык, які вёў допыты, адказаў: «Уласаў? А дзе ж тады дзеўся Беластоцкі батальён? Дзе Матысік? Тваё прозьвішча нам знаёмае, раскажы ўсю праўду, і мы пастараемся табе дапамагчы». Нічога не заставалася, як праўдзіва ўсё расказаць.

Немчык параіў мне зьмяніць прозьвішча, але я адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што маю ў Амэрыцы дзеда. «Ведаеш яго адрас? Напішы ліст, і я адпраўлю вайсковай поштай»— прапанаваў Немчык. Церазь месяц я атрымаў ад дзеда пакет з запрашэньнем на пераезд у ЗША. Мяне пасадзілі ў машыну й адвезьлі ў Осла.

На другі дзень да Бялова прыйшлі Немчык зь Персьцяноўскім. Мне расказвалі, што гэты чалавек паходзіў з Заходняй Беларусі. А калі так, праўдападобна, што ён быў вывезены ў Сібір і там далучыўся да Арміі Андэрса. Меў ранг капітана.

Нас сфатаграфавалі й павялі ў польскае прадстаўніцтва. Ужо назаўтра ў мяне быў гатовы пашпарт, а Бялоў даведаўся, што праз два дні ў Амэрыку адыходзіць гандлёвы параплаў.

Добра, думаю, але трэба аддзячыць людзям, якія дапамаглі вырашыць справы. Пайшоў у будынак, дзе знаходзіліся вайсковыя прадстаўніцтвы ўсіх краін-пераможцаў. Пад чаркай забыўся аб дамоўленасьці зь Бяловым, што да захаду сонца мушу вярнуцца. Спусьціўся на вахту ваеннага прадстаўніцтва, калі ўжо сьцямнела. Прашу вярнуць ДП-карту, вартаўнік гучна называе маё прозьвішча. Я выходжу на вуліцу, і тут двое ў цывільным падхопліваюць мяне за рукі й запіхваюць у машыну. Перасадзілі ў «Чайку» й адвезьлі на нейкі востраў, кінулі ў цёмную камору. У думках пракручваю, што са мной станецца. У найлепшым выпадку празь Фінляндыю, як уласаўца, пераправяць у СССР і дадуць 20—25 гадоў лягераў. У горшым…

Тым часам Бялоў, які занепакоіўся маёй адсутнасьцю, распачаў мае пошукі. Пазваніў да Тамары Карстнэк — расейскай арыстакраткі, грамадзянкі Латвіі. Яна працавала ў ангельскага палкоўніка. Зьвязаліся з нарвэскай паліцыяй — мяне няма. Зьвярнуліся на радыё, газэты, куды толькі можна. Паліцыя, дарэчы, паведаміла, што такі выпадак ужо ня першы.

Прасядзеў у каморы пару дзён. Неяк чую: ідзе нейкая група людзей. Але не савецкіх жаўнераў, у якіх падэшвы падбіты цьвікамі. Голас Персьцяноўскага. Той расказаў, што ў іх заставалася толькі шэсьць гадзін — з Осла ў Фінляндыю адпраўляюць шматтысячную армію арыштаваных… Явольны, але што рабіць далей?

Сядзеўшы ў каморы, я маліўся, і падчас малітвы мяне нібыта токам ударыла: уцякаеш у Амэрыку замест таго, каб шукаць бацькоў?! Бацькам не ўдалося ўцячы на Захад. З Бэрліну ў кірунку амэрыканскай арміі, ад савецкіх танкаў павярнулі назад, у бок Польшчы. У Польшчы яны й жылі.

Я папрасіў Персьцяноўскага, каб дапамог перабрацца ў Нямеччыну — бліжэй да бацькоў. Прыехаў у Любэк, дзе спаткаў дзесяць чальцоў батальёну. Сышліся на думцы, што добра было б перабрацца ў амэрыканскую зону. Брэмэн, хоць і знаходзіўся ў ангельскай зоне акупацыі, падпарадкоўваўся амэрыканцам. Расшукалі ў Брэмэне польскі лягер, зарэгістраваліся. Праз тыдзень знаёмыя хлопцы ўладкаваліся на працу ў амэрыканскую вартаўнічую кампанію, і кантакт зь імі згубіўся. Шукаючы бацькоў, я паехаў у Гайдэнаў пад Гамбургам. Сустрэўся з прафэсарам музыкі Алесем Карповічам, які накіраваў мяне ў інтэрнацыянальны лягер у Гамбург. Мікола Шыла расказаў, дзе жывуць сёстры Жукоўскія — Валя й Раіса. Тыя паведамілі, дзе спыніліся Хведар Ільляшэвіч і Канстанцін Хаванскі. Пра маіх бацькоў Ільляшэвіч нічога ня чуў. Прабыўшы ў Ватэнштэце некалькі дзён, я пазнаёміўся з шэрагам беларускіх дзеячоў — Міхасём Зуем, Сьвятаславам Каўшом, Вацлавам Пануцэвічам.

Тым часам наш брэмэнскі лягер перанесьлі ў Кобург. Пабачыўшы яго, усе схапіліся за галаву: вайсковыя казармы, абнесеныя дротам, вышкі, ахоўнікі-паліцыянты. Хочаш выйсьці зь лягеру — пакажы пропуск за подпісам камэнданта паліцыі. А я тады ўжо ведаў аб існаваньні лягеру ў Рэгенсбургу, куды пазьней і накіраваўся. Быў прысутным на Зьезьдзе беларусаў Нямеччыны, на размове зь япіскапамі Апанасам і Філафеем, падчас якой Аляксандар Орса й бацька Родзькі сталі перад сьвятарамі на каленях, молячы тых, каб ня ехалі ў Мюнхэн падпісваць акт аб далучэньні БАПЦ да Расейскай Зарубежнай Царквы.

Вярнуўшыся ў Кобург, на адной зь вечарынаў заўважыў групу хлопцаў, што трымаліся разам. Падышоў, папрасіў агню. Пачаў пытацца, адкуль хто паходзіць: Вялейка, Докшыцы… Адразу ж з задавальненьнем перайшлі на беларускую мову. Адзін з хлопцаў называўся Герман, які расказаў пра свайго брата — Аўген быў камэндантам аднаго з блёкаў. Я іду да яго, пытаюся: «Ты зь Вялейкі?» Той адказвае, што з касьці й крыві паляк. Вярнуўшыся ў Ватэнштэт, расказаў пра гэты выпадак сябрам: адзін брат — беларус, другі, старэйшы, — паляк! Васіленя пытаецца: «А як выглядае гэты Герман? Апішы яго». Пачуўшы адказ, Аляксей папрасіў пачакаць некалькі хвілінаў. Вярнуўся з фатаздымкамі, гляджу — той самы Герман112 . Аказалася, што ён разам з Васіленем вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, паступіў на факультэт права Віленскага ўнівэрсытэту. Змабілізаваў шы іх у армію, палякі адправілі праваслаўных беларусаў у рэзэрв. За часам нямецкай акупацыі абодва служылі афіцэрамі ў Беларускай Краёвай Абароне. Васіленя папрасіў Янку Сурвіллу зрабіць мне копіі. У Кобургу зноў чую ад Германа той самы адказ: паляк з косьці й крыві — і на гэтым кропка. Тады я пайшоў у атаку: «Добра, тады скажы мне, як паляк у рангу афіцэра апынуўся ў БКА?» Герман пачырванеў і закрычаў: «Вон з хаты!» Я дастаю фатаздымкі. Той, гледзячы на іх, аж у твары перамяніўся: «Хто табе іх даў?» — «Васіленя». Герман, зьмяніўшы інтанацыю, пачаў распытваць, дзе Васіленя, дзе Кушаль. Скончылася гэтая гісторыя сумесным расьпіцьцём гарэлкі й клічам «Жыве Беларусь!»

Надумаў аднойчы перавезьці беларусаў з Кобургу ў Міхэльсдорф. Аднак якраз у той час сярод беларускай дыяспары наступіў раскол, пачаліся сваркі. Аднаго дня ў Кобургу зьявіўся Аляксандар Асіпчык, які настойліва агітаваў за «зарубежнікаў». Паслухаўшы ягоныя прамовы, я засумняваўся, што хлопцы захочуць стаць удзельнікамі агульнабеларускай бойкі… А я ў Міхэльсдорф усё ж такі паехаў, здаў экстэрнам матуральныя іспыты ў гімназіі й адправіўся ў ЗША.

Мяне прытуліла другая жонка майго дзеда, часова забясьпечыўшы мяне дахам над галавой і харчаваньнем. Паступіў ва ўнівэрсытэт Калямбус на гістарычны факультэт, аднак здабыць вышэйшую адукацыю не давялося. Я прыехаў у Кліўленд у самы жудасны момант, калі на ўсіх прадпрыемствах бракавала працоўных месцаў. Я ўладкаваўся ў кампанію, якая вырабляла такарныя станкі для вайсковай галіны. Там мяне паабяцалі падвысіць. У выніку ў гэтай кампаніі я прапрацаваў 32 гады, у 1982 г. выйшаўшы на пэнсію.

Першыя зь беларусаў, якім я дапамог пераехаць у Кліўленд, была сям’я айца Аляксандра Лічко. Аднаго дня атрымаў ад іх ліст, у якім яны скардзіліся на невыносныя ўмовы працы на плянтацыях бавоўны ў Арканзасе. Пайшоў па дапамогу да айца Капанадзі — настаяцеля парафіі сьвятога Тэадосія руска-амэрыканскай мэтраполіі. Той паабяцаў Лічку дапамагчы, маўляў, няхай той дашле яму ўсе патрэбныя паперы, уладкуем. Прайшоў нейкі час, адказу Лічко не атрымаў. Я ізноў да Капанадзі. Той пачаў круціць: цяжка, працы няма. Тады я яму нагадваю, што ён абяцаў! Капанадзі зьмяніў тон размовы: «Ды ён жа быў сьвятаром у беларускія лягеры! Ён выкладаў Закон Божы ў беларускай гімназіі! Ягоныя дзеці былі беларускімі скаўтамі! Ён жа прыхільнік расчляненьня Расеі! Такім людзям ня месца ў расейскай царкве!»

Аб гэтым выпадку я расказаў свайму знаёмаму Буневічу, які займаўся маляваньнем хатаў. Выслухаўшы мяне, той паведаміў: едзем да Дудзіча, можа той чым зможа дапамагчы. Буневіч, Дудзіч былі шчырымі беларусамі са старой эміграцыі, што выехалі ў ЗША ў 1910-х гадох. Калі я прыехаў у Кліўленд, яны ўжо мелі дарослых дзяцей. Сын Буневіча вывучыўся ва ўнівэрсытэце й працаваў адвакатам.

Дудзіч з жонкай згадзіліся ўзяць да сябе ў хату дзьве асобы, забясьпечыўшы іх на тры месяцы бясплатным жытлом і на два месяцы бясплатным харчаваньнем. Галіна й Янка, дзеці Лічка, хутка знайшлі ў Кліўлендзе працу, даслалі бацькам 100 даляраў, каб тыя змаглі купіць білеты для пераезду.

Айцец Лічко памёр на пачатку 1970-х. Напачатку ён быў тут актыўны, але яго хутка адсунулі ад усіх справаў, прызначыўшы настаяцелем царквы нейкага Казака.

Агулам выслаў у Нямеччыну каля 25 запрашэньняў, у тым ліку сям’і Аўгена Каханоўскага-Калубовіча. Ён тады лічыўся прэм’ер-міністрам Ураду БНР, і ніхто не хацеў высылаць яму запрашэньне, бо лічылі, што амэрыканскія ўлады не прапусьцяць яго ў краіну. Калі Каханоўскі ўжо чакаў параплаву ў Брэмэне, прэзыдэнт Рады БНР Мікола Абрамчык пачаў патрабаваць ад мяне, каб я адмяніў свой выклік. Маўляў, яму гарантуюць у Нью-Ёрку кватэру й грошы на жыцьцё пры ўмове, што працаваць ён ня будзе. Але гэтыя абяцаньні аказаліся фальшывымі: пасялілі іх у самым жудасным раёне гораду, грошай не плацілі, ён ня мог знайсьці працу. Тады ягоная жонка Яніна ня вытрымала такіх умоваў жыцьця й разам з дочкамі пакінула Аўгена. Калі я пра гэта даведаўся, накіраваўся ў Нью-Ёрк. Угаварыў іх пераехаць у Кліўленд. Разам яны пражылі каля двох гадоў. Маці Каханоўскага не любіла Яню й рабіла ёй жудасныя сцэны. Яня прасіла Аўгена знайсьці новае памяшканьне, каб жыць асобна. Празь некаторы час яна спакавала рэчы й вярнулася назад у Нью-Ёрк… Каханоўскі ж пазнаёміўся зь Інай Рытар, ажаніўся зь ёю й знайшоў кватэру для сваёй маці.

Я ажаніўся даволі позна, калі Беларусь набыла статус незалежнай дзяржавы. Адведаўшы Радзіму, пазнаёміўся з жанчынай Тамарай, філёлягам, што працавала ў Інстытуце павышэньня адукацыі. Сваіх дзяцей я ня маю, але дапамог уладкавацца ў ЗША сыну Тамары, мэдыку па адукацыі. Ён ажаніўся з мэксыканкай, мае сваіх дзяцей.

Трэба адзначыць, што паперы, што я дасылаў беларусам у Нямеччыну, былі напалову фальшывыя. У іх трэба было пазначаць працадаўцу, які гарантуе месца канкрэтнаму чалавеку, а таксама адрас кватэры, у якой гэты чалавек будзе жыць. Такія ўмовы выканаць было немагчыма, таму прыходзілася ісьці на хітрыкі. Я папросту адкрываў тэлефонны даведнік і перапісваў у блянкі інфармацыю, што трапляла на вочы. Дапамагала мне ўкраінская арганізацыя, якая, напрыклад, застрахавала маці Каханоўскага на пяць тысяч даляраў, маючы на рахунку толькі пяць.

Аднаго дня я даведаўся, што мяне запрашае на размову эміграцыйны аддзел. Тыя наткнуліся на маё запрашэньне, адрасаванае Янку Раковічу: «Вось ты напісаў, што ён будзе працаваць на «Фордзе». Але ж «Форд» звальняе людзей! За гэта табе пагражае дэпартацыя з краіны». Я пачаў тлумачыць, што ўсе народы маюць свае арганізацыі, а беларусы што, Богам пакінутыя? Усё гэта чуў старэйшы чалавек, які вельмі зацікавіўся беларускім скаўтынгам, тэму якога я коратка закрануў. Пачаў мяне распытваць пра гісторыю беларускага скаўтынгу ў Нямеччыне, расказаў, што ён сам — стары скаўт. Мяне спыталі, ці толькі Раковічу я хацеў адправіць такое фальшывае запрашэньне. Я сказаў паўпраўды: «Не, ня толькі Раковічу, але й яшчэ нейкім 15—16 асобам». Адказ быў такі: «А хто, акрамя ўкраінцаў, цябе ведае ў Кліўлендзе? Хто можа за цябе паручыцца?» Я назваў прозьвішча рэдактара славацкай газэты Грушэўскага. Славакі ў Кліўлендзе мелі свой манастыр, каталіцкую гімназію.

Калі ў пачатку 1950-х Мікола Абрамчык прыехаў у Кліўленд, мы зладзілі яму такі прыём, пра які ён і ня марыў. Зьнялі вялікую залю чалавек на 400—500, запрасілі прадстаўнікоў новай і старой эміграцыі. Славакі запрасілі Абрамчыка ў свой манастыр. На тых урачыстасьцях я й пазнаёміўся са славацкай грамадой. Грушэўскі запэўніў прадстаўнікоў эміграцыйнага аддзелу, што запрошаных беларускіх людзей яны возьмуць на сваё ўтрыманьне. Чыноўнікі зьмякчэлі, але забаранілі мне далей займацца запрашэньнямі.

Я пяць разоў быў на Бацькаўшчыне-Беларусі. Падчас аднаго з наведваньняў мне ўручылі дыплём ганаровага сябры Інстытуту гісторыі Акадэміі навук. Дыплём я атрымаў за дзьве навуковыя дысцыпліны: нумізматыку й сфрагістыку. Маёй спэцыялізацыяй былі рымскія, арабскія, заходне эўрапейскія манэты ды пячаткі князёў ВКЛ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы