Рэдакцыя.
Адзначана чарговае 1-травеньскае «сьвята» – сьвята «міру, працы, вясны і міжнароднай салідарнасьці працоўных». Зноў начальства (яно ж: бюракраты, чынушы, начальнікі, наменклатура) зганяла на плошчы для масоўкі каго магло – у асноўным, найбольш залежных студэнтаў і школьнікаў, каб пастаяўшы па-над людскім натоўпам і выставіўшы перад мікрафонамі прызначаных асоб, выслухаць заранёў падрыхтаваныя славаслоўі ў свой адрас…
Сэнс такога сьпектаклю зразумелы. Тыпу, мы – посткамуністычная ўладная бюракратыя – і ёсьць сапраўдныя і найлепшыя прадстаўнікі працоўных, і тыпу, мы і ёсьць самыя міжнародныя і салідарныя…
Ня тое ўсё гэта. Як мінімум, ня тое… На справе – ні сьвята, ні міжнароднай салідарнасьці. Затое навідавоку фальш, прымус і маніпуляцыя, якія вельмі нагадваюць камуністычныя часы…
Што ж такое «1 Траўня»? У чым яго сэнс (калі ён там увогуле ёсьць)?
Карацей, якое стаўленьне да 1 Траўня ў рэдакцыі «нашайзямлі.орг».
У адрозьненьне ад многіх, хто паддаецца на псеўдаліберальную прапаганду, маўляў «1 Траўня – гэта камуністычнае сьвята і таму ў будучай Беларусі яно павінна быць адменена», мы глядзім на дадзеную праблему ня так радыкальна. Ці мала хто чаго выкарыстоўваў у сваіх карысных інтарэсах. Нехта – натуральныя пачуцьці нацыянальнай роднасьці, блізкасьці, адзінства (як шавіністы самых розных парод), нехта выкарыстоўвае рэлігійныя пачуцьці (як царкоўная бюракратыя, залежная ад крамля), а нехта – ідэі справядлівасьці й салідарнасьці (як камуністы). Таму для нас зношаная камуністачная шыльда на добрай у сваім зародку ідэі – не аргумент, каб ад апошняй адмаўляцца. З бруднай вадой дзіця выліваюць толькі дурні.
Сёньня наш беларускі народ ЗНАХОДЗІЦЦА ВА ЎМОВАХ, ЯК МІНІМУМ, ДВАЙНОГА ЭКСПЛУАТАЦЫЙНАГА ПРЫГНЁТУ (нацыянальнага і сацыяльнага). Адзін зь яго кірункаў – гэта этнацыдны прэсінг, які адбываецца па нацыянальнай прыкмеце. Таму змагананьне за незалежнасьць і свабоду беларускага народу, за сапраўдную, зьмястоўную дэмакратыю (г.зн. такую палітычную сітуацыю, пры якой улады вымушаны рэалізоўваць аб’ектыўныя інтарэсы беларускага гармадства) ёсьць праблемай №1. Яна патрабуе і найбольш тэрміновага вырашэньня, і мае тую ўласьцівасьць, што безь яе вырашэньня ня могуць быць па-сапраўднаму вырашаны ніякія іншыя грамадска-палітычныя прабемы. (Дарэчы, мы ўжо выказвалі дадзеную пазіцыю ў выглядзе аднаго з дактрынальных прынцыпаў працы нашай рэдакцыі – Д пр-п 3).
Аднак, адразу ўсьлед за дадзенай праблемай ідзе другая – праблема сацыяльнай справядлівасьці! Вырашэньне яе паклікана пазбавіць наш беларускі народ ад яшчэ аднаго віду эксплуатацыйнага ціску – па сацыяльнай прыкмеце.
У сяброў рэдакцыі ёсьць дакладнае ўяўленьне пра тое, што ёсьць САЦЫЯЛЬНАЯ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ. Гэта такі кірунак уладкаваньня ўнутрыграмадскага жыцьця, пры якім рэалізуюцца дзьве наступныя ўмовы:
– каб кожнаму грамадзяніну былі прадастаўлены магчымасьці максімальна выразіць, раскрыць сябе ў стваральнай дзейнасьці, скіраванай на прагрэсіўнае разьвіцьцё грамадства (калі не ўдаецца забясьпечыць максімальныя магчымасьці для ўсіх, дык па крайней меры прынцыпова роўныя зыходныя магчымасьці для ўсіх);
– каб атрыманьне грамадзянінам розных дабротаў (матэрыяльных і маральных) адбывалася ў максімальнай прамапрапарцыйнасьці зь яго асабістым укладам у разьвіцьцё грамадства.
У сваёй працы мы будзем імкнуцца рабіць усё магчымае, каб прэзентаваць і адстойваць дадзены падыход як яшчэ адзін наш дактрынальны прынцып (Д пр-п 4).
Зыходзячы з апошняга, мы маем намер самым сур’ёзным чынам ставіцца да ўсіх тых падзей, дзе будуць закранацца пытаньні людскай працы, сацыяльнай справядлівасьці й салідарнасьці працоўных. А менавіта да такіх падзей і належыць дзень 1 Траўня.
Па-першае, мы не пагаджаемся з пераўтварэньнем сур’ёзнага пытаньня ў «сьвята». Такое пераўтварэньне – гэта спосаб спрафаніраваць сапраўднае вырашэньне вялікай праблемы праз тэхналёгію выпусканьня пары ў бок несур’ёзнасьці.
Мы таксама не пагаджаемся з тым, што «1 Траўня» павінна быць зьвязана толькі зь міжнароднай салідарнасьцю працоўных. Якая можа быць міжнародная салідарнасьць, калі ўлады не даюць зьяднацца нават розным групам працоўных у межах аднаго і таго ж грамадства, каб выказаць свае патрабаваньні ўласным уладам?
І, нарэшце, трэцяе. Мы ня згодныя з напаўненьнем паняцьця «працоўныя», якое засталося зь мінулых часоў. На заводзе рабочы – працоўны, у калгасе калгасьнік – працоўны. А настаўнік, лекар, інжэнер, гандляр, дырэктар, прадпрыймальнік, дзяржаўны служачы, праграміст, хатняя гаспадыня, якая гадуе малалетніх дзяцей і г.д. – яны што, не працоўныя? А навучэнцы, (у школах, тэхнікумах і ВНУ) яны, што, не працуюць?
Скажонае адзначэньне дня 1 Траўня – гэта ні што іншае, як PR-тэхналёгія былых камуністыных і сучасных посткамуністычных уладаў, скіраваная на тое, каб адцягнуць увагу людзей ад сапраўдных праблем усіх працоўных, сказіць сэнс праблемы, вынікаючай з эксплуатацыі аднымі людзьмі іншых людзей. Гэта спроба ня даць сфармуляваць дакладнае ўяўленьне пра тых, хто зьяўляецца эксплуататарамі, а хто эксплуатуемымі, не дазволіць апошнім арганізавацца…
А між тым, на сёньня ў Беларусі асноўнай эксплуататарска-паразітычнай сілай зьяўляецца посткамуністычная бюракратыя і набліжаныя да яе «бізнесоўцы», якіх кантралюе і арганізуе адміністрацыя Лукашэнкі. А тая, у сваю чаргу, рэалізуе ў нас інтарэсы крамлёўскага суперпаразітычнага монстра – расейскай імперскай бюракратыі. Вось каму патрэбна такое адзначэньне «сьвята 1 Траўня», якое мы назіраем зараз.
Актуальная на сёньня праблема кантрактаў ёсьць прыватная праява праблемы сацыяльнай справядлівасьці. Цяперашняя посткамуністычная бюракратыя проста вырашыла пераўтварыцца ў «капіталістаў-буржуа» па іншай, чым у Расеі, тэхналогіі (праз «кантрактызацыю ўсіх працоўных», а не праз «ваўчарызацыю») й зрабіла для гэтага першы крок. Дарэчы, на гэтым фоне цікава прааналізаваць: а хто будзе галоўным алігархам-кантрактадаўцам – новым феадалам…
У будучай Беларусі дзень 1 Траўня будзе адзначацца, як ДЗЕНЬ ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ. У гэты дзень усе начальнікі (ад дырэктараў вялікіх прадпрыемстваў, мясцовых дэпутатаў, старшыняў гар- і аблвыканкамаў, да дэпутатаў Вярхоўнай Рады Беларусі і прадстаўнікоў Ураду) будуць сядзець на галоўных плошчах вялікіх гарадоў (асабліва ў Менску) і слухаць выступы прадстаўнікоў працоўных калектываў, дзе людзі будуць расказваць ім пра тыя перашкоды ў падвышэньні выніковасьці працы (недахопы ў арганізацыі працы, у стварэньні аптымальных умоў для яе), якія начальства не забясьпечыла. Але галоўныя пытаньні, якія павінны будуць уздымаць людзі – гэта пытаньні САЦЫЯЛЬНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ. Усе тыя факты, а тым больш грамадскія зьявы-тэндэнцыі, дзе людзі будуць бачыць ці вычуваць несправядлівасьць (розныя заробкі за аднолькавую працу, аднолькавыя заробкі за розную працу, а тым больш значна большыя заробкі за значна меньшую працу са значна меньшай карысьцю для народа), у гэты дзень будуць шырока, публічна агалошвацца. Затым усё гэта начальства павінна будзе вывучыць і тэрмінова выправіць, каб, ня дай Бог, гэтыя факты не былі паўтораны на наступны ДЗЕНЬ ПРАЦЫ І САЦЫЯЛЬНАЙ СПРАВЯДЛІВАСЬЦІ.
Як бачыце, усё проста і вырашальна.
І пры будучай беларускай уладзе будзе зьдзейсьнена…