nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ФІКСУЕМ АКТЫ ЎЛАДНАГА ВАРВАРСТВА – 4

11 мая, 2006 | Няма каментараў

Апошнімі днямі назіраецца новая хваля нападаў на беларускую моладзь з боку прадстаўнікоў праімперскага  рэжыму. Вось некаторыя факты.
Рэдакцыя.

Два гады “хіміі” – за палітычныя графіці

10 траўня суд Першамайскага раёну Менску пакараў Артура Фінькевіча абмежаваньнем волі на два гады. “Маладафронтаўца” затрымалі 31 студзеня ў момант, калі ён рабіў надпіс на плоце вакол будоўлі на вуліцы Батанічнай. Міліцыянты абвінавацілі Артура ў пашкоджаньні дзяржаўнай маёмасьці на суму 35 мільёнаў рублёў! Паводле ЖЭС №6, каб зафарбаваць некалькі надпісаў, спатрэбілася 33 мільёны рублёў (больш 15 тысяч даляраў), аднак запатрабаваных дакумэнтаў у суд прадстаўнікі ЖЭС прынесьці ня здоленлі. Сёньня яны прынесьлі дакумэнтацыю, згодна зь якой страты склалі 461 тысячу рублёў (каля 200 даляраў). У сувязі з гэтым пракурор зьняла абвінавачаньне ў пашкоджаньні маёмасьці, але запатрабавала пакараць Артура абмежаваньнем волі на два з паловай гады за злоснае хуліганства.
Яна матывавала гэта тым, што палітычныя графіці абразілі жыхароў раёну. Довады адваката пра адсутнасьць скаргаў на гэта не паўплывалі на рашэньне судзьдзі. Вікторыя Зайцава пакарала Артура Фінькевіча “хіміяй” на два гады.

Масква: міліцыя затрымала беларуса, які напісаў “Жыве Беларусь!”

9 траўня ў Маскве міліцыя затрымала грамадзяніна Беларусі, 23-гадовага жыхара Менску па прозьвішчы Іванюковіч, які на шыльдзе пасольства Беларусі ў Расеі напісаў чорным маркерам  “Жыве Беларусь!” і “БТ хлусіць”. Іванюковіч працуе ў Маскве тэхнолягам у адной са сталярных кампаній. У дачыненьні да яго распачата крымінальная справа паводле артыкулу “вандалізм”.

У Магілёве затрымалі актывістаў за нацыянальныя стужкі

9 траўня ў Магілёве былі зьняволены актывісты мясцовай арганізацыі БСДП (Грамада). Са слоў адной з затрыманых, якая назвалася па тэлефоне Сьветай, чацьвёра маладых сацыял-дэмакратаў зьбіраліся павіншаваць вэтэранаў з днём Перамогі. На плошчы, дзе адбывалася афіцыйная ўрачыстасьць, іх затрымалі й даставілі ў Ленінскі РАУС. Цягам трох гадзінаў грамадзкіх актывістаў дапытвалі без афармленьня пратаколу. Паводле міліцыі прычына затрыманьня заключалася ў тым, што ў маладых людзей былі значкі “Свабода” й бел-чырвона-белыя стужкі…

Паводле матэрыялаў радыё “Свабода”.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы