nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.5)

7 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Частка 5. Дэструктыўныя інфармацыйныя стратэгіі бюракратыі: дэзарыентацыя, шызафрэнізацыя і касмапалітызацыя, абыдленьне.
Сёння інфармацыйнае забеспячэнне беларускага грамадства абсалютна не адпавядае мінімальным стандартам цывілізаванасці. Па-першае, сярэднестатыстычны жыхар Беларусі амаль ізаляваны ад разнастайных крыніц інфармацыі, якія з’яўляюцца элементарна даступнымі звычайнаму жыхару любой дэмакратычнай краіны. Няма дэмакратычных тэлевізійных каналаў, задаўлена падаўляючая большасць дэмакратычных газет і г.д. Па-другое, інфармацыйнае забеспячэнне грамадства адбываецца не ў выглядзе ведаў (а тым больш не ў форме сістэматызаваных ведаў) і нават не ў форме хоць бы і несістэматызаванай, але мінімальна аб’ектыўнай інфармацыі, а выключна ў выглядзе старой кандовай прапаганды. Апошняя цяпер заснавана на хлусні, паклёпе і намаўленні (тое, што народ трапна, яшчэ з савецкіх часоў, называе “кампасціраваннем мазгоў”; гэты кірунак прэзентуе, напрыклад, вышэйпамянёны Новиков), а таксама на гэтак званым PR-ы, галоўнымі рысамі якога з’яўляецца маніпуляванне.
Дарэчы, варта ведаць, што маніпуляцыя – гэта патаемны, незаўважальны для аб’екта маніпуляцыі (у нашым выпадку грамадства) уплыў з боку маніпулятараў, калі тыя навязваюць аб’екту чуждыя, шкодныя яму мэты, але пры гэтым ахвяра маніпуляцыі будзе перакананая, што яна сама, абсалютна самастойна гэтыя мэты пажадала дасягнуць (і таму не будзе помсціць маніпулятарам, калі шкода выявіцца, прыпісваючы віну сабе). Магчымасці сучаснай “навукі” дазваляюць стварыць такое інфармацыйнае ўздзеянне на псіхіку людзей, калі іх крытычны розум, свабода і воля будуць абмежаванымі, а самі яны будуць дзейнічаць у адпаведнасці з жаданнямі маніпулятара. Такі эфект узнікае за кошт таго, што ўздзеянне адбываецца не непасрэдна на аб’ект маніпулявання, а на асяроддзе вакол яго. Чалавек, грамадства на падставе таго, што яны бачаць і чуюць, робяць нібы “правільныя”, “лагічныя” высновы, але справа ў тым, што яны бачаць і чуюць не рэчаіснасць, а… міраж, штучна створаны маніпулятарамі.

Ва ўмовах ізаляцыі ад крыніц праўдзівай інфармацыі і татальнага ўздзеяння прапаганды-піяру (праз шмат каналаў, але абавязкова з адной крыніцы) любое грамадства, а не толькі беларускае (!), заканамерна, як кампутар, праграмуецца ў кірунку, які зададзены маніпулятарам. Сучасныя філосафы, палітолагі ведаюць: па значнасці дадзеныя адкрыцці ў галіне псіхалогіі маюць для сённяшняй цывілізацыі не меншае значэнне, чым ядзерная зброя.

На разбурэнне якіх механізмаў здаровай грамадскай арганізацыі і псіхікі скіраваны высілкі каляўладных прапагандыстаў-маніпулятараў РБ? У чым іх дэструктыўны змест?
На прыкладзе беларускай рэчаіснасці можна выразна бачыць як мінімум тры стратэгічныя кірункі дэструктыўнага ўздзеяння каляўладных піяр-прапагандыстаў: дэзарыентны, шызафрэнна-касмапалітычны, абыдленчы.
Давайце іх прааналізуем.

Дэзарыентацыя.
Кожная складаная сістэма існуе і развіваецца за кошт узаемадзеяння дзвюх з’яў – дыферэнцыяцыі ды інтэграцыі (прашу не блытаць з лукашэнкаўскай “інтэграцыяй”, якая адбываецца без дыферэнцыяцыі і таму сапраўднай інтэграцыяй не з’яўляецца; лукашэнкаўская “інтэграцыя” – гэта ўсяго толькі піяраўская формула, за якой схавана тэхналогія анексіі Беларусі расейскай імперыяй). Грамадства – сістэма, таму выключэннем з дадзенай заканамернасці не з’яўляецца. Дыферэнцыяцыя ў ім праяўляецца між іншым у тым, што кожны аспект грамадскага жыцця, кожная падзея, уласцівасць у норме павінны мець свае адмысловыя месцы і час (а ў рэальным жыцці можа быць усё што заўгодна). Таму ў здаровым грамадстве кожны чалавек добра ведае, што можна дазволіць сабе дома ці з сябрамі, а што на афіцыйнай сустрэчы; якой мовай ён можа размаўляць з малалетнімі дзецьмі, а якой рабіць навуковы выступ; што яму можна рабіць у інтымнай абстаноўцы, а што ў публічнай; і да т.п., і г.д. Гэта і ёсць з’ява дыферэнцыяцыі ў яе грамадскім выяўленні. Калі ж дадзеныя адрозненні розных аспектаў нашага жыцця зрабіць менш выразнымі, пераблытаць (натуральна, “под благовидным предлогом” свята, адпачынку, рэкламы, канцэрта, шоў і г.д.), узнікае эфект істотнай дэзарганізацыі грамадскага жыцця і дэзарыентацыі чалавека ў грамадскай прасторы.
Так, за кошт свядомага зніжэння бар’еру маральна-этычнай цэнзуры, а таксама дадатковых мер інфармацыйнага ўздзеяння на грамадства, мы назіраем ў Беларусі рэгулярнае ўкараненне (найперш з дапамогай СМІ) інтымнага ў публічнае, бруднага ў чыстае, мёртвага ў жывое, хворага ў здаровае, жорсткага ў гуманнае, жывёльнага ў людскае, міфічнага ў навуковае, бытавога ў грамадскае, аморфнага ў структураванае, фармальнага ў змястоўнае, нізкага ў высокае і г.д.

Чаму людзі з гэтым згаджаюцца? Здавалася б дарослыя, ведаюць што і дзе можна, а што і дзе нельга. Справа ў тым, што ў сваёй большасці людзі ўспрымаюць СМІ эквівалентам грамадскай масы, якая ў сваю чаргу ёсць для іх найбольш аўтарытэтны арыенцір у пытаннях: што ёсць правільна, а што – не; што можна казаць і рабіць, а што – не. Таму, калі па тэлевізары нешта паказваюць, значыць для большасці падсвядомасна (!) гэта і легальна, і нармальна, і правільна… Гэта і выкарыстоўвае інфармацыйна-дэзарыентацыйная бятонамяшалка.

Эксплуатуючы дадзеную асаблівасць псіхічнай арганізацыі людзей, PR-шчыкі ад сённяшніх уладаў, напрыклад, паказваюць вядомага артыста, які ў час канцэрта практычна мацюкаецца (Вінакур), праз тэлевізар даюць спяваць у нашых кватэрах вядомай спявачцы ў Новы год – “за конфетку, за таблеточку, сняли девочку-малолеточку…” (Пугачова), дазваляюць спяваць папулярнаму моладзеваму дуэту – “мальчик гей, будь ко мне подобрей…”, “я сошла с ума, мне нужна она…” (Тату) і г.д. Як пасля гэтага патлумачыць падлеткам, што мацюкацца нельга; што гомасексуалізм, як сексуальную інваліднасць, у нармальным грамадстве прынята хаваць, а не маніфеставаць; што тое, што прынята спяваць у крымінальных “малінах”, у звычайнай грамадскай абстаноўцы не спяваецца? Цяжка пасля такога што-небудзь зрабіць не толькі з дзецьмі, а і з дарослымі, бо ўсё грамадства ўжо ўспрыняла як публічную норму тое, што ёю не ёсць.

Выкарыстоўваючы нашы псіхічныя асаблівасці для адмысловага ўздзеяння на нас, пад выглядам грынпісаўскай рэкламы на нашым тэлеэкране забівалі цюленяў, дэльфінаў, сланоў, гарыл і інш., аж увесь экран заліваўся крывёй (так было ў пачатку 2000 г., калі пачалася апошняя расейска-чачэнская вайна). Рабілася гэты не для таго, каб абараніць бедных жывёл. На тэрыторыі Беларусі няма ні цюленяў, ні дэльфінаў, ні сланоў, ні гарыл… Пад «благовидным предлогом» хавалася тэхналёгія затушоўвання надзвычай непрыемнага ўражанне ад расейскіх імперскіх улад, якія пачалі чарговую генацыдную вайну супраць свабодалюбівага народу. І не важна, што пры гэтым людзі, бачачы кроў і забойствы жывых істот, пападалі ў цяжкі стрэс ці дэпрэсію. Галоўнае, каб ім было не да вайны ў Чачні…

Для таго, каб падтрымліваць грамадства ў хранічна стрэсавым стане, за кошт якога людзі проста нярвова вымотваюцца, выкарыстоўваецца адмыловы спосаб паказу рэкламы (дарэчы, звярніце ўвагу, у Беларусі яна кантралюецца толькі ўладамі РБ). Напэўна вы звярнулі ўвагу, што нас, калі глядзіш па тэлевізары які-небудзь цікавы фільм за гадзіну разы 3-5 удараць па нервах перапынкам на рэкламу і пры гэтым яшчэ абавязкова ўзмоцняць гук (заўсёды памятайце, гэта робіцца спецыяльна!). Узнікае эфект, які можна параўнаць з тым, што ты ідзеш дзе-небудзь па дарозе, а на цябе нечакана з брэхам вылятае зграя раз’юшаных сабакаў ці ледзь не збівае машына, тармозячы ўпрытык з нагамі… Ці будзе сябе адчуваць адпачылым чалавек, які выйшаў прагуляцца, але за гадзіну ён некалькі разоў трапляў у канфліктную сітуацыю? Напэўна чалавек толькі стоміцца, аслабне. Менавіта на гэта і разлічаны стыль паказу рэкламы. Акрамя таго, звярніце ўвагу, што рэкламуюць. Не тое, як культурна паводзіць сябе на прыродзе і ў грамадскіх месцах, не тое, як паважаць іншых людзей у чэргах, на транспарце, не тое, як бесканфліктна ўтрымліваць і выгульваць сабак, не тое, як культурна адпачываць, ладзіць з суседзямі, выхоўваць дзяцей і прыгожа вырашаць іншыя бытавыя праблемы. Не, гэтага вы не ўбачыце. Затое, праз рэкламу людзям даюць адчуць (натуральна, падсвядомасна), што яны нішто, што жуйка, зубная паста, гарбата, пральны парашок, тампакс і 40-гадовая прастата важнейшыя за іх…

А як вы думаеце, які галоўны сэнс пераходу на летні і зімовы час? Галоўная задача такая ж – падзёргаць нервы дарослым і іх дзецям, “пастроіць” іх. А куды вы дзенецеся? Паспрабуйце не падпарадкавацца гэтаму глупству…

З дапамогай СМІ дасягаецца псіха-геаграфічная, псіха-часовая і псіха-культурная дэфармацыя. Так, большасць жыхароў Беларусі атрымлівае сёння тэлевізійную інфармацыю толькі з Расеі (непасрэдна з Масквы ці апасяродкавана праз Менск). А там рэгулярна ідзе паказ розных расейскіх рэгіёнаў ды яшчэ інтэнсіўна піярыцца, як нешта звышкаштоўнае, вобраз абстракцыі пад назвай “Россия!” (“Наш дом – Россия!”, «Россия – щедрая душа!», «Россия – это великая держава!» і г.д.). У выніку нашы грамадзяне, забыўшыся пра рэальнае геаграфічнае размяшчэнне Беларусі, падсвядомасна пачынаюць успрымаць Архангельск, Саратаў, Алтай, Хабараўск і інш. бліжэй, чым Рыгу, Вільню, Варшаву, Кіеў, а ўсю “Россию” – гэтую еўразійскую імперыю на мяжы распаду – не менш важнай для сябе, чым родную Беларусь. У некаторых з-за вымушанага глядзення толькі ў адзін бок ужо развілася геапалітычная крывашыя… Нярэдка, каб вярнуць чалавека да рэчаіснасці, літаральна мапу Еўропы даводзіцца паказваць… Можна заўважыць, як нам навязваюць: “Белоруссия – страна маленькая, у неё нет природных ресурсов”. А што на справе? Калі ўсе еўрапейскія краіны падзяліць на дзве групы – вялікія і малыя (па плошчы, колькасці насельніцтва, багаццю нетраў), Беларусь апынецца сярод вялікіх і багатых. Калі не верыце, вазьміце даведнікі і пераканайцеся. Жыхары Беларусі ў шмат разоў часцей бачаць па тэлевізары дэпутатаў расейскай Думы, чым “сваёй” ППНС РБ. Па прапорцыях паказу рускай і беларускай культур, многія падсвядомасна (!) пачынаюць адчувасць сябе бліжэй да рускіх, чым да сваіх родных беларусаў…
Акрамя таго, перыядычна на нашых тэлеэкранах даюць столькі інфармацыі, звязанай, напрыклад, з падзеямі 40-х гадоў мінуламі стагоддзя, што некаторыя пачынаюць жыць не ў 2005 годзе, а нібы ў час ВАВ. Калі б улады сапраўды шанавалі перамогі нашых продкаў над нямецкімі захопнікамі, яны б таксама часта нагадвалі пра славу, напрыклад, Грунвальда (я ўжо не кажу пра Воршу). Але – не. Гэтага не адбываецца, а адпаведныя мерапрыемствы нават забараняюцца. Такім чынам, выразна бачна – ушанаванне палеглых у часы Вялікай Айчыннай тут не пры чым. Проста бюракраты выкарыстоўваюць яшчэ жывых ветэранаў і памяць пра апошнюю вайну, каб сказіўшы час павярнуць свядомасць беларусаў у затхлае савецкае мінулае, а не для таго, каб узняць іх патрыятычны дух. …

Удумайцеся, на нашых тэлеэкранах цяпер рэгулярна ганяць “міжнародны тэрарызм”, а на цэнтральных плошчах усіх нашых гарадоў стаяць помнікі аднаму з галоўных тэрарыстаў 20-га стагоддзя, у кожным горадзе ёсць вуліцы і плошчы яго імя (нагадаю, Ленін лічыў тэрор звычайным метадам палітычнай барацьбы)…

Яшчэ адна тэхналёгія інфармацыйнай дэзарыентацыі грамадства – інфантылізацыя. На думку бюракратаў грамадства павінна ўспрымаць любое начальства як патэрна (бацьку), і глядзяць на яго толькі знізу ўверх. Для гэтага дарослых людзей праз інфармацыйна-кантэкстны фон пераўтвараюць нібы ў дзяцей, здольных толькі чакаць указівак «дарослых». І менавіта для гэтага Лукашэнку падвучылі называць сябе “бацькам” (хаця, калі ўжо выкарыстоўваць нейкія вобразы-сімвалы, дык па ўспрыняццю свайго месца ў беларускай рэчаіснасці ён не “бацька”, а тыповы “пастух”…).

Паралельна на грамадства нагнятаюць атмасферу страху. Для гэтага ўсю інфармацыйную прастору – а праз яе і светагляд людзей – штучна ваенізуюць, бандытызуюць, крыміналізуюць, тэрарызуюць. Паглядзіце, большасць кінафільмаў і значная частка навінаў адносяцца да гэтых тэм. У сярэднім за вечар звычайны тэлеглядач можа ўбачыць больш за дзесятак трупаў, сцэн гвалту ці розных варыянтаў забойства (сам некалькі разоў лічыў). Столькі трупаў не бачыць за свой працоўны дзень, нават, патолагаанатам… Дзеці ў форме кампутарных гульняў часта атрымліваюць тое ж уздзеянне. У выніку частка людзей запужваецца, а частка ў сваім уяўленні, а потым і ў жыцці пачынае, макка кажучы, дазваляць сабе тое, што яны ніколі б не дазволілі ў іншых абставінах.
Не так даўно па законах НЛП (нейра-лінгвістычнага праграмавання) нас пачалі рыхтаваць да вайны з мільённымі ахвярамі! Звярніце ўвагу на тэкс і застаўку, якія прысутнічалі ў адной з “рэкламаў”. У ёй тэкст: “Миллионы микробов умрут”, перыядычна пераўтвараецца ў застаўку “Пусть умрут миллионы”.

Э.5.jpg
І адначасова з гэтым інфармацыйная прастора літаральна затоплена прымусовымі “хі-хі-ха-ха-хачкамі”. Аб’ектыўных прычын для весялосці няма, затое механічна выціснутых з тэлегледача ўхмылак – колькі заўгодна. Перадачы тыпу «Кривое зеркало», «Смехопанорама», «Шутка за шуткай», «Сам себе режиссёр», «Городок», серыял «Няня» ідуць кожны вечар гадзінамі…

Людзей трымаюць у стане максімальнай светагляднай непісьменнасці. Важнае, істотнае, навуковае замоўчваецца. Звярніце ўвагу, нават перадача “Відавочнае неверагоднае” знікла з экранаў большасьці жыхароў Беларусі (па некаторых звестках, Капіца малодшы ўсё большую цікавасць пачынаў праяўляць да грамадазнаўчых тэм…). Уся ўвага акцэнтуецца на малаістотным, ненавуковым (а навука, між іншым, гэта тая сфера, дзе факт, аб’ектыўная праўда з’яўляюцца своеасаблівым богам!). Ніякія сур’ёзныя грамадска-палітычныя пытанні ў афіцыйных СМІ змястоўна не абмяркоўваюцца. Ніякіх сапраўдных палітычных ці грамадскіх дыскусій не вядзецца (імітацыі, якія мы перыядычна бачым, толькі пацвярджаюць гэты факт). Калі ёсць нейкая важная тэма, яна афармляецца толькі як татальны панігірык на карысць рэжыму.
Месца салідных ведаў па грамадска-палітычных праблемах запаўняюць штучнай міфалагізацыяй і містыфікацыяй. Замест сапраўднай медыцыны – “экстрасэнсорыка” і шарлатаны тыпу Чумака, Грабавога. Замест астраноміі – “астралогія” і астрапрагноз. Замест ведання сваёй радні хаця б да 5-7 калена – знакі задыяку і нейкія незразумелыя даціроўкі па ўсходнім календары (Ты хто? Я скарпіён. А ты хто? А я… свіння).

Для фармалізацыі нашай культуры бюракраты выдалілі з нашых тэлеэкранаў не толькі беларускія рок-гурты (“NRM”, “Крама”, “Палац”, “Уліс, “Троіца” і г.д), а і нават расейскія («Чиж», «Кино», «Наутилус»), творчасць якіх мела хоць нейкі змест і была біяфільна афарбаванай. Усё запаланіла абсалютна пустая, некрафільна-фармальная папса з імперскімі ўкрапінамі («Любэ»).

У адукацынай сістэме ўсё большае значэнне набывае тэставанне. Яно пачынае выкарыстоўвацца не толькі для таго, каб арыенціровачна ацаніць узровень ведаў, а і ў час іспытаў, залікаў, на звычайных занятках. Пры гэтым істотна памяншаецца ўплыў асобы настаўніка-выкладчыка на асобу студэнта-навучэнца і наадварот. Многія маладыя людзі губляюць магчымасць навучыцца вобразна мысліць, паслядоўна і прыгожа выкладаць свае думкі, мець сістэматызаваны светагляд .

Праз СМІ таксама грамадскі светагляд максімальна дэсістэматызуецца. Для гэтага любая інфармацыя падаецца ў хаатычна перамешаным выглядзе. Гэта відаць на прыкладзе розных тэле-шоў («Поле цудаў», «Слабае звяно», «Што? Дзе? Калі?», «Хто хоча стаць міліянерам»), а таксама розных ток-шоў тыпу (“5 вечароў”, “Прыватнае жыццё” і г.д.), дзе пытанні ўздымаюцца ў абсалютна выпадковай паслядоўнасці.

Падтрымліваецца сталы фон падмены істотных грамадазнаўчых паняццяў. Так, у сучаснай інфармацыйнай прасторы на кожным кроку нацыяналістаў назваюць шавіністамі і фашыстамі (хоць ведаюць, што гэта прынцыпова розныя людзі), а шавіністаў і фашыстаў – патрыётамі; квазі-лібералаў і алігархаў называюць дэмакратамі, а сапраўдных дэмакратаў – нацыяналістамі; гуманістаў і альтэрглабалістаў – антыглабалістамі, а імперыялістаў – інтэрнацыяналістамі; антысіяністаў называюць антысемітамі, а касмапалітаў – глабалістамі; змагароў за вызваленне сваіх народаў з кайданоў рабства – тэрарыстамі, а сапраўдных тэрарыстаў – патрыётамі-дзяржаўнікамі. Усім вядома, што замест выразу “анэксія Беларусі расейскай імперыяй” навязваецца паняцце “інтэграцыя”…
Улады вельмі настойліва прымушаюць сябе зваць “дзяржава”. А ў выразах тыпу, тое і тое “было зроблена за дзяржаўныя грошы”, – адбываецца аж двайная падмена. Па-першае, гэтыя грошы выдзяляла не “дзяржава”, а ўлады, а, па-другое, гэтыя грошы на самай справе належаць не ўладам, а народу, з якога яны былі сабраныя. Таму, правільна выраз павінен гучаць так: тое і тое “было зроблена за грошы беларускага народу”. Явачна-паўзучым чынам старшыні аблвыканкамаў пачалі звацца “губернатарами” (а чаму не ваеводамі?). Хутка, відаць, і вобласці пачнуць называць “губерниями”. Мясцовыя бюракраты таксама не супраць называць сябе “Беларусь” (“Белоруссия заявляет…”), а расейская імперская бюракратыя вельмі любіць, калі яе велічаюць “Россия!”.

Закранаючы праблему падмены паняццяў, варта асобна падкрэсліць, што гэта істотная праблема і для агульнадэмакратычнага асяроддзя, дзе часта сустракуюцца выразы тыпу: “трэба змагацца з беларускім рэжымам”, “беларускія ўлады кагосці ўціскаюць”, “нужно оказать давление на Белоруссию”. У нас сёння няма ні “беларускіх улад”, ні “беларускага рэжыму” (да і “Белорусии” таксама няма). Цяпер у нас у Беларусі антыбеларускія, беларусафобскія ўлады і псеўдабеларускі рэжым! Гэта вельмі добра разумеюць усе сапраўдныя дэмакраты. У тым ліку па блытаніне дадзеных элементарных рэчаў, якія сустракаюцца ў выразах шэрагу нашых “вообще демократов”, асабіста я распазнаю альбо агентаў рэжыму, альбо імітатараў змагання за лепшую будучыню нашага народа…
Некаторыя з адстаўной прастатой навязваюць нам надуманыя пытанні, відаць узятыя са столі маскоўскіх прыбіральняў – тыпу “С Россией или без?” (Фралоў, “НВ” за 18 кастрычніка 2005г.). Што здарылася, таварыш генерал? Можа, мы нешта прапусцілі, а тым часам уся «Россия» ўжо сабралася ў касмічным караблі і вось-вось адляціць “в лучшие миры”? І ў гэтых абставінах перад намі рубам паўстала пытанне: нам з ёй ляцець, ці не? Няма такога пытання ў прыродзе. Калі гаворка ідзе пра ўзаемакарыснае эканамічнае супрацоўніцтва з суседняй краінай, мы, беларусы, як усе нармальныя людзі, канешне, – “за”. Калі нехта думае, што мы павінны і далей згаджацца на этнацыд, станавіцца на калені і пераўтварацца ў рабоў на ўласнай зямлі – мы, зноў жа, як усе нармальныя людзі, катэгарычна супраць. Калі ж вы лічыце, што адна вядомая асоба неправільна “ползает на коленях в Россию” – трэба не галавой уперад, а задняй часткай цела – гэта ваша асабістая праблема. І толькі.
Калі ж нам расейская імпербюракратыя ўсё ж такі навяжа гэтае пытанне (“С Россией или без?”) і людзі вымушаны будуць ўсур’ёз вырашаць яго, раю рэгулярна ўспамінаць пра лёс Фінляндыі, якая ў аналагічнай сітуацыі 1920 г. спачатку разабралася ў сваіх узаемадачыненнях з усходняй суседкай, а затым у 1940 г. аўтарытэтна пацвердзіла сваё рашэнне. І паглядзіце, як жыве з тых часоў! Адначасова раю паспрабаваць прыгадаць, штó канкрэтна беларускі народ набыў у выніку 12 гадоў “интеграции” са ўсё той жа суседкай (рэальна ж, ні ў матэрыяльным, ні ў культурным аспектах, ні ў свабодах, ні ў годнасці – анічога!). А, напрыклад, Германія і Японія, татальна разбураныя пасля Другой сусветнай вайны, за 12 пасляваенных гадоў літаральна паўсталі з попелу, як моцныя і перадавыя дзяржавы. Гэта адбылося з-за таго, што яны былі (засталіся) нацыянальна кансалідаванымі і ЗША не патрабавалі ад іх перайсці на англійскую мову і пазбавіцца «какой-то части своего суверенитата». Раю таксама перад прыняццем адэкватнага рашэння паспрабаваць адказаць на пытанне: чаму ўсе, хто могуць (ад Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Баўгарыі, да краін Балтыі, Грузіі, Малдовы, Украіны), драпаюць ад расейскай імперыі, як толькі могуць? Хачу таксама папярэдзіць, што цяпер у Расеі змагаюцца тры канцэпцыі яе будучыні: ідэя ліберальнай імперыі Чубайса і Ко, ідэя еўразійскай імперыі Дугіна-Прымакова і ідэя імперыі рускага фашызму “арыйцаў”. Звярніце ўвагу, усе ідэі імперскія, усе скіраваны на анэксію Беларусі і… ўсе прывядуць да разбурэння самой Расеі. Калі ж і гэты факт не дапаможа, тады раю чытаць у Інтэрнэце сайт www.kavkazcenter.com кожны вечар па гадзіне перад сном… Веру, толькі сапраўдныя веды пра рэчаіснасць (а не казачкі пра яе, якія нам татальна ўводзіць у вушы розная агентура) дапамогуць нам зарыентавацца ў сучасных палітычных падзеях і выбраць правільны шлях…

Сустракаюцца ў апазіцыі яшчэ адзін тып падмен. Так, у беларусаў ёсць некалькі нацыянальных гімнаў. Сёння найбольш папулярныя сярод іх тры – “Магутны Божа” (духоўны гімн), “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” (грамадзянскі), “Пагоня” (баявы). Усе мы ведаем, як у 2002 г. духоўны гімн беларусаў “Магутны божа”, які адэкватны для пэўных сітуацый, быў навязаны беларускаму грамадству ў якасці агульнанацыянальнага (?!). Наступствы не прымусілі сабе чакаць. Па дадзеных сведкаў, на апошнім Дэмкангрэсе не гучала… ніякага нацыянальнага гімну.

Шызафрэнізацыя і касмапалітызацыя.
Паколькі грамадства – сістэма, яе часткі (людзі, сацыяльныя групы) з’яднаныя паміж сабой станоўчымі ўладкаванымі сувязямі. Такія сувязі – гэта пасутнасці ўзаемныя патрэбнасці адзін у адным. Сапраўды, уявіце сабе чалавека ў грамадстве. Ён звязаны гарызантальнымі і вертыкальнымі дэмаграфічнымі сувязямі са сваімі дзецьмі, бацькамі, іншымі роднымі, са сваёй жонкай (сваім мужам), з усімі прадстаўнікамі свайго народу (у нашым выпадку з усімі, хто лічыць сябе беларусамі); гарызантальнымі і вертыкальнымі прафесійна-вытворчымі сувязямі кожны чалавек звязаны з роўнымі сабе калегамі па працы, а таксама са сваімі начальнікамі і падначаленымі; разнастайна скіраванымі патрыятычна-нацыянальнымі пачуццямі ён звязаны са сваёй краінай – Беларуссю, яе тэрыторыяй, ландшафтам, прыродай, зямлёй, а таксама з яе гісторыяй, культурай, сімваламі, народам, з ўсімі яе жыхарамі. Гэтыя сувязі яднаюць грамадства ў адзіную сістэму, унутрана структуруючы, уладкоўваючы яго і адначасова арганізуюць размяшчэнне чалавека ў грамадскай прасторы, даючы яму пачуццё, што ён ёсць часткай таго, каму і павінны служыць улады!
Тое, што чалавек істота грамадская і што ён можа паўнавартасна жыць толькі разам з іншымі – г.зн. грамадою, павялося здаўна. Адзін чалавек ні на што не здатны. Для яго тады будзе актуальным толькі адно пытаньне: як выжыць? Таму за ўсю гісторыю чалавецтва адным з самых страшных пакаранняў (практычна на ўзроўні фізічнай смерці, а то і горш) было падвергнуцца астракізму – г.зн. быць адрынутым сваёй групай, сваім грамадствам…
У гэтым сэнсе часы змяніліся мала…
Дык вось, чарговы стратэгічны і адначасова самы галоўны (!) механізм дэструктыўнага ўздзеяння ўладаў на грамадства заключаецца ў максімальным аслабленні і разрыве (шызафрэнізацыі) пералічаных вышэй натуральных грамадскіх сувязяў, у касмапалітычным “перамешванні” індывідаў, іншых частак грамадства так, як перамешаны розныя астанкі людскай дзейнасці на гарадскім сметніку. Бюракраты з Масквы і Менску імкнуцца нібы прапусціць беларускае грамадства праз інфармацыйную мясарэзку, парушыць, дыскрэдытаваць усё, што неяк яднае людзей, так, каб, калі хто і асмеліўся выступіць супраць паразітычнай улады, дык ён заўсёды заставаўся б адзін на адзін супраць яе ўсёй. Наступствы будуць такімі: кожны будзе жыць сярод людзей, але не разам з людзьмі (сітуацыя калектыўнага астракізму). На гэтым дэструктыўным фоне чалавек не мае магчымасці вырашыць ніводнай стратэгічнай задачы свайго жыцця (а яны ўсе звязаны з пытаннямі: навошта жывеш? што і чаму робіш? у чым сэнс жыцця?), затое грамадству паразітычная бюракратыя можа лёгка навязаць прынцып сада-мазахісцкай арганізацыі: “я начальнік – значыць, ты падначалены – безвольны раб”.
Для “вырашэння” пералічаных задач разбуральна-этнацыдная моц расейскіх і лукашэнкаўскіх СМІ, як і ўся іх палітычная практыка, скіравана ў першую чаргу (!) на беларускую мову, гісторыю і культуру, сімвалы, веру продкаў і сваю царкву, нацыянальны светагляд, традыцыі і г.д. – усю тую сістэму каштоўнасцяў-сувязяў, якія і ствараюць агульнанацыянальнае адзінства. Менавіта для гэтага ў 1995 г. адбыўся “рэферэндум” па замене беларускай дзяржаўнай мовы на рускую, па замене нацыянальна-дзяржаўных сымвалаў на сімволіку поскамуністычнай бюракратыі. З той пары назіраецца наступ на беларускую мову ва ўсёй адукацынай сістэме, у друкаваных СМІ, на тэлебачанні. Для гэтага з пашпартоў была выдалена графа “нацыянальнасць” (пад выглядам: “так ва ўсім свеце”), для гэтага забаронены беларускія рок-гурты. Для гэтага ж застаюцца немемарыялізаванымі Курапаты. З-за гэтага такое значэнне надаецца недапушчэнню вяртання беларусам іх аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Для гэтага надпісы на вуліцах нашых гарадоў выглядаюць так, як у Саратаве ці Разані. І г.д. і да т.п. Робіцца ўсё магчымае, каб у грамадскую падсвядомасць увесці ўяўленне, што беларуская мова, культура, гісторыя і да т.п. – ўсё гэта рэчы нібы “малаістотныя”, “састарэлыя”, “прымітыўныя”, “непатрэбныя”, “аджылыя”. Бюракраты добра ведаюць: чалавек без каранёў, без гісторыі, без нацыянальнай культуры, без мовы, без веры і нацыянальнай царквы, без пачуцця натуральнага гаспадара на ўласнай зямлі – гэта чалавек абстракты, “человек вообще”, манкурт, а гэта значыць – чалавек-ніхто і імя яму ніяк…
Але, пакуль не ўсе жыхары Беларусі гэта разумеюць у такой жа ступені выразна.
У які ўжо раз за нашу гісторыю арганізаваны татальны этнацыд беларусаў, і толькі для таго, каб нейкія глісты-паразіты працягвалі адчуваць сябе ўтульна і бяспечна на нашай зямлі!

Для падмацавання дадзенага (галоўнага) кірунку этнацыднай інфармацыйнай стратэгіі вялікае значэнне PR-шчыкамі ад уладаў надаецца таксама разрыву іншых натуральных сувязяў (паміж бацькамі і дзецьмі, паміж жанчынамі і мужчынамі, і г.д.).
Не ўнікаючы ў дэталёвыя псіхалагічны механізмы, кожны ахвочы можа ўбачыць, як праз СМІ ды іншыя дзеянні правакуецца супрацьпастаўленне бацькоў і дзяцей. Так, у пашпартах людзей, калі яны мяняюць іх у 45 гадоў, знікаюць узгадкі пра іх уласных дзяцей, якім споўнілася 18 гадоў (?!). Па тэлевізары ў вялікай колькасці паказваюць інсцэніраваныя судовыя працэсы, дзе па самых розных, найчасцей вельмі дробязных прычынах “судзяцца” бацькі і дзеці… Моладзь адмыслова імкліва разбэшчваюць, навязваючы ёй пустую, фармальную культуру, а таксама ілжывае пачуццё свабоды (свабоды не “для”, а свабоды “ад” – свабоды падзення, дэградацыі). Але маладыя людзі гэтага не разумеюць, бо ў пераходны перыяд, калі пачынае праяўляць сябе інстынкт самастойнасці, для рэалізацыі якога трэба выдзеліцца нечым уласным перад “продкамі”, яны сквапна ўсмоктваюць спецыяльна загатаваную атруту з інфармацыйнага поля. Развіццё інстынкту самастойнасці апярэджвае накапленне жыццёвага досведу. Гэтай асаблівасцю псіхікі маладых нахабна і подла карыстаецца паразітычная бюракратыя. Так, напрыклад, на фоне падвышанай цікавасці ў гэты час да інтымнага, моладзь адмыслова падштурхоўваюць ігнараваць прынцып падзелу публічнага і інтымнага, а таксама разуменне, што для валодання пэўнымі рэчамі трэба дасягнуць узроўню не толькі біялагічнай (як у жывёл), а і сацыяльнай спеласці (як у людзей). Цяпер, бывае, ідзеш па цэнтральнай гарадской вуліцы і не ведаеш, куды схаваць вочы ад публічных пацалункаў ці іншых непрыстойных для публічных месц сцэн і паводзінаў маладых людзей. Ім намовілі, што гэта сучасна… А што ўжо казаць пра перажыванні і праблемы “адсталых” бацькоў, якія з’яўляюцца вынікам засваення маладымі “перадавой культуры”… Так штучна сутыкаюцца дзве культуры – адрэгуляваная часам культура адносна дасведчаных дарослых і папсова-дэмаралізаваная культура моладзі (гэтак званая “рок-, секс-, мат- і нарка-культура”). Яны не супадаюць… У выніку, замест вельмі неабходнага ў кожным здаровым грамадстве супрацоўніцтва пакаленняў для перадачы жыццёвага досведу ад бацькоў дзецям (як канкрэтнай ілюстрацыі часткі гісторыі свайго народу) узнікае сітуацыя пастаянных канфліктаў паміж імі.

Сувязі паміж мужчынамі і жанчынамі таксама аслябляюцца, разрываюцца, а самі яны супрацьпастаўляюцца. Гэта робіцца: праз уніфікацыю, абясполванне моды (хлопцам у вушы “паўстаўлялі” завушніцы, дзяўчын амаль пагалоўна апранулі ў мужчынскую вопратку і г.д.); праз рэгулярную публічную дэманстрацыю па тэлевізару (пад выглядам рэклямы) сродкаў інтымнай жаночай гігіены – розных версій тампаксаў, пракладак “з крылышками и без” (якія ў мужчын выклікаюць пачуццё агіды); праз прапаганду агрэсіўных фемінісцкіх лозунгаў і паводзінаў; праз прапаганду аднаполых шлюбаў (для дыскрэдытацыі здаровых сямейных адносінаў і каштоўнасцяў); праз вынясенне на ўсеагульны разгляд праблем з мужчынскай прастатай “у тых, каму за 40” (натуральна, пад выглядам клопату пра мужчын), якія выклікаюць у жанчын такія ж пачуцці, што і тампаксы ў мужчын; і г.д., і да т.п.

На разрыў унутрыграмадскіх сувязяў скіравана таксама цкаванне розных грамадскіх груп паміж сабой (прадпрыймальнікі – гэты “вшивые блохи” адносна ўсіх працоўных; народная міліцыя адмыслова пераўтворана ў “ментоў” – служкаў улады, а не народу, і не ўспрымаецца людзьмі ў якасці іх абаронцаў; тое самае датычыць спецслужбаў і г.д.). У абставінах, калі прадпрыймальнікі пратэстуюць асобна, рабочыя – асобна, “агульная апазіцыя” разам з адной часткай інтэлігенцыі – асобна, а “нацыяналісты” разам з другой часткай інтэлігенцыі – таксама асобна, паразітычныя ўлады могуць спаць спакойна…

Некаторыя грамадскія групы імкнуцца ў дадатак штучна падзяліць яшчэ і ўнутранна, затым іх часткі супрацьпаставіць, нацкаваць адна на адну. Тады адбываецца анігіляцыя патэнцыйнай унутранай энэргіі найбольш небясьпечных для ўлад груп. Напрыклад, для гэтага існуе падзел працоўных (унутры адной і той жа галіны ці ў адным калектыве) на тых, хто з’яўляецца прыхільнікам незалежных і афіцыйных прафсаюзаў… Некалькі гадоў таму моладзь імкнуліся раскалоць на прыхільнікаў рок-гуртоў Nirvana i Prodigy. Гэтыя словы пісаліся на сценах і платах (якія таксама ёсць пэўным сродкам масавай камунікацыі) у прапорцыі блізкай 1 да 1. Цяпер частку моладзі імкнуцца загнаць у БПСМ-БРСМы, а тых, што на гэта не ідзе правакуюць на маляванне на платах і сценах альбо стылізаванай нацыстскай свастыкі і “РНЕ”, а другіх на пісанне там жа “Fuck off nazi” ці “ANTIFA”…
Апошнім часам у Гародні з’явіліся наклейкі з тэкстам: «ANTIFA BELARUS. Без границ. Без рас. Без наций». Гледзячы на сэнс падобнай дзейнасці, расклейваюць іх нейкія “беларускія антыфашысты”. Давайце зробім кантэкст-аналіз гэтых наклеек, каб паглядзець, што пэўныя сілы спрабуюць навязаць моладзі нацыі, якая знаходзіцца ва ўмовах этнацыду. Па-першае, бачна, што ў “беларускіх антыфашыстаў” ёсць толькі дзве “антыфашысцкія” мовы – англійская і руская. Беларуская, відаць, лічыцца імі “фашыстоўскай”, бо не выкарыстоўваецца. Добра, запомнім… Ідзем далей. Давайце паспрабуем уявіць, як “антыфашысты” могуць зрэалізаваць агалошваемыя імі лозунгі на практыцы. Для гэтага трэба, што, увесь свет заваяваць і пераўтварыць у адну імперыю, каб ён быў “без границ”? Для гэтага, што, прадстаўнікоў розных рас трэба гвалтам прымусіць увайсці ў выключна міжрасавыя шлюбы? Памятаецца, пра падобнае марылі яшчэ бальшавікі. Так, М.Шолахаў у сваім рамане “Паднятая цыліна” вывеў вобрах Макара Нагульнага, які марыў, што пасля перамогі бальшавізму ва ўсім свеце ўсе людзі будуць “прыемна чарнявымі”… А, што значыць “без наций”? Гэта што, іх фізічна вынішчыць? Як рабілі нацысты? Калі для знішчэння натуральнай разнастайнасці і структуры чалавецтва будуць выкарыстоўвацца не гэтыя, выключна фашыстоўскія тэхналогіі, дык якія?
“Антыфашысты”, сказалі “А” (без рас і нацый), кажыце і “Б” (як гэтага дасягнуць)…
А, можа такім “антыфашыстам”, якія ў час пераходу ад лозунгаў да рэчаіснасьці заканамерна пераўтворацца ў тыповых фашыстаў, перад тым, як прапанаваць чалавецтву нейкія “рэформы”, варта спачатку эксперыментальна праверыць свае ідэі не на людзях, а на іншых мадэлях? Можа варта пайсці ў лес і паспрабаваць пераўтварыць розныя віды дрэў – сасну, бярозу, асіну, дуб і г.д., у адзіны від – проста “дрэва”? Ці ўзяць ва ўласным “антыфашыстоўскім” арганізме паспрабаваць пераўтварыць больш 300 тыраў спецыялізаваных клетак у адзін тып – проста “клетка”, каб арганізм пачаў выглядаць, як, напрыклад, ікра мойвы ў 100-кілаграмовай бочцы? Хацеў бы я паглядзець на такога “антыфашыста”… Калі гэтыя мадэлі пададуцца камусці не карэктнымі, тады няхай нашы “антыфашысты” сходзяць да селекцыянераў і ўгавораць іх у “мэтах перадавых ідэй” знішчыць усе пароды жывёл, сарты раслін і г.д. Ёсць толькі два шляхі для гэтага: альбо праз узаемнае скрыжаванне, альбо праз фізічнае знішчэнне ўсіх сартоў-парод, акрамя адной. А калі, нашкодзіўшы нашы “антыфашысты” пападуць у турму, мы, з мэтай даць ім магчымасць паспытаць на практыцы смак іх уласнага лозунга “без границ”, пасадзім іх не ў асобную камеру, а абавязкова ў агульную, разам з сапраўднымі фашыстамі і крымінальнікамі… Можа пасля гэтага яны пачнуць думаць, ці варта выконваць праплочаныя дзеянні, скіраваныя на разбурэнне здаровага светагляду беларусаў.

Вось як скажаюць светаўспрыняцце моладзі. Вось па якіх тэхналогіях іх светагляд пераводзяць з плоскасці, у якой знаходзіцца галоўная супярэчнасць нашага часу (свабода Беларусі ці каланіялізм і паразітызм расейскай імперскай бюракратыі), у іншыя плоскасці. У маладыя галовы ўкідаецца любое смецце. Галоўнае, не даць моладзі аб’яднацца ў змаганні за свабоду свайго народу, каб яна хаця б не пісала “Беларусь – Наша зямля!”.

Разрываючы агульнанацыянальныя ўнутрыграмадскія сувязі расейская і мясцовая бюракратыі імкнецца пераўтварыць беларусаў не проста ў бязродных манкуртаў (гэтага ім мала), а ў своеасаблівых янычар.
Нагадаю. У свой час туркі ў спробах закабаліць баўгар адбіралі ў баўгарскіх мацярок малых хлопчыкаў і выхоўвалі іх як надзвычай агрэсіўных ваяроў. Адначасова праз падман, намаўленне, маніпуляванне і замбаванне туркі пераўтваралі такіх юнакоў у заклятых ворагаў свайго ўласнага народу. Іх і звалі янычарамі. Бывалі выпадкі, калі “выхаваныя” такім чынам “ваяры” потым забівалі сваіх уласных мацярок… Зараз праз інфармацыйныя этнацыдныя тэхналогіі, скіраваныя на разбурэнне агульнанацыянальных сувязяў і цкаванне людзей на ўсё беларускае, расейская і мясцовая бюракратыі таксама з сатанінскім імпэтам імкнуцца пераўтварыць усіх беларусаў у янычар, скіраваных супраць сваіх уласных продкаў, іншых беларускіх грамадзян і, у канчатковым выніку, скіраваных супраць саміх сябе…

Абыдленне.
На наша грамадства скіравана яшчэ адна (трэцяя) стратэгія. Для таго, каб раскрыць яе змест, спачатку варта ўяўляць сістэму патрэбаў чалавека (не зусім па Маслоў), якая адлюстроўвае ўзровень сувязі чалавека з рэчаіснасцю.
Першы, базавы ўзровень у гэтай сістэме займаюць біялагічныя патрэбы чалавека. Г.зн. тыя, якія забяспечваюць біялагічнае выжыванне чалавека: патрэбы ў адсутнасці непасрэдных пагрозаў жыццю, у тым, што забяспечвае фізічнае выжыванне і здароўе чалавека – паветра, цяпло, пітво, ежа, жытло і г.д. Галоўная каштоўнасць, якая ў значнай ступені кантралюе стан дадзеных патрэбаў – гэта само жыццё і прыемныя пачуцці, звязаныя з задавальненнем фізіялагічных патрэбаў.
Другі ўзровень складаюць эгаістычна-людскія патрэбы чалавека. Гэта патрэба ў дастаткова высокім матэрыяльным дабрабыце, у прысутнасці ўсіх складовых частак матэрыяльна паспяховага жыцця, а таксама ў індывідуальнай свабоде. Галоўная каштоўнасць дадзенага ўзроўню – грошы ды іх аналагі.
Трэці ўзровень складаюць альтруістычныя патрэбы чалавека, звязаныя з наяўнасцю групы блізкіх людзей, якіх чалавек можа лічыць сваімі (свае: сям’я, суродзічы, сябры, працоўны калектыў, сацыяльная група, уласны народ, нацыя – па рознаму, у залежнасці ад ўзроўню светаўспрыняцця), патрэба прыналежнасці да гэтай групы, а таксама патрэба ў тым, каб у гэтай групе ўсё было ўладкавана. Для захавання і ўладкавання гэтай групы чалавек гатовы на большыя ці меншыя ахвяры. Галоўныя каштоўнасці дадзенага ўзроўню – пачуцці сяброўства, брацтва, любові.
Чацвёрты ўзровень – гэта ўзровень гуманістычных патрэбаў чалавека (якія суадносяцца з усёй агульналюдскай цывілізацыяй) – патрэба ў адстойванні праўды і справядлівасці, у прагрэсіўным развіцці ўсяго чалавецтва. Галоўныя каштоўнасці – чыстае сумленне і ўласная годнасць.
На пятым, найвышэйшым, узроўні знаходзяцца найвышэйшыя светаглядныя патрэбы чалавека – найперш, патрэба спрыяць прагрэсіўнаму развіццю Свету (быць на баку дабра), а для гэтага ведаць яго законы і жыць у адпаведнасці з імі. Найважнейшая каштоўнасць – пачуццё самарэалізаванасці з-за вялікага і ўдалага асабістага ўкладу ў прагрэсіўнае развіццё Свету.
Такім чынам, другая важнейшая рыса канкрэтнага чалавека, якая можа быць раскрыта ў адказе на пытаньне: хто ён ёсьць? – гэта вызначэнне вышыні таго ўзроўню каштоўнасцяў рэчаіснасьці, дасягненне якіх чалавек уключае ў свае жыццёвыя патрэбы.

Дык вось, па гэтай арыентаванай уверх сістэме каштоўнасцяў бюракратыя наносіць расшчапляльныя ўдары збоку, штучна ставячы людзей у сітуацыю выбару паміж каштоўнасцямі больш базавага ці больш высокага ўзроўняў. Так, спецыяльна арганізуюцца абставіны, у якія пападае чалавек. У здаровым грамадстве такога не павінна быць.
Напрыклад, калі чалавек жадае ўдзельнічаць у змаганні за інтарэсы “сваёй” групы (свайго працоўнага калектыку – як рабочы на заводзе, сваёй сацыяльнай групы – як, напрыклад, прадпрыймальнік, за інтарэсы свайго беларускага народу – як сапраўдны грамадзянін-дэмакрат), яму, нягледзячы на здавалася б поўную легальнасць дадзеных жаданняў, у нашай сучаснай беларускай рэчаіснасці даводзіцца рабіць выбар паміж каштоўнасцямі свайго асабістага, нярэдка неблагога жыцця (другі ўзровень каштоўнасцяў), і нявырашанымі патрэбамі іншых людзей, якіх ён лічыць блізкімі сабе (трэці ўзровень). Калі чалавек прымае рашэнне змагацца, ён рызыкуе шмат страціць для сябе асабіста. Калі вы чуеце: “Не выступай, а то табе пасаду не дадуць…”; “не лезь, а то нашай сям’і будзе яшчэ горш”, – значыць, паміж гэтымі ўзроўнямі каштоўнасцяў устаўлена штучная перашкода…
Калі людзі ў масе паступова адыходзяць ад змагання за свае грамадскія і палітычныя правы, начальства можа навязаць людзям чарговы выбар: альбо проста ціха выжываць на мяжы існавання (першы ўзровень каштоўнасцяў), альбо дамагацца лепшых умоў жыцця (другі). Першае ці другое (выбар раба), трэцяга не дадзена… Калі чалавек у гэтых умовах абірае другое, ён рызыкуе страціць здароўе, а то і жыццё. Па-сутнасці, людзям прапануецца той самы выбар, які прапануюць бандыты з вялікай дарогі, прыставіўшы нож да горла – “жыццё альбо кашалёк!”. У бюракратаў змест той самы, толькі тэхналёгія абстаўляецца па-іншаму…
Так, выкарыстоўваючы дадзеную стратэгію, паразітычная група, захапіўшая дзяржаўную ўладу ў Беларусі, прымушае большасць людзей апускаць свае жыццёвыя запатрабаванні на ўсё больш нізкі ўзровень – з трэцяга на другі, з другога на першы (пра чацвёрты, пяты і гаворкі няма), прымушае рухацца не ўверх, а ўніз – у кірунку тых каштоўнасцяў, якія характэрныя для жывёл. Грамадства прымушаюць абыдляцца…

Па законах прыроды грамадская маса правільна робяць, што ва ўмовах выбару абірае больш базавыя каштоўнасці. Без іх не могуць існаваць каштоўнасці больш высокага ўзроўню. Але ж мы – не жывёлы і нават пакуль не рабы. Мы – свабодныя грамадзяне на свай уласнай зямлі! І ніхто не мае права пераўтвараць нас у жывёл!

Важнае значэнне ў агульнакультурнай дэградацыі ў кірунку абыдлення надаецца таксама правакаванню акцэнтаванай увагі да каштоўнасцяў больш нізкіх узроўняў – ствараюцца культы ежы, вопраткі, цела, жытла, здароўя, адпачынку, сексу і г.д.. Гэта адбываецца з дапамогай глянцавых часопісаў, жоўтай прэсы, вулічнай рэкламы, тэлевізійных праграм і рэкламы. Тэхналагічна ўсё робіцца “па-навуковаму”. Напрыклад, пад выглядам агітацыі нібы на карысць «бяспечнага сексу» (найчасцей дэманструюцца прэзерватывы) хаваецца прапаганда найперш проста сексу. А тым, хто прасцей, і не мае грошай на масажныя салоны, моднае адзенне, падарожжы і г.д., прапануецца вобраз “героя нашага часу” ў выглядзе прыдурка з цыгарэтай у роце, напаўвіпітай бутэлькай піва ў руцэ і матам праз слова…
Дарэчы, шантаж і подкуп, хаця і не інфармацыйныя тэхналёгіі, разлічаны на тыя ж асаблівасці псіхікі людзей і дасягнене той жа мэты – абыдленне.

Такім чынам, інфармацыйнае ўздзеянне, якому цяпер падвяргаецца беларускае грамадства, з’яўляецца:
– не натуральным, самаадвольным, а наўмысным, штучным, адмыслова арганізаваным;
– татальным, усеахопным, унутрана безальтэрнатыўным;
– дэзарыентаваным, разбуральна-касмапалітычным, дэмаралізаваным, інфантыльным, абыдленым і г.д.;
– маніпулятыўным, тайным;
– фармальна “легальным” – г.зн. тым, што мае пад сабой фармальную ідэалагічную і юрыдычную аснову;
– вонкава безальтэрнатыўным (у тым сэнсе, што няма магчымасьці перайсьці ў здаровую інфармацыйную прастору, і ў тым, што інфармацыйная прастора “цывілізаванага захаду” ўяўляе сабой вельмі слабую альтэрнатыву таму, што робіцца ў нас).
Пры ўсім гэтым, найбольш значным і злачынным зместам інфармацыйнага ўздзеяння ва ўмовах нашай Беларусі, несумніўна, з’яўляецца этнацыд!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы