nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

РАСЕЙСКАЯ ІМПЕРСКАЯ ІДЭЯ І БЕЛАРУСЬ (Частка 1; кБНІ)

16 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Пачынаючы з гэтага артыкула Алеся Астроўскага, рэдакцыя «нашайзямлі.орг» перыядычна будзе выстаўляць матэрыялы, якія былі прадстаўлены на знакамітай навукова-практычный міжнароднай канферэнцыі на тэму «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ» (канферэнцыя адбылася 18-19 касавіка 1999 г. у Гародні) і апублікаваны ў аднайменным друкаваным выданьні. Літары “кБНІ” абазначаюць: матэрыял належыць да дадзенай канферэнцыі.
Рэдакцыя.
РАСЕЙСКАЯ ІМПЭРСКАЯ ІДЭЯ НА БЕЛАРУСІ: ТЭОРЫЯ І ПРАКТЫКА

Пастаноўка праблемы.
Пераўтварэньне чалавецтва ва ўсё больш аб’яднаны, цэласны і адначасова ўсё больш складаны, высокадыферэнцаваны сацыяльны арганізм (складзены з асобных параўнальна самастойных нацыянальна-дзяржаўных утварэньняў) ёсьць асноўнай тэндэнцыяй, здольнай забясьпечыць далейшы прагрэс чалавецтва, усталяваньне новай, больш высокаразьвітай формы яго існаваньня.
На сёньня выразна праглядаюцца дзьве прынцыповыя ідэйна-практычныя лініі, якія, супрацьдзеючы названай тэндэнцыі (у першую чаргу ў асьпекце складанасьці-дыфэрэнцаванасьці), замаруджваюць прагрэсіўнае разьвіцьцё чалавецтва ў цэлым. Гэта касмапалітызм і імпэрыялізм. Асноўная прычына іх існаваньня – схаваны соцыяпаразытычны інтарэс. Апошні ў імпэрыялізме рэалізуецца ў больш адкрытых і жорсткіх формах. У спалучнасьці з даўжэйшай гісторыяй імпэрыялізм абцяжараны на сёньня значна большай колькасьцю дыскрэдытацыйных фактаў, што дазваляе разглядаць яго як антыразьвіцьцёвую зьяву больш падрабязна і абгрунтавана.
На працягу некалькіх стагодзьдзяў станаўленьню паўнавартаснай беларускай дзяржаўнасьці перашкаджаў (і працягвае перашкаджаць зараз) менавіта расейскі імпэрыялізм.

Імпэрская існасьць Расеі. Расейская імпэрская бюракратыя і яе інтарэс.
Кожны, хто хаця б збольшага ведае расейскую гісторыю, можа пагадзіцца, што Расея – гэта імпэрыя, створаная за кошт захопу тэрыторый суседніх этнасаў, скіраваная на экстэнсіўнае разьвіцьцё і на паразытаваньне на расейскім і нерасейскіх народах. Для апошніх гэта азначае страту разьвіцьцёвай і жыцьцёвай пэрспэктывы, бессэнсоўнасьць існаваньня, пакуты і кроў…
Аналізуючы гісторыю Расеі, варта зьвярнуць увагу на надзвычай знамянальны факт: пасьля чарговага ўнутранага катаклізму Расея, кожны раз мяняючы сваю форму і часта эліту, якая трымала ўладу на яе тэрыторыі, захоўвала сваю імпэрскасьць. Так, пасьля бальшавіцкага перавароту 1917 г. царская Расея была пераўтворана ў бальшавіцка-камуністычную, пасьля падзей 1991 г. – з бальшавіцка-камуністычнай у псэўдадэмакратычную. Зараз можна прадбачыць магчымасьць чарговых “пераўтварэньняў” у Расеі, калі яна можа набыць шавіністычна-фашыстоўскую форму, а затым, верагодна, зноў будзе спрабаваць вярнуць “цара-бацюшку”. Але пры ўсім тым Расея і далей “зьбіраецца” захоўваць сваю імпэрскую ідэалёгію і практыку. Усё гэта можа сьведчыць аб адным: імпэрскасьць ёсьць існасная характарыстыка Расеі, у дачыненні да якой зьмена формы – усяго толькі спосаб захаваньня нечага больш істотнага.
Імпэрскасьць Расеі зьяўляецца для іншых настолькі вялікай каштоўнасьцю, што дзеля яе захаваньня яны гатовыя заплаціць любымі ахвярамі! Чый жа гэта інтарэс?
Няцяжка ўбачыць, што гэта… карэнны інтарэс расейскай (зразумела, у першую чаргу этнічна рускай) імпэрскай бюракратыі. Апошняя рэпрэзентаваная цэнтральнай маскоўскай бюракратыяй, адміністратарамі ўсіх расейскіх тэрыторый, усімі магчымымі чыноўнікамі ў войску, таемнай (НКВД-КГБ-ФСБ) ды яўнай паліцыяй, а таксама зьбюракратызаваным клерам.
Каб надзейна забясьпечыць свой карэнны імпэрскі інтарэс, расейская бюракратыя робіць шмат чаго, але ў першую чаргу яна клапоціцца пра ўнушэньне жыхарам Расеі ПАЧУЦЬЦЯ, што Расея – гэта іх (жыхароў) найвялікшая каштоўнасьць, якая забясьпечвае ім (у першую чаргу, натуральна, расейцам этнічным) вялікасьць і выключнасьць! У такім унушэньні і заключаецца прапагандысцкая існасьць расейскай нацыянальнай (чытай: імпэрскай) ідэі.
Закранаючы праблему тэхналёгіі псыхалягічнай апрацоўкі насельніцтва ўнутры Расеі, варта зьвярнуць увагу на тое, што расейскай імпэрскай бюракратыяй распрацавана шмат спосабаў прапагандысцкага ўвядзеньня імпэрскай мэнтальнасьці ў галовы людзей. Іх падсьвядомасьць апрацоўваецца ў адпаведным кірунку яшчэ зь дзяцінства пачынаючы ад, здавалася б, дзіўнага “народнага” фальклёру, у якім (у адрозьненьне, напрыклад, ад таго ж беларускага) практычна адсутнічае ўслаўленьне людской працы; у тым ліку і ад, здавалася б, дзіўных народных казак (напрыклад, пра залатую рыбку, якая выконвае ўсе жаданьні; пра чароўнага шчупака з тымі ж здольнасьцямі; пра жар-птушку, чароўнага жураўля, лебедзя-цуду, канька-гарбунка і гэтак далей). У адпаведнасьці з зашыфраваным рэцэптам такога фальклёру чалавек дасягае дабрабыту не ў выніку працы, а ў выніку нейкай нечаканай беспрычыннай падзеі. Дабрабыт і шчасьце проста раптоўна “звальваюцца на галаву” шчасьліўчыку. Але ж у рэальным жыцьці дабрабыт без уласнай стваральнай працы можа быць дасягнуты толькі праз адбіраньне дабра ў іншых… Такім чынам, “расейская” ідэалёгія падрыхтоўвае псыхалягічную глебу для апраўданьня захопніцкіх войнаў і любых іншых гвалтоўных дзеяньняў, скіраваных на каляніяльнае падпарадкаваньне суседніх народаў.
Эфэктыўнасьць (для насельніцтва) і сэнс (для расейскай бюракратыі) прапагандысцкага намаўленьня расіянам адчуваньня “вялікасьці і каштоўнасьці Расеі” ў значнай ступені таксама абумоўленыя тым, што яно (пачуцьцё) у значнай ступені нэўтралізуе ў падсьвядомасьці простых расіянаў нэгатыўныя перажываньні ад пачуцьця рэальнай прыніжанасьці ў выніку нізкага ўзроўню жыцьця (сьледства пастаяннай жорсткай эксплуатацыі), ад страху перад неабходнасьцю калечыцца і гінуць на бессэнсоўных войнах, дый увогуле ад рабскага падпарадкаванага існаваньня. У выніку ўнушэньня “вялікасьці Расеі” ў падсьвядомасьці расейца ўзьнікае ілюзорнае адчуваньне ўласнай вялікасьці: “Я багаты і шчасьлівы (багатая і шчасьлівая) таму, што мая Радзіма ад Брэста да Курыл…”, “Мяне ўсе баяцца і паважаюць, таму што Савецкі Саюз (чытай: Расейская імпэрыя) займае аж 1/6 частку паверхні Зямлі…”, “Я магу пагражаць усім і ўсе мяне баяцца, таму што ў нас самае магутнае войска…” і г.д. У выніку “пачуцьцё вялікасьці Расеі” выконвае функцыю своеасаблівай псыхалягічнай аддухі для пераважнай большасьці грамадзян ва ўмовах іх ганебна прыніжанага існаваньня, што, у сваю чаргу, тлумачыць лёгкасьць засваеньня імпэрскіх ідэй і імпэрскага духу расейцамі. Дарэчы, у адпаведнасьці з адчуваньнямі расейца, межы Расеі – гэта таксама яго найважнейшая асабістая (!) каштоўнасьць. Яны (у яго ўяўленьні) могуць толькі павялічвацца і ніколі – памяншацца…
Такім чынам, намоўленая імпэрскасьць (гэта адзін з галоўных сакрэтаў таго, што разрэклямавана пад выразам “таямнічая руская душа”) папраўдзе, ёсьць не што іншае, як своеасаблівая праява комплексу непаўнавартасьці…
Разумеючы існасьць расейскай масавай псыхалёгіі, можна без асаблівых цяжкасьцяў зразумець сэнс шмат якіх зьяваў унутрыпалітычнага расейскага жыцьця. Асноўныя зь іх зьяўляюцца сьледствам прынцыпова невырашальнай супярэчнасьці паміж двума альтэрнатыўнымі кірункамі разьвіцьця Расеі. Так, Расеі як імпэрыі, з аднаго боку, неабходная магутная, кіраваная з цэнтру бюракратыя (войска, таемная ды яўная паліцыя, шматлікая і разгалінаваная грамадзянская бюракратыя на ўсіх узроўнях улады, адпаведным чынам з’арыентаваны клер), каб за кошт моцнай цэнтралізаванай улады забясьпечыць захаваньне межаў імпэрыі. З другога боку, Расеі як краіне, якая жадае разьвівацца, неабходная дэцэнтралізацыя ўлады, пашырэньне эканамічных і палітычных свабодаў, абмежаваньне бюракратыі. З факту канстатацыі прынцыповай невырашальнасьці гэтай супярэчнасьці вынікае выснова: пакуль Расея будзе захоўваць сваю імпэрскую існасьць, яе будуць безупынна трэсьці ўнутраныя крызысы. Расея ўвесь час будзе захоўваць нутраную выбуховасьць, небясьпечную ня толькі для сябе, а і для Беларусі, Эўропы, усяго Сьвету.
Дарэчы, гэта якраз тое, пра што вучаць з гонарам гаварыць расейцаў: “Умом Россию не понять, в Россию можно только верить”.
Хаця у чым тут сакрэт і які гэта гонар?…
Псыхалягічная ўстаноўка на ўласную вялікасьць і выключнасьць, зьвязаную з “вялікасьцю Расеі”, маючы велізарную інэрцыйнасьць, выконвае ролю найважнейшага фактару ўнутрырасейскага палітычнага жыцьця – фактару, які вызначае паводзіны людзей, іх прыярытэты і выбар. Гэтае пачуцьцё пры любых зрухах у Расеі кожны раз наноў інэрцыйна вяртае чарговае пакаленьне расейскай бюракратыі (а разам зь ёй і саму Расею) на імпэрскі кірунак мысьленьня. Сёньняшнія кіраўнікі Расеі таксама ня могуць ня быць скалечанымі імпэрскай псыхалягічнай устаноўкай, ня могуць не падпарадкоўвацца ўнушонаму ім “асноўнаму інстынкту” і адначасова ня могуць не знаходзіцца пад прэсынгам імпэрскага мэнталітэту расейцаў. У выніку расейская імпэрская ідэя выконвае ў Расеі функцыю своеасаблівага д’ябальскага кола, навязваючыся ад бюракратыі насельніцтву і ад насельніцтва – новаму пакаленьню бюракратыі.
Усе пералічаныя праблемы расейцаў (як псыхалягічныя, так і сацыяльна-эканамічныя ды палітычныя) былі б толькі іх уласнымі праблемамі, калі б не вельмі непрыемныя наступствы ад іх імпэрскай мэнтальнасьці для іншых.
Рэч у тым, што пераважная большасьць расейцаў (ад люмпэну да інтэлектуальнай і ўладнай эліты) падсьвядома ўспрымае этнічных жыхароў любой захопленай Расеяй калёніі і паўкалёніі людзьмі другога гатунку – людзьмі, якія павінны заўсёды быць у падпарадкаваным стане. І гэты падпарадкаваны стан (а ня стан раўнапраўя) успрымаецца імі як норма. Відавочнымі доказамі такой мэнтальнай арыентацыі зьяўляюцца практычная адсутнасьць пратэстаў унутры самой Расеі супраць уводу войскаў у Вэнгрыю, Чэхаславакію, Афганістан, адсутнасьць рэакцыі на варварскія паводзіны расейскіх вайскоўцаў у Чачні. І гэта нягледзячы на тое, што ва ўсіх названых падзеях фізычна і маральна пакутавалі ня толькі прадстаўнікі абарыгенных народаў, але і самі расейцы…

Праграма імпэрскіх дзеяньняў у дачыненні да суседзяў.
Пакуль Расея будзе захоўваць сваю імпэрскую існасьць, яна на міжнароднай арэне (і ў першую чаргу ў дачыненні да суседзяў) будзе праводзіць імпэрскую палітыку.
Прынцыпы апошняй у дачыненьні да суседзяў наступныя:
– недапушчэньне стварэньня моцных дзяржаў на сваіх межах, недапушчэньне іх багаценьня;
– недапушчэньне ўтварэньня любых саюзаў на межах імпэрыі;
– прапагандыская дыскрэдытацыя нацыянальна-вызвольных, незалежніцкіх памкненьняў падпарадкаваных народаў і распаўсюджаньне ў суседніх краінах пустапарожніх альбо выгадных імпэрыі ідэй;
– правядзеньне палітыкі ў дачыненьні да суседзяў чужымі рукамі альбо рукамі сваіх стаўленікаў;
– падзел грамадзтва ў суседніх краінах на канфліктуючыя згрупаванні, раздрабненьне іх тэрыторыі і стварэньне канфліктуючых зонаў;
– агрэсія ў адносінах да суседзяў.

Прынцыповае геапалітычнае значэньне Беларусі для імпэрскай Расеі.
Беларусь мела і працягвае мець стратэгічнае значэньне для Расеі. Гэта абумоўлена тым, што Беларусь – гэта дзяржава, якая найбліжэй знаходзіцца да сталіцы Расеі – Масквы… Беларусь клінам уваходзіць ва Усходнюю Эўропу, таму кантроль Беларусі дае Расеі магчымасьць непасрэдна (кантактна) кантраляваць Прыбалтыку, Польшчу, Украіну. Дадатковае значэньне на сёньня мае жаданьне Расеі кантраляваць самыя выгадныя транзытныя шляхі ў Заходнюю Эўропу, якія ідуць празь Беларусь. І нарэшце, “далучэньне” Беларусі да Расеі дало б магчымасьць апошняй істотна наблізіцца да калінінградскага расейскага анклава зь яго вайсковымі базамі… Усё гэта абумоўлівае тое, што Беларусь з геапалітычнага гледзішча зьяўляецца “найцікавейшым аб’ектам” для расейскай імпэрскай палітыкі, намнога больш цікавым, чым любыя іншыя тэрыторыі.
Акрамя таго, магчымае “вяртаньне” Беларусі ў склад Расеі магло б стаць істотным фактарам, які б тармозіў верагодны распад Расейскай імпэрыі ў яе сёньняшнім выглядзе, бо з псыхалягічных пазыцый гэта стала б лепшым лекам для імпэрскай душы, зьняможанай чаканьнем вяртаньня былых членаў “дружной семьи” “советских народов” “в лоно единой и неделимой”… імпэрыі.

Галоўная мішэнь і асноўныя кірункі імпэрскага ўплыву Расеі на Беларусь.
Каб практычна рэалізаваць свае прынцыпы імпэрскага ўзьдзеяньня, бюракратыя Расейскай імпэрыі (у першую чаргу праз КГБ-ФСБ) скіроўвала і, па ўсім відаць, будзе скіроўваць свае разбуральныя высілкі ў першую чаргу на падмурак пабудовы паўнавартаснага цывілізаванага грамадства на тэрыторыі Беларусі, якім зьяўляецца ПАЧУЦЬЦЁ АДКАЗНАГА ГАСПАДАРА НА СВАЁЙ ЭТНІЧНАЙ ТЭРЫТОРЫІ. Для расейскіх імпэрыялістаў гэтае пачуцьцё ў душах беларусаў зьяўляецца галоўнай мішэньню іх дэструкцыйных узьдзеяньняў!
У такім узьдзеяньні можна вылучыць тры кірункі.
Першы – гэта замоўчваньне ды скажэньне гісторыі беларускага народу, а таксама фактаў пра славутых гiстарычных дзеячаў (палкаводцаў, асьветнiкаў, генiяльных пiсьменьнiкаў, паэтаў, кампазытараў, мастакоў, вучоных, вынаходнiкаў…). Фактаў, якія б уздымалі гонар беларусаў за сваіх продкаў, за сваю гісторыю, а значыць, за сябе.
Другі – гэта назойлівая замяшчальная праімпэрская прапаганда, якая ўслаўляе нібыта “дасягненьні Расеі” ў разьвіцьці чалавечай цывілізацыі, забівае галовы людзей імпэрскімі “каштоўнасьцямі”, праслаўляе “вялікасьць Расеі”.
Трэці кірунак – гэта фізычнае вынішчэньне і маральная дыскрэдытацыя беларускіх патрыётаў, у першую чаргу шляхам навешваньня на іх ярлыка “нацыяналіст” з прыданьнем гэтаму ярлыку (праз выкарыстаньне тэхналёгій масавага замбаваньня) рэзка негатыўнага адценьня.

Пра нацыяналізм.
Паколькі заявы аб “нацыяналізме” беларусаў сталі агульным месцам у спробах дыскрэдытацыі беларускіх патрыётаў перад міжнароднай і ўнутрыбеларускай супольнасьцю, неабходны (хаця б кароткі) аналіз фэномэну нацыяналізму, і ў прыватнасьці беларускага.
Зыходна варта прыняць, што нацыяналізм – гэта соцыякультурная зьява, калі людзі ўспрымаюць свой народ і яго дасягненьні як вялікія асабістыя каштоўнасьці.
Аднак нацыяналізм мае розныя формы. Так, бывае нацыяналізм, задача якога – падняць свой народ са стану прыніжанасьці, прыбітасьці да ўзроўню роўнасьці зь іншымі народамі. Гэта станоўчы нацыяналізм, якому можна прыпісаць знак “+”. Альтэрнатывай яму зьяўляецца нацыяналізм, які імкнецца штучна ўзвысіць сваю нацыю над другімі нацыямі і народамі. Гэты “нацыяналізм” завецца шавінізмам і прыпісаць яму знак “-“. Такі “нацыяналізм” зьяўляецца падставай фашызму. Акрамя таго, трэба адрозьніваць нацыяналізм, скіраваны ўнутр межаў геаграфічнага расьсяленьня свайго этнасу, скіраваны на будаўніцтва ды інтэнсіўнае разьвіцьцё (зноў нацыяналізм са знакам “+”), і нацыяналізм, які скіраваны вонкі, на тэрыторыі іншых этнасаў, на экстэнсыўна-экспансыўнае “разьвіцьцё”. Апошні нацыяналізм можна назваць імпэрыялізмам і прыпісаць яму знак “-“.
Паколькі тэрмін “нацыяналізм” (з-за здольнасьці ўключаць у сябе вельмі шырокі дыяпазон нярэдка супрацьлеглых зьяў) вельмі часта аказваецца непрыдатным для адэкватнай характарыстыкі сацыяльных зьяў, якія маюць дачыненьне да нацыянальнага пытаньня, варта карыстацца больш дакладнымі тэрмінамі. Так, напрыклад, нямецкі “нацыяналізм” 1930-40-х гадоў правільней было б называць шавінізмам (даведзеным да ўзроўню нацызму-фашызму) і маладым імпэрыялізмам. “Савецкі патрыятызм” часоў позьняга СССР у сваю чаргу зьяўляўся не чым іншым, як застарэлым імпэрыялізмам і лагодным шавінізмам. Беларускі ж нацыяналізм характарызуецца зараз і аб’ектыўна на будучыню мае пэрспэктывы існаваньня толькі ў форме станоўчага, стваральнага патрыятызму (++)!

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы