nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ФІКСУЕМ АКТЫ ЎЛАДНАГА ВАРВАРСТВА – 2

24 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Прыклады разбурэньня гістарычнай спадчыны Беларусі з Гародні і Менску.
Рэдакцыя.

КАЛЯ 300 ТЫСЯЧАЎ УНІКАЛЬНЫХ АРХЕАЛАГІЧНЫХ ЗНАХОДАК СТРАЧАНЫ!

Шакуючая навіна за некалькі дзён абляцела ўсе навуковыя колы. Унікальная калекцыя, якая зьбіралася яшчэ з 1948 года і прызначалася для будучага музея гісторыі Менску, страчана. Магчыма, назаўсёды.

Каля 200 скрыняў з 300.000 знаходак, якія былі паднятыя са шматлікіх раскопкаў у сталіцы, у тым ліку дасьледваньняў Верхняга гораду і Менскага замчышча на Нямізе, многія гады захоўваліся ў доме № 8 па вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Некалькі гадоў таму калекцыю перавезьлі на Рыбалкі, 2. Апошні раз археолагі былі на «складзе гісторыі Менска» ў канцы 2005 году. Рарытэты былі на месцы.

Восьмага лютага загадчык аддзелам сярэдневяковай археалогіі Інстытута гісторыі НАН Сяргей Тарасаў разам з гісторыкам-археолагам Пятром Русавым вырашыў дадаць у калекцыю апрацаваныя матэрыялы з раскопак вуліцы Гандлёвай. Зайшоўшы на склад, вучоныя анямелі.

«Пакой плошчай 30 квадратных метраў, раней запоўнены скрынямі да столі, аказаўся зусім пустым, — расказывае Сяргей Васільевіч. — Стаяла толькі некалькі верстакоў, якіх там раней не было. Мы спрабавалі разабрацца, куды зьнікла калекцыя. Рабочыя сказалі, што ім далі ўказаньне вызваліць памяшканьне. Скрыні папросту выкінулі на вуліцу. Чалавек, які прадставіўся намесьнікам начальніка па добраўпарадкаваньню ЖЭСа № 2, дадаў, што скрыні перашкаджалі рамонту і ён загадаў падагнаць трактар і вывезьці іх на гарадскую звалку. Цудам ацалела толькі некалькі дзесяткаў скрыняў, якія былі ў суседнім пакоі».

Да гэтай пары невядома, куды канкрэтна вывезьлі гісторыю сталіцы. «Як такое магло адбыцца, — гаворыць Сяргей Тарасаў. — Страчаны практычна ўсе матэрыяла археалагічных раскопак Менску пасьляваеннага часу. Памяшканьне па адресе Рыбалка, 2 Інстытут гісторыі цалкам афіцыйна арэндаваў у ЖРЭУ Ленінскага раёна. У канцы мінулага году тэрмін арэнды скончыўся, і ў будынку павінны былі рабіць рамонт, пра што нас папярэдзілі. Мы шукалі іншае памяшканьне, а пакуль часова дамовіліся з кіраўніцтвам ЖРЭУ, што падвальныя памяшканьні будуць рамантавацца паэтапна, без пераносу калекцыі. Паралельна падалі дакументы на працяг дамовы. Пры гэтым інстытут працягваў спраўна плаціць грошы за арэнду. На дзьвярах вісела шыльда, на якой было ўказана, што тут захоўваецца ўласнасьць Інстытута гісторыі».

Кампетэнтнае меркаваньне.
Ігар Чарняўскі – намесьнік начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры:
«Гэта каласальная страта для гісторыкаў. Ацаніць страчаны археалагічны матэрыял проста немагчыма. Ён зьбіраўся многімі пакаленьнямі археолагаў. Узьнікае пытаньне: на якіх падставах  рабочыя ўвайшлі ў памяшканьне, якое арэндуе Інстытут гісторыі, і самавольна вынесьлі тое, што ім не належыць?».

Паводле сайту:  http://probelarus.ru/

КІРАЎНІКІ ГАРОДНІ НЕ ВЫЧУВАЮЦЬ ГОРАДУ
Сяргей Харэўскі.

Войны абышлі Гародню бокам. З сусьветных войнаў яна выйшла амаль некранутаю. Галоўнай плошчаю каралеўскай Гародні спрадвеку быў Стары Рынак. Яна ж Саборная, Батуры, а дасёньня Савецкая. Парадны пляц Гародні паўстаў за часоў караля Сьцяпана Батуры. Тут стаяў каралёў палац. Тутсама была й Ратуша — гарадзкое самакіраваньне.

Савецкая горадабудаўнічая практыка пакрысе сьцерла з гэтае плошчы яе спрадвечны сэнс. Рэшта гістарычнае забудовы, што атачае яе па пэрымэтры, толькі намякае на асаблівы сэнс гэтага пляцу ў сэрцы старога гораду. Савецкія вандалы павыдзіралі адсюль гэткія знакавыя аб’екты, як Ратуша, што была аточана гандлёвымі радамі, палац Радзівілаў і самае грандыёзнае збудаваньне ў нашым краі — Фару Вітаўта, што была пушчаная на друз у 1963 годзе. У выніку на месцы галоўнае плошчы Гародні ўтварылася малаўцямная прастора, аточаная выпадковымі каробкамі, безь відавочных акцэнтаў, з разарванымі візуальнымі повязямі. Гэты кут гораду стаў простым фрагмэнтам савецкага абласнога цэнтру: ляпідарныя будынкі з сылікатнае цэглы, нягегла размаляваныя старасьвецкія камяніцы ды турэмны подых з-за калючага дроту, што сьперазаў былы кляштар езуітаў.

Праект дэталёвае пляніроўкі Гародні 1966 году ўражваў размахам вандалізму. Ад плошчы Замку мусілі спляжыць усю прастору гістарычнага цэнтру. Паратунак прыйшоў у 1973 г., калі наступны Генплян прадугледзеў стварэньне буйнамаштабнага гарадзкога ядра на тэрыторыях за ракой Гараднічанкай.

Аднак дробныя паскудзтвы працягваліся. Бязладна тыркалі сюд-туд будынкі камітэтаў КПСС, дамоў культуры, унівэрсамаў. Яскравы прыклад — гарадзенскі драмтэатар, пабудаваны ў сярэдзіне 1980-х. Грувасткія формы тэатру ў гушчары старадаўніх камяніцаў выглядаюць недарэчна. Тады ж зьнесьлі самы стары вакзал у Беларусі — каб не замінаў новаму будынку.

У 1989 г. Беларускім навукова-дасьледным інстытутам горадабудаўніцтва (галоўны архітэктар — Аляксандар Горб) быў распрацаваны дыхтоўны праект рэгенэрацыі гістарычнага ядра. Прадугледжвалася вызваліць яго ад транспарту шляхам стварэньня па ягоным пэрымэтры апорна-разьмеркавальнага колца. Моцна пашыралася пешаходная зона, узнаўляліся фрагмэнты гістарычных ансамбляў і ляндшафтаў. Але гэты самы рацыяналістычны праект так і застаўся ў праекце.

Архітэктары ізноў, як і апошнія 60 гадоў, упарта мяркуюць, што старажытнаму цэнтру Гародні шмат чаго не хапае. Натуральна, ня страчаных помнікаў.

Цяперашняя перабудова старадаўняе плошчы зьвялася да вялікага аб’ёму земляных працаў і высечкі старых дрэваў. Карцела зрабіць два падземныя пераходы для людзей, але пакінулі адзін. Карцела завяршыць археалягічныя досьледы, але толькі падкапаліся да старых падмуркаў. Тэрміны й грошы падціснулі, рыхтык як за савецкім часам. Як з гонарам заяўляе галоўны архітэктар праекту рэканструкцыі, Аляксандар Захарчук, у гэтым стане Савецкая плошча гатовая да ўзнаўленьня Ратушы й палацу Радзівілаў. А хіба яна не была гатовая й раней? Дзеля чаго рабілася гэтак шмат шуму ў СМІ? Няўжо ўкладка дэкаратыўнае пліткі замест бруку таго заслугоўвала?

Гісторыкаў, рэстаўратараў, архітэктараў ды краязнаўцаў абурае тое, што праект рэканструкцыі Савецкае плошчы зьдзяйсьняўся самымі савецкімі мэтадамі: грамадзкасьць была азнаёмленая з праектам post factum .

Сакрэт полішынэля просты: цёзка, амаль зямляк і аднагодак Лукашэнкі Аляксандар Антаненка, які цяпер кіруе Гародняй, вылузваецца, каб давесьці сваю незаменнасьць. «2005 год стане ў гісторыі гораду самым маштабным і значным па размаху капітальнага рамонту жылфонду, вуліц і магістраляў», — сказаў у адным з інтэрвію мэр.

Шчыра спачуваю аўтару праекту сп.Захарчуку, перад якім паставілі такую задачу. Раней начальства мысьліла катэгорыямі «пяцігодак», цяпер — выбараў. Паводле праекту, «у Гародні зьявіцца свой «Арбат» — ад пачатку вуліцы Савецкай да драмтэатру». От так! У эўрапейскім горадзе, прасякнутым духам готыкі й барока — даёш маскоўска-алімпіядны Арбат.

Усё гэта — пыл у вочы, каб заслужыць пахвалу на вышэйшым узроўні, а то й павышэньне ў сталіцу.

Празь якія паўгоду плён няўрымсьлівых будаўнікоў можна будзе ацаніць. Вось толькі паўплываць на яго ня ўдасца. Зьнікне яшчэ нешта з старых камянёў, дэталяў, краявідаў. Гародня – каралеўская сталіца – застанецца чакаць адбудовы…

Паводле сайту: http://www.nn.by

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы