nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ХРЫСЦІЯНСКАЯ ІДЭЯ Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА АДРАДЖЭННЯ ХХ СТАГОДДЗЯ (кБНІ)

24 мая, 2006 | Няма каментараў

Артыкулам Алега Пятровіча мы працягваем прэзентацыю матэрыялаў раздзела «Багацце рэлігійнай разнастайнасці» канферэнцыі «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.).
Рэдакцыя.

1. Праца Францыска Скарыны і яе лёс у сучаснай Беларусі

Найбольш вядомай і распаўсюджанай кнігай на зямлі з’яўляецца Біблія. Змены, што адбыліся ў беларускім грамадстве пасля бясслаўнага краху магутнай атэістычнай імперыі – СССР, зрабілі Біблію і на Беларусі выданнем шматтыражным і папулярным. Здаецца, што зараз для беларускага народа адкрытыя ўсе магчымасці бесперашкодна азнаёміцца з самай знакамітай Кнігай на Зямлі. Але ў  сапраўднасці вырашанай праблема Евангелля (Добрай весткі аб Хрысце) для беларускага народа выглядае толькі знешне.

Дзіўна і, відавочна, ненатуральна, што на Беларусі з яе вельмі багатай хрысціянскай культурай і гісторыяй не існуе сучаснага беларускага перакладу Слова Божага, які б меў вагу і правы ў цэрквах і грамадстве не меншыя, чым сінаідальны расійскі пераклад Святога Пісання. Вялікая праца перакладчыка-евангеліста, якая ў першай палове XVI стагоддзя была пачата асветнікам і першадрукаром беларускага Слова Францыскам Скарынам, і зараз застаецца незавершанай.

Тым не менш вернікі з самых розных хрысціянскіх цэркваў жадалі б мець і карыстацца беларускім перакладам Слова Божага. На жаль, набыць на Беларусі поўнае беларускае выданне Бібліі практычна немагчыма.

Не будзем пакуль падрабязна спыняцца на гістарычным аналізе таго, чаму на Беларусі, якая мае тысячагадовую хрысціянскую традыцыю, склалася такая ненармальная сітуацыя. Адзначым толькі, што шматвекавую гісторыю мае не толькі Беларуская Біблія. Свая гісторыя ёсць і ў розных антыбеларускіх псеўдавучэнняў (ад чарнасоценных да камуністычных). З дапамогай іх рэакцыйныя сілы пачалі агрэсіўныя ідэалагічныя атакі на беларускае Евангелле ад часу старажытных перакладаў Францыска Скарыны і па сённяшні дзень.

За шматвекавую гісторыю змагання з беларускім Словам у рэакцыйных сіл паспеў скласціся цэлы ідэалагічны „арсенал” сваіх спецыфічных прыёмаў і метадаў – гэтак сказаць, свой стыль і школа „баявога адзінаборства” супраць беларускага Евангелля. Тым не менш усе псеўдатэорыі праціўнікаў беларускага Слова, звонку страката-розныя ў сваім крывадушшы (ад карычневай да чырвонай фарбаў ідэалогій), з’яўляюцца ўнутрана падобнымі паміж сабой, як блізнюкі, у агульнай нянавісці да ўсяго адметнага і жывога, якім у першую чаргу з’яўляецца Евангелле на мове кожнага народа.

Поўная ацэнка драматычнай і працяглай барацьбы беларускага народа за права мець Евангелле на сваёй мовепатрабуе глыбокага і адначасова рознабаковага аналізу ў шырокай перспектыве сумеснага агляду пытанняў: біблейскіх, гістарычных, культурных і сацыяльна-грамадскіх. З-за аб’ёмістасці праблемы абмяжуемся пакуль даследаваннем толькі двух контрпытанняў:
1. Наколькі праўдзівыя разважанні апанентаў беларускага перакладу Бібліі аб няздольнасці беларускай мовы перадаць глыбіні сэнсу Слова Божага?
2. У якой ступені дакладна і поўна адлюстравана Слова Божае ў сінаідальным расійскім перакладзе Бібліі, які рабіўся ў першую чаргу з тэксту старажытнабалгарскага (стараславянскага) перакладу ІХ стагоддзя салунскіх братоў Кірыла і Мяфодзія?

Першае з пытанняў аб непаўнавартасці беларускай мовы даўно ўжо тэндэнцыйна распрацавана і бесперашкодна на працягу стагоддзяў актыўна ўкараняецца ў свядомасць беларускага народа разнастайнымі праціўнікамі беларускага Слова. Адбывацца такое можа ў большасці сваёй дзякуючы недаследаванасці другога пытання, вострым дэфіцыце грунтоўных і аб’ектыўных прац з аналізам узроўню беларускіх і расійскіх перакладаў. Духоўны і навуковы ўзровень гэтых прац павінен быць вышэйшы і мацнейшы за штучна створаныя бар’еры-„табу” ў даследаванні „недатыкальных аўтарытэтаў” – сінаідальнага расійскага і стараславянскага перакладаў Бібліі. Тут трэба падкрэсліць, што само Пісанне заклікае не абмяжоўвацца ў вывучэнні Слова Божага, а, наадварот: „Перагледзьце (даследуйце) Пісанне (Ін.5:39), – кажа Хрыстос тым, „хто слухае слова Маё і верыць Паслаўшаму Мяне” (Ін.5:25).

Тлумачэнне і пераклад Слова Божага – справа надзвычай адказная. Можна цалкам пагадзіцца са сцверджаннем удзельніка біблейскай камісіі пры Беларускім экзархаце Рускай праваслаўнай царквы Валянцінай Дышыневіч, што „ў перакладзе Святога Пісання асабліва важна сапраўднае разуменне духоўнага сэнсу богадухнавеннага тэксту”. Такое слушнае выказванне ўдзельніца аўтарытэтнай камісіі для перакладу Святога Пісання на беларускую мову робіць у вострай палеміцы з Васілём Сёмухам – аўтарам апошняга (1995 г.) беларускага перакладу Новага Запавету (гл. „ЛІМ” ад 15.05.1996 г.).

Таму дзеля сапраўднага разумення духоўнага сэнсу Святога Пісання рызыкнём мець „адвагу перад Богам” (1 Ін.3:20), каб на аснове грэцкага арыгіналу правесці параўнанне тэкстаў старажытнабалгарскага і блізкага да яго сінаідальнага расійскага (1860 г.) перакладаў Новага Запавету з беларускімі перакладамі Васіля Сёмухі і „досыць шырока распаўсюджаным (на Беларусі) трэцім таронцкім 1985 г. выданнем „Новага Запавету і псалмоў” у даваенным перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча”. (Гэтак суха і малазначна характарызуе заходнебеларускі 1931 г. біблейскі пераклад сп. В.Дышыневіч.)

Супастаўленне адзначаных вышэй перакладаў са старажытнагрэцкім тэкстам першакрыніцы дапаможа чытачам разабрацца ў пастаўленых пытаннях і рэальна, не па галаслоўных сцверджаннях, ацаніць магчымасці беларускай мовы поўна і выразна адлюстраваць і данесці людзям Евангелле. Адначасова паглядзім, наколькі бездакорны вядомы ідэалагічны пастулат аб тым, што „ХХ стагоддзе не мае такіх Богам натхнёных перакладчыкаў, як святыя Салунскія браты” (Кірыл і Мяфодзій). Так безапеляцыйна спасылаецца на гэтую ідэалагічную аксіёму прыхільнікаў выключнасці стараславянскага тэксту Святога Пісання ўдзельніца біблейскай камісіі В.Дышыневіч у спрэчцы з перакладчыкам Васілём Сёмухам. Таму, напрыклад, пацікавімся, чым духоўна слабейшыя за балгарскіх братоў беларускія перакладчыкі Л.Дзекуць-Малей і А.Луцкевіч. Для гэтага ў аналізе праблемы будзем выкарыстоўваць у большасці цытаты з Бібліі ў беларускім перакладзе Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча.

Чым жа так цікавы гэты беларускі пераклад? Неабходна сказаць, што сумесны пераклад „Новага Запавету і псалмоў” баптысцкага пастыра Лукаша Дзекуць-Малея і вядомага дзеяча беларускага адраджэння Антона Луцкевіча з’яўляецца найадметнейшай духоўнай, культурнай і гістарычнай падзеяй на Беларусі ў ХХ стагоддзі.

Праз тры з паловай стагоддзі вымушанага маўчання і духоўнай нематы беларускага Слова, якія аддзяляюць наш час ад часу старабеларускіх біблейскіх перакладаў Францыска Скарыны (1517 г.) і затым Васіля Цяпінскага (1580 г.), на Беларусі зноў загучала Евангелле па-беларуску, і Слова нашага народа споўнілася жыватворнай і непамернай ні з чым на Зямлі сілай Евангелля аб Хрысце.

На жаль, нацыянальная і агульнахрысціянская значнасць першага ў ХХ стагоддзі беларускага Евангелля недаацэньваецца і застаецца мала вядомай як для грамадства Беларусі, так і для беларускай інтэлігенцыі. А між тым гэты пераклад Новага Запавету здолеў аб’яднаць у свой час беларускіх патрыётаў і хрысціян у Заходняй Беларусі незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці і палітычнай арыентацыі. Спалучэнне нацыянальнай і хрысціянскай свядомасці – вось адметная рыса, якая адрознівае беларускую інтэлігенцыю ў пачатку і канцы ХХ стагоддзя. Гэта толькі няпоўны пералік знакамітых дзеячаў беларускага адраджэння, дзякуючы гарачай падтрымкі якіх беларускі народ атрымаў сваё Евангелле на роднай мове ў ХХ стагоддзі: Браніслаў Тарашкевіч, Радаслаў Астроўскі, ксёндз Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі і шмат іншых. „Іх чын застаецца помнікам веры для адных, сведчаннем палітычнай адданасці для іншых. Застаецца промнем асветы для беларускага народа”, – падкрэслівае даследчык гісторыі беларускага Евангелля Гай Пікарда. Бясспрэчна, што пераклад „Новага Запавету і Псалмоў” Л.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча з’яўляецца працягам у ХХ стагоддзі вялікай працы евангеліста-асветніка Францыска Скарыны, якая пакуль так і застаецца незавершанай, бо і па сённяшні дзень беларускі народ не мае поўнага перакладу Святога Пісання на сваёй мове.

2. Чалавечы „язык – агонь, сьвет няпраўды”

Разгледзім і параўнаем беларускі і расійскі сінаідальны пераклад Святога Пісання з тэкстам старажытнагрэцкага арыгіналу. Разам з тым паспрабуем разбурыць вельмі жывучыя ў свядомасці людзей атэістычныя стэрэатыпы-штампы і паказаць, што ў разуменні Бібліі няма нічога „зануднага”, „мудрагелістага”, „фантастычнага”. На канкрэтных узорах пакажам, што гэтая незвычайная Кніга напісана вельмі ярка і вобразна, праўдзівай і зразумелай мовай.

Для параўнання біблейскіх перакладаў і ўсведамлення таго, як істотна можа паўплываць на сэнс біблейскага тэксту недакладны пераклад нават аднаго слова і наколькі важна максімальна зразумела, правільна і поўна перадаць у перакладзе-тлумачэнні сэнс слоў Святога Пісання, возьмем вершы 3:5-6 з Паслання Якуба ў Новым Запавеце. У гэтых вершах Пісання апостал Якуб гаворыць аб вялікай адказнасці, якую нясе чалавек за свае словы. Моцна і выразна ён паказвае і раскрывае пагубную сілу ў жыцці чалавека непраўдзівых слоў – слоў падману, на якіх нязменна грунтуюцца псеўдавучэнні праціўнікаў беларускага Евангелля:
„Паглядзі, невялікі агонь, а як многа рэчаў запальвае; і язык – агонь, сьвет няпраўды. Язык гэтак зьмяшчаецца міжы членамі нашымі, што апаганьвае ўсё цела і запальвае круг жыцця, а сам запальваецца ад геены…” (Як 3:5-6).

Святое Пісанне ў вершах з Паслання Якуба папярэджвае людзей аб тым, як небяспечна і недальнабачна чалавеку няшчыра і бяздумна выкарыстоўваць словы. Нават адно слова няпраўды, а то і быццам бы нязначнае, незаўважнае скажэнне і адступленне ад праўды можа выклікаць страшэнныя спусташальныя наступствы ў жыцці людзей, якія Біблія параўноўвае з вынікамі велізарнага, знішчальнага пажару, што ўзнікае ад маленькай іскры.

У пададзеным біблейскім сказе ключавымі словамі, якія раскрываюць усю жахлівую і разбуральную існасць уздзеяння на людзей і зямны свет слоў падманлівай атруты няпраўды, з’яўляецца выраз „язык – агонь, сьвет няпраўды”. Трэба адзначыць, што беларускі пераклад гэтага месца са Святога Пісання істотна адрозніваецца ад варыянта тлумачэння гэтых слоў у сінаідальным расійскім перакладзе, дзе гаворыцца, што «язык – огонь, прикраса неправды». Разыходжанне рознага сэнсавага перакладу са старажытнагрэцкай мовы (першакрыніцы) слова “космас” як “свет” (у беларускім перакладзе) і як “прикраса” (у расійскім перакладзе). Таму, каб усвядоміць і зразумець сапраўднае значэнне слоў у гэтым месцы Пісання, зробім лінгвістычны, лагічны і, галоўнае, сэнсавы аналіз і абгрунтаванне пададзенага біблейскага выразу, узяўшы за асноўны ацэначны крытэрый перакладу яго адпаведнасць і несупярэчнасць усяму тэксту Бібліі ў цэлым.

У кантэксце ўсяго Святога Пісання паслядоўна адкажам на тры пытанні:
1. Наколькі лінгвістычна карэктна і пісьмéнна зроблены пераклад з тэксту першакрыніцы? Таму паглядзім, як вербальна (даслоўна) супадаюць значэнні і сэнс слоў тэкстаў перакладаў з адпаведнымі словамі старажытнагрэцкага арыгіналу.
2. Як у Бібліі паказваецца прызначэнне непраўдзівых слоў? Ці яны толькі прыкрываюць і ўпрыгожваюць сабою няпраўду – грэх, або адмоўная роля непраўдзівых слоў у лёсе людзей больш значная?
3. Ці з’яўляюцца непраўдзівыя словы толькі інструментам у здзяйсненні граху, напрыклад, яго ўпрыгожваннем (“прикрасой”), або яны непасрэдна самі ўвасабляюць грэх?

У старажытнагрэцкай мове слова „космас” у асноўным ужываецца ў значэнні „свет” (па-расійску «мир»). У іншых месцах сінаідальнага расійскага перакладу “космас” падаецца менавіта як «мир» і ўвасабляе сабой зямны свет (Ін.14:17,22; 15:18-19 і г.д.).

Адзначым, што ў значэнні, даволі блізкім да значэння слова „свет” («мир»), слова “космас” выкарыстоўваецца ў сучасных беларускай, расійскай і многіх іншых мовах. Выраз “космас няпраўды” ўжо сам па сабе, нават без спробы перакладу яго першага слова “космас” набывае рэальнае і зразумелае значэнне, вельмі блізкае да значэння выразу “сьвет няпраўды”. Таму лінгвістычна ў літаратурным сэнсе фраза “сьвет няпраўды” беларускага тэксту з’яўляецца больш дакладным перакладам біблейскіх слоў, чым варыянт іх перакладу «прикраса неправды» ў расійскай Бібліі.

Дык, можа, пераклад слова „космас” у расійскай Бібліі як «прикраса» мае не столькі лінгвістычна-літаральную адпаведнасць тэксту арыгіналу, а больш сэнсавае абгрунтаванне ў кантэксце ўсяго Слова Божага?

Выраз «язык – огонь, прикраса неправды» ў сінаідальным расійскім перакладзе мае сэнс прыкрыцця людзьмі з дапамогай слоў няпраўды грэшных жаданняў і спраў. Языком праз словы падману людзі ствараюць апраўданні сваім дрэнным учынкам, падаюць заганную мэту за добры намер, упрыгожваюць грэх і падштурхоўваюць да яго іншых людзей. Усё гэта сапраўды так. Тым не менш такая характарыстыка ўплыву слоў няпраўды на жыццё чалавека не з’яўляецца поўнай, бо непраўдзівыя словы, што стварае язык чалавечы, калі ён “запальваецца ад геены”, завуцца падманам, які існуе не толькі выключна ў выглядзе “прикрасы”, а, як раскрывае Біблія, можа мець тры розныя формы: самападман у няведанні, ашуканства і паклёп.

Самападман у няведанні – гэта памылковы пункт гледжання чалавека, які ўзнікае ў выніку недахопу ведання (Ос.4:6), г.зн. няведання людзьмі праўды (Бога) у яе паўнаце з прычыны слабасці іх веры. Біблія паказвае, што няведаннем людзьмі праўды заўсёды спрытна карыстаецца сатана, калі падштурхоўвае людзей да граху праз падман, ашуканства і паклёп.

Менавіта “недостаток ведения», які адбыўся праз слабасць веры, падштурхнуў першых людзей – Адама і Еву – усумніцца ў праўдзівасці слоў Божых і паверыць няпраўдзе сатаны, яго падманным словам, і зрабіць учынак грэхападзення (Быц.3:1-6) – украсці і адведаць забароненага плода “от дерева познания добра и зла».

Прыняўшы ў падмане няведання крадзены пачастунак сатаны, людзі і па сённяшні дзень у зямным жыцці вельмі часта бачаць і пазнаюць больш зла, чым дабра.

Самападман у няведанні праўды, калі “…нет ни истины, ни милосердия…” (Ос.4:1), выклікае і распаўсюджвае ў народзе “…обман, убийство и воровство…” (Ос.4:2). “Невежественный народ гибнет” (Ос.4:14), – кажа Біблія.

Менавіта сляпая ўпартасць самападману ў няведанні праўды не дазволіла народу Ізраіля прыняць свайго Месію (Збаўцу) – Ісуса Хрыста, зрабіла народ глухім да слоў Хрыста. І сам Хрыстос у гадзіну ахвярнай смерці на крыжы, калі ён прыняў на сябе грахі людзей, з горыччу назваў самападман у няведанні праўды асноўнай прычынай грэхападзення людзей: “Айцец, даруй ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк.23:34).

Іншая форма няпраўды – гэта няпраўда ашуканства, хлусня, якая ўводзіць у зман людзей праз упрыгожванне (“прикрасу”) нейкіх звычайных рэчаў і з’яваў (напрыклад, грошай, снедання, віна і г.д.), каб выклікаць у людзей празмерна ненармальнае захапленне імі. Тады нармальныя і звычайныя рэчы пераўтвараюцца ў ідалаў, якім чалавек пачынае служыць і пакланяцца, як раб. У выніку нездаровага захаплення нармальныя людскія ўзаемадачыненні і патрэбы набываюць іншы сэнс – сэнс граху. Напрыклад, тыя звычайныя рэчы і з’явы, што былі пералічаны вышэй, становяцца адпаведна прагнасцю, абжорствам, п’янствам і г.д. Такім чынам, праз упрыгожванне (“прикрасу”) граху і заганы адбываецца заахвочванне і распальванне ў людзей хваравітай цягі да граху.

Ашуканства сатаной першых людзей адбылося праз тое, што змей упэўніў Еву: плады “от дерева познания добра и зла” не маюць у сабе нічога дрэннага для чалавека, а толькі выключна станоўчае. Тым самым сатана ўпрыгожыў плады дрэва дабра і зла ў вачах Евы: “И увидела жена, что дерево хорошо для пищи, и что оно приятно для глаз и вожделенно…” (Бц.3:6).

Трэба адзначыць, ашуканствам з’яўляецца не толькі ўпрыгожванне (“прикраса”) граху, а таксама хлуслівая клятва і абяцанне: “Не, не памраце”, – сказаў сатана Еве, калі спакушаў яе на грэх. Абяцанне гэтае было лжывым.

Праз ашуканства прымусіў сатана Адама і Еву забыць, што спакусліва ўпрыгожаны плод ад забароненага дрэва разам з пазнаннем дабра дае і зло, вядзе да смерці, “бо плата за грэх – смерць” (Рым.6:23).

Але ж галоўнай зброяй д’ябла з яго арсеналу няпраўды і падману з’яўляецца паклёп. Таму слова “д’ябал” у перакладзе са старажытнагрэцкага значыць паклёпнік (абвінаваўца).

Паклёп увасабляе сабою асноўную мэту слоў няпраўды – абліць брудам няпраўды, запэцкаць граззю хлусні, ачарніць саму Праўду. А паколькі аб’ектыўна праўду, якая ёсць сапраўднае святло ў свеце, ніякай хлуснёй забрудзіць немагчыма, і цемра бяссільная супраць праўды-святла (“І святло ў цемры свеціць і цемра не агарнула яго” (Ін.7:5)), то д’ябал праз падман слоў імкнецца ачарніць праўду ў вачах людзей, каб засціць ім вочы хлуснёй паклёпу і штурхнуць людзей у згубны грэх. Так, у час спакусы першых людзей сатана бессаромна брахаў на Госпада, кажучы, што словы Бога з’яўляюцца напраўдай, рабіў намёк, што Бог быццам не давярае людзям, нешта хавае ад людзей, шкадуе і баіцца даць ім (Бц.3:5). Праз паклёп сатана спрабаваў прыпісаць Богу самыя дрэнныя якасці, мэты і намеры адносна людзей, якія ў сапраўднасці належалі не Богу, а яму – д’яблу. На жаль, гэтая спроба выдаць чорнае за белае сатане ўдалася. Людзі даверыліся падману і паверылі ў паклёп. У выніку здзейснілі грэх, які прывёў іх да цяжкіх пакутаў і смерці.

Такая роля і цана непраўдзівых слоў у жыцці людзей. Таму тлумачэнне непраўдзівых слоў толькі ў значэнні “прикраса неправды” ў расійскім перакладзе Бібліі з’яўляецца вельмі абмежаваным і няпоўным.

Дык што ж такое “космас няпраўды”? З’яўляюцца словы няпраўды толькі інструментам у здзяйсненні граху “прикраса неправды” або непасрэдна самі сабою ўвасабляюць няпраўду-грэх? Як жа трэба правільна ўспрымаць значэнне гэтых біблейскіх слоў?

Можа, сэнс слоў “космас няпраўды” у тым, што заганны, не кантраляваны самім чалавекам, а кіраваны сіламі пекла язык падобны да грахоўнага зямнога свету, які не жадае ведаць Бога, варожа ставіцца да Бога?

Такая здагадка можа грунтавацца на тым, што ў іншых месцах Новага Запавету слова “космас” перакладаецца як “свет” (“мир”), і ў большасці выпадкаў пераклад слова “космас” звязаны з характарыстыкай зямнога свету – варожага да Бога і перапоўненага грахом: “Калі сьвет (“космас”) вас ненавідзіць, ведайце, што Мяне раней за вас зьненавідзеў” (Ін.15:18), – кажа Хрыстос сваім вучням.

Таму, магчыма, тлумачэнне гэтага месца Пісання трэба рабіць, як прапануе ў апошнім з перакладаў Новага Запавету на беларускую мову Васіль Сёмуха: “…Язык – агонь, як свет няпраўды”.

Праца Васіля Сёмухі над беларускім перакладам Новага Запавету была жорстка раскрытыкаваная ўдзельніцай біблейскай камісіі пры Беларускім экзархаце Рускай праваслаўнай царквы сп. Дышыневіч у “ЛіМе” ад 15.03.1996 г. Між тым у разгляданым месцы Паслання Якуба пераклад-тлумачэнне Васіля Сёмухі мае больш сур’ёзнае лінгвістычнае і лагічнае абгрунтаванне, чым выраз «прикраса неправды» ў расійскім сінаідальным перакладзе. Але ж у кантэксце ўсяго Слова Божага пераклад В.Сёмухі таксама не ахапляе ў паўнаце значэння біблейскія словы “космас напраўды”, як гэта даецца ў перакладзе М.Дзекуць-Малея і А.Луцкевіча.

Сэнс слоў “космас няпраўды” не абмяжоўваецца толькі параўнаннем слоў падману з грэшным зямным светам.

Біблія мноства разоў, пачынаючы з самай першай сваёй кнігі “Быццё”, падкрэслівае, што ў пачатку ўсяго стаіць Слова. Праз Слова быў створаны Богам увесь матэрыяльны свет, і праз Слова Божае фізічнаму свету былі дадзены ўсе законы існавання: “На пачатку было Слова… усё праз Яго сталася, і без Яго нічога ня было з таго, што сталася” (Ін.1:1-3).

Гэтаксама і ў жыцці чалавека, які быў зроблены Богам з вобразу і падабенства Свайго (Бц.1:26), у пачатку любога дзеяння, учынка, жадання або задумы заўсёды знаходзяцца словы. Пасля грэхападзення людзей іх словы далёка не заўсёды добрыя. Таму ў Нагорнай пропаведзі Хрыстос кажа: “Вы чулі, што сказана старадаўным: “не забівай, хто ж заб’е, падлягае суду”. А я кажу вам, што ўсялякі, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду…” (Мц.5:21-22). Бог абвінавачвае ў граху забойства кожнага, хто толькі ў думках сваіх дапускае благія (дрэнныя) словы аб іншых людзях: “Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць душагуб…” (1 Ін.3:15).

Словы заўсёды прыходзяць да чалавека раней, чым учынак, які канкрэтным дзеяннем увасабляе іх у фізічным свеце. Слова, нават калі яно толькі ўзнікае ў думках чалавека, заўсёды стаіць у пачатку любога чалавечага дзеяння. Непраўдзівыя словы з’яўляюцца не проста прыкрыццём, “прикрасой” грахоўных учынкаў людзей, а непасрэдна ўяўляюць сабой грэх. «Усякая няпраўда ёсць грэх…» (1 Ін.5:17), – кажа Біблія.

Непраўдзівае слова – гэта пачатковая прычына і крыніца дзеяння граху ў жыцці людзей. У такім выпадку “язык людзей запальваецца ад геены” (Як.3:6). Тады словы хлусні самі ствараюць на зямлі цэлы паралельны свет – свет цемры. Гэты “свет няпраўды”, як бы гучна ён ні называўся (“Mein Kampf” Гітлера або “Маніфест камуністычнай партыі”), з’яўляецца рэальным прывідам, які авалодвае розумам чалавека, пранікае ў душу яго і пачынае ім кіраваць, “запальвае круг жыцця” (Як.3:6) вакол мноства людзей і народаў, ператварае жыццё людзей у пакуты пекла, а саму зямлю – у пекла.

У беларускім перакладзе выраз “язык – агонь, сьвет няпраўды”, можа, не столькі прыгожы звонку, як у расійскім сінаідальным варыянце перакладу, тым не менш набывае больш канкрэтнае і моцнае гучанне, раскрывае глыбінны сэнс біблейскіх слоў. У гэтым месцы беларускі пераклад больш адпавядае духоўнаму сэнсу Святога Пісання, чым вядомы расійскі варыянт тлумачэння.

Пададзеныя ў аналізе цытаты з розных месцаў Бібліі ў беларускім перакладзе паказваюць неабмежаваныя магчымасці мовы беларусаў поўна і зразумела перадаваць сапраўдны сэнс Святога Пісання.

Ад рэдакцыі:
на час правядзеньня канферэнцыі Алег Пятровіч – кандыдат тэхнічных навук, выкладчык кафедры энэргазьбераганьня, гідраўлікі й цеплатэхнікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта (Заслаўе, Мінская вобл.).

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы