nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Да 20-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Ч.1)

26 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Прадастваўляем найлепшыя матэрыялы па дадзенай тэме, якія нам ўдалося знайсьці. Усе яны ўзяты з сайту www.svaboda.org. Зьвярніце ўвагу, аварыя на ЧАЭС нашмат павялічыла свае негатыўныя наступствы для людзей і народаў, пераўтварыўшыся ў катастрофу, дзякуючы дзеяньням тагачасных уладаў расейскай імперыі ў выглядзе камуністычнага СССР, лабісцкай групе – МАГАТЭ, былым уладам БССР і сучасным уладам РБ…
Рэдакцыя.

30 эўрапейскіх краінаў пазначаныя Чарнобылем

Сяргей Навумчык

Беларусь і Ўкраіна як найбольш пацярпелыя ад Чарнобылю выклікаюць спачуваньне ва ўсім сьвеце, але акрамя спачуваньня, ёсьць і іншая прычына ўсё большай зацікаўленасьці замежных навукоўцаў і палітыкаў чарнобыльскай тэмай…
Калі ў верасьні 1989 году Беларускі Народны Фронт правёў шматтысячнае чарнобыльскае шэсьце ад Акадэміі навук да Дома ўраду (за яго арганізацыю Зянон Пазьняк быў упершыню прыцягнуты да “адміністрацыйнай адказнасьці”) – здымкі з вуліц Менску абышлі вядучыя газэты сьвету. Для жыхароў ЗША, Канады і Эўропы гэта быў першы сыгнал пра тое, што пра Чарнобыль пачынаюць казаць і ў рэспубліцы, якая найбольш пацярпела ад катастрофы. Быў пачуты і голас Алеся Адамовіча, якога гэтымі днямі згадвалі на міжнароднай канфэрэнцыі ў Кіеве.
Заходнія палітыкі і эколягі прыгадваюць, што менавіта дэмакратычныя рухі (БНФ у Беларусі і “Рух” ва Ўкраіне) першымі запатрабавалі ад ураду СССР праўды пра Чарнобыль.
Самі ж эўрапейцы пра небясьпеку выбуху даведаліся ўжо празь некалькі дзён пасьля аварыі на ЧАЭС – значна раней, чым савецкія грамадзяне, ад якіх інфармацыя ўтойвалася. Але толькі цяпер робіцца відавочным, як маштаб забруджанасьці радыенуклідамі, гэтак і мэдычныя наступствы для ўсёй Эўропы.
У красавіку і ў траўні 1986 году вецер разьнёс чарнобыльскую радыяцыю ў краіны Скандынавіі, а таксама на тэрыторыю Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Швэйцарыі, Італіі, Грэцыі, Люксэмбургу, Турэччыны і іншыя краіны. Наагул, прасьцей назваць незабруджаныя эўрапейскія краіны, чым забруджаныя – паколькі сьпіс апошніх складае 30 краінаў. Канечне, узровень забруджанасьці значна розьніцца.
Напрыклад, у некаторых раёнах Баварыі ўзровень забруджанасьці цэзіем-137 дасягнуў 2 кюры на квадратны кілямэтар, і яны маглі б быць афіцыйна аднесеныя да пацярпелай тэрыторыі, калі б былі разьмешчаныя ва Ўкраіне.
У Вялікай Брытаніі абмежаваньне на выкарыстаньне некаторых сельскагаспадарчых прадуктаў будзе захоўвацца да 2015 году. У Баварыі (Нямеччына) забруджаныя грыбы і ягады. У Фінляндыі ўзровень забруджанасьці ў мясе паўночных аленяў перавышае афіцыйна дазволены Эўразьвязам.
Так, Швэйцарскае ўпраўленьне ў справах разьвіцьця і супрацоўніцтва рэалізоўвае праграму дасьледаваньняў вынікаў Чарнобыльскай катастрофы (http://www.deza.admin.ch) і днямі выдала брашуру “55 пытаньняў і адказаў пра Чарнобыль”. Швэйцарцы прызнаюць, што “ў выніку чарнобыльскай аварыі Беларусь пацярпела больш за іншыя краіны”.
Між іншым, яны спасылаюцца на вынікі дасьледаваньня беларускага генэтыка Генадзя Лазюка, які правёў статыстычнае дасьледаваньне найбольш частых відаў паталёгіяў у немаўлятаў, пачынаючы з 1982 году. Паводле беларускага генэтыка, колькасьць паталёгій прама прапарцыйная ўзроўню забруджанасьці тэрыторыі.
Яшчэ больш маштабныя дасьледаваньні сапраўднага рэальнага ўзьдзеяньня радыяцыі прыведзеныя ў “Альтэрнатыўнай справаздачы аб Чарнобылі” (TORCH), якая падрыхтаваная брытанскімі навукоўцамі Іенам Фэйрлі і Дэвідам Самнэрам адмыслова да канфэрэнцыі “Чарнобыль +20: напамінак на будучыню”, што цяпер праходзіць у Кіеве.
Навукоўцы выдзяляюць чатыры катэгорыі пацярпелых ад Чарнобылю: а) каля 600 пажарных і выратавальнікаў, якія працавалі на ЧАЭС у першыя дні пасьля аварыі; б) каля 240 ліквідатараў, што працавалі на забруджанай тэрыторыі ў 1986-1989 гадох; в) каля 100 000 мясцовых жыхароў, якія былі эвакуаваныя з забруджанай тэрыторыі, г) каля 5 мільёнаў жыхароў Беларусі, Украіны і Расеі, якія атрымалі сярэднюю дозу 10 мілізывэртаў.
Але, адзначаюць навукоўцы, існуюць яшчэ дзьве катэгорыі, “якія не заўсёды асьвятляюцца ў афіцыйных справаздачах і былі сьвядома абмінутыя ў справаздачы МАГАТЭ 2005 году”.
А менавіта – 600 мільёнаў людзей, якія жывуць у Эўропе, і каля 4 мільярдаў людзей, якія жывуць у паўночным паўшар’і. “Дзьве апошнія катэгорыі пацярпелых падвергліся менш інтэнсіўнаму выпраменьваньню, наступствы якога яшчэ складана ацаніць у межах стандартных эпідэмілягічных дасьледаваньняў. Тым ня менш, гэтая ацэнка магчымая ў катэгорыі калектыўных дозаў” – адзначаецца ў справаздачы TORCH.
У Вялікай Брытаніі, у 2 500 кілямэтрах ад Чарнобылю, у выніку забруджанасьці цэзіем-137 абмежаваньні былі накладзеныя на 8900 фэрмаў Уэльсу і Шатляндыі. У гэты момант забарона на выкарыстаньне мяса жывёлаў у ежу дзейнічае ў дачыненьні да 375 фэрмаў.
Навукоўцы цытуюць справаздачу Фэдэральнай службы Нямеччыны ў справе радыяцыйнай абароны (BFS), дзе гаворыцца, што мяса дзіка па-ранейшаму зьяўляецца заражаным цэзіем-137, асабліва ў Баварыі. Максымальна гранічнае забруджаньне цэзіем выяўленае таксама і ў іншых рэгіёнах Нямеччыны.
Радыяцыя нэгатыўна адбіваецца на здароўі людзей – павялічваецца захворваньне ракам шчытападобнай залозы ў некаторых дзяржавах Эўропы. Так, у Чэхіі пасьля 1990 году гэты від раку павялічыўся на 2,6 адсоткі ў год ва ўсіх узроставых групах (у справаздачы сказана, што “Чэхія атрымала ўмераную порцыю радыеактыўнага выкіду”).
Зафіксаваны рост раку шчытападобнай залозы ў Валіі – найбольш забруджаным цэзіем рэгіёне Вялікабрытаніі.
Адзначаецца рост леўкеміі сярод дзяцей, асабліва ў Беларусі, Грэцыі і Нямеччыне. Мюнхэнскі інстытут навакольнага асяродзьдзя зьвяртае ўвагу на павелічэньне парокаў разьвіцьця ў дзяцей у Баварыі і ў Бэрліне.
Доўгатэрміновыя наступствы аварыі пакуль да канца не зразумелыя. Лятэнтны пэрыяд ад моманту ўзьдзеяньня радыяцыі да моманту разьвіцьця раку можа расьцягнуцца на гады і нават дзесяцігодзьдзі, – пішуць брытанскія навукоўцы ў справаздачы TORCH.
Кіраўнік нямецкага Аб’яднаньня экалягічнай дапамогі Герд Розэнкранц перакананы, што нават вядомыя на сёньняшні дзень наступствы Чарнобылю – дастатковы аргумэнт дзеля таго, каб у Эўропе аднойчы і назаўсёды адмовіцца ад выкарыстаньня атамнай энэргетыкі.
Зь ім салідарная і дэпутат Эўрапарлямэнту Рэбэка Хармс, якая адзначае, што “абавязак палітычных лідэраў – ініцыяваць дэбаты ў справе энэргетычнай палітыкі… Надышоў ужо час прамысловым, эканамічным і палітычным лідэрам прыслухацца. Ня трэба больш чарнобыляў”.

�апа.jpg
Гэтая мапа забруджанасьці Эўропы цэзіем-137 апублікаваная ў справаздачы TORCH, выдадзенай некалькі дзён таму ў Бруселі па-ангельску, па-ўкраінску і па-расейску. Складальнікі мапы ня мелі дакладных зьвестак па Баўгарыі, балканскіх краінах і па Сыцыліі, таму гэтыя тэрыторыі пазначаныя белым колерам.

“Грынпіс” крытыкуе МАГАТЭ за справаздачу аб Чарнобылі

Валер Каліноўскі

Напярэдадні 20-х угодкаў Чарнобыля “Грынпіс” рэзка скрытыкаваў справаздачу МАГАТЭ аб тым, што аварыя на ЧАЭС яшчэ стане прычынай ня больш, як 4.000 сьмяротных выпадкаў па ўсім сьвеце. “Грынпіс”, як і іншыя экалягічныя арганізацыі, абвінавачвае аўтараў справаздачы ў заніжэньні дадзеных аб нэгатыўных наступствах Чарнобыля і настойвае на тым, што каля 200.000 чалавек у Беларусі, Расеі і Ўкраіне ўжо памерлі ад наступстваў аварыі.

МАГАТЭ ў апошняй справаздачы наконт уплыву Чарнобыля на навакольнае асяродзьдзе сьцьвярджае, што цяпер узроўні радыяцыі больш-менш вярнуліся да нормы, і ў цяперашняй сытуацыі куды большую праблему для здароўя складаюць галеча, хваробы, псыхалягічны стан жыхароў забруджаных рэгіёнаў.
“Грынпіс” і іншыя экалягічныя арганізацыі рэзка скрытыкавалі гэткія высновы МАГАТЭ.
Праграмны дырэктар “Грынпіс” Бруна Рэбэль кажа, што колькасьць сьмерцяў, зьвязаных з Чарнобылем, нашмат большая, чым падае МАГАТЭ.

(Рэбэль: ) “Самыя апошнія зьвесткі сьведчаць, што толькі ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне выбух на ЧАЭС выклікаў 200 тысячаў сьмяротных выпадкаў паміж 1994 і 2000 гадамі”.

Апошняя справаздача Грынпіс базуецца на дасьледаваньнях беларускай і расейскай акадэміяў навук, якія ў прыватнасьці сьведчаць пра рост захворваемасьці ракам на 40 адсоткаў паміж 1990 і 2000-м гадамі. А дзеці, якія нарадзіліся пасьля 1986 года, у 88 разоў часьцей пакутуюць на рак шчытападобнай залозы.

Дэпутатка ад Бранскай вобласьці Расеі Людміла Камагорцава кажа, што палова прадуктаў у яе рэгіёне радыяцыйна забруджаная, таксама як лясныя грыбы і ягады, якія ўжываюць у ежу жыхары рэгіёну. Спэцыялісты “Грынпіс” перакананыя ў нэгатыўным уплыве малых доз радыяцыі, якія і выклікаюць захворваньне ракам.

Прадстаўнік МАГАТЭ Дзідзьё Лува, адзін з аўтараў справаздачы не пагадажецца з такімі ацэнкамі:
(Лува: ) “Бранскі рэгіён Расеі найбольш пацярпеў ад радыяцыі, і лясы там сапраўды забруджаныя. Але ці можа гэта выклікаць рост ракавых захворваньняў? У якой справаздачы ясна падаецца такая сувязь? 20 адсоткаў насельніцтва Расеі і сьвету паміраюць ад раку. І няма магчымасьці зьвязаць гэтай зь нейкай канкрэтнай прычынай”.

Прадстаўнікі “Грынпісу” кажуць, што існуе адмысловае лобі, якое хоча занізіць наступствы Чарнобыля ва ўяўленьнях людзей дзеля будаўніцтва новых атамных станцыяў.

Расейскае атамнае агенцтва ўжо абвясьціла пляны будаўніцтва 40 новых ядзерных рэактараў да 2030 году.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы