Мы – група энтузіястаў – на ўласныя сродкі вырашалі пачаць, як мы лічым, неабходную справу – стварыць і забясьпечыць працу трыбуны, зь якой могуць прадстаўляць свае думкі ўсе тыя, хто лічыць, што беларускі народ – гаспадар сваёй краіны – Беларусі, што Беларусь – гэта наша зямля. Як аптымальна уладкаваць яе, каб кожны беларус і ўвесь беларускі народ у цэлым маглі максімальна поўна раскрыць свой жыцьцёвы і гістарычны патэнцыялы – вось асноўная тэма, да якой зьвернуты нашыя пачуцьці і думкі.
Каб больш дакладна акрэсьліць тую сьферу інтарэсаў, у адпаведнасьці зь якой будуць зьбірацца і прэзентавацца матэрыялы на нашым сайце, аб’яўляем 5 галоўных тэмаў (гл. малюнак):
1. Аналіз грамадскай сітуацыі ў цяперашняй Беларусі (тэма: Беларусь цяперашняя).
2. Аналіз сітуацыі ў сучасным Сьвеце людзей (тэма: Сьвет сёньняшні).
3. Уяўленьні пра беларускую дзяржаву, як нашу мару (тэма: Беларусь будучая).
4. Уяўленьні пра ідэальна ўладкаваную агульналюдскую цывілізацыю, да якой варта імкнуцца (тэма: Сьвет будучы).
5. Праграма пераходу ад сёньняшняй Беларусі да Беларусі будучай, калі зыходзіць з таго, што ўлада нібы ўжо ў нашых руках (тэма: Пераход у будучыню).
Па-сутнасьці, варта ўяўляць, быццам мы ўсе вырашылі зьбіраць матэрыялы для будучай кнігі пад назовам “Наш беларускі шлях”.
Паколькі вызначэньне грамадскі значных мэт і іх абаснаваньне ёсьць сьферай ідэалогіі, наш сайт можна лічыць ідэалагічным. Мы будзем усімі сіламі імкнуцца, каб дадзеная ідэалогія была навуковай!
Лагатыпам сайта, як вы бачыце, абрана наша нацыянальнай птушка шчасьця – бусел, якая, прылятаючы на Беларусь, сваімі крыламі разганяе сьвінцова-шэрыя хмары няўдач і нашчасьцяў, апанаваўшых нашу зямлю… Вы глядзіце ўверх і бачыце, што неба над сёньняшняй Беларусьсю стала чыстым…
Адначасова зьвяртаем увагу чытачоў і будучых аўтараў: мы не плануем займацца палітыкай – сьферай грамадскага жыцьця, зьвязанай з узяцьцем і распараджэньнем улады. Мы ня будзем займацца прапагандай ці PR-ам (бо гэта палітычныя тэхналогіі). Мы ня будзем сайтам грамадскіх навінаў. Такія сайты ўжо ёсьць. Заранёў просім артыкулы з неаналітычнай грамадазнаўчай тэматыкай ці проста навінамі нам не дасылаць. Наш сайт будзе аналітычна-прагнастычным, калі жадаеце, сьветаглядна-ідэалагічным.
Праца сайта будзе арганізавана так, што кожны артыкул можна будзе абмеркаваць, даслаўшы свае каментары (гл. сімвалы пад кожным артыкулам). Свае матэрыялы для друку можна дасылаць на Е-адрас: info@nashaziamlia.org
Галоўным рэдактарам сайта адзінагалосна абраны вядомы грамадскі дзеяч прафесар Алесь Астроўскі.
Ён – беларус. Карэнны гарадзенец. Нарадзіўся ў 1957 г. у рабочай сям’і. Жанаты, мае шасьцёра дзяцей. У 1980 г. з адзнакай скончыў Гродзенскі медыцынскі інстытут (цяпер медыцынкі універсітэт) і з таго часу працуе там жа на кафедры медыцынскай біялогіі й агульнай генетыкі. З 1985 г. кандыдат біялагічных навук, з 1993 г. – доктар медыцынскіх, з 1994 г. прафесар. З 1986 г. (з часоў гарадзенскай “Паходні” – вось ужо больш 20 гадоў) актыўна займаецца грамадска-палітычнай дзейнасьцю. Удзельнічаў у шэрагу кампаній. Да 2004 г. быў сябрам БНФ “Адраджэньне” і Партыі БНФ. Прафесар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадска-палітычнай сітуацыі. Апошняе слова па ключавых пытаньнях і працы сайта (вызначэньне стратэгіі, вырашэньне спрэчных пытаньняў і г.д.) будзе за ім…
Працу нашага сайта мы пачынаем з прадстаўленьня апошняга аналітычнага артыкула Алеся Астроўска “НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА!”. Атрыкул быў напісаны за паўгады да апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Яго не пажадалі друкаваць газета “Народная воля”, сайт pahonia.promedia.by, часткова надрукавала газета “Наша слова”, а поўнасьцю надрукавалі толькі маскоўскія беларусы на сваім сайце www.probelarus.ru, за што мы ім выказваем асаблівую падзяку… (пазьней, на жаль, Е-адрас гэтага сайта быў перахоплены лукашыстамі й цяпер ён уяўляе нешта цалкам супрацьлеглае таму, чым зьяўляўся ў 2005-07 гг.) Прачытаўшы артыкул, вы можаце самі пераканацца, наколькі дакладна прадказаны і прааналізаваны тыя падзеі, якія цяпер ужо сталі гістарычнымі фактамі.
Файна! Паглядзім, што будзе далей…
думаю жить вам недолго…