Частка 6. Мэты і наступствы дэструктыўных тэхналёгій
Пакуты і страты людзей і грамадства.
У выніку інфармацыйнага і іншых дэструктыўнага форм ціску, які аказвае на наша грамадства безнацыянальная паразітычная бюракратыя, назіраецца не проста яго татальная паралізацыя. Усе гэтыя этнацыдныя тэхналёгіі суправаджаюцца пакутамі людзей, усяго грамадства, вядуць да гіганцкіх матэрыяльных і духоўных страт для іх.
Знакаміты сацыяпсіхолаг і філосаф-гуманіст Эрых Фром назваў уздзеянне бюракратыі на грамадства некрафілізаваным – г.зн. амярцвелым. Ён адным з першых звярнуў увагу, што ў штучнай, некрафільнай абстаноўцы, маніпулятыўна-тайна створанай бюракратыяй (тая нібы размяшчае паміж людзьмі і жыццём нябачную перашкоду), людзі пакутуюць ад пачуцця адзіноты, няўтульнасці, бязрадаснасці, страты сэнсу свайго жыцця, часта з элементамі безвыходнасці, дэпрэсіі. Прычына ў тым, што людзі – разумныя грамадскія істоты, здольныя да самастойнай, стваральнай дзейнасці – пачынаюць падсвядомасна ўспрымаць, што яны з суб’ектаў жыцця сталі аб’ектамі – пешкамі ў чужой гульні. У такой абстаноўцы яны перастаюць успрымаць зямлю – сваёй, іншых людзей – блізкімі, і пачынаюць ставіцца адзін да аднаго спачатку абыякава, затым як да чужых, а то і ворагаў…
Людзі пакутліва адчуваюць, што цяпер яны адчужаны ад сродкаў вытворчасці, ад вынікаў сваёй працы, ад роднай зямлі, ад свайго народу, сваіх горада ці вёскі, ад нейкага сэнсу – увогуле ад жыцця. Яно ідзе неяк само па сабе, а яны тут ні пры чым. Гэта хтосьці жыве, а яны – не жывуць, а глядзяць кіно пра жыццё, аддзяжурваюць адведзены ім час.
Акрамя таго, людзі пачынаюць успрымаць сябе вельмі абмежавана ў часе – не звязваючы сябе ні з папярэднімі, ні з будучымі падзеямі і пакаленнямі. Каштоўнасць усяго цяпер пачынае ўспрымацца імі толькі ў часовых рамках іх уласнага жыцця. Натуральна, у такія рамкі не ўмяшчаюцца не толькі памер і вечнасць існавання Свету, а і незлічоная колькасць вельмі важных рэчаў меншага маштабу. Чалавек такім чынам нібы сам абмяжоўвае, абкрадае сябе, выкідаючы са свайго жыцця шмат чаго, што залежыць ад яго і ад чаго ён сам залежаць. Натуральна, дзе ж яму быць паўнавартасным, счаслівым…
У наступства ўсяго пералічанага людзі, нібы помсцячы, пачынаюць ставіцца некрафільна-дэструктыўна да зямлі, прыроды, іншых людзей – да ўсяго таго, што раней лічылі сваім, і з чым былі звязаны. І самі перастаюць радавацца жыццю і іншым не даюць. Сімваламі ўсяго гэтага з’яўляюцца сёння паводзіны людзей у грамадскіх месцах, напоўненыя абыякавасцю, непавагай адзін да аднаго, напружанасцю, азлобленасцю, хамствам, рускім матам. Яшчэ адзін паказальны сімптом – берагі нашых цудоўных рэк і азёр, узбочыны дарог, засмечаныя так, як ніколі раней. Многія пераключаюцца на матэрыяльна-спажывецкія прынцыпы жыцця, імкнучыся хоць бы гэтым кампенсаваць страту жыццёвага сэнсу (што, натуральна, эфекту не дае).
З пазіцый сада-мазахісцкага светаўспрыняцця, якое навязваецца грамадству бюракратыяй (“я начальнік, ты – раб”), культура ўспрымаецца абсалютна непатрэбнай рэччу, а культурны чалавек – слабым (у здаровых узаемадачыненнях на роўных культурны чалавек ёсць ні слабы і ні моцны, бо культура, справядлівасць і іх альтэрнатывы знаходзяцца ў іншай плоскасці міжлюдскіх узаемаадносін). Таму ў дэфармаваным бюракратыяй грамадстве культурны чалавек пастаянна нарываецца на дэманстрацыі тупой сілы ці сваёй фізічнай перавагі з боку іншых людзей (ён іх нібы правакуе на гэта).
Шмат праблем узнікае ў бацькоў, якія хацелі б падзяліцца сваім жыццёвым досведам з дзецьмі, папярэдзіць іх пра магчымыя небяспекі, але не могуць гэтага зрабіць, бо ў іх страчаны кантакт з дзецьмі. Апошнія не жадаюць слухацца, не паважаюць іх, лічаць «адсталымі продкамі» і, недасведчаныя, амаль заканамерна нарываюцца на розныя непрыемнасці, ад якіх затым пакутуюць і яны самі, і іхныя бацькі…
Знікаюць сапраўдныя мужчыны (бо ў іх забіраюць і дыскрэдытуюць мужчынскія якасці), а жанчыны, прымушаныя браць на сябе ролю мужчын, губляюць жаноцкасць і пераўтвараюцца… нібы ў хадзячыя крэпасці, гатовыя «адбіць кожную агрэсію» з выкарыстаннем усёй наяўнай зброі…
Натуральна, што ў грамадстве, дзе ўсё разбурана, перамешана і абыдлена, дзе людзі адчужаны ад сродкаў вытворчасці і ад плёну сваёй стваральнай дзейнасці, дзе яны абыякавы да лёсу адзін аднаго, дзе няма пачуццяў роднасці і адказнасці, дзе людзьмі страчана пачуццё гаспадара на ўласнай зямлі (а яно галоўнае для існавання дэмакратычнай дзяржавы), і блізка не можа быць справядлівасці.
Увогуле, у збюракратызаваным грамадстве складаецца дзіўная сітуацыя. Чым больш і лепш працуе чалавек, чым больш ён адукаваны, прафесійны, чым больш вялікі маштаб і ўзровень яго стваральнай дзейнасці, тым большым дурнем ён становіцца – нават, можа стаць аб’ектам кпін. У паталагічных грамадскіх варунках добрая праца перастае быць галоўным ключом да жыццёвага поспеху. Больш за тое, добры працаўнік аб’ектыўна пераўтвараецца ў дурня, бо забяспечвае добрае існаванне грамадскіх паразітаў… Перавагу атрымліваюць дагоднікі, крывадушнікі, цынікі. Іх рэцэпт на жыццё: чым бліжэй наблізіцца да начальства, дагадзіць яму, і тады ўсялякія іх эгаістычныя патрэбы будуць лёгка вырашацца і з мінімальнымі высілкамі (пры гэтым, што яны страчваюць, нават не здагадваюцца). Сітуацыю добра ілюструе вядомы выраз: «Чаму ты такі бедны, калі такі разумны?» Адказ: «Таму, што я жыву ў ненармальным грамадстве…»
У гэтах абставінах не можа нармальна развівацца эканоміка, расці дабрабыт.
Спадзявацца, што ў такіх грамадскіх варунках можа быць дасягнута галоўная каштоўнасць чалавека – максімальнае раскрыццё ўласнага жыццёвага патэнцыялу – нават наіўна.
Спачатку кожнаму нармальнаму чалавеку здаецца, што, бачачы падобныя негатыўныя з’явы, ён сутыкаецца з нейкімі адзінкавымі выпадкамі. І толькі накапіўшы жыццёвы досвед, чалавек пачынае бачыць заканамернасць, усеахопнасць, сістэмнасць…
Але людскія пакуты і разбурэнне рыс жывога паўнавартаснага грамадства – гэта яшчэ не ўсё. Негатыўныя наступствы, якія пачынаюцца з этнацыдных тэхналёгій, вядуць да дэградацыі асноў дзяржавы – тэрытарыяльных страт і фізічнага выраджэння народу, як ядра грамадства і зместу дзяржавы. Толькі ў ХХ-м стагоддзі пасля этнацыду беларусаў у складзе Расейскай імперыі, нашы землі – нібы нічыйныя – перадаваліся Германіі (1918 г.), Польшчы (1920 г.), вярталіся назад (1939 г.) і зноў аддаваліся Польшчы (у 1945 г.).
Крытычна негатыўным наступствам этнацыду апошняга дзесяцігоддзя з’яўляецца генацыд – фізічнае выміранне нашага народу, якое адбываецца зараз з хуткасцю некалькі дзесяткаў тысяч чалавек за год (некаторыя называюць лічбу да 100 тысяч чалавек у год)! У некрафілізаваным грамадстве дзеці перастаюць быць сэнсам жыцця, радасцю, прыкметай жыццёвага посьпеху, а пераўтвараюцца ў «непатрэбную абузу», ад якой многія імкнуцца пазбавіцца («Чым заводзіць другое дзіця, давай, дарагі, лепш купім «Мерседэс», а нашу «Аўдзі» прададзім». «Давай, дарагая». І ездзяць цяпер многія ў металічных трунах сваіх ненароджаных дзяцей…). Сёння ў Беларусі, каб падтрымаць стабільную колькасць беларускага насельніцтва, на адну сярэднестатыстычную сям’ю не хапае амаль аднаго дзіця (трэба, каб было мінімум 2,3 дзіця на адну сям’ю, а ёсць толькі 1,4).
Сувязь паміж этнацыдам і генацыдам беларусаў пацвярджаюць адваротныя дэмаграфічныя паказчыкі ў Беларусі ў перыяд апошняга нацыянальна-культурнага адраджэння (канец 80-х пачатак 90-х гадоў). Тады ў атмасферы грамадскага аптымізму, узрослага нацыянальнага адзінства і іншых станоўчых змен нараджальнасць істотна перавышала смяротнасць. Усе ўяўленні, што тады жылося вельмі ўжо кепска, лухта – вынік прапаганды імперскіх сіл! Нараджальнасць – гэта дакладны інтэгральны (!) паказнік матэрыяльнага і маральнага станаў грамадства. Ён аб’ектыўна і ўпарта сведчыць: этнацыд і генацыд рэчы звязаныя і цяпер яны ў пары вядуць наш народ у бездань.
Абагуліўшы, можна смела сказаць: сучаснае дэструктыўнае ўздзенне бюракратыі на беларускі народ і грамадства – гэта відавочнае, наўмыснае злачынства!
Як тут у чарговы раз не ўзгадаць прароцтва нашага славутага Кастуся «Толькі тады, братку-беларус, зажывеш шчасліва, калі…».
Куды нас піхаюць.
Завяршэннем сённяшняга палітычнага працэсу можа быць поўнае разбурэнне беларускай дзяржавы. Мы – беларусы – можам страціць галоўны інструмант, з дапамогай якога наш народ здольны рэалізоўваць сваю гістарычную місію!
А ў імя чаго?!
Мясцовая бюракратыя сама сабе намаўляе, што такім чынам яна арганізуе свае інтарэсы. На справе абсалютна відавочна (!), што рэалізуецца праграма расейскай імперскай бюракратыі, у якой мясцовыя бюракраты ўсяго толькі прылада. Яе роля – дапамагчы ўпіхнуць Беларусь у расейскую імперыю. Нават у сучасным выглядзе – у стане РФ – апошняя ўяўляе сабой даўно састарэлую форму грамадскай арганізацыі, здольную толькі да экстэнсіўнага развіцця. Такое «развіццё» можа адбывацца толькі на адным узроўні – экспансіўна, у бакі, на чужыя тэрыторыі, і не здольна рухацца ўверх, г.зн. не здольна да інтэнсіўнага прагрэсу.
Дадзеная ўласцівасць расейскай імперыі сутнасная. Яна не можа быць адменена ці заменена на што-небудзь іншае без распаду дадзенай пачварнай формы грамадскай арганізацыі. Спробы рэфармаць «Расею» вядуць толькі да замены адной імперскай формы на іншую. У выніку такіх спробаў царская імперыя была пераўтварана ў бальшавіцкую, на нашых вачах камуністычная імперыя была перароблена ў сучасную квазідэмаратычную, а апошняя можа з году на год стаць шавіністычна-фашыстоўскай (ганаруся, што прадказваю гэта з сярэдзіны 90-х). Расейцы гатовыя рабіць што заўгодна, але пры адной умове – абы імперыя захавалася (пераканаўчы доказ невыпраўнасці імперскага пароку). З гэтага вынікае відавочнае: таго, хто будзе заставацца звязаным з гэтак званай РФ у час яе будучай агоніі і пасля яе, чакаюць не проста вялікія выпрабаванні, а і цяжкія пакуты, драматычныя страты, можа нават смяротныя…
З другога боку, спробы захаваць, кансерваваць імперыю ў яе цяперашнім стане раўназначныя спробам затрымаць час. Як мінімум, гэта можна разглядаць, як глупства. Але комплекс імперскай непаўнавартасці рацыянальных аргументаў не прымае, ён увесь час прымушае маніякальна імкнуцца толькі да захопу чужых тэрыторый. Наша Беларусь здаецца імперыялістам прэтэндэнтам на анэксію пад №1. У некаторых ужо не вытрымліваюць нервы. Памятаеце лета 2002 году? «Вступайте в Россию областями» – прапанаваў нам Пуцін. Самі ўступайце сваімі губернямі… у Кітай! А перад «далучэннем» Беларусі, паспрабуйце «далучыць» Аляску!
Вобразна сучасная «Россия» ўяўляе сабой гіганцкую няўклюдную мядзведзепадобную істоту. Яе пярэднія лапы крывавяць, заціснутыя ў каўказскім капкане, у жывот цісне чужародная глыба Сярэдняй Азіі, задняя палова цела гніе на Далёкім Усходзе, у заднюю нагу ўчапіўся кітайскі дракон, але смуроднай бяззубай пашчай яна яшчэ спрабуе ўсмактаць у сябе Беларусь. У мазгах гіганцкай пачвары сядзіць гнюсны спрут-паразіт – расейская імперская бюракратыя – са шматлікімі слізкімі шчупальцамі. Паразіт сутаргава і путана “кіруе” целам мядзведзяпадобнай істоты, якое распадаецца, але рабіць гэта ён можа толькі на сваю карысць (г.зн., паразітаваць) і гэтым толькі пагаршае становішча. Па-сапраўднаму арганізоўваць, уладкоўваць, гарманізаваць агульнаграмадскае жыццё ў прагрэсіўным кірунку ён не здатны па сваёй прыродзе. Пры гэтым ні паразіт не можа пераўтварыцца ў нешта больш прыстойнае, ні істота не здольна выдаліць яго са сваіх мазгоў. Так яны калісьці разам і загінуць…
У адносінах да Беларусі пакуль рэалізуецца план Масквы. На пасаду прэзідэнта нам навязалі чалавека, абсалютна не здатнага да любой стваральнай дзейнасці – паранаяльна амбітнага, бескультурнага, настроенага катэгарычна антыбеларускі, але «готового на коленях ползти в Россию». Каб усё стала відачона, дастаткова прааналізаць толькі адзін факт: Лукашэнка ніколі не звяртаецца да народу дзяржавы, прэзідэнтам якой нібы та з’яўляецца, на мове гэтага народу (?!!). Ён прыкрываў сабой (адцягваючы ўвагу грамадства ад галоўнага) стварэнне бюракратычнай сістэмы, сам не разумеючы гэтага. Такую ж ролю выконвае чырвоная ануча ў руках тарыядора – каб адцягнуць увагу быка ад яго. У сваю чаргу, з дапамогай абодвух (мясцовая бюракратыя + Лукашэнка) расейская імперская бюракратыя амаль разбурыла адноўленую пасля часоў ВКЛ беларускую дзяржаўнасць, уключаючы эканоміку, мову, культуру, нацыянальную сведамасць, дэмакратычную палітычную сістэму, СМІ, арыентацыю на перадавыя цывілізацыйныя каштоўнасці.
Каб чытач лепш успрыняў сапраўдны змест дадзенай палітычнай тэхналогіі, прывяду яе аналаг з іншай сферы. Раней ў некаторых ВНУ начальства ў час уступных экзаменаў выкарыстоўвала такі прыём. На адныя і тыя ж экзамены прызначалася па дзве камісіі. Адну фармавалі са звычайных выкладчыкаў, а другую з закамплексаваных людзей, сярод якіх дамінавала «тэорыя», што нават яны не ведаюць свой прадмет на 5, а паколькі абітурыенты ведаюць яго яшчэ горш, ім можна выстаўляць толькі двойкі, тройкі і ў выключных выпадках – чацвёркі. Ведаючы гэтую рысу другой камісіі, бюракраты ВНУ наўмысна накіроўвалі ў яе групы звычайных абітурыентаў, тады як у першую экзаменацыйную камісію падсылалі «блатнікоў». У выніку, ні абітурыенты, ні іх бацькі, ні, нават, самі экзаменатары часта не здагадваліся, што з’яўляліся ўдзельнікамі ганебнай маніпуляцыі, у якой кожны год брутальна ламаліся лёсы тысяч маладых беларусаў…
Так і сёння многія ў нас не здагадваюцца, што з’яўляюцца ўдзельнікамі бруднай палітычнай гульні з удзелам «экзаменацыйнай камісіі», свядома складзенай з закамплексаваных, прымітыўных чальцоў, спецыяльна прызначаных для выканання сваёй ганебнай ролі нябачнай рукой расейскай імперскай бюракратыі. Разлік апошняй такі: пакуль Беларусь будзе стагніраваць і дэградаваць, Расейская імперыя падымецца, і «гэтым беларусам» нічога не застанецца, як бездапаможна назіраць, як іх дзяржаву рух за рухам будзе паглынаць імперская пачвара. На сёння справа ўжо дайшла да «саюзных дамоваў», «саюзных ворганаў», «Канстытуцыйных актаў саюзнай дзяржавы», «рэферэндумаў», пытання пра «ўвядзення адзінай валюты», натуральна, у выглядзе расейскага рубля ды іншых цацак, прызначаных схаваць змест падзеі – абмен танных пацерак на сапраўдныя каштоўнасці…
Паслядоўная рэалізацыя дадзенага плану з усёй відавочнасцю паказвае, хто сапраўды «кіруе» палітычнымі працэсамі ў Беларусі, а хто старанна, магчыма не ведаючы таго, выконвае ролю марыянетак. Але веданне ці няведанне, як кажуць ва ўсіх судах, не здымае віны. А анексія нашай краіны, этнацыд і генацыд беларусаў ёсць не проста злачынствы. Гэта злачынствы гістарычнага маштабу.
У дадатак, дадзеная злачынствы яшчэ і дурныя. Яны пакідаюць без перспектывы і ў вельмі незайздроснай сітуацыі саму мясцовую бюракратыю. Па-першае, з-за таго, што ўсе гэтыя канаплёвы, мясніковічы, шэйманы, лінгі і іншыя козікі вырашылі абапірацца не на ўласны народ, а на расейскую імперскую бюракратыю (з’яўляюцца служкамі апошняй), у іх няма сапраўднага падмурку пад іх уладнымі крэсламі. Гэта значыць, што яны заканамерна (!) знікнуць з гісторыі, як толькі выканаюць сваю «місію». Расейскай імперскай бюракратыі патрэбны не яны і не Лукашэнка, а Беларусь. Гэта настолькі відавочна, што дадзеная канстатацыя выглядае труізмам. Па-другое, пасля выканання сваёй ганебна-здрадніцкай ролі яны навечна ўвойдуць у аналы гісторыі, як выключна рэдкі прыклад настолькі прымітыўных кіраўнікоў, што «здагадаліся» самі, сваімі рукамі знішчыць сваю ўласную дзяржаву абсалютна без якой бы ні было патрэбы ў гэтым. Усе чарговыя пакаленні гісторыкаў, палітыкаў, палітолагаў, філосафаў пакуль будзе існаваць чалавецтва, будуць узгадваць іх імёны, як унікальны выпадак (!) настолькі тупых начальнікаў, якіх нідзе і ніколі не было, і, відаць, не будзе…
Усім ім так і трэба. Але нас цікавіць наш народ. Таму пакінем дзейнасць кіроўнай дурноты для будучых судовых працэсаў і абмяркуем магчымыя шляхі выхаду на больш светлую перспектыву, чым гістарычная смерць нашага народу ў чэраве імперскай пачвары.
І тут, канешне ж, нельга не звярнуць увагу на будучыню, якую нам рыхтуе «аб’яднаная апазіцыя». Таму давайце прааналізуем яе ідэалягічныя, палітычныя і арганізацыйныя ўласцівасці, якія ўжо цяпер добра відаць.