nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЗАЎВАГІ КОНАНА НА “ПОГЛЯД” САКРАТА (кБНІ)

23 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Наш добры сябра, польскі беларус Сакрат Яновіч (дзе толькі не пабывалі беларусы, і хто толькі не дзяліў Беларусь!) прапанаваў для зборніка дакладаў сваё бліскучае эсэ. Яно ўпрыгожыла і ажывіла гэтую навуковую, месцамі сухаватую кніжку.

Сакрат Яновіч, пісьменнік артыстычны, умее не толькі драматызаваць праблему. Умее пераўвасобіцца – у дадзеным выпадку заняць пазіцыю на манер былых польскіх эндэкаў. Зноў жа – ад любові да Бацькаўшчыны. Памятаючы такую мастацкую “правакацыю” (у добрым сэнсе гэтага слова), я паспрабую запярэчыць спадару Сакрату ў форме кароткіх тэзісаў, каб пазней разгарнуць іх у палемічны артыкул.

С.Яновіч следам за расійскімі і польскімі марксістамі перабольшвае ролю эканомікі (“усяму інстанцыя вытворчасць”), рынку тавараў, індустрыі, урбанізацыі і ўсяго іншага, падобнага да гэтай катастрофы ХХ стагоддзя. Адсюль – апалагетыка Амерыкі (у сэнсе – ЗША), нейкай англа-амерыканскай мовы (у сэнсе каланіяльнага жаргону англійскай мовы), амерыканскай нацыі, якая, на маю думку, штучная і распадзецца ў першых дзесяцігоддзях чарговага тысячагоддзя.

С.Яновіч, на жаль, следам за расійскімі і еўрапейскімі сацыёлагамі блытае беларускую нацыю, якая мае за сабою тысячагадовую дзяржаўную і культурную традыцыю, з рэгіянальнымі сепаратысцкімі групоўкамі тыпу «Брэтаніі, Фрызіі, Карынтыі, Корсікі, Галісіі». Параўноўваючы нацыянальны рух у этнічнай Літве (гістарычная Літва – гэта Заходняя Беларусь), ён забывае гістарычны кантэкст. Беларускае нацыянальнае Адраджэнне пачалося ў першай палове ХІХ ст., а ў сярэдзіне гэтага веку беларусы ўжо мелі пачатак сваёй класічнай літаратуры, свой нацыянальны тэатр, свой шляхецкі эпас (творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, яго тэатр, ягоны пераклад “Пана Тадэвуша” на родную мову). Усё гэта было знішчана Расійскай імперыяй, якой, дарэчы, была выгадная гульня “жамойцкай картай” супраць польскага вызвольнага руху.

Наш калега следам за “еўрапейскай” сацыялогіяй і гістарыяграфіяй перабольшвае вонкавы, геапалітычны фактар у рэалізацыі нацыянальнай ідэі народаў Еўропы наогул і беларусаў у прыватнасці. Паслухаць яго – значыць пагадзіцца, быццам беларускую нацыю “інспіравалі” прусакі, немцы, палякі, урэшце, што ўжо зусім нонсэнс, – расійскія бальшавікі. Трагічна таму, што якраз бальшавікі (няхай яны і не рускія, няхай будуць кітайцы, нанайцы, папуасы, etc.), абапіраючыся на ваенную магутнасць Расійскай імперыі, нішчылі Беларусь амаль стагоддзе. У параўнанні з бальшавіцкім генацыдам над беларусамі нямецка-фашысцкі генацыд – усяго толькі банальны плагіят.

Не закранаючы іншых інвектываў, якімі “атакуе” спадар Сакрат сваю Маці-Радзіму (няхай сабе і “бедную”, “сірочую”, “савецкую”, як здаецца яму), спынюся толькі на кантрасных супярэчнасцях яго эсэ. С.Яновіч спачатку аднаўляе колішнюю нашаніўскую легенду пра выключную “сялянскасць” беларусаў. На яго думку, шанец беларусаў – “знікненне сялянства як постфеадальнай структуры”. Ён дасціпна “здзекуецца” з сялянскага народніцтва, беднасці, “плаксівасці”. А праз старонку кажа нешта іншае: ажыццяўленне беларускай нацыянальнай ідэі “перапынена зніштажэннем сялянства, люмпенізацыяй без роду і племя”. На першых старонках свайго артыкула С.Яновіч аж да неба ўзвышае “шматзаробкавую” Амерыку, вытворчасць, эканоміку, рынак тавараў, інтэлектуальныя довады называе “банальным аргументам”. А пад канец робіць выснову: “Не заробак вырашае матывацыю, а духоўнасць”.

Урэшце, супярэчыць сам сабе ўпрытык: “У святле ўсяго папярэдне сказанага не павінна нікога ўводзіць у незразуменне, чаму беларусы лёгка парабіліся стопрацэнтнымі саветамі. Дэклараваная імі беларускасць толькі ў 20% носіць на сабе нацыянальную адметнасць”. Калі ажно 20% “нацыянальна адметных”, то гэта ўжо далёка не 100% “савецкіх”. Дарэчы, я прывяду нашу, беларускую арыфметыку: звыш 80% беларускіх пісьменнікаў, даследчыкаў, асветнікаў і ўсіх крыху багацейшых сялянаў “саветы” звялі са свету (стрэламі з нагана ў патыліцу), запрыгнецілі, выселілі. Якраз за “антысавецкую прапаганду” і “антысавецкую дзейнасць”. Можа, пагэтаму Еўропа і Польшча называюць беларусаў “савецкім народам”?

Калі будзе час і месца, то я паспрабую даказаць: у Францыі, Англіі, тых жа Злучаных Штатах носібітаў нацыянальнай ідэі не больш за 20%. Калі не менш. Рэшта (80%) не ведае, што такое нацыянальная ідэя і з чым яе ядуць. Іншая справа нацыянальная (Польшча) ды імперская (Расія, ЗША, et cetera) фанабэрыстасць. Але паміж нацыянальнай ідэяй і фанабэрыстасцю такая ж розніца, як паміж святым Міколаю і «мелким бесом».

У 1920 годзе слаўны расійскі пісьменнік і філосаф Дзмітрый Мерашкоўскі разам з не менш слаўнай Зінаідай Гіпіўс, сваёй жонкаю, уцякаючы ад «саветаў з бальшавікамі» праз Мінск, пажыў тут каля месяца, чытаў лекцыі і, між іншым, яшчэ раней назваў Польшчу да яе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння «распятай нацыяй». Беларусі ён не заўважыў, як, дарэчы, не заўважалі яе іншыя расійскія інтэлектуалы-нацыяналісты і «еўрапейцы».

Выснова: не трэба занадта нападаць на ўкрыжаваную нацыю.

19.12.1999 г. Уладзімір Конан

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы