nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Нашыя адносіны да працаў С.Яновіча і У.Конана

24 красавіка, 2006 | Няма каментараў

(тры публікацыі, разьмешчаны ніжэй)

Рэдакцыя.
Мы – сябры рэдакцыі – ня можам ня выказаць адносінаў да прадстаўленых артыкулаў нашых знакамітых беларусаў-суайчыньнікаў. Ня будзем падкрэсьліваць іх моцныя бакі. Выкажам толькі нашу пазіцыю па аднаму з пытаньняў. Яна ў наступным: Сакрат Яновіч у бліскучай форме падкрэсьлівае значэньне вонкавых аб’ектыўных фактараў (эканамічных і зьнешнепалітычных), якія могуць спрыяць альбо замінаць станаўленьню нацыі. Але ў кантэксьце яго артыкула атрымліваецца, што пры гэтым нібыта нічога не залежаць ні ад самаго этнасу, ні ад яго пасіянарных прадстаўнікоў. Пры такім падыходзе атрымліваецца, што народ ёсьць усяго толькі пасіўным аб’ектам дзеяньня вонкавых сілаў (гістарычных абставінаў, больш моцных нацыяў і дзяржаў), якія фармуюць нацыю, нібы лепячы яе з гліны…

З такім адчуваньнем, якое, падкрэсьлім, індукуецца кантэкстам артыкула Сакрата Яновіча, мы пагадзіцца ня можам.

Канешне, шмат чаго ёсьць у гісторыі народаў, што неспрыяльна паўплывала і працягвае ўплываць на іх лёс. У гэтым сэнсе беларусам таксама дасталося нямала… А некаторыя этнасы і ўвогуле загінулі… Але ёсьць у лёсе народаў шмат і таго, што залежыць ад іх самастойных учынкаў, асабліва ад дзеяньняў іх нацыянальных элітаў. Мы – беларусы – тут не выключэньне.

Давайце ж меньш спадзявацца на абставіны. Давайце зробім для нашага народу тое, што залежыць ад нас, тое, што мы можам! Давайце як мага больш будзем суб’ектамі нашага ўласнага жыцьця, а ня толькі аб’ектамі ўзьдзеяньня вонкавых сіл – людзьмі, якія разьлічваюць, што ў выніку броўнскага руху гістарычных падзей наша беларуская нацыя дадрэйфуе да пажаданай зямлі абетаванай!

Гэта як у прыродзе. Ёсьць жывыя арганізмы з самымі рознымі асаблівасьцямі іх арганізацыі й ёсьць фактары вонкавага асяродзьдзя, якія статыстычна спрыяюць лепшым. Калі б не было разнастайнаці жывых арганізмаў (гэтай своеасаблівай формы суб’ектнасьці жывога), не было б і біялагічнага прагрэсу. Фактарам вонкага асяродзьдзя не было б з чаго выбіраць… Таму нават прырода разьвіваецца дзякуючы ўзаемадзеяньню суб’ектыўнага і аб’ектыўнага, выражанага ў своеасаблівай форме – «суб’екты», якія, падпадаючы пад узьдзеяньне вонкавых абставін, пераўтвараюцца ў аб’екты, усё роўна маюць сваю важкую ролю ў прагрэсе.

У людзей прысутнічае значна больш свабоднай волі і розуму. Таму залежнасьць інтэнсіўнага разьвіцьця грамадства ад індывідуальнай самастойнасьці, актыўнасьці людзей на парадкі большае, чым у разьвіцьці прыроды.

У далейшым рэдакцыя будзе лічыць нармальным такі падыход да беларускага грамадскага жыцьця, які зьвязаны зь імкненьнем да максімуму канструктыўнай суб’ектнасьці з боку прадстаўнікоў нашай эліты. Дадзены падыход будзем лічыць яшчэ адным ідэалягічна-дактрынальным прынцыпам нашай працы (Д пр-п 2).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы