nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як берасьцейская міліцыя прымусіла аўтамабіліста зьдзерці непрыстойную налепку

Ліпень 25, 2015 | Каментары (1)

Яўген Бяласін

спасибо деду 0

 

Падзея дазваляе адсачыць, адкуль плыве “патриотическая” аўтапрапаганда, як пульсава ды выбарча рэагуе наша міліцыя і як інструменталізаваўся імідж “Великой победы”.

Гэтую гісторыю найбольш тэхналагічна было б падаць як фотафакт: “Форд-універсал” да ўмяшальніцтва міліцыі і пасьля. Але як працытаваць нецэнзурную лаянку прыстойным людзям? Таму давядзецца апісваць. Анекдоты, як вядома,  пры пераказе губляюць гумар. Але па-мойму, не да гумару ўжо. Занадта  мы пасунуліся ў перарабляньні жыцьця ў анекдот. Даволі.

 

Вось не магу прасунуцца як сундук міма такога, што было на “Фордзе” асфальтавага колеру ў двары дома паблізу. Адна мужчынская фігурка па-сабачаму пакрывае другую. Зьнізу гадЫ: 1941 – 1945. Зьверху сімвалы: серп і молат  замест галавы ў таго, хто зьверху, і свастыка ў “нахіленага”. Пад усім сабачым “дзействам” абяцаньне паўтарыць.

У салоне збачэнскага гэтага аўто, наўпрост перад носам кіроўцы, вісіць (і жыва ўяўляеш: калі едзе, то боўтаецца) вымпелок “THE SEX MAFIA” з выявай пісталета з доўгім ствалом [гл. першае фота. – Рэд.]. “Пісталет” на англійскім жаргоне, трэба тут заўважыць, мае яшчэ адно значэньне. Няцяжка здагадацца, якое.

Натуральна, хацелася спытаць у такога небясьпечнага суседа рознае. Але ж ня будзеш дзяжурыць. Напісаў яму запіску, параіў зьняць непрыстойнасьць. Але нічога не памянялася.

Аднаго дня выпадкова мільгануў у двары патрульны аўтамабіль ДАІ. Зьвярнуўся да экіпажу. Старшы лейтэнант Малчановіч агледзеў аўто. “Каб ён рухаўся, то былі б у нас падставы… Нельга з такой налепкай ззаду езьдзіць. А так Вам трэба зьвярнуцца ў РАУС Маскоўскага раёна”.

Што я і зрабіў. Электронна. Але спрацавала заява толькі, калі паслаў праз тыдзень дуплетам, на мэйл абласнога УУС і яшчэ раз на раённы.

“Прымусілі зьняць”,  паведаміў пры вочнай сустрэчы маёр Валянцін Андрасюк, камандзір аднаго з падраздзяленьняў абласной ДАІ. Маёр дзіву даецца, як  прыйшло ў галаву маладому чалавеку купіць такое за 50 тысяч і прыляпіць на ўсеагульны агляд. Кажа, што дзядзька маладога мэтрасэксуала, на якога зарэгістраваны аўтамабіль, патлумачыў: ведае пра налепку і не ўхваліў яе. Але зьдзёртая яна была толькі пасьля ўмяшальніцтва ні многа ні мала маёра. Быў выпісаны штраф у адну базавую велічыню, які паменшыўся напалову, да 90 тысяч, “паколькі грамадзянін пагадзіўся самастойна паправіць сітуацыю”.

Потым прыйшоў яшчэ участковы. Закрыць зварот, як я зразумеў. Аказалася, што малады кіроўца “Форда” працуе таксістам. Адкрылася, што ў Берасьці многія таксісты возяць на сваіх аўто гэтую прапаганду. “Каларадскія” стужкі гэта нібы само сабой зразумела. А так – і ордэн Вялікай Айчыннай на ўвесь капот, і іншай мішуры на ўсю заднюю шыбу або на ўвесь бок – не рэдкасьць. Хоцькі-няхоцькі, прыйшло ўсьведамленьне: менавіта так, цераз таксапарк, яшчэ нядаўна залеплівалі людзям зрок і ва Украіне

Гэты прыступ “гонару за Перамогу” ня можа не насьцярожваць. І не прымушаць задумацца.

Мой бацька ваяваў супраць гітлераўцаў. Быў узнагароджаны шасьцю баявымі медалямі. Але калі ўспамінаю, на якой прыступцы сацыяльнай лесьвіцы праз ужо якіх чвэрць века пасьля Перамогі апынуўся ён (пенсіянерам прасіўся ва ўчорашніх троечнікаў-трактарыстаў, каб “соткі” выгаралі) і яго сям’я, а галоўнае, дзе апынуліся ягоныя нямецкія калегі па прафесіі настаўніка – сьляза набягае. 

І ўсё ж сьлязьмі залівацца, натуральна, ня буду.  Насуперак пасылу і сітуацыі распавяду-такі анекдот. Бо ўсё гэта гіпертрафіраванае трызьненьне пра “ПОБЕДУ” мне яго ўвесь час нагадвае, і ўсё тут…

Анекдот гэты пра дзеда і бабу. Абодвум далёка за восемдзясят. Ядуць таўканіцу –  бульбу патоўчаную са шкваркамі. Смаката! Малаком запіваюць. Як дзед раптам аблізвае лыжку і гэц бабку па ілбе! Тая ў енк: “Ты што, здурэў, ёлупе стары? Чаго б’ешся!” А той спакойна так, з расстаноўкай: ”Ну не магу стрымацца, як згадаю, што няцэўнаю цябе ўзяў…”

У нашым выпадку з налепкамі ды іншай прапагандай усё  відавочна куды як больш сур’ёзна.

Ішлі гэтыя гадавіны Перамогі, ішлі сабе, як тут праз 70 гадоў раптам такое абвастрэньне!  І вось ужо даволі шматлікія “Мерседэсы” сталі “трофейными”, “Фольксвагены” навейшых мадэляў ледва едуць пад грузам усіх ордэнскіх налепак, і не абы куды едуць, а “На Берлин!”. І нарэшце, як вянец рукатворнага запалошнага дзявятага валу гэтыя Садом і Гамора.

Найперш пра непрыстойнасьць і неадэкватнасьць словы просяцца. Але скажу пра іншае.

Як афіцэр-контрпрапагандыст запасу, выразна бачу тут прыкметы сьпецаперацыі, і выдае на тое, што яна наўпрост зьвязана з ваеннымі дзеяньнямі ў… братняй Украіне.

Як германіст, скажу, што нам да дэмакратычнай Нямеччыны, дзе з гітлераўскім мінулым 70 гадоў як паквіталіся,  – перці і перці, як да ўсходняй мяжы немалой нашай і, на жаль, зусім апусьцелай у вясковым яе сегменце еўрапейскай краіны.

Нават на гэтым простым прыкладзе з аўтаналепкамі бачна: жывём нейкімі прыступамі. Гадоў зь дзесяць таму ўзяліся цягаць сюды з Расеі нейкія таблеткі ад паху алкаголя.  “Antipolizei“  называліся — маўляў, імпартныя. На вокладцы пачачкі гуллівая дзеўка-самадайка з пуцымі губамі, ва ўніформе і фуражцы міліцыянткі, – усміхаецца, дае пропуск паласатым жазлом. “Езжай, –  маўляў, – хоть и пьяный в дупель, но ведь таблеткой закусил – и не слышно”. Нават у аптэках прыдарожных гэтую гадасьць прадавалі. Зрабіў запыт у абласную ДАІ – як гэта так: фактычна, ідзе спрыяньне аўтап’янству, а гэта самы высокі – да 60 адсоткаў – чыньнік сьмяротных аварый на дарогах! Нават на прафесійны гонар паспрабаваў зьлёгку націснуць: маўляў, супраць міліцыі скіраваны выраб – не абы які ўдар па аўтарытэце. І атрымаў адказ: “Прадаецца легальна, забараняць рэалізацыю не маем права, не наша кампетэнцыя”.

Але відаць пазьней цішком прыдушылі “Antipolizei”. Даўно не  бачна нідзе ў акрузе.

А вось пра вымпелок  з “сэкс-мафіяй” тое самае, той самы сэнс прагучаў, адно што іншымі словамі: “Дык гэта ж у кіёсках у адкрытым продажы…” Падумалася: дык вы хоць прадстаўленьне якое напісалі б у вышэйшыя інстанцыі…

Але скацінную “поБеду” зьняць прымусілі. І нават штраф выпісалі, чаго я асабіста не дабіваўся. Бо галоўнае, каб чалавек зразумеў. А для гэтага проста слова, сказанага своечасова, часта і дастаткова бывае.

 

Яўген Бяласін, Брэст, 27.06.2015

Фота аўтара

 

=

Ад рэдакцыі:

На наша меркаваньне, вельмі актуальную тэму ўзьняў у сваім дакументальным эсэ паважаны аўтар (дарэчы, мы таксама яе перыядычны падымаем, асабліва пра каларадскія стужачкі).

Спадар Яўген паказаў, што ў Берасьці налепкавае шаленства распаўсюджваецца праз таксапарк. Але як  чалавек высокакультурны, інтэлігентны, ён ня мог сабе дазволіць паказваць пэўныя дэталі. Між тым, для гістарычнай дакументаванасьці ёсьць патрэба адзначане аўтарам зафіксаваць і для зрокавага ўспрыняцьця, а чытачам – асабліва замежным – убачыць актуальны факт, зафіксаваны з дапамогай фотаапарата. Зрокавы вобраз часта дзейнічае ня горш, чым трапнае слова. Як мінімум дадае да агульнага ўражаньня. Таму мы ўзялі на сябе няўдзячную справу прадэманстраваць нашым чытачам, як прыкладна выглядае гэтае пераможна-налепкавае шаленства, якое мы назіраем сёньня ў беларускіх і расейскіх гарадах (у Беларусі, праўда, істотна менш).

У свой час мы рабілі соцыя-псіхалагічны аналіз апісанай зьявы. Ён прывёў нас да той жа думкі, якую выказаў і спадар Яўген: гэнае аўта-шаленства, як соцыя-псіхалагічная зьява (у дадатак, натуральна, да адмысловай дзейнасьці адпаведных структур расейскай імперыякратыі, бо людзі нібы самі лепяць гэтую недарэчнасьць на свае аўта) – гэта своеасаблівы спосаб прыглушыць у душы рускага чалавека пакутлівае пачуцьцё з сумесі ганьбы, шкадаваньня, трывогі, бездапаможнасьці, якія паўстаюць у сувязі з тым, што абсалютная большасьць расейскага грамадства па факце падтрымала напад расейскай імперыякратыі на чале з Пуціным на брацкі ўкраінскі народ…    

Ніжэй вы можаце пабачыць некалькі дакументальных фота. Зьвярніце ўвагу, у якой ступені ў людзей страчаны арыентыры адэкватнасьці. Напрыклад, на тое, што “пераможныя” слонганы часта камбінуюцца са сьцягам арміі Ўласава (?!), што многія зь “пераможных” налепак знаходзяцца на нямецкіх ды японскіх аўта (?!). Зьвярніце ўвагу, што на некаторых машынах зроблены дарагі, мастацкі цюнінг, а некаторыя – расьпісаны вандаламі…

Ну, і ў самым канцы мы ўсё ж такі рашыліся прадэманстраваць, як выглядае адзін з варыянтаў той налепкі (у стылі ліберальнай Antifa), якая ў найбольшай ступені абурыла аўтара і справакавала на напісаньне гэтага дакументальнага эсэ.   

спасибо деду 1

спасибо деду 2

спасибо деду 3

 

Каментары (1)

  1. Siarhiej:

    Ці можна “каларадаў” адносіць да біялагічнага віда homo sapiens? У СССР сапраўды выхавалі “новага чалавека”.

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы