nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Уладзімір Конан. БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ (кБНІ)

23 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Працягваем друкаваць матэрыялы канферэнцыі «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Прадстаўляем серыю з трох артыкулаў нашых знакамітых беларускіх сучасных філосафа і публіцыста – Уладзіміра Конана і Сакрата Яновіча.
Рэдакцыя.

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ: ТРАДЫЦЫІ, СУЧАСНЫЯ ПРАБЛЕМЫ І ПРАГНОЗЫ НА БУДУЧЫНЮ

Уладзімір Конан

Нацыянальная ідэя ёсць духоўна-творчы аналаг гістарычнага быцця народа ў трох вымярэннях – мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасці і сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю, альбо, кажучы моваю тэалогіі, пэўную задуму Тварца, рэалізаваную ў гістарычных дзеях і самабытнай культуры. Гарантыя рэалізацыі гэтай духоўнай місіі народа ёсць ягоны суверэнітэт і нацыянальная дзяржава. Найвышэйшая задача дзяржавы – арганізацыя аптымальных умоваў для самарэалізацыі народа ў нацыянальнай мове і культуры, для тварэння ім сваёй непаўторнай грані сусветнай цывілізацыі.

Ёсць па крайняй меры тры грані выяўлення нацыянальнай ідэі народа: яго гістарычныя дзеі, рэалізаваныя альбо перспектыўныя геапалітычныя праекты; дамінантныя рысы нацыянальнага характару; урэшце, самабытнасць яго культуры ў шырокім сэнсе гэтага паняцця, уключаючы эканоміку, сацыяльна-палітычныя структуры, літаратуру ды іншыя віды мастацтва, філасофію, рэлігію. У сацыяльна-псіхалагічным, ідэалагічным і тэарэтычным планах нацыянальная ідэя выяўляецца ў больш ці менш выяўленым культурна-гістарычным тыпе народа, а ў штодзённым быцці – у нацыянальным менталітэце.

Фундаментальнае даследаванне нацыянальнай ідэі хоць бы аднаго гістарычнага народа яшчэ не адбылося. Цяжкасць навуковага мадэлявання духоўна-творчага аналага быцця нацыі вынікае з шматграннасці і супярэчлівасці гістарычнага тыпу нацыі, неабходнасці глабальнага сінтэзу ў іх яе дзеяў і творчых выяўленняў. Даследчыкі (пераважна філосафы, пісьменнікі, прадстаўнікі канцэптуальна-тэарэтычнай сацыялогіі) звычайна грунтуюцца не на ўсім комплексе крыніцаў, а на дамінантных для пэўнага народа формах культуры. Аўтар найбольш грунтоўнай манаграфіі “Русская идея” Мікалай Бярдзяеў канкрэтызаваў сваю тэму загалоўкам “Основные проблемы русской мысли XIX века и начала XX века” [1]. У гэтай сваёй позняй, глыбокай і з бліскучым стылем кніжцы М. Бярдзяеў закрануў амаль усе аспекты расійскай культуры, дзяржаўнасці і рускай сацыяльнай псіхалогіі, але сістэмна прааналізаваў пераважна літаратуру і філасофію на этапе іх творчага ўзлёту.

Праўда, само паняцце нацыянальнай ідэі як усведамлення самабытнасці народа і яго гістарычнай місіі ўзнікла задоўга да публікацыі “Русской идеи”. Расійскі сацыёлаг Мікалай Данілеўскі ў кнізе “Россия и Европа” (першае выданне ў 1871 г.) пісаў: “Каждая историческая национальность имеет свою собственную задачу, свою идею” [2]. Дзяржаўны суверэнітэт народаў і непадзельнасць іхняй спрадвечнай тэрыторыі М.Данілеўскі абгрунтаваў гістарычнай актыўнасцю нацыі і ўзроўнем нацыянальнай самасвядомасці. У якасці геапалітычнай аксіёмы ён прапанаваў імператыў, паводле якога “национальная территория неотчуждаема, и никакие договоры не могут освятить в сознании народа такого отчуждения, пока отчуждаемая часть не потеряла своего национального характера” [3].

М.Данілеўскі быў чалавек разумны і не без прарочага дару. Адначасова – ідэолаг Расійскай імперыі, і, як усякі апалагет вялікадзяржаўнасці, падзяляў народы на гістарычныя і негістарычныя. Да негістарычных ён залічыў кельтаў, баскаў, татараў, фінаў і яшчэ шмат іншых. Яны, на яго думку, “предназначены слиться с исторической народностью, среди которой они расселены, ассимилироваться ею и служить к увеличению разнообразия ее исторических проявлений” [4]. Для гістарычных народаў М.Данілеўскі прапанаваў прынцып палітычнай незалежнасці, альбо дзяржаўнага суверэнітэту: “Та же причина, – пісаў ён, – которая препятствует развитию личностей в состоянии рабства, препятствует и развитию народностей в состоянии политической зависимости, так как в обоих случаях индивидуальность, имеющая свои самостоятельные цели, обращается в служебное орудие, в средство для достижения чужих целей” [5].

Талент і прарочы дар у Данілеўскага парадаксальна спалучаўся з банальным невуцтвам адносна праблемаў усходнеславянскага рэгіёну: беларусаў і ўкраінцаў ён не прызнаваў нават за этнасы, не кажучы ўжо пра іх культурна-нацыянальную самабытнасць. Адсюль – заснаваныя на этналагічнай некампетэнтнасці аналогіі, напрыклад: “Так, народ русский, несмотря на различие в наречиях великорусском, малорусском и белорусском, или народ немецкий, несмотря на более сильное различие в наречиях верхне- и нижненемецком, должны составлять самостоятельные однородные политические целые, называемые государством”6[6]. Пра беларусаў ідэолаг Вялікай Расіі выказаўся яшчэ больш канкрэтна: гаворачы пра аўтаномію Польшчы ў складзе Расійскай імперыі, ён зазначыў: што датычыцца яе заходнерускіх губерніяў (маецца на ўвазе Беларусь. – Ул. К.), то яны павінны ісці па шляху “все полнейшего и полнейшего слияния с Россией” [7]. Пазней гэтыя імперскія міфы набылі значэнне “аксіёмаў” чарнасоценных партыяў у Расіі.

Заслуга рускай ліберальнай (Ул.Салаўёў) і хрысціянска-экзістэнцыяльнай (М.Бярдзяеў) філасофіі – у абгрунтаванні духоўнай каштоўнасці нацыянальнай культуры ўсіх – “вялікіх” і “малых” – народаў. У манаграфіі “Судьба России” Бярдзяеў пісаў аб гэтым узнёсла і пафасна. Прывяду фрагмент яго твору ў сваім перакладзе на беларускую мову: “Нацыянальны чалавек – нешта большае, а не меншае, чым проста чалавек, у ім ёсць родавыя рысы чалавека наогул і яшчэ рысы індывідуальна-нацыянальныя. Можна жадаць брацтва і яднання рускіх, французаў, англічан, немцаў ды ўсіх іншых народаў Зямлі; але нельга жадаць, каб з Зямлі зніклі выяўленні нацыянальных духоўных тыпаў і культураў. Такая мара пра чалавека і чалавецтва, пазбаўленых усяго нацыянальнага, ёсць мара пра згасанне цэлага свету каштоўнасцяў і скарбаў. Культура ніколі не была і ніколі не будзе абстрактна-чалавечай, яна заўсёды канкрэтна-чалавечая, гэта значыць нацыянальная, індывідуальна-народная, і толькі ў такой сваёй якасці ўзнімаецца да агульначалавечнасці […]. Нацыянальнасць ёсць пазітыўнае ўзбагачэнне быцця, і за яе неабходна змагацца, як за каштоўнасць. Нацыянальнае адзінства глыбейшае за адзінства класаў, партыяў і ўсіх іншых пераходных гістарычных утварэнняў у жыцці народаў […]. І сапраўды, дэнацыяналізацыя аддзяляе нас ад усечалавецтва” [8].

У гістарычным аспекце ўвасабленнем беларуска-крывіцкай ідэі былі нашыя выдатныя асветнікі і дзяржаўныя дзеячы – князь Усяслаў Чарадзей, Францішак Скарына, Лявон Сапега. Пра іх ды іншых абаронцаў Радзімы і духоўных лідараў народа ўжо гаварылася ў папярэдніх публікацыях [9]. Станаўленне беларуска-ліцвінскай нацыянальнай ідэалогіі пачалося ў XIX стагоддзі. Першым быў этнічны беларус і класік польскай літаратуры Адам Міцкевіч. Вось кароткі фрагмент з яго лекцыяў па гісторыі славянскіх літаратураў у Лазанскім універсітэце: “На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек. Гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацавана. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі” [10]. Усебакова развітая літаратурная мова сведчыць аб гістарычнасці і духоўнай спеласці нацыі.

Праз паўстагоддзя пасля гэтага прароцтва А.Міцкевіча папярэднік нашаніўскага беларускага адраджэння Францішак Багушэвіч у прадмове да паэтычнай кніжкі “Дудка беларуская” (Кракаў, 1891) лаканічна сфармуляваў ідэю самабытнасці беларускага народа як дзяржаўнай нацыі, самаідэнтыфікацыя якой выявілася ў роднай мове, нічым не меншай і не горшай за іншыя еўрапейскія мовы [11].

У паэта Ф.Багушэвіча беларуская нацыянальная ідэя – вынік мастацкай інтуіцыі і рэфлексіі над гісторыяй народа, скарэй аксіёма, чым даказаная тэорыя. Навуковай ісцінай яна стала ў выніку яе сістэматычнай распрацоўкі спачатку ў “Нашай ніве” і ў беларускай класічнай літаратуры першай чвэрці XX стагоддзя, у тым ліку ў выданнях Беларускай Народнай Рэспублікі (газеты “Вольная Беларусь”, “Беларусь”, “Незалежная Беларусь”, часопіс “Рунь” і інш.). Урэшце, філасофскае і сацыяльна-палітычнае падагульненне доўгага шляху нацыянальнай самаідэнтыфікацыі народа адбылося ў 1920-30-х гадах, пераважна беларускімі адраджэнцамі ў Заходняй Беларусі, далучанай да Польшчы.

У філасофска-публіцыстычным эсэ “Адвечным шляхам” (1921) Ігнат Абдзіраловіч (I.Канчэўскі) дакладна вызначыў сутнасць беларускай ідэі на аснове глыбокага спасціжэння нашай класічнай літаратуры ды іншых відаў нацыянальнай культуры. “Беларусь, – пісаў ён, – ад Х веку і да гэтай пары фактычна з’яўляецца полем змаганьня двох кірункаў эўрапэйскай, пэўне – арыйскай культуры – заходняга і ўсходняга. Граніца абодвух уплываў, падзяляючы славянства на два станы, праходзіць праз Беларусь, Украіну і хаваецца ў балканскіх краёх. Дзесяцівяковае ваганне сьведчыць аб тым, што беларусы, як украінцы і балканскія славяны не маглі шчыра прылучыцца ні да аднаго, ні да другога кірунку” [12]. Паводле I. Канчэўскага, беларуская ментальнасць, альбо нацыянальная ідэя, – гэта адмаўленне cкрайніх, псеўдамесіянскіх формаў усходняга “візантызму” (унітарнасць грамадска-палітычнага жыцця, нецярпімасць да іншадумства, канцэнтрацыя ўлады ў адных руках, масавы калектывізм і слабое выяўленне асабістасці, татальны мілітарызм і экспансіянізм) і заходняга індывідуалізму (бо ў ім прыхавана тэндэнцыя да захопу ў свае “зоны ўплыву” слабейшых народаў, іх асіміляцыя), а ў станоўчым плане – сінтэз лепшых бакоў гэтых культурна-гістарычных тыпаў на аснове самабытных нацыянальных формаў грамадскага жыцця і традыцыйнай культуры. Сутнасць нашай ідэі – няспынная грамадская творчасць, непрыманне раз і назаўсёды вызначаных дэгуманізаваных ідэалаў і прынцыпаў накшталт дагматычна зразуметых сацыялізму альбо капіталізму.

Другую канцэпцыю беларускага гістарычнага шляху і беларускай ідэі прапанаваў Суліма (Уладзімір Самойла) у бліскучым эсэ “Гэтым пераможаш!” (1923). Гэты твор як быццам скіраваны на развязанне праблемаў нашай сучаснасці! Як быццам сёння Суліма чытае сусветнай грамадскасці лекцыі пра пераадоленне зла творчым парывам, пераўтварэннем яго ў дабро. Пра тое, што не выратуе нас ні рэвалюцыя, ні контррэвалюцыя, а толькі працоўная энергія, прыроджаны і адухоўлены аптымізм. Ул.Самойла агітаваў Беларусь ісці па шляху хрысціянскага актывізму. Бо змест нацыянальнай ідэі падняволеных народаў ёсць свабода, творчая энергія і воля да жыцця [13].

Урэшце, лідар беларускага каталіцкага адраджэння Адам Станкевіч (1891—1949) прааналізаваў станаўленне беларускай нацыянальнай ідэі ў сваіх манаграфіях “Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення” (1934), “Беларускі хрысціянскі рух: Гістарычны нарыс” (1939), “Хрысціянства і беларускі народ” (1940), у газеце “Крыніца” (1917—1937, з 1925 года выходзіла пад назвай “Беларуская крыніца”) і часопісе “Хрысціянская думка” (1928—1939).

Сёння, калі зноў пачаўся і доўжыцца амаль пяць гадоў крызіс беларускай дзяржаўнасці, калі пад пагрозай аказаліся найвялікшыя нацыянальныя святыні народа (родная мова, традыцыйная культура), – адрадзілася цікавасць нашай грамадскасці да ўсіх аспектаў нацыянальнай ідэі – палітычных, эканамічных, рэлігійных, моўна-культурных. Настаў час усеагульнага нацыянальнага адраджэння ў складаных умовах, калі аказалася разбураным ужо самое этнічнае ядро нацыі. У такіх умовах узрослая колькасна нацыянальная эліта сама павінна хоць часткова кампенсаваць адсутнасць згуртаванага этнічнага ядра.

Сёння нацыянальнае адраджэнне ёсць гістарычнае прызначэнне ўсіх народаў, якім не наканавана знікнуць у “чорнай дыры” гісторыі. Для былых заваяваных альбо далучаных народаў – “саюзнікаў” (тэрмін, які прыдуманы яшчэ ў Рымскай імперыі для вызначэння мірных, часова небунтоўных калоній) – нацыянальнае адраджэнне ёсць багадайная альтэрнатыва гістарычнай анігіляцыі. Але і для народаў-метраполій, для імперскіх нацый яно таксама ёсць пазітыўны варыянт вырашэння спрадвечнага пытання – быць альбо не быць.

Жанр кароткага рэферату не дазваляе мне аргументаваць гэтую, на мой погляд, відавочную ісціну. Напомню толькі, што стабільнасць нацыі забяспечваецца, па-першае, яе трывалым этнічным ядром і, па-другое, яе духоўна актыўнай і сацыяльна пасіянарнай элітай. У народаў, пазбаўленых паўнацэннай нацыянальнай дзяржаўнасці, духоўная эліта і этнічнае ядро (яно больш устойлівае толькі ў эпоху неглыбокай сацыяльнай мабільнасці і павярхоўнай уключанасці народа ў дамінавальную “дзяржаўную” культуру) разбураюцца шляхам планамернага расцярушвання на абшарах імперыі, у эміграцыі і асабліва метадамі дэнацыяналізацыі. А на адваротным полюсе аналагічная дэстабілізацыя адбываецца ў асяроддзі метраполіі: актыўная частка насельніцтва і нацыянальная эліта самарассейваюцца на абшарах далучаных іншанацыянальных тэрыторый, эканамічныя і духоўныя сілы трацяцца на ўтрыманне імперыі (войска, непамерны дзяржаўны апарат, культуртрэгерства і інш.), адзіная нацыянальная мова распадаецца на каланіяльныя жаргоны, эканоміка і культура развіваюцца не інтэнсіўна і не ў глыбіню, а экстэнсіўна і павярхоўна. Іспанцы, англічане, французы своечасова пайшлі насустрач лёсу і правялі дэмантаж сваіх імперыяў. Германіі і Японіі “дапамаглі” іх паразы ў другой сусветнай вайне. Палякам наогул пашчасціла: іхняя імперыя не адбылася. Сёння – чарга за Расіяй.

Што сёння трэба рабіць і куды ісці, калі наступіў драматычны час страты нацыянальных ідэалаў дэмаралізаванай псеўданароднай масы і адхілення нацыянальнай эліты ад палітычнай стратэгіі і дзяржаўнага кіравання? Адказ на гэтае пытанне тут магчымы толькі ў форме кароткіх тэзісаў.

Па-першае, не страчваць перспектыву нацыянальнай ідэі. Яна рэалізуецца ў скажонай форме нават тымі, хто сёння на чале нашай дзяржавы. Бо такі час, такі гістарычны кантэкст. Эпоха тэрытарыяльных, па сутнасці, напаўфеадальных імперыяў даўно мінула. Сёння магчыма толькі фінансавая імперыя. У нашай сітуацыі – гэта тады, калі расійскі рубель пераможа амерыканскі долар у сусветным маштабе. Варыянт цяжкі. Цягнік, як гаворыцца, даўно пайшоў. Варта было трансфармаваць сваю феадальную імперыю яшчэ ў 1920-я гады – па прыкладзе Англіі, Францыі ды іншых разумных дзяржаў.

З часоў Гегеля і самога Маркса захавалася філасофская прымаўка: “Разумны ідзе насустрач свайму наканаванню, а неразумнага лёс валачэ да гэтай мэты”. У ХХІ ст. для тэрытарыяльных імперыяў няма перспектывы. Расія пры наяўнасці разумнага дэмакратычнага кіраўніцтва магла б захаваць свае эканамічныя ды інфармацыйныя дамінанты на прасторы былой імперыі і былога СССР. З расійскай фінансавай імперыяй амерыканскага тыпу прымірыліся б нават лідары Чачні. З другога боку, у Расійскай Федэрацыі, куды хацелі б уцягнуць Беларусь расійскія палітыкі ад правых да левых (усе яны адносна Беларусі і Украіны ў той ці іншай меры банальныя чарнасоценцы), беларусаў чакае этна-культурная анігіляцыя, незайздросны лёс псеўдарускіх другога ці трэцяга гатунку, лёс хімернага этнасу, які гаворыць на жаргоне “вялікай рускай мовы”.

Аб’ектыўна-аптымістычная перспектыва ажыццяўлення беларускай нацыянальнай ідэі зусім не азначае, што яно прыйдзе як манна нябесная. Нават пра Царства Нябеснае сказана, што яно пасля прарокаў “сілаю здабываецца”. Тым больш – царства зямное. Неабходна духоўнае і грамадска-палітычнае змаганне за яго. Яўрэі пасля свайго расцярушэння Рымскай імперыяй у І ст. н.э. змагаліся за сваю нацыянальную ідэю амаль два тысячагоддзі. Беларусы ваююць за сваю пакуль што каля двух стагоддзяў. У гэтай барацьбе ёсць патрэба ў тактычных кампрамісах, асабліва ў сферах эканомікі і палітыкі. Але немагчымы кампрамісы па крайняй меры ў сферы духоўных каштоўнасцяў – нашых трох святынях: роднай мовы і сваёй самабытнай культуры, нацыянальнай сімволікі, суверэннай дзяржавы. Страцім іх – загубім усё іншае. Барацьба за іх павінна быць няспыннай, хоць бы абазначанай сімвалічна. Тут ёсць евангельскі архетып. Калі слугі стараяўрэйскіх першасвятароў бралі Хрыста, каб забіць яго, апосталы не ведалі, што рабіць. Але “Сымон Пётр дастаўшы меч, ударыў першасвятаровага раба і адсек яму правае вуха” (Ян 18:10).
Зразумела, гэта сімвалічнае “вуха”. Маецца на ўвазе вайна духоўная і меч духоўны.

Літаратура.
1. Бердяев Н. Русская идея: Основные проблемы русской мысли XIX века и начала XX века.- Париж, 1946. – 260 с.
2. Данилевский Н.Я. Россия и Европа: Взгляд на культурные и политические отношения славянского мира к германо-романскому. Изд. 4-е.- СПб, 1889.- С. 23.
3. Тамсама.- С. 25.
4. Тамсама.- С. 24.
5. Тамсама.- С. 111.
6. Тамсама.- С. 107.
7. Тамсама.- С. 425.
8. Цыт. паводле артыкула. Конан Ул. “Саўл, Саўл, чаму ты гоніш мяне?..” // Літаратура і мастацтва.- 1990.- 24 ліп.
9. Гл.: Конан Ул. Беларуская ідэя і місія Беларусі // Беларуская думка.- 1992.- № 11-12.- С. 10—14; Яго ж: О белорусской идее // Нёман.- 1993.- № 3.- С. 125—131; Беларуская ідэя: гістарычны аспект і сучасныя праблемы // Беларуская думка XX стагоддзя: філасофія, рэлігія, культура.- Warszawa, 1998.
10. Мицкевич А. Собрание сочинений.В 5 т. Т. 4.- М., 1954.
11. Buraczok Maciej. Dudka Biełaruskaja.- Kraków, 1891.- S. III—IV; Багушэвіч Ф. Творы.- Мн., 1991.- С. 16-17.
12. Абдзіраловіч Ігнат. Адвечным шляхам (Дасьледзіны беларускага светапогляду).- Вільня, 1921.- С. 3-4; Перавыданне гэтага твору ў кн.: Вобраз-90. Літаратурна-крытычныя артыкулы.- Мн., 1990.
13. Суліма. Гэтым пераможаш! (Нарыс крытычнага аптымізму) // Заходняя Беларусь: Зборнік грамадзянскай мысьлі, навукі, літаратуры, мастацтва Зах. Беларусі.- Вільня, 1924.- С. 9—70; Рускі пераклад гэтай кн.: Нёман.- 1992.- №1.- С. 158-187.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы