nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.1)

4 красавіка, 2006 | 3 каментарыя

Алесь Астроўскі
Частка 1. Пра наш галоўны клопат

У Беларусі, пачынаючы з 1994-96 гадоў, істотна павялічылася доля людзей, якія разумеюць, наколькі радыкальна можна ўплываць на “меркаванні” і рэакцыі людзей з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій. Як лёгка можна пераўтварыць арганізаванае грамадства ў хаатычную жывёльную масу, зрабіць яе паслухмянай прыладай у руках тых, хто мае ўладу і кантралюе СМІ. Многія беларусы праз аналіз гэтых тэхналёгій навучыліся выяўляць сапраўдныя мэты ўладутрымаючых, набылі імунітэт да маніпулятыўнага ўздзеяння. Але пакуль такіх людзей у нашым грамадстве меньшасць. Таму ў цэлым яно працягвае заставацца “ўдзячным” аб’ектам для прыўладных маніпулятараў.


Але гэта паўбяды. Другая і не менш значная праблема, што пад уплыў прапагандысцка-маніпулятыўнага ўздзеяння і розных іншых штучных тэхналогій падпадаюць апазіцыянеры – у тым ліку і тыя, хто шчыра жадае свайму беларускаму народу ўсялякага дабра. Між тым ад адэкватнага ўспрыняцця рэчаіснасці менавіта гэтай грамадскай групай у найбольшай ступені залежыць перспектыва магчымых станоўчых змен у будучыні. Так, калі запытацца ў таго ці іншага лідара апазіцыі: якую шкоду рэжым Лукашэнкі наносіць Беларусі? – як правіла, будуць названы самыя розныя кірункі дэструктыўнага ўздзеяння: “абмежаванне свабоды слова”, “пераслед апазыцыйных дзеячаў”, “забарона на правядзенне сходаў і мітынгаў”, “парушэнне правоў чалавека”, “фальсіфікацыя выбараў”, а таксама “парушэнне правоў творчых саюзаў, рэлігійных і нацыянальных мяншыняў” і г.д. Але пры гэтым ня будзе названа галоўнага…

Для ілюстрацыі дазволю сабе адну цытату з Інтэрнэт-сайта беларускай службы радыё “Свабода”, дзе пададзена інфармацыя пра круглы стол, які прайшоў у Маскве ў лютым 2005 г.: “У прэсавым цэнтры Расейскага інфармацыйнага агенцтва “Новости” гасьцявалі: ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька і старшыня фонду “Разам” пры БХК Уладзімер Някляеў, супрацоўніца праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка, кіраўнік грамадзкага руху “За справядлівыя выбары” Аляксандар Вайтовіч, адзін з кіраўнікоў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў, старшыня аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка. Ад расейскага боку “першай скрыпкай” быў старшыня Савету ў зьнешняй і абароннай палітыцы Сяргей Караганаў. Уздымаліся найбольш праблемныя для Беларусі тэмы – перасьлед апазыцыйных дзеячаў, абмежаваньне свабоды слова, фактычная забарона на правядзеньне сходаў і мітынгаў (…) Паэт Уладзімер Някляеў распавёў, як бесцырымонна ў Беларусі парушаюцца правы цэлых творчых саюзаў”.

Вось, аказваецца, штó лідары вядучых грамадскіх арганізацый лічаць найбольш праблемнымі для нас тэмамі. А ці сапраўды гэта самыя галоўныя праблемы, якія наносяць найбольшую шкоду нашаму грамадству?

А тое, што ў “незалежнай Беларусі” ўжо больш за 10 гадоў (ад першага лукашэнкаўскага “рэферэндуму”) зноў адбываецца спецыяльна арганізаваны этнацыд беларускага народу, відавочным наступствам якога з’яўляецца яго хуткая духоўная і фізічная дэградацыя – гэтая з’ява да найбольш праблемных, што, не належыць?!

Як кажуць, «а слана дык я і не заўважыў…»
Дарэчы, для пазначэння зместу гэтай ганебнай з’явы, якая назіраецца ў нашай краіне, трэба выкарыстоўваць менавіта тэрмін “этнацыд”, які азначае генацыд нацыянальнай культуры, уключаючы генацыд мовы, гістарычнай памяці, светагляду і г.д. Ён складаецца з дзвюх фаз: на татальную дэнацыяналізацыю беларусаў наслойваецца штучная татальная русіфікацыя. Таму некарэктна выкарыстоўваць для нашай сітуацыі ў кантэксце этнацыду паняцці “дэнацыяналізацыя” альбо “русіфікацыя” з-за неапраўданага звужэння сэнсу. Некарэктна таксама падмяняць паняцце “этнацыд” выразам “дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце”, бо мы маем дачыненне не з групай беларусаў, якіх дыскрымінуюць недзе ў далёкіх краінах, а з мэтанакіраваным генацыдам культуры ўсяго беларускага народу на яго ўласнай этнічнай тэрыторыі, ва ўласнай дзяржаве!

Некаторыя грамадскія дзеячы, відавочна апярэджваючы падзеі, дайшлі ўжо да таго, што лічаць беларусаў і рускіх аднолькавымі (адзіным этнасам, адной нацыяй). Так, вядомая пісьменніца Алексіевіч заяўляе, што беларускі народ у асноўным ужо “рускай свядомасці”. Можа яна не ведае, што ў такім разе знаходзіцца ў адным шэрагу не з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, а са сп-ром Лукашэнкам (які кажа, што “беларусы – гэта тыя ж рускія”), з прэзідэнтам Пуцінам – аўтарам генацыду чачэнскага народу і адначасова аўтарам выразу “беларусы і рускія – адна нацыя”, а таксама з усімі рускімі шавіністамі і фашыстамі, якія імкнуцца навязаць нам гэтую абсурдную думку яшчэ з часоў царызму?
Думаю, ведае. Як і мы: пана пазнаем па халявах, а агента ўплыву – па ідэалагемах, якія ён імкнецца нам навязаць…

Адмыслова для прадстаўнікоў “беларускай грамадскасці”, такіх, як Алексіевіч (прабачце, не ведаю яе сапраўднага дзявочага прозвішча), а таксама для тых, хто некрытычна можа праглынуць гэтую і падобныя гэтай заявы-ідэалагемы, магу наўскідку нагадаць некалькі прыцыповых адрозненняў паміж двума ўзгаданымі славянскімі народамі, якія іх істотна размяжоўваюць.
Па-першае, у беларусаў адрозны генафонд. Больш за тое, мы па сваіх генетычных асаблівасцях бліжэй да ўкраінцаў, палякаў і нават да летувісаў, чым да рускіх. Усё гэта абумоўлена асаблівасцямі гісторыі фармавання нашага этнасу. Таму, калі нас прыпісваюць да рускіх, гэта выглядае, як быццам бы нас прымушаюць здрадзіць тром родным братам на карысць аднаго стрыечнага, аргументуючы гэта тым, што ён большага памеру і больш нахабны… Акрамя таго, наш генафонд вельмі багаты і каштоўны. Доказам гэтага з’яўляюцца асобы агульнацывілізацыйнага маштабу, якія з яго выйшлі – Ефрасіня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Францішак Скарына, Леў Сапега, Андрэй-Тадэвуш Касцюшка, Міхал Агінскі, Адам Міцкевіч, Фёдар Дастаеўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і многія іншыя…

Па-другое, змест нашай беларускай культуры (у прыватнасці фальклор) настройвае “свядомасць” беларусаў, што асновай іх дабрабыту і шчасця ёсць сумленная праца. Маўляў, стварай, працуй – і, у выніку, будзеш шчаслівым. У фальклоры рускіх да працы стаўленне адваротнае – грэблівае, затое актыўна прапагандуецца… антыпраца – халява. Калі мы адмовімся ад зместу нашай культурны (што, натуральна, немагчыма, але зробім высілак і ўявім такое) на карысць ідэі халявы ў вобразе залатой рыбкі, жар-птушкі, чароўнага шчупака, канька-гарбунка, чароўнага жорава і г.д., мы зробім неверагоднае глупства, бо ўсе народы, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у эканамічным і культурным развіцці (германцы, японцы, шведы, англа-саксы), маюць той самы змест нацыянальнай “свядомасці” (помніце агульнаеўрапейскую казку пра Папялушку?), што і мы – беларусы. І, як бачым, нездарма…

Па-трэцяе, у нас прыняты больш складаныя і тонкія адносіны паміж людзьмі. Гэта бачна хаця б па тым, што рускае слова “отношения” ў беларускай мове мае некалькі адпаведнікаў, кожны з якіх мае свае адценні – адносіны, стаўленне, дачыненні, стасункі, зносіны… Дадзеныя моўныя адлюстраванні беларускай “сведамасці” па-руску нават цяжка патлумачыць, выказаць. Прычына ў тым, што беларусы стагоддзямі жылі ў значна больш вольнай дзяржаве, дзе шляхта абірала свайго караля ці вялікага князя і магла быць з ім на роўных, “на ты” (пан-брат). Для быцця на роўных людзям патрэбны больш складаныя, тонкія, адрэгуляваныя адносіны, якія і адлюстроўвае мова. У імперыі рускіх дамінавалі вертыкальныя, сада-мазахісцкія адносіны, дзе цар-імператар быў “намеснікам Бога на зямлі”, баяры-дваране былі яго рабамі, а ўсе іншыя – рабы рабоў. Відавочна, што пры дадзенай прымітыўнай форме адносін, узятай з далёкага мінулага (па дадзеных этолагаў прадстаўленай зараз таксама ў іерархічнай арганізацыі грамадскіх жывёл), ніякія тонкасці ў “адносінах” не патрэбны… Лёгка заўважыць, што руская масавая “сведамасць” працягвая захоўваць дадзеныя прымітыўныя, сада-мазахісцкія рысы і зараз, а адносіны на роўных успрымаць не здольна і заве “панібрацтвам”. Тым часам вертыкальныя, сада-мазахісцкія ўзаемаадносіны патрэбны толькі ў час вайны (як для нападу, агрэсіі, так і для абароны), для стваральнай дзейнасці патрэбна праца людзей і іх супраца. А супрацоўніцтва магчыма толькі на роўных (г.зн., па гарызанталі).

Па-чацвёртае, беларусы былі стваральнікамі і стагоддзямі гаспадарамі знакамітай і магутнай сярэднявечнай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Усе ведаюць, як нашы продкі кіравалі ёй і як сябе паводзілі. Ведаюць, што на фоне іншых краін тых часоў гэта была найбольш дэмакратычная і мірная краіна – прыхільніца еўрапейскіх форм кіравання грамадствам. Беларусы стварылі ўнікальны на той час дакумент – Статут ВКЛ – фактычна першую ў свеце канстытуцыю! А чым могуць ганарыцца рускія? Стварэннем адной з самых крыважэрных імперый за ўсю гісторыю чалавецтва? Такім чынам, нас падзяляюць правераныя гістарычнай практыкай дэмакратызм і імперскасць “свядомасці”, свабоды чалавека і ўсеўладдзе манарха, мір і вайна…

Пятае, нас істотна падзяляе і сама гісторыя. Ці маем права мы забываць, пра тую шкоду, якую нашаму народу зрабілі маскавіты ў 16, 17, 18, 19, 20-м стагоддзях, уключаючы найперш гіганцкія людскія і матэрыяльныя страты? Пра паўстанні нашых продкаў супраць расейскага рабства ў 1796, 1830, 1863, 1920 гг.? Ці маем мы права ігнараваць факт, што для сучасных рускіх Іван ІІІ, Сувораў, Мураў’ёў, Сталін і т.п. – гэта героі і малойцы, якія спрыялі “расширению и укреплению их великой России”, а ў нашай беларускай “свядомасці” гэта ўсё спрэс адмоўныя, крывавыя персанажы нашай уласнай гісторыі? Ці маем права мы забываць, што нашы вялікія ўсходнія тэрыі да гэтай пары знаходзяцца ў складзе расейскай імперыі, што толькі на працягу 20-га стагодзя Расея шмат разоў гандлявала нашымі заходнімі землямі, перадаючы іх каму папала? Ці мае права рабіць выгляд, што нам быццам бы ўсё роўна, калі бачым, як рускія радуюцца знішчэнню нашай мовы, а ўсе нармальныя беларусы – пакутуем? У такой ступені, у якой мы не “Иваны, не помнящие родства”, а сапраўды беларусы, мы і далей не толькі маем намер ведаць, памятаць і паважаць сваіх продкаў і сваю гісторыю, а і абавязаны так рабіць.

Шостае. Рускаму народу, які стагоддзямі выкарыстоўваўся як непасрэдны інструмант імперскай палітыкі ў адносінах да іншых народаў, цяпер жадаюць усяго благога дзесяткі мільёнаў людзей – усё яшчэ жывыя прадстаўнікі гэтых народаў. Такое стаўленне захаваецца на ўвесь час, пакуль побач з рускімі будуць жыць іншыя этнасы – г.зн., практычна назаўсёды. Да беларусаў, наадварот, стаўленне добразычлівае, і гэты капітал з’яўляецца неацэнна каштоўным. Яго ні пры якіх абставінах нельга згубіць. Больш за тое, як толькі здарыцца нагода, варта папрасіць прабачэнне ў тых народаў, у спробы закабалення якіх мы – беларусы – былі ўцягнуты суседняй імперыяй, пачынаючы з тых жа аўганцаў, якіх у час вайны 1979-1989 гг. загінула каля 1 мільёна чалавек! Акрамя таго, у гэтай запрацаванай усёй нашай шматпакутнай гісторыяй каштоўнасці ў дадатак да маральнага, ёсць яшчэ істотны практычна-палітычны бок. Расейская імперыя, пабудаваная на гвалце і крыві шматлікіх народаў, якая давала пачуццё ўяўнай “велічы” рускаму народу («державообразующий народ»), зараз знаходзіцца пад пагрозай развалу. Наступае час расплаты за ўсё зло, зробленае напрацягу стагоддзяў. Прадстаўнікі “вялікага” народу, інтуітыўна прадчуваючы гэта, заканамерна ўпадаюць у комплекс імперскай непаўнавартасці. Таму, акрамя ўзмацнення агрэсіі (што нагадвае перадсмяротныя сутаргі), ім хочацца ўцягнуць у гістарычную адказнасць яшчэ каго-небудзь, каб хоць неяк разбавіць сваю віну. Не, даражэнькія. Вы – “вялікія”, вы – “магутныя”, вось і будзьце імі без нас. Адказвайце самі за ўсе свае грахі.

Сёмае. У нашай культуры не толькі глыбокі і перспектыўны змест, а і цудоўная форма. Так, напрыклад, беларускія народныя танцы вельмі разнастайныя і высокамастацкія. Яны заўсёды ў парах, прызначаны для гарманізацыі адносін паміж хлопцам і дзяўчынай. У беларускіх народных танцах няма скамарошыных выкрунтасаў, яны не бываюць строем… А ўзяць нашу мову. Яна і больш распрацаваная, і больш мілагучная, і больш старажытная, і правапіс у ёй у значна большай ступені супадае з вымаўленнем. Апошняе мае прынцыповае значэнне для фармавання цвярозага светагляду, адэкватнага рэчаіснасці (гаворым “малако” і пішам “малако”, а не так, як у рускай ці некаторых іншых мовах – гаворым “малако”, а пішам “молоко”. Чаму? Навошта? Разумна патлумачыць немагчыма). Прыйдзе час і мы вернем некаторыя правілы тарашкевіцы (напрыклад, “ня”, “бяз”, мяккі знак, адмененыя ў пачатку 30-х), каб гэтыя асаблівасці беларускай мовы былі і заставаліся яшчэ больш выразнымі. Скажэнні (гаворым адно, пішам другое) пярэчаць беларускай “свядомасці”, затое істотна спрыяюць развіццю знакамітага “думаем адно, гаворым другое, а робім – трэцяе”. Таму вы клапаціцеся самі пра свой “великий и могучий”, а мы будзем берагчы нашыя ўласныя каштоўнасці, у тым ліку і такія, як наша мова, якія дазваляюць нам успрымаць свет больш непасрэдна, рэалістычна, адэкватна…

Восьмае. Беларускі менталітэт мае іншы (у параўнанні з рускім) кірунак погляду ў будучыню. Пасля таго, як беларускі этнас умацуецца ў межах сваёй этнічнай тэрыторыі, беларусы будуць думаць толькі пра далейшае інтэнсіўнае развіццё сваёй дзяржавы і пра ўзаемадачыненні на роўных з усімі суседнімі народамі. Проста таму, што такія мы ёсць. Руская “свядомасць” найперш ўключае экстэнсіўны кірунак развіцця, накіраваны на захоп, на экспансію на чужыя тэрыторыі (бо для рускіх зямля – гэта не сродак працы, як для беларусаў, а тэрыторыя), дзе далей рускія здольны практыкаваць толькі адзін вядомы ім сада-мазахіцкі варыянт узаемадачыненняў з іншымі народамі. Гэта азначае, што ў будучым свеце, які наступіць праз некалькі дзесяцігоддзяў ці стагоддзяў, і дзе будуць магчымы ўзаемадачыненні паміж народамі толькі ў выглядзе супрацоўніцтва на роўных, рускім проста няма месца, а беларусам – ёсць, бо па ўсіх параметрах мы ў самы раз падыходзім для будучай агульналюдскай цывілізацыі… Калі ж рускія пажадаюць застацца ў будучыні, ім прыйдзецца змяніць сваю “свядомасць” кардынальным чынам і менавіта ў беларускім кірунку.

Пералічаныя і іншыя падобрыя ім факты паказваюць якасны ўзровень адрозненняў паміж беларусамі і рускімі. Але, калі чалавек жадае ўстаць у адзін шэраг з найбольш адыёзнымі асобамі нашай рэчаіснасці, яго нічым не пераканаць. Тады навошта прыкідвацца чалавекам, які “любит белорусский народ” (Алексіевіч)? Каго гэтым можна падмануць пасля дэзавуявання беларусафобскай сутнасці свайго светагляду?

У цэлым стан разумення беларускай сітуацыі многімі “лідарамі” “беларускай” грамадзянскай супольнасці сапраўды жахлівы. Як тут не падтрымаць пафас артыкулу Н.Гілевіча “Яшчэ раз: за што змагаемся?” (“НВ” ад 2 верасьня за 2005 г.). Абсалютна згодны з болем нашага знакамітага паэта, які чытаючы праграмныя заявы і аналітычныя артыкулы лідараў апазіцыі, не знаходзіць там “… ні слова, ці амаль ні слова, пра самае галоўнае – пра лёс нацыянальнай мовы і культуры, гэта значыць пра лёс беларускай нацыі”!

Паколькі этнацыд з’яўляецца самай галоўнай сучаснай беларускай праблемай, яго нельга не ўзгадваць у шэрагу іншых праблемных тэм, нельга выносіць за дужкі. Маўляў, давайце спачатку вырашым іншыя пытанні, а затым зоймемся гэтым. Больш за тое, праблема этнацыду павінна заўсёды ўзгадвацца як першая, галоўная, без вырашэння якой немагчыма вырашыць іншыя беларускія праблемы. У адваротным выпадку (пры “вынясенні за дужкі”) будзе мець месца падман ці самападман. Прадэманструю гэта арыфметычна.


Так, усім зразумела, што 1 = 1.
Таксама будзе ўсё правільна, калі мы запішам 2:2 = 5:5 (бо 2:2 = 1 і 5:5 = 1).
Калі ж мы “вынясем за дужкі” 2 і 5 і скароцім аднолькавыя множнікі 2 (1:1) = 5 (1:1), мы атрымаем… абсурд: 2 = 5.


Аднак “логіку” падобную прадэманстраванай, можна часта сустрэць у якасці “сістэмы доказаў” у спрэчках на грамадска-палітычныя тэмы. З яе дапамогай можна “давесці” ўсё, што заўгодна. У чым жа яе загана? Якраз у тым, што незаконна робіцца вынясенне за дужкі!

Этнацыд – гэта злачынства, якое разам з генацыдам (фізічным вынішчэннем этнасу) і экацыдам (знішчэннем усяго жывога разам з людзьмі на пэўнай тэрыторыі) належыць да групы найбольш цяжкіх злачынстваў супраць чалавечнасці. Таму тыя, хто пры пераліку “найбольш праблемных для Беларусі тэм” не называюць на першым месцы гэтую праблему ці ўвогуле выносяць яе “за дужкі”, робяць супрацьзаконныя дзеянні – свядома скажаюць рэчаіснасць.

Калі нехта думае, што цяперашнія лідары апазіцыйных партый здольны лепш, чым грамадскія дзеячы, выяўляць сімптомы грамадскіх хваробаў, аналізаваць беларускую сітуацыю і ставіць больш адэкватны рэчаіснасці дыягназ, той зноў памыляецца. Пры прадстаўленні гэтымі людзьмі галоўных грамадскіх праблем іх рэйтынг, як правіла, выглядае таксама істотна скажоным. У ранг галоўных пытанняў зноў узводзяцца абстрактныя правы абстрактнага чалавека, “демократия вообще”, уціск “польскай меньшасці” і т.п., пералічанае вышэй. Нават на Кангрэсе дэмсілаў Беларусі ва ўсіх прынятых рэзалюцыях ніводнага разу не сустракаецца слова “этнацыд”! Рэзалюцыя па беларускай мове, як сведчаць прысутныя, з’явілася толькі ў дадатак, на другі дзень. Арганізатары кангрэсу – лідары партый – яе і не планавалі… Яна была запрапанавана і вынесена на галасаванне пасля настойлівага патрабавання дэлегатаў кангрэсу. А запрашэнні на Кангрэс дэмсілаў Беларусі (!) і ўвогуле былі напісаны… на рускай мове, з-за чаго, напрыклад, Рыгор Барадулін стаў “Григорием Ивановичем” і, натуральна, на такі “беларускі кангрэс” не пайшоў.

Найбольш яскравай дэманстрацыяй стаўлення палітычнай апазіцыі да названай праблемы сталі падзеі вакол рашэння Еўракамісіі, сп-ні Бэніты Вальднер і радыёстанцыі “Deutsche Welle” вяшчаць на Беларусь з “цывілізавагана Захаду”… па-руску (?!). Як і трэба было чакаць, гэтае абсурднае і супрацьзаконнае (нават з пазіцый сучасных еўрапейскіх нормаў) рашэнне падтрымалі прадстаўнікі самых скрайніх частак палітычна-апазіцыйнага спектру – лібералы (частка АГП) і камуністы, а таксама такія дзячы, як Фралоў і Клімаў. Падобныя факты варта запамінаць, каб таксама разбірацца, хто ў сучаснай “апазіцыйнай эліце” дэмакрат, а хто – беларусафоб!

Што да пытання з польскай меньшасцю, дык калі мы, шануючы праўду, павернем сітуацыю на 180о (а так заўсёды трэба рабіць пры пошуку праўды) і паглядзім, а што адбываецца з беларускай меньшасцю ў Польшчы, мы таксама ўбачым… этнацыд.
Як інфармуюць улады РБ, колькасць беларусаў на Беласточчыне паміж апошнімі перапісамі паменьшылася на чвэрць мільёна (з 300 тысячаў да 48 тысячаў)! Яны напэўна не загінулі (я пакуль не дапускаю думкі, што недзе паміж Беластокам і Гайнаўкай знаходзяцца яшчэ адні Курапаты), не эмігравалі, іх не павёў беларускі Майсей вандраваць па пустынях Еўропы. Хутчэй за ўсё – не. Ім проста чамусьці (цікава чаму?) стала цяжка, боязна, непрыемна, няўтульна прызнаваць сябе беларусамі. І што цікава, аб гэтай праблеме (этнацыдзе беларусаў на этнічнай беларускай тэрыторыі ў Польшчы) гавораць не прадстаўнікі “дэмакратычных партый”, а… ўлады РБ (?!). Канешне, і тыя ўзгадваюць пра гэта праз зубы, толькі ў адказ на адпаведныя заявы і акцыі з польскага боку, бо самі праводзяць інтэнсіўную палітыку этнацыду беларусаў у “сувярэннай Беларусі” і спрыяюць гэтай палітыцы на этнічных беларускіх землях у Польшчы. Але чаму па гэтым факце не было чуваць заяваў ніводнага “дэмакрата” – ні “беларускага”, ні ніякага?!

Нават Пётр Краўчанка ў сваім праграмным артыкуле (“НВ” за 23 верасня), выступаючы нібы з пазіцый беларускага нацыяналізму, сцвярджае: “Мы павінны будаваць не так званую этнічна чыстую, а еўрапейскую дзяржаву, у якой не будзе месца манаполіі толькі адной этнічнай адзінкі на ўладу. Гэта было б спробай гістарычнага рэваншу і дэградацыі ідэі беларускай дзяржаўнасці. У ёй павінна быць аднолькава ўтульна рускаму і паляку, украінцу і яўрэю, татарыну і літоўцу, мігранту з краін СНД. Галоўнае для нас не чысціня крыві, а прафесіяналізм чалавека, яго маральная прыстойнасць, грамадзянская адказнасць, патрыятызм, веданне і любоў да беларускай мовы, гісторыі і культуры”.

Па-першае, хто і дзе, паважаны сп-р Краўчанка, ў здаровым розуме і не будучы правакатарам заклікаў будаваць “этнічна чыстую дзяржаву”, забяспечваць “чысціню крыві” і “манаполіі толькі адной этнічнай адзінкі на ўладу”? Па-другое, а што, сярод 82% беларусаў, якія жывуць ва ўласнай краіне, доля маральных, прыстойных, адказных, прафесійных значна меньшая, чым сярод прадстаўнікоў нацыянальных меньшасцяў, з-за чаго для заняцця вакантных кіраўнічых пасад трэба шукаць кандыдатуры менавіта сярод апошніх? Па-трэцяе, звяртаю ўвагу, што ўніверсальны нацыяналізм і інтэрнацыяналізм спалучаюцца, і нават вельмі добра (тэарэтычна і практычна сапраўдны інтэр-нацыяналізм магчымы толькі на аснове ўніверсальнага нацыяналізму; у іншым выпадку будзе не інтэрнацыяналізм, а эклектычны касмапалітызм), а нацыяналізм і касмапалітызм – не спалучаюцца. Таму хаатычна перамешваць у сваім светаглядзе нацыянальныя і касмапалітычныя погляды, як мінімум, неэстэтычна, нясмачна (катлета з тортам). Больш за тое. Лічачы сябе і ўніверсальным нацыяналістам і гуманістам, заяўляю, што падобная мешаніна ёсць… небяспечнае блюзнерства.

Патлумачу на прыкладзе. Уявіце сабе, што мы жадаем падвысіць узровень агульнай культуры людзей і вырашылі навучыць іх успрымаць мастацтва Рэмбранта і Малевіча, паэзію Шэкспіра і Міцкевіча, музыку Баха і Агінскага і г.д. Здавалася б, добрая справа. А цяпер уявіце, што мы пачалі “далучаць людзей да вышэйшых дасягненняў сусветнай культуры” не ў звычайных абставінах, а тады, калі ў іх нявырашаны значна больш істотныя праблемы – напрыклад, у асяроддзі крымскіх татараў, якіх вязуць у дэпартацыю ў Сібір, сярод жыхароў Украіны у час галадамору, сярод вязняў нацысцкага канцлагеру, якія стаяць у чарзе ў крэматорый, сярод жыхароў цяперашняй Чачні, якія жывуць у атмасферы пастаяннага тэрору з боку бандфармаванняў суседняй імперыі… Уявілі? Сапраўды, цынізм і блюзнерства. Вось прыкладна так выглядае клопат “пра ўсіх іншых” на фоне той бяды, якая адбываецца з нашым народам цяпер.

Такі “інтэрнацыяналізм” (а на справе тыповы разбуральны касмапалітызм, звязаны са спрытным “вынясеннем за дужкі” галоўнага, у нашым выпадку беларускіх праблем) – гэта відавочны элемент сацыяпаразітычнай тэхналёгіі. Ён на практыцы заўсёды прыводзіў і зноў прывёў да таго, што, напрыклад, у Гародні, дзе жыву я і дзе 2/3 жыхароў складаюць беларусы, ёсць 37 рускіх школ, 1 выдатна забяспечаная польская школа і… ніводнай беларускай! Гэты ж “клопат пра ўтульнасць для іншых” стагоддзямі прыводзіў і зноў прывёў да таго, што на вуліцах нашых гарадоў ужо амаль зніклі надпісы на беларускай мове, а ў шапіках немагчыма набыць нават паштоўку на нашай мове. Прывёў да таго, што ў Беларусі няма ніводнага беларускага тэлевізійнага каналу (з паўдзюжыны антэнных і паўтара дзесятка кабельных – ніводнага! Канкрэтна, у Гродна па кабельным тэлебачанні дэманструюць да 15 каналаў, з іх 1 польскі, а ўсе астатнія… – рускія. І ніводнага беларускага, украінскага ці хаця б англамоўнага) і ты можаш гадзінамі пераключаць каналы і не пачуць мову свайго народу – стваральніка і натуральнага гаспадара беларускай дзяржавы. Гэта асабліва балюча, калі хочаш паказаць сваім дзецям беларускамоўны мульцік, кіно ці перадачу. Наш “клопат пра іншых” прывёў да таго, што ў царквах і касцёлах у казаннях гучыць практычна толькі руская ці польская мовы. Да таго, што ва ўсёй Беларусі 1 верасня абсалютная большасць беларускіх дзяцей прыходзяць у першыя класы школ і пачынаюць вучыцца… па-руску (Чаму?! З якой такой нармальнай прычыны?!). Да таго, што далёка не ўсім бацькам увогуле, нават праз суд, удаецца выкарыстаць сваё “канстытуцыйнае права” і аддаць дзіця ў беларускую класу (напрыклад, выпадкі з Агатай Мацко ў Гродна, з Янкам Лапіцкім у Жодзіне). Да таго, што 27% беларускіх школьнікаў (дадзеныя афіцыйнай статыстыцы) вучацца сёння ў беларускіх школах, але, паступіўшы ў ВНУ, яны вымушаны пераходзіць на… рускамоўнае навучанне, таму што ў нас няма ніводнай беларускай ВНУ (з больш, чым чатырох дзесяткаў!). У Беларусі забаронены (гэта трэба ж да такога дадумацца) беларускія рок-гурты. У беларускага народу (у адрозненні ад шматлікіх іншых народаў) да гэтай пары няма Аўтакефальнай праваслаўнай царквы на чале з уласным патрыярхам. У нас пад выглядам праваслаўных святароў у шмат якіх выпадках працуюць… агенты маскоўскіх спесцлужб, а на арганізатараў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы адбываецца ўціск часта значна большы, чым на грамадска-палітычную апазіцыю! Толькі ў сучаснай Беларусі магчыма такое стаўленьне да Курапат, якое ўсе мы маем непрыемнасьць назіраць… Падобныя прыклады этнацыду ва ўсіх яго праявах можна доўжыць і доўжыць.

У кожнага сумленнага беларуса ў час думак пра ўсё гэта пачынае шчымець душа, балець сэрца. Гэта відавочны сімптом уладнага сатанізму, у якім наш народ вымушаны быў жыць і працягвае жыць сёння. Вось ён – вынік нашай “гасціннасці”, “памяркоўнасці”, “талерантнасці”, “утульнасці” для іншых, якія на справе абарочваюцца касмапалітызмам, каланіялізмам, а пазней маральнай дэградацыяй і фізічным выміраннем беларусаў (з’явы, якія, дарэчы, сп-р Краўчанка ў сваім артыкуле абсалютна правільна канстатаваў).

У рускага і паляка, ва ўкраінца і габрэя, у летувіса і мігранта з краін СНД ёсць уласныя нацыянальныя эліты і ўлады, якія пра іх паклапоцяцца значна лепш, чым клапоцімся мы з вамі пра наш народ. А пра яго акрамя нас не будзе клапаціцца ніхто! Наадварот, калі хто і запытаецца калі-небудзь пра лёс беларусаў, дык ён спытаецца з нас – прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. У пералічаных народаў і блізка няма тых праблем з іх культурай, мовай, “дэмаграфіяй”, незалежнасцю, свабодай, іншымі нацыянальнымі каштоўнасцямі, якія ёсць сёння ў нас. Ды і ўвогуле, мы гаворым не пра становішча беларусаў на тэрыторыі дзяржаў іншых народаў, а пра беларускі народ на сваёй уласнай зямлі! І гэта накладае на нас дадатковыя абавязкі. Таму давайце перад тым, як рабіць абсалютна непатрэбныя шырокія псеўдаінтэрнацыянальныя жэсты, выканаем іх – свае абавязкі.

Заяўляю: да той пары не толькі для сапраўднага беларускага нацыяналіста, а і для кожнага звычайнага беларуса павінна быць абыякава ступень утульнасці, якую адчуваюць на нашай зямлі прадстаўнікі іншых народаў, пакуль кардынальным чынам не зменіцца шэраг абставінаў. Пакуль усе беларусы ні на словах ці ў марах, ні ў праектах ці праграмах, а ў жыцці адчуюць сябе гаспадарамі сваёй уласнай зямлі і свайго ўласнага лёсу. Пакуль на практыцы не нармалізуецца ў поўным аб’ёме ўся сістэма беларускіх агульнанацыянальных каштоўнасцяў, уключаючы і беларускія дзяржаўнасць, незалежнасць, свабоду, і беларускія мову, культуру, гісторыю, сімвалы, веру, і беларускія светагляд, “дэмаграфію”, “экалогію”, эканоміку, генафонд. Пакуль у іншых краінах, дзе пражываюць беларусы, пра іх не пачнуць клапаціцца не менш, чым збіраемся клапаціцца мы пра прадстаўнікоў іншых нацыяў у нашай дзяржаве. У тым ліку пасля таго, як, напрыклад, у Расеі пачнуць адчыняць беларускія школы і ВНУ, пачнуць рэтлянсляваць поўнасцю беларускамоўныя тэлеканалы хоць бы на этнічныя беларускія тэрыторыі – на Браншчыну, Смаленшчыну, паўднёвую Пскоўшчыну, а таксама ў Сібіры, дзе вельмі шмат беларусаў…

І калі для дасягнення ўсяго гэтага трэба будзе прыняць не толькі палажэнні аб адзінадзяржаўнасці беларускай мовы і аб выкарыстанні беларускай нацыянальна-гістарычнай сімволікі ў якасці дзяржаўнай (адмяніўшы цяперашнюю сімволіку посткамуністычнай бюракратыі), а таксама прыняць шэраг іншых палажэнняў: аб тым, што на самых высокіх дзяржаўных пасадах маюць права быць толькі этнічныя беларусы, што доля беларусаў сярод усіх кіраўнічых кадраў у палітыцы, эканоміцы, ідэалогіі, інфармацыйнай сферы, культуры, спецслужбах не можа быць меньшай за іх долю сярод усіх грамадзян Беларусі, што абсалютная і адносная колькасць беларусаў у Беларусі ў мірны час не мае права памяньшацца ні пад якім прэтэкстам, і т.п. – значыць і гэта трэба будзе і ўвесці ў будучую беларускую Канстытуцыю, і зрабіць практычна.

З мэтай доказу абсалютнай гуманістычнасці дадзеных прынцыпаў гатовы удзельнічаць у дыскусіях на самых вялікіх публічных форумах, дзе нехта паспрабуе давесці, што іх альтэрнатыва больш гуманістычная (што “абсалютная і адносная доля беларусаў у Беларусі павінна памяньшацца”, што “доля беларусаў у кіраўнічых кадрах павінна быць меньшай, чым іх доля сярод насельніцтва Беларусі”, што “вышэйшыя дзяржаўныя пасады, уключаючы пасаду прэзідэнта нашай дзяржавы, павінен займаць не беларус”). Як вы напэўна заранёў ведаеце, ніхто на такія публічныя дыскусіі не выйдзе. Зло баіцца адкрытасці, публічнасці, яно можа дзейнічаць толькі подла, тайна, нажом у спіну, атрутай у ежу, хабарам у лапу, ракетай па сотавіку…

Захаваць беларускі народ, яго культуру, дзяржаву любым чынам, як каштоўнасці ўнікальныя, абсалютныя, святыя і патэнцыйна вечныя! Гэта патрабаванне не толькі “нацыяналістаў”. Гэта патрабаванне ўсіх гуманістаў у імя будучыні агульналюдскай цывілізацыі, бо толькі ў форме разнастайнасці народаў чалавецтва здольна захаваць перспектыву прагрэсіўнага гуманістычнага развіцця!

І толькі пасля канчатковага вырашэння ўсіх беларускіх праблем будзе і лагічна, і этычна ставіць пытанне на тэму, каму яшчэ можна дазволіць утульна жыць на нашай беларускай зямлі. Але і ў гэтым выпадку трэба глядзець індывідуальна і канкрэтна, каму і што можна дазваляць. Так, сапраўды, на нашай зямлі могуць жыць, напрыклад, нашчадкі крымскіх татар, якія пасля Грунвальду вось ужо хутка 600 гадоў мірна жывуць у Беларусі. Напэўна ў нас могуць жыць украінцы, латышы, летувісы – нашы добрыя суседзі – з якімі ў нас за ўсю гісторыю жыцця побач таксама не было істотных непаразуменняў. А вось перад прадстаўнікамі некаторых іншых народаў я б не спяшаўся занадта шырока адчыняць дзверы нашага беларускага дому, улічваючы гістарычны досвед. Каму гэта не зразумела, няхай паглядзяць і пераканаюцца, як нават сёння руская нацыянальная меньшасць выкарыстоўваецца ў суседніх з намі краінах Балтыі, ва Украіне, Малдове – у якасці… 5-й падрыўной калоны.

Больш за тое, нават з пазіцый сапраўднага інтэрнацыяналізму запускаць у наш дом іншых – таксама выйсце не лепшае. Значна лепш спачатку высвятліць, чаму адпаведным народам кепска жывецца ў іх уласных краінах, чаму яны вымушаны эміграваць. Высвятліўшы гэта, рэальна дапамагчы ім, каб у іх не было патрэбы пакідаць сваю радзіму… Ды як можна займацца і гэтым, пакуль многія маладыя беларусы з-за бесперспектыўнасці нашага жыцця вымушаны з’язджаць у Еўропу, Амерыку, пакідаючы родную Беларусь і, дарэчы, моцна пакутуючы пры гэтым? Давайце нарэшце дапаможам ім, каб яны маглі будаваць беларускія амерыкі ды еўропы ў сваёй уласнай дзяржаве!

Карацей, усё будзе і добра, і правільна, і культурна, і цывілізавана, і дальнабачна, і сучасна, а таксама нацыянальна, інтэрнацыянальна, дэмакратычна, гуманна (!), калі мы будзем увесь час зыходзіць найперш з аб’ектыўных інтарэсаў нашага беларускага народу, узгодненых з аб’ектыўнымі інтарэсамі ўсяго чалавецтва!

Але давайце пакуль пакінем спрэчкі паміж намі – апазіцыянерамі, а больш уважліва прыглядзімся да дзейнасці рэалізатараў цяперашняга рэжыму, апанаваўшага Беларусь. Давайце паглядзім не толькі на наступствы іх “палітыкі”, а і на іх метады і мэты (дарэчы, тады нам лепш будзе бачны і прадмет нашага ўласнага клопату).


Прапаную для такога аналізу пачаць з паняцця “дэмакратыя”, бо, як не дзіўна, менавіта на яго фоне можна найбольш выразна ўбачыць сутнасць сучасных беларускіх падзей.

3 каментарыя

  1. Горды беларус кажа:

    Цудоўны артыкул. Мне вельмі спадабалася.

  2. Patriet кажа:

    Цьвяроза ,проста і вельмі якасна.Выдатны артыкул.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы