Пазбаўлены працы яшчэ два высокакваліфікаваных сумленных беларуса – Генадзь Сагановіч і Юрый Жыгімонт.
Рэдакцыя.
БТ зьняла з эфіру беларускамоўныя “Падарожжы дылетанта”
З сакавіку 2006 г. у эфіры Беларускага тэлебачаньня больш няма гістарычнага цыклю Юрыя Жыгамонта “Падарожжа дылетанта”. У кіраўніцтве БТ кажуць, што праграма выпрацавала свой патэнцыял, але вядучы праграмы не адкідае іншых прычынаў яе закрыцьця.
Беларускае тэлебачаньне не працягнула дамову з аўтарамі беларускамоўнай праграмы “Падарожжа дылетанта”. Апошняя праграма выйшла ў нядзелю 19 лютага, яна прысьвячалася Плешчаніцам. Вядучы Юры Жыгамонт канчаткова з тэлегледачамі не разьвітаўся, хаця пэўна ведаў, што праграма спыняецца. Мінулай нядзеляй замест “Падарожжа дылетанта” гледачы ўбачылі рэпартаж з турніру самба на прызы Аляксандра Лукашэнкі.
У прэсавай службе Беларускага тэлебачаньня гэтак патлумачылі спыненьне праграмы “Падарожжа дылетанта”: “З 2003 году выйшла болей за 150 праграмаў. За гэты час краязнаўчая тэматыка праграмы была фактычна вычарпаная. Падарожжы сталі абмяжоўвацца вузкім геаграфічным колам, што адбілася на іх арыгінальнасьці і якасьці”.
Між тым, вядучы праграмы Юры Жыгамонт мяркуе, што прэтэнзіі да праграмы маюць іншы характар: “Фактычна, гэта была адзіная беларускамоўная праграма на Беларускім тэлебачаньні на гэтую тэму. Я не шкадую, што выказаўся пра сапраўдныя прычыны закрыцьця праграмы. Прыйдзе час, і яна адновіцца”.
Паводле вядучага, некаторыя кіраўнікі БТ называлі непраўдзівымі крыніцы, зь якіх аўтары “Падарожжаў” бралі зьвесткі пра гісторыю Беларусі. Рэкамэндаваныя крыніцы для падрыхтоўкі праграмы падаюць Кастуся Каліноўскага зусім не нацыянальным героем Беларусі, а здраднікам, які імкнуўся прадаць радзіму палякам. Іншы погляд маюць некаторыя кіраўнікі БТ і на расейскага цара Івана Жахлівага, кажа Юры Жыгамонт: “Што ён нібыта выратаваў Беларусь ад “літоўскага іга””.
Цяпер на БТ запэўніваюць, што па часе на першым нацыянальным канале зьявіцца іншы праект з падобнай тэматыкай.
Паводле сайта: http://probelarus.ru/
Ад рэдакцыі. Цяпер сапраўды на БТ зьявіліся два рускамоўных прыдуркі, якія спрабуюць замяніць Юрыя Жыгімонта і яго «Падарожжы дылетанта». Выглядае гэта прымітыўна і ўбога. А што цяперашнім уладам, галоўнае каб працягваўся этнацыд і дэбілізацыя грамадства…
Генадзь Сагановіч: «Я ўжо здаўна быў пад прыцэлам адміністрацыі Лукашэнкі»
У канцы 2005 году быў вызвалены з пасады адзін з найбольш знакамітых беларускіх гісторыкаў. “Я крытычна пісаў пра Расею, а надта добра пра Рэч Паспалітую”– кажа Генадзь Сагановіч. Афіцыйная прычына вызваленьня вучонага зь Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – “парушэньне дысцыпліны працы”. “Гэта абсурдны прэтэкст. Фактычна, я ўжо здаўна быў пад прыцэлам адміністрацыі Лукашэнкі”, – распавядае Сагановіч…
Генадзь Сагановіч – адзін з самых вядомых беларускіх гісторыкаў, дасьледнік гісторыі Вялікага Княства Літоўскага зьвяртаў увагу на розьніцу паміж беларускай і расейскай культурамі. Ён пісаў, што Вялікае Княства Літоўскае, па сутнасьці, было беларускай дзяржавай, і змагаўся з папулярнымі ў Расеі думкамі, якімі карыстаецца таксама лукашэнкаўская прапаганда, што беларусы й расейцы гэта два братнія народы.
– Усе незалежныя гісторыкі ў Беларусі маюць цяпер праблемы – кажа Сагановіч. – У сувязі з адміністрацыйным прэсінгам, іх вызваляюць з пасадаў, а на іх месца працаўладкоўваюць выхаваных па-савецку памочнікаў. Улада абмяжоўвае навуковы абмен з замежжам. На ўсё трэба мець дазвол, нават на публікацыю артыкулу ў замежным часопісе.
Вялікае Княства Літоўскае, дзяржаву, у якой выразна пераважалі беларусы, а старабеларуская мова была афіцыйнай, рэжымная гістарыяграфія прызнае “акупацыйнай структурай”. Заахвоціў да гэтага сам Лукашэнка, які год пасьля выбару на пасаду прэзыдэнта давёў да зьмены дзяржаўных сымбаляў: “Пагоню” замяніў гербам Савецкай Беларусі. Лукашэнка загадаў таксама выключыць са школаў падручнікі, напісаныя ў другой палове 80-х гадоў у часы перабудовы. Вучні маглі даведацца зь іх, што ў 1654-1667 гадох Беларусь страціла звыш паловы сваіх грамадзянаў (больш чым у часы ІІ Сусьветнай вайны), а маскоўскія войскі бязьлітасна руйнавалі краіну пад акупацыяй, што з моманту, калі Беларусь напрыканцы XVІІІ стагодзьдзя апынулася пад расейскім прыгнётам, расейская ўлада пасьлядоўна зьнішчала ўсе праявы беларускай самастойнасьці: вуніяцкую царкву, беларускі друк, а самую мову старалася бязьлітасна русыфікаваць.
У лукашэнкаўскія падручнікі вярнулі запіс, што Расея заўсёды была саюзнай дзяржавай Беларусі. У выніку гэтага сярэднестатыстычны беларус сёньня ня ведае сапраўднай гісторыі свае краіны.
Паводле сайту: http://probelarus.ru