nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПОГЛЯД НА БЕЛАРУСКУЮ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ (кБНІ)

23 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Сакрат Яновіч

Нацыянальная ідэя наогул, як вышэйшая ступень развіцця грамадскай свядомасці, натуральным чынам абумоўлена цывілізацыйным прагрэсам і таму не мае грунту ў запозненых этнічных структурах. Яе першааснова – узнікненне пачуцця бацькаўшчыны на звышродавым, пазакланавым узроўні, што немагчымае ва ўмовах плямённай аўтаркіі. Нацыю, як указвае сама этымалогія тэрміна, фармуе супольнасць усенароднага лёсу пры ягонай адрознасці ад геаграфічна іншых. Не абавязковае тут этнічнае падабенства (класічны прыклад – Швейцарыя). Усяму інстанцыя – вытворчасць, эканоміка, а перш за ўсё яе дынамізм, у выніку якога паўстае асобны рынак тавараў, нараджаецца неабходны тады канфлікт інтарэсаў, без чаго адно маразм, застой, самадэгенерацыя. Знакаміта ілюструе тое Амерыканская рэвалюцыя, бунт тых жа англамоўных каланістаў супроць тормазаў з боку метраполіі, закончаны з’яўленнем амерыканскай нацыі, а ў нашы дні паслядоўна англа-амерыканскай мовы.

У дзевятнаццатае стагоддзе, званае Стагоддзем Нацыяў, вызвольныя рухі невыпадкова праявіліся ў гаспадарча істотных этнічных частках імперыяў. Прычым усведамленне некалі ўласнай гісторыі паслужыла не болей як эмацыянальна-інтэлектуальным абгрунтаваннем, банальным аргументам. Вырашальны ўплыў – у сэнсе папулярнасці нацыянальнай ідэі – мела тая пераконанасць, што, адкалоўшыся ў незалежнасць, будзе магчымым палепшыць дабрабыт. Асабліва выразна відаць тое ў несціханых польскіх паўстаннях. На штандартах пісалі свабоду, а ў сапраўднасці змагаліся за адлучэнне ад Расіі як манструальнага паразіта, анахранічна заняпалага ў параўнанні з прывіслінскім капіталізмам (рабочы рух у Царстве Польскім на дзесяцігоддзі ранейшы, чымсьці ў Пецярбурзе з Масквою). Яшчэ адна пры гэтым характэрнасць: народніцтва як ідэя сялянскай рэвалюцыі, вёскі як рухавіка прагрэсу ніколі не выйшла за Буг і Карпаты, а ў Варшаве лічылася расійскім дзівацтвам ды нерацыянальнай утопіяй. Будзе Польшча – будзе хлеб з маслам і шынкаю наверсе. А дзе Расія, там галота і цемра.

Ідэнтычны па сутнасці нацыястваральны механізм дзейнічаў на Балканах у рамках Асманскай Імперыі. Гэта Балгарыя – як заможны рэгіён у Турцыі, ці тая ж Сербія. Аўстра-Венгрыя фінансава трымалася на індустрыі Чэхіі, як і пасляваенная Польшча – на Сілезіі (Шлёнск да 1980 г. складаў 60% бюджэту дзяржавы). Сёння шпарка пашыраецца шлёнская нацыянальнасць і аўтанамізм, чаму ёсць аж надта гістарычных падставаў. Усё ў імя таго ж: даволі нам карміць Польшчу, хай сама на сябе зарабляе!

Нацыянальны рух на бедных этнічных ускраінах не знаходзіць усеагульнай падтрымкі, існуе пераважна як катэгорыя культуры. Прыкладаў гэтаму мноства: Брэтань, Фрызія, Карынтыя, Корсіка, Галісія, Сканія, etc.

Трэба разам з тым памятаць, што ідэя самое нацыі ёсць прадукт дэмакратызацыі, далучэння грамадскіх нізоў да гісторыі. Яе пачаткі ў Французскай рэвалюцыі. Да тае пары паляк ці рускі разумеўся зусім не так, як сёння. Палякамі ці рускімі былі дваране – нават не мяшчане. Сінонім саслоўя, не этнасу.

Лагічна, што зародак беларускай нацыянальнай ідэі вяжацца з той часткай былога Вялікага княства Літоўскага, якая пасля падзелаў Рэчы Паспалітай апынулася ў Прускім Каралеўстве (да 1807 г.). Калі ўся Беларусь, знаходзячыся пад царскім ботам, ані кранулася ў сваё руханне дапераду, дык гэтая Беластоцкая Акруга апынулася такім чынам пад уздзеяннем тадышніх еўрапейскіх стандартаў, у некаторай ступені будучы ўжо падрыхтаванай да іх рэфарматарскай перабудовай эканомікі дагарадскога жыцця, якую папярэдне інтэнсіўна праводзіў у Чорнай Русі славуты падскарбі Антон Тызенгаўз. Нешта аналагічнае адбывалася з украінскім нацыянальным рухам у аўстрыйскай Галіцыі. Хвалі развіцця каціліся і коцяцца ад Захаду, з арэалу антычнага Рыма. Не наадварот, не ад Вялікага Стэпу.

Кажучы пра нарадзіны ідэі беларускасці ў навачасным разуменні, дакранемся да паралельнага з грамадска-матэрыяльным фактару, – зацікаўленасці ім з боку палітычнай Еўропы, дапамогі звонку. Без чаго ўсякія нацыянальныя аспірацыі апускаюцца ў сірочасць, у пакутную вегетацыю. У нашай нацыянальнай гісторыі гэты – прускі – эпізод аказаўся адзіным пазітыўным на ўсё гэтае і наступныя стагоддзі: вось адзін з еўрапейскіх цэнтраў – Берлін – убачыў свае інтарэсы ў спрыянні беларусам. Прычына таго відавочная: як у выпадку аўстрыйскага ўкраінафільства, Прускае Каралеўства межавала з Расіяй і таму гэты свой беларускі фрагмент не магло не трактаваць у міжнародным кантэксце, г.зн. інструментальна. Даючы падмогу ўніяцкай епархіі ў Супраслі, што ля Беластока, разбудоўваючы яе структуры і мацуючы ў ёй проціправаслаўныя і проціпольскія плыні. Стаўкай была не столькі гаспадарчая, колькі стратэгічна-вайсковая карысць: Беласточчына перарэзвала адвечны ваенны шлях захад – усход, адначасна перашкаджаючы Пецярбургу гуляць польскай картай (таму першае, чаго папрасіў Аляксандр І у Напалеона ў тыльзіцкую сустрэчу на Нёмане – гэта даць яму Беластоцкую Акругу).
Пасля беларуская нацыянальная ідэя змарнела да выключна ўнутранай справы Расійскай Імперыі. Аб’явілася затое літоўская: з прускай Малой Літвы вакол Тыльзіта і Голпада адбывалася абуджэнне жэмайтаў – шляхам кантрабанды друкаў (тайныя інтарэсы Нямеччыны ў гэтым лішне тлумачыць, як і інтарэсы Расіі ў спрыянні латышам ды эстонцам у імя паслаблення нямецкасці Лівоніі).

З’яўленне “Нашай нівы” слушна вяжуць з лібералізацыяй царызму, хоць гэта частковая праўда (існавала ўжо цэлая інфраструктура літоўскага друку, польскага). Нешта беларускамоўнае мелася быць яшчэ пры Мураўёве, але тады Пецярбургу анічога гэта не дало б: бачылася рэальным зніштажэнне польшчыны адміністрацыйнымі метадамі. Не было патрэбы ставіць перад ёю “беларускі плот” (вызначэнне Ю.Туронка). Спатрэбілася тое толькі пасля землятруснага 1905-га. Слабенькі аказаўся той “плот”: бракавала кадраў, якія ў палякаў ды літоўцаў даўно выраслі, укамплектаваліся. Беларускім адраджэнцам давялося выканаць у кароткія тэрміны работу за ўсё дзевятнаццатае стагоддзе – адначасна ствараць эліту нацыі і саму нацыю, чым не дурылі сабе галавы тым часам, суседзі. Яны канцэнтраваліся на экспансіі, не мусілі капаць фундаментаў пад нацыянальны дом: стаяў ён у іх даўно гатовы, з бліскоткімі вокнамі (нават літоўская граматыка апярэдзіла беларускую амаль на паўвека).

Расія як Расія: вечна спазняецца або шалее. У беларускую карту згулялі бальшавікі. Ці існавала альтэрнатыва? Не, як паказалі наступныя дзесяцігоддзі. Беларуская справа не паспела выйсці за рамкі ўнутрырасійскага пытання.

Беларускі нацыянальны, а затым і палітычны рух выруніўся з народніцтва. Яго заснавальнікамі, сейбітамі з’явіліся аўтары “Гомона”- студэнцка-інтэлігенцкая г.зв. Беларуская партыя Народнай Волі. Гэта радыкальна паўплывала на ягоную іншасць на фоне ірэдэнты суседзяў. У ім ніколі не стаяла пытанне дзяржаўнай незалежнасці, практычна аж да верасня 1918 г. Вярхоўнай палітычнай мэтай лічылася дасягненне аўтаноміі ў рамках Расійская дзяржавы. Прычым болей выглядала тое на агульны ідэал, чымсьці на дэталёвую праграму і праект самога ўтварэння. Нават славуты Усебеларускі Кангрэс не пайшоў далей па-за аўтанамізм. Патрэбны быў Акт 25 Сакавіка, хоць спачатку і абсалютна дэкларатыўны. Толькі зацікаўленне свежаадноўленай Польшчы беларускім пытаннем выклікала ў беларусаў незалежніцкія памкненні (Слуцкае паўстанне, акцыя генерала Балаховіча). Берасцейскі мір, потым Рыжскі трактат фіналізаваліся, аднак жа, без удзелу беларускіх дэлегатаў; удзельнічала затое Украіна як зона нямецкіх інтарэсаў. Дадаткова характарызуюць тут міжнародную пакінутасць Беларусі прапановы Леніна палякам у 1919 г., у якіх абвяшчаў ён гатоўнасць прызнаць межы Польшчы ад 1772 г. У Рызе (1921 г.) польскія перамоўшчыкі не захацелі і Мінска, кіруючыся прынцыпам – узяць столькі тэрыторыі, колькі ўдасца паланізаваць яе на базе значных польскіх мяншыняў рыма-каталіцкай канфесіі, і каб непалякі ў Польскай Дзяржаве не пераважылі колькасна (на што тайна разлічвала савецкая дыпламатыя).

Культ селяніна і вёскі, адсутнасць гарадскога пейзажу ў беларускім нацыянальным уяўленні датычыў не адно літаратуры, але і палітыкі. Як просты вынік таго ж  народніцтва ды культывацыі г. зв. Народнай мудрасці, што паўсюдна рыхтавала малахлебны сацыялізм замест порсткага прадуктывізму ды ўзвышэння індывідуальнай удачы. Беларусь не пазбылася менталітэту калектывізму, тыповага ў большасці народаў свету, і таму засталася далёка ззаду за еўрапейскім дабрабытам, які разгарнуўся ў атмасферы “рэлігіі працы”. У гэтым месцы можна тэарэтычна дазволіць сабе шкадаванне, што не ўдалася Радзівілам пратэстанцкая унія са Швецыяй, яшчэ ў ХVII ст. Этас пратэстантызму паслужыў падставай паслейшаму капіталізму, і пачатковы яго абсяг даволі дакладна адпавядаў распаўсюджанню багацця ў Еўропе. Багацце нараджаецца ў разумнай натузе, багатыя не вераць у цуды ды любяць паўтараць, што Госпад не ёсць парабак, які ўсенька паробіць за нас… Як у фантастычна цэльным расійскім афарызме “спасение утопающих – дело рук самих утопающих!”. За адно гэта іхным Ільфу і Пятрову варта паставіць помнік.

У гадах 1918-20, калі перакройвалася карта кантыненту і з-пад імперскіх ільдоў вырыналі на паверхню нацыянальныя дзяржавы на ўсход ад Берліна і Вены, беларусы заставаліся разявамі. Не столькі па сваёй віне, колькі з-за сваёй запозненасці або і архаічнасці ў палітыкаванні. Яны не заіснавалі на міжнароднай арэне, у іх не знайшоўся хаця б адзін лідар, які здолеў бы свабодна размаўляць, пісаць па-французску, на тагачаснай мове міжнародных зносінаў (іхныя мемарандумы, пачынаючы ад лазанскага з 1916 г., робяць уражанне франкападобных мужыцкіх прашэнняў, складзеных гімназістам вясковага паходжання). Тым часам літоўцы мелі ў версальскі перыяд шанаванага ў Парыжы Оскара Мілаша, а палякі – не менш папулярнага ў палітычных салонах Рамана Дмоўскага. Нікім такім не былі ў стане пакарыстацца беларусы (Луцкевіч, Ластоўскі – гэта не партнёры ў элегантнай канверсацыі). Зялёныя ў палітыцы. Без традыцыяў вызваленчага змагання, пашыранай канспірацыі і шырэйшых сувязяў. Закамплексаваныя інтэлігенты-тубыльцы, часта самавукі з хаатычнымі ведамі. Такая брутальная праўда пра інтэлектуальную падрыхтоўку першых адраджэнцаў. Але не ў тым галоўная прычына беларускіх няўдачаў, не ў колькасці кадравых індывідаў.

Ужо ў зяняпад Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Вялікае княства Літоўскае ссохлася ў польскую правінцыю і фармальна было папраўдзе ліквідаванае Трэцямайскай Канстытуцыяй 1793 г. Пратэстаў гісторыя не запісала. Міцкевічаўская Літва – гэта рэгіён, малая айчына ў вялікай, польскай. Не іначай глядзеў на сябе сентыментальны Дунін-Марцінкевіч. Літоўскія баяры – дэфінітыўна кажучы – ужо ў часы Льва Сапегі ахвоча самапалітызаваліся, наклікаючы патрэбу асобнага артыкула ў Літоўскім Статуце (“пісар маець рускімі літэрамі і словы пісаць…”). У пачатку сямнаццатага стагоддзя толькі зрэдку сустракаюцца на дакументах нелацінскія подпісы, каб тымі ж “рускімі літэрамі”. Літоўскі баярскі народ пераўтварыўся ў польскі шляхецкі. Вялікае княства Літоўскае – у другую польскую дзяржаўнасць, усё роўна што Рэспубліка Беларусь, якая прэзентуецца як нейкая лішняя, яшчэ адна дзяржава рускіх… Баяраў  злучыла са шляхтаю адзінства лёсу. Маскоўская пагроза, перспектыва азіяцкага дэспатызму настойліва штурхала ў паланізм. Дзеля чытэльнай аналогіі: ідэнтычна паводзілі сябе тыя беларусы, што ўцякалі ад незайздроснага савецкага лёсу. Гісторыя як быццам паўтараецца, усё кругамі. Спіральна?

Ідэя Беларусі была, аднак, непазбежнай, пакуль існаваў паншчынны двор і запрыгоненая вёска. Прадчуваў яе Кастусь Каліноўскі, але, будучы сялянскім рэвалюцыянерам, зусім непрымальным палякамі, ён рухаўся ў бакунінскім рэчышчы. Дамінацыя сацыяльнага над нацыянальным, калі бацькаўшчына на другарадным месцы і ёсць не больш як наступства рэвалюцыі, прадвызначыла мізер тутэйшага нацыяналізму, ідэалогіі айчыны ды ўласнага хлеба. Гісторыкі нямала ашаломлены тым мноствам рэвалюцыянераў кантынентальнага маштабу, якія асабліва густа пладзіліся ў тагачаснай Беларусі. Не бавячыся ў пералікі, запытайма з прытворнай наіўнасцю: хто ўтварыў у Мінску Расійскую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, якая потым выгадавала бальшавікоў? Ну а каб хоць адзін рускі!

Класавая ампутацыя беларускага этнасу да сялянства не абавязкова прадракала безнадзейнасць адраджэння. Не менш сялянскай была Фінляндыя ды Прыбалтыка, Украіна са сваім гайдамацкім фальклорам, мадзьярызаваная Славакія або тыя ж балгары з македонцамі, ба, нарвежцы, ісляндцы. Беларусі не хапіла сур’ёзнага міжнароднага чынніка, патрэбнасці ў заіснаванні яе як аднаго з істотных фактараў Еўропы. Аказалася яна нікому не патрэбнай, без яе нават прасцей жылося іншым. На гэтым жа праваліўся і ўкраінскі рух, хоць Пілсудскі разумеў у 1920 г., што без незалежнай Украіны адноўленая польская незалежнасць асуджана на пагібель; аднак не дабіўся ён грамадскага паразумення на гэты конт, пералому блізарукасці Варшавы. Нацыянальнага яе эгаізму.

Беларуская нацыянальная ідэя не магла не быць антыпольскай, будучы натуральным прадуктам супярэчнасці паміж саламяна-стрэшнай беднатою і панскім дваром. Прарасійскія акцэнты ў ёй трывала заселі тады дзякуючы хуткаму росту дабрабыту ў сталыпінскія рэформы, што яскрава кантраставалі з бядотным потым становішчам адроджанай Польшчы, псіхалагічна спалучалася з памятнай царскай прапагандай пра супраціў шляхты супроць ліквідацыі паншчыны.

Паланафільства ў кіраўніцкіх эшалонах нацыі мусіла знікнуць нават без асімілятарскай накіраванасці з боку варшаўскага ўраду. Сама прырода палітыкі такая, што найменш важны ў ёй інтэлектуалізм; усё вырашае электарат, натоўп. Якім гэта паланафілам мог стацца зацюканы мужык на лапіку ворнай зямлі, калі літаральна побач прасціраліся тысячы гектараў панска-польскіх угоддзяў?! І магнэсам прыцягвала да сябе прымежная Савецкая Расія, яе ідэалогія класавай нянавісці, прынцып “усе жываты такія самыя”. Гэта таму, таксама, буржуазныя плыні ў беларускім руху афішавалі сацыяльную праграму, блізкую да левых. Розніца наглядалася між імі ў нязгодзе на кліч “у пролетариата нет родины”. Чым закончылася тое для пралетарыяту, сёння мы ўвачавідкі пераканаліся. Без нацыянальнай ідэі няма жыцця, застаецца ганебная вегетацыя без якога-колечы прасоўвання да лепшага. Нават больш, без пачуцця бацькаўшчыны немагчымае развіццё эканомікі, бо мала такіх фраераў, якія гатовыя напружвацца ў імя цэлага свету: чалавеку важней за пахвалу карысць, добры абед і кватэра – за нібы сусветнае шчасце ўсім, разам з тым гультаём. На сацыялістычнай эканоміцы не адна Расія пагарэла. У ёй няма элімінацыі менавіта гультая і дурня, няма дзеяння закону: многа працую – многа маю. Каму ахвота рабіць за неўдалоту?

Звышстогадовая гісторыя беларускай нацыянальнай ідэі паказвае, як цяжка перамагчы ў самім сабе сваё паходжанне, нягледзячы на ўсведамленне ўжо анахранічнасці таго. Гэта гены, якія змяняюцца не іначай як шляхам скрыжоўвання. І ў гэтым – увага! – шанц знікнення сялянства як постфеадальнай структуры і постіндустрыяльнага пралетарыяту, які, як банальна вядома, фармаваўся з таго ж сялянства ў перыяд капіталізацыі гаспадаркі (лішнія людзі падаваліся ў горад, ён хутка брыняў імі, шматлюдзеў). Класавы падзел зараз размываецца, у непраўдападобныя раней тэхналагічныя рэвалюцыі Еўропа цяпер ідзе ў кірунку дэмаграфічнай прапорцыі 20:80, г. зн. чакае яе праблема наогул лішніх рук ды мазгоў у колькасці 80% ад усяе папуляцыі. Але – згадваю пра тое дзеля кантэксту, не больш – куды мы як чалавецтва імкнемся, няма пэўнага адказу. Прадбачваць будучыню трэба, але яна заўсёды загадка.

Беларуская нацыянальная ідэя на сённяшні дзень гняздуе не ў вёсцы і мястэчку, што гібеюць на вачах, а ў горадзе, у вялікім горадзе. Што, натуральным чынам, змяняе яе прыярытэты. Само разуменне бацькаўшчыны. Першарадным у ёй становіцца эканамічны нацыяналізм, які быццам дэградуе культурны да ролі ўзмацняльнага аргумента. Пакуль што гэтая з’ява ў Беларусі не такая відавочная з увагі на ўсеагульны ў ёй застой. Аднак непазбежна, як некалі сялянскі выбух самое ідэі Беларусі.

Эканамічны нацыяналізм ёсць рэакцыяй на каланіялізм новага тыпу, які, са свайго боку, ёсць рэляцыяй між буйным цэнтрам і абадранскай перыферыяй. Трэба тут адразу адзначыць, што эканамічны нацыяналізм немагчымы без культурнага. Пачуццё крыўды ў этнічна аднародным з цэнтрам правінцыйным асяроддзі ў горшым выпадку выяўляецца ў масавай міграцыі ў метраполію, не ствараючы тэндэнцыі да самастойнасці. У гэтым значэнні этнічна розныя перыферыі з’яўляюцца важным энэргетычным стымулам супроць эканамічнага спустошвання тэрыторыяў (кшталтам ЗША, пустых усярэдзіне, з цягам агламерацыяў на ўзбярэжжах ды ў рэгіёне Вялікіх Азёраў. У Нямеччыне ж, насупраць, няма горада з “комплексам Парыжа”, але тамтэйшая раўнамернасць бярэцца з гісторыі, з існавання некалі процьмы суверэнных княстваў).

Драма культурна-моўнай асіміляцыі палягае ў выбіванні псіха-інтэлектуальнай апоры эканамічнаму нацыяналізму. Асіміляцыя – гэта далучэнне да суседняй культуры, этнасу, іначай кажучы – правінцыялізацыя. Яна вядзе да паглыблення комплексу непаўнавартасці, трансфармацыі галоты ў шчаслівую масу, якая жыве спадзяваннямі, што ўсенька дасць ёй “могучая и великая”. Такая віртуальнасць рэчаіснасці, насычаная штучнымі пазітывамі, нярэдка трывае працяглыя эпохі. Канчаткова дэнацыяналізацыя выліваецца ў беспрасветны маразм па-гогалеўску ўдзічэлай правінцыі з адназначна негатыўнай у ёй селекцыяй чалавечага матэрыялу. У выніку правінцыя застаецца тэрыторыяй на датацыйным утрыманні. Русіфікаваная да галавешак беларушчыны, Рэспубліка Беларусь – гіпатэтычна – страціць шанцы на эканамічны нацыяналізм, усе зробяцца рускімі. Ключ да яе гаспадарчай будучыні апынецца ў Маскве, дзе на Беларусь будуць глядзець як на адну з мнагалікіх губерняў і паўторыцца царскі варыянт ейнага лёсу – чыста стратэгічная патрэбнасць у ёй для Расіі ў якасці камунікацыйнага ды ваеннага калідору ў Еўропу. Разам з замарожанасцю культурнага ўзроўню беларускай губерні як дэнацыяналізаванай у перыферыйную расійскасць.

Прырода самое культуры такая, што не разгортваецца яна ў ізаляванасці ад сусветнае. Якое ж можа быць развіццё ў тых “почти русских”? Яны назаўсёды трапяць у ніжэйшы гатунак рускіх, і спатрэбіцца цуд геніяльнасці Шолахава, каб гэтую “истинно русскую” Беларусь заўважылі хаця б у Маскве, а потым і далей. Шолахаў, як і Пушкін, здараюцца адзін раз у гісторыі нацыі, яны не паддаюцца племянной рэпрадукцыі…

Спляжанне беларускай Беларусі сапхне яе ў заглухласць, у палігон генеральнага штаба. Расійскі капіталізм ніколі моцна не інвеставаў у Беларусь, у калонію. Рахунак яму ад гэтага не быў бы той: капітал не любіць выдаткаў на прывоз сыравіны ці мантажных элементаў. У Савецкім Саюзе, аднак, ігнаравалі кошт у імя зліцця нацыяў у вялізную імперскую. Калісьці нехта падлічыць, якою цаною давалася ўтопія стварэння савецкай нацыі. Памятны Мікіта Хрушчоў аналагізаваў яе з амерыканскай, у якую цяпер… уцёк яго родны сын (тупалобы бацька не кеміў, што амерыканцаў ніхто не ствараў, яны самі паявіліся, і зусім не па божай фанабэрыі ці тым болей па волі нейкага Палітбюро).

На павярхоўны погляд беларуская нацыянальная ідэя падаецца культурніцкім стогнам  інтэлігенцкіх недабойкаў, пасмялелых адсутнасцю альтэрнатывы расстрэлу або галоднай смерці на Калыме. Насамрэч гэтая ідэя ўяўляе сабою змаганне супроць дэбілізацыі Беларусі ў перманентную правінцыйнасць. Гэта запыненне крывацёку, з якім, праўда, можна жыць, але не квітнець здароўем. Толькі з выгляду здаецца, што справа тут найперш у выратаванні нацыянальнай культуры, мовы. Тым часам усё ўзаемна звязана: не бываюць культурныя народы матэрыяльна бедныя, як і заможныя, але некультурныя. Капіталісты не ўчора агледзеліся, што культурны працаўнік варты пяці дурных, як прафесійны салдат дае рады дзесяці рэкрутам. Прычым той і той значна менш каштуюць, даючы з сябе непараўнальна больш. Гэта кардынальная памылка – казаць, што перш наробім кілбасаў, а потым ужо зоймемся культурнасцю. Не наробім і не зоймемся, бо адно без другога немагчымае. Усё тое павінна адбывацца адначасна. Быццам два бакі тае ж манеты: аднаго аверсу мала.

Ва ўмовах адсутнасці міжрэспубліканскай каманднай сістэмы, размеркавання абавязкаў зверху – якое ж можа быць развіццё Рэспублікі Беларусь, пазбаўленай проста чалавечага сэнсу свайго існавання? Запоўненай не нацыяй, а толькі насельніцтвам, па-сірочаму заплаканым па былой імперыі і яе гарантаваным мінімуме дабротаў. Яно, насельніцтва, утомна чакае цуду вяртання СССР, але не супраць кінуцца ў абдымкі тае ж Расіі, якая тым часам падрахоўвае, хоць і цалуецца. Чаму не: успаможа яна Рэспубліку крэдытамі, але не болей, чым неабходна гэта дзеля рэалізацыі яе штабных стратэгічных інтарэсаў, бо прыняць Беларусь да сябе нявыгадна, нягледзячы на яе “почти российскость”. Гэта б азначала ўзяць у свой бюджэт яшчэ дзесяць мільёнаў чалавек. Як іх возьмеш, калі са сваімі невядома, што рабіць-чыніць?! Жыць жа прыходзіцца на заходніх пазыках. Скончыліся тыя гады, калі анексіі давалі даход. Цяпер дзеля падваення вытворчасці зусім не трэба падваення лічбы працоўных рук, а зусім наадварот. З тае ж прычыны, для прыкладу, чэхі амаль сілком выпхнулі славакаў у незалежнасць. Гэтак жа каланіяльныя дзяржавы некалі пазбыліся сваіх заморскіх уладанняў, нават сакрэтна фінансуючы дзеля прыстойнага прэтэксту г.зв. вызвольны рух у калоніях, якія сёння гатовы на каленях паўзці назад у Лондан, Парыж.

Беларусь асуджана на незалежнасць. Гучыць гэта бы іронія гісторыі. Ёй неадкладна, проста спешным парадкам патрэбная свая нацыянальная ідэя, без якой не вылузацца з гнільнага працэсу. Само насельніцтва ніколі не ўяўляла сабою рухальнага патэнцыялу – толькі нацыя, яе “пачуццё бацькаўшчыны”.

Не заробак вырашае матывацыю, а духоўнасць. Ці той жа Шолахаў мусіў, абавязкова, напісаць “Ціхі Дон”? Нейкі райком прымусіў яго да гэтага? А Ньютана хто прымушаў адкрыць закон зямное гравітацыі? Або, хаця б, таго Архімеда? Купала пісаў, бо што – абяцалі яму фальварак? Славуты амерыканскі мільярдэр Ракфелер сказаў, што без вялікай ідэі няма вялікіх грошай. Ён не жартаваў. Як не жартуе тая ж Японія, якая не мае натуральных багаццяў. Уся яе індустрыя трымаецца на імпарце, што зусім не перашкаджае ёй зрабіцца другой – пасля ЗША – эканамічнай магутнасцю, чаго нельга спадзявацца ад Расіі, хаця і мае яна ў сваіх нетрах цэлую табліцу Мендзялеева. Хлеба свайго яна не мае на ўвесь год, маючы пры тым у сябе ажно палавіну ўсіх чарназёмаў на зямной кулі! Бяда Расіі таксама і ў тым, што не было ў яе нацыянальнай ідэі; не Расія мела армію, але армія мела Расію. Гэта таму яна не развівалася, а пашыралася. У адрозненне ад Захаду, жыла анексіямі замест уласнага высілку.

Беларуская нацыянальная ідэя, як кожная нацыянальная, не можа нагадваць сабою лірычную паэму, бо тады каму яна будзе патрэбная, акрамя жменькі эстэтаў. Узяты з лаціны назоўнік “нацыя” досыць шматзначны, але нязменна датычыць масы людзей, а не сацыяльных вярхоў. Адсюль нацыяльная ідэя прыблізна тоесная з народнай. Гэта ідэя для ўсіх, і старых і малых. Метафарызуючы яе: ідэя свайго хлеба, свайго духу, не служэння камусьці. Гэта ідэя гаспадара, а не парабка. Таму падставай яе ёсць уласнасць, матэрыяльная самастойнасць, без якое праца страчвае свой найпершы гістарычны сэнс, менавіта творчы, крэатыўны. Савецкія камуністы былі непісьменнымі ў марксізме, што і не дзіва: каму гэта з іх хапала розуму і цярплівасці прабівацца праз дзясяткі тамоў навуковых тэкстаў? Задавальняліся прасцяцкімі тлумачэннямі інструктараў, якія не выйшлі па-за народніцкія міфы раю. Галоўная іх памылка ў тым, што верылі ў магчымасць пабудовы камуністычнага ладу. Камунізм жа нельга пабудаваць, да яго трэба цывілізацыйна дарасці, калі знікне сама праца як умова існавання чалавека. Аспект яе змушанасці пераўтворыцца ў неабавязковую актыўнасць, што дакладна адпавядае дэфініцыі культуры (ад недахопу культуры ніхто не памёр). У гэтым значэнні мастакі, артысты, паэты – натуральныя камуністы, іх творчыя памкненні не абумоўлены… жыватом, страўнікам. У такіх саветы хацелі перарабіць усе 250 мільёнаў, малюючы ім перспектыву “жить по потребностям, работать по возможности”. Хутчэй тое збудуецца ў высокаразвітых краінах, хоць Маркс ім не Навабог. Слушнасць гістарычнага матэрыялізму частковая, але мы, славяне, па сваёй язычніцкай адчайнасці ўчынілі з яго новую рэлігію, накшталт усёвытлумачальнага хрысціянства. Беднаму ўсё вецер у вочы, бо слаба думае. Бог дурня не любіць.

Ідэя без папулярнасці не ўяўляе сабою рэальнага грамадскага фактару, застаецца па-лабараторнаму ў эмбрыянальным стане як праект дзеля магчымага зацікаўлення ім. На папулярнасць беларускай нацыянальнай ідэі давядзецца нямала пачакаць. Яе ажыццяўленне перапынена зніштажэннем сялянства, люмпенізацыяй без роду і племя, ананімнасцю савецкай масы, прывязанай да той жа савецкай латыфунднасці. Штучна выкліканай гарадызацыяй. Таму імперыі недаўгавечныя, распадаюцца за адну ноч, бы тыя паленыя халопамі панскія маёнткі. Патрэбная змена пакаленняў, г. зн. змена паўсюднай памяці.

У прыбалтаў нацыянальная ідэя імгненна распаўсюдзілася пры познім Гарбачове, бо ў іх не вымерла – не паспела! – пакаленне, якое памятала даваенны дабрабыт і свабоду. У беларусаў не аказалася такога пакалення, нават у тых заходніх, бо і яны жылі ў каланіяльнай нэндзы. Не мелі па чым смуткаваць. Гэта таму беларуская нацыянальная ідэя пазбаўлена ўнутрыграмадскага мацунку і цалкам залежыць ад прымежнага атачэння. Беларусь нагадвае сабою яму – яміску, у якой будуць трываць людзі так доўга, пакуль не агледзяцца, што наўкола іншыя жывуць ужо не так. Гэта механізм рэвалюцыі – той сапраўднай, а не перавароту, – якая ніколі не выбухне тады, калі ўсе на самюткім дне. А заўсёды, калі ёсць з чым параўнаць свой ганебны лёс. У рэвалюцыі нязменна маральны пачатак, не эканамічны. Раптам “людкове” не пагаджаюцца на быдлячыну. Як у тым “Інтэрнацыянале”, зусім не расійскім, а французскага аўтарства. Рускія, як і японцы, – імітатары Захаду; з той, аднак, розніцай, што неглыбокія. Ухапіліся за камунізм ні трохі не цямячы, што ён прадукт цывілізацыі, чужой расійскаму кантыненту. Яны гэты камунізм рэалізавалі болей паводле Бакуніна. З рабаўніцкім размахам Сценькі Разіна. З дзяржаўнай філасофіяй Івана Жахлівага. З абшчыннымі калгасамі без паняцця пра рахунак.

У такім сцэнарыі беларуская нацыянальная ідэя – з няшчасным ценем Кастуся Каліноўскага – прыводзіць на ўспамін перыпетыі Майсеевых Дзесяці Запаветаў, з якімі ўсё ж не так безнадзейна. Не дапаможа ёй палітычны цынізм – чым горай, тым лепей. Нацыя-люд цярпліва прашвэндаецца па пустыні, напэўна нашмат менш, чым жыды ў сінайскіх пясках. Эпоха вось не тая. Няма ж мясаеднай егіпецкай няволі. Дзіва дзіўнае: няма каму прадацца! Беларус нікому не патрэбным стаўся, акрамя самога сябе. Ён гэта паволі зразумее, асабліва малады, якому Савецкі Саюз ужо гісторыя, часта цалкам кніжная.

Я не збіраюся пісаць праект беларускай нацыянальнай ідэі, яе пункты ды параграфы. Напіша яе само жыццё, яно самы геніяльны аўтар. Абавязкова напіша. Не чуваць жа пра нейкі народ, які дапусціўся татальнага самагубства. Інстынкт жыцця прысутнічае нават у ракавай палаце.

У святле ўсяго папярэдне сказанага не павінна нікога ўводзіць у незразуменне, чаму беларусы лёгка парабіліся стопрацэнтнымі саветамі. Дэклараваная імі беларускаць толькі ў 20% носіць на сабе нацыянальную адметнасць; у пераважнай большасці быццё беларусам усведамляецца выключна як рэгіянальнае, як быццё сібіраком, масквічом, палешуком. Разважаючы пра беларускую нацыянальную ідэю ды яе перспектывы, неабходна памятаць, што русіфікацыя Беларусі “состоялась”. І што праблема дэрусіфікацыі гэтак жа штучная, як праблема вяртання, напрыклад, Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Саветаў не будзе, як не будзе, скажам, Рымскай імперыі. Прапаў у вірах гісторыі генератар саветызацыі. У сувязі з чым узнікае пытанне: а што чакае тыя мільёны беларускіх саветаў? Адказ на тое дзяцінна просты: чакае іх нацыянальнасць, тое ж «чувство родины», без якога чалавек – гэта валакіта і раб. Бязбацькавіч. Ненатуральная істота, якая невядома чаму жыве на свеце, займае на ім тыя квадратныя метры.

У Прыдняпроўі здаўна дамінавалі маскоўскія ўплывы, і таму сёння там паўсюдна руская самасвядомасць, што паслядоўна выльецца ў рускую нацыянальную, у рускі энклаў Беларусі (накшталт французскага ў Бельгіі). Усю пераважную рэшту татальнае “трасянкі”, не адно моўнай, чакае сваеасаблівая шызафрэнія “тоже-белоруссов”.

Беларуская нацыянальная ідэя паўплывае на змену варункаў, як і варункі, у якіх яна нараджаецца, зменяць ейнае аблічча. Спатрэбіцца ў ёй сінтэз Захаду з Усходам, вытварэнне непераходнай якасці культурна-цывілізацыйнага памежжа, або дакладней – міжмежжа. Справа ў тым, што нашая нацыянальная культура з усходнеславянскімі каранямі канчаткова вырасла з заходнім нахілам. Па сутнасці ёсць яна заходнееўрапейская, што асабліва выразна відаць у яе літаратурным адраджэнні. Вялікае княства Літоўскае не было ўсходнім царствам. Найбольш дынамічны ў беларушчыне якраз рыма-каталіцкі элемент. Нават цяперашнім часам, хоць саміх католікаў усяго пятая частка насельніцтва. Вылучаецца энергіяй першасны арэал гістарычнай Літвы, а ў найпершую чаргу забытая Чорная Русь, балта-славянская ў сваіх генах. Не славяна-балцкая. Культура не функцыянуе ў адрыве ад натуры.

Беларуская нацыянальная ідэя застанецца двухмоўнай, руска-беларускай. Яе рускамоўнасць натуральная, а беларускамоўнасць пастулатыўная, але жывучая з увагі на моўную роднасць, узаемазразумеласць. Літаратурная творчасць пры гэтым у сваіх найвышэйшых праявах немагчымая на рускай мове, што не з’яўляецца парадоксам, але вынікам асімілятарскага збяднення слоўніка, выключна ўжытковай перыферыйнасці беларускага рускамоўя. “Великий и могучий” буяе ў карэнных губернях, не ў клімаце прыстасаванскага Прыдняпроўя. У ім касмічна далёка да слоўніка Даля.

Гэта толькі на некампетэнтны погляд здаецца некаторым, што Расія зможа адным махам ліквідаваць “белорусскую родину”. Не можа, і то па ста прычынах, але самая галоўнай тут: нашто ёй, Расіі, гэтая каніцель? У Крамлі не “ваньки-дурачки”. А казаць пра  “святое дело интеграции” можа той, хто выпадкам апынуўся ў палітыцы. Тым чырванасцяжным нагадайма Сталіна і яго словы, што “у политики нет сантиментов”. Рускія рускіх глушылі, глушаць і будуць глушыць, плакаць будуць і глушыць! Дзяржава, якая кіруецца сэрцам замест розуму, перастае быць дзяржаваю, а становіцца фраернай іншым тэрыторыяй. Прычым ужо дакладна лішняй у век тэхналагічных рэвалюцыяў, калі прадукцыя пераходзіць ад чалавека да машынаў. Тэрыторыя перастала быць патэнцыялам, перастаюць быць ім і мільёны працоўных рук. Маленечкі Сінгапур гатовы заваліць таварамі ўсю Паўднёва-Усходнюю Азію. Што раней і не снілася.

Беларуская нацыянальная ідэя не можа смярдзець тэрорам і забойствамі. Няхай кампраметуюцца гэтым расійскія шавінякі, фанатыкі галоднай “единой и неделимой”, вечна абадранай ды сіфілітычнай. Дзе Расія, там гора з бядою. Гэта праўда, што быў у яе мінулым кароткі перыяд нечага людскага, фактычна два: у сталыпінскія рэформы і – паўгода – пасля Лютаўскай рэвалюцыі. На ўсе стагоддзі ейнага крывавага існавання. Быў падобны шанц і пасля забароны  КПСС, але тады трэба б нечага накшталт Нюрнбернгскага працэсу, які вывеў Нямеччыну ў дэмакратызм і дабрабыт. Было ж за што судзіць тых бальшавіцкіх Эйхманаў, а яны вось нырнулі ў мафійны капіталізм на расійскі капыл.

У заканчэнні – калі б так склалася гістарычна, што не было і няма беларускай нацыі, – дык трэба было б цяпер проста прыдумаць яе дзеля добрай будучыні людзям між Гародняю і Магілёвам, Пінскам і Віцебскам. Хаця б таму, каб кожны канфлікт Расіі з Еўропаю не канчаўся ім масавымі магіламі “кожнаму чацвертаму”. Няўдача з беларускай нацыянальнай ідэяй абернецца ў цывілізацыйную катастрофу на гэтай тэрыторыі, у палігонны заказнік расійскага генштаба. У другую Карэлію, якая магла б жыць па-фінску, а жыве па-абарыгенску.
Пытанне беларускай нацыянальнай ідэі ёсць безальтэрнатыўнае: будзе яна – будзе і Беларусь, не будзе яе – не будзе і Беларусі. Гэта нам гарантуе Гісторыя.

P.S. З усіх савецкіх прэзідэнтаў у былых савецкіх рэспубліках адзін Аляксандр Лукашэнка надалей заядла савецкі, чым сам сабе падпісаў цяжкі прысуд, які не падлягае абскарджанню.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы