nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

КАНФЕСIЙНЫЯ ДАЧЫНЕННI I ПАЛIТЫКА (кБНІ)

9 мая, 2006 | Няма каментараў

Юрась Хадыка

Даволi нечакана, асаблiва для людзей, выхаваных у сiстэме атэiстычных светапоглядных каштоўнасцяў, у апошнiя дзесяцiгоддзi мiжканфесiйныя дачыненнi праявiлiся як вельмi iстотны фактар мiжнароднай ды нутранай палiтыкi. Дастаткова згадаць блiзкiя да нас чачэнскi, асецiнскi, абхазскi ды карабахскi канфлiкты, вайну ў былой Югаславii, вайну ў Афганiстане, іранска-іракскi канфлiкт, трагедыю курдаў i г.д. У крывавых сутыкненнях, вонкаваю прычынай якiх могуць выступаць i праблема нацыянальнага самавызначэння, тэрытарыяльныя спрэчкi, палiтычныя прыхiльнасцi, удзельнiчаюць i хрысцiяне, i мусульмане, i юдаiсты. Аднак адзiнаю прыкметаю, якая афарбоўвае змаганцаў i надае iм адзiнства, як правiла выступае канфесiйная прыналежнасць. Гэтае апошняе часта карэлюе з нацыянальнаю прыкметаю. Але не мала i тых выпадкаў, калi ў нацыянальна адзiным асяродку паўстаюць дамовыя, грамадзянскiя канфлiкты на падставе канфесiйных адрозненняў. Асаблiва многа такiх прыкладаў у сярэднявеччы, а сёння можна прыгадаць iндыйска-пакiстанскi канфлiкт, грамадзянскую вайну ў Афганiстане, Алжыры, Боснii.

Толькi марксiсцка-ленiнская тэорыя iгнаравала рэлiгiйны фактар у грамадскiх дачыненнях. I жыццё ўнесла iстотную карэкцыю не толькi ў сацыяльна-палiтычны бок гэтай тэорыi, але i ў яе атэiстычную аснову. Рэлiгiя, як высветлiлася, не “опiум для народу”, але канцэнтраванае ўвасабленне светапоглядных, духоўна-культурных i сацыяльных каштоўнасцяў i прыярытэтаў. Не лiчыцца з iмi ў палiтыцы немагчыма. Тым болей, што яны фармавалiся стагоддзямi i побач з такiмi прыкметамi нацыi, як агульная мова, агульная гiсторыя, агульная зямля, з’яўляюцца найбольш кансерватыўнымi фактарамi, якiя вызначаюць лёс народа.

Пасля доўгiх гадоў крывавых рэлiгiйных войнаў, што ахапiлi аж два стагоддзi – ХVІ і ХVІІ – у Еўропе пачаўся пакутлiва марудны працэс выспявання iдэi талерантнасцi. Той самай рысы беларускага нацыянальнага характару, з якой сёння некаторыя недарэчна пасмiхаюцца. Талерантнасцi, якая здымала вастрыню рэлiгiйных супярэчнасцяў. Гэтаму працэсу спрыяла i тое, што ў тыя ж часы эканамiчны i навукова-тэхнiчны прагрэс ператварыў шэраг еўрапейскiх краiн у сусветныя дзяржавы, i яны, выкарыстоўваючы сваю моц, пераходзяць да палiтыкi стварэння каланiяльных iмперый. На першы план у палiтыцы выступаюць нацыянальныя, эканамiчныя ды геапалiтычныя iнтарэсы. Аднак рэлiгiйны фактар, хоць i ў прыглушаным выглядзе, прысутнiчае ў пералiку тых прычын, якiя выклiкалi войны i ў ХVІІІ i ў ХІХ стагоддзях. Яго лёгка заўважыць i сярод фактараў, якiя выклiкалi дзве сусветныя вайны ХХ стагоддзя. Нездарма ж пераможцы ў прынятай у 1948 годзе Усеагульнай Дэкларацыi правоў чалавека запiсалi як неад’емнае права асобы вызнаваць i адкрыта спавядаць сваё веравызнанне. Побач з правам на жыццё, працу, адукацыю, iнфармацыю i свабоду.

Падзеi, якiя адбывалiся ў свеце ў пасляваенны час, i асаблiва пасля краху савецкага камунiзму, толькi пацвердзiлi факт, што рэлiгiя не толькi не згубiла свой уплыў у грамадстве, але ў тых выпадках, калi яна заціскалася i зневажалася, толькi абвострылiся сацыяльныя, палiтычныя i нацыянальныя праблемы. Таму ведаць, разумець i ўлiчваць у сваiх дзеяннях рэлiгiйны фактар i асаблiвасцi мiжканфесiйных дачыненняў – абавязак сучасных палiтыкаў. Тым болей для Беларусi з яе несфармаванай палiтычнай культурай i ўнiкальнай канфесiйнай гiсторыяй.

Спынiмся ў сувязi з гэтым на кароткай характарыстыцы паходжання i асаблiвасцях тых сусветных рэлiгiй, якiя маюць дачыненне да Беларусi. Гэта юдаiзм, хрысцiянства ды iслам. Усе яны монатэiстычныя i маюць агульны корань у Старым Запавеце – той частцы Бiблii, якая паўстала сярод народаў Пярэдняй Азii, як лiчыцца, памiж V i ІІІ стагоддзямi да новай эры. Аднак нi адна з гэтых рэлiгiй не абмежавалася толькi Старым Запаветам.

Крынiцаю веравызнання для юдаiзму лiчыцца таксама Талмуд, кнiга, якая стваралася памiж ІІІ ст. да н.э. i V ст. н.э. Немалую ролю адыгрываюць i больш познiя пiсьмовыя i вусныя тлумачэннi пiсання. Аднак юдаiзм уяўляе для нас найменшую цiкавасць, паколькi колькасць габрэйскага насельнiцтва скарацiлася ў Беларусi за апошняе стагоддзе ў дзесяць разоў – ад больш чым 1 млн. чалавек да меней чым 100 тыс. – i працягвае скарачацца.

Хрысцiянства паўстала ў пачатку І ст. н.э. як радыкальнае адгалiнаванне юдаiзму, якое пераносiла акцэнт з фармальнага выканання законаў Майсея на маральнасць паводзiнаў чалавека. Аднак канчатковае афармленне яно набыло ў працах айцоў царквы i рашэннях сямi Сусветных сабораў ІV – ІХ стст. н.э. У ХІ ст. хрысцiянская царква раскалолася на заходнюю (каталiцкую – усеагульную) i ўсходнюю (праваслаўную) канфесii. У сваю чаргу, у ХVІ ст. з каталiцкай канфесii вылучылiся пратэстанцкiя цэрквы. I колькасць iх бесперапынна павялiчваецца. Не засталося маналiтным i праваслаўе.

Апошнiм у часе нарадзiўся iслам. Яго стваральнiк прарок Мухамед пераказаў змест Пяцiкнiжжа Майсеевага i дадаў сваё разуменне веравызнання ў свяшчэннай кнiзе мусульман – Каране. Ён адкiнуў канцэпцыю божага ўчалавечання i трох’iпастаснага бога хрысцiян. Спрасцiў багаслужбу i забаранiў культ святых i абразоў. А таксама сфармуляваў канцэпцыю газавату – свяшчэннай вайны супроць няверных. Iслам дзякуючы збройнай сiле распаўсюдзiўся хутка i вельмi шырока. Аднак з цягам часу ў iм таксама выкрышталiзавалiся два галоўныя кiрункi. Сунiзм, якi побач з Каранам прызнаваў пiсьмовыя тлумачэннi рэлiгiйных аўтарытэтаў. I больш кансерватыўны шыiзм. У палiтычным плане iслам сцвердзiў канцэпцыю тэакратычнай улады. Улады рэлiгiйнай i свецкай, аб’яднанай у адной асобе.

Гэтая рэлiгiйна-палiтычная рыса iсламу вельмi архаiчная. Яна перайшла ў новае веравызнанне, што паўстала ў VІІ ст. н.э., па традыцыi ад полiтэiстычных рэлiгiй, якiя iснавалi ў народаў Пярэдняй Азii i Паўночнай Афрыкi з часоў глыбокай старажытнасцi. Тады лiчылася, што манархi Старажытнага Егiпта i шматлiкiх гарадоў-дзяржаў Месапатамii альбо непасрэдна з’яўляюцца сынамi бога, альбо знаходзяцца з багiнямi ў непасрэдных шлюбных дачыненнях. Гiсторыя сведчыць аб iснаваннi штогадовага рытуалу “свяшчэннага шлюбу” памiж царом i жрыцаю, якая прадстаўляла iнтарэсы небажыхароў.

Гэтая кроўная сувязь з багамi забяспечвала трываласць старажытных калектывiсцкiх грамадстваў. Манарх у вачах падданых выступаў як непасрэдны камунiкатар памiж iмi i вышэйшым светам i забяспечваў людзям падтрымку i прыхiльнасць багоў у iх штодзённых справах. У гэтай адказнай мiсii манарху дапамагалi армады дзяржаўных чыноўнiкаў i жрацоў, якiя ўтваралi касту, аддзеленую ад народу. Бюракратычная каста валодала шэрагам прывiлеяў (напрыклад, правам на адукацыю) i несла адказнасць (аддадзiм належнае – жорсткую) перад кiраўнічай дынастыяй за добрасумленнае выкананне сваiх абавязкаў. Шараговыя грамадзяне былi не толькi паслухмянымi падданымі, але мелi пэўныя гарантыi ў забеспячэннi iх мiнiмальных жыццёвых патрэбаў.

У сацыяльна-палiтычных рысах гэтых старажытных калектывiсцкiх грамадстваў лёгка заўважыць рысы сучаснага марксiсцкага сацыялiзму. Тая ж патранiмiсцкая роля дзяржавы, якая бярэ на сябе функцыю забеспячэння жыццёвых патрэб. Тая ж асаблiвая роля бюракратыi. Тая ж планавая гаспадарка, якая забяспечвала выкананне дзяржзаказу. Той жа бяспраўны стан працоўнага люду. Тое ж аб’яднанне ў адной асобе Першага (цi Генеральнага) сакратара найвышэйшай iдэалагiчнай i дзяржаўнай улады. I той жа ў сваёй існасцi атэiстычны светапогляд, паколькi вера ў многiх багоў эквiвалентная абагаўленню незразумелых “сiл” прыроды. З полiтэiзму не вынiкае прынцыповай роўнасцi людзей – прынцыпу, на якiм грунтуецца дэмакратыя. Нагадаю, што вера ў непагрэшнасць стваральнiкаў адзiнага правільнага вучэння таксама вяла да падзелу людзей на больш i менш верных марксiстаў-ленiнцаў з наданнем першым адпаведных сацыяльных прывiлеяў.

Гэтыя полiтэiстычныя калектывiсцкiя грамадствы паўсталi ў гiсторыi чалавецтва як аседлыя земляробчыя цывiлiзацыi. У першыя часы яны спрыялi развiццю культуры. Але пазней з-за скаванасцi iніцыятывы асобы сталi губляць сваю перавагу, найперш вайсковую, у змаганнi з качавымi плямёнамi, для якiх квiтучыя i заможныя аазiсы былi прыцягальным аб’ектам для рабавання.

Вобраз жыцця качавых плямёнаў, якiя займалiся жывёлагадоўляю, вымагаў ад iх не калектыўных намаганняў, а iнiцыятывы i прадпрымальнасцi. У iх асяродку складваўся зусiм iншы светапогляд, якi i знайшоў сваё выражэнне ў iдэi аднаго бога – творцы “неба i зямлi”, i ў тым лiку чалавека. Бог адзiн. З гэтага вынiкала, што ўсе людзi роўныя, нiхто з iх не мае прыроджанай перавагi над iншымi. Гэтая рэлiгiйная канцэпцыя, больш высокая i дасканаланая, чым iдэя полiтэiзму, была сфармуляваная прарокам Майсеем недзе ў сярэдзiне II тысячагоддзя да н.э. у яго славутым Пяцiкнiжжы – галоўнай частцы Старога Запавету, якая ўвайшла ва ўсе тры сусветныя веравызнанні. Яна не толькi выразна сфармулявала iдэю годнасцi i самадастатковасцi чалавечай асобы, але i парадак суiснавання людзей праз рэлiгiйна афарбаваныя (г.зн. неадметныя) “законы”, якiя рэгламентавалi як грамадскае, так i рэлiгiйнае жыццё i якiм мусiць падпарадкоўвацца кожны незалежна ад свецкiх усталяванняў.

Такiм чынам рэлiгiйная ўлада, пакуль габрэi – народ, у асяродку якога нарадзiлася гэтае веравызнанне, не сталі аседлымі, аказалася вышэйшая за ўладу грамадзянскую. Аднак пасля заваёвы Палестыны i ўтварэння дзяржавы паўстала праблема суадносiнаў гэтых дзвюх уладаў. Была выпрацавана iдэя асвячэння свецкай улады духоўным лiдарам народу. Аднак нават iдэальны бiблейскi цар Давiд мусiў неаднаразова каяцца – прызнаваць свае памылкi – грахi перад першасвятаром. А пазней настаў тысячагадовы перыяд змагання памiж грамадзянскаю ўладаю i рэлiгiйнаю, увасобленаю як у сваiх нацыянальных манархах, так i iншанацыянальных, паколькi абодва габрэйскiя царствы аказалiся заваяванымi. Што i паспрыяла канчатковаму замацаванню iдэi перавагi рэлiгiйнай улады i яе непадлегласцi ўладзе свецкай. А таксама размежаванню iх функцый.

Юдаiзм стаўся першай завершанай светапогляднай сiстэмай iндывiдуалiзму, цi лiбералiзму ў палiтычнай тэрмiналогii, чаму не ў малой ступенi спрыяла шырокае рассяленне габрэяў, пачынаючы з “Вавiлонскага палону”, па ўсёй айкумене. Iх калектывiсцкiя iнтарэсы атрымалi нацыянальную афарбоўку. Дакладней, нацыянальна-рэлiгiйную i забяспечвалiся нацыянальнай салiдарнасцю – вельмi эфектыўным сродкам пры ўмове пражывання ў iншанацыянальным асяродку.

Нацыянальная абмежаванасць юдаiзму i паслужыла адной з прычынаў нараджэння хрысцiянства. З І ст. да н.э. пасля яе заваявання Рымам Палестына пераўтварылася ў сапраўдны “Вавiлон” з вельмi разнастайным насельнiцтвам, якое карысталася трыма галоўнымi мовамi – лацiнскай, грэцкай i арамейскай. Пры гэтым юдэi не ўтваралi большасцi насельнiцтва нiдзе акрамя Iерусалiма i суiснавалi з прыхiльнiкамi розных веравызнанняў. У такiх умовах у юдаiзме паўстала некалькi кiрункаў: традыцыйны (фарысеi), мадэрнiсцкi (саддукеi), рэвалюцыйны (зiлоты) i маральна-аскетычны (эсены). Недзе ў нетрах апошняга i нарадзiлася хрысцiянства, якое першапачаткова выступiла як вучэнне, якое супроцьпаставiла вонкаваму, фармальнаму выкананню рэлiгiйных законаў рэлiгiйную мараль, сфармуляваную коратка i выразна: любi блiзкага свайго, як самога сябе! Прычым паняцце “блiзкага” не абмяжоўвалася нi кроўнай, нi веравызнаўчай блiзкасцю. Гэта быў адкрыты выклiк iндывiдуалiзму традыцыйнага юдаiзму i асноваю будучага наднацыянальнага характару хрысцiянства. Такiм чынам новае веравучэнне адаптавала i калектывiсцкiя каштоўнасцi архаiчных рэлiгiй, бо, як напiсаў апостал Ян, няма большай любовi, чым аддаць душу сваю за сяброў сваiх.

Характэрна, што першай праблемай, якую давялося вырашаць паслядоўнiкам Хрыста, было пераадоленне юда-хрысцiянства, што было эквiвалентнае пераадоленню сектанцкай абмежаванасцi. Гэтую працу выканаў апостал Павел, якi пераканаўча даказаў неабходнасць адмаўлення ад юдаiсцкай абраднасцi. Пасля чаго новае веравучэнне пачало трыумфальна распаўсюджвацца па абшарах Рымскай iмперыi. Перажыло некалькi крывавых кампанiй пераследу i задушэння, пакуль у 324 г. па мiланскім Дэкрэце iмператара Канстанцiна Вялiкага не набыло статус дзяржаўнага. А на склiканым iм у 325 г. Нiкейскiм саборы яно набыло i дагматычную афарбоўку, замацаваную ў “Сiмвале веры”.

Сам Хрыстос догматаў не фармуляваў. Ён нават не пакiнуў пiсьмовых помнiкаў. Яго вучэнне было запiсана апосталамi-вучнямi ў Евангеллях. Чатыры кананiчныя Евангеллi, разам са Справамi апосталаў i Пасланнямi iх, а таксама Апакалiпсiсам склалi Новы Запавет – частку Бiблii, якая прызнаецца за Святое пiсьмо толькi хрысцiянамi. Адбор кананiчных тэкстаў i выпрацоўка догматаў – непарушных асноў веравызнання – ажыццяўлялася на працягу І – ІІІ стст. н.э. Абгрунтаванне, тлумачэнне i абарона хрысцiянскiх догматаў былі ажыццёўлены ў працах Айцоў Царквы на працягу ІV – ХІХ стст. н.э. i замацаваныя рашэннямi агульных васьмi Сусветных сабораў (праваслаўная царква прызнае 7).

Цэнтральным догматам хрысцiянства, які надае яму непаўторнае аблiчча i прызнаецца ўсiмi хрысцiянамi, з’яўляецца догмат аб учалавечаннi божым i ўнiкальнай двайной прыродзе Хрыста – боскай i чалавечай адначасна. Вiдавочная супярэчнасць з ужо складзенымі ў межах юдаiзму ўяўленнямi Бога як трансцэндэнтнай, непазнавальнай i нематэрыяльнай існасцi здымалася догматам аб трыадзiнай, трох’iпастаснай прыродзе Бога – Бога Айца, Бога Сына i Бога Духа Святога. Такая складаная i разам з тым прыгожая дыялектычная канцэпцыя монатэiзму магла паўстаць толькi на сутыкненнi архаiчнага полiтэiзму, як усходняга, так i заходняга тыпу, i чыстага адзiнабожжа габрэяў. У гэтых догматах праглядаецца i пярэднеазiяцкая традыцыя бачыць у выбраных людзях (найперш царах) сыноў божых i ўплыў антрапаморфнага пантыёну грэцкiх i рымскiх багоў. Трох’iпастасны Бог – творца свету i збаўца людзей – сiнтэзаваў у сваёй прыродзе iдэю роўнасцi i свабоды волi чалавека i патранiмiчную iдэю Бога як выратавальнiка ўсяго чалавецтва праз ахвярную смерць на крыжы i ўваскрэшанне Бога-чалавека.

Мала таго, канцэпцыя божага ўчалавечання тэалагiчна апраўдвала грахоўную прыроду людзей, уздымала на незвычайную вышыню годнасць чалавека як iстоты, створанай з вобразу i падабенства божага. Гэтая старазапаветная iдэя набыла ў хрысцiянстве не толькi духоўны сэнс, але i паслужыла асноваю для стварэння гуманiстычнай культуры, у цэнтры ўвагi якой стаiць чалавек, а таксама антрапаморфнага выяўленчага мастацтва.

Вынiкам рэлiгiйнага апраўдання чалавечай прыроды стаў i культ Багамацi, i культ святых ды iх мошчаў, i культ абразоў, як маляваных, так i скульптурных. Гэта ўсё адводзiла хрысцiянства ад рыгарыстычнага, падкрэсленага монатэiзму габрэяў i мусульман. Вакол гэтых пытанняў разгаралiся працяглыя i вострыя спрэчкi. Спалучнасць выпрацаваных такiм чынам нормаў веравучэння разам з дакументамi Сусветных Сабораў, якiя перадаюцца вуснай цi пiсьмовай пазабiблейскай традыцыяй, разам са Святым Пiсьмом двума галоўнымi хрысцiянскiмi канфесiямi лiчацца Святым Паданнем, боганатхнёнымi асновамi веры. Каталiкi, акрамя таго, адносяць да Святога Падання хрысцiянскiя рарытэты i творы мастацтва, якiя засведчылi сваю цудатворную сiлу.

Выпрацоўка хрысцiянскай дагматыкi, культавых абрадаў, прынцыпаў царкоўнай арганiзацыi суправаджалася змаганнем са шматлiкiмi ерасямi – адгалiнаваннямi веравучэння, якiя прызнавалiся памылковымi. Аднак сапраўднае выпрабаванне святой апостальскай усеагульнай царквы адбылося зусiм з iншых прычынаў. Iмi сталi спрэчкi за першынства, за палiтычную i нацыянальную незалежнасць. Гэта была хоць i запозненая, але моцная рэакцыя на iдэю апостала Паўла стварыць наднацыянальнае веравызнанне i царкву, незалежную ад свецкай улады.

Першапачаткова гэта набыло форму спрэчак аб першынстве ў пералiку патрыярхаў паводле годнасцi. Традыцыйна на першым месцы лiчыўся папа – патрыярх Рыму, спадкаемца катэдры апостала Пятра. За iм iшлi патрыярхi Iерусалiма, Александрыi i Анцiахii. Калi Канстанцінопаль стаў сталiцаю Усходняй Рымскай iмперыi, на другое месца быў пастаўлены патрыярх Новага, Другога Рыму. Тым часам Заходняя Рымская iмперыя ў сярэдзiне V ст. н.э. пала пад ударамi варвараў. Папы трапiлi пад уладу варварскiх каралёў. З цягам часу яны здолелi стварыць незалежную тэакратычную Папскую дзяржаву, дзе свецкая ўлада таксама належала рымскаму першасвятару. Гэта адбылося ў 756 г. з дазволу франкскага караля Пiпiна Кароткага. Яго сын Карл Вялiкi, аб’яднаўшы пад сваёй уладай значную частку Заходняй Еўропы, у 800 г. каранаваўся як iмператар “Заходняй Свяшчэннай Рымскай iмперыi”. Аднак ягоная дзяржава праз 40 год развалiлася, а ягоныя спробы шляхам дынастычных шлюбаў аднавiць адзiную Рымскую iмперыю былi адхiленыя iмператарамi Усходняй Рымскай iмперыi, якую з ХІХ ст. умоўна называюць Вiзантыяй.

Вiзантыя на той час набыла выразны характар грэкай iмперыi, хаця i працягвала называцца Рамейскай (грэцкае вымаўленне “Рымскай”). Яна паспяхова перажыла варварскiя нашэсцi, рэлiгiйныя войны з мусульманамi i, хоць не без страт, ператварылася ў квiтучы аазiс хрысцiянства. Моцная дзяржаўная ўлада не толькi дазваляла Вiзантыi лiчыць сябе сапраўдным цэнтрам хрысцiянскай айкумены, але i прывяла да падпарадкавання духоўнай улады свецкай. Гэта знайшло выражэнне ў канцэпцыi цэзарапапiзму, якая прымушала канстантынопальскiх патрыярхаў абслугоўваць iнтарэсы iмператара.

Наадварот, на Захадзе склалася канцэпцыя папацэзарызму – вяршынства духоўнай улады, яе незалежнасцi ад дзяржавы. Яна не адразу замацавалася. У ІІ ст. барацьба памiж папаю Рыгорам VII i iмператарам “Свяшчэннай Рымскай iмперыi германскага народу” Генрыхам IV за iнвестытуру – права папы прызначаць епiскапаў без згоды iмператара – скончылася перамогай папы. Дзякуючы гэтаму на Захадзе i Усходзе пачалi дзейнiчаць зусiм розныя геапалiтычныя канцэпцыi, якiя знаходзiлi сваё адлюстраванне ў мiжнароднай i нутранай палiтыцы.

Першую спробу вызвалiцца ад духоўнай улады папаў зрабiў вядомы Канстанцiнопальскi патрыярх Фоцiй. Той самы, якi накiраваў у Маравiю мiсiю святых Кiрыла i Метода. Аднак раскол Фоцiя пратрымаўся нядоўга i царкоўнае адзiнства было адноўлена. Але супярэчнасцi не змяншалiся, а толькi павялiчвалiся. Фармальны раскол на каталiцкую (усеагульную, усяленскую) i кафалiчную (прававерную, праваслаўную) канфесii адбыўся ў 1054 г. у вынiку ўзаемнай анафемы (царкоўнага пракляцця) папы Льва IX i канстанцінопальскага патрыярха Керуларыя, падтрыманага iншымi ўсходнiмi патрыярхамi.

Фармальнай нагодаю для расколу паслужыў дагматычны дадатак у Нiкейскi сiмвал веры – славутая фiлiокве, ухваленая яшчэ ў канцы VІ ст. н.э. на памесным саборы заходнiх епiскапаў. Гэты дадатак сцвярджае, што Святы Дух зыходзiць i ад Бога Сына, а не толькi ад Бога Айца. Адносная тэалагiчная нязначнасць дагматычных разыходжанняў толькi падкрэслiвае важкасць палiтычных, нацыянальных i культурных прычын, якiя выклiкалi раскол. З гэтага часу iснуюць дзве кананiчныя (правiльныя) хрысцiянскiя канфесii (веравызнаннi, але не веры!). Iх канкурэнцыяй i змаганнем памiж сабою адзначаны амаль 1000 гадоў, хаця абодва кiрункi i прызнаюць як найвялiкшую каштоўнасць хрысцiянскае адзiнства. Толькi на II Ватыканскiм саборы ў 1965 годзе анафемы 1054 г. былi прызнаныя папаю Паўлам VI i канстанцінопальскiм патрыярхам нядзейнымі. Аднак разыходжаннi засталiся.

Спробы аднавiць адзiнства рабiлiся неаднойчы. У 1204 г. яно было ўсталяванае сiлай, калi рыцары 4-га крыжовага паходу штурмам узялi Канстанцінопаль i заснавалi Лацiнскую iмперыю, якая праiснавала да 1257 г. Потым пытанне Унii беспаспяхова абмяркоўвалася на Лiёнскiм саборы 1271 г. У Фларэнцыi ў 1439 г. Унiя нарэшце была заключана. Аднак у хуткiм часе Канстанцінопаль быў захоплены туркамi. Вiзантыя спынiла сваё iснаванне. А канстанцінопальскiя патрыярхi пад цiскам султанаў адмовiлiся ад Унii. Праз паўтара стагоддзя ў Бярэсцi Фларэнтыйская унiя была адноўлена на памесным саборы праваслаўных iерархаў Рэчы Паспалiтай. Берасцейская унiя, хаця i была лакальнай, аказалася найбольш паспяховаю спробаю аднавiць хрысцiянскае адзiнства. Аднак берасцейскаму сабору папярэднiчалi грозныя падзеi ў Еўропе, якiя нарадзiлi пратэстанцкiя канфесii.

Расколу заходняй царквы папярэднiчалi працы тэолагаў i грамадскiя рухi, з якiх найбольш значным быў рух гусiтаў ХV ст. у цэнтральнай Еўропе. Яго iдэолагам быў славуты чэх Ян Гус, спалены ў 1418 г. паводле прысуду Канстанцкага сабору. Ян Гус не патрабаваў дагматычных зменаў. Яго крытыка скiроўвалася супроць каталiцкай iерархii i яе багацця. Ён выказваўся за “беднае” святарства паводле ўсходнехрысцiянскага ўзору i за культавыя змены. Найбольш радыкальныя яго прыхiльнiкi патрабавалi для мiран прычашчэння пад абодвума вiдамi, што азначае хлебам i вiном, а не толькi хлебам, як прынята ў каталiкоў. Фактычна гэта было змаганне супроць традыцыi за абнаўленне царквы. Пры гэтым вiдавочна ўзрастала роля Святога Пiсьма i панiжалася – Святога Падання. Акрамя таго, гусiты былi абразаборцамi, паколькi адмаўлялi сакральнае мастацтва. Таму Еранiм Пражскi – вучань Гуса, якi прапаведаваў i ў ВКЛ, i ў Наўгародскай зямлi атрымаў тут мянушку “жыдоўствуючага” за вiдавочнае наблiжэнне свайго вучэння да ранняга юдахрысцiянства.

Гусiцкi рух быў задушаны. Але ў 1519 годзе з рэзкаю крытыкай каталiцызму выступiў Марцiн Лютар, з якога i прынята адлiчваць i нараджэнне пратэстанцтва, i Новы час, i зараджэнне капiталiстычных адносiнаў. Сапраўды, усё гэта звязана памiж сабою, а час распаўсюджання пратэстантызму прынята называть Рэфармацыяй.

Лютар пайшоў значна далей за Гуса, запатрабаваўшы змены дагматыкi, адмовы ад Святога Падання, спрашчэння культу, беднай царквы на раннехрысцiянскi ўзор, знiштажэння царкоўнай iерархii. Усе гэтыя навацыi сканцэнтравана выражалiся тэзiсам аб апраўданнi вераю ў адрозненне ад кананiчнага апраўдання вераю i добрымi справамi, у лiку якiх было прызнанне асаблiвай ролi святарства ў справе ажыццяўлення таiнстваў.

Першы плён Рэфармацыя прынесла ў Англii, дзе кароль Генрых VIII дамогся разрыву мясцовай iерархii з Рымам i прызнання караля адначасна галавой царквы. Праўда, ён захаваў царкоўную iерархiю. Гэты найбольш мяккi вiд пратэнстатызму завецца англiканствам.

У Еўропе ж выбухнула рэлiгiйная вайна, падчас якой каалiцыi пратэстанкiх князёў, якiя намiнальна ўваходзiлi ў склад “Свяшчэннай Рымскай iмперыi”, на чале якой стаяў iспанскi кароль Карл V, удалося атрымаць перамогу. Пасля гэтага лютэранства аформiлася як асобная канфесiя, распаўсюджаная найперш на поўначы Германii i ў Скандынавii.

Крыху пазней за лютэранства аформiўся кальвiнiзм. Ягоным заснавальнiкам стаў французскi тэолаг Жан Кальвiн, якi знайшоў сваiх прыхiльнiкаў у Жэневе. Кальвiнiзм яшчэ больш разыходзiўся з каталiцызмам, чым лютэранства, таму што догмат аб апраўданнi вераю быў дапоўнены догматам аб перадвызначанасцi. У адпаведнасцi з iм лёс чалавека i ягонае выратаванне пасля смерцi залежаць выключна ад боскага наканавання. Гэтае суворае, рыгарыстычнае вучэнне ад сваiх прыхiльнiкаў патрабавала строгага выканання хрысцiянскiх этычных нормаў i ўпартай няспыннай працы, паколькi дабрабыт разглядаўся як прыкмета боскай мiласці да асобы.

Значна пазней склаўся тэрмiн “пратэстанцкая працоўная этыка”, якi характарызуе стаўленне пратэстантаў да працы як да найважнейшага рэлiгiйнага абавязку, прызнае багацце за прыкмету выбранасцi чалавека i адзнаку яго маральнасцi. I трэба прызнаць, што пратэстантызм непасрэдна прычынiўся да тэхнiчнага i эканамiчнага прагрэсу, развiцця навукi i адукацыi, развiцця нацыянальных моваў. М.Лютар паклаў традыцыю перакладаў Бiблii на мовы народаў Еўропы, а пазней i ўсяго свету. Фактычна пратэстантызм нарадзiў (цi аформiў) нацыяналiзм як дзяржаўную iдэалогiю, адпрэчыўшы канцэпцыю папацэзарызму i супроцьпаставiўшы ёй нацыянальныя цэрквы, якiя не замiналi нацыянальным дзяржавам абараняць свае iнтарэсы без аглядкi на папскi прастол. Не зусiм слушна некаторыя даследчыкi звязваюць з’яўленне нацыяналiзму з Вялiкай французкай рэвалюцыяй канца ХVІІІ стагоддзя. Яна адзначыла толькi той рубеж, калi нацыяналiзм выйшаў за межы выключна пратэстанцкага свету.

Аднак, пратэстантызм, падштурхнуўшы культурны прагрэс, выклiкаў i шэраг адмоўных з’яваў. Ён прывёў да рэзкага маёмаснага размежавання ў грамадстве i абвастрэння сацыяльнай напружанасцi. На яго глебе вырас марксiзм. Пратэстанцкiя краiны, набыўшы эканамiчную i вайсковую магутнасць, хутка перайшлi да стварэння каланiяльных iмперый.

Гэтыя iмперыi ў ХІХ стагоддзi пачалi змаганне за падзел, а потым перадзел свету, што i прывяло да 1-й сусветнай вайны, калi не лiчыць асаблiвую ролю ў яе развязваннi Расiйскай iмперыi. Сёння мала хто ведае, што афiцыйным тлумачэннем удзелу Масквы ў вайне было “вызваленне” братнiх праваслаўных славянскiх народаў на Балканах ад нямецкага панавання ды “вяртанне” Царграда – Канстанцінопаля. Хуткi, але аднабаковы тэхнiчны прагрэс, справакаваны пратэстанцтвам, стварыў некалькi праблем, якiя сёння завуцца глабальнымi. Сярод iх некантраляваны рост насельнiцтва, вырабатка радовiшчаў карысных выкапняў, забруджванне навакольнага асяроддзя i знiшчэнне некранутай прыроды, пацяпленне клiмату i г.д. Да гэтага пералiку трэба дадаць i маральны крызiс, якi ахапiў чалавецтва ў ХХ стагоддзi дзякуючы разбурэнню традыцыйнай культуры. Гэты працэс гiстарычна i лагiчна бярэ свой пачатак у адмаўленнi пратэстантамi царкоўнай iерархii, сакральнага мастацтва i яго выхаваўчай ролi. Усе пратэстанцкiя цэрквы абразаборчыя. Яны пайшлi ўслед за ерассю, якая страцiла Вiзантыю каля 200 год, але тады была пераможана.

Адпрэчыўшы Святое Паданне i царкоўную iерархiю, якiя стабiлiзавалi грамадства i спрыялi аднолькаваму разуменню веравызнаўчых i сацыяльных праблем, пратэстантызм спарадзiў сярод прыхiльнiкаў сапраўдную эпiдэмiю канфесiятворчасцi. Пратэстанцкiя цэрквы паўстаюць амаль бесперапынна, пачынаючы з ХVІ ст., i сёння iх налiчваецца не менш за 100. У гэтым, можа, як нiдзе болей, адбiваецца iндывiдуалiстычны характар пратэстантызму. З цягам часу пратэстантызм стаў распаўсюджвацца не толькi на глебе каталiцызму, але i праваслаўя. Прыкладам таму з’яўляецца сённяшняя Беларусь, хаця ўпершыню пратэстанцкія цэрквы з’явiлiся тут яшчэ ў тым жа ХVІ ст.

Так у агульных рысах адбываўся духоўны i палiтычны прагрэс у межах хрысцiянскай айкумены. Урэшце рэшт ён прывёў да прыняцця Усеагульнай Дэкларацыi правоў чалавека – набору нормаў “натуральнага права”. У тым лiку права свабодна вызнаваць любое выравызнанне, што азначае поўнае аддзяленне царквы ад дзяржавы, наданне апошняй выключна свецкага характару. Але ў Беларусi гэты пакручасты шлях не завершаны i да сёння.
Абавязак свецкай дзяржавы гэты рух падтрымлiваць.

Неабходна звяртаць пiльную ўвагу на характар храмавага будаўнiцтва, якое разгарнулася ў Беларусi апошнiм часам. На працягу стагоддзяў храмы розных канфесiй будавалiся ў нас у агульнанацыянальным стылi. Вонкава што царква, што касцёл, што пратэстанцкi збор, што сiнагога цi мячэць выглядалi вельмi падобнымi адзiн да аднаго. Сiтуацыя змянiлася, калi Беларусь стала калонiяй Расiйскай iмперыi. Асаблiва пасля задушэння паўстання К.Калiноўскага. Тады з загаду Мураўёва-вешальнiка на грошы беларускiх сялян i рамеснiкаў было ўзведзена каля тысячы храмаў у стылi «а-лярюс». Старажытныя абразы i скульптуры выкiдалiся i палiлiся, а iнтэр’ер напаўняўся рамеснiцкай прадукцыяй маскоўскiх багамазаў. З другога боку, акаталiчанае беларускае дваранства ўзводзiла неагатычныя касцёлы з гiпсавымi скульптурамi варшаўскiх рамеснiкаў. Агульная эстэтычная аўра разбуралася. Адзiн народ прымусова дзялiўся на праваслаўных-рускiх i каталiкоў-палякаў. Гэта быў культурнiцкi этнацыд, якi меў свой жахлiвы працяг у часы бальшавiцкай iмперыi.

На жаль, сённяшняе будаўнiцтва цэркваў у давiзантыйскiм стылi вяртае нас не да каранёў народнай беларускай традыцыi, а да часоў Паўночна-Заходняга краю. А фрэскавыя роспiсы новых цэркваў наогул выкананы ў стылi маскоўска-яраслаўскага жывапiсу XVI ст. Гэта стварае iлюзiю культурнiцкай залежнасцi Беларусi ад яе ўсходняй суседкi. Залежнасцi, якой насамрэч нiколi не было.

Такая практыка абсалютна недапушчальная. Гэта якраз тая сфера, дзе свецкая дзяржава не толькi мае магчымасць, але абавязана ўмяшацца. Ёсць дзяржаўны архiтэктурны нагляд, i ён павiнен сачыць за тым, каб аблiчча беларускiх гарадоў i вёсак не вызначалася густам асобных царкоўных iерархаў, якiя б пасады яны ні займалi. Будучай дэмакратычнай уладзе прыйдзецца вырашаць i гэтую праблему, самым непасрэдным чынам звязаную з нацыянальна-культурным адраджэннем.

У якасцi прыкладу непрадуманага стаўлення дэмакратычнай грамадскасцi да нацыянальных каштоўнасцяў можна прывесцi гiсторыю “аднаўлення” крыжа Ефрасiннi Полацкай. Як ведама, гэтая святыня беларускага народу была сканфiскаваная з полацкага Спаса-Ефрасiннеўскага манастыра бальшавiцкiмi ўладамi пры закрыццi манастыра i захоўвалася ў “залатой каморы” магiлёўскага музея, адкуль бясследна знiкла напярэдаднi захопу горада гiтлераўскiмi войскамi. Пасля вайны яе працяглы час не шукалi. Толькi праз сорак гадоў, на прысветку нацыянальнага адраджэння, паўстала праблема вяртання крыжа Ефрасiннi. Яго сталi шукаць на Захадзе! Звярталiся да найбуйнейшых амерыканскiх калекцыянераў. Але безвынiкова, бо кiрунак пошукаў быў штучны. Не шукалi толькi ў глухiх схронах маскоўскiх музеяў, архiваў i бiблiятэк, дзе хавалiся мiльёны трафейных дакументаў i помнiкаў мастацтва, пра наяўнасць каторых стала вядома толькi зараз.

У пачатку 90-х гадоў на хвалi адраджэння гiстарычнай памяцi нарадзiлася iдэя стварэння копii славутага крыжа. Інiцыятыву ўзяло на сябе таварыства “Бацькаўшчына”. Былi знойдзены грошы. За выраб копii ўзяўся брэсцкi мастак-медальер Кузьмiчоў. Праца цягнулася некалькi гадоў. І калi яна была скончана, новадзел (копiю) назвалi “адноўленным” крыжам Ефрасiннi Полацкай. Але ж аднаўленне, цi рэстаўрацыя, гэта аднаўленне ў першапачатковым выглядзе арыгiналу, пашкоджанага з цягам часу, чаго ў сапраўднасці не было. Мала таго, адноўлены крыж не быў перададзены ў музей, а вернуты ў манастыр, дзе яго спачатку асвяцiў мiтрапалiт Фiларэт, а пасля i патрыярх Алексiй II. Адбылося нават “уздзвiжанне адноўленага крыжа Ефрасiннi Полацкай” у Полацку.

Гэтыя бяскрыўдныя i нават высакародныя на першы погляд фактычна азначаюць замену страчанага (але не згубленага!) рарытэту на падробку, парушэнне царкоўнага канону i спыненне пошукаў арыгiналу. Калi ж сапраўдны крыж будзе знойдзены i вернуты ў Беларусь, у нас апынецца ажно два крыжы Ефрасiннi Полацкай. Адзiн – зроблены Лазарам Богшам, другi – Кузьмiчовым.

Нарэшце, ёсць яшчэ праблема народных святаў, каранi якiх сягаюць у сiвую старажытнасць. І Каляды, i Купалле, i Дзяды – гэта рэшткi язычнiцкага культу продкаў, шчыльна звязанага з земляробчым гадавым цыклам. З-за адзначанай вышэй асаблiвасцi духоўнай гiсторыi беларускага народу, для якой характэрнае працяглае суiснаванне хрысцiянства i паганства, нi царква, нi касцёл не здолелi дамагчыся iх поўнага злiцця з адпаведнымi рэлiгiйнымi святамi, хаця i вельмi iмкнулiся да гэтага. Трэба ясна ўсведамляць, што Каляды – гэта не Раство Хрыстова, а Купалле – не дзень памяцi Яна Хрысцiцеля. А святы, звязаныя з днямi зiмовага i летняга сонцастаяння. Таму праваслаўным зусiм не абавязкова адзначаць iх адпаведна 7 студзеня i 6 лiпеня, калi гэтыя днi даўно мiнулi. Амаль двухтыднёвае адставанне выклiкана тым, што праваслаўная царква карыстаецца састарэлым юліянскiм календаром. Ён, дарэчы, у Беларусi быў уведзены з загаду Кацярыны II толькi ў 1796 г. замест сучаснага грыгарыянскага календара, якiм карыстаюцца ва ўсiм свеце. Штучная прывязка калядаў i Купалля да рэлiгiйных святаў i пацягнула ў вынiку iх ссоўванне ад часу астранамiчных з’яваў, да якiх яны раней былi прывязаныя.

У паспяховым адраджэннi старажытных народных святаў вялізную ролю адыграў маладзёвы дэмакратычны рух. Таму ад моладзi найперш i залежыць спыненне гэтага штучнага раздваення i адзначэнне i Калядаў, i Купалля разам – атэiстамі, праваслаўнымі i католiкамі, як гэта адбываецца з Дзядамi. Тым болей, што нi адна канфесiя i не прэтэндуе на язычнiцкiя гульбiшчы. А народная еднасць i культурнае адраджэнне ад гэтага толькi выйграюць.

Усе пералiчаныя задачы дэмакратычнага руху ў галiне мiжканфесiйных дачыненняў вынiкаюць з вопыту пакручастай i супярэчлiвай гiсторыi духоўнай культуры Беларусi. Выканаць патрабаваннi гэтых урокаў, зразумела, могуць толькi людзi, якiя самi з’яўляюцца хрысцiянамi. Якiя ўспрымаюць запавет Хрыста аб братняй любовi не толькi як факт культурнай гiсторыi чалавецтва, а і як свой надзённы маральны абавязак. Мы жывем у такi цiкавы i адказны час, калi хрысцiянства, якое стварыла нашу нацыянальную культуру, можа аднавiцца ў сваёй першапачатковай чысцiнi i высакароднасцi i дапамагчы беларусам знайсцi свой шлях у будучыню.

Ад рэдакцыі:
Юрась Хадыка – доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Інстытута фізікі НАН Беларусі, шматгадовы намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне» і Партыі БНФ.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы