Гэтым артыкулам Любові Уладыкоўскай-Канаплянік (на той час дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны, Менск) мы распачынаем прэзентацыю матэрыялаў раздзела “БАГАЦЦЕ РЭЛІГІЙНАЙ РАЗНАСТАЙНАСЦІ” міжнароднай канферэнцыі “БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ” (18-19 красавіка 1999 г., Гародня).
Рэдакцыя.
БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ Ў ХРЫСЦІЯНСКІМ КАНТЭКСЦЕ
За апошнія два дзесяцігоддзі навуковыя даследаванні нацыяналізму сталі ледзь не самым багатым паводле аб’ёму і інтэрпрэтацыі кірункам сацыяльных навук. Практычна ўсе галіны гуманітарных ведаў закранаюць гэтую праблематыку.
Пытанні, звязаныя з асаблівасцямі нацыянальнай ідэі беларусаў, з прычыны сацыяльнай актуалізацыі і недастатковай навуковай распрацаванасці закранаюцца сёння наўпрост ці апасродкавана ці не ў кожным навуковым, публіцыстычным артыкуле, манаграфіі, калі толькі размова ідзе пра самабытны культурна-гістарычны тып. Праўда, часам паняцці “беларуская нацыянальная ідэя”, “беларускі светапогляд”, “самасвядомасць беларусаў” узаемападмяняюцца, не размяжоўваюцца, але гэта здараецца тады, калі аўтар не мае за мэту іх дакладнае навуковае акрэсленне. Варта памятаць, што гэта можа быць звязана і з розначытаннямі, а таксама неадназначнасцю самога тэрміна “нацыя”, што робіць яго вельмі нязручным для навуковага аналізу.
Апрача “аб’ектыўнага” і “суб’ектыўнага” падыходу да праблемы нацыі, ужо больш за 200 гадоў вядомыя “французскае” і “нямецкае” ўяўленні аб нацыі, дзе першае – палітычны выбар, другое – “народны дух”, культура, агульнае паходжанне. У самых агульных рысах пад тэрмінам “нацыя” будзем разумець, па-першае, культурна-гістарычную цэласнасць, па-другое – ідэалагічна-палітычную, якая можа атаесамляцца з дзяржавай – юрыдычнай адзінкай міжнародных зносінаў.
Калі паняцце “нацыі”, “нацыяналізму”, “патрыятызму” яшчэ можна неяк класіфікаваць, то паняцце “нацыянальнай ідэі” – амаль немагчыма, тут няма ні крытэрыяў, ні эталону. Вызначэнню паддаюцца толькі пэўныя рысы, што павінны быць уласцівыя нацыянальнай ідэі. З-за немагчымасці дакладнай навуковай класіфікацыі і сістэматызацыі нацыянальных ідэй прапанаванае тут уяўленне аб нацыянальнай ідэі і будзе спробаю акрэслення “беларускай нацыянальнай ідэі”, бо, на маё разуменне, на спецыфіку нацыянальных працэсаў аказвае ўплыў не толькі беларуская ментальнасць, але і канструяванне адпаведнай схемы на падставе фактаў беларускай гісторыі і беларускіх рэалій сённяшняга дня.
Беларуская нацыянальная ідэя (БНІ) – сканцэнтраваная сістэма беларускіх нацыянальных ідэалаў і мэтаў, гэта той стрыжань, вакол якога развіваецца нацыя. Без нацыянальнай ідэі нацыі быць не можа, бо нацыя – гэта яе ідэя. Як пісаў Артэга-і-Гасэт аб “формуле Рэнана”, нацыя – гэта агульная слава ў мінулым і агульная воля ў сучасным.
У гэтым кантэксце нацыянальная ідэя выступае як магутны фактар уплыву на ўвесь лад нашага жыцця, а яе практычны жыццёвы сэнс выяўляецца ў эфектыўным і мэтазгодным механізме існавання беларускага грамадства. Будучы формай сацыяльнай свядомасці, нацыянальная ідэя наўрад ці можа быць глыбока канкрэтызавана, бо яна ёсць ідэяю шчасця (сацыялагізаванаю ідэяю шчасця на ўзроўні грамадства), камфорту, гармоніі, у прынцыпе – ідэяю раю на зямлі.
Канцэпцыя нацыянальнай ідэі не можа абысціся без такіх паняццяў, як пачуццё радзімы, роднай зямлі, роднай мовы, гісторыі, культуры і г.д. Але нацыянальная ідэя – гэта не толькі сума каштоўнасцяў. Яна павінна служыць духоўна-інтэгравальнай сілай, аб’ядноўваць, натхняць. Інакш кажучы, мець арганізацыйна-мабілізацыйную аснову. БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ не можа мець ні класавага, ні чыста палітычнага, ні чыста эканамічнага, ні чыста рэлігійнага характару. Бо гэта, аб’ядноўваючы асобныя групы, разрывае грамадства ў цэлым.
Дзе шукаць беларускую нацыянальную ідэю?
Ідэю трэба шукаць у актуальных і буйных праблемах, якія стаяць перад грамадствам, а таксама ў нацыянальнай культуры. Ідэя павінна вызначаць сэнс пройдзенага гістарычнага шляху, яна павінна выражаць філасофію жыцця і мець духоўна-маральны характар.
Але калі існуюць 2 асноўныя паняцці “нацыі”, то, натуральна, ёсць як мінімум калі не дзве БЕЛАРУСКІЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ ІДЭІ, то два яе бакі: дзяржаўна-палітычны, культурна-этнічны.
Што датычыць дзяржаўнай нацыянальнай ідэі, я скажу наступнае:
1. Безумоўна, у стабільных грамадствах дамінаванне прагматызму, дэідэалагізацыя натуральныя. Але для краіны ў сітуацыі сістэмнага крызісу патрэбная ідэалогія, асноўная функцыя якой – указваць палітыцы сістэму ідэалаў і каштоўнасцяў, да якіх тая павінна імкнуцца. Якія гэта могуць быць ідэалы?
“Дэмакратыя”, “рынкавая эканоміка”, “правы чалавека”, “свабода”, “дабрабыт” і г. д.
Але гэта – агульныя для прагрэсіўных краін заканамернасці, і таму яны не могуць быць беларускай нацыянальнай ідэяй.
2. Мэта дзяржавы – забеспячэнне свабоднага развіцця кожнага грамадзяніна. А мэта грамадзяніна залежыць ад яго асабістых перакананняў. Значыць, дзяржава не павінна навязваць ніякіх мэтаў ці ідэяў, а то чалавек губляе адчуванне свабоды і пачынае пратэставаць: кожны ж мае свой узровень развіцця. Дзяржава павінна забяспечыць свабодны выбар асабістай мэты і спрыяць яе дасягненню праз эканоміку, культуру, сацыяльную сферу.
Нацыянальная ідэя павінна быць над палітыкай, нават над дзяржавай. Бо тое, што ўнутры палітыкі, – падзяляе, а НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ павінна быць аб’яднальнай.
Хоць беларуская нацыянальная ідэя ёсць выяўленнем аб’ектыўнай тэндэнцыі развіцця грамадства на неакрэслены перыяд часу, пакуль не выявіць сябе іншая тэндэнцыя, яна, як нацыя, ёсць у нейкім сэнсе катэгорыя пазачасавая.
Тым не менш, хаця дзяржаўная ідэя, дзяржаўная ідэалогія не вычэрпвае нацыянальную ідэю, першая мусіць абавязкова абапірацца на другую ў плане культурна-этнічным.
Нацыянальная ідэя ў сваёй існасці падразумявае духоўнае, культурнае развіццё чалавека (нацыянальнага). Усялякая палітычная воля, дзяржаўны інтарэс выступаюць як другасныя, штучныя імператывы.
Дзяржава (і дзяржаўныя інтарэсы) станоўчую ролю ў духоўным развіцці чалавека выконваюць тады, калі аб’ядноўваюць народ адною культураю, адною рэлігіяй, аднымі традыцыямі, аднымі ідэаламі. Менавіта гэтыя ідэалы выражаюць народную душу, натхняюць яе на высокія творы, учынкі, сілкуюць любоў да Радзімы, патрыятызм.
Такім чынам, нацыянальная ідэя ёсць найперш місія духоўная, культурная, а беларуская нацыянальная ідэя – гэта спраўджванне і сцверджанне духу праз мараль, веру, але ў беларускіх традыцыях, беларускай светабудове, беларускай культуры.
Сёння агульная формула “беларускай нацыянальнай ідэі” наўрад ці можа быць глыбока канкрэтызаваная. БНІ тым не менш існуе. Сваю формулу БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ я б акрэсліла як ВЯРТАННЕ І НАБЫЦЦЁ СВАЙГО. Задачу нацыянальнай ідэі сёння я бачу ў неабходнасці ўзняцця яе над палітыкай так, каб яна стала праявай усіх палітычных партый і рухаў.
У чым сіла беларускай нацыянальнай ідэі?
У веры, што беларуская нацыя мае законы свайго ўласнага існавання і гэта патрабуе поўнага самавыяўлення і свабоды ад усялякага знешняга ціску.
Беларуская нацыянальная ідэя – маральная ў сваёй існасці, бо:
1) Нацыянальная ідэя ёсць прагрэсіўнаю, маральнаю для любой нацыі, якая з розных гістарычных прычын не мела мажлівасцяў для свайго поўнага самастойнага развіцця і для якой паняцце “Адраджэнне” мае значэнне выкарыстання такіх набытых мажлівасцяў. Маральна не губляць, не траціць марна гэтыя магчымасці, здольнасці, а выкарыстоўваць і развіваць іх. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта імкненне неадсячэння лепшых, творчых, здольных, рухомых прадстаўнікоў грамадства, гэта арыентацыя на лепшае, а не на ўраўнілаўку, бо носьбіт нацыянальнай ідэі – чалавек-актуалізатар, унутрана свабодны, абаронца і “роду”, і індывідуальнасці, які мае моцную волю і здольнасць да актыўнага супрацьстаяння злу; ён па-славянску рамантычны і адначасова рацыяналістычны, нават прагматычны. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта і ідэалізацыя этнічна-фальклорных традыцый, і вера ў іх значнасць, і філасофія калектыўнай самадапамогі для тых, хто падзяляе адзін гістарычны лёс, і імкненне сфармаваць з насельніцтва нацыю, якую прызнае ўвесь свет, і разуменне абавязку нацыі захоўваць сваю індывідуальнасць, развіваць яе. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта адначасна і жаданне ўзняць грамадска-культурны ўзровень сваёй нацыі, і правакаванне грамадскай актыўнасці. Нацыянальная ідэя знішчае супярэчнасць, улагоджвае канфлікт паміж справай (бізнесам, кар’ерай) і духам, яна, як працэс і як мэта, імкнецца да стварэння такога грамадства, у якім чалавек мае годнасць, мужнасць, мудрасць, пакору.
2) Ні ў чым так не адлюстроўваецца характар нацыі, як у яе маральным абліччы, усёй сістэме яе маральных каштоўнасцяў. Таму маральны аспект – іманентны для любой нацыянальнай ідэі. Адмаўляцца ад свайго, не змагацца за сябе – грэх амаральнасці і самазабойства. Нацыя не вынайдзена і не створана чалавекам, і не ў чалавечым праве яе знішчаць.
3) Беларуская нацыянальная ідэя актывізуе ўнутраныя сілы нацыі, звяртае ўвагу на самаразвіццё і самарэалізацыю без пасягнення на свабоду і самавызначэнне іншых нацый. БНІ, грунтуючыся на нацыянальным светаадчуванні, светабачанні, рэалізуе прыроду і творчы дух асобы і нацыі. БНІ ёсць стадыяй (спосабам) развіцця чалавека ў пэўнай, беларускай, прасторава-часавай сістэме каардынат.
4) Беларуская нацыянальная ідэя абуджае народную памяць, а без памяці няма маралі. Усялякае забыццё амаральнае. Дзякуючы памяці магчымы такі найважнейшы маральны акт, як пакаянне. Ці можа быць духоўным, маральным чалавек “без роду і племені”? Сумнеўна. Адсутнасць самасвядомасці арганічна спалучаецца з утылітарызмам, прагматызмам, спажывецкай псіхалогіяй, адсутнасцю разумення сувязі пакаленняў і, як правіла, сэнсу жыцця.
5) Беларуская нацыянальная ідэя скіраваная на стварэнне дастойных умоваў жыцця, калі будзе думацца не толькі пра самавыжыванне, але і пра творчасць. Яна і патрабуе ўнутранай свабоды асобы, і дае гэтую свабоду. А свабода – аснова асабістай маральнасці і мэта сацыяльнага жыцця.
6) Беларуская нацыянальная ідэя абапіраецца на сумленне нацыі і асобы – асноўную катэгорыю маральнасці, а таксама патрабуе самаахвярнасці і цярпення, мужнасці і пакоры, свабоды волі і павагі да індывідуальнасці, сілы духу і веры, апоры на вечнае.
Узаемасувязь і ўзаемазалежнасць беларускай нацыянальнай ідэі, маральнасці, веры і рэлігіі – ці не самае важнае пытанне для разумення існасці БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ІДЭІ. Пры гэтым трэба памятаць, што мараль – гэта больш грамадская, калектыўная з’ява ў адрозненне ад маральнасці і духоўнасці, якія індывідуальныя, як канкрэтнае жыццё. Чым бліжэйшыя мы да Бога, тым актыўней вяртаемся і звяртаемся да саміх сябе, набываем сябе. Нездарма чалавек, які мае сувязь з Богам (але і які захоўвае і памятае глыбока ўсвядомленыя духоўныя традыцыі і традыцыі свайго народу), заўжды ярка выяўляе сваю непаўторнасць і індывідуальнасць.
Вера ў Бога дапамагае чалавеку знайсці тую сістэму маральных каардынат, якая асвячаецца яго аўтарытэтам і мае трывалую традыцыю. Вера дапамагае чалавеку бараніць сваю маральнасць, асабліва калі сацыяльнай падтрымкі маральнасці асобы практычна няма. Духоўнасць, паводле У.Салаўёва, заўсёды звязаная з Богам і ёсць набыццё ўнутранай сілы, супраціўляльнасць уладзе свету і грамадства над чалавекам.
У маралі і рэлігіі – адна аснова: чалавек мае бессмяротную душу і свабоду волі.
Безумоўна, беларуская нацыянальная ідэя – гэта, апрача ўсяго, таксама пэўная інтэлектуальная канструкцыя, але калі апошняя не спрацоўвае, нейкім чынам кампенсаваць яе можа зварот да сэрца чалавека, народу, да веры. Таму такое вялікае значэнне мае ўдзел святароў у нацыянальным руху, іх нацыянальная свядомасць. У прынцыпе, святар, у ідэале будучы прадстаўніком інтэлігенцыі, нацыянальнай эліты, мусіць дапамагаць тварыць нацыю, фармуючы яе самасвядомасць.
Канешне, нельга не ўлічваць уплыў на ўсе сферы жыццядзейнасці беларускага народу язычніцтва, іншых рэлігій і веравызнанняў, але ў плане станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай ідэі роля хрысціянства вызначальная. І тут важна размежаваць ролю і ўплыў хрысціянства на лёс беларускай нацыі ў плане знешнім, калі яно ў сваіх розных формах выступае як адзін з культурна-гістарычных чыннікаў у пэўны час, і ўнутраным, калі непасрэдна фармуе светаўяўленне кожнага канкрэтнага чалавека.
Што да знешняга боку праблемы ўзаемадачынення беларускай нацыянальнай ідэі і рэлігіі, хрысціянства, то тут важна адзначыць, што нацыянальная ідэя, будучы скіраванай на свабоду асобы і адначасова калектыўнае дзеянне, удала спалучаецца з дзвюма асноўнымі на Беларусі формамі хрысціянства – праваслаўем з яго ідэяю калектыўнасці, саборнасці, і каталіцтвам з яго большай заземленасцю і ўстаноўкай на індывідуальнасць.
У сваёй кнізе “Хрысціянства і беларускі народ” (Вільня, 1940) Адам Станкевіч адзначае, што хрысціянства прынесла беларускаму народу культуру і асвету, паняцце грамадскай справядлівасці (с. 7): “Хрысціянства… прынесла ў Беларусь граматнасць… гэта… пабуджала творчы інстынкт народу і развівала яго нацыянальную асаблівасць, прычыняючыся… да большага зліцця… плямён у адно цэлае нацыянальнае. Хрысціянства… вытварала ў народзе супольную веру, погляды, традыцыю, культуру, народную душу… тварыла родную інтэлігенцыю… Нацыянальнаю ідэяй была ідэя рэлігійная…” (с. 66).
Справядліва лічыць, што ў розныя часы беларускую нацыянальнасць падтрымлівалі розныя канфесіі, і з гэтага пункту гледжання добра, што беларусы не аднаканфесійныя. Так, паводле А.Станкевіча, “нацыянальная ідэя беларускага народу выплывае… з палітычна-культурнай супярэчнасці Захаду і Усходу, з кантрасту… якіх падкладам з’яўляюцца рознасці Праваслаўя і лацінскага Каталіцтва” (с. 176).
Пытанне ролі кожнай з канфесій у станаўленні беларускай нацыі і беларускай нацыянальнай ідэі ў пэўным часе – гэта пытанне гісторыі Беларусі і пытанне гісторыі Царквы зямной на Беларусі. Адзначым толькі, што для ўзнікнення і развіцця беларускай нацыянальнай ідэі велізарнае значэнне мела грэка-каталіцтва, а пасля яго фактычнага вынішчэння – рыма-каталіцтва. Не маючы ніякіх ілюзій адносна таго, што даволі часта каталіцтва на Беларусі было польскім (наколькі канфесія ўвогуле можа быць нацыянальнай), усё ж асмелімся сцвярджаць, што ў сітуацыі, калі Касцёл практычна супрацьстаяў русіфікацыі, ці не большасць вядомых беларускіх культурных дзеячоў за апошнія два стагоддзі, сярод якіх Т.Касцюшка, С.Манюшка, П.Багрым, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч, У.Сыракомля, А.Міцкевіч, К.Каліноўскі, А.Гурыновіч, Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Ядвігін Ш., Цётка, Я.Купала, А.Гарун, браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, Я.Драздовіч ды іншыя, – каталіцкага веравызнання. Увогуле, ўплыў кожнай з канфесій на развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў – тэма асобнага даследавання, тым больш што сама гісторыя хрысціянства ды іншых рэлігій на Беларусі патрабуе дэталёвага вывучэння.
Важна, што хрысціянства гэтаксама, як і нацыянальная ідэя, служыць спосабам яднання і духоўнага, і сацыяльнага. Менавіта на Беларусі можа рэалізавацца ідэя хрысціянскага экуменізму. Магчыма, беларусы спраўдзяць сваю ідэю акурат праз духоўна-культурную місію, якая, будучы скіраванай на сябе саміх, грунтуецца на глыбокай веры ў Божую міласэрнасць і сама каштоўнасць кожнай асобы і любога шляху да Бога.
У адрозненне ад большасці іншых рэлігій, хрысціянства знаходзіць апору не ў эпічна-міфалагічнай традыцыі, а ў асабістым прыкладзе Хрыста, што скіроўвае свабоду чалавека не толькі на ўнутраную рэальнасць душы, але і на пераўтварэнне знешняга свету, калі сам чалавек становіцца цалкам адказным за свой лёс. Беларуская ж нацыянальная ідэя ёсць не чым іншым, як добраахвотна прынятай адказнасцю ўнутрана свабоднай асобы. І яна патрабуе менавіта яркіх, свабодалюбівых, актыўных асобаў, здольных павесці за сабою людзей.
Хрысціянства, грунтуючыся на сумленні і свабодзе, у сваёй існасці спрыяе захаванню і развіццю беларускай нацыянальнай ідэі, падтрымлівае і мацуе яе носьбітаў. Гэта ёсць аснова ўнутранага боку ўзаемадзеяння беларускай нацыянальнай ідэі і веры, рэлігіі, у прыватнасці хрысціянства. Выратаванне беларусаў як нацыі мусіць быць праз маральнасць, развіццё духоўнасці, умацаванне ідэалаў хрысціянства.
Хрысціянства, як рэлігія неадмаўлення, сцверджання, каласальнага ўзняцця духу, вялікага духоўнага напружання і высілкаў, што патрабуе падняцця над прыроднымі патрэбамі, прымушае нас памятаць, што мы маем дзве радзімы, якім трэба быць вернымі, – канкрэтную зямлю з яе культурай і Дух. Хрысціянства патрабуе змагання са Злом, у адрозненне ад, скажам, язычніцтва – гэтай натуральнай рэлігіі, простай і лёгкай, с параджэннем чалавечай псіхікі з яе імкненнем да цяпла, утульнасці, камфорту, рэлігіі, якая не патрабуе бязлітаснасці да сябе дзеля выканання свайго прызначэння на Зямлі. Таму менавіта з хрысціянства лагічна вынікае неабходнасць спраўджвання беларускай нацыянальнай ідэі, а беларускім патрыётам так неабходна абапірацца на хрысціянства і жыць у яго сістэме. Хоць у Бібліі ідэй вельмі шмат, але асноўная – ідэя станаўлення. Сучасныя філосафы называюць гэта лінейнай канцэпцыяй развіцця, якая ідзе ўперад і ўверх. Веды, навука сведчаць, што свет згарыць, замерзне, рассыплецца ў парашок, эпідэміі знішчаць чалавека. Вера ж у светлую будучыню – гэта спадчына хрысціянства. Некаторыя вучоныя сведчаць, што беларускія архетыпы спароджаныя найбольш язычніцтвам. Але ж менавіта язычніцва гаворыць, што быў век залаты, потым жалежны і г.д., а цяпер усё ідзе да згасання свету. У старажытнасці ўсё было лепш. Былі перыяды залатога росквіту беларускай культуры ў шырокім сэнсе, беларускай дзяржаўнасці і да т.п. А хрысціянства кажа, што лепшае будзе наперадзе. Нездарма хрысціянства грунтуецца на ідэі ўваскрасення, а беларуская нацыянальная ідэя – на ідэі Адраджэння…
У такім разе я пытаю ў Вас, дарагія суайчыннікі: ці пойдзем назад, у язычніцтва, дзе так цёпла, утульна і не патрэбна вялікіх высілкаў? Ці ўсё ж пойдзем з хрысціянствам і наперад да хрысціянства, якое сведчыць, што шлях цяжкі, але складанасці загартоўваюць, а агонь пакут не спальвае, але ачышчае і ўздымае? Толькі праз рычаг духу можна ўрэшце рэшт атрымаць дадатковую сілу, можна пераадолець душэўную слабасць, беларускую вяласць і абыякавасць і АДРАДЗІЦЦА. Натуральна, недухоўны чалавек, язычнік заўсёды толькі губляе – старэе, забывае і г.д. Духоўны ж чалавек і адпаведна нацыя, якія развіваюць свой дух, як бы ні спатыкаліся, якія б ні рабілі зігзагі, усё роўна толькі набываюць, усё роўна адродзіцца на новым вітку. Хрысціянства – рэлігія смерці, якая тут жа змяняецца жыццём. Кожны раз сярод беларусаў нараджаліся свае прарокі, якія ратавалі свой народ. Так будзе і далей.
Хрысціянства дзеля ўдасканалення і ўсталявання Дабро патрабуе значных высілкаў. У нашым кантэксце гэта можа выглядаць наступным чынам.
Пасіянарна апантаныя беларускай ідэяй людзі – нацыяналісты (гэтае слова я ўжываю калі не станоўча афарбаваным, дык нейтральным, якім і павінен быць навуковы тэрмін) – мусяць зразумець і прыняць светабачанне сваіх апанентаў. Трэба сцвярджаць беларускую ідэю, нічога не адмаўляючы, бо сэнс жа маральнай культуры выяўляецца ў стаўленні да непадобнага да сябе. Як у І.Абдзіраловіча: “Творачы, зруйнуем!” Не дай Божа зрабіць са сваіх суайчыннікаў, якім не пашчасціла знайсці і рэалізаваць сябе ў беларушчыне, ворагаў. У нас не павінна быць баявой псіхалогіі яшчэ і таму, што, зноў цытую І.Абдзіраловіча: “Не толькі дзеля карысці і з прычыны нізкіх пабуджэнняў нельга назваць сваіх ворагаў – ворагамі, а з прычыны грунтоўнай невыразнасці жыцця, калі часта самыя простыя рэчы цяжка назваць іх уласнымі іменнямі…. Вялікі абшар жыцця застаецца невыразным, цёмным і толькі з вялікай тугой гэтае шэрае можна назваць белым, або чорным…” Палюбіць сваіх ворагаў раіць і хрысціянства, бо любоў адна будуе, стварае, нараджае, удасканальвае.
З пункту гледжання сацыяльна-гістарычнага беларуская нацыянальная ідэя і хрысціянства ўзаемна стасуюцца як сістэма лакальная, прыватная і сістэма ўніверсальная, усеагульная, якія, аднак, маюць шмат тыпалагічна агульных рысаў. Але з гледзішча значнасці для духоўнага жыцця асобы, якая, напрыклад, жыве ва ўлонні беларускай культуры, гэтыя катэгорыі і адпаведныя каштоўнасці раўназначныя, а перад вечнасцю – выратавальныя.
ШТО АБ’ЯДНОЎВАЕ БЕЛАРУСКУЮ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ІДЭЮ І ХРЫСЦІЯНСТВА?
Аб’яднанне, даволі ўмоўнае, гэта ёсць спроба ўсяго толькі акрэсліць праблемнае поле.
1. Хрысціянства, як і нацыянальная ідэя, ёсць сістэмай, дачыняючыся да якой, чалавек пазбягае адзіноты, пачуцця ізаляцыі і бяссілля. Трагізм сітуацыі ў тым, што нацыянальная самаідэнтыфікацыя і суаднясенне сваіх маральных нормаў з хрысціянскімі цнотамі слабейшыя тады, калі чалавек больш за ўсё мае ў іх неабходнасць.
2. Хрысціянства, адзінае па духу, на ўзроўні чалавечым, інтэлектуальным, сацыяльным – шматстайнае. Беларуская нацыянальная ідэя не мае на ўвазе аднадумства як адзіную думку, але развіваецца і існуе ў цэлым спектры падыходаў і меркаванняў.
3. Беларуская нацыянальная ідэя, як і хрысціянства, – і мэта, эталон, і спосаб дасягнення мэты. Беларуская нацыянальная ідэя, як і хрысціянства, – і стратэгія, і тактыка.
4. Беларуская ідэя, як і хрысціянства, грунтуецца на аптымізме.
5. І хрысціянства, і беларуская нацыянальная ідэя – канструктыўныя.
6. Беларуская нацыянальная ідэя, як і хрысціянства, – гэта, натуральна, таксама прагматызм, рацыяналізм, разуменне сусветных палітычных і культурных працэсаў у іх цэласнасці. Наша беларускасць – вельмі прагматычны крок, бо за ёю ўжо ёсць значны духоўны патэнцыял, а за хрысціянствам – велізарная духоўная сіла.
Калі мы ідзем да Бога праз беларушчыну, то беларушчыне – быць!
Любоў Уладыкоўская-Канаплянік