nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ДА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ АЎТАКЕФАЛІІ (Ч.3)

май 29, 2006 | Няма каментараў

(з выданьня “Голас Царквы беларускай”, 2006 г., №24)

Пасля прыходу ў Беларусь нямецкіх войскаў у 1941 годзе па распараджэнні германскіх уладаў было адноўлена царкоўнае жыццё беларускага народу. 30 жніўня 1942 года ў Менску распачаліся паседжанні Аўтакефальнага Усебеларускага Праваслаўнага Сабору. Сабор адкрыў і далей быў абраны ягоным старшынём арх.Філафей.

У першы дзень паседжання Сабору прат.Я.Балаём быў прачытаны рэферат на тэму: “Кананічныя асновы аўтакефаліі”, дзе былі прадстаўлены перадумовы, патрэбныя для правядзення аўтакефаліі згодна з канонамі Усяленскай Праваслаўнай Царквы. Наступны рэферат прачытаў прат.І Кушнер на тэму: “Пытанне аўтакефаліі на Беларусі”. Пасля выступіў арх.Філафей, сцвярджаючы, што Аўтакефальная Беларуская Праваслаўная Царква фактычна ўжо існуе, а цяпер яе належыць аформіць кананічна. Адбылася дыскусія і пасля яе арх.Філафей паставіў на галасаванне прапанову аб арганізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы як аўтакефальнай. За гэтую прапанову галасавалі ўсе прысутныя дэлегаты пры трох устрыманых.

Пасля Сабор прыняў статут Аўтакефальнай Праваслаўнай Беларускай Царквы і пастанову, каб усе акты Сабору падпісалі япіскапы Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сабор разважыў і прыняў тэкст ліста да Канстанцінопальскага патрыярха, у якім даваўся гістарычны нарыс Беларускай Праваслаўнай Царквы з азначэннем перыядаў, калі яна існавала як самастойная царква, і дзе выражалася просьба аб прыняцці яе ў лік Сёстраў – аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў – і аб выданні ёй ТОМАСУ на самастойнае існаванне. Сабор закончыўся малітвай і быў зачынены 2 верасня.

Пасля аўтакефальнага Сабору Беларускай Праваслаўнай Царквы савецкія банды распачалі знішчаць яго ўдзельнікаў. На другі дзень пасля павароту на прыход з Сабору імі быў замардаваны святар Анатоль Сярпоў з Пастаўскай царкоўнай акругі. Святар Вячаслаў Малашка быў спалены імі жыўцом каля Бягомля ў 1942 г. Святар Мікалай Скабей быў забіты савецкімі партызанамі на Палессі ў 1943 г. Святар Алатка, пасланы з Глыбоччыны ва Ўсходнюю Беларусь таксама быў замардаваны савецкімі бандытамі ў 1942 г. Святар Антон Каліноўскі быў замардаваны савецкімі партызанамі ў вёсцы Валяўцы ў 1943 г. Святар Мікалай Дзяруга расстраляны савецкімі бындатамі ў 1943 г. Прат.І.Кушнер загінуў ад партызан у 1943 годзе. Гэтыя прыклады можна было б працягваць. Але звернем увагу на іншае – савецкія партызаны забівалі [так у тэксце; з пазіцый рэдакцыі трэба было б напісаць “засланыя з Масквы НКВДшнікі забівалі” – Рэд.] святароў-беларусаў, якія належалі да Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, але не чаплялі святароў-расейцаў, якія таксама знаходзіліся на прыходах.

Перад самым прыходам савецкіх войскаў у Беларусь архіяпіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Філафей разам з япіскапам Віцебскім і Полацкім Апанасам высвяцілі ярэя Аляксандра Караткевіча ў япіскапы для кіравання БАПЦ ва ўмовах савецка-расейскай акупацыі Беларусі. У 1944 годзе ўвесь япіскапат БАПЦ эміграваў у Нямеччыну. Пасьля акупацыі нашай Бацькаўшчыны савецкімі войскамі большасць святароў Беларускае Царквы былі арыштаваныя. Частка з іх была расстраляна, а іншыя пасаджаны ў турмы, адкуль мала хто вярнуўся. Тыя святары, што пазьбеглі арышту, разам з уладыкам А.Караткевічам утварылі Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву на Бацькаўшчыне. Праўда, былі і такія святары, якія ўвайшлі ў гэтак званую Праваслаўную Вандроўную Царкву (ПВЦ), якая аб’ядноўвала праваслаўных вернікаў, што атаясамлівалі савецкую ўладу з царствам д’ябла, а тых, хто ў той ці іншай ступені супрацоўнічаў з уладамі, не лічылі за праваслаўных вернікаў. Але ПВЦ была малаколькаснай.

Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква ў Беларусі ўяўляла сабой складаную арганізацыйную структуру. З 1945 па 1974 гады ў шэрагах БАПЦ на Бацькаўшчыне налічвалася каля 35 святароў і было каля 20 святароў Расейскай Праваслаўнай Царквы, якія спачувалі БАПЦ і ўпотай яе падтрымлівалі. Таксама былі выпадкі, калі просты і здольны вернік – прыхільнік БАПЦ – выбіраўся аднаверцамі за святара і выконваў святарскія абавязкі. Гэткіх святароў вядома каля 15 чалавек.

Патрабуе канстатацыі і той факт, што сярод шараговых святароў Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ) і, нават, архірэяў былі спачувальнікі БАПЦ. Сярод такіх быў Мітрапаліт Менскі і Беларускі Антон (Мельнікаў А.С.), архіяпіскап Сімферопальскі і Крымскі Лука (Война-Ясянецкі). Мітрапаліт Менскі Антон таксама патаемна падтрымліваў адносіны з прыхільнікамі Праваслаўнай Вандроўнай Царквы і нават высвяціў для гэтай Цэрквы пяць святароў.

У 1967 годзе Мітрапаліт Антон(ій) здзейсніў хіратонію айца Макара Харанэкі ў япіскапы для кіравання БАПЦ з правам звацца япіскапам Полацкім і Наваградскім, каб ён заняў месца памерлага ўладыкі А.Караткевіча.

У жніўні 1967 года на агульнай канферэнцыі святароў БАПЦ і ПВЦ у Бабруйску было прынята рашэнне аб уваходжанні ПВЦ пад амафор уладыкі Макара.

Да 1973 году ў ПВЦ застаўся адзін святар А.Альхімовіч. І актывісты гэтай Царквы з Бабруйску, Глуску да іншых населеных пунктаў прасілі ўладыку Макара высвяціць для іх святара. Па просьбе ўладыкі Макара мітрапаліт Антон у 1973 годзе высвяціў у святары Пятра Гушчу, які павінен быў служыць у ПВЦ.

Вельмі значную падтрымку БАПЦ аказваў вялікі патрыёт нашай Бацькаўшчыны архіяпіскап Саратаўскі і Вольскі Пімен (Зміцер Яўгенавіч Хмялеўскі), які ў перыяд Другой сусветнай вайны стаў манахам Жыровіцкага манастыра і з’яўляўся духоўным сынам архімандрыта Багалепа (расстраляны ў 1946 годзе).

Яшчэ трэба адзначыць, што Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква вельмі шчыльна супрацоўнічала з беларускімі стараверчымі прыходамі, якія месціліся на Бабруйшчыне. Уладыкам Макарам нават былі высвечаныя два святары для старавераў вёсак Малімоны і Каралёва Слабада.

Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што з цягам часу прыходаў БАПЦ меншала па прычыне ганенняў з боку ўладаў і адарванасці ад грамадства. Да 1990 году на ўсёй тэрыторыі Беларусі заставалася ўсяго 5 прыходаў БАПЦ і адзін прыход ПВЦ у Бабруйску.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы