nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ПРАЗ БЕЛАРУСКІ ХРАМ – ДА З’ЯДНАННЯ НАЦЫІ (кБНІ)

25 мая, 2006 | Няма каментараў

Гэтым артыкулам Уладзіміра Мароза – на час правядзеньня канферэнцыі сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх кінематаграфістаў, адказнага сакратара часопіса „Бярозка” (Мінск) – мы завяршаем прэзентацыю матэрыялаў раздзела «Багацце рэлігійнай разнастайнасці» матэрыялаў канферэнцыі «БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ» (Гародня, 18-19 красавіка 1999 г.).
Рэдакцыя.

За мітуснёю часу і няўцямнасцю рэальнага беларускага быцця згадкі пра 2000-годдзе Нараджэння Хрыстовага, якое ўжо ля дзвярэй, у большасці сваёй маюць дзяжурны характар. Відаць жаданне асэнсаваць, азірнуцца назад, глянуць наперад за парог веку, але ўсё неяк дыскрэтна і несістэмна.

Між тым гэтая найсветлая падзея ёсць добраю нагодаю глыбей асэнсаваць крыжовы беларускі шлях. Каб не толькі чалавек як экзістэнцыйная духоўная існасць задумваўся, з якімі здабыткамі сустрэне ён дату Дабрадаці, але і для краіны Беларусь як спалучнасці ўсіх нас, грэшных, больш акрэслена вызначыцца, з якім духоўным набыткам стаіць яна ля брамы новага тысячагоддзя хрысціянства. Усвядомім канчаткова: без духоўнага адраджэння не будзе і нацыянальнага.

Што да грамадскага жыцця, тут прасцей. Згадаем, колькі слоў сказана, колькі артыкулаў напісана і меркаванняў выказана датычна нацыянальнай ідэі. Ад месіянска-містычнага ўсведамлення маладымі да аспектаў “у межах заканадаўства”, як пісала “Звязда”. А пасярэдзіне – грунтоўная, узважаная, гістарычная і па-філасофску вывераная канцэпцыя нашага слыннага Уладзіміра Конана. Зразумела, ва ўсіх вызначэннях беларускай ідэі ёсць элемент хрысціянскага шляху. Як элемент неабходны. Ці дастатковы ён? Можа, гэта як раз той камень, адкінуты будаўнікамі, што потым ляжа ў аснову падмурка? Бо не пакідае надзея і вера, што прыдзе, запануе ўрэшце царства духу і ўсё ўбачыцца ў Боскім святле.

Нататкі не маюць на мэце грунтоўнае асэнсаванне беларускага шляху як шляху хрысціянскага, на тое трэба духоўнай моцы не аднаго чалавека. Ды і ў грэх агульшчыны ўпадаць жадання няма, яго часам аж зашмат у нашых прыватных імпрэсіях. Мэта як раз – пазначыць канкрэтныя крокі, якія да духоўнага набытку нацыі будуць, на мой погляд, на парозе 2000-годдзя прышэсця ў свет Ісуса Хрыста значным духоўным даважкам, беларускім у сваёй існасці.

Наперадзе варта адзначыць, што выраз “Беларускі Храм” ужываецца тут упоравень з іншымі асноўнымі дэфініцыямі нацыянальнай ідэі – “Беларускі Шлях” і “Беларускі Дом”. Прытым кожная з іх не выключае астатнія, яны суіснуюць у адзінстве. Успомнім Караткевіча: “Гэты край – Твой дом і сабор…” (“На Беларусі Бог жыве”). Хаця зразумела, што кожная дэфініцыя мае сваю адметнасць, сваю грань: шлях – гісторыя, дом – дзяржава, храм – узвышэнне духу.

Беларускі шлях у афіцыйнай ідэалогіі сёння занядбаны: гісторыя і традыцыі быту “не патрэбныя”, нацыянальныя сімвалы аспрэчаныя. Няма і жадання дабудаваць свой Беларускі Дом – хутчэй ёсць незразумелае імкненне прадаць “участак” “пры захаванні суверэнітэту” (?). Легітымным з гэтага гледзішча застаецца толькі Беларускі храм, бо часам чуваць дэкларацыі, што дзяржаўная ідэалогія грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях. Пакінем такое фарысейства на сумленні тых, хто яго чыніць. Самі ж скарыстаемся з гэтай магчымасці, не адкідаючы іншых формаў змагання за Беларусь, за нацыянальную ідэю.

У слове “змаганне” ключ да тлумачэння падзагалоўка. Сёння, акурат дзякуючы ўладзе, нацыя раз’яднаная, фактычна ідзе ціхая неабвешчаная вайна. Супольнасць расколатая на часткі, людзі трымаюцца сваіх амбіцый, партый, рухаў, ці нейтралітэту, ці сваёй апатыі, ці слугавання ўладзе і абслугоўвання яе. Сумоўя атрымацца не можа. Працягваецца таксама нябачнае вокам супрацьстаянне хрысціянскіх канфесій, асабліва галоўных з іх – праваслаўнай і каталіцкай. Кожная змагаецца за вернікаў, за пашырэнне свайго ўплыву. Прытым у большасці (станоўчыя для беларускасці выключэнні не адкідаюцца) касцёл так і застаецца спаланізаваным, а царква – зрусіфікаванай. І калі ў праваслаўных ёсць хоць нейкі аргумент – маўляў, зрусіфікавана ўсё дзяржаўнае і грамадскае жыццё, – то ў касцёле і таго няма: сёння азначэнне “католік – гэта паляк” выглядае анахранізмам. Дарэчы, ужо даўнавата вычытаў у Анатоля Сідарэвіча, што з 1,5 мільёна беларускіх католікаў толькі каля 200 тысяч з’яўляюцца этнічнымі палякамі. З дугога боку, нядаўна прайшла афіцыйная інфармацыя, што каля 80% з усёй колькасці вернікаў у Беларусі вызнаюць праваслаўе.

Ды справа не ў лічбах. Справа ў гістарычнай традыцыі мірнага суіснавання на беларускіх землях розных канфесій на падставе ўзаемнай памяркоўнасці. Не заўсёды талерантнасць трывала паслядоўна, але ў параўнанні з краінамі Еўропы, дзе гарэлі вогнішчы інквізіцыі ды магчымыя былі варфаламееўскія ночы, наш вопыт сапраўды ўнікальны і сёння цікавы для свету. Зрэшты, аб гэтым шмат сказана.

Тут прапануецца канкрэтны крок, які б нават вонкава замацоўваў і выяўляў такую нашу адметнасць. Ёсць ідэя ўзвесці ў Мінску Беларускі храм хрысціянскіх канфесій. Назва гаворыць сама за сябе. Галоўны сабор краіны аднолькава належаў бы вернікам усіх плыняў хрысціянства, якія ёсць у Беларусі. Стаў бы агульнанацыянальнай святыняй. Для гэтага патрабуецца зусім няшмат – добрая воля царкоўных іерархаў (народ супраць не будзе), жаданне прыйсці да згоды. Ды яшчэ разуменне і падтрымка дзяржавы. Перад светлым юбілеем быў бы знак нашага пакаяння за міжхрысціянскія звады, гвалты ды ўціскі, знак паяднання нацыі на грунце хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Чамусці запомніўся дзядзька ў праваслаўнай царкве ў Слоніме, які даглядаў храм. Сам праваслаўны, жонка каталічка. І ніхто з іх не збіраецца мяняць веру. Тыповая беларуская сітуацыя. Ёсць такія выпадкі і ў маёй вялікай сям’і. Не магу асуджаць стрыечнага брата, які католік па маці і праваслаўны па бацьку і таму выбраў уніяцтва. Хаця сам да уніяцтва стаўлюся як да гістарычнага факту, што мае свае часовыя рамкі ў гістарычным існаванні нашай Бацькаўшчыны, не болей. Як не кінуўся ў змаганне за пляменніка, які падлеткам перайшоў у каталіцтва. Па-жыццёваму зразумела: прывабілі хлопца з небагатай сям’і, але ж застаўся ён хрысціянінам, значыць, не пойдзе па шляху зла. Ці не гэта галоўнае?

Калі прыйшла думка не толькі вобразна, але і рэальна пабудаваць беларускі храм, згадалася Царква ўсіх нацый у Ерусаліме, адна з самых цудоўных славутасцяў вечнага горада. А сам Храм Дамавіны Гасподняй у Святой Зямлі? Найвялікшая святыня для хрысціян усяго свету, дзе ёсць месца кожнаму адгалінаванню хрысціянства. Потым выпадкова даведаўся, што ў Нью-Йорку ёсць сабор Святога Яна, пабудаваны для ўсіх канфесій. У гэтым храме, узведзеным у сярэдневечным стылі, час ад часу асвячаюцца шлюбы, ладзяцца шэсці ды іншыя дзеі. Як важна адчуць, што мы ўсе хрысціяне незалежна ад канфесій, што шляхі хоць і адрозныя, але мэта адна – спазнаць Царства нябеснае.

На заўвагі, ці не завысока ўзяў, выкажу меркаванне, што мы, тут у Беларусі, далёка яшчэ не пазбавіліся комплексу правінцыйнасці. Каталіцызм – толькі польскі, праваслаўе – толькі расейскае. Гэтая сітуацыя зразумелая і апраўданая [так у аўтара – Рэд.], але трэба ўздымацца духам, верыць у свае сілы.

Скажу больш канкрэтна аб праваслаўнай канфесіі. Сапраўды, мы занядбалі свае традыцыі, зацыкліліся на Расіі. Быццам іншага няма. Яшчэ вісіць мо і не жалезная, але заслона, якую адхіліць не стае добрай волі, а то і проста матэрыяльных магчымасцяў. Апошняе згадваю, бо сёння ўсяго тры гадзіны лёту – і ты на Святой Зямлі, куды павінен імкнуцца кожны, каб душою дакрануцца да святынь, звязаных з зямным удзелам Збаўцы, і тым самым умацаваць дух для змагання са спакусамі і цёмнымі сіламі як унутры сябе, так і вонкі. Зусім невыпадкова святая апякунка зямлі беларускай Еўфрасіння Полацкая пад канец зямнога свайго існавання зрабіла паломніцтва ў Ерусалім. Мы проста канстатуем гэты факт, не вельмі ўсведамляючы глыбіннасць яго.

Асабліва яскрава разумеецца гэты факт там. Тым больш, калі трапляеш на Святую Зямлю як раз на Вялікдзень, як пашчасціла мне пазалетась. Калі гадзінаў 16-17 у Храме Дамавіны Гасподняй чакаеш сашэсця Святога агню, унутраныя нашы звады ўвачавідкі драбнеюць. Ты бачыш карціну ўсяленскага Праваслаўя, бо побач прадстаўнікі ўсіх праваслаўных народаў. Найбольш грэкаў і румынаў, людзей звычайных, простых. Як раз ці не найменей паломнікаў з Расіі, сярод якіх шмат святароў. А ўжо з Беларусі і наогул мы ўтрох – напалову паломнікі, напалову працаўнікі з кінематаграфічнымі прычындаламі. Але ў душы – сапраўдныя паломнікі, тры праваслаўныя беларускія хлопцы.

Мізэрнымі здаюцца і нашы зацятыя спрэчкі пра мову ў святынях, калі наўкола сапраўднае шматгалоссе, калі чуеш эмацыйную гаворку арабаў-хрысціян, нават з воклічамі (у храме, ды якім!) у прадчуванні найвышэйшай Дабрадаці – сашэсця Святога агню. Няўжо Гасподзь не разумее слоў тваіх на роднай мове, шчыра звернутых да Яго? Няўжо ёсць грэх сумнення ў моцы і бязмежнасці Яго? Калі ж адысці ад эмоцый, то існаванне нацый даўно абгрунтавана Святым Пісаннем і ў багаслоўі. Як і галоўная адметнасць народа – яго мова. Згадайма толькі, што першым Божым дарам народжанай царквы было як раз зыходжанне Святога Духа і дар моваў. Так што пакінем сумненні, папрокі і аргументы з абодвух бакоў, а супольна, саборна даробім справу, пачатую Скарынам.

Як у Беларускім храме хрысціянскіх канфесій будзе ісці царкоўнае жыццё – па днях, па часе, ці на вялікія святы супольна, – гэта ўжо пытанні тэхнічныя і паданыя для вырашэння. Абавязковая і неабходная ўмова – набажэнствы на беларускай мове. Практычна гатовыя да гэтага праваслаўныя, каталіцкія цэрквы, наконт нашых нешматлікіх уніятаў і сумневу няма. Цяжэй сказаць з-за браку інфармацыі аб пратэстанцкіх плынях. Так само сабою развяжацца моўнае пытанне – галоўны беларускі сабор будзе прыкладам іншым храмам, прыходам, у гэтым будзе відаць праяўленне палітыкі і добрай волі царкоўнай іерархіі Беларусі.

Храм заўсёды будзе адчынены, каб кожны чалавек у любы час змог зайсці, далучыцца да галоўнай святыні. Тут будуць ісці набажэнствы, хрышчэнне, асвячэнне шлюбу, адпяванне, словам – звычайнае жыццё храма. Архітэктурнае аблічча бачыцца на грунце традыцыйнага культавага дойлідства ў Беларусі. Асабіста мне як вобраз згадваюцца адразу Сынкавіцкая царква і Брацкі Богаяўленскі сабор у Магілёве (які, на жаль, не захаваўся). Ва ўнутраным аздабленні – роспісы, абразы беларускіх святых, копіі ўсіх цудатворных абразоў, шанаваных беларускімі вернікамі.

А мо і шукаць не трэба? Храмам хрысціянскіх канфесій можа стаць адноўленая Святадухаўская царква на пляцы Волі ў Верхнім горадзе, шэдэўр беларускай архітэктуры. Храм у свой час быў непазнавальна перабудаваны ў псеўдарускім стылі і як Петрапаўлаўскі кафедральны сабор існаваў да 1936 года, пакуль яго не ўзарвалі бальшавікі. Як не ўзгадаць тут цынізм савецкай бязбожнай сістэмы – на месцы святыні паставілі піўную “Ясень”, дзе мы студэнтамі ў першай палове 70-х ды і пазней пілі піва, а то і прынесеныя з сабою віно ці гарэлку.

Будаваць храм трэба ўсёй грамадою, агульнымі высілкамі. Хацелася б, каб гэта стала агульнанацыянальнай справай, справай яднання. Калі не будзе браку інфармацыі, то ўсе прымуць да душы такую ідэю. Так, прынамсі, здаецца. Як здаецца, што і дзяржава не застанецца ўбаку.

Другі канкрэтны крок у кірунку да Беларускага Храма – укласці і выдаць “Духоўную энцыклапедыю Беларусі”.  Агульная духоўная спадчына – яшчэ адзін сродак яднання. Тут мо і прасцей, шмат чаго ўжо напрацавана: і па постацях, і па кнігадрукаванні, і па культурным дойлідстве. Але і шмат яшчэ трэба дарабіць. У гэтай энцыклапедыі павінны быць пазначаныя ўсе нашы святыні, нават даўно зніклыя, калі хоць якія звесткі пра іх захаваліся. Тут патрэбныя агульныя намаганні прадстаўнікоў духавенства і беларускіх навукоўцаў. Часовы творчы калектыў. Недзе чуў такі выраз: “энцыклапедыя зрабіла Францыю”. Нешта падобнае магло быць і ў нас: як хораша і плённа пачыналі. А зараз чарговы том энцыклапедыі выходзіць раз у гады.

Не трэба разумець, што маецца на ўвазе ажыццявіць гэтыя два праекты да 2000-годдзя Нараджэння Хрыстовага. Занадта яны маштабныя, працаёмкія і нятанныя. Добра было б, да прыкладу, хоць камень у падмурак закласці на парозе новага веку хрысціянства.

А вось трэцяя ідэя, трэці крок рэальны як раз сёння. Згадваючы даўнюю нашу народную хрысціянскую традыцыю, прапаную паставіць на мяжы Беларусі крыжы-абярэгі. Толькі не трэба ўспрымаць літаральна, не па ўсёй мяжы, а на вылетных магістралях, ля вялікіх дарог. Калі кінуць беглым вокам на мапу Беларусі, такіх кропак будзе каля дваццаці.

Звычай узводзіць крыжы на ростанях склаўся даўно, не за нашую памяць, як гавораць, каб засцерагчыся ад няшчасцяў і злых духаў ды ў крызісных сітуацыях – падчас хваробаў, войнаў, эпідэмій. Ставілі іх па зароку за адну ноч. А чым сёння не крызісная сітуацыя, нават не згадваючы ўжо былыя дзесяцігоддзі бязбожнай савецкай улады? Ці не кожны дзень можна прачытаць у друку пра наркотыкі, нелегальную эміграцыю, нечуваныя злачынствы. Здаецца, калючым дротам адгарадзіў бы сваю Беларусь ад жорсткага свету. Хаця разумееш, што гэта нерэальна дый непатрэбна ў той час, як бачныя межы ў Еўропе знікаюць. Хай будуць празрыстымі яны і ў нас [так у аўтара – Рэд.], але для харошых людзей, што едуць са светлымі намерамі і добрай воляй. Такім крыж ля дарогі будзе як раз прыветным знакам. Нам жа як гаспадарам такая акцыя – яшчэ адзін сродак яднання, знак узвышэння духу. Форма крыжа павінна задавальняць усе хрысціянскія канфесіі – такою бачыцца патрыяршы крыж, як на старадаўнім гербе нашым “Пагоня”.

Рабіць усё трэба згодна традыцыі: вырабляць крыж за адну ноч, за ноч жа напрасці кудзелі і выткаць аброчныя тканіны для ўпрыгажэння – ахвяравальныя дары (антрапеі) дададуць духоўнай моцы. Акцыя была б вельмі дарэчы 27 верасня, на свята Уздзвіжання Пачэснага і Жыццятворнага Крыжа. Ва ўсіх месцах у адзін дзень. Веру, адразу стане ўтульней у Беларусі, якая стаіць на сямі еўрапейскіх вятрах. Крыж – знак Сонца, божай любові, бо як раз любоў да чалавека, які гіне ў грахах, прывяла Сына Божага на крыж. Цяплей стане на душы ад таго, што шляхі нашыя пазначаны знакамі любові, засцярогі і заступніцтва.

Дык будуйма Беларускі Храм!

Уладзімір Мароз

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы