nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ Ў ІНТЭРПРЭТАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ КАТАЛІЦКІХ СВЯТАРОЎ (кБНІ)

16 мая, 2006 | Няма каментараў

Янка Трацяк
Нацыянальныя праблемы заўсёды былі ў цэнтры ўвагі духавенства. З ростам нацыянальнай самасвядомасці народа ў першых дзесяцігоддзях ХХ ст. крышталізуецца нацыянальная скіраванасць, фармуецца свая ідэалогія ў асяродку як праваслаўнага, так і каталіцкага духавенства ў адносінах да рэлігійна-нацыянальных праблемаў з арыентацыяй на беларускасць. У сувязі з гэтым узнікае праблема тэарэтычнага асэнсавання духавенствам беларускай нацыянальнай ідэі, да чаго ў большай ступені прычыніліся беларускія каталіцкія святары.

У артыкуле “Ойча наш” беларуса” кс. Альдэфонс Бобіч пісаў : “Няхай будзе Воля Твая, як у небе, так і на зямлі. – Воля Твая хоча, каб усё стварэньне ішло сваім шляхам да супольнай мэты, каб усё расло паводле сваіх патрэбаў і натуры… каб адзін народ не перашкаджаў другому ўзмацняцца і спакойна працаваць над пазнаньнем Твайго Закону і над долі сваёй паляпшэньнем” [Prosty Piotra. “Wojcze nasz” Bielarusa // Belarus. – 1914. – 22 Studnia].

Казімір Сваяк (кс. Кастусь Стаповіч) у лісце да брата ставіў пытанне аб шчыльнай сувязі народнага руху з этыкай і рэлігіяй, паколькі яны закладзены ў натуры чалавека. Немагчымае адраджэнне народа без хрысціянства, яно “раскрываецца ў золкай міжнароднасці і этычнай разьвязанасьці. “Не пакідайце мовы роднай, каб не ўмерлі”. Не пакідайце рэлігіі глыбокай нашай, каб не загавець душой” [Сваяк Казімір. Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі. – Мн., 1992. – Выд.4. – С.11].

Святар Уладзіслаў Талочка ў агульных рысах разглядаў стаўленне каталіцкай царквы да нацыянальнага адраджэння, сцвярджаючы адсутнасць супярэчнасцяў між імі [Saladuch Adam // katolicki Kasciol u zycci i adradzenni narodau // Bielaruski Kalendar “Krynica” na 1920 h. – Wilnia, 1919]. Вартая ўвагі палеміка між Obserwator’am (У.Талочкам) i Operarius’am на старонках газеты “Przeglad Wilenski” вакол ідэалогіі, дзейнасці і перспектываў беларускага каталіцкага клеру. Так, Obserwator завастрыў праблему аб патрэбе распрацоўкі беларускай каталіцкай ідэалогіі і яе праграмы, без чаго немагчыма стварыць тып католіка-беларуса і беларускага каталіцкага каплана [Obserwator. Zadanni, ideologii kleru bialoruskiego // Przeglad Wilenski. – 1924. – N 21. – S. 2-4.; 1925. – N 1.- S. 5-6]. На што Operarius адказаў, што беларуская каталіцкая ідэалогія вынікае з ідэалогіі агульнахрысціянскай, каталіцкай, якая не можа быць апрацавана пад ідэалогію пэўнага народа… а беларуская ідэалогія сфармаваная згодна прынцыпу палітычнай і культурнай незалежнасці Беларусі і з’яўляецца агульнай для тых, хто імкнецца да гэтай незалежнасці [Operarius. О zadannia Katolickiego Kleru bialoruskiego // Przeglad Wilenski. – 1925. – N 1. – S. 24.; 1925. – N 2.- S. 5-6.; Стылістычна-параўнаўчы аналіз і ідэйны змест артыкулаў Operariusa дае права выказаць версію, што гэта, па ўсёй верагоднасці, адзін з псеўданімаў Адама Станкевіча].

Аналізуючы публіцыстыку Уладзіслава Талочкі, можна зрабіць некалькі заўваг да яго светапогляду, і ў прыватнасці, стаўлення да беларускіх праблемаў. Аб сваёй беларускасці ён заявіў адкрыта на старонках польскамоўнага друку: “Не будучы палітыкам, заўсёды цікавіўся палітычнымі ідэямі і, найбольш, лёсам беларускай ідэі. Для гэтага браўся за пяро, каб бараніць беларускі народ перад прагнасцю ворагаў, якія хацелі пазбавіць яго месца пад сонцам і нават самога імені (Белапольска!)” [Saladuch Adam. Pro domo sua // Przeglad Wilenski. – 1929. – N 19. – S. 6-7]. Уладзіслаў Талочка, трымаючыся больш абстрактна-кансерватыўнага погляду, лічыў, што дзейнасць Адама Станкевіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Язэпа Рэшаця ў беларусізацыі рэлігійнага жыцця з’яўляецца паспешлівай, залішне нацыянальнай і нават крайняй, што можа прывесці да адваротных вынікаў: народ, не сфармаваны ў нацыю, не зразумее такой дзейнасці. Больш увагі, згодна У.Талочку, павінна надавацца фундаменту хрысціянска-каталіцкаму праз шырокую культурна-асветную працу, чым фундаменту нацыянальнаму. Наагул жа, У.Талочка па сваіх поглядах быў бліжэйшы да “краёўцаў”: Т.Урублеўскага, Л.Абрамовіча – прадстаўнікоў тэорыі краёвага нацыянальнага трыадзінства – беларусаў, літоўцаў і палякаў. Шмат надзей ускладаў на аб’яднанне Беларусі і Літвы ў 1919-1920 гг. Крайне непрыхільна ставіўся да паланізацыйнай палітыкі праз касцёл, вёў бескампрамісную барацьбу з дэнацыяналізацыяй беларускага народу.

Больш грунтоўныя даследванні ў рэчышчы праблемы паходжання і самавызначэння нацыяў і іх права на існаванне і, у прыватнасці, апраўданне беларускага народа ў Божым агульнатворчым працэсе належыць святарам Янку Тарасевічу, Адаму Станкевічу і Вінцэнту Гадлеўскаму.

Характэрнай у сэнсе этнадыцыі (апраўданне этнасу, народа) з’яўляецца кніга “Беларусы ў сьвятле праўды” а. Янкі Тарасевіча. Кніга гэтая і на сённяшні дзень адзіная ў нашай навукова-публіцыстычнай літаратуры – гэта кніга “якая бярэ пад развагу глыбокія прынцыпы хрысьціянскай філасофіі і этыкі, якія нічуць не пярэчаць сьведамасьці і самаакрэсьленасьці беларуса” [Дзедзінка А Айцец Янка Тарасевіч // Божым шляхам. – Парыж, 1979. – N 150. – С. 15]. Перш-найперш аўтар раскрывае існасць праўды. Крыніцай праўды з’яўляецца Бог. Пасля з пункту гледжання праўды анталагічнай, лагічнай, рэлігійна-тэалагічнай, гістарычнай і сацыяльна-палітычнай сцвярджаецца права існавання беларусаў як народа, задуманага ў Божых планах і роўнага з іншымі народамі. Каб глыбей пазнаць існасць разважанняў а. Тарасевіча, прывядзём колькі цытатаў:

“Паводле планаў Божай прадбачнасьці, Беларускі народ заняў і засяліў пэўную часьць зямельнай прасторы, дзе ў выніку вякоў выраблялася яго асобная псыхалогія, утварылася і ад іншых моваў адрозьнівалася яго беларуская мова. А беларуская мова і беларуская псыхалогія на беларускай зямлі – гэта першыя вынікі выпаўненьня Божага загаду для нас, каб мы сталіся згоднымі з нашым у Божым сьвятым розуме ўзорам (…) Мова наша – гэта вялікі дар нам ад нашай маці Беларусі, а праз яе ад самога Бога. Дар гэты перадаецца бацькамі нашымі, як найдаражэйшы скарб. Згубіць скарб гэты – значыць зьнішчыць часьціну нашай беларускай істоты, часьць згоднасьці з розумам Божым: словам, надарваць, зьнішчыць праўду (…) Асьмяяць сваю родную мову – значыць тое, што асьмяяць сваю родную матку, сваю Бацькаўшчыну, самога сябе, ды Божы розум. Робяць гэта толькі людзі бясхарактарныя, альбо на жаль упаўшыя, у цемны заблудзіўшыя” [Tarasiewich Janka/ Bielarusy u swiatle praudy. – Wilnia, 1935. – S. 22, 28, 29, 33]. Як бачым, каментар да гэтых цытатаў не патрэбны.

Паводле Адама Станкевіча, нацыі ўзніклі згодна аб’ектыўных (раса, мова, рэлігія, супольныя звычаі, супольная тэрыторыя) і суб’ектыўных (супольнасць маралі, псіхікі, волі і свядомасці) прычынах. Апошняе – як завяршальны дзейнік паняцця пэўнага народа. Права на ўласную мову, рэлігію і культуру кожнай нацыі вынікае не толькі з права прыроднага, але і з хрысціянскай навукі, з загаду Хрыста навучаць усе народы (Мацв.28:29; Ап.Дз. 2:4-11). Далей А.Станкевіч цытуе рускага філосафа У.Салаўёва, які словы Хрыста “навучайце ўсе народы” – па-стараславянску “вся языкі” – тлумачыць гэтак: “Вся языки – ни один не исключен, но ни один и не назван; ибо отныне не теократия приурочена к одной национальности, а к одиной теократии приурочены все народности» [Станкевіч Адам. Хрысціянства і Беларускі народ (спроба сінтэзы). – Вільня, 1940. – С.52-63].

“Галоўны прынцып хрысьціянскай навукі, – пісаў А.Станкевіч, – гэта прызнаваць, уцьвярджаць і паглыбляць асабовасьць чалавека, як першага і адзінага асяродка поступу й культуры (…) Такім чынам кожная нацыянальнасьць у сьвятле Хрыстовай навукі ёсьць матэрыялам не для нішчэньня яго, але для тварэньня з яго культурных вартасьцяў” [Станкевіч Адам. Хрысціянства і Беларускі народ (спроба сінтэзы). – Вільня, 1940. – С.156-158]. У хрысціянстве кожны народ можа знайсці вялікую маральную абарону і апору нацыянальнага жыцця, у тым ліку і беларускі народ. Толькі “Беларускі народ, будучы раздвоены рэлігійна, духова, мусіць шукаць адзінства, мусіць шукаць сваёй рэлігійнай і нацыянальнай сінтэзы” [Станкевіч Адам. Хрысціянства і Беларускі народ (спроба сінтэзы). – Вільня, 1940. – С.174]. Пошукі такой “сінтэзы”, згодна А.Станкевіча, з’яўляюцца галоўным кампанентам нацыянальнай ідэі, якая выплывае з палітычнай і культурнай супярэчнасці Захаду і Усходу, з розніцы маскоўскага праваслаўя і польскага каталіцтва: “тут мусіць вытварыцца пасярэдні тып культуры, які, трымаючыся на сваёй нацыянальнай восі, лучыў-бы і асіміляваў-бы элементы ўсходнія й заходнія, бо калі задалёка пахіснуцца ў бок, – на ўсход ці на захад: страціў бы роўнавагу й загінуў-бы” [Станкевіч Адам. Хрысціянства і Беларускі народ (спроба сінтэзы). – Вільня, 1940. – С.177-179]. У тварэнні адзінства рэліійнага і нацыянальнага А.Станкевіч бачыць задачу-мінімум. Спробай такога адзінства, “праявай патрэбы душы нашага народа й натуральных праяў самой сутнасці хрысціянства” магла б стаць Унія, якую належала б праводзіць “у плошчы гарманічнага нацыянальнага і рэлігійнага сужыцьця Беларусаў каталікоў і праваслаўных”, што не толькі аб’яднала б народ, але адначасна паслужыла б для аб’яднання Усходу і Захаду [Станкевіч Адам. Хрысціянства і Беларускі народ (спроба сінтэзы). – Вільня, 1940. – С.7]. Такім чынам, у рэлігійнай і нацыянальнай “сінтэзе” Адам Станкевіч бачыць беларускі рэлігійны абавязак, які ўскладзены на беларускі народ гісторыяй і самім Богам.

Многія беларускія святары бачылі ў такой “сінтэзе” царкоўную унію. [Трацяк Янка. Царкоўная унія ў ацэнцы беларускіх каталіцкіх святароў (20-30 гг. ХХ ст.) // Наш радавод. – Кн.7. – Гродна, 1996. – С.399-403].

Рэалізацыя нацыянальнай ідэі, згодна ідэалогіі святароў, павінна праходзіць эвалюцыйным шляхам. Тым не менш А.Станкевіч адзначае, што “хрысьціянская палітычна-грамадская навука дазваляе з аружжам у руках ваяваць з ворагам, які несправядліва напаў на чыю бацькаўшчыну… а так жа аружна паўстаць якому народу ці грамадзянству проціў яўнай тыраніі, якая гвалтуе прыродныя правы яго і калі іншыя больш годныя спосабы барацьбы за волю ўжо выкарыстаны і не давялі да мэты” [Stankiewich Ad. Kazimier Swajak. Narysy ab jahonaj ideolohii. (U 5-yja uhodki smierci). – Wilnia, 1931. – S. 41-42].

Цікавую інтэрпрэтацыю дачыненняў рэлігійнага і нацыянальнага прапануе вядомы беларускі дзеяч В.Гадлеўскі: “Рэлігія, наказуючы паважаць бацькоў няменш, канечне, наказвае паважаць Бацькаўшчыну, як супольную матку ўсяго народу” [Hadleuski W. Niezaleznasc Bielarusi i Katalicki Kasciol // Krynica. – Wilnia, – 1921. – 3 Krasawika]. Асаблівае значэнне В.Гадлеўскі надаваў нацыянальнай ідэі, якая, на яго думку, прабуджае ў чалавека ахвоту да працы, да ахвярнасці і да геройства: “Здаецца, што ніякая філязафічная ідэя ня можа прабудзіць у чалавеку столькі жыцьцёвых сілаў, колькі прабуджае добра зразумелая нацыянальная ідэя!” [Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка. Патрэба нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2 . – С.39]. У адносінах да нацыяналізму ён вызначае абарончы, творчы і імперыялістычны нацыяналізм. Абарончы патрэбны народу, каб уратаваць сябе ад нацыянальнай смерці. Але гэтага недастаткова: нацыя “павінна адначасна тварыць, разьвіваць свае нацыянальныя вартасьці, сваю мову, сваю літаратуру й мастацтва, ідучы разам з гэтым да здабыцьця для сябе палітычных правоў, роўных зь іншымі народамі”. Калі нацыя не імкнецца да гэтага, яна не з’яўляецца паўнавартаснай і знікне з вобліку зямлі [Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка. Патрэба нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2 . – С.40].

У наступным артыкуле В.Гадлеўскі дае такое вызначэнне нацыі: “… нацыя – гэта ня толькі сужыцьцё людзей на адной тэрыторыі, злучаных адной мовай і сваёй культурай, але і супрацоўніцтва на карысьць цэльнасьці, да чаго патрэбная сьведамасьць і воля ўтрымоўваць і бараніць собскую супольнасьць – народ” [Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка. Патрэба нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2 . – С.42]. Ідэалогія В.Гадлеўскага прасякнутая ўзнёслым, глыбокім нацыянальным пафасам незалежніцкіх ідэяў. Так, прычыны малаэфектыўнасці беларускага руху, маруднасці пры ажыццяўленні і пашырэнні нацыянальнай ідэі ў палітычных сферах ён бачыць у змяшанні беларускай акцыі з рознымі інтэрнацыянальнымі і нацыянальнымі плынямі, у той час як сама беларуская ідэя набірае моц у шчыльнай сувязі з нацыянальнымі вартасцямі, традыцыямі, культурай і гісторыяй свайго народу [Гадлеўскі Вінцэсь. Публіцыстыка. Патрэба нацыянальнай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2 . – С.39].

На думку В.Гадлеўскага, неабходна выпрацаваць чыстую беларускую ідэалогію, якая б цалкам была пазбаўлена розных чужацкіх уплываў: камуністычных, польскіх, рускіх, літоўскіх, нямецкіх, – паводле якіх дзялілі беларусаў і вызначалі не толькі іх арыентацыю, але грамадскую ідэалогію і палітычныя імкненні [Гадлеўскі В. Прычыны нашага часапісу // Беларускі фронт. – 1936. – N 1]. В.Гадлеўскі выступае супраць усякіх нацыянальна-аб’яднаўчых ідэй. У артыкуле “Аб Славянскай ідэі” ён даводзіць, што славянскай салідарнасці як такой няма. Ініцыятарамі яе з’яўляюцца тыя, хто імкнецца пашырыць свае ўплывы на іншыя славянскія народы. “Расія душыць беларуса і ўкраінца, чэх – славака, серб – баўгара і харвата… Аж зямля славянская стогне ад “братняй салідарнасці” [Гадлеўскі В. Аб славянскай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2]. “Беларускі народ, – пісаў В.Гадлеўскі, – найбольш пацярпеў ад славянскіх народаў, і дзеля гэтага няма ў ім вялікага славянафільства, яго славянская салідарнасць праяўляецца толькі ў форме служэння іншым славянскім народам” [Гадлеўскі В. Аб славянскай ідэі // Спадчына. – 1993. – N 2]. Асуджаў В.Гадлеўскі і беларускае літвафільства [Гадлеўскі В. Беларускае літвафільства // Спадчына. – 1993. – N 2], крытычна ставіўся да рэарганізацыі БХД у БНА, бачыў у гэтым аб’яднанні “руку Масквы” [Пануцэвіч Вацлаў. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі – Дзяржаўны муж і правадыр народу // Спадчына. – 1993. – N 3. – С. 64], але найбольш ён здзівіў сваіх калегаў-святароў выказваннем: “Сягоньня рэлігія – гэта рэч прыватная ў публічным жыцьці, а тым больш у палітыцы яна не адыгрывае ролі. Сягоньня важны для свету нацыяналізм” [Пануцэвіч Вацлаў. Кс. Вінцэсь Гадлеўскі – Дзяржаўны муж і правадыр народу // Спадчына. – 1993. – N 3. – С. 68]. Такі паварот думак на першае месца ставіць нацыяналізм як асноўны сродак у дасягненні палітычнай незалежнасці. Інакш кажучы, не столькі прынцыпы хрысціянскай маралі (любоў, пакора, цярпенне, спагада і інш.), колькі нацыянальна-патрыятычнае самасцвярджэнне народа можа быць гарантам у яго змаганні за сваю дзяржаўнасць.

Замест высноў нагадаем, што беларускія каталіцкія святары ў сваёй рэлігійна-нацыянальнай дзейнасці строга арыентаваліся на кнігі Святога Пісання, царкоўныя каноны і пастановы сабораў, на падставе чаго абгрунтоўвалі права на існаванне беларускага народа, апраўдвалі яго нацыянальныя пошукі, выпрацоўвалі ўласна беларускую нацыянальную ідэалогію і самі праводзілі адпаведную работу.
Ад рэдакцы:
Янка Трацяк
– на час канферэнцыі – выкладчык кафедры беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, сябра ТБМ (Гародня).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы