nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ЗАХАД ВА ЎПОР НЯ БАЧЫЦЬ ГАЛОЎНУЮ БЕЛАРУСКУЮ ПРАБЛЕМУ – ЭТНАЦЫД

28 красавіка, 2006 | Няма каментараў

Алесь Астроўскі, Барыс Керзач

Мы ўжо зьвярталі ўвагу (https://nashaziamlia.org/2006/04/04/14/), што прадстаўнікі так званай «аб’яднанай апазіцыі», распавядаючы пра сітуацыю ў Беларусі, ніколі не называюць сярод праблем, створаных беларускаму народу сучасным праімперскім беларусафобскім рэжымам, – ЭТНАЦЫД. Мы ж лічым, што гэта ня проста адна з праблем, штучна навязаных нам. Гэта галоўная праблема беларускага народу, якая заўсёды павінна называцца на першым месцы!

Патлумачым, ЭТНАЦЫД беларусаў – сьвядомае штучнае вынішчэньне беларускай мовы, культуры, гістарычнай памяці й сьвядомасьці нашага народу, нацыянальных сімвалаў, традыцыйнага сьветагляду, жыцьцёвага ўкладу і г.д. – усяго таго, што яднае асобных беларусаў у адзіны жыцьцяздольны, моцны, самастойны арганізм – беларускі народ.
ЭТНАЦЫД ёсьць галоўным інструмэнтам імперскай палітыкі, якую праводзіць у нас рукамі сучаснага рэжыму, апанаваўшага Беларусь, страшэзны паразітычны монстар – расейская імперская бюракратыя. ЭТНАЦЫД – гэта частка яго сучаснай агрэсіўнай захопніцкай тэхналогіі, гэта – форма вядзеньня сучаснай інфармацыйна-прапагандысцкай вайны. Мэты і наступствы апошняй тыя ж, што і вайны класічнай, крывавай. Ва ўмовах гэтай вайны адбываецца ня толькі псіхалагічная дэзарыентацыя-дэзарганізацыя грамадства, а і фізічная гібель народа… Дастаткова сказаць, што толькі па афіцыйных зьвестках беларусы з-за гэтай вайны выміраюць у колькасьці больш за 40.000 чалавек у год! Загінуць ці памерці – формы розныя, сутнасьць адна.
Калі этнацыд дасягае значных «посьпехаў» ва ўзьдзеяньні на грамадскую масу (а ў Беларусі «посьпехі» гэтага сатанісцкага ўзьдзеяньня відавочныя), немагчыма казаць ні пра дзяржаўны СУВЕРЭНІТЭТ, ні пра ДЭМАКРАТЫЮ…Таму ў далейшым рэдакцыя будзе лічыць гіерархію сучасных унутрыбеларускіх праблем, дзе ЭТНАЦЫД займае першае месца, а таксама яго неад’емную адмоўную зьвязанасьць з дасягненьнем вышэйшых агульнанацыянальных каштоўнасьцяў – СУВЕРЭНІТЭТАМ і ДЭМАКРАТЫЯЙ, адным са сваіх ідэалагічна-дактрынальных пранцыпаў (Д пр-п 3).

Калі этнацыд мае такое грамадска-палітычнае значэньне, як яго можна нават не ўзгадваць?!
Аналізуючы прычыны настолькі дзіўных паводзін «аб’яднанай апазіцыі», мы ў рэдакцыі разгледзелі дзьве магчымасьці:
1 – у склад лідараў «аб’яднанай апазіцыі» ўваходзяць людзі, абсалютна далёкія ад карэнных інтарэсаў беларускага народу (калі гэта так, чаму так сталася?);
2 – тыя, ад каго залежаць «аб’яднаныя апазіцыянеры» (назавем іх абстрактна – Захад), не раяць ім узгадваць этнацыд як сучасную беларускую праблему (калі гэта так, чаму?).

Спачатку мы прыйшлі да высновы, што ў нас дастаткова фактаў, заснаваных на ўласным досьведзе, каб пацьвердзіць першую гіпотэзу. Аднак, заставалася пэўная нестыкоўка – некаторых асоб у сучаснай «аб’яднанай апазіцыі» мы ведаем як дастаткова прыстойных людзей. Чаму і яны ў асноўным маўчаць?
Таму мы вырашылі праверыць і другую гіпотэзу – пачалі сачыць за тым, як ацэньваюць прадстаўнікі Захаду тое, што робіцца ў Беларусі.

Вось некаторыя знаходкі:

1) “Аляксей Дзікавіцкі, Варшава. Паведамленьне на сайце www.svaboda.org за 9 верасьня 2005 г. пад загалоўкам «Эўракамісія ігнаруе беларускую мову».
Ужо ў лістападзе Эўрапейская камісія мае намер абвясьціць пераможцу тэндэру, які атрымае 2 мільёны эўра на падрыхтоўку і перадачу радыёпраграмаў для Беларусі цягам двух гадоў. Між тым віцэсьпікер Эўрапейскага парлямэнту Януш Анышкевіч рэзка скрытыкаваў умовы тэндэру. Паводле плянаў Эўрапейскай камісіі, новыя прагарамы для Беларусі, у дадатак да кароткіх перадачаў «Нямецкай хвалі» павінны з’явіцца ўжо 1 студзеня наступнага году. Але выглядае на тое, што як і ў выпадку зь нямецкай радыёстанцыяй, пераможцы тэндэру могуць спадзявацца на хвалю пратэстаў ад саміх беларусаў, бо іхныя перадачы, хутчэй за ўсё, будуць расейскамоўнымі. Паводле словаў Анышкевіча, чыноўнікі ў Брусэлі ўвогуле не разумеюць, якую ролю адыгрывае беларуская мова, якая ў сучаснай Беларусі, акрамя іншага, ёсьць носьбітам грамадзянскай сьвядомасьці”.

2) “Юры Дракахруст, Прага. Паведамленьне на сайце www.svaboda.org за 14 верасьня 2005 г. «Падрабязнасьці моўнай дыскусіі ў Эўрапарлямэнце».
Падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце 14 верасьня шэраг заходнеэўрапейскіх дэпутатаў выказвалі меркаваньне, што больш чым 60% грамадзянаў Беларусі лічаць сябе этнічнымі расейцамі…
Даведка: Падчас перапісу 1999 году каля 82% насельніцтва назвалі сябе беларусамі, а расейцамі – 11%. Пры гэтым 74% грамадзянаў, у тым ліку 86% беларусаў, назвалі сваёй роднай мовай беларускую”.

3) “Алена Струвэ, Менск. Паведамленьне на сайце www.svaboda.org за 14 лістапада 2005 г. «Эўразьвяз і ЗША маюць намер сынхранізаваць дзеяньні ў беларускім пытаньні».
У нядзелю парлямэнтары НАТО ў цэлым ухвалілі праект рэзалюцыі, прадстаўлены нямецкім дэпутатам Маркусам Мэкелем і ягоным нідэрляндзкім калегам Бэртам Коендэрсам.
Паводле назіральнікаў, у дакумэнце парлямэнтары НАТО, па сутнасьці, выказваюць да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне расьсьледаваньня палітычных зьнікненьняў у Беларусі. У праекце НАТОўскай рэзалюцыі ёсьць і свае спэцыфічныя пункты. Напрыклад, гэта патрабаваньне да Менску адносна спыненьня росту міліцэйскіх фармаваньняў у краіне альбо спыненьня мілітарызацыі ва ўнутранай палітыцы”.

4) 31 сакавіка 2006 г. адзін з нас выкарыстаў магчымасьць, прадастаўленую радыё «Свабода», і зьвярнуўся да сп-ра Дэніела Фрыда – супрацоўніка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША з наступным пытаньнем:
«Паважаны, сп-р, Фрыд.
Калі краіны Захаду ацэньваюць стан грамадства ў Беларусі, называюцца самыя розныя негатыўныя зьявы, зробленыя рэжымам Лукашэнкі па ўказцы з Масквы. Але, чамусьці ніколі не называецца галоўнае – ЭТНАЦЫД – вынішчэньне мовы, культуры, гістарычнай памяці беларусаў, нашых нацыянальных сімвалаў, сьветагляду і г.д. А між тым, без усёй гэтай сістэмы каштоўнасьцяў немагчыма аб’яднаньне і самаарганізацыя нашага грамадства, а значыць і перамога ў барацьбе за ДЭМАКРАТЫЮ. Пытаньне: замоўчваньне такога злачынства, як этнацыд, гэта што, неразуменьне рэальнай сітуацыі ў Беларусі, ці гэта такая палітычная тактыка заходніх краін?!
З усёй павагай, прафесар Алесь Астроўскі. Гародня».
Як да гэтай пары мы атрымалі толькі такі адказ:
«Thank you for your question to the U.S. Department of State web site. Your question has been received and we are working on an answer for you».

5) 8 красавіка 2006 г. адзін з нас выкарыстаў тыя ж магчымасьці й зьвярнуўся з аналагічным пытаньнем да Прэзідэнта Рады БНР Івонцы Сурвілы:
“Паважаная сп-ня Івонка!
Галоўным этапам у падрыхтоўцы Беларусі да анэксіі расейскай імперыяй зьяўляецца этнацыд – вынішчэньне культуры, гістарычнай памяці, нацыянальна-гістарычных сімвалаў, сьветагляду беларускага народу, а, найперш, нашай мовы. Зараз у Беларусі практычна немагчыма атрымаць адукацыю (асабліва вышэйшую) на беларускай мове, усе тэлеканалы «гавораць» толькі па-руску, 90% шыльдаў на тэрыторыі Беларусі па-руску, усё начальства выступае толькі па-руску і г.д., і т.п. Этнацыд праводзіцца ня толькі расейскімі імперцамі-акупантамі, якія прыехалі з Масквы, а і рукамі тупых падонкаў-здраднікаў з мясцовых. Вядома, за этапам этнацыду, які ў самай апошняй гісторыі працягваецца вось ужо 12 гадоў, у тэхналогіі анэксіі пойдзе этап намаўленьня. Маўляў, беларусы і рускія – гэта адзіны народ, і што мы толькі па недарэчнасьці жывем у двух краінах. Між іншым, прыкладна так ужо пасьпелі выказацца і А.Лукашэнка («Беларусы – тыя ж рускія»), В.Пуцін («адна нацыя»), міністр абароны РФ С.Іваноў («адзін народ») і вядомая пісьменьніца С.Алексіевіч («маюць аднолькавую ментальнасьць»)… За гэтым этапам пойдзе «аб’яднаўчы рэферэндум»… І ўсё – анэксія завершана! Частка Еўропы разам з нашым народам беларусаў-ліцьвінаў зноў апынецца ў складзе самай крыважэрнай імперыі за ўсю гісторыю людскай цывілізацыі, а эскадрыліі самалётаў з ядзернымі ракетамі і танкавыя дывізіі імперыі, скіраваныя на Еўропу, апынуцца на 600 км бліжэй да Берліна, Парыжа, Лондана… Дык вось, сп-ня Івонка, Вы шмат сустракаліся з прадстаўнікамі кіраўніцтва заходніх дзяржаў, адкажыце, калі ласка, на першае пытаньне: Чаму ў пераліку галоўных праблем, якія адмыслова стварае прамаскоўскі рэжым у Беларусі, ніякімі заходнімі структурамі (ні ААН, ні АБСЕ, ні ЕС, ніякія грамадскія праваабарончыя арганізацыі – ніхто) ніколі не ўзгадваецца ГАЛОЎНАЯ СУЧАСНАЯ БЕЛАРУСКАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД?! Гавораць пра што заўгодна: пра абстрактныя правы абстрактнага чалавека, пра ўціск нейкіх меньшасьцяў, а пра самае галоўнае – ні гу-гу… Чым гэта патлумачыць? Няздатнасцю заходніх бюракратаў да разумення сапраўднай сітуацыі ў Беларусі; ці здэградаванасцю ўсёй заходняй бюракратычнай сістэмы, ад якой ня толькі дапамогі немагчыма чакаць, а якая нават страціла інстынкт самазахавання? Ці тут схаваныя нейкія больш істотныя інтарэсы, і таму адбываецца нейкая гульня?
Заранёў дзякую за адказ. Прафесар, Алесь Астроўскі. Гародня».

Адказ сп-ні Івонкі.
«Паважаны прафэсар, я думаю, што пасьля апошніх выбараў і падзеяў на плошчы Кастуся Каліноўскага міжнародная супольнасьць не прызнае ніякіх дамоваў Лукашэнкі з Масквой. Рада БНР дагледзіць, каб пра гэта памяталі нават тыя, у каго асабліва кароткая памяць. Але, на маю думку, нават нагадваць ня будзе патрэбы. Масква безумоўна ўсё зробіць, каб праглынуць Беларусь, шляхам як палітычнага, так і эканамічнага ціску на Лукашэнку. Да “саюзу”, аднак, на маю думку, ня дойдзе.
Этнацыд ня згадваецца таму, што ЗАХАД ПАНЯЦЬЦЯ ЗЛАЧЫНСТВА СУПРАЦЬ КУЛЬТУРЫ, МОВЫ І Г.Д. – НЯ ЛІЧЫЦЬ ПАРУШЭНЬНЕМ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА. У выпадку зь Беларусьсю, абарона сваёй культуры ўважаецца адказнасьцю самога беларускага народу, абыякавасьць якога і давяла да этнацыду. Мы, сябры Рады БНР, пад час спатканьняў з заходнімі палітыкамі і ў інтэрвію СМІ імкнёмся паказаць, што абыякавасьць гэтая НЕ ПРЫПАДКОВАЯ.
Што да заходніх палітыкаў, дык трэба прызнаць, што іх разуменьне ня толькі падзеяў у Беларусі, але і адносінаў Расеі да Беларусі, апошнім часам зрабіла вялікі крок наперад. Каб Вы ведалі, якое гэта вялікае для нас задавальненьне, і колькі сілаў было пакладзена, каб гэта адбылося. Паўстагодзьдзя нашыя заклікі былі “голасам у пустэчы”. Масква ўсё рабіла, каб так і засталося. Апошнім часам, упершыню ўвесь сьвет загаварыў пра Беларусь. А падчас апошніх падзеяў увесь сьвет БЫЎ у Беларусі. Так што абражаць сёньня нікога не зьбіраюся».

І толькі зрэдку чуваць галасы людзей, якія, гледзячы ў асноўным па кантэксьце іх выказваньняў, сапраўды разумеюць сітуацыю ў Беларусі. Тым больш такіх людзей трэба ведаць і падтрымліваць. Вось некаторыя зь іх (у дадатак да Януша Анышкевіча).

Падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце 14 верасьня 2005 г.эстонскі дэпутат, намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Эўрапарлямэнту Тоомас Гендрык Ілвэс заявіў, што менавіта нацыянальныя, а не расейская, мовы былі маторам дэмакратычных пераменаў ва Ўсходняй Эўропе. Ён зьвярнуўся да нацыянальнай сьвядомасьці малых заходнеэўрапейскіх нацыяў: “Уявіце сабе, што ў гэтым парлямэнце мы б сказалі: “Ну, усе славакі разумеюць чэскую, усе датчане разумеюць швэдзкую, усе партугальцы разумеюць гішпанскую, усе галяндцы разумеюць нямецкую?” Якой была б рэакцыя на такія заявы? Мы зразумела можам сказаць, што “Усе беларусы разумеюць расейскую,” але што гэта азначае для людзей, да якіх мы зьвяртаемся?”

На сэмінары (версень 2005 г.) па пытаньнях Беларусі ў Вільні, арганізаванага Парлямэнцкай асамблеяй НАТО і Літоўскім Соймам, спэцыяльны дакладчык ААН у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын сказаў, што “людзі бяз нацыянальнай ідэнтычнасьці ня здольныя абараніць дэмакратыю”. Паводле Адрыяна Сэвэрына, “Беларусь сутыкаецца ня толькі з праблемамі дэмакратыі, але з праблемамі ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці й нацыянальнай незалежнасьці.”
Дэпутатка Літоўскага Сойму Раса Юкнявічэне сказала на гэтым жа семінары: «Праблема палягае ня толькі ў тым, што Лукашэнка адняў у беларусаў права выбару, але ў тым, што заходні сьвет часткова заплюшчвае вочы і ня вельмі ўсьведамляе, што там адбываецца».

На думку літоўскага адмыслоўца ў беларускіх справах Лаўраса Бялініса вяшчаньне на Беларусь толькі па-расейску – вялікая памылка. “Нацыянальная мова Беларусі ня ёсьць забытая мова. Так, можна казаць, што Беларусь русіфікаваная, што значная частка насельніцтва гаворыць на расейскай мове, але радыёвяшчаньне на расейскай мове пэўным чынам сымбалізуе тое, што на Захадзе беларуская нацыя прыпісваецца да Расеі, да расейскага культурнага і моўнага ўплыву. Я мяркую, што гэта памылка… Так наўпрост сьпісаць беларускую мову, нібыта яе і не існуе, гэта тое самае, што сьпісаць душу нацыі… Тым самым замест таго, каб згуртаваць апазыцыю, Захад адштурхнуў яе ад сябе… Нельга выкрэсьліваць адну мову толькі таму, што камусьці падаецца, што гэта мёртвая мова. Яна ня мёртвая”.

Нямецкі хрысьціянскі сацыяліст, сябра Эўрапарлямэнту Бэрнт Посэльт у верасьні 2005 г. патрабаваў ад Эўракамісіі і Рады Эўразьвязу аказаць куды больш рашучую падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці. Паводле ягоных словаў, Беларусь ёсьць часткай агульнаэўрапейскай супольнасьці і любыя спробы зрабіць зь яе савецкае грамадзтва ў той ці іншай форме недапушчальныя. У сваёй заяве спадар Посэльт крытыкуе нямецкае радыё “Deutsche Welle” за вяшчаньне для Беларусі “на мове яе колішніх каланізатараў”. (Посэльт: ) “ Беларускі народ, які гістарычна доўгі час знаходзіўся пад прыгнётам самых розных акупантаў, стаіць перад чарговай пагрозай аднаўленьня Савецкага Саюзу ў той ці іншай форме. Аб’ектыўна такія спробы ня маюць ніякіх шанцаў на посьпех. Аднак падобныя, гэтак званыя, гульні розуму існуюць на ўсходзе Эўропы. Таму ў інтарэсах ўсяго Эўразьвязу куды больш рашуча, чым дагэтуль падтрымаць свайго ўсходняга суседа, падтрымаць беларускі народ, беларускую грамадзянскую супольнасьць, свабоду прэсы ў гэтае краіне”. Адначасна эўрапейскі парлямэнтар і дэпутат Бундэстагу Бэрнт Посэльт рэзка крытуе будучыя беларускія праграмы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на мове былой “каляніяльнай улады” Паводле спадара Посэльта, “беларускі народ мае сваю непаўторную культуру, якая належыць да агульнаэўрапейскай, і гэты момант павінны улічваць эўрапейскія мэдыі”.

Падвядзем вынікі.

У цэлым, нябачаньне Захадам галоўнай беларускай праблемы – гэта факт. І ён істотна ўплывае на тое, што «аб’яднаная апазіцыя», імкнучыся падстроіцца пад яго, таксама не называе этнацыд сярод беларускіх праблем.
Але акрамя пытаньняў: што і як? – ёсьць яшчэ пытаньне: чаму так? Менавіта яго найбольш важна расшыфраваць, бо ў залежнасьці ад выяўленага зьместу будзе магчымым спрагназаваць адказ на іншае пытаньне: ці варта нам далей спадзявацца на Захад?
Ці здатны ён увогуле дапамагчы нам вырашыць нашы беларускія праблемы?

У сувязі з гэтым адзін з нас цяпер будзе пастаянна «аналізаваць Захад», спрабуючы асьвятліць апошнія з дадзеных пытаньняў…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы