nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НІ МАТЭРЫЯЛІЗМ, НІ ІДЭАЛІЗМ, НІ ДУАЛІЗМ

30 красавіка, 2006 | Каментары (1)

Алесь Астроўскі

Настае пара пачынаць фармуляваць ня толькі дактрынальныя прынцыпы (Д пр-пы) адносін рэдакцыі да нашай беларускай грамадска-палітычнай рэчаіснасьці, а і больш шырокія сьветаглядныя прынцыпы працы рэдакцыі (С пр-пы), зь якіх Д прынцыпы як раз і ўзьнікаюць.

Чым мы кіруемся, займаючы тую ці іншую пазіцыю ў адносінах да падзей, залежыць менавіта ад нашага самага шырокага (калі жадаеце, філасофскага) сьветагляду. З дадзенага артыкула пачынаем яго прэзентаваць.

Дзесяцігодзьдзі камуністычнага «выхаваньня», якое характарызавалася яшчэ ў тыя часы трапным выразам «кампасьціраваньне мазгоў», фармавалі ў беларусаў дэфармаваны сьветагляд – той, які быў карысны камуністычнай бюракратыі. Нельга сказаць, каб ён быў цалкам неадэкватным рэчаіснасьці. Усё не зусім так. Значная частка таго, што было запрэзэнтавана, напрыклад, у межах «дыялектычнага матэрыялізма» ці ў тэорыі К.Маркса (напрыклад, палажэньне аб «прыбавачным кошце», які прысвойваецца эксплуататарамі), захоўвае сваю несумніўную вартасць і зараз. Галоўным недахопам «матэрыялістычнага выхаваньня» было тое, што чалавек атрымліваў ДЭФАРМАВАНЫ сьветагляд. Прычым, асновай дэфармацыі было ня столькі тое, што ўсялякаму ідэалізму абвяшчалася вайна, а што ўвогуле нам прапанавалася цэласную здаровую рэчаіснасьць – дзе ў норме на  фоне  неіснуючага назіраецца гарманічная ўладкаванасьць матэрыяльнага (усё, што ў Сусьвеце пабудавана на аснове элементарных часьцінак), рэальнага нематэрыяльнага зьвязанага з матэрыяльнымі  носібітамі (энэргія, інфармацыя, розум, любоў і г.д.), рэальнага ідэальнага (нашы веды пра аб’ектыўную рэчаіснасьць і яе аб’ектыўныя заканамернасьці, нашы мэты, планы, якім у той ці іншай ступені суджана збыцца) і неіснуючага ідэальнага (нашы неадэкватныя “веды”, ўяўленьні, міфы і г.д.) – у нашым уяўленьні разарваць і атрыманыя часткі супрацьпаставіць. Спадзяюся, многія яшчэ памятаюць замбуючае пытаньне, сфармуляванае пад выглядам галоўнага пытаньня філасофіі: «А ну-ка, адкажы, што першасна – дух ці матэрыя, матэрыяльнае ці ідэальнае» (прычым, пад гэтым «першасным» на справе, кантэкстуальна мелася на ўвазе «ВАЖНЕЙШАЕ»…). Трэба было адказваць, што першасна, важней канешне жа матэрыя і матэрыяльнае. Хто лічыў наадварот, называўся ідэалістам і падвяргаўся анафеме.

Цяпер я думаю, што імкнучыся ўспрымаць Сьвет, нашу рэчаіснасьць і яе асобныя аб’екты максімальна адэкватна ім самім, ніколі нельга разрываць іх цэласнасьць, іх сістэмнае адзінства. Гэта і ёсьць, можа быць, самы галоўны сьветаглядна прынцып (С пр-п 1), зь якога варта пачынаць.

Для лепшага асэнсаваньня, давайце разгледзім схему, прадстаўленую на малюнку 1.
� � � ��дзел� 1.gif
На ім прадстаўлены «аб’ект», складзены нібы з двух «частак», якія пазначаны, як базавае (Б) і вышэйшай (В). Дадатковыя абазначэньні: l – узровень разьвіцьця сістэмы, t – час.
Вось некаторыя прыклады адной групы такіх «аб’ектаў», складзеных з «частак» Б і В:
– структура (Б) і функцыя (В);
– прадмет (Б) і яго ўласьцівасьць (В);
– цела (Б) і душа (В) чалавека;
– чалавек: жывёльнае (Б) і людскае (В) ў ім;
– мозг (Б) і псіхіка (В);
– ДНК (Б) і генетычная інфармацыя (В) ў ёй;
– Сьвет (Б) і кірунак яго разьвіцьця (В);
– людская цывілізацыя (Б) і яе будучы больш высокаўзроўневы стан (В);
– чалавек (Б) і сэнс, зьмест яго жыцьця (В);
– матэрыяльнае (Б) й ідэальнае (В);
– і г.д.

А вось прыклады другой групы такіх «аб’ектаў» й іх складовых «частак»:
– малекулы (В) і атамы (Б), зь якіх дадзеныя малекулы складаюцца;
– шматклеткавы арганізм (В) і клеткі (Б) ў яго складзе;
– біялагічны від (В) і індывіды, асобіны (Б), якія ў яго ўваходзяць;
– уся біямаса жывога рэчыва біясьферы (В) і складаючыя яе віды арганізмаў (Б);
– грамадства (В) і людзі ў ім (Б);
– правы і свабоды народа, грамадства (В), правы і свабоды чалавека (Б);
– чалавецтва (В), народы, грамадствы (Б);
– і т.п.

Дык вось, «часткі» Б і В зьяўляюцца непадзельна зьяднанымі паміж сабой у межах адпаведных «аб’ектаў» праз унутраныя сувязі, якія на малюнку 1 пазначаны лічбамі 1 і 2.

Каб раскрыць сэнс дадзеных сувязяў, варта разгледзець існаваньне «аб’екта» спачатку ў простай трохмернай прасторы, а затым ў прасторава-часовым кантынууме.

Унутраныя сувязі, прадстаўленыя без уліку часу.
Калі разглядаць «аб’ект» нібы на стоп-кадры, бачна, што значэньне базавага для вышэйшага заключаецца ў тым, што «В» ня можа існаваць бяз «Б» (напрыклад, функцыя без структуры; уласьцівасьць без прадмета – носьбіта ўласьцівасьці; псіхіка бяз мозгу; генетычная інфармацыя без ДНК; складаны арганізм бяз клетак, на базе якіх ён пабудаваны; грамадства бяз людзей і г.д.). Акрамя таго, узровень праяўленьня вышэйшага абмежаваны ўзроўнем разьвіцьця базавага (напрыклад, генетычная інфармацыя, якая прысутнічае ў клетках цела чалавека, абмяжоўвае набор рысаў характару, здольнасьцяў, валявых якасьцяў, узровень інтэлекту, сумленьня, здароўе і г.д.; генетычныя здольнасьці мурашоў, пчол і тэрмітаў вызначаюць узровень разьвіцьця іх грамадстваў, а здольнасьці людзей – іх грамадстваў). Такім чынам, бачна, што сувязь 1 (малюнак 1) пазначае аб’ектыўную залежнасьць вышэйшага ад базавага – існаваньне і ўзровень разьвіцьця В знаходзіцца ў залежнасьці ад існаваньня і ўзроўня разьвіцьця Б.

З іншага боку, бачна, што вышэйшае вызначае сэнс існаваньня базавага – В «апраўдвае» існаваньне Б. Акрамя таго, вышэйшае (калі яно ўжо ёсьць) кіруе базавым. Так, душа чалавека кіруе, дзе быць яго целу, што яму рабіць, якія позы прымаць, якую форму (вопратку) насіць, што казаць…; грамадствы, народы кіруюць тым, як павінны паводзіць сябе людзі, якія ў іх уваходзяць; і г.д. Кіраваньне вышэйшым базавага пазначана на сьхеме лічбай 2.

Унутраныя сувязі з улікам часу.
Калі на сьхему, прадстаўленую на малюнку 1, накласьці сетку часу (сімвалы t1,t2… tn малюнка 2), можна ўбачыць іншыя ўласьцівасьці сувязяў 1 і 2. Пры гэтым яны могуць мець рознае значэньне ў залежнасьці ад таго, разглядаем мы дадзеную сьхему з антагенетычных пазіцый (час індывідуальнага існаваньня і разьвіцьця “аб’екта”) ці з філагенетычных пазіцый (час гісторыі эвалюцыі “аб’екта”).
� � � ��дзел� 3.gif
Так, напрыклад, калі “аб’ектам” зьяўляецца чалавек з працягласьцю жыцьця прыкладна 60-100 гадоў, а t1, t2 і г.д. будуць пазначаць інтэрвалы часу, напрыклад, у 1-10 гадоў, тады дадзеная сьхема можа адлюстроўваць працэс індывідуальнага антагенэзу чалавека. Пры такім поглядзе стрэлка зь лічбай 1 малюнка 1 будзе па-сутнасьці адлюстроўваць кіраваньне індывідуальным разьвіцьцём (разгортваньнем) «аб’екта» за час яго жыцьця – Б кіруе В.
Калі ж t1, t2 і г.д. будуць пазначаць часовыя інтэрвалы, напрыклад, у 1000-1.000.000 гадоў, тады гэтая ж сьхема будзе сімвалізаваць працэс гістарычнага разьвіцьця (філагенэзу) чалавека. У гэтым выпадку вышэйшае вызначае зьмест тых пераўтварэньняў базавага, якія ў ім могуць адбывацца (стрэлка 2). Вышэйшае пачынае быць арыентырам, у адпаведнасьці зь якім адбываюцца ўнутраныя зьмены базавага – тыя зьмены, якія павінны адпавядаць вышэйшаму. Гэтая залежнасьць базавага ад вышэйшага па-сутнасьці адлюстроўвае кіраваньне гістарычным разьвіцьцём «аб’екта» з мэтай максімальна вычарпаць усе патэнцыйныя магчымасьці, якія толькі могуць быць закладзены ў арганізацыі яго базавай часткі. Напрыклад, шматклеткавыя арганізмы ў працэсе філагенэзу кіруюць тым, якімі павінны быць клеткі, зь якіх яны складзены; грамадствы, народы «рэарганізуюць» генетычныя рысы людзей, якія ў іх уваходзяць; законы існаваньня і разьвіцьця Сьвету кіруюць тым, якой павінна быць людская цывілізацыя і г.д.

У Сьвеце ёсьць толькі адзін «аб’ект», індывідуальнае і гістарычнае разьвіцьцё якога супадаюць – гэта сам Сьвет…

Пры такім падыходзе да рэчаіснасьці пытаньне пра тое, «што важней» (схаванае ў кантэксьце пытаньня пра «першаснае і другаснае»), зьяўляецца некарэктным. Так, напрыклад, калі ў час самага пачатку ўзьнікненьня Сьвету, як лічаць матэрыялісты, сапраўды, не існавала Бога – дык, ужо, па крайней меры, існавала ідэальная Мэта (!), у кірунку якой вось ужо 13,5 млрд. гадоў адбываецца прагрэсіўнае разьвіцьцё Сьвету, у якім цяпер мы маем гонар жыць. Яны – зародак Сьвету і скіраваная ў далёкую будучыню Мэта – узьніклі адразу адначасова і ўвесь час існуюць разам – непарыўна, непадзельна, без вызначэньня першаснасьці й другаснасьці, важнейшасьці й другараднасьці… Таму першае супрацьзаконнае, не адпаведнае рэчаіснасьці дзеяньне, на якое пападаюцца і матэрыялісты, й ідэалісты – гэта такое расшчапленьне, якое паказана па малюнку 3. А другое супрацьзаконнае (не адпаведнае рэчаіснасьці) дзеяньне – гэта ставіць перад сабой задачу вызначыць, што першасна: ідэальнае ці матэрыяльнае. Калі адразу пачынаць з другога пытаньня (ісьці за тымі, хто яго задаў), тады людзі самі не заўважаюць, як яны ўжо падзялілі Сьвет, чалавецтва, чалавека на дзеве часткі й цяпер нібы цалкам рацыянальна супрацьпастаўляюць іх паміж сабой. Потым адныя (ідэалісты) пачынаюць «адлятаць» ад рэчаіснасьці ўверх і ўлева (у мінулае), абсалютызуючы вышэйшае, а другія (матэрыялісты) – адхіляюцца ўправа і дэградуюць уніз, абсалютызуючы базавае (малюнак 3).
� � � ��дзел� 2.gif
На мой погляд, такога рабіць нельга, бо гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

Адзін прыклад.
Зыходзячы з накіраванасьці нашага сайта, у заключэньні лічу вартым разабраць сістэму, складзеную зь дзьвюх частак: нацыяналізм (як базавае) й інтэрнацыяналізм (як вышэйшае).

У норме інтэрнацыяналізм – гэта нішто іншае, як гарманічна ўладкаваная сістэма нацыяналізмаў (дарэчы, пад нацыяналізмам мы разумеем любоў да свайго народу і ўсёй сістэмы яго аб’ектыўных каштоўнасьцяў, а пад інтэрнацыяналізмам – па-сутнасьці, універсальным нацыяналізмам – здольнасьць у дадатак да гэтага любіць й іншыя народы, а нярэдка і ўсё чалавецтва). З гэтых пазіцый існаваньне сапраўднага інтэрнацыяналізму немагчыма без нацыяналізмаў, складаючых яго, а кожны нацыяналізм існуе пад кіраваньнем інтэрнацыяналізму і разьвіваецца ў яго кірунку. У межах дадзенай сістэмы кожны чалавек-інтэрнацыяналіст павінен быць канкрэтным нацыяналістам.

Калі ж чалавек заяўляе, што ён «інтэрнацыяналіст», але пры гэтым ня можа вызначыць сваю «базу» – назваць якім нацыяналістам ён зьяўляецца, ён не інтэрнацыяналіст. У лепшым выпадку такі чалавек з такім ідэалістычным адхіленьнем ад нормы ёсьць касмапалітам – чалавекам ніякім, нулявым, а ў горшым (і, дарэчы, часьцей за ўсё) – зьяўляецца сацыяльным паразітам, які проста прыкідваецца «інтэрнацыяналістам».

Калі чалавек наадварот заяўляе, што ён «нацыяналіст», але не прызнае іншых народаў, прынцыпаў інтэрнацыяналізму, ён не нацыяналіст, а матэрыялістычна вывіхнуты нацыялістычны эгаіст, шавініст, а то і нацыст, фашыст…

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Гэты сайт, як я яго зразумеў, ёсць спроба сістэмнага падыходу да галоўных праблем нашай краіны. Тут патрэбны спецыялісты па Агульнай Тэорыі Сістэм (АТС) – General Systems Theory і, магчыма, па Тэорыі Даследавання Аперацый (ТДА).
    АТС, разам з філасофіяй і матэматыкай, адносіцца да катэгорыі звышнавук (метанаука па-расійску.) За савецкім часам АТС была пад забаронай (была засакрэчаная), а некаторыя кампанэнты ТДА прапагандаваліся як “навуковая арганізацыя працы”. Саўкі, навогул, варожа ставяцца да цывілізацыі бо таталітарным рэжымам патрэбна быдло, а не людзі.
    Сістэмны падыход, нават калі і не дае рашэнні праблемы, з’яўляецца генератарам пытанняў. А правільна пастаўленае пытанне ўжо ёсць частковае рашэнне праблемы.
    Я станоўча стаўлюся да глабалізацыі, якую я разумею як распаўсюджванне “стандартаў цывілізацыі”. Зямля занадта маленькая для вялікай нянавісці.

    S. Sh.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы