да магчымых удзельнікаў псеўдаінтэрнацыянальнага сьвята – г.зв. “Фестываля нацыянальных культур”, які павінен прайсьці праз 2 тыдні ў Гародні
УСІМ, ХТО КАРЫСТАЕЦЦА ГАСЦІННАСЦЮ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА
Шаноўныя суграмадзяне!
Вы прыехалі на нашу беларускую зямлю, альбо з’яўляецеся нашчадкамі тых, хто дзесяцігоддзі, а то і стагоддзі таму прыйшоў да нас і знайшоў тут спакой, а, магчыма, і шчасце…
Вы ўжо ведаеце: беларусы – мірныя людзі, і таму Вам у большасці не даводзілася і, спадзяемся, не давядзецца ў будучыні спазнаць непрыемнасці і беды, якія, бывае, маюць мігранты, вымушаныя жыць на тэрыторыі дзяржаваў іншых народаў. Мы спадзяемся, што недзе ў глыбіні душы Вы – прадстаўнікі іншых народаў, рэлігій, веравызнаньняў – адчуваеце ўдзячнасць да беларусаў за іх гасціннасць.
Вашыя продкі і многія з Вас некалі з’явіліся сярод нас таму, што на сваёй бацькаўшчыне па той ці іншай прычыне жыццё было калі не невыносным, дык па крайняй меры горшым, чым тут, у нас. Можа, многія з Вас не заўважаюць, але асаблівасць светаўспрыняцця беларусаў заснавана на іх нацыянальным светаглядзе, гістарычных традыцыях, усёй сістэме беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў (мова, культура, гістарычная памяць, рэлігія, сімвалы, фальклор і г.д.). Гэта і ёсць той стратэгічны падмурак, які забяспечвае рысы нашага нацыянальнага характару – неагрэсіўнага, ураўнаважанага, стваральна арыентаванага – якія ў сваю чаргу ствараюць умовы для прыймальнага жыцця Вам у Нашым Доме. Калі знішчыць гэтую сістэму базавых каштоўнасцяў, іх запоўняць альбо азлобленасць, альбо шавіністычна-імперскія пачуцці і погляды…
Між тым, як грамадзяне Рэспублікі Беларусь, Вы не можаце не заўважаць, што зараз прамаскоўскі рэжым, які захапіў уладу над усімі намі, з асцервянеласцю вынішчае ўсю сістэму святых беларускіх каштоўнасцяў. Асаблівым аб’ектам нянавісці з’яўляецца беларуская мова. Вы ведаеце, што сёння нашы дзеці ва ўласнай краіне ня могуць атрымаць ні вышэйшую, ні сярэднюю адукацыю на роднай мове; на вуліцах нашых гарадоў амаль знікла беларускамоўная рэклама; у электроннай інфармацыйнай прасторы (у т.л. па тэлевізары) толькі зрэдку можна пачуць беларускую мову (усё падпарадкавана прапагандзе расейскага імперыялізму і рускага шавінізму), знішчаюцца беларускія грамадскія аб’яднанні (чаго вартыя толькі апошнія нападкі на Саюз беларускіх пісьменьнікаў), ад кіраўніцтва РБ у яго сучасным складзе мову карэннага народу тым больш не пачуеш… – т.ч., прысутнічаюць усе прыкметы такой ганебнай з’явы, як ЭТНАЦЫД!
Але сілам зла заўсёды трэба, каб іх справы адбываліся незаўважальна, а яшчэ лепш – каб яны былі асвечаны грамадскай “падтрымкай”, выдаваліся за адабрэнне і радасць мас. Пад шум штучнага свята ПРАДСТАВІЦЬ ЭТНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗМАМ – менавіта ў гэтым схаваны сэнс г.зв. “Фестываля нацыянальных культур”. Яго чарговы раз плануецца правесці ў Гродна 3-4 чэрвеня г.г.
У сувязі з усім прадстаўленым заклікаем:
– ПРАЯВІЦЕ САПРАЎДНУЮ ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНУЮ САЛІДАРНАСЦЬ з беларускім народам – усё яшчэ прыгнечаным гаспадаром ва ўласнай дзяржаве;
– у знак пратэсту супраць знішчэння метадамі інфармацыйна-псіхалагічнай вайны беларускай мовы, культуры, гістарычнай памяці беларусаў, нашых нацыянальных сімвалаў і г.д. БАЙКАТУЙЦЕ гэтак званы “Фестываль нацыянальных культур”;
– звяртайцеся ў органы дзяржаўнага кіравання з патрабаваннем СПЫНІЦЬ ЭТНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ;
– НЕ БУДЗЬЦЕ БЯЗДУМНАЙ ПРЫЛАДАЙ у брудных руках праімперскіх махляроў і тых нялюдскіх сіл, якія за імі стаяць.
Памятайце:
– ваш удзел у г.зв. “Фестывалі нацыянальных культур” выглядае надзвычай непрыемнай правакацыяй – нібы скокі сатаністаў на папялішчы Беларускага Дому;
– калі вы ўсё ж такі будзеце ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве пры цяперашняй грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, ведайце – гэта надоўга застанецца чорнай плямай у нашай агульнай гісторыі і будзе ўлічана будучай беларускай уладай…
Сябры рэдакцыі: Алесь Астроўскі, Барыс Керзач, Алеся Беларуска, Віталь Хромаў.