Барыс Керзач
Мы ў рэдакцыі паглядзелі, што ў нас накопліваецца занадта шмат фактаў, якія прымушаюць зьняць ружовыя акуляры з позірку ў бок Захаду і прыглядзецца да яго больш уважліва (гл. папярэднія матэрыялы – “ЗАХАД ВА ЎПОР НЯ БАЧЫЦЬ ГАЛОЎНУЮ БЕЛАРУСКУЮ ПРАБЛЕМУ – ЭТНАЦЫД” https://nashaziamlia.org/2006/04/28/68/; “ЗА СВАБОДУ ЧАЧНІ : НАША САЛІДАРНАСЬЦЬ і НІКЧЭМНАСЬЦЬ ЗАХАДУ” https://nashaziamlia.org/2006/05/06/80). У выніку мы вырашылі адкрыць новую тэматычную рубрыку – “Прыглядаемся да Захаду” (нумар 3 у ёй адпавядае фактычна 3-му матэрыялу па дадзенай тэме).
Спачатку трохі перапрацаваная цытата:
“У Вільні адбыліся паседжаньні міжнароднай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і канфэрэнцыя яго донараў, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі буйных фондаў і дыпляматычнага корпусу ЗША і эўрапейскіх краінаў. На гэтых паседжаньнях прэзыдэнт Фонду МакАртураў Джонатан Фэнтан абвясьціў пра стварэньне міжнароднага камітэту падтрымкі ЭГУ, які будзе ачольваць ён сам разам з Лойдам Эксуорці (Lloyd Axworthy), прэзыдэнтам унівэрсытэту Ўініпэгу і былым міністрам замежных справаў Канады. У складзе камітэту былыя і цяперашнія рэктары і ганаровыя прэзыдэнты ўнівэрсытэтаў Паўночнай Амэрыкі і Эўропы. Джонатан Фэнтан сказаў Радыё Свабода, што стварэньнем гэтага камітэту лідэры вядомых унівэрсытэтаў заяўляюць усяму сьвету, што ЭГУ – сур’ёзная інстытуцыя, якой варта дапамагаць. (Фэнтан: ) “Я быў вельмі ўсьцешаны чуць ад прадстаўнікоў прыватных фундацыяў і прадстаўнікоў урадаў эўрапейскай супольнасьці абавязацельствы падтрымаць ЭГУ. Я думаю, ЭГУ будзе мець добрую падтрымку. Гэты ўнівэрсытэт падрыхтоўвае новае пакаленьне для Беларусі, і гэта сымбаль акадэмічнай свабоды, таму праекты ЭГУ знаходзяць падтрымку ўсяго сьвету. Гэта будзе фінансаваньне розных праектаў – да прыкладу, фонд МакАртураў падтрымае цэнтар гендэрных студыяў, фонд Карнэгі – цэнтар па вывучэньні памежных рэгіёнаў…”.
Тым часам фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, створаны яшчэ ў 1996 годзе, не падтрымлівае кантакты зь цяперашнімі донарамі ЭГУ. Яго ачольвае Дэйвід Сўорц – першы амбасадар ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Гэты фонд быў створаны дзеля заснаваньня ЭГУ як вышэйшай навучальнай установы, якая б найперш спрыяла захаваньню і разьвіцьцю беларускай мовы і культуры. Прадстаўнікі гэтага фонду ня ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі. Два тыдні таму Д.Сўорц наведваў ЭГУ ў Вільні і адзначыў, што беларусістыка там займае досыць сьціплае месца. Паводле Д.Сўорца, беларускія студыі – гэта адзінае, што магло б зрабіць ЭГУ насамрэч адметным і ўнікальным эўрапейскім унівэрсытэтам. Больш за тое, адміністрацыя ЭГУ пасьля пераезду ў Вільню ня раз заяўляла пра сваё памкненьне падтрымліваць беларушчыну.
Цяперашнія донары ЭГУ не патрабуюць разьвіцьця беларусістыкі. Адзін з дырэктараў фонду МакАртураў Джон Слокум паведаміў Радыё Свабода, што Фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту не супрацоўнічае зь цяперашнімі донарамі ЭГУ, якія ня вызначаюць беларушчыну як неабходную ўмову дзеля атрыманьня фінансавай падтрымкі ЭГУ. (Слокум: ) “Фонд МакАртураў падтрымліваў ЭГУ праз фонд Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту да таго часу, пакуль унівэрсытэт ня быў закрыты ў Менску. Ад гэтага часу, паводле ўзаемнага пагадненьня, мы болей не працуем разам у справе падтрымкі ЭГУ. Падтрымка ЭГУ з боку фонду МакАртураў не перадумоўленая ніякім адмысловым узроўнем беларускіх студыяў, так што гэта не прыярытэтны фактар для нашай падтрымкі”.
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт дзейнічае ў Вільні як унівэрсытэт на выгнаньні і акрэдытаваны ў Літве ў якасьці ВНУ. Каля 1000 студэнтаў ЭГУ навучаюцца завочна, дыстанцыйна і на стацыянары. У Вільні на дзённых аддзяленьнях – каля 150 студэнтаў, у іх ліку – 12 (30 паводле сьпісу) студэнтаў аддзяленьня беларусістыкі, адкрытага сёлета. Заняткі адбываюцца ў памяшканьнях віленскага ўнівэрсытэту імя Мікалая Ромэра. Навучаньне і інтэрнаты для студэнтаў бясплатныя, аднак няма стыпэндыяў, а працаваць студэнты ня маюць магчымасьці. На цяперашні момант ЭГУ атрымлівае фінансавую падтрымку фонду МакАртураў і Карнэгі, Інстытуту адкрытага грамадзтва (Фонд Сорасу), а таксама ад Эўрапейскай камісіі, Дзярждэпартамэнту ЗША і некалькіх эўрапейскіх урадаў”. (Паводле інфармацыі радыё “Свабода” ад 11 траўня 2006 г., журналісткі Тацяны Поклад,)
Што можна зразумець з гэтага тэксту і дадаткова даведацца з тых зьвестак, якія нам удалося атрымаць.
1. 10 гадоў таму Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ) ствараўся як вышэйшая навучальная ўстанова, якая б найперш спрыяла захаваньню і разьвіцьцю беларускай мовы і культуры. Гэтая ідэя перамагла ў параўнаньні зь дзьвюмя іншымі: ідэяй старшыні Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алега Трусава аб стварэньні Беларускага нацыянальнага універсітэта з поўнасьцю беларускамоўным навучаньнем, а таксама ідэяй старшыні Таварыства беларускай вышэйшай школы (ТБВШ) Алеся Астроўскага аб фінансаваньні выданьня сучасных беларускамоўных падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ Беларусі ды падтрымкай выкладчыкаў дзяржаўных ВНУ Беларусі, якія выкладаюць па-беларуску.
2. Аднак, хутка сярод выкладчыкаў ЕГУ сталі перавагаць людзі, якія былі ня проста няўтральнымі ў стаўленьні да беларускай справы, а і часта варожымі да яе. Абсалютна дамінуючай мовай выкладаньня хутка стала… руская. Ды й выкладалася ў ЕГУ больш юдаіка, чым беларусчына…
3. Далей – болей. Вядомы факты, калі кіраўнікі ЕГУ адмыслова падбіралі для навучаньня ва універсітэце студэнтаў антыбеларускай накіраванасьці ці настройвалі іх па-антыбеларуску. У выніку ў ЕГУ былі інцыдэнты, калі частка студэнтаў зрывала заняткі тых выкладчыкаў, якія пачыналі выкладаць па-беларуску. Такога да гэтай пары не было нават у дзяржаўных ВНУ лукашэнкаўскай Беларусі!!!
4. Фонд ЕГУ на чале з Дэйвідам Сўорцам – першым амбасадарам ЗША ў Беларусі – спыніў фінансаваньне гэтай установы (відаць, Дэйв Сўорц – і гэта адзіная добрая навіна – прыстойны чалавек. Яго варта запомніць на будучыню разам з узгаданымі раней – https://nashaziamlia.org/2006/04/28/68 – Янушам Анышкевічам, Тоомасам Гендрык Ілвэсам, Адрыянам Сэвэрынам, Расай Юкнявічэне, Лаўрасам Бялінісам, Бэрнтам Посэльтам…). …
5. Затое спляжаньне ідэі атрыманьня добрай беларускамоўнай вышэйшай адукацыі відавочнае! У гэтым сэнсе ў спадзяваньні на разуменьне і падтрымку з боку Захаду ўжо страчана 10 гадоў!!! Аказваецца, увесь гэты час і вялікія грошы, прызначаныя на «барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі» ў выглядзе фінансаваньня ЕГУ, пайшлі, па сутнасьці, на дзейнасьць, скіраваную супраць аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу!
6. Хто стаў дапамагаць ЕГУ «утрымацца на плаву», калі гэтая ганебная антыбеларуская дзейнасьць раскрылася? Каму даспадобы антыбеларуская дзейнасьць Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта ў яго сучасным выглядзе?… А гэта тыповыя прадстаўнікі «цывілізаванага, дэмакратычнага» Захаду – «фонд МакАртураў, фонд Карнэгі, Фонд Сораса, Эўракамісія, Дзярждэп ЗША і некалькіх эўрапейскіх урадаў». Добра, запомнім…
Беларусы, пара працерці вочы і паглядзець на Захад крытычна! Канешне, там яшчэ можна сустрэць прыстойнага чалавека – і гэта відавочна адрозьнівае заходнюю палітычную эліту ад расейскай – але іх і там абсалютная меньшасьць. Вырашальны голас практычна заўсёды атрымліваецца за тымі, хто:
– дамогся вяшчаньня «Нямецкай хвалі» на Беларусь так, як хацела Масква – па-руску;
– падтрымлівае рускамоўныя незалежныя СМІ ў Беларусі;
– абсалютна не хвалюецца праблемай: куды падзеліся 500.000 беларусаў у «дэмакратычнай» Польшчы;
– ігнаруе сапраўдных беларускіх патрыётаў, усяляк абмяжоўваючы іх падтрымку, затое пастаянна падтрымлівае і назойліва папулярызуе ў Беларусі й Сьвеце ў лепшым выпадку абсалютна неўтральных у адносінах да аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу асоб (тыпу Манаева, Леванеўскага, Клімава, Бандажэўскага) і арганізацыі (тыпу «Хартыі»);
– ні ў якім разе не жадае прызнаваць, што галоўнай беларускай праблемай зьяўляецца этнацыд;
– падтрымлівае беларускую апазіцыю ў такім стане, каб яна ні ў якім разе не набыла рысаў самастойнасьці, суб’ектнасьці, аб’яднаўшыся вакол абароны аб’ектыўных інтарэсаў беларускага грамадства;
– і г.д., і т.п.;
– і вось цяпер яшчэ спляжыў ідэю Еўрапейскага гуманітарнага універсітэту, як цэнтру сусьветнай беларусістыкі, як Вышэйшай навучальнай установы беларускамоўнага гуманітарнага навучаньня еўрапейскага ўзроўню, а праз гэта спляжыў ідэю пачатку любой цалкам беларускамоўнай вышэйшай адукацыі!
Такім чынам, жадаем мы гэтага ці не, але вымушаны прызнаць: цяперашні «Захад», калі браць у цэлым, у адносінах да нашага народу калі і не вораг (галоўны і несумніўны вораг беларускага народу на сёньня – гэта расейская імперская бюракратыя), дык ні ў якім разе не сябра! І спадзявацца на яго сёньня нельга!!!
У рэдакцыі мы дамовіліся зафіксаваць гэта як чарговы дактрынальны прынцып нашай працы (Д пр-п 5).