Барыс Керзач
Спачатку прадстаўлю дакументальныя матэрыялы пра тое, як некаторыя прадстаўнікі нашай рэдакцыі яшчэ з 2000-га году ўгаворвалі лідараў «аб’яднанай апазіцыі» заняцца фармуляваньнем і абаснаваньнем ПРАГРАМНАГА ВОБРАЗУ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ, і пра тое, якія гэта дало вынікі. Для пачатку прапануем самастойна супаставіць прыведзеныя ніжэй факты.
З 2000-га году Алесь Астроўскі актыўна зьвяртаецца да ўсіх вядомых яму асоб (уключаючы А.Мілінкевіча), якіх ён лічыць беларускімі інтэлектуаламі, дасьведчанымі ў грамадска-палітычнай дзейнасьці й неабыякавымі да лёсу ўласнага народу, з прапановай арганізаваць серыю канферэнцый пад агульнай назвай «Пабудуем беларускую дзяржаву». На прапановы з боку ўсё таго ж Мілінкевіча зрабіць другое выданьне матэрыялаў канферэнцыі «Беларуская нацыянальная ідэя», ён упарта раіць зрабіць серыю канферэнцый, прысьвечаных фармаваньню Праграмнага вобразу будучай беларускай дзяржавы. Астроўскі тлумачыў гэта тым, што папярэдняя канферэнцыя разгледзела з самых розных ракурсаў (філасофскага, гістарычнага, кібернетычнага, паліталагічнага, эканамічнага, культуралагічнага, геапалітычнага, рэлігійнага, іншых) пытаньні: «Ці маюць права беларусы на ўласную дзяржаву? Ці быць беларускай дзяржаве?» – і ўжо адказала на іх абсалютна дакладна: «Так, маюць права! Беларускай дзяржаве быць!». Таму трэба ісьці далей і даць такі ж дакладны адказ на пытаньне: «ЯКОЙ ПАВІННА БЫЦЬ БУДУЧАЯ БЕЛАРУСЬ?». Пасьля ганебнай паразы «аб’яднанай апазіцыі» ў 2001 г., калі стала зразумелым, што ў апазіцыі няма выразнага бачаньня беларускай будучыні, гэтая прапанова набыла асаблівую актуальнасьць.
У 2002 г. А.Астроўскі з дапамогай А.Мілінкевіча выпускае кнігу пад назовам «Адэкватная сьхема нашай рэчаіснасьці». У ёй, як і у 2003 г. у часе выступу на зьездзе БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ ў якасьці кандыдата на пасаду старшыні, заяўляе: «Наша мэта – пабудова БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ! Дзяржавы максімальна эфектыўнай ва ўсіх сьферых (палітычнай, эканомічнай, культурнай, іншых) і нацыянальна адметнай (беларускай па форме і зьместу)… Для гэтага патрэбны ВЕДЫ, як такую дзяржаву пабудаваць… Паколькі, як аказалася, у «аб’яднанай апазіцыі» няма выразнага ПРАГРАМНАГА ВОБРАЗУ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ (?!), значыць, яго трэба стварыць»…
Кастрычнік 2004 г. А.Астроўскі ў сваім інтэрв’ю радыё «Свабода», прысьвечаным вынікам выбарчай кампаніі ў рэгіёнах Беларусі й высновам на персьпектыву, папярэджвае: «…пэрспэктыва заключаецца ў фармаваньні вобразу ня столькі апазыцыі, колькі альтэрнатывы як такой, альтэрнатывы, якая здольная забясьпечыць нашаму грамадзтву значна лепшае матэрыяльнае і культурнае жыцьцё. Трэба сфармаваць Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы. Пасьля гэтага трэба забясьпечыць гэты вобраз інфармацыйна, зрабіць арганізацыйныя высілкі, і на самым апошнім этапе павінен сфармавацца лідэр. Вядома, што насельніцтва пытаецца, хто можа замяніць Лукашэнку. Спрабаваць даваць на яго неадкладны адказ — гэта стратэгічная памылка» (чытайце: http://www.svaboda.org/articlesprograms/libertyexpertise/2004/10/a7ff6959-f925-47b8-80cf-d55b5833044a.html).
Лістапад 2005 г. Аляксандр Мілінкевіч атрымлівае артыкул Алеся Астроўскага «Наша галоўная праблема – этнацыд! Наша мэта – беларуская дзяржава!» (са зьместам гэтага артыкула можна азнаёміцца на нашым сайце, альбо на сайце probelarus.ru).
Сьнежань 2005 г. А.Мілінкевіч заяўляе, што ў яго «будзе тры варыянты сацыяльна-эканамічнай праграмы»…
Люты 2006 г. У апазіцыйных СМІ шырока абвяшчаецца пра тое, што «Палітычнай радай аб’яднаных дэмакратычных сіл зацьверджана перадвыбарчая праграма Аляксандра Мілінкевіча. Агульныя палажэньні праграмы ўлучаюць сем прыярытэтаў: сям’я і здароўе; павага да працы і дастойны заробак; справядлівы закон і адказная дзяржава; эканамічная свабода; адкрытая краіна – адкрыты свет; навука і прагрэс; нацыянальнае адраджэнне…»
Канец лютага 2006 г. А.Мілінкевіч робіць свае выступы на беларускім тэлебачаньні ў якасьці кандыдата ў прэзідэнты Беларусі – адзінага прадстаўніка «аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі». Усе бачаць – цэласнай, сістэмна зьвязанай праграмы няма!…
26 красавіка 2006 г. Аляксандар Класкоўскі – рэдактар аналітычнага бюлетэню БелаПАНу –падчас правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” выказвае сваё спадзяваньне: «… У паветры лунае зараз пытаньне – што могуць прапанаваць лідэры апазыцыі? Сёньня, наколькі я ведаю, Аляксандар Мілінкевіч павінны дэкляраваць асноўныя прынцыпы руху “За Свабоду”».
У час свайго выступу А.Мілінкевіч заклікаў людзей далучацца да грамадзкага руху “За свабоду”, а таксама… распачаць працэдуру імпічмэнта Аляксандра Лукашэнкі (?!).
Цяпер на сайце «адзінага» зьнікла інфармацыя нават пра тое, што раней называлася яго праграмай (аб’ём: 4 старонкі фармата А4, дзе нават няма ўзгадкі пра «беларускі народ»). Рэклямуецца толькі персанальны вобраз А.Мілінкевіча, як «адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазіцыі». Нядаўна ён жа заявіў, што зьбіраецца паехаць у турнэ па рэгіёнах, каб «параіцца зь людзьмі» на конт таго, што рабіць далей…(?!).
На «масавую акцыю» апазіцыі, прымеркаваную да дню 1 Траўня, прыйшло ўсяго каля 1 тысячы чалавек… А саміх лідараў «аб’яднанай апазіцыі» на гэты час прывялі й памясьцілі туды, куды паход А.Казуліна 25 сакавіка г.г. яны назвалі «правакацыяй» – на Акрэсьціна. Асаблівых пратэстаў ні «шырокіх народных мас», ні нават «актывістаў аб’яднанай апазіцыі» гэта не выклікала…
Зноў Б.К.
Канешне, можна было б пасьмяяцца над інтэлектуальна-маральнай бясплоднасьцю «аб’яднанай апазіцыі» і на гэтым паставіць кропку. Тым больш, што пра такі вынік іх стратэгіі з апорай на адпаведныя аўтарытэты яны, уключаючы самаго Мілінкевіча, былі папярэджаны.
Але пытаньне надзвычай сур’ёзнае. З гісторыі беларускага народу выкрэсьлілі чарговыя 5 (а можа і 10) гадоў магчымасьці прагрэсіўнага разьвіцьця. Пры тым, што 12 гадоў мы ўжо страцілі! Таму каналізаваць сур’ёзнае пытаньне ў несур’ёзнасьць нельга.
«Аб’яднаная апазіцыя» ў яе сёньняшнім выглядзе ня здольна сфармуляваць ПРАГРАМНЫ ВОБРАЗ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ. Пакуль мы не аналізуем – ня хоча, ня можа ці не разумее значэньня… Не да гэтага. Галоўнае: ня здольна! А між тым, без выразнага БАЧАНЬНЯ БЕЛАРУСКАЙ БУДУЧЫНІ любыя грамадскія праца, змаганьне, барацьба, супраціў і г.д. ня маюць канструктыўнага сэнсу. “Супраць Лукі”, “скінуць Луку” – гэта ня сэнс. Бо, калі толькі ў гэтым бачыць сэнс, тады апазіцыя становіцца лёгкай прыладай Масквы, якая замест Лукі №1 тут жа паставіць Луку №2 з дапамогай той жа апазіцыі… Змагацца варта найперш ЗА НЕШТА і гэтае НЕШТА павінна быць АДЗІНАЙ ВЫСОКАЙ і СЬВЕТЛАЙ МАРАЙ ДЛЯ ЎСІХ. Таму толькі тады, калі падзеі пачнуць адбывацца пад кіраўнічым уплывам ПРАГРАМНАГА ВОБРАЗУ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ, апазіцыйная дзейнасьць у нашых сёньняшніх беларускіх рэаліях будзе зьмястоўнай…
З гэтага вынікае прапанова, зь якой мы зноўку зьвяртаемся да нашых наведвальнікаў, чытачоў, прыхільнікаў.
Усе, хто можа, прысылайце нам свае матэрыялы, у якіх будзе адлюствана ваша бачаньне Будучай Беларускай Дзяржавы. Адзінай умовай іх прэзентацыі на нашым сайце зьяўляецца наступнае: Ваша бачаньне будучыні Беларусі павінна адлюстроўваць АБ’ЕКТЫЎНЫЯ ІНТАРЭСЫ БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ, узгодненыя з ПРАГРЭСІЎНЫМ КІРУНКАМ РАЗЬВІЦЬЦЯ АГУЛЬНАЛЮДСКАЙ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ – г.зн. падвышэньнем узроўню яе гуманістычнай уладкаванасьці.