Алесь Астроўскі
У 1995 г., калі я ўжо быў доктарам медыцыны, мне давялося перажыць вялікі нутраны крызіс (як, відаць, і многім чытачам). Аказалася, што я зусім ня ведаў наша грамадства. У мяне было адно ўяўленьне пра яго ўласьцівасьці, а яно ў большасьці было іншым. Я ж думаў, што людзі (а тым больш, беларусы) ні за што не прададуць на злачынным “рэферэндуме” сьвятыя каштоўнасьці ўласнага народу – мову, нацыянальна-гістарычныя сімвалы. А яно вунь як выйшла… Як сьпявала Пугачова:”За цукерку, за таблетачку зьнялі дзетку-малалетачку”.
Пра такі вынік папярэджвала апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце. Група дэпутатаў нават аб’явіла галадоўку пратэсту (гл. фота). Але ўлада і СМІ Беларусі ўжо былі захоплены рэжымам, які, паставіўшы “спектакль аднаго актору”, дамогся свайго – захапіў Парламент, зьбіў дэпутатаў, прапагандысцкі згвалціў грамадства, “выйграў рэферэндум”.
Мне давялося зрабіць свае высновы і пачаць гуманітарную самаадукацыю…
У выніку стала зразумела, што проста той “рэферэндум” ніякім рэферэндумам ня быў. І гэта прынцыповы момант. Гэта была дзікунская PR-кампанія купкі маскоўскіх і прамаскоўскіх падонкаў, дасьведчаных у выкарыстаньні маніпулятыўных тэхналогій…
Дадаткова высьветлілася, што грамадская маса любой краіны (!) ў сваёй абсалютнай большасьці зьяўляецца аб’ектнай (І БЕЛАРУСЫ ТУТ НІЯКІМ ВЫКЛЮЧЭНЬНЕМ НІ Ў ГОРШЫ, НІ Ў ЛЕПШЫ БОК НЕ ЗЬЯЎЛЯЮЦЦА!). Яна рэагуе на падзеі й жыцьцёвыя абставіны, у асноўным, у форме пасіўнага прыстасаваньня да іх. А гэтыя абставіны, у сваю чаргу, заўсёды можна “падкарэктаваць” так, каб забясьпечыць рэакцыю масы, патрэбную ўладутрымаючым.
Аб’ектнасьць любога грамадства (!), кожнай масы, у якую з дапамогай дэзарыентуючых інфармацыйных тэхналогій пераўтвараецца народ, на сёньняшнім этапе разьвіцьця чалавецтва зьяўляецца навуковым фактам. Зь яго вынікае выснова: НАРОД ЛЮБОЙ КРАІНЫ НІКОЛІ НЕ БЫВАЕ ВІНАВАТЫ Ў ТЫХ ПАДЗЕЯХ, ЯКІЯ ЗЬ ІМ АДБЫВАЮЦЦА. СУБ’ЕКТАМ ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАГА ЖЫЦЬЦЯ МОЖА БЫЦЬ ТОЛЬКІ ПАЛІТЫЧНАЕ КІРАЎНІЦТВА І НЕВЯЛІКАЯ ЧАСТКА НАРОДУ, ЯКАЯ СКЛАДАЕ НАЦЫЯНАЛЬНУЮ ЭЛІТУ. У грамадстве толькі апошняя мае патэнцыйныя здольнасьці самастойна вызначаць свае мэты, кантраляваць працэс іх дасягненьня і супрацьстаяць PR-аўскаму ўплыву кіроўнай бюракратыі. Таму казаць, што людзі ў нечым вінаватыя ў той ці іншай хадзе грамадска-палітычных падзей, што яны не зрабілі ці не робяць тое, што быццам бы павінны – гэта альбо грамадска-палітычнае непісьменства, альбо наўмысная дэзынфармацыя, хлусьня.
Давайце зафіксуем дадзенае палажэньне, як яшчэ адзін дактрынальны прынцып нашай рэдакцыі (Д пр-п 6).
Скажэньне дадзенага прынцыпу вельмі непрыемна назіраць з боку тых, хто мае гуманітарную адукацыю (гісторыкі, сацыёлагі, псіхолагі, палітолагі, журналісты, іншыя) – асабліва непрыемна з боку тых, хто быццам бы павінен бараніць наш народ.
Так, журналіст радыё “Свабода” Іна Студзінская ў сваім (за 9 траўня г.г.), здавалася б, бяскрыўдным дасьледваньні сучаснага стану беларускамоўных дзіцячых садкоў заяўляе: “… нават тыя нешматлікія садкі й беларускамоўныя групы, што ёсьць, не запоўненыя. І СПРАВА ТУТ ЗНОЎ ЖА… У БАЦЬКАХ” (?!).
Вось і прыехалі… Бацькі заўсёды імкнуцца зрабіць лепш сваім дзецям. А прамаскоўская посткамуністычная бюракратыя, якая зараз пануе ў Беларусі, стварае такія ўмовы, што бацькам здаецца, што для іх дзяцей будзе лепш, калі яны аддадуць сваіх дзяцей у рускамоўныя садкі й школы.
Не разумець таго, што галоўныя вінаваныя ў такіх паводзінах як раз не бацькі, а прадстаўнікі цяперашняга рэжыму, зацыкленыя на этнацыдзе беларусаў (У ІХ СПРАВА!!!), для чалавека, які напэўна мае гуманітарную журналісцкую адукацыю і працуе на радыё “Свабода”, проста недаравальна!
Шмат асабістых высілкаў і часу было патрачана на тое, каб патлумачыць беларускім грамадска-палітычным апазіцыйным дзеячам (у тым ліку і Аляксандру Мілінкевічу), як трэба рабіць беларусізацыю ў выпадку, калі зноў зьявіцца магчымасьць яе праводзіць. Тлумачыў, што, напрыклад, у сістэме адукацыі галоўнае для забесьпячэньня посьпеху беларусізацыі не дзіцячыя садкі й першыя класы школ, а… вышэйшыя навучальныя ўстановы! Менавіта зь іх трэба пачынаць – і таму што гэта прасьцей, і таму што гэта эфектыўней… Ды й негатыўны досьвед беларусізацыі, пачынаючы зь дзіцячых садкоў, у нашай зусім нядаўняй памяці…
На вачах многіх зь лідараў сучаснай “аб’яднанай апазіцыі” (у тым ліку Мілінкевіча) адбывалася дзейнасьць Гродзенскай гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай вышэйшай школы” (у канцы 2005 г. арганізацыя была прымусова зьліквідавана ўладамі). На працягу 9 гадоў ТБВШ у асноўным на чыстым энтузіязьме і ва ўмовах этнацыднай дыктатуры рабіла ўсё магчымае, каб захаваць нешматлікія выпадкі беларускамоўнага выкладаньня ў нашых ВНУ.
І вось, у інтэрвю радыё “Свабода” за 8 лютага г.г., прысьвечаным адраджэньню нацыянальнай культуры, будучы «адзіны кандыдат ад аб’яднаных апазіцыйных сіл» заяўляе: «…Беларуская мова павінна вяртацца паступова, АД САДОЧКАЎ ЗЬ ПЕРШЫХ КЛЯСАЎ ШКОЛЫ».
Застаецца толькі паставіць ???…
Усё, уводзім чарговы дактрынальны прынцып працы нашай рэдакцыі (Д пр-п 7): беларуская мова ў будучай Беларусі будзе ўводзіцца праз эфектыўнае авалоданьне ёю ўсяго дзяржаўнага чыноўніцтва, праз запаўненьне ёю нашай інфармацыйнай прасторы, праз беларусізацыю сістэмы адукацыі, ПАЧЫНАЮЧЫ З ВЫШЭЙШЫХ НАВУЧАЛЬНЫХ УСТАНОЎ!
У заключэньні застаецца неразгаданым толькі адно пытаньне: чаму прадстаўнікі такіх “свабодных” структур (радыё “Свабода”, рух “За Свабоду”) ў сітуацыі, калі ім трэба проста сказаць вядомую ім праўду, паводзяць сябе так, быццам бы яны – людзі няведаючыя.
А, можа, прычына ў тым, што яны як раз не “свабодныя”, а… залежныя?