nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ БЕЛАРУСКАЙ IДЭІ (кБНІ)

май 6, 2006 | Няма каментараў

Прадстаўляем апошні артыкул з філасофскай часткі матэрыялаў канферэнцыі «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.). Яго аўтар – Зьміцер Абразцоў – у 1990-я быў інжынерам-металургам завода «Зеніт» у горадзе Вілейка (Менская вобл.).
Рэдакцыя.

БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ

Беларуская нацыянальная iдэя ў сучасным гiстарычным перыядзе грунтуецца як на адметнасьцi гiстарычнага вопыту жыцьця – нацыянальнай культуры беларускага народу, так i на сьветапоглядных, рэлiгiйна-фiласофскiх уяўленьнях, агульных для ўсяго чалавецтва заканамернасьцях i працэсах, што адбываюцца ў сьвеце.

Сьветапоглядная (рэлігійна-філасофская) канцэпцыя
Асноўным крытэрыем сьветапоглядных уяўленьняў застаецца вызначэньне i суадносiны мэты i сродкаў жыцьця чалавека.
Мэтай жыцьця чалавека можна акрэсьлiць функцыянальную абумоўленасьць ягонага зьяўленьня i iснаваньня ў Бясконцасьцi часу i прасторы Сусьвету і прызначэньне на Зямлі, якое адсюль вынікае. Такой абумоўленасьцю, так бы мовiць, энэргетычнай функцыяй, ёсьць духоўная гармонiя з Сусьветам дзеля любовi да Бога і ўсяго iснага як Ягонага тварэньня.
Сродкамi ж жыцьця зьяўляецца ўсё тое, што забясьпечвае чалавеку ўмовы рэалiзацыi iм свайго прызначэньня на Зямлі. Сродкі жыцьця можна кваліфікаваць трыма праблемнымі групамі: асабістай, грамадскай і агульначалавечай. Забеспячэньне сродкаў жыцьця адбываецца шляхам выкарыстаньня духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялагічнага патэнцыялу чалавека праз наступныя групы дзейнасьці:
– працяг жыцьця (дзетароднасьць);
– супольная самаарганiзацыя;
– забесьпячэньне ўласных i супольных жыцьцёвых функцый.
З нараджэньнем, дзеля рэалiзацыi свайго прызначэньня, чалавек набывае як права на жыцьцё, так i права на самастойнасьць прыняцьця рашэньняў і адказнасьць за сваю дзейнасьць у працэсе жыцьцезабесьпячэньня, гэта значыць права быць свабодным. Быць свабодным азначае быць адказным за свае думкi, рашэньнi, учынкi, плацячы сваiм дабрабытам, сваiм жыцьцём, валодаючы вынiкамi сваёй дзейнасьцi, працы. Але вытрымаць такую адказнасьць ва ўмовах усьведамленьня чалавекам часовасьці свайго зямнога існаваньня (а такое ўсьведамленьне прыходзіць да яго з 4-5 гадоў) душа чалавека, ягоная псiхiка ня здольныя. Такая здольнасьць набываецца праз адкрыцьцё чалавекам Бога, усьведамленьне Бясконцасьці Жыцьця. Гэтае ўсьведамленьне на працягу жыцьця чалавека забясьпечваецца наяўнасьцю дастатковага духоўнага апiрышча, якое ўзьнiкае пры дасягненьнi гармонii з Сусьветам i яго Творцам.
Духоўнае апірышча рэалізуецца праз такія інстытуты грамадзкай дзейнасьці, якія адкрываюць для чалавека Бясконцасьць жыцьця ў часе і прасторы. Гэта рэлігійнасьць, гістарычная памяць, нацыянальная самасьвядомасьць – як форма псыхалягічнай адказнасьці індывіда за нацыю, нацыянальная культура – як вопыт жыцьця народа, мова.
Вышэйсказанае азначае, што рэалiзацыя чалавекам свайго прызначэньня закладзеная і ў аснове выкарыстаньня сродкаў жыцьця дзеля дасягненьня мэты жыцьця. Iншымi словамi, прызначэньне чалавека ёсьць як мэтай жыцьця, так i ўмовай пасьпяховага выкарыстаньня ім сродкаў жыцьця, узорна кажучы, альфай i амегай жыцьця.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што ў найбольшай ступенi чалавек рэалiзуе сваё прызначэньне, будучы свабодным, гэта значыць маючы дастатковае духоўнае апiрышча, каб быць адказным за сваё жыцьцё, сваiх родных, краiну, у якой чалавек жыве.

Супольная самаарганізацыя
Найбольшая ступень духоўнага апiрышча, а значыць i свабоды, рэалiзуецца пры супольнай самаарганiзацыi грамадзтва. Бо менавiта ў такiх варунках працэс назапашваньня духоўнага патэнцыялу адбываецца ня толькi на працягу жыцьця аднаго чалавека, але i перадаецца праз пакаленьнi. Прычым сумарны, калi так можна казаць, духоўны i iнтэлектуальны патэнцыял супольнасьцi значна большы, чым простая сума патэнцыялаў асобных людзей.
Неабходнасьць назапашваньня духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу дзеля рэалiзацыi чалавекам свайго прызначэньня i эфектыўнага карыстаньня сродкамi жыцьця прывяла да ўзьнiкненьня такога соцыюму, як народ. I калi даваць вызначэньне паняцьцю “народ”, то можна сказаць, што гэта соцыюм, якi ў бясконцасьцi гiстарычнага часу назапашвае вопыт жыцьця людзей – культуру – i стварае ўмовы для ўзбагачэньня супольнага духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу дзеля рэалiзацыi чалавекам свайго прызначэньня на Зямлi. Народ успрымаецца як цэлае ў мiнулым, цяперашнiм i будучым часе. Ён набывае якасьцi сiстэмы iснаваньня чалавека i падсiстэмы – адносна ягонай функцыянальнай абумоўленасьцi ў Сусьвеце. Пра гiсторыю народа можна казаць як пра бiяграфiю чалавека.
Назапашваньне духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу народа фармуе ягоную культуру i надае яму новы якасны стан. Так ствараюцца ўмовы для ўзьнiкненьня этнасу як кроўна-гiстарычна-культурнага соцыюму.
Далейшае назапашваньне, захаваньне i перадача культуры як носьбiта духоўнага i iнтэлектуальнага патэнцыялу народа падвышае псыхалягiчную здольнасьць людзей быць свабоднымi на яшчэ большы ўзровень. Гэта азначае, што духоўнае багацьце робiць людзей здольнымi браць на сябе адказнасьць ня толькi за сябе i сваiх блiзкiх, за зямлю, на якой iснуе супольнасьць, але i за краiну, якую яна ўтварае.
Такi якасны стан народа характарызуецца наяўнасьцю ў грамадзкай супольнасьцi, разам з гiстарычнай памяцьцю i нацыянальнай самасьвядомасьцю, такой каштоўнасьцi, як права, выкарыстаньнем якой, i пры наяўнасьцi вышэйпамянёных каштоўнасьцяў, рэалiзуецца свабода. Здольнасьць жа супольнасьцi людзей да самаарганiзацыi выходзiць на ўзровень нацыi як гiстарычна-культурна-прававога соцыюму. Такi якасны ўзровень народа дае магчымасьць соцыюму самаарганiзавацца i, што яшчэ больш важна, захавацца ў незалежнай дзяржаве як умове самастойнага вызначэньня свайго супольнага лёсу.
Суадносiны чалавека i нацыi (або дзяржавы як формы самаарганiзацыi грамадзтва) вызначаюцца ў той ступенi, у якой чалавек ня можа рэалiзаваць мэту жыцьця як сваё прызначэньне ў Сусьвеце без супольнай самаарганiзацыi i ў якой самаарганiзаваная супольнасьць ня мае сэнсу без умоў i магчымасьцi рэалiзацыi чалавекам свайго прызначэньня.

Дзяржава як форма самаарганізацыі грамадзкай супольнасьці
Жыцьцезабесьпячэньне чалавека, грамадзкай супольнасьцi, дзяржавы як формы самаарганiзацыi апошняй вызначаецца духоўным i iнтэлектуальным патэнцыялам грамадзтва. Максiмальна духоўны i iнтэлектуальны патэнцыял як супольны, так i кожнага чалавека паасобку выкарыстоўваецца пры наяўнасьцi ў самаарганiзаванай сiстэме зваротнай сувязi. Таму адным з галоўных прынцыпаў дзяржавы як сiстэмы самаарганiзацыi грамадзтва зьяўляецца зваротная сувязь у форме дэмакратыi.
Рэалiзацыя дэмакратыi ў дзяржаве забясьпечваецца наяўнасьцю ў функцыянальнай структуры дзяржавы трох раўнапраўных суб’ектаў унутранага дзяржаўнага права:
– грамадзяне (магчыма, асобы без грамадзянства – абывацелі);
– грамадзянская супольнасьць;
– структуры дзяржаўнага рэгуляваньня.
Асноўныя крытэры дэмакратыi як зваротнай сувязi ў дзяржаве, ўласьцiвыя кожнаму з вышэйпамянёных суб’ектаў дзяржаўнага права, можна акрэсьлiць наступным чынам:
– для грамадзян – рэалiзацыя i абарона інтарэсаў і правоў чалавека;
– для грамадзянскай супольнасьці – канкурэнтная рынкавая эканомiка i дзейнасьць грамадзкiх i палiтычных арганiзацый;

– для структур дзяржаўнага рэгуляваньня – фармаваньне структур дзяржаўнага рэгуляваньня i мясцовага самарэгуляваньня праз свабодныя выбары.
У аснове дачыненьняў суб’ектаў дзяржаўнага права ёсьць сацыяльнае пагадненьне памiж рознымi сацыяльнымi групамi. Сутнасьць сацыяльнае дамоўленасьцi палягае ў дачыненьнi да валоданьня валавым нацыянальным прадуктам (ВНП) як вынiкам супольнай працы i рабочай сiлай.
Або працаўнiкi валодаюць працоўнай сiлай, квалiфiкацыяй, кампетэнцыяй i маюць магчымасьць прадаваць iх праз прафсаюзы цi па кантракце, а прадпрымальнiкi валодаюць натуральнымi вынiкамi працы. Або ўсе працаўнiкi маюць магчымасьць i валодаюць сваёй доляй ВНП, а прадпрымальнiкi маюць магчымасьць выкарыстоўваць капiталiзаваную частку ВНП праз фiнансава-банкаўскую сiстэму.
Сацыяльная падтрымка забясьпечваецца толькi непрацаздольным i беспрацоўным (магчымыя дзiцячыя, маладзёвыя, жаночыя, сямейныя, пенсiйныя сацыяльныя праграмы). Працоўныя людзi жывуць коштам свайго даходу як спажывецкай часткi ВНП.
Адсутнасьць у дзяржаве зваротнай сувязi вядзе да ўсталяваньня таталiтарнага рэжыму. У такiх варунках грамадзянская супольнасьць як суб’ект дзяржаўнага права адсутнiчае. Або структуры грамадзянскай супольнасьцi належаць структурам дзяржаўнага рэгуляваньня. Самi ж структуры дзяржаўнага рэгуляваньня атаесамляюць сябе зь дзяржаваю. Галоўнай каштоўнасьцю таталiтарнага рэжыму, а фактычна чыноўнiкаў, якiя атаесамляюць сябе зь дзяржаваю, зьяўляюцца не свабода i правы чалавека, а чалавек як дармавая рабочая сiла. Мэтай жыцьця дэкляруюцца сродкі жыцьця. Духоўны, а ў рэшце i iнтэлектуальны патэнцыял грамадзтва вынiшчаюцца як наступства агульнай дэградацыi грамадзтва. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да абвастрэньня праблемных групаў жыцьцезабесьпячэньня. У такiм разе надыходзiць сацыяльны, а магчыма, i ўзброены (унутраны цi вонкавы) канфлiкт, у якiм вастрыня праблемных групаў зьнiжаецца да ўзроўню духоўнага патэнцыялу грамадзтва.
Таму, разумеючы ўсю неабходнасьць пераўтварэньня таталiтарнага рэжыму ў незалежную, дэмакратычную, прававую дзяржаву як умову рэалiзацыi i абароны нашых iнтарэсаў i правоў, жыцьцяздольнасьцi грамадзтва, забесьпячэньня будучынi нашых нашчадкаў, духоўнага разьвiцьця грамадзян i паляпшэньня iхняга дабрабыту, мы можам акрэсьліць (дэкларуем) наступныя прынцыпы беларускай нацыянальнай iдэi: свабода, права, Беларусь.

1. Свабода.
Свабода ёсьць:
– духоўнае апiрышча як умова наяўнасьцi волi да свабоды;
– самастойнасьць прыняцьця рашэньняў і адказнасьць за іх рэалізацыю;
– самастойнасьць выбару дзейнасьцi;
– залежнасьць ад вынiкаў асабiстага выбару дзейнасьцi (працы) праз права валоданьня гэтымi вынiкамi;
– адказнасьць за вынiкi ўласнай дзейнасьцi, за сябе, за грамадзтва, у якiм жывем, за зямлю, на якой жывем.

2. Права.
Права ёсьць механiзм рэалiзацыi свабоды, паколькi свабода магчымая толькi пры наяўнасьцi правоў:
– правоў Чалавека;
– права на адказнасьць за свае рашэньні і вынiкi сваёй дзейнасьцi (працы);
– права ўласнасьцi на вынiкi сваёй дзейнасьцi (працы) у форме даходу як механiзм рэалiзацыi адказнасьцi за вынiкi дзейнасьцi сваiм дабрабытам.
Карыстаньне правамi патрабуе волi да свабоды i, як умовы наяўнасьцi такой волi, духоўнага апiрышча.
Карыстаньне правамi патрабуе дэмакратычнай, прававой, незалежнай дзяржавы як умовы функцыянаваньня дзяржаўнага прававога поля (механiзму рэалiзацыi правоў).

3. Беларусь.
Незалежная, прававая, дэмакратычная дзяржаўнасьць Беларусi ёсьць:
– незалежная паўнавартасная форма самаарганiзацыi грамадзтва;
– механiзм рэалiзацыi правоў грамадзян Беларусi i грамадзкiх арганiзацый як суб’ектаў дзяржаўнага права;
– залежнасьць грамадзтва ад вынiкаў сумеснай дзейнасьцi яго супольнікаў;
– адказнасьць за вынiкi супольнай дзейнасьцi дабрабытам грамадзтва;
– умова духоўнага адраджэньня грамадзтва праз супольную адказнасьць за зямлю, на якой нам выпаў лёс жыць.

Зьміцер Абразцоў, 7 траўня 1992 года.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы