2. Недапасаванасьці клясічных тэорыяў да беларускай рэчаіснасьці
А. Пашырэньне клясічных тэорыяў.
Тое, што існуе шэраг недапасаванасьцяў паміж агульнапрынятымі, клясічнымі тэорыямі і пэўнымі выключэньнямі, – гэта факт. Але ж той факт, што беларускае вызначэньне нацыі складае хутчэй выключэньне, чым прыклад клясічнай тэорыі, не павінна хваляваць нас, засмучваць і тым болей разьвіваць комплекс непаўнавартасьці. Усяму гэтаму ёсьць свае аб’ектыўныя прычыны: з аднаго боку, позьняе разьвіцьцё нацыянальнага руху на сучасным этапе гісторыі, а з другога – скіраванасьць усіх клясічных тэорый хутчэй на гэтак званыя вялікія нацыі – французскую, нямецкую, ангельскую, італьянскую ці дацкую. Таму і можна канстатаваць пэўную аднабаковасьць гэтых тэорый. У самым сьцьвярджэньні, што клясічныя тэорыі не дапасуюцца да беларускай рэчаіснасьці, мы бачым пэўны этнацэнтрызм. Можа, наадварот: беларускі выпадак – анамальны, не можа і не павінен падыходзіць да якой-небудзь тэорыі?! Так ці інакш, улічваючы, што не беларусы стварылі прэцэдэнт нацыянальнага патрабаваньня, нацыянальнага руху, трэба разгледзець беларускія асаблівасьці ва ўжо вядомым пракладзеным рэчышчы.
Дэманструючы разыходжаньні паміж беларускай мадэльлю і заходнімі, мы безупынку працягваем даказваць, што беларуская нацыя існуе, першай сьведкай чаму можа быць беларуская дзяржаўнасьць.
Па-першае, спынімся на мове. Гэта, бадай, галоўная рыса нацыі (прынамсі менавіта на яе часьцей робіцца акцэнт у працах філёзафаў, сацыёлягаў). Працэсы цэнтралізацыі, узмацненьня нацыі суправаджаюцца ўпарадкаваньнем, уніфікацыяй моўных працэсаў на абшарах пэўнай краіны. Праз унівэрсітэты, школы і дзіцячыя садкі стандартызаваная мова распаўсюджваецца сярод жыхароў. Гэты прынцып дзейнічае амаль без збою.
Мова – першае, што пачынаючы з дзяцінства адрозьнівае француза ад гішпанца ці немца. Праўда, некаторыя краіны, як вядома, пабудаваўшы незалежную краіну, размаўляюць на мове, якая ўжо з’яўляецца для якога-небудзь народу нацыянальнай (Францыя-Бэльгія-Квэбэк; Гішпанія – амаль што ўся Паўднёвая Амэрыка (за выняткам Бразіліі); Аб’яднанае Каралеўства-ЗША-Новая Зэляндыя, і нарэшце, лузафонная цывілізацыя – Партугалія-Бразілія). Як правіла, у гэтых выпадках мова адыходзіць на другі плян, прыярытэтнае месца займае новая тэрыторыя, геапалітычны статус, эфэкт зьліцьця розных культур (бразільскі прыклад: тубыльская, партугальская, нэгрыцянская, яўрэйская, французская і славянская ў меншай ступені і ўплыў усіх пералічаных элемэнтаў на фармаваньне бразільскай нацыі).
Беларусь ніколі не з’яўлялася мэтраполіяй, не мела залежных земляў, на якія магла б перайсьці беларуская нацыянальная ідэя з мэтай перараджэньня і пераўвасабленьня ў новых умовах. Беларусь не змагла нават адшліфаваць уласную нацыянальную канцэпцыю, захаваць мову, яе адзінства, гістарычную чысьціню. Згодна перапісу 1989 года 81, 5% беларусаў валодаюць беларускай мовай, але ж насамрэч ёю актыўна карыстаюцца 2% альбо 3% насельніцтва. Ці значыць гэта, што статус беларускай нацыі ставіцца пад сумнеў?
Не, зусім не.
Па-першае, узгадаем беларускую расейскамоўную культуру, даволі моцную і вялікую ў колькасным вымярэньні, якая выклікае паралелі з бэльгійскай франкамоўнай культурай ці амэрыканскай англамоўнай. Яна не абапіраецца на асаблівую мову, на яе арыгінальнасьць і прыроджанае адрозьненьне ад іншых, прыроджанае супроцьстаяньне іншым (і ў першую чаргу суседскім) культурам. Напрыклад, творчасьць Сьвятланы Алексіевіч – расейскамоўнай пісьменьніцы – тым не менш мае беларускі твар (у яе кнігах героі, пачуцьці – беларускія, нават тэмы застаюцца характэрнымі для беларускага сьветапогляду: Чарнобыль, ваенная тэматыка, суіцыдарная). Асоба Сьвятланы Алексіевіч даказвае выснову, што не абавязкова толькі нацыянальная мова здатная цалкам перадаць нацыянальную існасьць, нацыянальны характар.
Што датычыцца ўласна беларускай мовы, дык, улічваючы яе вынішчэньне на працягу стагодзьдзяў, штучныя рэформы, трэба разгледзець яе ролю, яе ўклад на не зусім звыклым узроўні. Такія характарыстыкі, як моц, колькасьць носьбітаў, ступень карыстаньня і іншыя не падыходзяць да этнічнай мовы РБ. Не ступень карыстаньня, а хутчэй ступень разуменьня – вось самы прыдатны паказчык высьвятленьня ролі беларускай мовы. Амаль 100% насельніцтва разумеюць мову. Праз паданьні, казкі, легенды, гісторыю, іх вывучэньне і чытаньне расейскамоўныя беларусы атаесамляюць сябе з беларусамі, а тая меншасьць, якая не ведае беларускай мовы (расейцы і іншыя небеларусы) менавіта ў гэтых выпадках супроцьстаіць расейскамоўным беларусам. РАЗУМЕНЬНЕ/НЕРАЗУМЕНЬНЕ — гэта таксама апазіцыйнасьць, хай не палітычная, аднак культурніцкая. Гэта сутычка, разьдзяленьне цэласнасьці на фрагмэнты, хаця “простыя”, “талерантныя” беларусы не заўважаюць гэтага факту, баючыся пакрыўдзіць недасьціпных суайчыньнікаў, якія не ведаюць, не разумеюць “дзіўнай” мовы.
Па-другое, тэрыторыя. У сваёй кнізе “Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі” Энтані Сьміт называе гэты паказчык нацыі “больш канкрэтным і распазнавальным”. Адразу ўзьнікае пытаньне: “Ці Беларусь складае тыповы прыклад нацыі з улікам тэрытарыяльнага фактару, ці зноў жа выключэньне?” З геапалітычнага пункту гледжаньня ці з боку нацыянальнай бясьпекі і геаграфічнага становішча Беларусь належыць хутчэй да першых. Хаця яна і мае кампактную тэрыторыю, але ж натуральна не абароненую. Разьмяшчэньне на “цывілізацыйным скрыжаваньні” [Samuel Huntіngton. The Clash of Cіvіlіzatіon] не спрыяла і не спрыяе кансалідацыі і хуткаму станаўленьню нацыі. У адрозьненьне ад Швайцарыі, Ісляндыі ці абароненай Андамі Чылі, беларуская тэрыторыя не служыць тым бясьпечным месцам, на якое зьвяртае ўвагу Э.Сьміт, “для “сацыяльнага экспэрымэнту” па стварэньні ці ўмацаваньні нацыянальнай дзяржаўнасьці”. Пры гэтым да зьнешняга фактару, які абумовіў тэрытарыяльную спэцыфіку беларускіх земляў, трэба дадаць унутраны. Гэта, у першую чаргу, надзвычайная адданасьць беларуса сваёй малой радзіме, слабое ўспрыманьне беларускага сталічнага горада бальшынёй правінцыйнага насельніцтва. Толькі апошнім часам сп. Лукашэнка змог зьмяніць свой народ, разьвярнуць усходніх беларусаў ад расейскіх вялікіх гарадоў – Масквы, Санкт-Пецярбурга, паўднёвых – ад Украіны і Заходніх – ад Польшчы. Здаецца, толькі дзякуючы прыродным якасьцям прэзідэнта давялося прыцягнуць увагу правінцыйнага беларуса да Менска. Таксама адміністрацыйныя, палітычныя і гаспадарчыя пераўтварэньні, зьвязаныя з набыцьцём незалежнасьці і з пераносам у беларускую сталіцу адпаведных органаў і кампэтэнцый, пачалі зьмяняць беларускі мэнталітэт.
Аднак падазраем, што паступовае адрываньне беларусаў ад правінцыйнага патрыятызму на карысьць агульнанацыянальнага – часовая справа, якая тлумачыцца хутчэй узьнікненьнем у палітычным жыцьці РБ такой цікавай, сакавітай і харызматычнай асобы, як сп. Лукашэнка.
Урэшце рэшт, нацыянальная інтэлігенцыя мае тую самую хваробу, што і просты люд. Яна таксама факалізуецца на адным аб’екце для захапленьня – Вільні. Хаця большасьць з яе жыве ў Беларусі са сталіцай у Менску, аднак яе пасэізм стварае яшчэ адну лякуну ў агульнай нацыянальнай канцэпцыі і расьцягвае беларусаў у розныя куты адзінай хаты.
Выснова з гэтага пасажу вынікае наступная: тэрытарыяльны паказчык беларускай нацыі абумоўлены існаваньнем як вонкавых мэханізмаў узьдзеяньня (адкрытае геаграфічнае (геапалітычнае) становішча, залежнасьць нацыянальных працэсаў ад волі расейскай, польскай, нямецкай), так і ўнутраных (местачковы патрыятызм беларусаў і як вынік – адсутнасьць канкрэтнага палітычнага цэнтру, на які можна было б абаперціся ўсім беларускім землям у выпадку вайны, канфлікту).
Па-трэцяе, рэлігія.
Рэлігія і нацыяналізм гавораць на адной мове
і дыхаюць адным паветрам.
Энтані Сміт.
Здаецца, гэтае сьцьверджаньне адпавядае рэчаіснасьці, беларускай у прыватнасьці. Тое, што разумеецца беларусам як нацыяналізм, абавязкова зьнітавана з рэлігійным рухам, насычана рэлігійнай ідэалёгіяй (уніяцтва ХVІІ – ХІХ стагодзьдзяў, беларускае каталіцтва і беларуская праваслаўная незалежная, ці аўтакефальная, царква, якая зараз знаходзіцца ў выгнаньні). Статус і роля праваслаўнай царквы, як дамінавальнай у нашым грамадстве, статус і роля мовы. Нешта ёсьць у гэтым шыльдавага, стэрыльнага, калі толькі ў назве альбо ў статусе адчуваецца, бачыцца нацыянальная афарбоўка. У астатнім жа марыянетачнасьць, структурная слабасьць і нават антынацыянальная скіраванасьць. Нельга адназначна згадзіцца з тымі, хто лічыць, што калі ў царкве і касьцёле не чуваць беларускае мовы, дык яны не беларускія. Можа, яны беларускія, толькі расейскамоўныя – навошта ім пераходзіць на тую мову, якой не карыстаецца паства? Царква сочыць толькі за імпульсамі, якія зыходзяць ад вернікаў і рэагуе своечасова на кожнае зьмяненьне іх густаў, волі, арыентацыі. Нягледзячы на тое, што царква выступае за раўнапраўе ўсіх людзей, за адмаўленьне ад нацыянальных бар’ераў, якія толькі замінаюць узаемаразуменьню між людзьмі, яна часам супярэчыць сама сабе. Нароўні з падтрымкай унівэрсалізму і касмапалітызму яна падтрымлівае нацыянальныя асаблівасьці, вядзе войны супраць няверных, прыўносіць у храмы нацыянальную афарбоўку – творы таго ці іншага нацыянальнага мастацтва (расейская школа іканапісу, беларуская, армянская, сэрбская). Мы не зьбіраемся ўсхваляць ідэю аўтакефаліі і ганіць ідэю экзархата, г.зн. падпарадкаванасьці праваслаўнай царквы Беларусі “Рускай” праваслаўнай царкве (гэта ўжо вызначана перавагай інтарэсаў беларусаў), а проста хочам скіраваць вашу ўвагу на тую выснову, што рэлігія, як, дарэчы, і мова, калі яна дэнацыяналізаваная, наносяць адбітак непаўнавартасьці на ўсю нацыянальную ідэю.
Па-чацьвертае, гістарычная спадчына, нацыянальная ідэалёгія.
На наш погляд, гэтая рыса нацыі найбольш складаная і натуральна вынікае з другога паказчыка – тэрыторыі. Бо ідэя прывязанасьці нацыі да адзінай супольнай тэрыторыі разумее пры гэтым і даволі рамантычную ідэю стварэньня ўласнай глебы, каб рэалізаваць плённа свой прыроджаны нацыянальны патэнцыял. А што ж звычайна рэалізуюць нацыяналісты на ўласнай глебе? Вывучаюць асаблівасьці нацыі, яе традыцыі, фальклёр, мову, рэлігію і, нарэшце, выхоўваюць у грамадзян пачуцьцё гістарычнай саматоеснасьці. Гэта значыць, яны ствараюць нацыянальную ідэалёгію, базуючыся на гістарычнай спадчыне. Відавочна, што калі мову, рэлігію спаткаў лёс недапрацаванасьці, незавершанасьці, дык і нацыянальную ідэалёгію ўвогуле таксама перамагла пэўная дваістасьць, хвароба напаўбеларускасьці. Пад гэтым паняцьцем разумеюцца заўсёдная залежнасьць беларускай інтэлігенцыі ад польскай ці расейскай культур; фармаваньне, станаўленьне, праходжаньне нацыянальнага шляху ад антысацыяльнай – антыбеларускай да роднай, нацыянальнай. Першапачатковая польская глеба ў К.Каліноўскага, Купалы, Цёткі, Сыракомлі, расейская – у Багдановіча. Нацыянальнай беларускай ідэалёгіі бракавала цэласнасьці. Бо ні мадэль-мара “рамантычных” нацыяналістаў – ВКЛ, ні мадэль-мара беларуска-савецкай часткі насельніцтва – БССР/СССР не валодалі той эканамічнай, палітычнай, тэрытарыяльнай, культурнай, ідэалягічнай цэласнасьцю, якую можна пабудаваць толькі ў межах незалежнай краіны. Як вядома, пэрыяд беларускай дзяржаўнасьці быў не надта працяглым і зараз досыць адлеглы ў часавым вымярэнні. Нават беларуская дзяржаўнасьць падчас існаваньня Полацкага княства, ВКЛ, Рэчы Паспалітай ці БССР мела нетыповыя рысы. Галоўная нетыповасьць – гэта заўсёдная прысутнасьць “юніянісцкіх тэндэнцый” [Ирина Бугрова. Идентичность Беларуси: из опыта понимающей политологии.- Минск: Vector, 1997], якія абумовілі незавершаны характар як беларускай дзяржаўнасьці, так і беларускай нацыянальнай ідэі. Таму падаюцца зразумелымі няўдалыя спробы аднавіць незалежнасьць, дзяржаўнасьць у 1918 годзе і шматлікія праблемы на сучасным этапе разьвіцьця. У чым жа гэтая незавершанасьць?
Адсутнасьць незалежнага грамадства; няўпэўненасьць у нацыянальнай годнасьці, што выяўляецца, па-першае, у саманазве (трансфармацыі зьвязаныя з саманазвай: Крывія – Літва – Белая Русь – Западный край – Белоруссія – Беларусь). Па-другое, моўны гармідар прыўносіць свае недарэчнасьці. Здаецца, беларуская нацыя яшчэ не прайшла дзіцячай стадыі ў сваім станаўленьні. На сяньня ў назвах нацыянальных незалежных газэтаў дамінуе слова “наша” (“Наша ніва”, “Наша доля”, “Наша слова” і г. д.). Нічога не зьмянілася з пачатку ХХ стагодзьдзя, імкненьне да гэткай назвы падкрэсьлівае прынцыповае жаданьне нацыянальнай інтэлігенцыі даказаць спэцыфіку, паказаць беларушчыну. Тады як эўрапейскія сталыя нацыянальныя дзяржавы адмаўляюцца ад нацыяналістычных сьлёганаў, ад нацыянальнай ідэі ўвогуле на карысьць агульнаэўрапейскай, пакінуўшы недзе ззаду гістарычнага цягніка нацыянальныя імкненьні і паводзіны нацыяналістычнага дзіцяці.
В. Пошукі выйсьця.
Перад пошукамі выйсьця трэба зрабіць некаторыя высновы.
Беларуская нацыя, безумоўна, існуе, аднак са спазьненьнем станаўленьня, з аднаго боку, і з другога – абцяжараная ўнутранымі і зьнешнімі фактарамі свайго геапалітычнага становішча. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя з аднаўленьнем незалежнасьці былі вылучаны рознымі нацыянальнымі групамі 3 варыянты выйсьця:
– афіцыйны, альбо выйсьце, прапанаванае Лукашэнкам;
– нацыянальна-лібэральная прапанова;
– нэўтралісцкі падыход.
На нашу думку, тое, што ажыцьцяўляецца зараз на афіцыйным узроўні, не пазбаўлена канчаткова лёгікі і часткова запаўняе лякуны ў стэрылізаванай часам і чужынскімі нацыянальнымі ідэалёгіямі на абшарах нашых краінаў, уласных нацыянальных ідэалёгіяў. Без сумненьня, ідэя моцнай улады, цэнтралізацыі, якая стварае (мірным шляхам ці з ахвярамі) нацыю, адзіную і непарушную культуру, мае карані ў гісторыі. Паказальныя тут прынцыпы Францыі ХVІІІ-ХІХ стагодзьдзяў, Нямеччыны ХІХ стагодзьдзя. Але ж напярэдадні ХХІ стагодзьдзя ўжываць мэтады двух векавой даўніны, што практыкуе сяньняшні беларускі прэзідэнт, – гэта сапраўдны анахранізм. Сутычка між афіцыйным Менскам і дэмакратычным Захадам у прынцыпе крывадушная, бо стагодзьдзі таму заходнія краіны ажыцьцяўлялі тое ж самае, што прэзідэнт Лукашэнка сяньня, але ж гэта не апраўдвае дзеяў апошняга, які, здаецца, забыўся на памылкі папярэдніх генэрацый нашага народу. Зноў, як і раней нашы продкі, Лукашэнка зьвярнуўся да юніянісцкай ідэі й ігнаруе багатую, шматпавярховую, негамагенную культурную спадчыну беларусаў, этнічную і лінгвістычную ў першую чаргу.
Дыямэтральна супрацьлеглая прапанова зыходзіць ад нацыянал-лібэралаў Беларусі.
Як і першая прапанова, гэтая таксама хворая на эксклюзівізм (аднабаковасьць): маюцца на ўвазе звароты да юніянісцкай ідэі, пра якую падрабязна піша спадарыня І.Бугрова. І хаця другая мадэль скіраваная на Захад, на больш стабільны, моцны рэгіён, але ж яна часцяком ігнаруе расейскі фактар (эканамічны, ваенны і, нарэшце, культурны). Суседзяў не зьменіш, як пальчаткі, таму трэба шукаць кампраміс.
Сьлёганы “Хочам у Эўропу” нагадваюць чырвоныя шчыты з надпісам: “Ніколі не разьяднаюць нас з братняю Русьсю”. Зноў і зноў розныя слаі грамадства разрозьніваюцца, людзі не разумеюць, што тым самым могуць выклікаць пагрозу для цэласнасьці дзяржавы і стварыць прэцэдэнт перагляду пытаньня беларускай дзяржаўнасьці. Таму больш вабным выглядае памяркоўны нэўтралісцкі падыход, які, на вялікі жаль, абыходзіцца ўвагай і жыве ў розумах і працах адзінак. Існасьць гэтага падыходу зводзіцца да наступнага: устрыманьне ад усялякіх зьвязаў, альянсаў. Улічваючы стагодзьдзі лютасьці і войнаў, калі беларуская зямля заўсёды была цёплай ад крыві забітых жаўнераў і сьлёз жанчын, ідэя нэўтралітэту выглядае адзіна правільнай. Пры гэтым, яна вынішчае вядомую юніянісцкую ідэю, а гэта значыць – зьмяншае верагоднасьць крызаў, таму што прапануе ўзяць усю паўнату адказнасьці толькі на сябе. У гэтым, здаецца, і заключаецца нацыянальная ідэя.
Тым больш, што ў народу ўжо выпрацаваўся імунітэт на хваробу вайны і самы раз канчаткова вырашыць свой лёс. У той жа момант прагматычны нэўтралісцкі падыход разбурае міт аб славянскай еднасьці, аб старэйшым братку, міт аб прадвызначанасьці беларускага лёсу.
Урэшце рэшт, апошняя перавага трэцяй мадэлі ў сацыяльнай “прасунутасьці”, бо ва ўмовах заняпаду мовы, культуры наогул, экалягічнага спаду і перавагі маскуліннай (патрыярхальнай) мадэлі грамадства нэўтралітэт трактуецца як пераходны пэрыяд паслабленьня напружаньня і вылучэньня шматлікіх варыянтаў рэфармаваньня краіны. Успрыманьне нэўтралітэту як выратаваньня мае адначасова пацыфісцкае, зялёнае і фэмінісцкае адценьне, бо скіраванае на максімальнае скарачэньне войска, ліквідаваньне ўсіх формаў дыскрымінацыі палітычных меншасьцяў (жанчын, мужчын-апазіцыянераў), рэлігійных, этнічных і сэксуальных і, нарэшце, на ўкараненьне зладжанай экалягічнай палітыкі і разьвіцьцё экалягічнага сумленьня ў насельніцтва. Гэта асабліва важна ва ўмовах постчарнобыльскай хваробы, якая пагражае значна паслабіць насельніцтва краіны. Толькі стварэньне моцных навукова-мэдычных цэнтраў, узаемадзеяньне беларускіх і заходніх спэцыялістаў, адкрытасьць перад Захадам і Ўсходам, дзейнасьць ільготаў і падтрымка дабрачынных арганізацыяў маглі б мінімізаваць абсяг катастрофы. На жаль, мы засталіся сам-насам з невядомым ворагам. І цынічнымі выглядаюць паводзіны прэзідэнта, які імкнецца выратаваць і абараніць кожнага хворага ад страшэннай сьмерці, усталёўваючы заслоны ад патэнцыйных інвэстараў, донараў (лекавых і грашовых). І зноў жа, нэўтралітэт пазбаўляе палітыкаў мажлівасьці весьці складаную гульню, падпарадкоўвацца інтарэсам суседніх дзяржаваў не на карысьць уласнага насельніцтва, і прымушае перанесьці пільнасьць і ўсе магчымыя сродкі на вырашэньне праблемаў, якія заўтра ператворацца ў невырашальныя.
Заключэньне.
Абагульняючы клясічныя тэорыі, бачым, што паняцце нацыі як прынцыпу пабудовы ўнутрысацыяльных стасункаў вызначалася па-рознаму. Аднак у сьвеце зацьвердзіліся дзьве дамінантныя тэорыі: французская, якая вызначае нацыю як палітычную адзінку, і нямецкая, якая дадае перавагу этнічнай групе, на базе якой і фармуецца нацыя. Тым ня менш існуюць і выключэньні – выпадкі, якія не дапасуюцца да гэтых тэорыяў. Вельмі яскравым прыкладам зьяўляецца беларуская нацыя – рэчаісная нацыя, якая складае выключэньне з агульнага правіла. У падтрымку высновы, да якой мы схіляемся, скіраваныя наступныя факты: наяўнасьць і дзейнасьць нацыянальнага руху; існаваньне нацыянальнай мовы (якая патрабуе пэўнага ўпарадкаваньня); наяўнасьць тэрыторыі з межамі, з афіцыйнай сталіцай Менскам. У больш разгорнутым выглядзе – факт існаваньня беларускай дзяржаўнасьці і прызнаньне гэтага факту міжнароднай супольнасьцю (эфэкт прэцэдэнту ўжо дзейнічае і не дазваляе моцным суседзям паўтарыць былых сцэнараў гістарычнага разьвіцьця. Хаця зразумела, што заходнія дэмакратыі не кантралююць сьвет і не могуць умешвацца ў справы беларускай краіны, каб пазбавіць яе “жаданьня” «інтэгравацца з Расеяй»).
Адзначым і факт карыстаньня гістарычным багажом, гістарычнай спадчынай: нацыянальнымі традыцыямі, забабонамі (шырэй гледзячы, факт карыстаньня ўласнай духоўнай і матэрыяльнай культурай). Беларускія міты, героі пакуль не дамінуюць, але ж займаюць даволі трывалае і пастаяннае месца ў побыце, жыцьці беларусаў (Скарына, Сапега, Каліноўскі, Цётка для адных; Заслонаў, Машэраў, Лукашэнка для другіх).
Што датычыцца выключнага статусу, дык магчыма вырашыць праблемы недапасаванасьці шляхам, што прапануе нэўтралісцкая мадэль.
Юрась Ліхтаровіч,
Уладзіслаў Іваноў