nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДЗЕЙНАСЦЬ УНІЯЦКАЙ ЦАРКВЫ Ў КАНСАЛІДАЦЫІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА (Ч І; кБНІ)

18 мая, 2006 | Каментары (1)

Святлана Марозава

Гісторыя – гэта кніга, напісаная пераможцамі. Тыя пераможцы, якія знішчалі наш народ, цывілізавана ці па-варварску, духоўна або фізічна, нярэдка прыпісвалі сабе ролю яго вызвольніка, выратавальніка, абаронцы, дабрадзея (цар Аляксей Міхайлавіч, Кацярына ІІ, Сталін, Гітлер – спіс можна працягваць).

Афіцыйная версія гісторыі уніяцкай царквы напісана тымі і на заказ тых, хто перамог яе ў 1839 г. Зразумела, на старонках гэтай «кнігі» не знайшлося месца добрай памяці пра берасцейскую ўгоду 1596 года. Стацкі саветнік Мікалай Бантыш-Каменскі ў канцы XVІІІ ст., родапачынальнік беларускага нацыянальнага нігілізму прафесар Міхаіл Каяловіч у другой палове ХІХ ст. і савецкія эпігоны “западно-руссизма”, якія вызвалялі народ ад рэлігіі наогул, падавалі гэтую старонку беларускай мінуўшчыны як 200-гадовую гісторыю гвалту і здзеку з беларусаў, іх духоўнага вымірання пад уніяцкім ярмом. Іншай трактоўкі не варта было і чакаць ад прадстаўнікоў гістарыяграфіі праваслаўнай царквы, чые пазіцыі ў XVII-XVIII стст. моцна пацясніла уніяцтва, што скансалідавала пад сваім крылом да 3/4 беларускага народа, і ад прыдворных гісторыкаў дзяржавы, якая стагоддзі пераследавала рэлігійную еднасць, аж пакуль не паставіла на ёй кропку.

Сёння відавочная тэндэнцыйнасць, зададзенасць і аднабаковасць той рэдакцыі гісторыі уніі, якая падавала амаль чвэрцьтысячагадовую дзейнасць царквы ў этнаканфесійнай кансалідацыі нашых продкаў выключна разбуральнай у сферы культуры і асімілятарскай у этнічным плане, падавала створаныя ёю каштоўнасці чужымі і варожымі беларускаму народу, ігнаравала намаганні яе лідараў дасягнуць рэлігійнай самастойнасці Беларусі на аснове уніі. Але гэты адыёзны вобраз уніі беларуская гістарыяграфія, якая сама так і не стала крыніцай кансалідацыі нацыі, чым з’яўляюцца польская, руская ды іншыя гістарыяграфіі для сваіх народаў, прышчапіла ў гістарычную свядомасць беларускага грамадства.

Наш погляд на праблему грунтуецца на наступных метадалагічных падыходах: разлядзе Беларусі не як аб’екта, а як суб’екта гісторыі, гэта значыць творцы ўласнага лёсу; улік абумоўленасці спецыфікі гістарычнага шляху, пройдзенага нашым народам, геапалітычным фактарам; прызнанні таго, што рэлігіі не застаюцца нязменнымі, а трансфармуюцца ў ходзе гісторыі, адаптуюцца да новых этнічных, дзяржаўных, грамадскіх умоў; прызнанні спалучэння традыцый і навацый як залогу прагрэсу культуры; успрыманні Брэсцкай уніі як працэсу пошуку нашымі продкамі свайго тыпу рэлігіі, якая б найлепей адпавядала этнакультурным запытам беларусаў.

Рэлігійная інтэграцыя 1596 г. была выклікана да жыцця як збегам унутраных абставін, так і цэлым комплексам еўрапейскіх рэлігійна-палітычных стасункаў канца XVI ст. Другая палова гэтага стагоддзя з’яўляецца часам бурных царкоўных абастрэнняў і часам стварэння новай духоўнай і этнакультурнай сітуацыі ва Усходняй Еўропе і на Беларусі.

У комплексе перадумоваў і прычын Брэсцкай уніі вылучаюцца наступныя:
1. Заняпад праваслаўнай царквы Вялікага княства Літоўскага, з аднаго боку; наступ ваяўнічага посттрыдэнцкага каталіцызму, які ішоў на Беларусь з Польшчы ці праз Польшчу і ў польскай упакоўцы, – з другога; і заяўка Масквы, асабліва пасля стварэння ў 1589 г. уласнага патрыярхата, аб сваёй рэлігійна-культурнай і месіянскай выключнасці (тэорыя “Масква – трэці Рым”), з трэцяга боку, прымушалі мясцовых лідараў хрысціянства шукаць рэлігійную альтэрнатыву праваслаўю і каталіцтву [ Европейське відродження та украінська література XIV-XVIII стст. – Киів, 1993. – С.323 ]. Абстаноўка пастаяннай канфрантацыі ўсходняга і заходняга хрысціянства на тэрыторыі Беларусі, расцягванне праваслаўнага насельніцтва касцёлам, пратэстанцкімі абшчынамі, ерэтычнымі сектамі патрабавалі пошуку шляхоў выхаду са складанай міжканфесійнай сітуацыі і рэлігійнай кансалідацыі народа.

2. Завяршалася фармаванне беларускай і ўкраінскай народнасцяў, якім трэба было вызначыцца ў рэлігійным плане. Да сярэдзіны XVI ст. праваслаўе з’яўлялася адным з этнакансалідацыйных фактараў. Але ў новай сітуацыі яно праявіла нягнуткасць і няздольнасць перабудавацца з улікам інтарэсаў гэтых народнасцяў, і тармазіла іх этнічную дыферэнцыяцыю з раней “адзінай Русі” і індывідуалізацыю ва ўсходнеславянскім свеце, у той час як расейская праваслаўная царква ў 1589 г. стварала новы хрысціянскі нацыянальны цэнтр і сама набывала нацыянальны характар. На хвалі Адраджэння і Рэфармацыі ў Еўропе ўзьнікаюць іншыя нацыянальныя цэрквы: гусіцкая ў Чэхіі, лютэранская ў Германіі, кальвінісцкая ў Швейцарыі. Зараджэнне ў выглядзе уніяцтва беларускай нацыянальнай царквы цалкам упісваецца ў культурна-гістарычны кантэкст таго часу. Ва ўмовах жывучасці антылюблінскіх настрояў у Вялікім княстве Літоўскім у апошняй трэці XVI ст. некаторыя яго дзяржаўныя дзеячы (у тым ліку канцлер Леў Сапега) намерваліся з дапамогай уніяцкай царквы захаваць рэлігійную асобнасць сваёй дзяржавы ў саюзе з каталіцкай Польшчай.

3. Заключэнню Брэсцкай уніі папярэднічала спецыфічная моўная сітуацыя: пранікненне польскай мовы ў грамадскае жыццё, культуру Беларусі; патрэба ў лаціне як сродку адаптацыі да заходнееўрапейскай навукі і культуры; штучнае падтрымліванне праваслаўнай царквой царкоўнаславяншчыны, якая зжывала сябе; і, галоўнае, абуджаная Рэфармацыяй цікавасць да нацыянальнай мовы. Услед за Ф.Скарынам, які надаў беларускую афарбоўку царкоўнаславянскай Бібліі, С.Будным і В.Цяпінскім, якія выдавалі рэлігійныя кнігі ўжо ўласна на роднай мове, узнікла патрэба шырокага ўвядзення нацыянальнай мовы ў сакральную сферу. На гэты запыт нованароджанага этнасу адказала уніяцкая царква ў абстаноўцы, калі касцёл працаваў на польскай мове і лаціне, а праваслаўе не дапускала ў набажэнства народнай мовы.

4. У паслялюблінскі перыяд нацыянальна-культурны патэнцыял беларускай народнасці быў значна аслаблены, бо на працягу аднаго – двух пакаленняў яна страціла арыстакратыю, інтэлектуальную і палітычную эліту, якая, не знаходзячы задавальнення сваіх інтэлектуальна-духоўных патрэб у праваслаўі, перайшла ў каталіцызм, але ў значнай меры не праз унію, а праз Рэфармацыю. З пачаткам паланізацыі эліты, ажыццёўлянай праз касцёл, слабелі кансалідацыйныя працэсы ўнутры этнасу, адбывалася спіхванне беларусаў у шэраг пазагістарычных народаў. Ужо тады нашаму народу акрэслівалася перспектыва стаць этнасам з няпоўнай сацыяльнай структурай – народам мужыцкім, сялянскім. “Хлапее рускі народ”, – заўважыў на гэты конт М.Сматрыцкі [ Grabowski T. Z dziejow literatury unicko-prawoslawnej w Polsce. 1630-1700. – Poznan, 1922. – S.13 ].  Трэба было ратаваць паству ад пераходу на лацінскі абрад і аб’ектыўна – ад дэнацыяналізацыі. Дапушчэннем элементаў каталіцтва, схільнага да валявога навязвання сваёй дактрыны, і некаторым адыходам ад праваслаўя стваралася альтэрнатыва “польскай” і “рускай” веры. Ва уніяцтве трэба бачыць клопат аб выратаванні нацыянальных формаў культуры перад пагрозай дэнацыяналізацыі, шлях да духоўнага адраджэння беларускага грамадства і ўмацавання яго культурна-рэлігійнай і этнічнай асобнасці ў праваслаўна-каталіцкім атачэнні.

Брэсцкая унія была прынята не паспешна і бяздумна, а пасля працяглых роздумаў і шматлікіх сустрэч (падрыхтоўка доўжылася 5 гадоў) і была заключана толькі тады, калі яе арганізатары дамагліся гарантый выканання артыкулаў-умоў аб’яднання (іх усяго 33) ад Ватыкана і польскага караля.

Складальнікі берасцейскіх артыкулаў – праграмнага дакумента уніятаў – паслядоўна праводзілі ў жыццё ўласную царкоўную і нацыянальную лінію. Забяспечвалася багаслоўская, літургічная і арганізацыйная самабытнасць аб’яднанай царквы. З дзіўнай годнасцю і смеласцю спалучыліся ў іх элементы старога і новага, мінулага і будучага, айчыннага і замежнага. Артыкулы былі закліканы нейтралізаваць небяспеку лацінізацыі і паланізацыі. Сярод іх – даданне духоўных пасад “толькі людзям народу рускага… каб былі нашай рэлігіі”; забарона прыняцця уніятаў у рымскі абрад і пераварочвання цэркваў на касцёлы. Гісторыя уніі не ведае выпадку прызначэння на духоўныя пасады ўраджэнцаў Польшчы і прадстаўнікоў рыма-каталіцкага веравызнання. Уся уніяцкая іерархія была мясцовага, беларуска-украінскага паходжання і праводзіла інтарэсы сваіх народаў. Ужо сам факт абрання іерархіі з уласнага народа з’яўляецца паказчыкам нацыянальнага характару царкоўнай арганізацыі. Дадамо, што апошняя не была ўключана ў склад польскага касцёлу, а непасрэдна падпарадкавана Рыму.

Названыя, а таксама шэраг іншых артыкулаў берасцейскай угоды 1596 г. (аб непарушнасці сваіх абрадаў і цырымоній, звычаяў і святаў, захаванні царкоўна-славянскай мовы ў набажэнстве) насілі ярка акрэслены этнаахоўны характар. Пры ўвядзенні уніяцтва не было радыкальнай ломкі народных традыцыяў і звычаяў, якая б груба і балюча закранула рэлігійную свядомасць вернікаў. У адваротным выпадку яго творцы засталіся б у ізаляцыі.

У экстрэмальных умовах існавання беларускага этнасу, калі цяжар за яго лёс узяло на сябе духавенства, у народзе пачалі абуджацца вялікія дрымотныя сілы. Прамоўцы з царкоўных кафедраў і вулічных падмосткаў, палемісты са старонак сваіх кніг вяшчалі народу pro i contra уніі. Духавенства з розных прыступак іерархічнай лесвіцы, магнаты і шляхта, брацтвы, гараджане спяшаліся засведчыць сваё стаўленне да берасцейскай угоды. Ніхто з інтэлектуальных людзей не мог застацца абыякавым да гэтай падзеі, а для некаторых яна стала мэтай жыцця (з рознай накіраванасцю: стварэнне або знішчэнне уніяцтва), выклікала цвёрдасць, ахвярнасць, гатоўнасць пацярпець за веру і перакананні.

1596 год стварыў неардынарную сітуацыю на Беларусі, даў магутны штуршок развіццю царкоўнай самасвядомасці насельніцтва, прывёў да ўздыму актыўнасці этнасу і апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця наступнага паўстагоддзя. Увядзенне і распаўсюджванне уніяцтва выклікала мабілізацыю праваслаўя, якая мела сваім вынікам яго інтэлектуальна-культурную перабудову ў другой і апошняй трэці XVII ст. Валынскі чашнік Лаўрэнці Дрэвінскі на сойме 1620 г. гаварыў на гэты конт наступнае: “Калі б некаторыя з нашага духавенства не адступілі ад свайго законнага пастыра і калі б тыя, што адышлі ад нас, не паўсталі на нас, – то такія навукі, такія вучылішчы і такая колькасць дастойных і вучоных людзей ніколі не з’явілася б у рускім народзе” [Европейське відродження та украінська література XIV-XVIII стст. – Киів, 1993. – С.323 ]. Вядомы ўкраінскі пісьменнік І.Франко назваў Брэсцкую унію “ферментам духоўнага жыцця народаў” [ Franko I. Z dziejow synodu brzeskiego 1596 r. // Kwartalnik historyczny. – Rocznik IX. – Lwow, 1895. – S.1 ].

Падагрэтыя уніяй нацыянальна-рэлігійныя пачуцці дасягнулі высокай ступені напалу ў канцы XVI – першай палове XVII ст. Барацьба вакол царкоўнага аб’яднання сведчыла пра рост этнічнай, культурнай самасвядомасці нашых продкаў, абуджэнне іх гістарычнай памяці, незалежна ад таго, сімпатызавалі яны яму, альбо яго ненавідзелі. Беларусь перажывала тады перыяд паскоранага нацыянальнага развіцця. У працэс фармавання этнічнай самасвядомасці ўцягваліся ўсё больш шырокія слаі народа. Калі ў эпоху Адраджэння і Рэфармацыі яна праяўлялася найперш на ўзроўні перадавых дзеячаў культуры (Ф.Скарына, С.Будны, В.Цяпінскі), то цяпер – масава (шляхта, духавенства, гараджане). На апошнім этапе існавання гэтай веры даволі высокі ўзровень рэлігійнай (з якой шчыльна звязана этнічная) самасвядомасці выявіла беларускае сялянства – уніяцкае ў сваёй асноўнай масе.

Духоўная эліта, як вядома, нароўні з элітай палітычнай і культурнай, заўсёды прэтэндуе на ролю правадыра этнасу. Уніяцкая духоўная эліта хацела перахапіць гэтую ролю ў праваслаўнай царквы, якая да таго часу стала сімвалам “рускай народнасці”. Ідэолагі кожнага з лагераў былі шчыра перакананыя, што менавіта яны з’яўляюцца выразнікамі інтарэсаў свайго народа, і імкнуліся ўпэўніць у гэтым як сваіх прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Кожны выступаў ад імя ўсяго этнасу і менавіта на аснове свайго веравызнання бачыў шлях да кансалідацыі рэлігійна дэзінтэграванага народа. У сувязі з гэтым варта згадаць мудрую думку украінскага праваслаўнага мітрапаліта Іларыёна (ХХ ст.), што ў народзе не можа быць дзвюх процілеглых нацыянальных ідэалогій (у тым ліку ў рэлігійнай сферы), бо тады яны абяссіляць і разваляць яго [ Митрополит Iларіон. Украінська церква за час уіні (1657-1687). – Вінніпег, 1956. – С.9 ]. Кожны – прыхільнік уніі і яе праціўнік – укладваў тады сваё разуменне ў паняцце этнаканфесійнага патрыятызму. У першых ён выступаў у жаданні духоўнага адраджэння свайго народапраз “паправу” (рэформу) царквы шляхам набліжэння яе да культурна прываблівага каталіцкага захаду. Патрыятызм другіх выяўляўся ў недапушчэнні якіх бы то ні было зменаў у царкве, у кансервацыі сярэднявечных традыцый, у супрацьдзеянні ўзмацненню кантактаў з заходнееўрапейскімі краінамі, у захаванні вернасці Канстанцінопальскаму патрыярхату.

Далёка не ўсё беларуска-украінскае грамадства пагадзілася тады з такім гістарычным выбарам епіскапату. Старанні духоўнай эліты, за якой спачатку пайшла толькі жменька народа, спатыкаюцца аб менталітэт уласнай паствы і падначаленага духавенства, выхаваных на звернутым у мінулае традыцыяналісцкім прынцыпе “чым старажытней, тым сапраўдней”. Унушаючы грамадству ідэю аб выключнасці праваслаўя, яго наканаванасці для беларусаў, артадоксы навязвалі думку, што уніяцкае “новомыслие” з’яўляецца скажэннем веры, нясе нізвяржэнне праваслаўя і замену яго каталіцтвам. Яны анафемствавалі і пракліналі арганізатараў уніі, паралізоўвалі ўсе іх дзеянні, арганізавалі акцыю імпічменту царкоўнага кіраўніцтва. Разгорнутая лідарамі праваслаўнай апазіцыі антыуніяцкая істэрыя дала плён: да пачатку XVIIст. царкоўная ўгода была дастаткова дыскрэдытаваная ў вачах грамадства.

Пайшоўшы на уніяцкі эксперымент, епіскапы не змаглі прадбачыць такога масавага моцнага супраціву, арганізаванага іх апанентамі. Спачатку ўсё здавалася прасцей: шараговае духавенства пойдзе за сваім кіраўніцтвам і павядзе за сабой масы. Але добрыя намеры падтрыманых дзяржавай ініцыятараў царкоўнага яднання натыкнуліся на неразуменне і байкот праваслаўнай большасці, якая падбухторвалася традыцыяналістамі і ў сваім патрыятычным кансерватызме не прызнала рэформы. Замест чаканай кансалідацыі 1596 год кінуў у канфесійна раз’яднаную беларускую народнасць новае зерне рэлігійнага супрацьстаяння, яшчэ больш накаліў канфесійную напружанасць. Разлік на безбалеснае рэфармаванне і трансфармацыю праваслаўя абярнуўся яго расколам. Дзве веры грэцкага абраду сталі антаганістамі на Беларусі і распачалі барацьбу за “месца пад сонцам” і за паству.

У сваёй антыпатыі да уніяцтва, якая пераходзіла ў варожасць, праваслаўная апазіцыя знайшла разуменне і падтрымку далёка не ўсёй ёю любімай Масквы, дзе з утварэннем патрыяршаства ўзмацніліся антылацінскія настроі, а з заключэннем дапусцілай лацінства Брэсцкай уніі – недавер да Захаду. Апантаныя ўсведамленнем праваслаўнай рэлігійнай выключнасці, духоўныя і свецкія ўрадавыя колы Расіі, пачынаючы з 1620-х гадоў, на працягу больш чым двух стагоддзяў праводзілі варожую палітыку ў дачыненні да уніяцкай царквы, распальвалі антыуніяцкія настроі на Беларусі. Антырасійскі менталітэт уніяцкага народа і духавентсва і іх боязь гэтай краіны, такім чынам, мелі пад сабой грунт. Яны былі пазбаўленыя спаконвечнай цягі аддацца пад уладу расійскага самадзержца, якую айчынная гістарыяграфія прыпісала ўсяму беларускаму народу.
Уніяцкая царква выхоўвала сваю паству ў духу вернасці сваёй дзяржаве – ВКЛ, у той час як праваслаўе і каталіцтва арыентавалі народ на замежныя цэнтры – Маскву і Варшаву.

Вайна 1654-1667 гг. істотна развеяла ілюзіі аб выратавальнай місіі расійскага самадзяржаўя, разбурыла імідж цара-вызваліцеля, хаця русафільскія настроі сярод праваслаўнага насельніцтва Рэчы Паспалітай былі даволі моцнымі аж да падзелаў іх дзяржавы. Факт падпарадкавання Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату ў 1685 г. змяніў стаўленне беларуска-украінскага грамадства, урада Рэчы Паспалітай у бок спрыяння уніі, у якой убачылі аснову незалежнасці ад Расіі і нейтралізацыі прамаскоўскі зарыентавага праваслаўя. Гэта разам з ростам унійных настрояў у грамадстве, унутраным расколам у праваслаўнай царкве, адыходам ад яе шляхты, разам са спадам пасля 1667 г. палітычнага значэння казацтва – галоўнага ўнутрага ворага Брэсцкага саюзу – спрыяла павелічэнню ўплыву уніяцтва на тэрыторыі з перавагай праваслаўнага насельніцва. Яшчэ нядаўна асуджанае на поўнае вынішчэнне, яно ў апошняй трэці XVII ст. вырасла колькасна, узмацнілася ўнутрана і на мяжы XVII-XVIII стст., нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне звонку, стала самай масавай канфесіяй на Беларусі. Трыўмфальны поступ уніяцтва, часова перарваны яшчэ адной спробай расійскага ўрада яго поўнага, у тым ліку і фізічнага, вынішчэння ў час Паўночнай вайны, працягваўся амаль да канца XVIII ст. і суправаджаўся моцным парадзеннем праваслаўных шэрагаў. У беларускіх паветах ВКЛ, паводле звестак Я.Н.Мараша, у 1790 г. было 143 праваслаўных, 283 каталіцкіх і 1199 уніяцкіх прыходаў [ Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII века. – Мн., 1974. – С.226 ].

Пашырэнне уніяцтва за кошт праваслаўных братоў у Хрысце не абыходзілася без іх дыскрымінацыі. Аднак гэты прыцэс ішоў не толькі пад прымусам, як тое намагалася паказаць праваслаўная апазіцыя, але ў значнай ступені добраахвотна. Пайшоўшы ў яе на повадзе, гісторыкі канца XVIIІ-XХ стст. намалявалі не адпаведную рэчаіснасці карціну маштабных рэпрэсій у сувязі з увядзеннем Брэсцкай уніі. Зразумела, вера не змагла б шырыцца і пратрымацца 243 гады, калі б грунтавалася толькі на прымусе.

Каментары (1)

  1. Siarhiej кажа:

    Пры разглядзе рэлігійных пытанняў трэба ўлічваць асобу Хрыста ў Ягоным
    чалавеччым абліччы. Хрыстос хадзіў па Плестыне і за ім хадзілі людзі
    (несанкцыянаваныя шэсце). Ён прамаўляў перад людзьмі (несанкцыянаваныя
    сходы). Ён крытыкавў улады, называў членаў Сенідрыёну і фарысеяў
    крывадушнікамі (абраза гонару і годнасці). Ён стварыў незарэгістраваную
    рэлігійную арганізацыю (да увагі спецслужбаў і сексотаў). Калі б Хрыстос
    рабіў ўсё гэта ў сёняшняй Беларусі, то яго б, у лепшым выпадку, бесперапынна
    арыштошвалі і трымалі на Акрэсціна.
    Рэлігія для Масквы – элемент прапаганды і экспансіі, імпэрская бюракратыя –
    прынцыпова атэістычная.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы